ПАЗВАНО́ЧНЫЯ, чарапныя (Vertebrata, Craniata),

падтып жывёл тыпу хордавых. Вядомы з ардовіку — ніжняга сілуру (каля 500 млн. г. назад). Продкі П. жылі ў акіяне; уласна П. ўзніклі ў прэсных водах. Першыя наземныя П з’явіліся ў дэвоне (каля 400 млн. г. назад). Усіх П. падзяляюць на бяссківічных і сківічнаротых, анамній і амніётаў, пайкілатэрмных жывёл і гамаятэрмных жывёл. Вылучаюць 7 класаў сучасных П.: кругларотыя, храстковыя рыбы, касцявыя рыбы, земнаводныя, паўзуны, птушкі, млекакормячыя. Каля 50 тыс. відаў (акрамя свойскіх і дэкар. парод). Пашыраны ўсюды ў акіянах і на сушы. На Беларусі больш за 450 відаў.

Цела двухбакова-сіметрычнае. Эвалюцыйна адбылася замена хорды на пазваночнік (адсюль назва). Найбольшае ўскладненне арганізацыі і функцыянавання ўсіх сістэм арганізма адбылося пасля выхаду П. на сушу. Крывяносная сістэма стала замкнутай, сэрца — шматкамерным. Функцыя дыхання ад шчэлепаў перайшла да лёгкіх. Нерв. сістэма (трубчастай будовы) складаецца з галаўнога і спіннога мозга і перыферыйных вузлоў; забяспечвае складаныя паводзіны П. у асяроддзі. Стрававальная сістэма падзелена на некалькі аддзелаў, мае стрававальныя залозы. Характар жыўлення разнастайны, ад расліннаеднага да драпежнага і ўсёеднага. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена тулаўнымі (мезанефрычнымі) ныркамі (у прэснаводных рыб) ці тазавымі (метанефрычнымі) ныркамі (у наземных П.). Ускладненне агульнай арганізацыі П. выклікала ўдасканаленне будовы і функцый органаў пачуццяў. Большасць П. раздзельнаполыя (у рыб трапляецца гермафрадытызм). Анамніі, як правіла, яйцародныя. Жыванараджэнне трапляецца ва ўсіх П., акрамя кругларотых і птушак; у млекакормячых гэта асн. форма размнажэння. П. адыгрываюць вял. ролю ў развіцці біясферы, з’яўляюцца канцавымі звёнамі трафічных ланцугоў у біяцэнозах, актыўна ўздзейнічаюць на навакольнае асяроддзе. Маюць найб. значэнне для чалавека як крыніца харчавання, сыравіны і інш. Некат. П. — пераносчыкі інфекцый.

Э.​Р.​Самусепка.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ ПРАЦЭ́С,

рэальны рух і змяненне пэўнага аб’екта ў часе і прасторы, што ахопліваюць усе стадыі яго развіцця: узнікненне, станаўленне, сцвярджэнне, распад і гібель. Як працэс развіцця чалавечага грамадства гістарычны працэс характарызуецца ўласцівай яму ўнутр. неабходнасцю, г.зн. наяўнасцю пэўнай заканамернасці этапаў, фаз, перыядаў і г.д., а таксама аб’ектыўнай накіраванасцю, пад якой разумеецца асн. тэндэнцыя змяненняў у грамадстве на ўсім працягу яго існавання. Такая накіраванасць адкрывае магчымасць падвядзення на кожнай ступені гістарычнага працэсу некаторых вынікаў яго ўздзеяння на ўмовы жыцця людзей у матэрыяльным, духоўным, паліт. і інш. аспектах. Існуюць розныя падыходы да разумення крыніцы гістарычнага працэсу. Прадстаўнікі ідэалізму звязваюць яго з асобай творцы або ўяўляюць гісторыю як самаразвіццё духу. Пашыраны канцэпцыі, паводле якіх гістарычны працэс азначае аб’ектыўны рух і змену розных формаў грамадскага жыцця пад уплывам прычын, якія знаходзяцца не за яго межамі, а ў ім самім. Напр., дыялектычны матэрыялізм бачыць крыніцу гістарычнага працэсу ў супярэчнасцях спосабу вытв-сці матэрыяльных даброт, якія вырашаюцца праз барацьбу грамадскіх класаў з антаганістычнымі (непрымірымымі) інтарэсамі; аднак ход гісторыі не спыняецца ні са змяненнем сац.-класавай структуры грамадства, ні з дасягненнем ім розных мэт (рэалізацыяй ідэалаў сац. справядлівасці, сац. роўнасці, стварэннем іншых умоў для гарманічнага развіцця асобы). Існуюць і такія інтэрпрэтацыі гістарычнага працэсу, у якіх ён уяўляецца як вынік складанага ўзаемадзеяння шматлікіх па сваёй прыродзе фактараў, найперш сучаснай навукі, тэхналогіі, інфарм. сістэм і г.д.

