Прамысловасць — асноўная галіна эканомікі Беларусі, на долю якой прыпадае каля 30% валавога ўнутр. прадукту, 32% кошту асн. фондаў, 26,2% усіх занятых у нар. гаспадарцы. Яна ўключае больш за 24 тыс.прамысл. прадпрыемстваў і вытворчасцей. У сукупнасці яны складаюць 70 галін і падгалін прамысловасці. Дамінуючае становішча на таварных рынках рэспублікі займаюць узбуйненыя галіны прамысловасці: паліўная, металургічная, хім. і нафтахім., машынабудаванне і металаапрацоўка, лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў, шкляная і фарфора-фаянсавая, лёгкая і харчовая.
Гісторыя, спецыялізацыя і размяшчэнне. Станаўленне прамысловасці як самаст. галіны грамадскай вытворчасці пачалося з аддзялення рамяства ад земляробства У 1720-я г. ўзніклі першыя мануфактуры, у т. л. Налібоцкая і Урэцкая шкляныя мануфактуры. Напр., на Налібоцкай мануфактуры ў 1748 працавала больш за 100 чалавек, выпускалася 100 відаў прадукцыі. Потым узніклі Нясвіжская і Слуцкая мануфактуры шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У канцы 18 ст. іх было больш за 50. У 19 ст. ўзніклі першыя фабрыкі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая амаль удвая пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. З 1860 па 1890 колькасць рамесных майстэрняў павялічылася з 20,2 да 58,1 тыс., рабочых на іх — з 30,4 да 110 тыс., аб’ём выпуску прадукцыі — з 4,3 да 14,1 млн.руб. 63% рамеснікаў знаходзілася ў мястэчках, 37% — у гарадах У харчовай, гарбарнай і тэкстыльнай вытворчасці колькасць дробных прадпрыемстваў вырасла з 7,8 да 17,1 тыс., рабочых на іх — з 2364 да 65,5 тыс., аб’ём вытворчасці — з 14 да 44 млн.руб. На базе рамесных майстэрняў узнікалі капіталіст. мануфактуры. За парэформенны час іх колькасць павялічылася з 140 да 760, сярод іх былі 193 дрэваапрацоўчыя, 185 сілікатных, 166 харчовых, на іх працавала 28,8 тыс. рабочых Характэрная рыса развіцця прамысловасці таго перыяду — хуткі рост фабрык і заводаў. У 1890-я г. фабрычна-заводскія прадпрыемствы давалі палавіну ўсёй прамысл. прадукцыі. Аднак узровень яе канцэнтрацыі на Беларусі быў ніжэйшы, чым у цэлым па Рас. імперыі. Тут пераважалі сярэднія і дробныя прадпрыемствы, на кожным з якіх працавала менш за 50 чалавек. У канцы 19 ст. яны складалі 85,5% ад прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці (па Расіі — 70,5%). Але фабрык і заводаў, дзе працавала больш за 500 рабочых, было толькі 9, або 1% ад агульнай іх колькасці (па Расіі — 3,5%). Канцэнтрацыя вытворчасці абумовіла стварэнне акц. кампаній. У канцы 19 ст. на Беларусі дзейнічала 10 акц. т-ваў, якім належалі буйныя прадпрыемствы («Гродзенскае таварыства водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў», «Таварыства віцебскіх водаправодаў», бельгійскае акц.т-ва «Віцебскі трамвай» і інш.).
Бел. прамысловасць спецыялізавалася на перапрацоўцы мясц.с.-г., лясной і мінеральнай сыравіны, што абумовіла яе размяшчэнне пераважна ў сельскай мясцовасці. У парэформенны час у гарадах выраблялася каля 31% усёй прадукцыі. У час крызісу 1900—03 і дэпрэсіі 1904—08 бел. прадпрыемствы менш пацярпелі, чым у цэлым па Расіі. Наступны эканам. ўздым працягваўся да 1-й сусв. вайны. Сярэднегадавы рост фабрычна-заводскай прадукцыі за гэты перыяд склаў 13,9%. Вядучымі галінамі ў 1913 заставаліся харчовая прамысловасць (яе ўдзельная вага складала 26% ад аб’ёму буйной прамысловасці), лесанарыхтоўкі і сплаў (16,8%), дрэваапрацоўчая (16,1%), папяровая (7%), чыгуначныя і рамонтныя майстэрні (5,8%), шкляная (5,7%), тэкстыльная (4,8%), металаапрацоўчая (3,8%).
З пач. 20 ст. на тэр. Беларусі пачалі ўзнікаць прамысл. манапалістычныя аб’яднанні (напр., камітэт запалкавых фабрыкантаў Зах. краю, Віцебскі сіндыкат гаспадароў цагельных заводаў, сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Зах. краю ў Оршы). Развіццё прамысловасці спрыяла росту гар. насельніцтва, асабліва рабочых. У 1913 у Мінску дзейнічала 69 цэнзавых прадпрыемстваў (5 тыс. рабочых) у Віцебску — 45 (3,9 тыс.), у Гродне — 19 (2,3 тыс.). Прамысл. цэнтрамі станавіліся Пінск, Гомель, Магілёў, Брэст, Барысаў, Орша. З 1900 да 1913 колькасць рабочых на прадпрыемствах павялічылася з 31 тыс. да 57 тыс., або на 76,6%. Агульная колькасць асоб наёмнай працы ў Беларусі дасягнула 514 тыс. чалавек.
За гады 1-й сусв. вайны галіновая структура прамысловасці Беларусі значна змянілася. Амаль спынілі дзейнасць вінакурна-гарэлачныя прадпрыемствы, скарацілі вытворчасць цагельна-чарапічныя, кафельныя, суконныя фабрыкі і заводы. Швейная, абутковая, ільнопрадзільная, тытунёвая, хім. і харч. галіны пачалі працаваць на патрэбы фронту. Вытворчасць прадукцыі для цывільнага насельніцтва рэзка скарацілася. Колькасць прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці ў 1917 у параўнанні з 1913 ва ўсх. частцы Беларусі скарацілася з 822 да 297, або ў 2,7 раза, вытворчасць прадукцыі на іх складала ўсяго 15—16% даваен. ўзроўню. Пасля грамадз. вайны і ваеннай інтэрвенцыі на Беларусі працавала з перабоямі толькі 40% буйных прадпрыемстваў, на якіх было занята каля 70% рабочых даваен. часу. Агульны аб’ём валавой прадукцыі ўсёй прамысловасці ў БССР у 1922 склаў каля 15—20% да ўзроўню 1913, амаль удвая скарацілася магутнасць мех. рухавікоў. Аднаўленне прамысловасці адбывалася ва ўмовах новай эканам. палітыкі, калі стымулявалася развіццё пераважна дробнай і сярэдняй прамысловасці, каап. прадпрыемстваў. Пад прыватныя кіраванне і здачу ў арэнду былі вернуты раней нацыяналізаваныя фабрыкі і заводы, на іх долю прыпадала да 25% прамысл. прадукцыі. Многія буйныя прадпрыемствы былі зняты з дзяржбюджэту і пераведзены на гаспразлік. Да 1925 валавая прадукцыя буйной прамысловасці ў БССР перасягнула ўзровень 1913 на 25,5%. Доля дзярж. сектара ў буйной прамысловасці ў пач. 1926 склала 96,8%. Значнае развіццё атрымала металаапрацоўчая галіна, вытворчасць якой з 1923 да 1925 павялічылася больш чым у 5 разоў Праведзены работы па электрыфікацыі: калі ў 1913 электрастанцыі меліся толькі ў Мінску, Магілёве, Полацку і Клімавічах, то ў 1925 яны былі ва ўсіх акруговых цэнтрах; у 1925—26 дзейнічала 40 электрастанцый. У дробнай прамысловасці ў 1926 было занята 73% рабочых, а па валавой прадукцыі на яе долю прыпадала каля 58% вытворчасці ўсёй прамысловасці. Дамінуючымі галінамі заставаліся харчовая, гарбарна-футравая, апрацоўка металаў, дрэва, мінералаў. У 1920-я г. пачалося буд-ва шэрагу буйных прадпрыемстваў (Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, «Гомсельмаш», Магілёўская фабрыка штучнага шоўку і інш.).
У канцы 1920-х г. у прамысловасці БССР узяты курс на фарсіраваную індустрыялізацыю. За гады 1-й пяцігодкі (1928—32) агульны аб’ём капіталаўкладанняў у прамысловасць рэспублікі склаў 243 млн.руб. і перавысіў укладанні папярэдніх 10 гадоў у 5,3 раза. З гэтай сумы на новае буд-ва было выдаткавана 58,8%, на расшырэнне і рэканструкцыю прадпрыемстваў — 38,6%. Асаблівая ўвага звярталася на развіццё такіх галін прамысловасці, як дрэваапрацоўчая, запалкавая, папяровая, харчовая, льняная і швейная Адначасова планавалася развіццё машынабудавання для патрэб сельскай гаспадаркі і прамысловасці буд. матэрыялаў. Пабудавана 78 буйных і 480 дробных і сярэдніх прамысл. прадпрыемстваў. За гады 2-й пяцігодкі (1933—37) пабудавана 1700 заводаў і фабрык, каля 90 прадпрыемстваў рэканструявана. Сярод іх швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, трубаліцейны завод у Магілёве, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мінская ЦЭЦ-2. Узніклі новыя галіны прамысловасці. станкабудаванне, хімічная, с.-г. машынабудаванне, вытворчасць стандартных будынкаў і інш. Аб’ём прамысл. вытворчасці за гады даваен. пяцігодак па БССР павялічыўся больш, чым у 6 разоў (па СССР — у 7,7 раза). Колькасць рабочых на 1000 чалавек насельніцтва да пач. 1940 павялічылася ў параўнанні з 1926 у 9,1 раза (па СССР — у 4 разы). На долю БССР прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, больш за 10% станкоў. Па вытворчасці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку. Аднак у кіраўніцтве прамысловасцю ўсталяваліся цэнтралізм і валюнтарысцкія метады, эканам. стымулы і гасп. разлік пачалі саступаць месца каманднай эканоміцы, што зніжала тэмпы развіцця прамысловасці. Так, план па валавой прадукцыі ў 1-й пяцігодцы выкананы толькі на 79%, павялічыўся яе сабекошт Прадукцыйнасць працы ў прамысловасці вырасла ўсяго на 15% замест 33, прадугледжаных планам. Склаўся эканам. механізм, які найперш забяспечваў выкананне колькасных паказчыкаў; якасць прадукцыі і фін. эфектыўнасць адыходзілі на другі план. Такое гаспадаранне абапіралася на шырокае выкарыстанне экстэнсіўных фактараў: у вытворчасць уцягваліся ўсё новыя дадатковыя матэрыяльныя і працоўныя рэсурсы.
У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 знаходзілася ў складзе Польшчы, у 1926 налічвалася 127 фабрык і заводаў з колькасцю рабочых больш за 20 чал., у т. л. 19 — больш за 100 рабочых (шклозавод «Нёман» у Навагрудскім пав., запалкавая ф-ка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, тытунёвая ф-ка ў Гродне, ф-ка гумавых вырабаў у Лідзе, фанерныя ф-кі ў Мікашэвічах і Гарадзішчы і інш.). На іх было занята каля 8 тыс. рабочых. Да 1928 колькасць дзеючых у Зах. Беларусі прадпрыемстваў і занятых у іх рабочых наблізілася да ўзроўню 1913.
У час эканам. крызісу 1929—33 спынілі дзейнасць 230 прадпрыемстваў, колькасць рабочых да сярэдзіны 1933 скарацілася на 46%, прадукцыя прамысловасці — на 30—40%. Пасля эканам. крызісу ў заходнебел. індустрыі ўзмацніліся працэсы канцэнтрацыі вытворчасці. Калі ў 1928 на долю сярэдняй і буйной прамысловасці прыпадала 10,7% агульнай колькасці прадпрыемстваў і 66,1% рабочых, то ў 1938 — адпаведна 13,5 і 80,6%. Колькасць прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці і працуючых на іх у 1939 больш чым у 2 разы перавышала ўзровень 1913.
У пач.Вял.Айч. вайны адбылося перабазіраванне абсталявання прадпрыемстваў і маёмасці ў сав. тыл. З Беларусі на Урал, у Паволжа, Сярэднюю Азію і Сібір поўнасцю або часткова эвакуіравана абсталяванне больш як 130 заводаў і фабрык. У выніку вайны і акупацыі прамысловасці Беларусі прычынены велізарныя страты. Гітлераўцы знішчылі ці вывезлі ў Германію 10 338 прадпрыемстваў. На тэр. рэспублікі пасля яе вызвалення дзейнічала толькі 2% энергетычных магутнасцей. Прамысловасць адкінута да ўзроўню 1913. Аднаўленчыя работы пачаліся пасля вызвалення ўсх. раёнаў Беларусі ў вер. 1943. Да мая 1945, калі завяршылася вайна, было ўведзена ў дзеянне 12 тыс.прамысл. аб’ектаў. Аднак аб’ём іх прадукцыі склаў толькі 20,4% даваен. ўзроўню, а прадукцыйнасць працы ў прамысловасці — 47%.
У пасляваенны перыяд адраджэнне прамысловасці ішло хуткімі тэмпамі. Ужо ў 1-м квартале 1949 прамысл. вытворчасць рэспублікі дасягнула ўзроўню 1940, а да канца 4-й пяцігодкі (1946—50) павялічылася ў параўнанні з даваен. часам на 15%, што было ў 5,7 раза больш, чым у 1945. Адначасова адбыліся значныя змены ў структуры прамысл. вытворчасці. Зніжалася ўдзельная вага пераважных да вайны галін — лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай і расла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. Пры агульным росце аб’ёму вытворчасці ўсёй прамысловасці на 115% у параўнанні з 1940 аб’ём металаапрацоўкі за гады 4-й пяцігодкі вырас у 2,4 раза, а прадукцыя машынабудавання — у 3,4 раза Колькасць рабочых і служачых павялічылася з 610 тыс. да 1038 тыс. чалавек, што склала толькі 19% даваен. перыяду. За 1945—50 у БССР пабудавана 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных, у іх ліку Салігорскі калійны камбінат, Гродзенскі азотна-тукавы з-д, суперфасфатны з-д у Гомелі. Новыя прадпрыемствы будаваліся на даволі высокім узроўні тэхн. і тэхнал. аснашчанасці, што ў далейшым вызначыла адносна хуткія тэмпы яе развіцця і прыкметнае месца ў сістэме агульнасаюзнага падзелу працы.
У 1950—60-я г. прамысловасць развівалася і за кошт расшырэння дзеючых прадпрыемстваў, і за кошт буд-ва новых. За 5-ю пяцігодку (1951—55) асн.вытв. фонды прамысловасці павялічыліся на 64,6%, аб’ём прамысл. вытворчасці вырас у 2,1 раза. Высокімі тэмпамі нарошчваліся магутнасці машынабудавання і металаапрацоўкі. У 1955 Беларусь давала 11,2% трактароў, 9,6% металарэзных станкоў, 3,9 % аўтамабіляў агульнасаюзнай вытворчасці. Расла і вытворчасць тавараў нар. спажывання. Выпуск прадукцыі харч. прамысловасці вырас у 1,8 раза, цукру — у 6,8, гадзіннікаў — у 2,8, тэлевізараў — у 28 разоў. У дзеянне ўведзены такія буйнейшыя прадпрыемствы, як Бярозаўская ДРЭС, Бел.аўтамаб., Мінскі маторны з-ды, Полацкі нафтаперапрацоўчы, 1-ы Салігорскі калійны камбінат, Светлагорскі з-д штучнага валакна і інш. Адбывалася далейшая канцэнтрацыя прамысл. вытворчасці, паглыбляліся спецыялізацыя і камбінаванне прамысловасці. На буйных прадпрыемствах, дзе колькасць работнікаў перавышала 1 тыс.чал., у 1965 выраблялася 48% усёй прамысл. прадукцыі і было занята 46% прамысл.-вытв. персаналу рэспублікі. З 1963 пачалі стварацца вытворчыя аб’яднанні. У 1965 14 аб’яднанняў ахоплівалі 47 прадпрыемстваў, дзе было занята 47 тыс. чалавек. У сярэдзіне 1960-х г. на прамысл. прадпрыемствах Беларусі дзейнічала каля 1000 паточных і 1748 паточна-механізаваных ліній.
У 1970-я — 1-й пал. 1980-х г. уведзена ў дзеянне больш як 170 фабрык і заводаў, у т. л. Беларускі шынны, Мазырскі нафтаперапрацоўчы камбінаты, Бел. металургічны і Аршанскі інструментальны з-ды, дзесяткі прадпрыемстваў лёгкай і харч. прамысловасці. Расла вытворчасць прадукцыі тых галін, якія вызначалі навук.-тэхн. прагрэс, асабліва прыладабудавання, электроннай і радыётэхнічнай прамысловасці, вытворчасці сродкаў сувязі. Удзельная вага прыладабудавання ў агульным аб’ёме прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі за 1970—80-я г. вырасла з 5,5 да 16%, электроннай і радыётэхнічнай — з 11,3 да 25%. З 1970 па 1985 прамысловасць Беларусі асвоіла серыйны выпуск 2197 новых тыпаў машын, абсталявання, прылад, прыбораў, апаратаў і матэрыялаў. Сярод іх ЭВМ 3-га і 4-га пакаленняў, станкі з асабліва высокай ступенню дакладнасці, каляровыя тэлевізары, радыёпрыёмнікі і інш. Да 1985 на комплексную механізацыю і аўтаматызацыю пераведзена 227 прадпрыемстваў і 4100 вытворчасцей, цэхаў і ўчасткаў, дзейнічалі 8131 механізаваная і 1749 аўтаматызаваных ліній. У параўнанні з 1970 прадукцыя прамысловасці павялічылася больш чым у 3 разы, у т. л. вытворчасць сродкаў вытворчасці — у 3,3, вытворчасць прадметаў ужытку — у 2,6 раза. Гэтыя паказчыкі былі адны з самых высокіх у СССР. Разам з тым існуючы гасп. механізм з дырэктыўнымі метадамі кіравання, цэнтралізаваным планаваннем і размеркаваннем прадукцыі, жорсткай рэгламентацыяй дзейнасці прадпрыемстваў ператварыўся ў тормаз на шляху развіцця прадукцыйных сіл, перашкаджаў укараненню дасягненняў навук.-тэхн. рэвалюцыі ў вытворчасць. Тэрмін асваення і выпуску новай прадукцыі расцягваўся на дзесяцігоддзі, распрацоўкі бел. інжынераў і навукоўцаў хутчэй укаранялі за мяжой, чым у нашай краіне. У выніку тэмпы росту прадукцыі прамысловасці Беларусі знізіліся з 10,4% у 9-й пяцігодцы да 5,4% у 11-й, прадукцыйнасці працы — адпаведна з 7,4 да 5,3%.
У 1991—95 ва ўмовах крызісных з’яў у эканоміцы на 40,9% скараціўся аб’ём выпуску прамысл. прадукцыі, а з улікам нерэалізаваных таварных запасаў і неаплачанай прадукцыі ён скараціўся амаль удвая. На рэзкае абвастрэнне праблемы збыту прадукцыі негатыўна ўплывалі падаражанне матэрыяльных рэсурсаў, неплацяжы, нізкая канкурэнтаздольнасць прадукцыі ў выніку скарачэння інвестыцый у навуку, новыя тэхналогіі, страты традыц. рынкаў збыту.
