ПЕЦЯРБУ́РГСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1762,

мірны дагавор паміж Расіяй і Прусіяй (5.5.1762, С.-Пецярбург), які спыніў стан вайны паміж гэтымі дзяржавамі (гл. Сямігадовая вайна 1756—63). Заключаны па ініцыятыве рас. імператара Пятра III. Расія вяртала Прусіі ўсе занятыя рас. войскамі прускія землі, абавязвалася спрыяць заключэнню міру паміж Прусіяй і Швецыяй. Незадаволенасць патрыятычна настроеных колаў рас. арміі і грамадства П.м.д. і саюзным трактатам з Прусіяй (19.6.1762) паспрыяла звяржэнню Пятра III (9.7.1762), аднак новая імператрыца Кацярына II пакінула П.м.д. у сіле.

т. 12, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРЫ́ЙСКАЯ СПА́ДЧЫНА, вайна за Аўстрыйскую спадчыну,

вялася паміж еўрап. дзяржавамі ў 1740—48. Паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (закон, які выдаў Карл VI) вял. валоданні аўстр. Габсбургаў павінны былі заставацца непадзельныя і перайсці да яго дачкі Марыі Тэрэзіі. Аднак пасля смерці Карла VI (1740) Прусія, Баварыя, Саксонія, Іспанія, падтрыманыя Францыяй, пачалі аспрэчваць спадчыннае права Марыі Тэрэзіі. У распачатай вайне Аўстрыю падтрымлівалі Англія, а з 1746 і Расія. Паводле Ахенскага міру 1748 Марыя Тэрэзія захавала б.ч. сваіх уладанняў, аднак амаль уся Сілезія перайшла да Прусіі.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁРНЕР ((Wörner) Манфрэд) (24.9.1934, г. Штутгарт, Германія — 13.8.1994),

палітычны і дзярж. дзеяч ФРГ. Юрыст. Вучыўся ў Гейдэльбергскім, Парыжскім і Мюнхенскім ун-тах. Чл. партыі Хрысц.-дэмакр. саюз з 1956, чл. яе праўлення (з 1973). Саветнік у ландтагу (парламенце) зямлі Бадэн-Вюртэмберг (1962—64). Дэп. бундэстага (з 1965), чл. і старшыня (1977—82) яго камісіі па справах абароны. Міністр абароны ФРГ у 1982—88. У 1988—94 ген. сакратар НАТО (першы немец на гэтай пасадзе), садзейнічаў карэкціроўцы курсу блока (праграма «Партнёрства дзеля міру»).

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-МАЙСУ́РСКІЯ ВО́ЙНЫ,

вяліся англ. Ост-Індскай кампаніяй дзеля захопу інд. княства Майсур. У выніку першай (1767—69) і другой (1780—84) англа-майсурскіх войнаў Майсур захаваў сваю незалежнасць. У трэцяй англа-майсурскай вайне (1790—92) англічанам удалося перацягнуць на свой бок войскі маратхаў і княства Хайдарабад. Паводле Серынгапатамскага міру 1792 майсурцы аддалі саюзнікам амаль палавіну сваёй тэр., заплацілі кантрыбуцыю. У чацвёртай англа-майсурскай вайне (1799) англічане штурмам узялі сталіцу майсурцаў Серынгапатам і ператварылі Майсур у васальнае княства англ. кампаніі.

т. 1, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КІЕЎ МІР (ад імя правадыра партыі міру ў Афінах Нікія),

мірны дагавор, заключаны ў 421 да н.э. паміж Афінскім марскім саюзам і Пелапанескім саюзам на чале са Спартай. Завяршыў 1-ы этап Пелапанескай вайны. Быў заключаны на 50 гадоў на ўмовах вяртання палонных і захопленых тэрыторый. Н.м. не ліквідаваў асн. прычын вайны, выклікаў незадаволенасць спартанскіх саюзнікаў і афінскай партыі вайны на чале з Алківіядам і пастаянна парушаўся. Поўнамаштабныя баявыя дзеянні аднавіліся ў 415 з пачаткам афінскай экспедыцыі на Сіцылію.