Літ.:

Кареев Н.И. Основные вопросы философии истории. Ч. 2. 3 изд. СПб., 1897;

Ракитов А.И. Историческое познание: Систем.-гносеол. подход. М., 1982;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М., 1994;

Barraclough G. Main trends in history. New York, 1979.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬЧЖУ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

стратэгічныя наступальныя дзеянні сав. і манг. войск і сіл флоту 9 жн. — 2 вер. ў час савецка-японскай вайны 1945. Праведзена войскамі Забайкальскага (каманд. Маршал Сав. Саюза Р.​Я.​Маліноўскі), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.​А.​Мерацкоў) і 2-га (ген. арміі М.​А.​Пуркаеў) Далёкаўсх. франтоў, манг. Нар.-рэв. арміі (маршал Х.​Чайбалсан) ва ўзаемадзеянні з Ціхаакіянскім флотам (адм. І.​С.​Юмашаў) і Амурскай флатыліяй (контр-адм. Н.​В.​Антонаў) з мэтай разграміць яп. Квантунскую армію (ген. А.​Ямада), вызваліць Паўн.-Усх. Кітай (Маньчжурыю) і Паўн. Карэю, паскорыць завяршэнне 2-й сусв. вайны. Супраць яп. групоўкі (больш за 1 млн. чал., каля 1,2 тыс. танкаў, каля 5,4 тыс. гармат, 1,8 тыс. самалётаў, 25 караблёў і інш. сілы) дзейнічалі сав. і манг. войскі колькасцю больш за 1,5 млн. чал., больш за 26 тыс. гармат і мінамётаў, каля 5,3 тыс. танкаў і самаходных артыл. установак, 5,2 тыс. самалётаў, 93 баявыя караблі асн. класаў. 9—20 жн. сав. войскі прарвалі абарону праціўніка на некалькіх напрамках і прасунуліся на тэр. Паўн.-Усх. Кітая з 3 на 400—800 км, з У і Пн на 200—300 км. Пасля 20 жн. сав. часці працягвалі наступленне ў глыб Маньчжурыі і завяршылі разгром яп. групоўкі. Паражэнне яп. войск стварыла ўмовы для правядзення Паўднёва-Сахалінскай аперацыі 1945 і Курыльскай дэсантнай аперацыі 1945. У час М.а. вызначыліся беларусы ген.-маёр Г.С.Здановіч, падпалк. М.А.Ласкуноў і інш.

Літ.:

Белобородов А.П. Прорыв на Харбин. М., 1982;

Котенев А.Я. На Забайкальском фронте: Док. повести, очерки. М., 1985;

Кривель АМ. Это было на Хингане. М., 1986.