У 2003 21,8% прамысл. прадукцыі прыпадала на долю машынабудавання і металаапрацоўкі, 17,2% — харч. прамысловасці, 12,1% — хім. і нафтахім., 7,3% — электраэнергетыкі, 6,3% — лёгкай, 5,4% — лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Рэфармаванне эканомікі, у т. л. прамысловасці Беларусі, выклікала яе адноснае ажыўленне. У 2000 перасягнуты паказчыкі дакрызіснага 1990 па аб’ёме вытворчасці прамысловасці. Каля 70% неабходных бел. прамысловасці паліва, сыравіны і матэрыялаў паступае з краін СНД і больш за 40% прамысл. прадукцыі рэалізуецца на рынках 17 краін. Высокай застаецца колькасць стратных прадпрыемстваў — на 1.1.2003 іх доля складала 32,9%. З-за недахопу інвестыцый крытычнага ўзроўню дасягнула фіз. і маральная ўстарэласць актыўнай часткі асн. вытворчых фондаў (70—80%). У цэлым па краіне на 1.1.2003 узровень запасаў гатовай прадукцыі складаў 67% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў параўнанні з 63,8% на 1.1.2002. Найб. ўдзельная вага запасаў гатовай прадукцыі прыпадала на прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (43,9%), хім. і нафтахім. (13,4%), лёгкай (12,9), харчовай (12,7%) прамысловасці. Найб. ўдзельная вага стратных прадпрыемстваў у лёгкай (47,9%), буд. матэрыялаў (45,5%) і харч. (38,2%) прамысловасці. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, работ і паслуг прамысл. прадпрыемстваў склала ў 2003 12,0% (гл.табл. 1) супраць 15,8% у 2000. Аб’ём прамысловай прадукцыі склаў 32 382 млн.руб., у т. л. вытворчасць спажывецкіх тавараў — 10 316 млн.руб. Прыбытак ад рэалізаванай прадукцыі ў параўнанні з 2002 павялічыўся больш чым напалову і склаў 2 834 млн.руб. (гл.табл. 1). Колькасць вырабленай прамысловымі прадпрыемствамі прадукцыі ў 2003 павялічылася на 107%, спажывецкіх тавараў на 107,8% (гл.табл. 2).
Для пераводу прамысл. комплексу Беларусі на сусв. ўзровень эфектыўнасці вытворчасці і якасці прадукцыі патрабуецца кардынальная мадэрнізацыя вытв. фондаў на аснове найноўшых дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу. Перспектывы далейшага развіцця прамысловасці звязаны з рэалізацыяй мерапрыемстваў Канцэпцыі і Праграмы развіцця прамысл. комплексу Беларусі на 1998—2015. Яны накіраваны на ажыццяўленне карэннай рэканструкцыі вытворчасці, замену і мадэрнізацыю асн. абсталявання, павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі на знешнім і ўнутр. рынках, зніжэнне выдаткаў вытворчасці і павышэнне рэнтабельнасці на базе ўкаранення новых высокаэфектыўных відаў абсталявання і тэхналогій.
Літ.:
Болбас М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1981 гг.). Мн., 1966;
Яго ж. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;
Никитенко П.Г. Интенсификация производства и фондоемкость продукции. Мн., 1981;
Шыбека З.В. Гарады Беларуси (60-я гады XIX — пач. XX ст.). Мн., 1997;
Проблемы развития промышленного комплекса Республики Беларусь. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX ст.Мн., 2001;
Проблемы развития национальной экономики Беларуси (теоретические и практические аспекты). Мн., 2002;
Производство промышленной продукции в натуральном выражении по Республике Беларусь (по данным годовых разработок). Мн., 2003;
Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.
А.М.Сасім.
Беларускі металургічны камбінат. Электрасталеліцейны цэх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНАНСЫ І КРЭДЫТ
Фінансава-крэдытная сістэма Беларусі ўключае: дзярж. бюджэт, які складаецца з рэспубліканскага і мясц. бюджэтаў; банкаўскую сістэму; фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, сістэмы сац. страхавання, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый і грамадзян. Паводле Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палітыка. Кіраўніцтва адпаведнымі звёнамі фінансава-крэдытнай сістэмы ў Беларусі ажыццяўляюць Мін-ва фінансаў і Нац. банк.
Гісторыя фінансава-крэдытнай сістэмы. Асобныя элементы гэтай сістэмы (дзярж. бюджэт, крэдыт, падатковая сістэма) паступова фарміраваліся на тэр. Беларусі з часоў сярэдневякоўя. З 1492 у ВКЛ існаваў адзіны эмісійны цэнтр дзяржавы — Віленскі манетны двор і пачала складвацца адзіная грашовая сістэма. У 1580 утворана адзіная манетная сістэма Рэчы Паспалітай, у склад якой з 1569 уваходзіла ВКЛ. У ролі крэдытораў, паслугамі якіх карысталіся купцы і інш. прадпрымальнікі, у ВКЛ звычайна выступалі іх больш багатыя кампаньёны, феадалы, ліхвяры. У 2-й пал. 18 ст. ў Рэчы Паспалітай функцыянавалі і банкірскія канторы.
Фінансава-крэдытная сістэма, характэрная для капіталіст. рыначнай эканомікі, на Беларусі пачала складвацца ў 2-й пал. 19 ст. Яна з’яўлялася часткай агульнарасійскай, але мела свае асаблівасці. Тут стрымлівалася развіццё мясц. бюджэтаў, былі абмежаваны дзярж. і мясц. расходы на сац. патрэбы насельніцтва і эканам. мерапрыемствы. Акцыянерныя банкі ігнаравалі мясц. інтарэсы і ажыццяўлялі толькі найб. прыбытковыя для іх крэдытныя аперацыі. Бюджэтная сістэма Беларусі пач. 20 ст. складалася з даходаў і расходаў дзярж. бюджэту Расіі, якія ўлічваліся па губернях, з губернскіх (земскіх), павятовых, гарадскіх і грамадскіх (валасных і сельскіх) бюджэтаў. Асноўнымі даходамі дзярж. бюджэту былі ўскосныя падаткі, пошліны і паступленні ад віннай манаполіі. Даходы мясц. бюджэтаў фарміраваліся пераважна з падаткаў на нерухомую маёмасць, у т. л. на зямлю. На Беларусі даходы дзярж. бюджэту значна перавышалі расходы (на 58% у 1913). Амаль 74% бюджэтных сродкаў ішло на ўтрыманне органаў кіравання і духоўнага ведамства. На непасрэдныя патрэбы насельніцтва выдаткоўваліся нязначныя сумы, расходы на ахову здароўя і сац. забеспячэнне працоўных зусім не прадугледжваліся. Выдаткі на асвету ішлі пераважна на ўтрыманне гімназій і царкоўнапрыходскіх школ. Губернскія (земскія) бюджэты больш як 50% сродкаў накіроўвалі на асвету і ахову здароўя, але магчымасці іх былі нязначныя. Значнае месца ў фінансава-крэдытнай сістэме займала маёмаснае страхаванне, якое ажыццяўлялі агульнарасійскія акц. страхавыя т-вы («Расія», «Саламандра», «Надзея» і інш.) і мясц. гарадскія т-вы ўзаемнага страхавання. Абавязковым было страхаванне сял. забудоў. Крэдытаванне на Беларусі ажыццяўлялі: філіялы агульнарасійскіх і рэгіянальных акцыянерных камерцыйных банкаў (Руска-Азіяцкага, Азоўска-Данскога, Аб’яднанага, Маскоўскага, Віленскага, Беластоцкага, Руска-Французскага); мясц. гарадскія грамадскія банкі і таварыствы ўзаемнага крэдыту, установы дробнага крэдыту кааператыўнага тыпу (больш як 500 тыс. членаў); банкірскія дамы і канторы.
У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 фінансава-крэдытная сістэма Расіі была цалкам адзяржаўлена: нацыяналізаваны прыватныя банкі і акцыянерныя капіталы, банкаўская і страхавая справы абвешчаны дзярж. манаполіяй. Адначасова савецкая дзяржава вызваліла сялян ад выплаты даўгоў за купленую зямлю, увяла дзярж.сац. забеспячэнне, бясплатныя адукацыю і мед. абслугоўванне. Фінансава-крэдытная сістэма БССР была састаўной часткай адзінай сістэмы СССР. Яе дзярж. бюджэт і бюджэт мясц. Саветаў вылучаліся ў самаст. звяно адзінай бюджэтнай сістэмы краіны. З 1923—25 у Мінску пачалі дзейнічаць Бел.рэсп. кантора Дзяржбанка СССР, філіялы саюзных банкаў (Прамысловага, Кааператыўнага) і мясц. крэдытныя ўстановы: Гомельскі рабочы банк, т-вы с.-г. крэдыту, Бел.с.-г. банк, Бел. камунальны банк і інш.Нар. камісарыят фінансаў БССР меў статус саюзна-рэсп. органа. Грашовай адзінкай з’яўляўся рубель СССР, эмісію якога ажыццяўляў Дзярж. банк СССР у Маскве. На ўсіх этапах сав. дзяржава фінансавала развіццё эканомікі, сац. сферы і культуры Беларусі, выкарыстоўваючы магчымасці рэсп. і саюзнага бюджэтаў, крэдытных устаноў. Асабліва вял. дапамогу з саюзнага бюджэту Беларусь атрымала на аднаўленне сваёй гаспадаркі пасля вызвалення ад ням.-фаш. акупацыі: толькі ў 1943—45 больш за 122,7 млн.руб. У 1957 ліквідаваны Гандлёвы банк, у 1959 — Прамбанк, Цэкамбанк і іх філіялы, Белкамунбанк, а іх функцыі размеркаваны паміж Дзяржбанкам СССР (Рэсп. кантора ў Мінску) і нанава арганізаваным Будбанкам, філіялы якога адкрыты ў БССР. У 1958 бел. органы маёмаснага страхавання перададзены Мін-ву фінансаў БССР, арганізавана Гал. ўпраўленне дзярж. страхавання БССР. Заканадаўства 1950 — пач. 1970-х г. значна пашырыла бюджэтныя правы рэспублікі і мясц. Саветаў.
Крызіс адм.-каманднай эканомікі СССР у 1980 — пач. 1990-х г. прывёў да дэзінтэграцыі фінансава-крэдытнай сістэмы краіны. Рэзка ўпала пакупніцкая здольнасць савецкага рубля, які пасля распаду СССР яшчэ нейкі час выконваў функцыю грошай у былых саюзных рэспубліках, у т. л. ў Беларусі, дзе ўжо пачалося фарміраванне ўласнай фінансава-крэдытнай сістэмы.
Дзяржаўны бюджэт. Фарміраванне самаст.дзярж. бюджэту Рэспублікі Беларусь пачалося ў 1991—92. Сучасны яе бюджэт уключае рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты, якія ўтвараюць кансалідаваны бюджэт краіны і складаюць яе бюджэтную сістэму. Бюджэтная сістэма грунтуецца на прынцыпах адзінства, паўнаты, рэальнасці, самастойнасці і публічнасці бюджэтаў, забяспечвае эканам. і сац. развіццё рэспублікі і яе адм.-тэр. адзінак. Даходы бюджэту кожнай адм.-тэр. адзінкі фарміруюцца за кошт падаткаў і інш. абавязковых плацяжоў (гл. табліцу 1) у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
У даходах бюджэту 2003 больш за 30% складалі ўскосныя падаткі (на дабаўленую вартасць і акцызы), 19% — прамыя падаткі (на прыбытак, на даходы, падаходны); каля 18% даходнай часткі бюджэту фарміраваліся за кошт даходаў мэтавых бюджэтных фондаў. Аб’ём фінансавання сац.-культ. устаноў і мерапрыемстваў па сац. абароне насельніцтва ў 2003 складаў больш за 38% усіх расходаў кансалідаванага бюджэту. На галіны эканомікі расходавалася каля 15% бюджэту, а таксама сродкі мэтавых галіновых бюджэтных фондаў; расходы на нац. абарону, дзярж. кіраванне і мясц. самакіраванне — 3%. І ў даходнай, і ў расходнай частках бюджэту значнае месца займаюць мэтавыя бюджэтныя фонды (гл.табл. 2).
Падатковая сістэма, уведзеная ў Рэспубліцы Беларусь у пач. 1992, будавалася з улікам найб. прымальных замежных мадэлей падаткаабкладання. Яе аснову склалі Закон «Аб падатках і зборах, што спаганяюцца ў бюджэт Рэспублікі Беларусь» і спец. акты падатковага заканадаўства, што вызначалі канкрэтныя аб’екты абкладання, парадак выплаты, стаўкі і льготы. Першапачатковая падатковая сістэма ўключала 15 асн. падаткаў. Акрамя таго, юрыдычныя асобы плацілі 8 відаў адлічэнняў у розныя пазабюджэтныя фонды, доля якіх у агульнай падатковай нагрузцы складала больш за 1/3. Пазней падатковая сістэма неаднаразова карэкціравалася, змяняліся яе структура, узровень, памяншаліся ўзровень і запазычанасць плацельшчыкаў перад бюджэтам (гл.табл. 3).
Падаткі і інш. абавязковыя плацяжы ў Рэспубліцы Беларусь у залежнасці ад іх функцый і крыніц аплаты падзяляюцца на 3 буйныя групы:
Падаткі і адлічэнні з выручкі ад рэалізацыі прадукцыі (работ, паслуг): мясц. падаткі і зборы; падатак на дабаўленую вартасць; падатак з продажу аўтамабільнага паліва; адлічэнні ў рэсп. фонд падтрымкі вытворцаў с.-г. прадукцыі і харчавання, падтрымкі аграрнай навукі; падатак з карыстальнікаў аўтадарог у дарожны фонд; мэтавыя зборы ў мясц. мэтавыя бюджэтныя жыллёва-інвестыцыйныя фонды і на фінансаванне расходаў, звязаных з утрыманнем і рамонтам жыллёвага фонду; акцызы.
Падаткі, што ўключаюцца суб’ектамі прадпрымальніцтва ў сабекошт прадукцыі (работ, паслуг) і ўлічваюцца пры падаткаабкладанні: надзвычайны падатак і абавязковыя адлічэнні ў дзярж. фонд садзейнічання занятасці, якія плацяцца адзіным плацяжом з фонду заработнай платы; зямельны падатак; экалагічны падатак; плата за праезд па аўтадарозе Брэст—Мінск — граніца Рас. Федэрацыі; плата за праезд па аўтадарогах агульнага карыстання цяжкавагавых і буйнагабарытных трансп. сродкаў; плата за размяшчэнне адходаў вытворчасці і спажывання ў навакольным асяроддзі; плата за драўніну, якая адпускаецца на корані і інш.
Падаткі з прыбытку: на нерухомасць; на даходы і прыбытак, у т. л.: на прыбытак; на дывідэнды і прыраўнаваныя да іх даходы; на даходы з фізічных асоб; на даходы замежных юрыд. асоб, якія не дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь праз пастаяннае прадстаўніцтва; на даходы, атрыманыя ў асобных сферах дзейнасці (на ігральны бізнес, на даходы ад латэрэйнай дзейнасці і інш.); падаткі і зборы, якія плацяцца за кошт прыбытку, што застаецца ў распараджэнні плацельшчыкаў (на набыццё аўтатрансп. сродкаў, афшорны збор, мясц. падаткі і зборы, на рэкламу і інш.; адзіны падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання для суб’ектаў малога прадпрымальніцтва, адзіны падатак для вытворцаў с.-г. прадукцыі і інш.
Банкаўская сістэма ў адпаведнасці з Банкаўскім кодэксам (2001) выступае састаўной часткай фінансава-крэдытнай сістэмы, уключае ў сябе Нац. банк і інш. банкі. Сучасная банкаўская сістэма пачала стварацца ў 1990 на аснове законаў Вярх. Савета БССР «Аб Нацыянальным банку Беларускай ССР» і «Аб банках і банкаўскай дзейнасці ў Беларускай ССР». На базе былой бел.рэсп. канторы Дзяржбанка СССР быў заснаваны незалежны Нац. банк Рэспублікі Беларусь. Банкі 2-га ўзроўню ствараліся шляхам прыватызацыі былых дзярж. спецыялізаваных банкаў і арганізацый новых банкаў праз прыцягненне фінансавых рэсурсаў прадпрыемстваў, арганізацый, ведамстваў, прыватных фірм і гандлёва-пасрэдніцкіх груп.
Асноўныя мэты дзейнасці Нац. банка Рэспублікі Беларусь: абарона і забеспячэнне ўстойлівасці бел. рубля, у т. л. яго пакупной здольнасці і курсу ў адносінах да замежных валют; развіццё і ўмацаванне банкаўскай сістэмы рэспублікі і забеспячэнне эфектыўнага, надзейнага і бяспечнага функцыянавання плацежнай сістэмы. Нац. банк здзяйсняе эмісію грошай, штогод сумесна з урадам распрацоўвае і праводзіць грашова-крэдытную палітыку, рэгулюе дзейнасць камерцыйных банкаў і выконвае іншыя функцыі, вызначаныя Банкаўскім кодэксам.
2-і ўзровень банкаўскай сістэмы Беларусі складаюць камерцыйныя банкі. На 1.2.2004 у нармальным рэжыме функцыянавала 30 банкаў з 473 філіяламі. З іх 25 банкаў з удзелам замежнага капіталу, у т. л. 6 банкаў са 100-працэнтным замежным капіталам. Валавыя актывы банкаўскай сістэмы Беларусі ў адносінах да валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на 1.2.2004 склалі 45,8%, у т. л. чыстыя актывы 28% да ВУП. Крэдыты рэальнаму сектару эканомікі ў адносінах да ВУП склалі 12,2%, а капітал банкаўскай сістэмы — 5,6% да ВУП.
Найважнейшымі кірункамі далейшага развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі з’яўляюцца пашырэнне рэсурснай базы, павышэнне капіталізацыі банкаў, паляпшэнне якасці паслуг і пашырэнне аперацый, што выконваюцца банкамі.
Грашова-крэдытная палітыка. Пачатак рэалізацыі самастойнай грашова-крэдытнай палітыкі (ГКП) Беларусі звязаны з увядзеннем у 1992 у абарот бел. рубля, які ў першы час абарачаўся паралельна з рублём былога СССР і выкарыстоўваўся толькі ў наяўных разліках. З сак. 1993 ён пачаў каціравацца на валютнай біржы, а ў жн. 1994 бел. рубель абвешчаны адзіным законным плацежным сродкам на тэр. краіны. З 1996 да вер. 2000 эканоміка і банкаўская сістэма Беларусі дзейнічалі ва ўмовах «множнасці валютных курсаў», калі адхіленні рыначных каціровак ад афіц. курсу складалі ад 20—30 да 100—200% і болей (максімальна ў кастр.—ліст. 1998 — каля 250%). У агульнаэканам. плане такая сістэма курсаўтварэння з’яўлялася па сутнасці своеасаблівай формай схаванага субсідзіравання «крытычнага імпарту» (гал. чынам, энерганосьбітаў, збожжа, некаторых сацыяльна значных тавараў). Такая сістэма абумоўлівала значныя скажэнні эканам. інфармацыі. Яна рэалізоўвалася за кошт дадатковага падатку на экспарцёраў, якіх прымушалі абавязкова прадаваць валюту дзяржаве па заніжаным афіц. курсе; была элементам падтрымання неэфектыўных вытворцаў, суправаджалася вельмі мяккай ГКП.
У 2000 памеры крэдытнай эмісіі Нац. банка былі значна абмежаваны — яна накіроўвалася выключна на крэдытаванне дэфіцыту дзярж. бюджэту. Гэта дазволіла, пачынаючы з крас. 2000, істотна знізіць тэмпы дэвальвацыі рыначных каціровак рубля (з 205% у сярэднім за месяц да 0,5—1,5%), а ў маі пачаць паскораную карэкціроўку яго афіц. курсу. 14.9.2000 здзейснены пераход да адзінага валютнага курсу. Ліквідацыя сістэмы множных валютных курсаў і пашырэнне сферы выкарыстання бел. рубля ў знешнім гандлі сфарміравалі ўмовы для знешнеэканам. дзейнасці бел. прадпрыемстваў. Важнае значэнне мела лібералізацыя валютнага рынку, зняцце мноства абмежаванняў на наяўным і на безнаяўным сегментах, у т. л. ў адносінах нерэзідэнтаў. У кастр. 2001 Беларусь далучылася да арт. XIII Статута Міжнар. валютнага фонду, у якім сфармуляваны крытэрыі канверсоўнасці нац. грашовай адзінкі па бягучых аперацыях.
