МУ́ЛІС ((Mullis) Кэры Бэнкс) (н. 28.12.1944, г. Ленар, ЗША),
амерыканскі біяхімік. Скончыў тэхнал.ін-т у Джорджыі (1966). З 1979 у карпарацыі «Цэтус» у г. Эмервіль, з 1986 у карпарацыі «Ксітронікс» у г. Сан-Дыега. Навук. працы па генетычнай інжынерыі. Распрацаваў метад полімеразнай ланцуговай рэакцыі — атрыманне неабмежаванай колькасці новых малекул ДНК з дапамогай ферменту ДНК-полімеразы. Нобелеўская прэмія 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЮТА́НТЫ,
рэчывы або злучэнні, якія выклікаюць забруджванне навакольнага асяроддзя пры дасягненні пэўнай колькасці і канцэнтрацыі. Паводле характару паходжання бываюць фіз. (энергія, радыяцыя, шум і інш.), хім. (злучэнні азоту, серы, ртуці, металаў і рэчывы — гербіцыды, пестыцыды і інш.), біял. (патагенныя мікраарганізмы); паводле аб’ектаў забруджвання — атмасферныя, водныя, глебавыя, ландшафтныя. Адрозніваюць П. першасныя (прыродныя) і другасныя (антрапагенныя), якія ўтвараюцца ў выніку быт., с.-г., прамысл. дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІВЕ́ННЕ,
змена афарбоўкі валасоў у серабрыста-белы колер ад змяншэння колькасці пігменту. Працэс, як правіла, неабарачальны. У пажылым узросце — нармальная фізіял. з’ява, заўчаснае паталаг. П. развіваецца з 20 гадоў. Выклікаецца захворваннямі эндакрыннай і нерв. сістэм, гіпавітамінозам, цяжкімі інфекцыямі, нерв. ўзрушэннямі, ператамленнем; вял. значэнне маюць спадчынныя фактары. Часовае П. ўзнікае пасля некат. хвароб (напр., рожы), прыёму лекаў. У гэтых выпадках афарбоўка валасоў звычайна аднаўляецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РПУРА ТРАМБАЦЫТАПЕНІ́ЧНАЯ,
агульная назва хвароб чалавека з групы дыятэзаў гемарагічных. Абумоўлена зніжэннем колькасці трамбацытаў у крыві, парушэннем яе згусальнасці. Вылучаюць П.т. вострую і хранічную. Вострая часта назіраецца ў дзяцей 5—10 гадоў, звязана з віруснымі інфекцыямі (грып, адзёр, краснуха і інш.). Хранічная П.т. (т.зв. Верльгофа хвароба) бывае пераважна ў жанчын, правакуецца віруснай або бактэрыяльнай інфекцыяй, траўмай і інш. Лячэнне сімптаматычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕРКАВА́ЛЬНЫ ВА́Л,
размеркавальная дэталь механізма машын, прылад, апаратаў, якая забяспечвае пэўны парадак выканання аперацый і цыклічнасць работы. У рухавіках унутр. згарання ўваходзіць у сістэму газаразмеркавання, мае колькасць кулачкоў, адпаведную колькасці цыліндраў, забяспечвае ўзгодненую работу клапанаў і поршняў. Атрымлівае вярчэнне праз перадатачны механізм ад каленчатага вала. Уваходзіць таксама ў сістэмы кіравання тэхнал. і рабочымі працэсамі розных аўтаматаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАРА́,
непаліўныя землі і пасевы на іх у раёнах арашальнага земляробства. На багары вырошчваюць найб. засухаўстойлівыя с.-г. культуры — збожжавыя, тэхнічныя і кармавыя. Ураджайнасць іх залежыць пераважна ад колькасці і перыяду выпадання ападкаў, т-ры і інш. умоў. Багарнае земляробства дае магчымасць выкарыстоўваць участкі, непрыдатныя для арашэння. Пашырана ў краінах Сярэдняй Азіі, на Пд Казахстана, у Закаўказзі, Афганістане, Іране, Кітаі, Індыі, Пакістане, Судане, Турцыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАСТЭРО́Н,
мужчынскі палавы гармон (андраген). Асн. прадукт метабалізму тэстастэрону, падобны да яго біял. дзеяннем — здольны выклікаць узмацненне або ўзнікненне другасных палавых адзнак у пазваночных жывёл і чалавека. У значнай колькасці выводзіцца з мачой. Гарманальная актыўнасць андрастэрону прыкладна ў 10 разоў слабейшая, чым тэстастэрону; выкарыстоўваецца ў медыцыне для ацэнкі ўзроўню прадукцыі андрагенаў у арганізме і пакладзена ў аснову колькаснай ацэнкі біял. дзеяння мужч. палавых гармонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАВА СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове волава. Уключаюць у рознай колькасціінш. элементы, найчасцей свінец, сурму, медзь, цынк, кадмій, вісмут. Маюць нізкую т-ру плаўлення, малую трываласць і цвёрдасць, здавальняючую каразійную ўстойлівасць, некаторыя — добрыя антыфрыкцыйныя ўласцівасці. Адрозніваюць легкаплаўкія сплавы (ад 20 да 90% волава па масе), падшыпнікавыя матэрыялы (85—90% волава, сурма і медзь; напр., бабіт), прыпоі (ад 20 да 90% волава, свінец і сурма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТА́НАВЫ ЛІК,
умоўная колькасная характарыстыка ўстойлівасці да дэтанацыі маторнага паліва для карбюратарных рухавікоў. Актанавы лік роўны колькасці (аб’ёмных %) ізаактану (актанавы лік прыняты за 100) у яго сумесі з н-гептанам (актанавы лік прыняты за 0). Для кожнага паліва падбіраецца эталонны эквівалент гэтай сумесі. Актанавы лік бензінаў можна павысіць на 4—15 адзінак дабаўкай да 0,1% прысадак, напр.тэтраэтылсвінцу. Звычайна бензіны маюць актанавы лік 76—98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПЕРМІ́Я (ад а... + грэч. sperma семя),
адсутнасць у семі сперматазоідаў і клетак сперматагенезу. Пры гэтым у час палавога акта захоўваецца выдзяленне невял. колькасці вадкасці (складаецца з сакрэту прастаты і семявых пузыркоў) і аргазм. Прычыны асперміі — прыроджаная адсутнасць або недаразвіццё семявыносных пратокаў або іх закупорка пры захаванні нармальнай генератыўнай функцыі яечак (абтурацыйная аспермія), а таксама няздольнасць яечак выпрацоўваць сперматазоіды (тэстыкулярная аспермія). Аспермія — адна з прычын мужчынскага бясплоддзя.