У.​Я.​Калаткоў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 10, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАН (London) Джэк [сапр. Грыфіт

(Griffith) Джон; 12.1.1876, г. Сан-Францыска, ЗША — 22.11.1916], амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Каліфарнійскім ун-це (1896—97). Быў золаташукальнікам на Алясцы (1897—98). Друкаваўся з 1893. Вядомасць яму прынеслі т. зв. паўночныя апавяданні, у якіх дадзены яркія апісанні суровай паўн. прыроды і паводзіны чалавека ў іх: зб-кі «Сын ваўка» (1900),

«Бог яго бацькоў» (1901), «Дзеці марозу» (1902), раман «Дачка снягоў» (1902). Майстар анімалістычнага жанру (аповесці «Кліч продкаў», 1903, экранізацыя 1972; «Белы Ікол», 1906, экранізацыя 1946) і т.зв. марской прозы (раман «Марскі воўк»,1904, экранізацыя 1941; зб. «Апавяданні паўднёвых мораў», 1911). Пад уплывам барацьбы амер. пралетарыяту і рэвалюцыі 1905—07 у Расіі выдаў зб-кі публіцыстычных артыкулаў «Вайна класаў» (1905), «Рэвалюцыя» (1910), раман-утопію «Жалезная пята» (1908). Вяршыня творчасці Л. — аўтабіягр. раман «Марцін Ідэн» (1909) пра трагічны лёс пісьменніка з народа. Аўтар раманаў «Месячная даліна» (1913), «Маленькая гаспадыня Вялікага дома» (1916), «Сэрцы трох» (выд. 1920) і інш. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі А.​Якімовіч, А.​Мардвілка, Н.​Саламевіч, А.​Саламевіч, У.​Чаркас.

Тв.:

Бел. пер. — Незвычайны адрывак. Мн., 1926;

Бук — паштовы сабака Мн., 1930;

Забаставаў. Мн., 1931;

Кулі. Мн., 1931;

Сказанне аб Кішы. Мн., 1938;

Смок Белью.

Мн., 1947; Кліч продкаў; Любоў да жыцця; Белы Ікол. Мн., 1997; Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—13. М., 1976; Мартин Иден: Роман; Рассказы. Мн., 1985; Маленькая хозяйка Большого дома; Сердца трех. Мн., 1987; Золотой каньон: Рассказы. Мн., 1998.

Літ.:

Балтроп Р. Джек Лондон, человек, писатель, бунтарь: Пер. с англ. М., 1981;

Стоун И. Моряк в седле: Биография Д.​Лондона: Пер. с англ. Мн., 1984.

Дж.Лондан.

т. 9, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў Полацку ў 1788—1918.

Праваслаўная духоўная гімназія засн. ў 1788 пры пач. партыкулярнай школе ў Богаяўленскім манастыры (пераведзена сюды духоўная 2-класная гімназія з Невеля). Вучэбны курс быў пашыраны і тэрмін навучання павялічаны да 3 гадоў. Выкладаліся: рус., лац. і польск. мовы, арыфметыка, чыстапісанне, катэхізіс, нотныя спевы. Гімназія была філіялам Магілёўскай правасл. семінарыі (падрыхтоўчым аддзяленнем). Выкладчыкамі былі яе выхаванцы. Вучыліся дзеці мясц. святароў ва ўзросце 6—8 гадоў. З-за невял. колькасці выхаванцаў (штогод 20—30 юнакоў) у 1792 кіраўніцтва Пскоўскай епархіі вярнула яе ў Невель. Ваенная гімназія ўтворана ў 1865 на базе Полацкага кадэцкага корпуса ў выніку рэарганізацыі сістэмы ваен. асветы ў Рас. імперыі. Тэрмін навучання 6, з 1873—7 гадоў. Мела агульнаадук. праграму, але захавала традыцыйны для кадэцкага корпуса паўвайсковы ўклад і вайск. форму. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, ваенная падрыхтоўка, чыстапісанне і маляванне. У 1865 былі 333 выхаванцы. У 1872—74 існаваў праект адкрыць на базе гімназіі ун-т, а гімназію перавесці ў Вільню або Юр’еў. У 1882 рэарганізавана ў кадэцкі корпус. У гімназіі вучыўся генерал Р.​І.​Кандраценка. Жаночая дзяржаўная гімназія засн. 1.1.1903. Мела 2-класнае падрыхтоўчае аддзяленне, 7 асн. класаў і 8-ы педагагічны. У 1911 у штаце былі кіраўнік, 8 наглядчыц, 5 законанастаўнікаў, 15 выкладчыкаў. Займалася 360 вучаніц. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, педагогіка, матэматыка, геаграфія, фізіка, методыка выкладання. маляванне, чыстапісанне, рукадзелле, спевы. Скасавана ў 1918.