У наступныя гады працягвалася манетарная палітыка, накіраваная на паглыбленне фінансава-эканам. стабільнасці, падтрыманне павольных і прадказальных тэмпаў дэвальвацыі бел. рубля. Паводле «Канцэпцыі развіцця банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь на 2001—10 гады» зніжэнне курсу бел. рубля да 2005 павінна быць даведзена да ўзроўню 5% за год, што адпавядае міжнар. стандартам.
Страхаванне. Страхавая дзейнасць на Беларусі рэгулюецца Законам «Аб страхаванні» ад 3.6.1993, Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і «Палажэннем аб страхавой дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь». Для правядзення дзярж. палітыкі ў сферы страхавання пры Мін-ве фінансаў створаны Савет па страхаванні.
У 2004 на Беларусі дзейнічалі 6 абавязковых відаў страхавання і каля 30 добраахвотных, якія па галінах страхавання падзяляюцца на асабістае (жыцця і ад няшчасных выпадкаў), маёмаснае (фізічных асоб і юрыд. асоб), страхаванне адказнасці. Да абавязковай формы страхавання адносяцца: асабістае страхаванне ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафзахворванняў (з 1.1.2004); мед. страхаванне замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца на Беларусі (з 1.10.2004); абавязковае страхаванне ад няшчасных выпадкаў асобных катэгорый дзярж. служачых; страхаванне будынкаў грамадзян (з 1.1.1998); страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў трансп. сродкаў (з 1.7.1999); страхаванне грамадзянскай адказнасці перавозчыка перад пасажырамі (з 1.4.2002). Добраахвотнымі відамі страхавання з’яўляецца страхаванне: жыцця; дадатковых пенсій; ад няшчасных выпадкаў, што не падлягаюць абавязковаму страхаванню; добраахвотнае страхаванне будынкаў грамадзян; хатняй маёмасці грамадзян; аўтатранспартных сродкаў; жывёлы грамадзян і інш. маёмасці фізічных асоб; маёмасці юрыд. асоб; авіясуднаў юрыд. асоб; будаўніча-мантажных рызык юрыд. асоб; прадпрымальніцкай рызыкі юрыд. асоб; інш. віды маёмаснага страхавання юрыд. асоб; грамадзянскай адказнасці арганізацый, што ствараюць павышаную небяспеку для наваколля; грамадзянскай адказнасці за нанясенне шкоды ў сувязі з ажыццяўленнем прафес. дзейнасці; грамадзянскай адказнасці перавозчыка і экспедытара; грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў паветр. суднаў; інш. віды страхавання адказнасці.
Страхавы рынак Беларусі пачаў фарміравацца ў 1990, калі была адменена дзярж. манаполія на страхаванне. Да сярэдзіны 1990-х г. у дзярж. рэестры зарэгістравана каля 100 страхоўшчыкаў; у пач. 2004 дзейнічалі 33 страхавыя арганізацыі розных арганізацыйна-прававых форм, у т. л. 3 дзяржаўныя: Белдзяржстрах, Белэксімгрант і даччыная кампанія Белдзяржстраха, якая займаецца страхаваннем жыцця — «Стравіта». Самай буйной страхавой кампаніяй Беларусі з’яўляецца Белдзяржстрах (да 1991 — адзіная страхавая арг-цыя ў рэспубліцы), доля якога ў агульнай страхавой прэміі складае 60%. Страхавыя арг-цыі сканцэнтраваны ў асноўным у Мінску, а ў іншых гарадах маюць структурныя падраздзяленні.
Найб. развітым відам страхавання на Беларусі з’яўляецца абавязковае страхаванне грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў трансп. сродкаў, уведзенае 1.7.1999; з 1.7.2002 Бел. бюро па трансп. страхаванні стала транзітным членам міжнар. сістэмы страхавання аўтаграмадзянскай адказнасці «Зялёная карта» (44 краіны-члены).
Заканадаўства краіны забараняе продаж полісаў замежных страхавых кампаній у Рэспубліцы Беларусь. Страхавая дзейнасць замежных кампаній дазваляецца толькі ў сумесных прадпрыемствах з бел. кампаніямі. Максімальная доля замежнага капіталу абмяжоўваецца 49% укладу ва ўстаўны фонд. На бел. страхавым рынку працуе 10 кампаній з удзелам замежнага капіталу. Партнёрамі з’яўляюцца рэзідэнты Германіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі, Аўстрыі, Бельгіі і інш.
Штогадовы збор страхавых прэмій усімі страхоўшчыкамі Рэспублікі Беларусь да 2000 складаў у эквіваленце 50 млн. долараў ЗША. З 2000 памер паступленняў страхавых прэмій штогод нарастаў і ў 2004 дасягнуў 200,8 млрд. рублёў, ці каля 100 млн. долараў ЗША. Расходы на страхаванне ў Беларусі вельмі нізкія: 0,5—0,7% ад ВУП (у 1990—1,8%).
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в БССР. Мн., 1970;
Шмарловская Г.А. Теория налогов: закономерности формирования и государственного регулирования. Мн., 1996;
Корякина О.А. Финансы в национальной экономике. Мн., 1998;
Совершенствование финансово-кредитного механизма в условиях трансформации экономики Республики Беларусь. Мн., 2000;
Лученок А.И. Актуальные проблемы финансовой политики (респ. и региональный аспекты). Мн., 2002.
Сельская гаспадарка Беларусі — важная галіна нар.-гасп. комплексу. Ад яе стану залежыць харчовая бяспека краіны, яна пастаўляе асн. масу сыравіны для харчовай і часткова для лёгкай прамысловасці. На долю сельскай гаспадаркі ў 2003 прыпадала 11% валавога ўнутр. прадукту, 15,9% асн. фондаў, 15,2% вытв-сці прадукцыі і паслуг; у ёй занята 12,2% працаздольнага насельніцтва. Нягледзячы на крызісныя з’явы ў эканоміцы 1990-х г., многія с.-г. прадпрыемствы апынуліся ў цяжкім становішчы, значна пагоршаным дэпапуляцыяй сельскага насельніцтва і наступствамі Чарнобыльскай катастрофы 1986.
На Беларусі с.-г. дзейнасць узнікла, як мяркуюць, у канцы неаліту (канец 5-га — пач. 4-га тыс. да н.э.). Археолагі выявілі наяўнасць у тыя часы свойскіх жывёл (буйная рагатая жывёла, свінні, авечкі) у бас. рэк Прыпяць і Сож. Паўсюдна на тэр. Беларусі жывёлагадоўля і земляробства ўсталяваліся ў бронзавым веку. У жывёлагадоўлі жал. веку ўжо былі пашыраны буйная і дробная рагатая жывёла, свінні і коні; у земляробстве ўсталявалася падсечна-агнявая(лядная) сістэма. Асноўнымі с.-г. культурамі былі пшаніца і ячмень; вырошчвалі таксама проса, гарох, віку. У канцы 1 тыс.н.э. падсечна-агнявая сістэма замянілася ворыўнай, валоданне зямлёй стала абшчынным, а вядзенне гаспадаркі — індывідуальным. Эвалюцыя сельскай гаспадаркі ішла шляхам дыферэнцыяцыі ўладальнікаў зямлі, ростам прыватнай уласнасці, фарміраваннем сацыяльна-эканам. шматукладнасці гаспадаркі, што спрыяла паступоваму пераходу да феадалізму. У 13—14 ст. сфарміраваліся асн. віды феадальнага землеўладання (княжацкае, баярскае, царкоўнае), іх формы (вотчыны, маёнткі) і адпаведныя ім формы феадальнай залежнасці сялян. Земляробства было асн. заняткам амаль 90% сялянства. З гэтай галіною цесна звязана і жывёлагадоўля, якая мела мясны і мяса-малочны кірункі, давала харч. прадукты, сыравіну, угнаенні, пастаўляла цяглавую сілу. Вырошчвалі жыта, авёс, пшаніцу, ячмень, грэчку, проса, гарох, сачавіцу, лён-даўгунец, каноплі. Ураджайнасць збожжавых культур была нізкая: 4—5 ц/га. Неад’емнай часткай сельскай гаспадаркі заставаліся разнастайныя промыслы: бортніцтва, паляванне, рыбалоўства, рамёствы.
У канцы 15 ст. пачаўся ўздым сельскай гаспадаркі Беларусі, узнікалі фальваркі, арыентаваныя на вытв-сць таварнай прадукцыі, пашырыліся жалезныя с.-г. прылады, што значна павысіла прадукцыйнасць земляробчай працы. У канцы 16 — пач. 17 ст. праведзена першая аграрная рэформа, якая ўдасканаліла сістэмы землекарыстання і феадальных павіннасцей у выглядзе валочнай памеры. У зах. і цэнтр. частках Беларусі сялянская гаспадарка стала індывідуальнай: абшчыннае землекарыстанне замянілася падворным. Рэформы ў сельскай гаспадарцы Беларусі стымуляваліся значным попытам на збожжа і інш.с.-г. прадукцыю ў краінах Еўропы, ростам колькасці насельніцтва ў бел. гарадах, узнікненнем станоўчай рыначнай кан’юнктуры.
2-я пал. 17 — І-я пал. 18 ст. з прычыны частых войнаў і іх наступстваў (разбурэнне гаспадаркі, скарачэнне колькасці насельніцтва) характарызавалася заняпадам сельскай гаспадаркі Беларусі. У выніку значна скараціліся аб’ёмы вытв-сці і плошчы апрацоўваемых зямель, асабліва ў дзярж. уладаннях. Паменшылася плошча сярэдняга сялянскага надзелу (часам да 1/6) Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) новаўтвораныя бел. губерні ўцягнуты ў яе гасп. сістэму, на іх тэрыторыях запанавала буйнапамеснае дваранскае землеўладанне. Пашырэнне рынкаў збыту с.-г. прадукцыі стымулявала рост яе вытв-сці Павялічылася ўдзельная вага тэхн. культур (лён-даўгунец, каноплі), бульбы; вызначыліся раёны пэўнай спецыялізацыі сельскай гаспадаркі. Аднак адсталыя аграрныя адносіны, заснаваныя на прыгонніцтве, не маглі падтрымліваць высокія тэмпы развіцця с.-г. вытв-сці, і ўжо ў сярэдзіне 19 ст. адбылося зніжэнне ўраджайнасці с.-г. культур і пагалоўя жывёлы, заняпад маёнткаў. Напярэдадні рэформы 1861 памешчыкі валодалі 70% зямлі, на долю сялянскіх гаспадарак прыпадала каля 27%, таварнасць сельскай гаспадаркі забяспечвалася пераважна таннай рабочай сілай. Радыкальная аграрная рэформа 1861 у асноўным дасягнула мэты ў зямельных адносінах і землекарыстанні, хоць недахоп зямлі, нізкая культура земляробства, вял. падаткі не дазвалялі большай частцы сялян весці самаст.гасп. дзейнасць. У першыя паслярэформенныя гады збожжавая гаспадарка была гал. таварнай галіной сельскай гаспадаркі Беларусі. Нізкая ўраджайнасць збожжавых культур, вырошчванне таннага збожжа ў чарназёмнай зоне Расіі і Украіны, а таксама вял. яго ўвоз у Еўропу з ЗША, Канады, Аргенціны і Аўстраліі зрабілі нявыгаднай яго таварную вытв-сць. У выніку асн. галіной на Беларусі стала малочная жывёлагадоўля, арыентаваная на вытв-сць масла і сыроў; важнымі таварнымі галінамі сталі льнаводства і танкарунная авечкагадоўля. Сельская гаспадарка Беларусі, асабліва ў Гродзенскай губ., набывала рысы капіталіст. вытв-сці. За 10 гадоў Сталыпінскай рэформы толькі ў зах. губернях было ўтворана каля 130 тыс. хутароў і водрубаў (12% усіх сялянскіх двароў). Напярэдадні 1-й сусв. вайны Беларусь была аграрнай краінай — каля 75% яе жыхароў былі заняты ў с.-г. вытв-сці, на долю якой прыпадала 57,5% нац. прыбытку. У 1913 сабрана 2,5 млн.т збожжа, 33 тыс.т ільновалакна, 4 млн.т бульбы, атрымана 219,3 тыс.т мяса (у забойнай вазе), 1,4 млн.т малака. У 1911—13 39% таварнай прадукцыі давалі льнаводства і канапляводства, 35% — жывёлагадоўля. Вайна значна пагоршыла стан сельскай гаспадаркі, прывяла да скарачэння пасяўных плошчаў на 15,6%, хатняй жывёлы — на 11,4%, збору жыта і пшаніцы — на 30%.
Рэвалюцыі 1917, грамадз. вайна і інтэрвенцыі не спрыялі аднаўленню вытв-сці. У гэты перыяд завяршыўся эвалюцыйны этап развіцця сельскай гаспадаркі, пачаўся даволі працяглы рэвалюцыйны шлях. Гэта рэвалюцыйнасць была выклікана неабходнасцю разбурэння былых аграрных адносін і пераадольвання значнага адставання ўзроўню вытв-сці с.-г. прадукцыі ад узроўняў еўрап. краін. Асн. прынцыпамі ў развіцці сельскай гаспадаркі сталі прынцыпы т.зв. дзяржаўнага сацыялізму. Эканам. разбурэнне патрабавала ўжо ў першыя гады сав. улады актыўнага дзярж. рэгулявання гаспадаркі, надзвычайных метадаў кіравання. Але «ваенна-камуністычныя» прынцыпы гаспадарання супярэчылі эканам. законам і не спрыялі развіццю сельскай гаспадаркі. Дэкрэт аб зямлі і законы аб яе сацыялізацыі карэнным чынам змянілі землекарыстанне. Ужо ў 1918 пачаўся перавод індывідуальнай сістэмы гаспадарання на калектыўную. У 1920 пасяўныя плошчы складалі 2/3 даваенных, валавы збор збожжа — менш за 1/2, бульбы і льновалакна — 1/3 збораў 1913. Колькасць коней скарацілася да 80%, буйной рагатай жывёлы — да 65,8%, свіней — да 44%. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала каля палавіны даваеннага аб’ёму.
У гэты час Беларусь была падзелена на 2 часткі (заходнюю і ўсходнюю), кожная з якіх развівалася ў розных сац.-эканам. умовах. На тэр.БССР развал сельскай гаспадаркі быў абумоўлены не толькі аб’ектыўнымі фактарамі, выкліканымі войнамі і інтэрвенцыямі, але і тагачаснай эканам. палітыкай «ваеннага камунізму», якая ігнаравала дзеянне эканам. законаў, пры ёй панаваў ваенна-адм. ціск на сялянства, харчразвёрстка, адсутнічалі стымулы да вытв. працы ў сялян.
З пераходам да новай эканам. палітыкі (нэп) пачалі выкарыстоўвацца эканам. стымулы, умацавалася сялянская індывідуальная гаспадарка. Спробы рэфармавання сельскай гаспадаркі ў сярэдзіне 1920-х г. былі скіраваны на развіццё серадняцкіх гаспадарак, на дасягненне рыначных адносін паміж горадам і вёскай. У землекарыстанні існавалі такія формы, як пасёлкі і хутары; калектыўныя гаспадаркі ў 1927 аб’ядноўвалі менш за 1% сялянскіх гаспадарак. Практыкавалася арэнда зямлі і праца па найме Ужо да 1925 адноўлены даваенныя памеры пасяўной плошчы, ураджайнасць і, адпаведна, валавыя зборы с.-г. культур Аднак у канцы 1920-х г. рост аграрнай вытв-сці запаволіўся. Спробы яго павелічэння бачыліся ў згортванні нэпа і ўзмацненні камандна-адм. сістэмы кіравання. У 1929 пачаўся карэнны пералом у жыцці вёскі праз калектывізацыю, якая суправаджалася раскулачваннем, рэпрэсіямі супраць сялянства, асабліва заможнага. Ужо ў 1935 у калгасах знаходзілася 85,6% гаспадарак, абагульнена 92,3% пасяўных плошчаў. Адчужэнне сялянства ад асн. сродкаў вытв-сці і вынікаў працы прывяло да падзення аб’ёмаў вытв-сці с.-г. прадукцыі. Збор збожжа ў 1932 у параўнанні з 1928 паменшыўся на 16,4%, бульбы — на 6,6%, ільновалакна — на 10,9%, пагалоўя буйной рагатай жывёлы — на 28,9%, свіней — на 30,7%, авечак — на 38,9%. Калектывізацыя сельскай гаспадаркі БССР мела і станоўчыя вынікі: узбуйнілася землекарыстанне, што дазволіла ўкараняць механізацыю с.-г. працэсаў, севазвароты, хім. сродкі аховы раслін і інш. Для забеспячэння с.-г. работ стваралася сетка машынна-трактарных станцый (МТС). З’явіліся н.-д. ўстановы, значна палепшылася якасць насення, жывёлы і інш.
Эканоміка Зах. Беларусі мела аграрны характар: 80% насельніцтва было занята ў сельскай гаспадарцы (у Польшчы — 63%). Панавала прыватная ўласнасць на зямлю, існавалі буйныя памешчыцкія латыфундыі. Аграрныя рэформы 1920—30-х г. былі скіраваны на развіццё капіталізму. Частка памешчыцкіх і дзярж. зямель падлягала парцэляцыі (продажу дробным уласнікам) і камасацыі (хутарызацыі). Ліквідацыя сервітутаў (права сялян сумесна карыстацца пашай і лясамі) падарвала малочную жывёлагадоўлю. Камасацыя нагадвала рас. Сталыпінскую зямельную рэформу, але ў адрозненне ад яе ўсе выдаткі па выхадзе на хутары неслі сяляне. Да 1939 у Зах. Беларусі на хутары расселена каля 70% сялянскіх гаспадарак.
У пач.Вял.Айч. вайны акупацыйныя ўлады захавалі калгасную сістэму, у 1942 калгасы пераўтварылі ў абшчыны, а з 1943 праводзілі надзяленне сялян зямлёй. Асн. мэта аграрнай палітыкі акупантаў была накіравана на рабаванне харч. рэсурсаў Беларусі, што выклікала актыўнае процідзеянне насельніцтва. З утварэннем партыз. зон аднаўлялася вытв-сць у калгасах і саўгасах. У гады вайны сельская гаспадарка Беларусі панесла вял. страты: разбурана 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС; пасяўныя плошчы скараціліся на 40%, пагалоўе буйной рагатай жывёлы — на 49%, коней — на 61%, свіней — на 89%, авечак і коз — на 78%, амаль поўнасцю разбурана матэрыяльна-тэхн. база сельскай гаспадаркі.
У пасляваенны перыяд прыняты шэраг мер па матэрыяльным стымуляванні, удасканаленні планавання і арганізацыі с.-г. вытв-сці, перавод яе на інтэнсіўны шлях развіцця; праведзена калектывізацыя і ў зах. частцы Беларусі. У 1954 дасягнуты даваенны ўзровень пасяўных плошчаў і аб’ёмаў жывёлагадоўчай прадукцыі, з 1950 па 1955 падвоілася колькасць трактароў (21,2 тыс.шт.).
За 1956—65 матэрыяльная база сельскай гаспадаркі ўмацавалася. У 1958 МТС рэарганізаваны, а іх тэхніка перададзена калгасам. У 1960 валавы збор збожжа перавысіў узровень 1953 на 36 %, вытв-сць мяса і малака — на 70%, яец — на 50%. У 1965 у рамках эканам. рэформы зроблена спроба паскарэння развіцця сельскай гаспадаркі, выхаду яе на інтэнсіўны шлях. У якасці першачарговых мер прадугледжвалася змена сістэмы нарыхтовак с.-г. прадукцыі, умацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, пашырэнне гасп. самастойнасці калгасаў і саўгасаў Аднак па-ранейшаму захоўваліся адм.-камандныя метады кіравання, умяшанне ў дзейнасць с.-г. прадпрыемстваў. У 1965 пасяўныя плошчы дасягнулі 6 млн.га, ураджайнасць збожжавых культур у параўнанні з 1950 вырасла з 7,9 ц/га да 11,5 ц/га, бульбы — з 109 ц/га да 121 ц/га, агародніны — з 116 ц/га да 172 ц/гаВытв-сць мяса павялічылася ў 2,1 раза, малака — у 2,5 раза, яец — у 1,9 раза. Раслі інтэнсіфікацыя с.-г. вытв-сці, валавая прадукцыя, грашовыя даходы і аплата працадня. Паглыбілася спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі ў агульнасаюзным падзеле працы. У 1965 на яе долю прыпадала 13,8% агульнасаюзнай вытв-сці бульбы, 23,8% ільновалакна, 5,7% малака, 5,1% мяса. Сельская гаспадарка перайшла на інтэнсіўны шлях развіцця; стала ажыццяўляцца маштабная меліярацыя балот і пераўвільготненых зямель.