Я.​У.​Новікаў.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУТУ́ЛІ ((Luthuli) Альберт Джон) (Мвумбі; 1898, каля г. Булавайо, Зімбабве — 21.7.1967),

дзеяч нац.-вызв. руху Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў настаўніцкую школу ў Івендэйле і настаўніцкі каледж Адамса. З 1945 чл. Афрыканскага нацыянальнага кангрэса, у 1952—60 яго прэзідэнт. Арганізаваў некалькі кампаній пратэсту супраць палітыкі апартэіду, якую ажыццяўляў урад ПАР. У 1956—57 зняволены, з 1959 пад хатнім арыштам. Прыхільнік мірных, ненасільных метадаў барацьбы. Загінуў у выніку няшчаснага выпадку. Аўтар аўтабіягр. кн. «Адпусці народ мой!» (1962). Нобелеўская прэмія міру 1960 (упершыню прысуджана афрыканцу).

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЗЕНЦАЎ (Барыс Сяргеевіч) (26.7.1911, г. Тула, Расія — 18.11.1970),

расійскі архітэктар. Засл. архітэктар Расіі (1969). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1935), выкладаў у ім (з 1969 праф.). Асн. работы: у Маскве — вышынныя адм. будынкі на пл. Красныя вароты (1948—53, з арх. А.​Душкіным), на вул. Пятроўка, 38 (1952—59), жылыя дамы па праспекце Міру (1952), горадабуд. работы па праспекце Вярнадскага (1964—68); мемар комплекс У.​І.​Леніна ў г. Ульянаўск (1967—70; Ленінская прэмія 1972) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́РСАН ((Pearson) Лестэр Боўлс) (23.4.1897, г. Таронта, Канада — 27.12.1972),

дзярж. дзеяч Канады. Вучыўся ў юрыд. школе ў Таронта (1919) і Оксфардскім ун-це (1923, 1925). У 1928—48 на дыпламат. службе. З 1948 чл. парламента. У 1948—57 міністр замежных спраў. За ўдзел ва ўрэгуляванні ўзбр. канфлікту 1956 вакол нацыяналізацыі Егіптам Суэцкага канала прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1957. У 1958—68 лідэр Ліберальнай партыі. У 1963—68 прэм’ер-міністр. Заключыў пагадненне з ЗША аб размяшчэнні на тэр. Канады амер. ядзернай зброі (1963).

т. 12, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РЛАЎГ ((Borlaug) Норман Эрнест) (н. 25.3.1914, Крэска, штат Аява, ЗША),

амерыканскі генетык і раслінавод. Скончыў ун-т у Мінесоце (1937). Чл. Нац. АН ЗША, замежны чл. УАСГНІЛ (1972). Праф. земляробства Тэхаскага ун-та з 1984. У сярэдзіне 1960-х г. — 1979 дырэктар Праграмы па даследаваннях і вытв-сці пшаніцы пры Міжнар. цэнтры па паляпшэнні сартоў кукурузы і пшаніцы (Мексіка). Вывеў сорт «карлікавай» пшаніцы, устойлівай у розных кліматычных умовах да захворванняў і з вял. ураджайнасцю, што дало магчымасць паменшыць харч. праблемы ў краінах Азіі, Паўд. Амерыкі і Афрыкі. Нобелеўская прэмія міру 1970.

т. 3, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ АМЕРЫКА́НСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (Organization of American States; ААД),

рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Паўн., Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. Створана ў 1948 на 9-й Міжамер. канферэнцыі ў Багаце (Калумбія). Уваходзяць 35 дзяржаў (акрамя Кубы; 1991). Асн. мэты — падтрымка міру ў зах. паўшар’і, забеспячэнне калект. бяспекі і мірнага вырашэння праблем; спрыянне эканам., сац. і культ. супрацоўніцтву; каардынацыя дзейнасці розных міжамер. арг-цый. У 1959 створаны Міжамер. банк развіцця. Вышэйшыя органы ААД — міжамер. канферэнцыя (збіраецца кожныя 5 гадоў), ген. асамблея міністраў замежных спраў, пастаянны савет (кожная дзяржава прадстаўлена паслом), ген. сакратарыят (знаходзіцца ў Вашынгтоне).

т. 1, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)