Літ.:

Викеньтев В.​П.​Полоцкий кадетский корпус: Ист. очерк. Полоцк, 1910;

Знаменский П.В. Духовные школы в России до реформы 1808 г. Казань, 1881;

Памятная книжка Виленского учебного округа на 1911/1912 учеб. г. Вильна, 1912.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКТАТУ́РА,

1) сістэма неабмежаванага паліт., эканам., сац., духоўнага панавання на чале з лідэрам-дыктатарам. Яго імя або вызначаемая ім сац.-паліт. ідэя дае назву адпаведнай разнастайнасці дыктатарскага рэжыму (цэзарызм, банапартызм, абсалютызм, фашызм, таталітарызм і г.д.). Характарызуецца падаўленнем грамадзянскай супольнасці, паліт. тэрорам, канцэнтрацыяй улады ў руках дыктатара, усталяваннем юрыд. абмежаванняў паліт. правоў і свабод. Унутраная і знешняя палітыка ва ўмовах Д. грунтуецца на ідэалогіі месіянізму, прымусу непакорных. Паводле марксісцка-ленінскай тэорыі Д. — заканамерная з’ява класава-антаган. грамадства. Д. пралетарыяту ўстанаўліваецца ў выніку сацыяліст. рэвалюцыі і ахоплівае пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму і мае на мэце буд-ва камунізму. Пры неабходных умовах яна выкарыстоўвае насілле для падаўлення супраціўлення эксплуататарскіх класаў і дзейнасці варожых сацыялізму элементаў. Ва ўмовах канчатковай перамогі сацыялізму Д. пралетарыяту завяршае сваю гіст. місію і ператвараецца ў агульнанародную дзяржаву пры захаванні кіруючай ролі камуніст. партыі да пабудовы камунізму. Д. — з’ява гіст., таму яе трэба разглядаць толькі ў канкрэтным гіст. кантэксце. Пры некаторых абставінах яна адыгрывала станоўчую ролю, захоўвала законнасць, парадак і тэр. цэласнасць краіны ў перыяд паліт. і сац.-эканам. крызісаў, а таксама адбіцця знешняй агрэсіі і прадухілення грамадз. вайны. Таму ў канстытуцыях некаторых краін (Францыя, Італія) прадугледжана магчымасць стварэння т.зв. «канстытуцыйнай Д.», якая мае магчымасць у надзвычайных сітуацыях ажыццяўляць экстранныя захады для аднаўлення законнасці і парадку ў краіне.

2) Спосаб ажыццяўлення дзярж. уладай непасрэднага выкарыстання ўзбр. насілля ў надзвычайных становішчах.

Літ.:

Джилас М. Лицо тоталитаризма: [Пер. с серб.-хорв.]. М., 1992;

Маркс К. Восемнадцатое брюмера Луи Бонапарта // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 8;

Ленін У.І. Дзяржава і рэвалюцыя // Тв. Т. 25. (Полн. собр. соч. Т. 33);

Яго ж. Аб дыктатуры пралетарыяту // Тв. Т. 30. (Там жа. Т. 39).