У 1970-я — 1-й пал. 1980-х г. у выніку спецыялізацыі і канцэнтрацыі на аснове міжгасп. кааперацыі і аграпрамысловай інтэграцыі адбыўся рост с.-г. вытв-сці, але з-за экстэнсіўных метадаў кіравання ён быў недастатковым. Тэмпы прыросту раслінаводства і жывёлагадоўлі не забяспечвалі патрэбы насельніцтва ў прадуктах, абвастрылася харч. праблема.
Спробы радыкальных пераўтварэнняў сельскай гаспадаркі ў 2-й пал. 1980-х г. не далі станоўчых вынікаў. Звышцэнтралізаванае кіраванне і манапалізм у вытв-сці не спрыялі развіццю вытв. сіл. Пагоршылася дэмаграфічная сітуацыя ў сельскай мясцовасці (перавага людзей пенсіённага ўзросту, адмоўны прырост насельніцтва, адток працаздольных у гарады і інш.). Агульны паліт. і эканам. крызіс, Чарнобыльская катастрофа абвастрылі супярэчнасці ў сельскай гаспадарцы.
З набыццём Рэспублікай Беларусь незалежнасці парушэнне адзінай эканам. прасторы, разрыў былых эканам. сувязей адмоўна паўплывалі на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі і аб’ёмы вытв-сці с.-г. прадукцыі.
Часткова стабілізаваць становішча ў сельскай гаспадарцы краіны дазволілі рэалізацыя Праграмы неадкладных мер па выхадзе эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу і Асноўных напрамкаў сацыяльна-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь. У апошнія гады аграпрамысловы комплекс Беларусі стабільна забяспечвае харч. бяспеку і нарошчвае экспарт с.-г. прадукцыі. Шэраг гаспадарак па сваіх эканам. паказчыках выйшаў на агульнаеўрап. ўзровень. Але ў цэлым аграрны комплекс Беларусі не адпавядае гэтаму ўзроўню, у т. л. і з-за розніцы ў прыродных умовах. У адрозненне ад большасці еўрап. краін Беларусь знаходзіцца ў зоне рызыкоўнага земляробства. Паводле ацэнак Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО) біякліматычны патэнцыял Беларусі ацэньваецца ў 100—121 бал (у Германіі 125—140, Аўстрыі 140—150, Балгарыі 150—170 балаў).
У наш час пры станоўчых тэндэнцыях у вытв-сці с.-г. прадукцыі застаюцца нізкімі прадукцыйнасць раслінаводства і жывёлагадоўлі, захоўваецца высокі узровень выдаткаў на вытв-сць і, як вынік, нездавальняючае становішча ў сельскай гаспадарцы многіх раёнаў краіны. У 2003 колькасць стратных гаспадарак у параўнанні з 1990 павялічылася ў 187 разоў і дасягнула 1,5 тыс. (67,3% агульнай іх колькасці). У выпадку немагчымасці гаспадаркі самастойна выконваць вытв. працэсы праводзіцца яе структурная трансфармацыя: перадача шляхам продажу альбо арэнды маёмасці гаспадаркі камерцыйным структурам або інш. юрыдычным асобам; далучэнне да эканамічна моцнай с.-г. арганізацыі; стварэнне на тэр. бесперспектыўнай гаспадаркі сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак з далейшым іх аб’яднаннем у саюзы (асацыяцыі); перавод на інш. віды дзейнасці, у т. л. нясельскагаспадарчай.
Разбурэнне сістэмы дзярж. датацый сельскай гаспадаркі і рост стратнасці галіны прывялі да рэзкага скарачэння закупак тэхнікі і да дэградацыі матэрыяльна-тэхн. базы (гл.табл. 1). У 2003 на 1 тыс.га ворыва прыпадала 13 трактароў (у 1,5 раза менш, чым у 1995), нагрузка на адзін трактар плошчы ворыва за гэты перыяд вырасла ў 1,5 раза і склала 75 га. Значна вырасла нагрузка і на інш. тэхніку, у т. л. на камбайны ў 1,4 раза. Закупкі новай тэхнікі, больш прадукцыйнай і дасканалай, у значнай ступені паправілі сітуацыю.
Асновай сучаснай сельскай гаспадаркі з’яўляецца энергетыка. За гады існавання калект. гаспадарак быў дасягнуты значны прырост энергетычных магутнасцей у калгасах і саўгасах. Ужо ў 1967 усе калгасы і саўгасы, а таксама ўсе населеныя пункты з колькасцю двароў больш за 10 былі электрыфікаваны. Ажыццяўляецца газіфікацыя сельскай мясцовасці, асабліва ў раёнах, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З 1990 знізіліся энергетычныя магутнасці, у т. л. ў разліку на 100 га пасяўных плошчаў, вырасла энергаўзброенасць аднаго работніка (гл.табл. 2). З-за недахопу грашовых сродкаў і памяншэння колькасці аўтамабіляў, трактароў і камбайнаў адбываецца падзенне аб’ёмаў набытага для асн. дзейнасці гаручага. За 1990—2003 спажыванне бензіну паменшылася ў 6 разоў, дызпаліва ў 2,6. Найб. механізаваныя галіны — збожжавая гаспадарка і жывёлагадоўля, асабліва на буйных жывёлагадоўчых комплексах.
Асноўныя вытворцы с.-г. прадукцыі — калект. гаспадаркі рознага тыпу (акцыянерныя таварыствы, асацыяцыі, кааператывы), сялянскія і фермерскія гаспадаркі. На 1.1.2004 у краіне 2230 с.-г. прадпрыемстваў (у 1985 іх было 2676), 2493 фермерскія гаспадаркі. На долю фермерскіх гаспадарак прыпадае 2% с,г. угоддзяў і 1,2% валавога збору збожжа, 0,6% вытв-сці малака, 0,7% мяса. Значная роля ў вытв-сці с.-г. прадукцыі належыць асабістым дапаможным гаспадаркам. У 2003 яны выраблялі 90,9% бульбы, 85% агародніны, 27% мяса і 35% малака. Аднак гэтыя аб’ёмы ў значнай ступені залежаць ад падтрымкі індывідуальных вытворцаў с.-г. прадпрыемствамі ў апрацоўцы зямлі, забеспячэнні кармамі жывёлы асабістых сялянскіх гаспадарак.
У краіне створаны сельскія пасёлкі з даволі высокім узроўнем інфраструктуры, пабудаваныя паводле генпланаў: Верцялішкі ў Гродзенскім р-не, Сноў у Нясвіжскім, Леніна ў Горацкім, Крупіца ў Мінскім, Сарачы ў Любанскім, Казловічы ў Слуцкім, Малеч у Бярозаўскім р-не і інш.
На Беларусі з даваенных часоў склалася сетка навуч. і навук. устаноў у галіне сельскай гаспадаркі. У сістэме дзейнічаюць НДІ земляробства, глебазнаўства і аграхіміі, бульбаводства, плодаагародніцтва, аховы раслін, жывёлагадоўлі, меліярацыі і лугаводства і інш., комплексныя абласныя с.-г. доследныя станцыі, эксперым. гаспадаркі, Бел.с.-г. акадэмія, галіновыя універсітэты і акадэміі, каледжы і інш.Навук. і кадравае забеспячэнне мае высокі патэнцыял і не страціла сваіх магчымасцей у наш час.
У сувязі з неспрыяльнымі эканам. фактарамі і сац. ўмовамі замацаванне кваліфікаваных кадраў у сельскай мясцовасці невялікае. Толькі 2/3 выпускнікоў ВНУ і 1/2 тэхнікумаў і каледжаў прыбываюць на месца працы. У большасці гаспадарак існуюць вакантныя месцы спецыялістаў розных кірункаў. Недастаткова высокі ўзровень кваліфікацыі кіраўнікоў і спецыялістаў: асобы з вышэйшай адукацыяй сярод іх складаюць толькі 1/3, з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — больш за палавіну.
Табліца 1 Парк сельскагаспадарчай тэхнікі (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак, тыс. штук)
1985
1990
1995
2000
2002
2003
Трактары
116,2
113,4
97,4
72,9
62,4
58,8
Грузавыя аўтамабілі
64,8
74
63,3
42,5
38,7
35,9
Камбайны, у т. л.
збожжаўборачныя
33,9
30,3
22,5
17,1
13,8
13,3
бульбаўборачныя
10,1
8,7
7,2
3,1
2,5
2,2
буракаўборачныя
0,8
1,7
1,5
0,8
0,6
0,8
сіласа- і кормаўборачныя
11
9,3
8,9
7,2
5,7
5,0
ільноўборачныя
4,8
4,7
3,2
1,8
1,4
1,2
Плугі
48,7
42,4
30,8
20,5
17,3
16,5
Сеялкі
38
37,4
27,6
17,6
14,7
13,6
Культыватары
52,9
56,1
38,2
26,1
22
20,8
Касілкі
37,4
29,7
18,7
15,2
12,5
11,8
Жняяркі
6,7
5,4
3
1,6
1,4
1,3
Машыны для ўнясення ўгнаенняў
32,9
32,1
24,9
16,2
13,2
12,2
Табліца 2 Энергетычныя магутнасці (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕСУЭ́ЛА (Venezuela), Рэспубліка Венесуэла (República de Venezuela),
самая паўн. дзяржава ў Паўд. Амерыцы. На Пн абмываецца Карыбскім м. Мяжуе на З з Калумбіяй, на Пд з Бразіліяй, на У з Гаянай. Падзяляецца на 21 штат, 1 тэрыторыю, 1 федэральную (сталічную) акругу, 1 федэральнае ўладанне (72 дробныя астравы ў Карыбскім моры). Пл. 912 тыс.км², нас. 20,1 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Каракас. Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. Венесуэла — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1961. На чале дзяржавы і ўрада прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны Нац. кангрэс у складзе палаты дэпутатаў і сената. Выканаўчы орган — урад.
Прырода. Венесуэла размешчана паміж паўн. ланцугом Андаў і Гвіянскім пласкагор’ем. Берагі на У і З нізінныя, у цэнтр.ч. скалістыя. На ПнЗ высокія хрыбты Андаў: Сьера-дэ-Перыха (да 3540 м), Кардыльера-дэ-Мерыда (г. Балівар, 5007 м), якія абкружаюць тэктанічную ўпадзіну воз. Маракайба. На Пн уздоўж узбярэжжа цягнуцца Карыбскія Анды. Частку краіны паміж Андамі і Гвіянскім пласкагор’ем займае нізіна р. Арынока (Льянас-Арынока). Для Гвіянскага пласкагор’я характэрны выш. 300—500 м, асобныя астраўныя горы і хрыбты (на мяжы з Бразіліяй г. Ла-Небліна — 3014 м, на Уг. Рарайма — 2772 м і інш.), сталовыя масівы. Нетры Венесуэлы багатыя нафтай і прыродным газам, жал. рудой, золатам, баксітамі, алмазамі, ёсць радовішчы вугалю, марганцавых і медных рудаў і інш. Клімат субэкватарыяльны гарачы, на ПдЗ экватарыяльны; дажджлівы сезон у крас. — верасні. Сярэднія месячныя т-ры 25—29 °C, у гарах халадней. Ападкаў 1000—2500 мм за год, ва ўпадзіне воз. Маракайба да 300 мм. Густая рачная сетка. Гал. рака — Арынока: правыя яе прытокі парожыстыя, з вадаспадамі, левыя раўнінныя. Схілы Андаў і Гвіянскага пласкагор’я ўкрыты пераважна лістападнымі лясамі. На крайнім Пд пастаянна вільготныя вечназялёныя лясы. Раўніны Арынока заняты саваннай — «льянас» (травяністыя абшары з невял. купкамі дрэў). Па ўзбярэжжы мангравыя зараснікі.
Насельніцтва. Каля 95% — венесуэльцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання ісп. перасяленцаў з мясц. насельніцтвам — індзейцамі і неграмі-рабамі, прывезенымі з Афрыкі. У 19—20 ст. тут пасяліліся групы эмігрантаў, найб. з Паўд. Еўропы і з суседніх краін. Індзейцаў каля 200 тыс.чал., пераважна ў малаасвоеных раёнах на Пд, З, У. Паводле расавага складу метысаў 67%, белых 21%, чорных 10%, індзейцаў 2%. Большасць вернікаў — католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 22 чал. на 1 км². Каля 80% яго жыве на Пн (ад дэльты р. Арынока да воз. Маракайба) на плошчы, якая займае 20% тэр. краіны. У гарадах жыве 92% насельніцтва (1993). Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Каракас — 1824,9, Маракайба — 1207,5, Валенсія — 903,1, Баркісімета — 602,6, Сьюдад-Гуаяна — 542,7, Барселона — 455,3, Маракай — 354,4, Сьюдад-Балівар — 225,8, Сан-Крыстобаль — 220,7, Кумана — 212,5, Матурын — 207,4, Мерыда — 168,0.
Гісторыя. Тэр. Венесуэлы са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны аравакскай, карыбскай і інш. моўных сем’яў. Пасля адкрыцця Амерыкі ў 1498 Х.Калумбам іспанцы арганізоўвалі экспедыцыі для вывучэння новых зямель. Зямлю ў заліве Маракайба яны назвалі Венесуэлай — «маленькай Венецыяй». Падставай для такой назвы было тое, што свае жытлы індзейцы будавалі на пáлях. У 16 ст. іспанцы заваявалі і каланізавалі ўсю тэр. Венесуэлы. На створаных тут плантацыях цукр. трыснягу, бавоўніку, тытуню працавалі індзейцы і негры-рабы. Бязлітасная эксплуатацыя, імкненне ісп. улад затрымаць развіццё нац. эканомікі і культуры выклікалі незадаволенасць насельніцтва (паўстанні 1749, 1795, антыісп. змова 1797). Нар. паўстанне 1810 у Каракасе дало пачатак вайне за незалежнасць Венесуэлы. (гл.Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У ліп. 1811 нац. кангрэс абвясціў 1-ю Венесуэльскую рэспубліку. Першая канстытуцыя, прынятая 21.12.1811, не прадугледжвала карэнных сац. змен на карысць шырокіх слаёў насельніцтва, таму рэспубліка страціла падтрымку насельніцтва і рэв. армія вымушана была капітуляваць (25.7.1812). Ісп. панаванне ў Венесуэле ліквідавана ў выніку доўгай вызв. вайны (разгром ісп. сіл у чэрв. 1821, канчатковы — у 1823). У 1819 Венесуэла і Новая Гранада ўтварылі рэспубліку Вялікая Калумбія. У 1830 Венесуэла аддзялілася ад яе і стала самаст. рэспублікай (першы прэзідэнт Х.А.Паэс). У перыяд праўлення т.зв. кансерватыўнай алігархіі (1830—48), з якой пазней вылучылася партыя унітарыстаў (буйныя землеўладальнікі, каталіцкае духавенства), аформілася ліберальная партыя, т.зв. федэралісты, падтрыманыя маладой гандл. буржуазіяй і часткай плантатараў-экспарцёраў. Праўленне лібералаў, якія правялі шэраг рэформ (адмена рабства ў 1854, прыняцце ліберальнай канстытуцыі і інш.), выклікала паўстанні кансерватараў. Іх вяртанне да ўлады (1858) стала прычынай грамадз. вайны (1859—63, скончылася перамогай лібералаў) і шматлікіх пераваротаў. У 1864—1953 краіна называлася Злучанымі Штатамі Венесуэлы. Чарговая стабілізацыя ў час праўлення ліберала А.Гусмана Бланка (1870—89) паспрыяла значнаму эканам. і культ. развіццю краіны, пераважна за кошт замежнага капіталу. Адкрыццё ў Венесуэле радовішчаў нафты (1870-я г.) стала прычынай пагранічнага канфлікту ў 1895 з Брыт. Гаянай, у выніку якога да Вялікабрытаніі адышла значная ч. нафтаноснага раёна. Новы канфлікт узнік у 1902 у выніку заблакіравання партоў у Венесуэле Вялікабрытаніяй, Германіяй і Італіяй, якія дамагаліся вяртання доўгу (каля 20 млн.дол.). Пацвярджэнне ў 1904 міжнар. Гаагскім трыбуналам справядлівасці прэтэнзій гэтых трох дзяржаў узмацніла пазіцыі міжнар. капіталу ў Венесуэле. У выніку дзярж. перавароту 1908 усталявалася дыктатура Х.В.Гомеса (1909—35). У гэты перыяд у Венесуэле пачала расці роля амер. капіталу, інвеставанага пераважна ў нафтавую прам-сць.
У снеж. 1941 Венесуэла спыніла дыпламат. адносіны з дзяржавамі фаш. блоку, у лют. 1945 абвясціла вайну Германіі і Японіі. У кастр. 1945 у Венесуэле адбыўся дзярж. пераварот, які ўзначаліла партыя Дэмакр. дзеянне. У 1946 упершыню пасля 1881 адбыліся парламенцкія выбары. Новы ўрад Р.Гальегаса (1947—48) павысіў падаткі на даходы замежных нафтавых кампаній, планаваў інш.прагрэс. мерапрыемствы. Пасля ваен. перавароту 1948 хунтай распушчаны Нац. кангрэс, адменены дэмакр. свабоды, анулявана канстытуцыя. Рэзкае ўзмацненне эканам. і паліт. залежнасці Венесуэлы ад ЗША, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, рэпрэсіі выклікалі масавы пратэст насельніцтва. Пачатая 21.2.1958 у Каракасе ўсеагульная забастоўка перарасла ва ўзбр. паўстанне. Да ўлады прыйшла хунта на чале з В.Ларасабалем, якая аднавіла дэмакр. свабоды, абвясціла амністыю паліт. вязням, легалізавала паліт. партыі. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах (снеж. 1958) перамагла партыя Дэмакр. дзеянне, яе лідэр Р.Бетанкур стаў (лют. 1959) прэзідэнтам. 23.1.1961 прынята новая канстытуцыя, якая дзейнічае і цяпер. Але наступленне ўрада Бетанкура і наступнага прэзідэнта Р.Леоні (1964—69) на дэмакр. сілы падарвала ўплыў партыі Дэмакр. дзеянне. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1968 перамог кандыдат Сацыял-хрысціянскай партыі Р.Кальдэра Радрыгес, які паклаў пачатак правядзенню незалежнай эканам. палітыкі (нацыяналізацыя нафтавай і жалезаруднай прам-сці краіны, праграма сац. рэформ). З 1984 урады краіны зноў фарміравала партыя Дэмакр. дзеянне. У лют. і ліст. 1992 зроблены 2 спробы ваен. перавароту, якія выклікалі востры сац.-паліт. крызіс у краіне. 5.6.1993 Вярх. суд і сенат кангрэса Венесуэлы прынялі рашэнне аб адхіленні ад улады К.А.Перэса, выбранага прэзідэнтам у 1988. Прэзідэнтам краіны на перыяд да лют. 1994 быў выбраны Р.Х.Веласкес. З лют. 1994 прэзідэнтам краіны зноў стаў Кальдэра Радрыгес. Венесуэла — чл.ААН з 1945, чл. Руху недалучэння, Арг-цыі амер. дзяржаў і шэрагу інш.міжнар. арг-цый.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Венесуэле больш за 20 партый, з іх найбуйнейшыя Дэмакр. дзеянне, Сацыял-хрысц. партыя, Рух да сацыялізму і інш. Буйнейшыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя працоўных Венесуэлы, Канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў Венесуэлы, Адзіны цэнтр працоўных Венесуэлы.
Гаспадарка. Венесуэла належыць да найб. развітых краін Лац. Амерыкі. Прам-сць да 35% валавога ўнутр. прадукту (ВУП), сельская гаспадарка — 6%. Працаздольнае насельніцтва занята ў абслуговых галінах (56%), прам-сці (28%), сельскай гаспадарцы (16%). Вядучае месца ў гасп. комплексе належыць нафтаздабыўной і нафтахім. прам-сці. Гэтыя галіны даюць 23% ВУП, 70% даходаў дзяржавы, 82% экспарту. Здабыча (млн.т, 1993): нафты 127,8, жал. руды 16,9, каменнага вугалю 3,9; золата 8033 кг. Здабываюць таксама баксіты, марганцавыя, нікелевыя, свінцова-цынкавыя руды, серабро, алмазы і інш.Асн. раёны здабычы нафты — упадзіна воз. Маракайба і паўн.ч. басейна р. Арынока. Там жа здабыча газу (мае ўнутр. значэнне). Перапрацоўка нафты ў гарадах Маракайба, Кабімас, Амуай, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, Каракас. Асн. цэнтры нафтахіміі — Маракайба, Валенсія, Пуэрта-Кабельё, Барселона; хім. прам-сці — Каракас, Маракайба, Сьюдад-Гуаяна. Выплаўка сталі 2,9 млн.т, алюмінію 600 тыс.т (1991). Металургічныя камбінаты ў Сьюдад-Гуаяне, Маракайба. Вытв-сць аўтамабіляў, трактароў, с.-г. машын, эл. і электроннай апаратуры ў Каракасе і Баркісімета. На р. Карані ГЭС Гуры і Макагуа, на долю якіх прыпадае ⅓ усіх энергет. магутнасцей краіны. Вытв-сць электраэнергіі 58,5 млн.кВт∙гадз (1992). Ёсць прадпрыемствы цэментнай (Маракайба, Баркісімета, Каракас), дрэваапр. (Маракайба, Пуэрта-Кабельё, Маракай), цэлюлозна-папяровай (Валенсія, Каракас, Сьюдад-Гуаяна), тэкст. (Мерыда, Сан-Крыстобаль, Баркісімета, Каракас, Барселона), гарбарна-абутковай (Каракас, Маракайба, Сан-Крыстобаль, Барселона, Валенсія), харч. і харчасмакавай, буд. матэрыялаў і інш. У сельскай гаспадарцы пануе буйное землеўладанне. Каля ¾ с.-г. плошчаў сканцэнтравана ў буйных уладальнікаў (больш за 500 га). С.-г. ўгоддзі займаюць 25% тэр. краіны, у т. л. ворыва 7%, лугі і паша 18%. Сельская гаспадарка не забяспечвае ўнутр. патрэб краіны. Асн. земляробчы раён на Пн і ПнЗ, жывёлагадоўчы — Льянас. Гал. культуры (тыс.т, 1993): кукуруза 700, рыс 645, цукр. трыснёг 6900, сорга 250, бульба 215, какава 382, бананы 1215, памідоры 200, кава, бабовыя, арахіс. Садоўніцтва (у т. л. каля 200 тыс.т апельсінаў штогод). З тэхн. культур вырошчваюць бавоўнік і сізаль. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 14,7, свіней 2,1, коз 1,65, авечак 0,5. Вытв-сць (тыс.т, 1993): ялавічыны 377, свініны 110, мяса птушкі 480. Марское і рачное рыбалоўства. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 77,8 тыс.км, у т. л. 22,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём і 24,7 тыс.км гравійных. Гал. аўтамагістралі: Каракас—Сьюдад-Балівар, Каракас — мяжа з Калумбіяй. Чыгунак 542 км. Суднаходства па р. Арынока і яе прытоках (12 тыс.км). Уздоўж узбярэжжа кабатажныя перавозкі. Больш за 100 марскіх і рачных портаў. Гал. парты па экспарце нафты і нафтапрадуктаў: Маракайба (грузаабарот больш за 70 млн.т штогод), Амуай (40 млн.т), Кабімас, Пуэрта-ла-Крус, Пунта-Кардон, па экспарце жал. руды — Сьюдад-Балівар (рачны порт даступны для марскіх суднаў). Гал. порт краіны па імпарце і экспарце ненафтавых тавараў — Ла-Гуайра (аванпорт Каракаса). Развіты паветр. транспарт (360 аэрапортаў і аэрадромаў). Даўж. нафтаправодаў 6370 км, газаправодаў 4010 км, нафтапрадуктаправодаў 480 км. Экспарт: нафта і нафтапрадукты, жал. руда, пракат, золата, баксіты і алюміній, бананы. Імпарт: харч. тавары, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці, машыны і трансп. сродкі. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, Японія. Беларусь у 1992—93 экспартавала ў Венесуэлу калійныя ўгнаенні, матацыклы, веласіпеды. Грашовая адзінка — балівар.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Венесуэлы ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, абавязковую 9-гадовую школу (7—15 гадоў), агульнаадук. сярэднія і сярэднія спец. школы, ВНУ. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзяць ун-ты (дзярж. і прыватныя), ін-ты і каледжы вышэйшага тыпу. Буйнейшыя ун-ты: Цэнтральны ун-т (з 1725) і каталіцкі ун-т «Андрэс Бельё» ў Каракасе, Андскі ун-т у Мерыдзе (з 1785), ун-т у Валенсіі (з 1852). Буйнейшыя б-кі: Нац.б-ка ў Каракасе (з 1833), б-ка Цэнтральнага ун-та. Музеі: Нац. пантэон, Балівара, прыгожых мастацтваў, прыродазнаўча-гіст. (усе ў Каракасе). Навук. даследаванні вядуцца ў галіновых акадэміях, ун-тах, н.-д. цэнтрах і ін-тах, навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «El Universal» («Усеагульная», з 1909), «Últimas Notícias» («Апошнія паведамленні», з 1941), «El Nacional» («Нацыянальная», з 1943), «El Mundo» («Свет», з 1958). Дзейнічаюць дзярж. і прыватнае інфарм. агенцтва ІНАКК. Радыёвяшчанне з 1930. Буйнейшыя радыёстанцыі: «Радыё Насьёналь», «Радыё Каракас», «Радыё румбас», «Радыё кантынентэ». Тэлебачанне з 1952.
Літаратура. Развіваецца пераважна на ісп. мове. Літ. помнікі дакалумбавай эпохі не захаваліся. У калан. перыяд пераважалі наследаванні ісп. узорам, гіст. хронікі, у паэзіі — гангарызм (культ «чыстай формы», мудрагелістая метафарычнасць, ускладненасць сінтаксісу і вобразнасці). Абуджэнне нац. свядомасці крэолаў у 18 ст. прадвызначыла станаўленне ўласна венесуэльскай л-ры. На ідэалы асветы і незалежнасць арыентаваліся першыя паэты і драматургі, нац.-патрыят. публіцыстыка Ф.Міранды і С.Балівара. Неакласіцысты, якія аб’ядналіся вакол літ.час. «La Oliva» («Аліва», 1836—46), вызначалі творчую атмасферу амаль да сярэдзіны 19 ст. Іх буйнейшы прадстаўнік — А.Бельё («Зварот да паэзіі», 1823, з няскончанай паэмы «Амерыка» — маніфест маладой л-ры; «Ода землеўладанню ў тропіках», 1826). У 1830—80-я г. ў л-ры панаваў рамантызм. Ён увабраў у сябе маст. і паліт. арыенціры краіны, якая сцвярджала сваю незалежнасць. Патрыят. і грамадз. матывы ўласцівыя паэзіі Р.М.Баральта (элегічная паэма «Развітанне з Айчынай», 1844), прозе Ф.Тора (раман «Пакутнікі», 1842) і Х.В.Гансалеса (паэма ў прозе «Месеніяны», каля 1852). Пільная ўвага да мясц. каларыту рамантыкаў Х.А.Майтына, А.Ласана, Х.Р.Эпеса стала зыходнай і цэнтральнай пасылкай для кастумбрыстаў (бытапісальнікаў) Д.Мендосы, Ф. дэ Салеса Перэсы, Н.Болета Перасы. У канцы 19 ст. з’явіліся творы, у якіх спалучаліся натуралістычныя і рэалістычныя тэндэнцыі: раманы «Пеонія» (1890) М.В.Рамера Гарсіі, «Страсці» (1895) Х.Хіля Фартуля. Значнай з’явай у л-ры Венесуэлы на мяжы 19—20 ст. быў мадэрнізм. Адчувальны ў творчасці рамантыка і парнасца Х.А.Перэса Банальдэ (зб. вершаў «Строфы», 1877; паэма «Флор», 1883), ён у поўнай ступені сцвердзіў сябе ў паэзіі М.Санчэса Пескеры і К.Борхеса, у раманах — М.Дыяса Радрыгеса, Л.М.Урбанехі Ачэльполя. З 1920-х г. у творчасці Урбанехі, Ачэльполя, Р.Бланка Фамбоны (пачынаў як мадэрніст) і інш. эстэтаў намеціўся паварот да рэалізму. У наступныя гады праз паэзію постмадэрнізму (Л.Э.Мармаль, А.Э.Бланка) і прагрэсіруючы рэалізм адкрыліся новыя перспектывы асэнсавання нац. вытокаў, сац.-паліт. рэчаіснасці. Праблему «варварства і цывілізацыя» ўзнялі раманы Р.Гальегаса «Павітуха» (1925) і «Донья Барбара» (1929), крытычнае бачанне свету нажывы і дыктатуры адбілася ў кнігах Х.Р.Пакатэры, М.Пікона Саласа, Р.Дыяса Санчэса. Актуальная праблематыка, пошукі нетрадыцыйных мастацкіх рашэнняў уласцівыя творчасці А.Услара П’етры, М.Атэра Сільвы, С.Гармендыі, Х.В.Абрэу, Э.Субэра, Э.Каламбані.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У дакаланіяльны перыяд на тэр. Венесуэлы развівалася культура індзейскіх плямён. Сярод стараж. помнікаў наскальныя размалёўкі, пахавальныя урны, статуэткі, каменныя блокі з выявамі ягуараў, кракадзілаў, сімвалаў Сонца і Месяца, размаляваная і фігурная кераміка, амулеты. Творы манум. архітэктуры індзейцаў не захаваліся. Першыя гарады, заснаваныя іспанцамі ў 16 ст., мелі прамавугольную сетку кварталаў. У калан. перыяд узводзіліся аднатыпныя збудаванні (умацаванні, храмы і жылыя дамы) з дэкар. ўпрыгожаннямі. Архітэктура вызначалася прастатой: сабор (1664—74), «Дом з жалезнымі рашоткамі» ў г. Кора, дом С.Балівара (канец 18 ст.) у Каракасе. Пасля абвяшчэння Венесуэлы незалежнай рэспублікай (1830) і асабліва ў канцы 19 ст.буд-ва пашырылася пераважна ў Каракасе (грамадскія будынкі, шматкватэрныя дамы ў неакласічным ці неагатычным стылях. У канцы 19 — 1-й пал. 20 ст. архітэктура паслядоўна змянялася ад неакласіцызму (Нац. капітолій у Каракасе, 1872—75, арх. Л.Урданета), неагатычнага, маўрытанскага і «каланіяльнага» стыляў да функцыяналізму (пабудовы арх. К.Р.Вільянуэвы 1930-х г.). З сярэдзіны 20 ст. яна характарызуецца ансамблевасцю, комплекснай забудовай жылых раёнаў, навізной арх. форм і жалезабетонных канструкцый, сінтэзам мастацтваў (арх. Вільянуэва, С.Дамінгес, Г.Бермудэс, Х.М.Галія і інш.).
Выяўленчае мастацтва калан. перыяду адметнае партрэтным жывапісам канца 18 — пач. 19 ст. (Х.Лавера). З 1830-х г. цэнтральнай у творчасці мастакоў стала тэма вольнай радзімы, развіваюцца гіст. жывапіс (М.Тавар-і-Тавар, А.Мічэлена) і скульптура (М.Гансалес, Э.Паласіяс-і-Кавельё) патрыят. зместу; К.Рохас ствараў жанравыя карціны. На пач. і ў сярэдзіне 19 ст. пашыраны кастумбрызм, ілюстраванне навук. прац (К.Фернандэс, А.Х.Каранса). З пач. 20 ст. стаў пашырацца гіст. жанр (Ц.Салас); у традыцыях франц. імпрэсіяністаў і П.Сезана працавалі пейзажысты Ф.Брант, Р.Манастэрыяс, А.Рэверон і інш.; творы на тэмы нар. побыту стваралі жывапісец Э.Палеа, графік П.А.Гансалес, скульптар Ф.Нарваэс. Значнае месца ў мастацтве Венесуэлы займаюць мастакі-мадэрністы, якія звяртаюцца да ўмоўна-дэкар. жывапісу, абстрактнага мастацтва, поп-арту.
Музыка. Ва ўнутр. абласцях Венесуэлы захавалася стараж.муз. культура індзейцаў, у т. л. рытуальныя танцы марэ-марэ, тура, себукан. На ўзбярэжжы пашырана афра-амер. музыка (танцы бамба, мерэнге, сангеа і інш.). Пераважае крэольская музыка, гал. месца ў якой займае харопа (аб’ядноўвае танцы, спевы, інстр. п’есы, спаборніцтвы спевакоў-імправізатараў). Асн. крэольскія інструменты — куатра (шчыпковы), гітара, арфа, ударны марака. Праф.муз. творчасць (з 18 ст.) звязана пераважна з культавай музыкай (сярод майстроў Х.М.Аліварэс, Х.Ф.Веласкес, Х.А.Кара дэ Баэсі). У развіццё музыкі 19 ст. значны ўклад зрабілі Ф.Ларасабаль, Ф.Вільёна, Т.Карэньё, Х.А.Мантэра, аўтар першай нац. оперы «Вірхінія» (1873). Заснавальнік нац. кампазітарскай школы В.Э.Соха (арганізатар Нац.сімф. аркестра Венесуэлы, 1930). Сярод кампазітараў 20 ст. Х.Б.Пласа Альфонса, Х.В.Лекуна, Х.А.Кальканьё, К.Фігерэда, А.Саусе, Э.Кастэльянас, А.Лаура; у кірунку авангардызму (дадэкафонія, алеаторыка, электронная музыка, аўдыёвізуальныя сродкі) працуюць А.Эставес, Р.Эрнандэс Лопес, Х.А.Абрэу, Х.Л.Муньёс, А.Х.Ачоа, А. дэль Манака, Я.Іаанідыс. Цэнтр муз. культуры Венесуэлы — г. Каракас.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва мелі драматызаваныя танцы і рытуальныя цырымоніі індзейскіх плямён Венесуэлы. Тэатры тут узніклі ў сярэдзіне 18 ст.: «Ла роса» ў Ла-Гуайры і «Калісеа» ў Каракасе (з пастаяннай трупай), дзе ставіліся п’есы нац. і еўрап. драматургаў. У 20 ст. актывізацыя тэатр. жыцця звязана са з’яўленнем жанру муз. камедыі (сайнетэ), з дзейнасцю асацыяцыі венесуэльскіх пісьменнікаў (канец 1930-х г.) і Т-ва сяброў т-ра на чале з А.Сертадам (1940—50-я г.). У 1954 засн.Нац. школа сцэн. мастацтва. У 1960-я г.тэатр. мастацтва не адыгрывала значнай ролі ў культ. жыцці краіны, гал. ўвага аддавалася развіццю радыёвяшчання і тэлебачання, дзе выступалі пераважна замежныя гастралёры. Сярод т-раў Каракаса: «Тэатра мунісіпаль», «Тэатра насьёналь», «Паліэдра», «Атэнеа», Тэатр камедыі. У ліку драматургаў і тэатр. дзеячаў: І.Грамка, Р.Пінеда, А. дэ Пас-і-Матэас, К.Ортыс, А.Лопес, М.Гарсія, К.Пальма, К.Маркес.
Кіно. Першы фільм зняты ў Венесуэле ў 1909 — кароткаметражная стужка «Карнавал у Каракасе». У 1920—30-я г. актыўна працавалі рэж. А.Кардэра і Э.Ансола. Першы гукавы фільм зняты ў 1937. Да канца 1940-х г. выйшлі некалькі дакумент. і хранікальных фільмаў, а таксама мастацкі — «Бабулін медальён» (рэж. Г.Відаль). У 1948—54 у Каракасе працавала кінастудыя «Балівар-фільм». Сюжэты фільмаў былі звязаны з гіст. падзеямі ў краіне, з жыццём і дзейнасцю нац. героя 19 ст. С.Балівара. Міжнар. вядомасць атрымаў дакумент. фільм «Арая» (1958, рэж. М.Бенасераф). У 1966 засн.Нац. сінематэка, у 1969 — Нац. асацыяцыя кінадзеячаў Венесуэлы, у 1972 — школа-студыя «Атэнеа». Здымаюцца маст., дакумент., хранік. і рэкламныя фільмы. Сярод вядучых рэжысёраў: К. дэ ла Серда, М.Адрэман, Д.Арапеса, М.Валерстэйн, М.Карбанель, Л.А.Рочэ, М. дэ Педра, Р.Чальбаўд.
Літ.:
Венесуэла: Экономика, политика, культура. М., 1967;
Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;
Герб і сцяг Венесуэлы.Да арт.Венесуэла. М.Тавар-і-Тавар. Партрэт А.Гусмана Бланка.Да арт.Венесуэла. Падвеска з выявай бажаства ў выглядзе алігатара.Да арт.Венесуэла. Размаляваная жаночая постаць. Кераміка. 500. Эль-Такуё (штат Лара).
Да арт.Венесуэла. У цэнтры Каракаса.Да арт.Венесуэла. У гарах Кардыльера-дэ-Мерыда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУРА І КІРАВАННЕ
Структура нацыянальнай эканомікі. Эканоміка Беларусі як гістарычна сфарміраваная сістэма грамадскага ўзнаўлення ў межах краіны ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных звёнаў і ўпарадкаваных сувязей, якія забяспечваюць яе ўстойлівасць і цэласнасць. Яна ўключае комплекс галін па вытворчасці тавараў і паслуг з адпаведнымі тэхнал. і міжгаліновымі сувязямі, формы арганізацыі і кіравання вытворчасцю, механізмы яе дзярж. і рыначнага рэгулявання.
Крызіс у эканоміцы Беларусі пач. 1990-х г, які быў выкліканы распадам СССР і яго адзінага народнагасп. комплексу, меў таксама глыбокі структурны характар: неадпаведнасць у структуры вытворчасці і спажывання, перавага вытворчасці сродкаў вытворчасці, нізкая доля сферы паслуг, слабая насычанасць спажывецкага рынку таварамі нар. спажывання айч. вытворчасці, недастатковае развіццё экспартнага сектара эканомікі і інфраструктурнага комплексу, недастатковая дыверсіфікацыя гарантаваных крыніц паставак паліўна-энергет. рэсурсаў.
Структура эканомікі, якая грунтуецца на сучасных інстытуцыянальных і тэхнал. рашэннях. выкарыстанні прыродных, эканам., дэмаграфічных і інш. рэсурсаў і арыентаваных на задавальненне попыту ўнутр. і знешняга рынкаў, з’яўляецца асновай канкурэнтаздольнасці і росту даходаў насельніцтва краіны. Пабудова нац. эканомікі рыначнага тыпу патрабавала глыбокіх структурных пераўтварэнняў усяго комплексу галін, вытворчасцей, міжгаліновых комплексаў, іх узаемасувязей, матэрыяльных, энергет., інфарм. і фін. патокаў, цэнавых прапорцый, а таксама стварэння прававой прасторы, адпаведнай рыначным адносінам, нац. сістэмы рэгулявання і кіравання, уключэння структурнай перабудовы ў агульны працэс пабудовы бел. дзяржаўнасці. У пабудове новай мадэлі нац. эканомікі асаблівае значэнне мае структура вытвараючага комплексу эканомікі, якая складаецца з узнаўленчай, галіновай, тэхнал. і рэгіянальнай структур.