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЯ́ ((Zola) Эміль) (2.4.1840, Парыж — 29.9.1902),

французскі пісьменнік. Раннія творы (зб. навел «Казкі Нінон», 1864; раманы «Споведзь Клода», 1865, «Марсельскія таямніцы», 1867) напісаны пад уплывам рамантызму. Кнігамі літ. і маст. крытыкі «Што я ненавіджу» і «Мой салон» (абедзве 1866), «Эдуар Манэ» (1867) выступіў у абарону новай плыні мастацтва, у прыватнасці імпрэсіянізму. Прыродазнаўчыя адкрыцці (тэорыя эвалюцыі Ч.​Дарвіна), філасофія і эстэтыка пазітывізму (І.​Тэн) падвялі З. да распрацоўкі канцэпцыі натуралізму, асн. палажэнні якога ён выклаў у прадмове да рамана «Тэрэза Ракэн» (1867), у працах «Эксперыментальны раман» (1880) і «Раманісты-натуралісты» (1881). У 1860-я г. З. распачаў серыю з 20 раманаў «Ругон-Макары. Звычайная і сац. гісторыя адной сям’і ў эпоху Другой імперыі» (1868—93), у якой даў маштабную панараму франц. грамадства 2-й пал. 19 ст. Тут па-майстэрску выпісаны вобразы прадстаўнікоў розных класаў, саслоўяў, прафесій і іх асяроддзе: гандлёвая і фінансавая буржуазія («Чэрава Парыжа», 1873, «Дамскае шчасце», 1883, «Грошы», 1891), рамеснікаў і шахцёраў («Пастка», 1877, «Жэрміналь», 1885), сялян («Зямля», 1887), царкоўнікаў і палітыкаў («Праступак абата Мурэ», 1875, «Яго правасхадзіцельства Эжэн Ругон», 1876), мастакоў і ваенных («Творчасць», 1886, «Разіром», 1892) і інш. Роздумы пісьменніка над сац. канфліктамі эпохі, шляхамі перабудовы грамадства, захапленне ідэямі утапічнага сацыялізму знайшлі адлюстраванне ў цыкле «Тры гарады» («Лурд», 1894, «Рым», 1896, «Парыж», 1898) і тэтралогіі «Чатыры Евангеллі» (1898—1902, незавершана). За пісьмо «Я абвінавачваю» ў абарону А.​Дрэйфуса (гл. Дрэйфуса справа) прыгавораны да турэмнага зняволення, з-за чаго вымушаны быў эмігрыраваць у 1898 (вярнуўся праз год). Творчасць З., які з’яднаў «бязлітаснасць рэалізму з мужнасцю палітычнага дзеяння» (Л.​Арагон), зрабіла значны ўплыў на еўрап. і амер. раманістыку 20 ст. У бел. пер. выйшлі «Апавяданні» (1937), раманы З. «Пастка» (1939) і «Разгром» (1941).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—26. М., 1960—67.

Літ.:

Владимирова М.М. Романный цикл Э.​Золя «Ругон—Маккары»: Худ. и идейно-филос. единство. Саратов, 1984.

Т.​У.​Кавалёва.

Э.Заля.

т. 6, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАРЭ́ЗНЫ СТАНО́К,

машына для размернай апрацоўкі рэзаннем (у асн. зняццем стружкі) пераважна метал. загатовак. Бываюць універсальныя (для выканання розных аперацый на дэталях многіх найменняў), шырокага прызначэння (для выканання пэўных аперацый на дэталях многіх найменняў), спецыялізаваныя (для апрацоўкі дэталей аднаго наймення, але розных памераў), спецыяльныя (для выканання асобных аперацый пры вырабе адной дэталі).