Узнаўленчая структура характарызуецца суадносінамі элементаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) па канчатковым іх выкарыстанні (гл.табл. 1). За 1990—95 расходы на канчатковае спажыванне выраслі з 71,2% да 79,6%, з іх расходы дамашніх гаспадарак — з 44,5% да 56%; у 2000 адзначана іх зніжэнне, а ў 2003 удзельная вага такіх расходаў зноў павялічылася адпаведна да 80,0 і 57,3%. Доля дамашніх гаспадарак не дасягае паказчыка развітых краін, дзе ён апошнія 20 гадоў застаецца на ўзроўні 60%. Разам з доляй спажывання дамашніх гаспадарак ацэньваецца і рэальны ўзровень жыцця насельніцтва краіны.
З 1990 па 1995 доля ВУП, які накіроўваецца на валавое накапленне, знізілася з 26,6% да 24,8%; у 2000 яна склала 25,4%, а ў 2003—23,9%. У краінах з развітой рыначнай эканомікай гэта доля ў апошнія дзесяцігоддзі застаецца стабільнай у межах 21—24%. Аналіз глыбінных працэсаў эканомікі, асабліва інвестыцыйных, сведчыць, што існаваўшы ў СССР прымат матэрыяльнай вытворчасці прывёў эканоміку да ўцяжаранай рэсурсаёмістай структуры за кошт галін вытворчасці сродкаў вытворчасці (у 1990 група «А» у прамысловасці Беларусі складала 67%, група «Б» — 33%). І хаця ў апошнія гады гэтыя суадносіны крыху змяніліся на карысць тавараў нар. спажывання (група «Б»), былая структурная інерцыя пераадольваецца павольна.
Параўнальны аналіз паказвае таксама перавагу вытворчай сферы. Да 1990 доля капітальных укладанняў на яе развіццё ўстойліва складала 67—68%, да 2000 яна знізілася да 57,6%, у 2003 вырасла да 64%. У структуры асн. фондаў удзельная вага вытворчых фондаў павялічылася з 69,6% у 1990 да 76% у 2000. У развітых краінах на долю вытворчых фондаў прыпадае, як правіла, 37—38%, а невытворчых — 63—62%. У 2003 (у сістэме нац. рахункаводства) усе асн. фонды склалі 152,6 трлн. руб., у т. л. ў галінах, якія вырабляюць тавары, 79,3 трлн. руб. (52%) і ў галінах па аказанні паслуг 73,3 трлн. руб. (48%). Гэтыя суадносіны ўзмацняюцца нарастаючай ступенню зносу асн. фондаў (гл.табл. 2) і нізкай інвестыцыйнай актыўнасцю ў эканоміцы. Ступень зносу ўсіх фондаў вырасла з 33,3% у 1990 да 54,2% у 2003, вытворчых — адпаведна з 40,8 да 55,2%. У цэлым па нар. гаспадарцы знос актыўнай часткі асн. фондаў перавышае 75% (на канец 2003), у сельскай гаспадарцы і буд-ве складае больш чым 80%. Пераадоленне такой негатыўнай тэндэнцыі магчыма толькі шляхам абнаўлення асн. фондаў на аснове ўкаранення найноўшых тэхналогій, дасягнення дастатковых аб’ёмаў інвестыцый, эфектыўнай амартызацыйнай палітыкі.
Галіновая структура характарызуецца найперш удзельнай вагой розных галін у вытв-сці ВУП і колькасці занятага ў ім насельніцтва. У 2003 аб’ём ВУП склаў у бягучых цэнах 35 930 млрд.руб. Назіраецца тэндэнцыя скарачэння долі вытв-сці тавараў і павелічэння долі вытв-сці паслуг. Калі ў 1990 яны складалі адпаведна 68,9 і 28,5%, у 2000—45,6 і 39,9%, то ў 2003—40,4 і 44,7% (гл.табл. 3). Уклад прамысловасці ў вытворчасць ВУП складае 26,5%, сельскай гаспадаркі — 11,6, будаўніцтва — 6,4, транспарту і сувязі — 11,6, гандлю і грамадскага харчавання — 9,5%. Доля дзвюх апошніх галін павялічылася (у 1990 яны складалі адпаведна 6,5 і 3,5%), а доля сельскай гаспадаркі знізілася (у 1990 яна складала 27,6%). У развітых краінах з высокім узроўнем жыцця насельніцтва (ЗША, Францыя, Японія і інш.) доля прамысловасці складае каля 30%, сельскай гаспадаркі — 2%, а ўдзельная вага паслуг дасягае 70% (тэндэнцыя да росту долі паслуг назіраецца і ў такіх краінах з сярэднім даходам, як Расія, Украіна, Польшча, Літва).
У 2003 у эканоміцы Беларусі было занята 4305 тыс.чал., у т. л. ў прамысловасці 26,2%, будаўніцтве 7,1, сельскай гаспадарцы 11,1, на транспарце і сувязі 8,1, у гандлі і інш. вытворчых галінах каля 15%. У невытворчай сферы доля занятых складала 30,7%. Працяглая канцэнтрацыя намаганняў дзяржавы на развіцці прамысловасці, арыентацыя на поўную занятасць прывялі да празмернага павелічэння занятага ў ёй насельніцтва. Лішкам занятых з прычыны нізкай прадукцыйнасці працы, слабай тэхн. і тэхнал. аснашчанасці характарызуецца і другая па велічыні ў нац. даходзе галіна нар. гаспадаркі Беларусі — сельская гаспадарка. За 1990—2003 доля занятых у сферы матэрыяльнай вытворчасці панізілася на 9,0%, у прамысловасці — на 4,7%, будаўніцтве — на 4%, у сельскай гаспадарцы — на 8% (гл.табл. 4). На Беларусі адзін заняты ў сельскай гаспадарцы корміць каля 10 чал., а ў развітых краінах — больш за 40. Застаецца высокай удзельная вага паліва і энергіі ў агульных затратах на вытворчасць прадукцыі, асабліва ў такіх галінах прамысловасці, як чорная металургія, хім. і нафтахім., лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў і інш. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя павелічэння занятых на транспарце і сувязі, у гандлі, грамадскім харчаванні, збыце і нарыхтоўках. З 22,3 да 31,2% павялічылася колькасць занятых у невытворчай сферы. У галіновай структуры эканомікі за кошт прамысловасці і сельскай гаспадаркі павольна расце доля сферы паслуг, што вымагае прыняцця радыкальных мер па яе развіцці і пераразмеркавання інвестыцый на яе карысць, істотнага павышэння іх аддачы.
Тэхналагічная структура эканомікі адлюстроўвае спалучэнне спосабаў вытв-сці, тэхнал. укладаў і пакаленняў тэхнікі ў структуры грамадскага ўзнаўлення. Яна характарызуецца доляй найноўшай тэхнікі, дынамікай яе павелічэння, наяўнасцю высокіх навукаёмістых, рэсурсазберагальных, эколагаабаронных тэхналогій, зніжэннем узроўню матэрыялаёмістасці і энергаёмістасці ВУП і інш. Беларусь значна саступае развітым краінам і па агульным узроўні тэхнал. патэнцыялу, і па тэхналогіях постіндустрыяльнага грамадства: доля V і часткова VI тэхнал. укладаў (мікраэлектроніка, оптыка-валаконная тэхніка, тэлекамунікацыі, біятэхналогіі, касмічная тэхніка, тонкая хімія і інш.) у краіне не перавышае 10%. Высокім застаецца ўзровень матэрыяла- і энергаёмістасці ВУП. Для вырашэння гэтых праблем патрабуецца рэзкая актывізацыя інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці, стварэнне адладжанай сістэмы гарантый і страхавання такой дзейнасці, укараненне сучаснага менеджменту і новых тэхналогій. На карэннае паляпшэнне інавацыйнай дзейнасці накіраваны і Комплексны прагноз навук.-тэхн. прагрэсу Рэспублікі Беларусь да 2020, распрацаваны пад эгідай Нац.АН Беларусі і Дзярж.к-та па навуцы і тэхналогіях, Праграма структурнай перабудовы і павышэння канкурэнтаздольнасці бел. эканомікі да 2010.
Рэгіянальная структура эканомікі абумоўлівае якасныя характарыстыкі прасторава-тэрытарыяльнай арганізацыі прадукцыйных сіл, ступень комплекснасці і эфектыўнасці сац.-эканам. развіцця рэгіёнаў, узровень іх дыферэнцыяцыі па стандартах жыцця насельніцтва. У 2003 у тэр. структуры вядучага сектара эканомікі — прамысловасці — Брэсцкая вобл. займала 9,3%, Віцебская — 17,2 Гомельская — 20,5, Гродзенская — 9,1, Мінская — 13,9, Магілёўская — 8,7, г. Мінск — 21,3%. У параўнанні з 1990 адпаведны паказчык зніжаны ў Віцебскай і Гомельскай абл., павялічаны ў Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай абл. і г. Мінску. Гэтая задача надта складаная як з пункту гледжання рэсурсаў, так і па часавым фактары. Рэгіянальнай праблемай надзвычайнай важнасці з’яўляецца пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Удасканаленне рэгіянальнай структуры разглядаецца і як самаст. фактар развіцця прадукцыйных сіл, і як сродак павышэння эфектыўнасці ўзнаўленчай, галіновай і тэхнал. структур. Актуальнасць гэтых фактараў расце яшчэ і таму, што на Беларусі гістарычна склаўся падзел на ўсх. і зах. рэгіёны, якія адрозніваюцца як узроўнем развіцця і вытворчай спецыялізацыяй, так і дабрабытам народа, яго менталітэтам.
Аналіз усіх відаў структур акрэслівае кола праблем, ад вырашэння якіх залежыць фарміраванне нац. эканомікі рыначнага тыпу. Найперш гэта сац. пераарыентацыя ўзнаўленчай структуры, развіццё сродкаў вытв-сці для спажывецкага сектара, прыярытэтнае развіццё новых базавых галін прамысловасці і АПК на аснове высокіх тэхналогій, інтэнсіфікацыя развіцця сацыяльна арыентаваных галін, сферы паслуг, паскоранае развіццё экспартных і імпартна-замяшчальных вытв-сцей, рэсурсазберажэнне і расшырэнне выкарыстання навукаёмістых, экалагічна чыстых тэхналогій па нарматывах эканамічна развітых краін. Комплексныя меры, якія рэалізуюцца на ўзроўні асобных галін і сектараў эканомікі, накіраваны на перабудову фін. сістэмы, грашова-крэдытных адносін і цэнаўтварэння, каб процідзейнічаць інфляцыі і стымуляваць вытворчую актыўнасць, а таксама на выраўноўванне гандлёвага і плацежнага балансу, рэфармаванне аплаты працы, палітыкі даходаў і занятасці, сістэмы сац. падтрымкі.
Агульнасістэмныя меры ствараюць прававое і інстытуцыянальнае эканам. асяроддзе, дзе могуць эфектыўна працаваць усе суб’екты гаспадарання, у т. л. прадпрыемствы як першаснае і асн. звяно эканомікі. Таму ў структурнай перабудове гал. акцэнт робіцца на рэструктурызацыю прадпрыемстваў, іх акцыяніраванне, павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці.
Для ўтварэння карпаратыўных структур існуе ўсё больш аб’ектыўных перадумоў, гал. з якіх з’яўляецца развіццё розных форм уласнасці. Доля дзярж. формы ўласнасці (рэсп. і камунальнай) у аб’ёмах прамысл. вытворчасці ў 2003 склала 37,6%, што на 16,2% менш, чым у 2000. Формы прыватнай уласнасці даюць 60,5% агульнага аб’ёму вытв-сці, у т. л. суб’ектаў змешанай уласнасці без замежнага ўдзелу — 43,3, з замежным удзелам — 6,5%, а доля замежнай уласнасці складае ўсяго 1,2%. Недзярж. формы ўласнасці даюць прыросты вытворчасці большыя, чым дзяржаўныя. Рэструктурызацыя прадпрыемстваў як асн. звяно структурнай перабудовы эканомікі дазволіць вырашыць праблему найб. эфектыўных суадносін усіх форм уласнасці (прыватнай індывідуальнай, прыватнай калектыўнай, дзяржаўнай, змешанай).
Сістэма кіравання. Неабходная прававая база пад сістэму кіравання эканомікай закладзена ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, рашэннях Парламента і Урада, указах і дэкрэтах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нарматыўных актах рэсп. органаў кіравання, мясц. Саветаў, выканаўчых і распарадчых органаў. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.2.2004 «Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, структуры і колькасці работнікаў дзяржаўных органаў, іншых дзяржаўных арганізацый» зацверджана сістэма такіх органаў і арганізацый. У сац.-эканам. блок гэтай сістэмы ўваходзяць 15 мін-ваў (архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, лясной гаспадаркі, па падатках і зборах, прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, прамысловасці, сувязі і інфарматызацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, статыстыкі і аналізу, гандлю, транспарту і камунікацый, працы і сац. абароны, фінансаў, эканомікі, энергетыкі), 3 дзярж. камітэты (ваенна-прамысловы, па авіяцыі, па навуцы і тэхналогіях), 7 камітэтаў пры Савеце Міністраў (па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі, па матэрыяльных рэзервах, па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, па каштоўных паперах, па энергаэфектыўнасці) і 7 дзярж. арганізацый, падпарадкаваных Ураду (канцэрны «Белдзяржхарчпрам», «Белнафтахім», «Беллегпрам», «Белмясцпрам», «Белбіяфарм», «Беллеспаперапрам», Бел. чыгунка), а таксама Бел.рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў («Белкаапсаюз»), які знаходзіцца ў веданні Урада Рэспублікі Беларусь па пытаннях, вызначаных заканадаўствам.
У рэгуляванні ўласна вытворчай сферы і інфраструктуры вызначальную ролю адыгрываюць галіновыя органы кіравання, якія ахопліваюць усе нар.-гасп. комплексы, у т. л.: паліўна-энергет. комплекс, прамысловасць, АПК, буд. комплекс, транспарт і сувязь, матэрыяльна-тэхн. забеспячэнне, гандаль, быт. абслугоўванне насельніцтва. Асн. цэнтрамі кіравання і рэгулявання гэтымі комплексамі з’яўляюцца адпаведныя мін-вы і ведамствы, канцэрны, аб’яднанні, асацыяцыі, у абавязкі якіх уваходзяць: распрацоўка і рэалізацыя структурнай перабудовы галіны на праграмна-мэтавай аснове. фін. рэгуляванне, садзейнічанне прамым сувязям паміж суб’ектамі гаспадарання, стымуляванне інвестыцыйнай, навук.-тэхн. і знешнеэканам. дзейнасці прадпрыемстваў, распрацоўка эканам. нарматываў і стандартаў, аналіз функцыянавання галін, складанне праграм і прагнозаў іх развіцця, аказанне кансультатыўнай дапамогі.
Інтэграцыйныя працэсы ў краінах СНД абумоўліваюць неабходнасць стварэння міждзярж органаў кіравання, якія б каардынавалі дзейнасць нац. органаў кіравання краін-удзельніц, рэгулявалі міждзярж. патокі рэсурсаў, капіталаў і насельніцтва, ажыццяўлялі кіраванне адзінымі энергасістэмай, сістэмай транспарту і камунікацый, займаліся мытным і падатковым рэгуляваннем. У Саюзе Беларусі і Расіі дзейнічаюць Вышэйшы Савет, Выканаўчы камітэт, Парламенцкі сход, Мытны камітэт, Рас.-Бел. камісія па навук.-тэхн. супрацоўніцтве, Камітэт па гідраметэаралогіі і маніторынгу забруджвання прыроднага асяроддзя і інш. органы У перыяд трансфармацыі і радыкальных грамадскіх пераўтварэнняў захоўваецца роля дзяржавы ў рэгуляванні сац.-эканам. працэсаў. Мяняюцца змест і арганізацыя такога яго механізму, як планаванне; жорсткае дырэктыўнае планаванне замяняецца індыкатыўным і рэгулюючым, заснаваным на распрацоўцы сістэмы паказчыкаў (індыкатараў) сац.-эканам. развіцця, якія характарызуюць дынаміку, структуру і эфектыўнасць эканомікі, стан фінансаў, грашовага абарачэння, рынку тавараў і каштоўных папер, рух цэн, занятасць, узровень жыцця насельніцтва, знешнеэканам. сувязі і г.д.
Стратэгічная задача кіравання на сучасным этапе — рэалізацыя перспектыўнай мадэлі сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, у якой аддаецца прыярытэт сац. мэтам. Гэта якасць і працягласць жыцця насельніцтва, ахова і паляпшэнне асяроддзя пражывання людзей, сац. гарантыі і сац. справядлівасць, захаванне і прымнажэнне культ. і духоўна-маральных каштоўнасцей з улікам традыцый і нац. асаблівасцей краіны. Выбар канкрэтных форм і метадаў кіравання грунтуецца на выкарыстанні айч. і замежнага вопыту, навук.-метадычных і метадалагічных распрацовак, крытэрыяў эфектыўнасці сістэм і метадаў кіравання, уліку канкрэтных умоў, узроўняў аб’ектаў рэгулявання. У якасці рацыянальнага спосабу гаспадарання ўзяты арыенцір на інтэнсіўны метад з паступовым звужэннем поля выкарыстання экстэнсіўных форм вядзення гаспадаркі.
Адна з фундаментальных задач пры пераходзе да сацыяльна арыентаванай рыначнай гаспадаркі — зрабіць эфектыўным асн. звяно эканомікі — прадпрыемства, адаптаваць яго да новых умоў гаспадарання. З развіццём рыначных адносін па меры прыватызацыі правы валодання, карыстання, распараджэння перадаюцца з верхняга ўзроўню кіравання на ўзровень прадпрыемства, а прамое дзярж. кіраванне ўсё больш будзе замяняцца ўскосным рэгуляваннем пры адначасовым развіцці рыначнай самарэгуляцыі. Ва ўмовах Беларусі найб. прымальнымі арганізац. формамі гасп. дзейнасці, якія адлюстроўваюць пераход да пераважна рыначных адносін і новага зместу дзярж. рэгулявання, з’яўляюцца акц. т-вы — карпарацыі і канцэрны. Асн. праваднікамі дзярж. палітыкі дэманапалізацыі галін прам-сці і стварэння новых канкурэнтаздольных вытворчасцей становяцца дзярж. аб’яднанні прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца ў галіне маркетынгу, навук. пошукаў, тэхнал. і прамысл. праектавання і маюць надзейныя інструменты прыцягнення інвестыцый для вырашэння сваіх задач.
Праграмы ўстойлівага эканам. развіцця краіны прадугледжваюць захаванне і развіццё буйных прадпрыемстваў з іх глыбокай перабудовай на рыначныя рэйкі, разгортваннем службаў менеджменту, маркетынгу, тэхнал. абнаўлення. Гэты аргумент улічваецца і пры вырашэнні пытання аб ролі і месцы прыватнай уласнасці на зямлю, аб фарміраванні ў сельскіх гаспадароў цікавасці да канкурэнтаздольнасці ў міжнар. маштабе і выкарыстання імі дасягненняў сучаснага навук. і тэхнал. прагрэсу. Важным фактарам стварэння перадумоў устойлівага росту эканомікі з’яўляецца выкарыстанне праграмна-мэтавага метаду кіравання з асн. формай яго рэалізацыі — мэтавымі праграмамі, якія адрозніваюцца зместам і ўзроўнем кіравання. Для павышэння значнасці і статуса такіх дзярж. праграм у 1997 уведзены інстытут прэзідэнцкіх праграм «Дзеці Беларусі», «Жыллё», «Бытавая электроніка», «Інфарматызацыя» і інш.Эканам. праграміраванне выкарыстоўваецца разам з інш. формамі і метадамі апераджальнага аналізу і рэгулявання сац.-эканам. працэсаў: сац. прагнозамі, доўгатэрміновымі канцэпцыямі, генеральнымі схемамі кіравання, праектамі развіцця высокатэхнал. вытворчасцей і г.д. Сярод найб. важных дзярж. праграм вылучаюцца: Праграма неадкладных мер па выхадзе эканомікі з крызісу (1994), Праграма сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь да 2000 (1995), Нац. стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2010 (1996), Нац. праграма прыцягнення інвестыцый (1996), Канцэпцыя сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь да 2015 (1998); Праграма сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001—05 (2000), Нац. стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2020 (2003); сац. праграмы «Культура», «Здароўе», «Жанчыны Беларусі», дзярж. падтрымкі творча адораных дзяцей і моладзі, па праблемах пажылых людзей і інш. Распрацавана мноства рэсп., галіновых, навук.-тэхн., сац., экалагічных і інш. праграм. Найб. прыярытэтнымі кірункамі ўсіх праграмных распрацовак з’яўляецца развіццё розных галін эканомікі, навук.-тэхн. прагрэсу, міжгаліновых комплексаў і вытворчасці асобных прадуктаў, рэсурсазберажэнне, экалогія, блок сац. палітыкі і сац. праблем.
Літ.:
Программа структурной перестройки экономики Беларуси. Мн., 1994;
Экономика Беларуси: пути стабилизации и социально-экономического обновления. Мн., 1995;
Национальная стратегия устойчивого развития Республики Беларусь. Мн. 1997, Санько Г.Т. Монополизм и антимонопольное регулирование. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭМА АХОВЫ ЗДАРОЎЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
У 1990—2000-я г.фінансаванне аховы здароўя Беларусі ажыццяўлялася з бюджэту (1996—5,5% валавога ўнутранага прадукту, 2000—3,7%, 2003—4,8%). У 1997 уведзена добраахвотнае мед. страхаванне, платныя паслугі (у 2003 склалі 5,8% бюджэту). З 2002 ахова здароўя фінансуецца ў разліку на 1 жыхара (у 2002—112,8, у 2003—159,3 тыс.руб.). Капітальнае будаўніцтва і рэканструкцыя мед. устаноў фінансуецца з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (і пад яго кантролем), зацверджана дзярж. праграма ўмацавання матэрыяльна-тэхн. базы аховы здароўя (2002). Распрацаваны і рэалізуюцца дзярж. праграмы: «Здароўе народа» на 1999—2005; «Дзеці Беларусі» на 2001—05; развіцця першаснай медыка-сан. дапамогі на 2003—07; па прадухіленні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў на 2001—05; па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 2001—05 і на перыяд да 2010; «Цукровы дыябет» на 2004—08; развіцця спецыялізаванай мед. дапамогі на 2004—07 і інш. У 1990-я г. стан здароўя насельніцтва Беларусі пагоршыўся: узровень першаснай захваральнасці вырас на 13,1%, агульнай — на 23,9%. Сярод прычын смерці першае месца займаюць хваробы сістэмы кровазвароту (54%), 2-е — новаўтварэнні (13,2%), 3-е — траўмы і атручэнні (11,7%). Да 1998 адзначаўся рост захварэлых на актыўныя формы туберкулёзу (54,9 на 100 тыс. насельніцтва), да 2002 ён знізіўся да 45 на 100 тыс. насельніцтва. Адзначаецца таксама зніжэнне ўзроўню захваральнасці на інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам.
Працягваецца працэс рэфармавання падрыхтоўкі мед. кадраў. Адкрыты новыя факультэты ў мед. ін-тах: сястрынскі (1991) і медыка-псіхалагічны (1993) у Гродзенскім; ваенна-мед. (1995) у Мінскім; урачоў-лабарантаў (1997) у Гомельскім. У 1992 у Мінскім мед. ін-це сан.-гігіенічны факультэт пераўтвораны ў медыка-прафілактычны. Пры Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі арганізаваны факультэт сац. медыцыны, арганізацыі і кіравання аховай здароўя; у Віцебскім мед. ун-це — удасканалення ўрачоў; у акадэміі МУС — падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі судова-мед. экспертаў. Мед. ін-ты Беларусі прайшлі акрэдытаванне на статус універсітэтаў (Віцебскі, 1998; Гродзенскі, 1999; Мінскі, 2000; Гомельскі, 2003). Бел.ін-т удасканалення ўрачоў атрымаў статус акадэміі (2000).
На грамадскіх пачатках створана Бел. акадэмія мед. навук (1997, прэзідэнт І.М.Грышын). У 2002 падрыхтавана 1246 урачоў, 5017 фельчараў і акушэрак, мед. сясцёр, лабарантаў, памочнікаў сан. урачоў і фармацэўтаў; ва ўсіх ведамствах працавала 44 812 урачоў (45,3 на 10 тыс. насельніцтва; гл.табл. 1). З 1991 фарміруюцца мед. ўстановы прыватнай формы ўласнасці. У 2002 дзейнічалі 224 амбулаторна-паліклінічныя ўстановы, разлічаныя на 3787 наведванняў за змену, у іх працавалі 1261 урач, у т. л. 733 сумяшчальнікаў (без зубных урачоў), 781 сярэдні мед. работнік (разам з зубнымі ўрачамі), у т. л. 164 сумяшчальнікі. Колькасць наведванняў да ўрачоў розных спецыяльнасцей склала 642 829, да стаматолагаў — 297 002.
Навукова-практычныя і тэарэт. пытанні аховы здароўя і медыцыны распрацоўваюць, акрамя мед. ун-таў і Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, 9 НДІ і 5 Рэсп. навукова-практ. цэнтраў Мін-ва аховы здароўя. У сістэме аховы здароўя ў 2003 працавалі 345 дактароў і 1253 канд.мед.навук. Вучоныя мед.НДІ у 1990—2003 распрацоўвалі і вырашалі актуальныя праблемы: кардыялогіі (метады ранняй дыягностыкі і лячэння ішэмічнай хваробы сэрца, біякіравальная тэрапія з выкарыстаннем электронікі і матэм. метадаў, стварэнне пратэзаў клапана сэрца, аперацыі аортакаранарнага шунціравання і інш.); пульманалогіі, неўралогіі; педыятрыі (лячэнне неанатальнай паталогіі, дыскрэтна-хвалевая тэорыя родавай дзейнасці і інш.); хірургіі (напр., метады рэплантацыі ампутаваных канечнасцей з выкарыстаннем мікрахірургічнай тэхнікі); дзіцячай хірургіі (напр., метады хірургічнага лячэння прыроджаных анамалій мочапалавых органаў); траўматалогіі і артапедыі; нейрахірургіі (напр., хірургічнае і камбінаванае лячэнне мазгавых інсультаў); уралогіі (ураанкалогія, метады лячэння пухлін мачавога пузыра і нырак з дапамогай гіпертэрміі); анкалогіі (пухлінныя маркёры і фотадынамічная тэорыя раку, ранняя дыягностыка і хірургічнае комплекснае лячэнне раку шчытападобнай залозы). Вывучаліся таксама пытанні афтальмалогіі (мікрахірургія вока на аснове лазернай тэхнікі, мадыфікацыя трансплантацыі рагавіцы і інш.); атарыналарынгалогіі, стаматалогіі, гематалогіі (аперацыі па перасадцы касцявога мозга); мед. генетыкі (скрынінг на заганы развіцця і храмасомныя захворванні плода, праграма да- і пасляродавай ДНК-дыягностыкі спадчынных захворванняў і інш.).
Больш за 20 навук. устаноў нац.АН Беларусі на пач. 21 ст. распрацоўваюць праблемы, звязаныя з патрэбамі практычнай аховы здароўя. У 2004 у мед. навуцы працуюць 358 дактароў мед. навук, 1294 кандыдаты мед. навук, у практычнай медыцыне каля 200 кандыдатаў мед.навук. Колькасць аспірантаў па мед. спецыяльнасцях з 1990 па 2002 вырасла ў 2,5 раза. З мэтай узмацнення каардынацыі навук. даследаванняў у галіне медыцыны ў 1995 на Беларусі на базе Нац.АН Беларусі створана Аддзяленне медыка-біялагічных навук, рэарганізаванае ў 2003 у Аддзяленне мед.навук. Створана таксама секцыя мед. навук Савета па каардынацыі фундаментальных і прыкладных даследаванняў пры Нац.АН Беларусі. Прыярытэтныя кірункі навук. даследаванняў: механізмы рэгуляцыі фізіялагічных функцый у норме і паталогіі, тэарэт. асновы кіравання кампенсаторна-аднаўленчымі працэсамі, этыялогія і малекулярныя асновы ўзнікнення паталагічных станаў чалавека, стварэнне новых лячэбных і дыягнастычных тэхналогій, дзеянне фактараў сучасных экасістэм і спосабу жыцця на фізіялагічны статус і здароўе чалавека, заканамернасці ўздзеяння на арганізм малых доз іанізавальных выпрамяненняў, радыеэкалогія чалавека. Прыярытэтныя кірункі ў стварэнні і развіцці высокіх тэхналогій, перспектыўных вытворчасцей, якія маюць дачыненне да медыцыны: хімічны і біялагічны сінтэз фармацэўтычных сродкаў, біялагічна актыўных злучэнняў і харчовых дабавак і інш. За перыяд з 1945 па 1985 лаўрэатамі Дзярж. прэміі СССР сталі 9 бел. вучоных-медыкаў, Дзярж. прэміі Беларусі — больш за 90. Выдаюцца часопісы «Здравоохранение», «Вопросы организации и информатизации», «Медицина», «Врачебный вестник», газета «Медицинский вестник».
Лячэбна-прафілактычная дапамога ў 1990-я г. ўдасканальвалася шляхам пераважнага развіцця першаснай медыка-сан. дапамогі, увядзення інстытута ўрача агульнай практыкі, падтрымкі спецыялізаванай урачэбнай дапамогі, забеспячэння рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду і рэсурсаў, развіцця новых арганізацыйных форм стацыянарнай і амбулаторна-паліклінічнай дапамогі, стварэння 4-узроўневай сістэмы лячэбна-прафілактычнага абслугоўвання, скарачэння сеткі ўчастковых бальніц і фельчарска-акушэрскіх пунктаў на вёсцы, адкрыцця амбулаторый і фарміравання ўрачэбных акруг у сельскай мясцовасці. Сучасная сетка лячэбна-прафілактычных устаноў Беларусі забяспечвае даступную мед. дапамогу (гл.табл. 2). Захавалася тэндэнцыя росту колькасці самаст. паліклінік і амбулаторый (на 31,4%; у т. л. ў сельскай мясцовасці на 31%), вырасла магутнасць амбулаторна-паліклінічных устаноў (на 22,4%), павялічылася колькасць стаматалагічных паліклінік (на 21,8%). Захавана ведамасная медыцына (чыгуначная, грамадзянскай авіяцыі і інш.). У сельскай мясцовасці павялічылася колькасць амбулаторый, што дало магчымасць знізіць звяртанне да спецыялістаў да 30%, выклік хуткай дапамогі па месцы жыхарства да 50%, шпіталізацыю на 20%. Для рацыянальнага выкарыстання ложкавага фонду за кошт закрыцця ўчастковых бальніц зменшылася колькасць ложкаў у бальніцах на 13,9% павялічылася занятасць і абарот ложкаў, пашыраецца адкрыццё дзённых стацыянараў у паліклініках. Далейшае развіццё атрымала спецыялізаваная ўрачэбная дапамога. За апошнія 10 гадоў колькасць лячэбна-прафілактычных устаноў, якія маюць гастраэнтэралагічныя аддзяленні (кабінеты), вырасла ў 2,2 раза, пульманалагічныя — у 1,6, эндакрыналагічныя — у 1,2, гемадыялізу і мед. рэабілітацыі — у 2 разы. У 1993 адкрыты першыя аддзяленні і бальніца сястрынскага догляду, у 1994 — хоспіс у Мінску. Сфарміравана герыятрычная служба (1996). Адкрыты спелеалячэбніца (1997), аддзяленне сардэчна-сасудзістай хірургіі (1998, Гомель), аперацыйна-рэанімацыйны модуль (2000, Мінск); навукова-практычныя цэнтры: «Дыябетычная ступня» (1997), лазернай тэрапіі ў афтальмалогіі (1997), вострай нырачнай недастатковасці (1999), прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў (2000).
З 1990-х г. развіваецца служба мед. рэабілітацыі. Укараняюцца новыя метады дыягностыкі і лячэння: лапараскапічныя, відэаторакаскапічныя; артраскапія і эндапратэзаванне, дыстанцыйная літатрыпсія, аперацыі на сэрцы і сасудах і інш. У краіну паступіла 8 камп’ютэрных тамографаў, 3 устаноўкі ядзерна-магнітнага рэзанансу, 5 гамакамер.
З мэтай прадухілення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС ажыццяўлялася дзярж. праграма мінімізацыі наступстваў аварыі, арганізаваны спецдыспансерызацыя і санаторнае аздараўленне дзяцей з забруджаных тэрыторый. Наладжаны санітарна-радыяцыйны кантроль і маніторынг. Адкрыты філіял НДІ радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі ў Віцебску. У Магілёве такі філіял рэарганізаваны ў 1996 у Бел.НДІ экалагічнай і прафесійнай паталогіі, адкрыты дыспансер радыяцыйнай медыцыны. У 2003 у Гомелі пабудаваны цэнтр радыяцыйнай медыцыны, а Мінскі НДІ радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі і яго філіялы ў Віцебску і Магілёве пераведзены ў Гомель, дзе створаны Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. За 1996—2000 на праграму ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС выдзелена 30 млрд. долараў, мед. назіраннем ахоплена 99% пацярпелых.
Ахова мацярынства і дзяцінства — прыярытэтны кірунак сучаснай медыцыны Беларусі. Створана дзярж. сістэма аховы мацярынства і дзяцінства з шырокай сеткай жаночых і дзіцячых устаноў, прыняты заканадаўчыя акты і нац. праграмы па прафілактыцы генетычных наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, «Дзеці Чарнобыля», «Дзеці-сіроты», «Дзеці Беларусі» (2000), па развіцці сац. абслугоўвання сям’і і дзяцей, індустрыі дзіцячага харчавання і інш. Аказваецца сацыяльная падтрымка маці і дзіцяці: дапамога цяжарным пры своечасовым (да 12 тыдняў) звяртанні да ўрача, бясплатная лекавая дапамога дзецям ва ўзросце да 6 і дзецям да 15 гадоў, якія пражываюць на забруджаных тэрыторыях, дзецям-інвалідам. У мнагадзетных і малазабяспечаных сем’ях дзецям да 2 гадоў прадастаўляецца бясплатнае харчаванне і інш. Работнікі сістэмы аховы здароўя дзяцей і падлеткаў удзельнічаюць у прафесійнай арыентацыі моладзі з улікам мед. проціпаказанняў, сочаць за ўзроўнем фізкультурна-аздараўленчай работы, выкананнем патрабаванняў агульнай і школьнай гігіены, выяўленнем ранніх адхіленняў у фіз. развіцці, ажыццяўляюць дыспансерызацыю дзяцей і падлеткаў, накіраванне іх на абследаванне і лячэнне і інш. Стацыянарную дапамогу дзецям у 1990-я г. аказвалі 24 дзіцячыя бальніцы агульнага профілю. Укаранёны перынатальная дыягностыка прыроджаных заган развіцця (1991), мед. назіранне вучняў паводле прынцыпу адзінага педыятра (1993), 3-узроўневая сістэма перынатальнай дапамогі (1997). Падлеткавая служба перайшла ў сістэму педыятрыі. Адкрыты спецыялізаваныя мед. ўстановы: цэнтры планавання сям’і і рэпрадукцыі з метадам экстракарпаральнага апладнення (1995), гемадыялізу для дзяцей, мамалагічны, цэнтры развіцця дзяцей (усе ў 1996). Разгорнута 6245 ложкаў для цяжарных і парадзіх (з улікам радзільных дамоў і радзільных аддзяленняў). Для дзяцей, хворых на туберкулёз, у Мінску, Гомельскай і Магілёўскай абласцях адкрыты лячэбныя аддзяленні. Санаторна-курортнае лячэнне праводзіцца ў 19 дзіцячых санаторыях (2600 ложкаў).
На пач. 2003 г. амбулаторна-паліклінічную дапамогу дзецям аказвала 381 дзіцячая паліклініка. Спецыялізаваную мед. дапамогу дзецям аказвалі дзіцячыя хірургі, стаматолагі, неўрапатолагі, афтальмолагі, псіхіятры, санітарныя ўрачы па гігіене дзяцей і падлеткаў, спецыялісты-генетыкі, отарыналарынголагі і інш. У сувязі са змяншэннем дзіцячага насельніцтва колькасць пасад участковых педыятраў зменшылася з 2191 у 1990 да 1983 у 2002, а колькасць дзяцей на ўчастку з 73 5 да 604. У 2002 працавалі 311 жаночых кансультацый, акушэрска-гінекалагічных аддзяленняў і кабінетаў, 10 кансультацый «Шлюб і сям’я», 6 кабінетаў па мед. генетыцы, колькасць акушэраў-гінеколагаў павялічылася з 2080 у 1990 да 2517 у 2002.
Санітарна-проціэпідэмічную дапамогу насельніцтву Беларусі ў 1990-я г. забяспечвалі Аддзел гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Мін-ва аховы здароўя, Рэсп. цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, 6 абл., 144 гар., раённыя і ведамасныя цэнтры, Мінская і Гомельская дэзінфекцыйныя станцыі. З 1992 у 9 гарадах краіны ажыццяўляецца маніторынг здароўя насельніцтва ў сувязі са станам навакольнага асяроддзя. У Мінску, Віцебску, Гродне адкрыты кансультацыйныя цэнтры (хранічных вірусных гепатытаў, нейраінфекцый і інш.). Праблемамі ўмацавання здароўя і фарміравання здаровага ладу жыцця ў 1990-я г. займаліся цэнтры здароўя (у 2002 рэарганізаваны ў аддзяленні цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі і грамадскага здароўя). З 1998 працуюць рэсп. і абл. цэнтры СНІДу (у 2002 аб’яднаны з цэнтрамі гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя). Санітарна-проціэпідэміялагічная служба Беларусі дзейнічае ў адпаведнасці з законам «Аб санітарна-эпідэміялагічным забеспячэнні насельніцтва» (2003) і ажыццяўляе дзярж. нагляд (ахову навакольнага асяроддзя, аздараўленне ўмоў працы, быту і адпачынку), арганізацыю і правядзенне санаторна-аздараўленчых і проціэпідэмічных мерапрыемстваў, а таксама па папярэджанні і ліквідацыі інфекцыйных, прафесійных і інш. захворванняў. Навукова-даследчае і метадычнае кіраўніцтва, распрацоўку санітарных норм і правіл ажыццяўляюць НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Мін-ва аховы здароўя і навукова-практычны цэнтр гігіены, 10 кафедраў мед. ун-таў і Бел.мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі.
Санаторна-курортную дапамогу насельніцтву Беларусі аказваюць санаторыі Мін-ва аховы здароўя, санаторныя аб’яднанні «Белпрафсаюзкурорт», «Белаграздраўніца», «Брэстаграздраўніца», санаторыі і санаторыі-прафілакторыі мін-ваў і ведамстваў (гл.табл. 3). З 1997 існуе дзярж. сістэма арганізацыі санаторна-курортнай дапамогі. Створаны Рэсп. цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. Работу па санаторна-курортнай дапамозе каардынуе Рэсп. міжведамасны савет па пытаннях аздараўлення і санаторна-куротнага лячэння. На Беларусі функцыянуе 13 санаторных аддзяленняў мед. рэабілітацыі на 535 ложкаў (2004).