У залежнасці ад мэтавага прызначэння, выканання адпаведных тэхнал. аперацый і металарэзнага інструменту адрозніваюць: такарныя, свідравальныя, расточныя, шліфавальныя, паліравальныя, даводачныя, заточныя, зубаапрацоўчыя, рэзьбаапрацоўчыя, фрэзерныя, стругальныя, даўбёжныя, працяжныя станкі (гл. адпаведныя арт.), а таксама разразныя, для фіз.-хім. апрацоўкі, балансіровачныя, мнагамэтавыя (апрацоўчыя цэнтры), агрэгатныя станкі. Паводле ступені аўтаматызацыі адрозніваюць М.с. з ручным кіраваннем, паўаўтаматычныя (апрацоўка адной дэталі ў аўтам. рэжыме), аўтаматычныя (апрацоўка і змена дэталей у аўтам. рэжыме). Паводле дасягальнай дакладнасці апрацоўкі адрозніваюць М.с. класаў дакладнасці: Н (нармальнага), П (павышанага), В (высокага), А (асабліва высокага), С (майстар-станкі з хібнасцю апрацоўкі 1 мкм), Т (з хібнасцю 0,3 мкм), К (з хібнасцю 0,1 мкм). Тэхн ўзровень станкоў характарызуецца паказчыкамі прызначэння, надзейнасці, эканомнага выкарыстання матэрыялаў і электраэнергіі, тэхналагічнасці, стандартызацыі і уніфікацыі. эрганамічнасці і патэнтна-прававымі.

На Беларусі розныя тыпы М.с. выпускаюць прадпрыемствы станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці. Пра развіццё вытв-сці М.с. на Беларусі гл. ў арт. Станкабудаванне.

Літ.:

Чернов Н.Н. Металлорежущие станки. 4 изд. М., 1987;

Кочергин АИ., Конструирование и расчет металлорежущих станков и станочных комплексов. Мн., 1991;

Станочное оборудование автоматизированного производства. Т. 2. М., 1994;

Проектирование металлорежущих станков и станочных систем: В 3 т. Т. 1—2. М., 1994—95.

А.​І.​Качаргін.

Металарэзны станок: а — асноўныя вузлы (зборачныя адзінкі; 1 — базавыя дэталі, 2 — галоўны прывод, 3 — прыводы падачы і пазіцыяніравання); б — структурная схема (Iу — уваходная інфармацыя ў выглядзе чарцяжа, кіроўнай праграмы і інш.; Iв — выхадная інфармацыя пра памеры апрацаванай дэталі; 3 — загатоўкі; Д — дэталі; Е — энергія; 1—4 — падсістэмы кіравання, кантролю, маніпуліравання загатоўкамі і рэзальнымі інструментамі, апрацоўкі).

т. 10, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ ЛО́ГІКА, сімвалічная логіка,

адзін з кірункаў сучаснай фармальнай логікі, заснаваны на выкарыстанні матэм. метадаў даследавання. У М.л. аперацыі мыслення і пераважна вывадных ведаў вывучаюцца шляхам іх адлюстравання ў спец. фармалізаваных мовах, або лагічных злічэннях. Адным з асн. яе метадаў з’яўляецца метад фармалізацыі, або вывучэння аб’ектаў з дапамогай адносна жорсткіх фіксаваных элементаў іх формы (пры адцягненні ад унутр. зместу). Сістэма фармалізаваных аксіём і фармальных правіл вываду афармляецца ў выглядзе некаторага злічэння. Прасцейшыя з іх — злічэнні выказванняў, калі аперацыі з простымі выказваннямі аб’ядноўваюцца ў складаныя выказванні з дапамогай аператараў кан’юнкцыі, дыз’юнкцыі, імплікацыі, эквіваленцыі і адмаўлення (гл. Логіка выказванняў). У агульных злічэннях выказванняў — класічным і інтуіцыянісцкім (гл. Інтуіцыянізм) — ужываюцца адны і тыя ж правілы вываду (падстаноўкі і вываду заключэння). Формула лічыцца класічна агульназначнай, калі правільнае ўсякае выказванне, што выводзіцца з яе ў выніку падстановак любых выказванняў замест пераменных (A, B, C...); да ўсякага злічэння прад’яўляюцца патрабаванні несупярэчлівасці і паўнаты. Другая форма — злічэнне прэдыкатаў, якое ўключае ў свой склад злічэнне выказванняў, але дадае да яго апарату аперацыі агульнасці і існавання (гл. Логіка прэдыкатаў, Квантары). Самаст. раздзелам у М.л. ўваходзіць злічэнне класаў, якое адпавядае вузкаму злічэнню аднамесных прэдыкатаў, або сілагістыцы Арыстоцеля (гл. Логіка класаў).

Зыходныя паняцці М.л. былі ўжо ў вучэнні прадстаўнікоў мегарскай школы і стоікаў. На мяжы 13—14 ст. ісп. філосаф Р.​Лулій сканструяваў спец. «лагічную машыну», якая складалася з сямі канцэнтрычных кругоў са знакамі, літарамі і тэрмінамі і дазваляла атрымаць разнастайныя камбінацыі слоў і паняццяў. Спроба стварэння «злічэння розуму», падобнага да матэм. злічэння і заснаванага на універсальнай лагічнай мове, належала Г.​Лейбніцу. Як самаст. дысцыпліна М.л. аформілася ў сярэдзіне 19 ст. ў працах англ. матэматыка і логіка Дж.​Буля і ў распрацаванай ім алгебры логікі. Далей М.л. развівалася ў сувязі з распрацоўкай аксіяматычнага метаду, мностваў тэорыі, вызначэння несупярэчлівасці матэм. злічэнняў і інш. Рас. вучоны П.​С.​Парэцкі распрацаваў тэорыю лагічных роўнасцей і прапанаваў найб. агульны метад знаходжання ўсіх эквівалентных форм пасылак і вынікаў з іх («Аб спосабах рашэння лагічных роўнасцей...», 1884). Ч.​Пірс (ЗША) праводзіў даследаванні ў строгай і раздзяляльнай дыз’юнкцыі, матэрыяльнай імплікацыі, індукцыі і гіпотэзы, логікі адносін і інш. галінах М.л. Ням. логік Г.​Фрэге прапанаваў аксіяматычную пабудову логікі выказванняў, сфармуляваў правіла падстаноўкі, увёў паняцце квантара, распрацаваў асн. прынцыпы семантыкі лагічнай. Сучасную форму М.л. надаў італьян. вучоны Дж.​Пеана, які распрацаваў сістэму аксіём для арыфметыкі натуральных лікаў і паказаў, як з дапамогай сімвалічнага злічэння можна практычна пабудаваць матэм. дысцыпліны («Фармуляр матэматыкі», т. 1—2, 1895—97). Развіццю М.л. садзейнічалі працы Б.​Расела і А.​Н.​Уайтхеда («Прынцыпы матэматыкі», т. 1—3, 1910—13). У далейшым атрымалі развіццё даследаванні ў розных галінах М.л., была распрацавана тэорыя матэм. доказаў на аснове выкарыстання лагічных злічэнняў да пытанняў асноў матэматыкі (Я.​Лукасевіч, А.​Гейцінг, А.​М.​Калмагораў, В.​І.​Шастакоў, С.​К.​Кліні, А.​А.​Маркаў і інш.).

Сучасная М.л. — гэта мноства спец. логік (імавернасная логіка, індукцыйная логіка, інтуіцыянісцкая, камбінаторная, канструктыўная, мнагазначная, мадальная і г.д.), кожная з якіх уяўляе сабой больш або менш адпаведнае апісанне працэсаў лагічнага паходжання. Далейшая фармалізацыя лагічных аперацый М.л. і адкрытыя ёю новыя заканамернасці даюць магчымасць вырашэння шэрагу складаных задач у матэматыцы, кібернетыцы, тэорыі рэлейна-кантактных схем, пры праектаванні і ў функцыянаванні ЭВМ, розных аўтам. апаратаў, а таксама ў матэматычнай лінгвістыцы, у тэорыі праграмавання, пры даследаваннях у квантавай фізіцы, тэорыі эвалюцыі, нейрафізіялогіі, праблем кіравання вытв-сцю і грамадствам. Сродкі М.л. выкарыстоўваюцца ў даследаваннях уласцівасцей дэдуктыўных тэорый (гл. Металогіка, Метаматэматыка). Праблематыка і навук. метад М.л. непасрэдна звязаны з інш. навукамі пра мысленне і пазнанне, у т. л. з логікай дыялектычнай. Гл. таксама Алгарытмаў тэорыя, Лагістыка.

Літ.:

Клини С.К. Математическая логика: Пер. с англ. М., 1973;

Шенфилд Дж.Р. Математическая логика: Пер. с англ. М., 1975;

Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;

Гильберт Д., Бернайс П. Основания математики: Теория доказательств: Пер. с нем. М., 1982;

Брюшинкин В.Н. Логика, мышление, информация. Л., 1988;

Логика и компьютер. Л., 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 10, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАДРО́М (ад аэра... + грэч. dromos месца для бегу, бег),

тэрыторыя з паветранай прасторай, комплексам збудаванняў і абсталявання, якія прызначаны для ўзлёту, пасадкі, размяшчэння і абслугоўвання самалётаў, верталётаў і планёраў. Асн. элементы аэрадрома: лётная зона, лётнае поле, лётная паласа, канцавыя і бакавыя палосы бяспекі, паветр. падыходы, рулёжныя дарожкі, навігацыйнае абсталяванне (радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі і інш.), святлосігнальныя сістэмы і інш.

Бываюць аэрадромы грамадзянскія, ваенныя і сумеснага базіравання, трасавыя — для эксплуатацыі самалётаў і верталётаў, якія перавозяць па авіялініях пасажыраў, грузы, пошту (да іх належаць усе аэрадромы аэрапортаў) і спец. прызначэння (напр., с.-г., лясной і санітарнай авіяцыі), заводскія, вучэбныя, клубна-спартыўныя. Адрозніваюць аэрадромы з адной або некалькімі ўзлётна-пасадачнымі палосамі (УПП) са штучным пакрыццём і аэрадромы з грунтавымі УПП. У залежнасці ад памераў УПП і трываласці штучных пакрыццяў грамадзянскія аэрадромы падзяляюцца на класы. Ваен. аэрадромы паводле прызначэння бываюць вайсковыя (флоцкія), вучэбныя і спецыяльныя (для выпрабавання лятальных апаратаў і інш. мэтаў); паводле характару выкарыстання — асноўныя, запасныя, несапраўдныя (для падману праціўніка) і аэрадромы манеўру. Паводле геагр. (прыродных) умоў адрозніваюць аэрадромы палярныя, пустынныя (тундравыя), горныя, водныя (гідрааэрадромы), лядовыя; па ступені абсталявання — пастаянныя і палявыя (часовыя). У залежнасці ад даўжыні і шырыні УПП і трываласці пакрыцця, абсталявання сродкамі тэхн. забеспячэння палётаў ваен. аэрадромы падзяляюцца на пазакласныя, 1, 2, 3, 4-га класаў і пасадачныя пляцоўкі. Пры вял. грамадзянскіх аэрадромах узводзяцца аэрапарты.

Да арт. Аэрадром. Схематычны план грамадзянскага аэрадрома: 1 — канцавыя палосы бяспекі; 2 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 3 — грунтавая ўзлётна-пасадачная паласа; 4 — бакавыя палосы бяспекі; 5 — рулёжная дарожка; 6 — пляцоўка для запуску рухавікоў; 7 — перон; 8 — месца стаянкі самалётаў; 9 — пляцоўка для ліквідацыі дэвіяцыі.
Да арт. Аэрадром. Схематычны план пастаяннага ваеннага аэрадрома з адной лётнай паласой: 1 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 2 — грунтавыя ўзлётна-пасадачныя палосы; 3, 4 — канцавыя і бакавыя палосы бяспекі; 5 — палосы паветраных падыходаў; 6, 7, 8 — магістральная, злучальная, дапаможная рулёжныя дарожкі; 9, 10 — групавое, індывідуальныя месцы стаянкі; 11, 12 — спецыяльныя пляцоўкі; 13 — службова-тэхнічныя будынкі; 14 — казармы; 15 — пад’язныя і ўнутрыаэрадромныя дарогі; 16 — чыгунка.

т. 2, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)