Аптэчнай справай кіруе рэсп. унітарнае прадпрыемства «Фармацыя» (мае 6 аптэчных складоў). У 1996 створаны дзярж. канцэрн «Белбіяфарм», які ўзначальвае работу прадпрыемстваў фармацэўтычнай прамысловасці (5 заводаў і 4 прадпрыемствы розных форм уласнасці, якія выпускаюць 381 найменне лекавых сродкаў). Фармацэўтычную прадукцыю вырабляюць: акц.т-ва «Белмедпрэпараты», Барысаўскі, Нясвіжскі, Гродзенскі з-ды медпрэпаратаў і інш. Пашыраецца сетка аптэк недзярж. форм уласнасці (16% аптэк і 63% аптэчных кіёскаў). Існуюць дзярж. гасп.-разліковыя, самастойныя аптэкі (у т. л.цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілактычных установах, бальнічных стацыянарах і г.д. У аптэках адкрыты фітааддзелы (1992), аддзелы таварнага крэдыту (1994—96). З 1994 праводзяцца міжнар. спецыялізаваныя выстаўкі вытворцаў мед. тэхнікі і медыкаментаў. Ва ўсіх аптэках устаноўлены адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лекавых сродкаў; даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр., наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва. Павялічваецца колькасць прадпрыемстваў, якія вырабляюць мед. тэхніку (у 1994 іх было 40, у 1999—100). Асвоена вытворчасць дыялізатараў (1992), апаратаў лазернай каагуляцыі (1995), аднаразовых шпрыцаў (1997), сістэм камп’ютэрнай рэнтгенаграфіі (1999). Прынята дзярж. праграма развіцця фармацэўтычнай прамысловасці (1999). У 2002 на Беларусі працавала 7017 правізараў і фармацэўтаў.
На Беларусі ліквідаваны многія небяспечныя інфекцыйныя хваробы (напр., натуральная воспа, малярыя, поліяміэліт). На Беларусі самая нізкая сярод краін СНД дзіцячая смяротнасць. З 1996 яна знізілася з 13,3 на 1 тыс. нованароджаных да 7,6 у 2003. Мацярынская смяротнасць — 21,4 на 100 тыс. (у 1990—21,8). Колькасць абортаў знізілася з 247 тыс. у 1990 да 89,9 тыс. у 2002.
У 1990-я г. створаны новыя грамадскія арганізацыі-асацыяцыі: «Новыя тэхналогіі ў медыцыне» (1992), урачоў (1992), сярэдніх мед. работнікаў (1996), сацыял-гігіеністаў і арганізатараў аховы здароўя (1998). Адбыліся 4 з’езды сацыял-гігіеністаў і арганізатараў аховы здароўя, першыя з’езды сярэдніх медработнікаў (1994, Гродна), урачоў (1998, Мінск); прыняты Кодэкс урачэбнай этыкі (1998). У 1991 Бел.т-ва Чырвонага Крыжа (назва з 1994) стала недзярж. добраахвотнай арганізацыяй. Т-ва працуе па праграмах: «Служба міласэрнасці» (медыка-сац. дапамога адзінокім састарэлым грамадзянам, ажыццяўляе прыём у 115 медыка-сац. цэнтрах), «Служба катастроф» (падрыхтоўка добраахвотнікаў на выпадак экстрэмальных сітуацый), «Служба пошуку» (пошук асоб і месцаў пахаванняў прапаўшых без вестак); удзельнічае ў праграмах «Донарства» (бязвыплатны донарскі рух), «Бежанцы» (медыка-санітарная дапамога бежанцам), «Супрацоўніцтва» (міжнар. супрацоўніцтва, пашырэнне ведаў па гуманітарным праве), Міжнар. праграме гуманітарнай дапамогі і рэабілітацыі «Чарнобыль»; працуе таксама па праграме «Маладзёжны рух» (уцягванне ў свой рух моладзі, медыка-санітарная падрыхтоўка па пытаннях прафілактыкі захворванняў і прапагандзе здаровага ладу жыцця). У 2000 на Беларусі функцыянавала 117 цэнтраў т-ва, у т. л. Дом міласэрнасці ў Пінску, працавала 400 медсясцёр. Бел.т-ва прызнана 168-м членам Міжнар. руху «Чырвонага Крыжа» і «Чырвонага Паўмесяца».
У галіне міжнароднага супрацоўніцтва па ахове здароўя на мяжы 20—21 ст. з некаторых фондаў і пад эгідай Сусв. арганізацыі аховы здароўя прыцягваюцца сродкі з-за мяжы на пэўныя праграмы: праект «Сасакова—Чарнобыль» (выдзелены дыягнастычны комплекс дзіцячаму хірург. цэнтру ў Мінску коштам 10 млн.ням. марак); на развіццё дзіцячай анкалагічнай клінікі ў Мінску (Аўстрыя выдзеліла 2,4 млн. аўстрыйскіх шылінгаў); на міжнар. праект па шчытападобнай залозе Еўрап. бюро Сусв. арганізацыі аховы здароўя (400 тыс. долараў). У 1994 на Беларусі адкрыта прадстаўніцтва Сусв. арганізацыі аховы здароўя (САЗ). У 1995—97 Еўрап. бюро САЗ супрацоўнічала з Рэспублікай Беларусь па мінімізацыі мед. аспектаў наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, ахове мацярынства і дзяцінства (натуральнае выкормліванне), барацьбе са СНІДам і інфекцыйнымі захворваннямі, па інтэграванай праграме прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў. Ажыццяўлялася таксама міжнар. супрацоўніцтва з дабрачыннай арганізацыяй «Дзіцячае сэрца» (Мемфіс, ЗША), з САЗ па інфекцыях, якія перадаюцца палавым шляхам (3 праграмы), па праблемах алергічнай паталогіі ў дзяцей (Рас. акадэмія мед. навук, інстытут педыятрыі). Пагадненнем паміж Швейцарскім упраўленнем па развіцці і супрацоўніцтве і Брагінскім раёнам па рэалізацыі праекта «Здароўе маці і дзіцяці» прадугледжана пастаўка абсталявання для бальніц і амбулаторый, абучэнне персаналу. Грамадская арганізацыя «Беларускі зялёны крыж» устанаўлівае ў Брагінскай раённай бальніцы аўтаматызаваную сістэму кіравання «Мініклініка».
У міжнар. супрацоўніцтве асаблівая ўвага аддаецца сувязям з САЗ. З Еўрап. бюро САЗ работа вядзецца па пытаннях фінансавання аховы здароўя, аховы навакольнага асяроддзя, туберкулёзу і інш. на аснове 2-гадовага плана (2002—03) і працягнута на 2004—05. Развіваецца супрацоўніцтва з Міжнар. агенцтвам па атамнай энергіі (МАГАТЭ) па рэалізацыі праекта «Стварэнне сістэмы гарантыі якасці (кантролю якасці) для рэнтгенаўскіх камп’ютэрных тамографаў у Рэспубліцы Беларусь». Ажыццяўляюцца міжнар. праекты «Развіццё і ўмацаванне службаў і арганізацый, якія займаюцца прафілактыкай ВІЧ і лячэннем наркаманіі сярод спажыўцоў наркотыкаў», «Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІД у Беларусі», «Вывучэнне раку і іншых захворванняў шчытападобнай залозы на Беларусі пасля Чарнобыльскай аварыі» і інш.). Сумесна з Канадскай асацыяцыяй даследчых ін-таў выконваецца міжнар. праект «Комплексная клініка-псіхалагічная ацэнка стану здароўя дзяцей перад паступленнем у школу». Завяршаецца рэалізацыя першай стадыі бел.-амер. праекта «Медыцынская дапамога дзецям, пацярпелым ад катастрофы на ЧАЭС, шляхам развіцця і ўкаранення тэлемедыцыны».
Літ.:
Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;
Короткевич А.Т. Наука в Белоруссии на современном этапе. Мн., 1985;
Сергеева Г.Г. БССР в научном сотрудничестве Советского Союза и социалистических стран (1945—85 гг.). Мн., 1986;
Гурин В.Н., Семененя И.Н. Развитие медико-биологических наук в Республике Беларусь // 70 лет Нац. академии наук Беларуси: Док. и материалы юбилейных торжеств. Мн., 2000;
Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Тищенко Е.М. История здравоохранения Беларуси в XX веке. Гродно, 2001;
Национальный реестр правовых активов Республики Беларусь. 2002, №2;
Здравоохранение в Республике Беларусь: Офиц. стат. сб. Мн., 1990—2003.
Э.А.Вальчук, І.М.Семяненя.
Табліца 1 Медыцынскія кадры ў Беларусі (па ўсіх ведамствах)
1970
1980
1990
2000
2002
Урачы ўсіх спецыяльнасцей
23 384
32 674
41 393
45 456
44 812
на 10 тыс. жыхароў
25,8
33,8
40,5
45,5
45,3
у тым ліку:
тэрапеўтаў
4481
7600
10 727
12 212
11 876
на 10 тыс. жыхароў
4,95
3,87
10,50
12,2
12,0
хірургаў
2169
3453
4825
6169
6173
на 10 тыс. жыхароў
2,40
3,57
4,72
6,2
6,2
акушэраў-гінеколагаў
1309
1936
2265
2645
2680
на 10 тыс. жыхароў
1,45
2,0
2,22
2,6
2,7
педыятраў
2643
3836
5088
4252
4072
на 10 тыс. жыхароў
2,92
3,97
4,98
4,3
4,1
афтальмолагаў
517
652
802
944
952
на 10 тыс. жыхароў
0,57
0,68
0,79
0,9
1,0
неўрапатолагаў
636
942
1105
1432
1446
на 10 тыс. жыхароў
0,70
0,98
1,08
1,4
1,5
отарыналарынголагаў
597
717
761
821
822
на 10 тыс. жыхароў
0,66
0,74
0,74
0,8
0,8
фтызіятраў
888
784
598
550
541
на 10 тыс. жыхароў
0,98
0,81
0,59
0,6
0,5
стаматолагаў
889
1724
3239
4485
4374
на 10 тыс. жыхароў
0,98
1,78
3,17
4,5
4,4
правізараў (сістэма Мін-ва аховы здароўя)
1560
2420
3261
3088
2828
фармацэўтаў (сістэма Мін-ва аховы здароўя)
3784
5197
6133
4571
4189
Колькасць сярэдняга мед. персаналу
няма звестак
94 130
119 880
122 641
123 485
на 10 тыс. жыхароў
-’’-
97,4
117,6
122,8
124,8
Табліца 2 Сетка амбулаторна-паліклінічных і спецыялізаваных устаноў Беларусі (сістэма Міністэрства аховы здароўя)
Колькасць
1970
1980
1990
2000
2002
Паліклінічных аддзяленняў, бальніц і радзільных дамоў
929
808
767
688
643
Самастойных паліклінік і амбулаторый,
260
269
435
572
604
у т. л. ў сельскай мясцовасці
204
204
319
418
447
Стаматалагічных паліклінік
25
48
64
78
78
Дзіцячых паліклінік
274
324
381
357
345
Станцый пералівання крыві
17
17
20
20
20
Станцый хуткай мед. дапамогі
194
194
200
198
197
Санэпідстанцый і санэпідаддзяленняў бальніц
147
153
154
151
151
Фельчарска-акушэрскіх пунктаў
2824
3003
3012
2848
2743
Зубапратэзных майстэрняў (кабінетаў)
201
209
231
233
230
Дэзстанцый
няма звестак
2
4
3
2
Аптэк
1124
1192
1247
няма звестак
1386
Аптэчных пунктаў
3196
3026
3196
-’’-
1293
Процітуберкулёзных дыспансераў (кабінетаў)
207
149
148
162
162
Анкалагічных дыспансераў і кабінетаў
41
81
119
155
162
Дэрматавенералагічных дыспансераў і кабінетаў
189
158
162
188
182
Псіханеўралагічных дыспансераў і кабінетаў
58
136
141
163
160
Эндакрыналагічных дыспансераў і кабінетаў
51
148
188
234
231
Урачэбна-фізкультурных дыспансераў і кабінетаў
37
38
45
15
8
Наркалагічных дыспансераў і кабінетаў
няма звестак
129
141
146
150
Кардыялагічных дыспансераў і кабінетаў
-’’-
159
144
156
164
Аднаўленчага лячэння (рэабілітацыі)
няма звестак
65
98
191
197
Кансультацый па мед. генетыцы
-’’-
няма звестак
4
7
6
Кансультацый «Шлюб і сям’я»
-’’-
няма звестак
7
8
10
Траўматалагічных дыспансераў і кабінетаў
23
57
165
198
200
Табліца 3 Санаторыі, дамы адпачынку, пансіянаты (усе ведамствы)
Установа
1990
2000
2002
Санаторыі і пансіянаты з лячэннем
53
66
69
месцаў у іх, тыс.
13,2
15,8
17,5
абслужана асоб, тыс.
152,2
238,0
259,2
Дзіцячыя санаторыі, пансіянаты
22
25
27
месцаў у іх, тыс.
3,9
4,2
4,8
абслужана асоб, тыс.
25,2
44,7
52,0
Санаторыі-прафілакторыі
119
108
92
месцаў у іх, тыс.
12,0
13,4
11,2
абслужана асоб, тыс.
173,7
161,2
143,0
Дамы і пансіянаты адпачынку
13
11
9
месцаў у іх, тыс.
3,3
1,2
1,6
абслужана асоб, тыс.
58,8
17,9
30,0
Базы і інш. арганізацыі адпачынку
184
133
155
месцаў у іх, тыс.
13,6
15,0
13,5
абслужана асоб, тыс.
58,4
157,7
224,6
Рэнтген-аперацыйнае аддзяленне эндаваскулярнай хірургіі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія». 2004.Брэсцкая цэнтральная гарадская бальніца. 2004.Мінскі Дом міласэрнасці (хоспіс). 2004.Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Гомель, 2004.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІЦТВА
У дарэвалюцыйнай Беларусі будаўніцтвам займаліся пераважна прыватныя падрадныя арг-цыі, рабочыя-сезоннікі. Пабудавана шмат прамысл. прадпрыемстваў, пракладзена густая сетка чыгункі. У 1920 для буд. і рамонтных работ пры СНКБССР створаны Камітэт дзярж. збудаванняў. Вялося буд-ва фабрык запалкавай «Дняпро» ў Рэчыцы, швейнай «Кастрычнік» і абутковай у Мінску, пераабсталяванне прадпрыемстваў па здабычы торфу, аднаўленне прадпрыемстваў харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці. З пачаткам індустрыялізацыі пры Савеце нар. гаспадаркі БССР створана рэсп.буд.арг-цыя «Белдзяржбуд» (1923), якая ў 1926 выканала буд. работ больш чым на 2 млн.руб. У пач. 1-й пяцігодкі ў БССР было 10 падрадных буд. арг-цый, якія выконвалі 25% ад агульнага аб’ёму буд. работ, астатнія — гасп. спосабам. У 1928—32 пабудавана больш за 500 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л.Бел. цеплавая электрастанцыя, Гомельскі з-дс.-г. машынабудавання, Магілёўскі з-д штучнага валакна, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Крычаўскі цэментны з-д, Віцебская швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», Мінская кандытарская ф-ка «Камунарка», 109 электрастанцый, 52 МТС, больш за 600 км чыгункі, 604 тыс.м² жылой плошчы, 27 бальніц, 636 школ, 1284 сельскія крамы. У Мінску ўзведзены Дом урада, Універсітэцкі гарадок, Дом друку.
У працэсе ўдасканальвання структуры кіравання капітальным буд-вам «Белдзяржбуд» рэарганізаваны ў «Белбудаб’яднанне» (з 1930 — «Белдзяржтрэст»), у склад якога ўваходзілі спецыялізаваныя буд. арг-цыі: «Белспецсантэхбуд», «Аддзелбуд», Кантора механізацыі буд. работ; у 1930 створаны «Белкамунбуд», «Мінбуд», «Энергабудмантаж». У 1932 падрадным спосабам выканана 38% усяго аб’ёму будаўніцтва рэспублікі. Павышаўся тэхн. ўзровень буд-ва: у 1923 працавала 2,3 тыс.прафес. будаўнікоў, у 1932—77,5 тыс.чал. У 1933—37 (2-я пяцігодка) капіталаўкладанні склалі 318 млн.руб.: у прамысловасць — 69 млн.руб., у с.-г. — 91, транспарт — 101, жыллёвае буд-ва — 49, аб’екты камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, нар. адукацыі, культуры і навукі — 48 млн.руб. Рост капітальнага буд-ва патрабаваў рэарганізацыі яго кіраўніцтва, пераходу да буйной буд. індустрыі, пашырэння падраднага спосабу буд-ва. У 1938—1-й пал. 1941 (3-я пяцігодка) капіталаўкладанні ў 1,6 раза перавысілі іх аб’ём за мінулую пяцігодку, у т. л. прам-сці на 13%, транспарту на 39,6%, жыллёвага буд-ва на 69,4%, буд-ва аб’ектаў сац.-культ. сферы ў 3,7, гандлю і грамадскага харчавання ў 3,2 раза. За гады даваенных пяцігодак у рэспубліцы створана ўласная буйная прамысловасць, карэнна рэканструяваны дзеючыя і пабудаваны новыя прадпрыемствы буд. матэрыялаў, у т. л. Крычаўскі цэментны з-д (100 тыс.т цэменту за год), Гомельскі шклозавод (2 млн.м² аконнага шкла за год), з-ды сілікатнай цэглы ў Клімавічах і Оршы, механізаваныя з-ды па вытворчасці вапны, Магілёўскі з-д па вытворчасці цэглы метадам сухога прасавання і інш. Большасць цагельных і вапнавых з-даў пераведзена на круглагадовую работу, механізаваны працаёмкія работы ў кар’ерах і пры транспарціроўцы прадукцыі. У 1940 выраблена 295 млн. штук цэглы (3% ад агульнай яе вытворчасці ў СССР), 200 тыс.т цэменту (адпаведна — 3,5%). У перадваенны час уведзена ў дзеянне больш за 1700 прамысл. прадпрыемстваў, 1,3 млн.м жылой плошчы, шмат аб’ектаў культ.-быт. прызначэння і інш.Асн. фонды буд. арг-цый у параўнанні з 1928 павялічыліся ў 8 разоў, вырасла механаўзброенасць буд-ва, якая ў 1940 складала 7,3% (у 1928—1,1%). З ростам тэхн. аснашчанасці буд. арг-цыі павялічвалі аб’ём працы механізаваным спосабам, ствараліся ўмовы для выкарыстання хуткасных метадаў і пераходу на кругласутачнае буд-ва. У 1938 створаны Камітэт па справах буд-ва пры СНКБССР, у 1939 — Нар. камісарыят буд-ваБССР (Наркамбуд).
Пасля Вял.Айч. вайны патрэбы аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі абумовілі павелічэнне маштабаў буд. работ. У 1944—45 больш за 60% капіталаўкладанняў накіравана на аднаўленне машынабуд. прамысловасці і транспарту. У 1944 адноўлена і здадзена ў эксплуатацыю 196 машынабуд., 179 тэкстыльных, 263 швейныя і 487 гарбарнаабутковых прадпрыемстваў, 175 прадпрыемстваў буд. матэрыялаў. На развіццё нар. гаспадаркі рэспублікі ў 1946—50 выдзелена 1339 млн.руб. капіталаўкладанняў, у т. л.дзярж. і кааператыўным прадпрыемствам і арг-цыям 911 млн.руб., калгасам 80 млн.руб., насельніцтву на буд-ва ўласных жылых дамоў і кватэр 348 млн.руб. На буд. работы накіроўвалася 80% капіталаўкладанняў. Буд.-мантажныя работы на аб’ектах вытворчага прызначэння складалі 43,9%, невытворчага — 56,1%. На аднаўленне нар. гаспадаркі ў абласцях з улікам ступені разбурэння выдзелена капіталаўкладанняў (без калгасаў; млн.руб.): Брэсцкай — 139, Віцебскай — 141, Гомельскай — 181, Гродзенскай — 67, Магілёўскай — 128, Мінскай — 137, Мінску — 251. У 1945 у буд-ве працавала 50 тыс. рабочых і служачых. Каб забяспечыць вызначаныя тэмпы капітальнага буд-ва, у першую чаргу аднаўлялася і развівалася прамысловасць буд. індустрыі і буд. матэрыялаў. У Мінску пабудаваны з-ды па вытворчасці вежавых кранаў, буд. дэталей, шлакаблочны, лесапільны і дрэваапрацоўчы камбінаты, блокаў і асфальтабетонны, гіпсавы, цагельны №1 і №10, металаканструкцый, камбінат буд. матэрыялаў; у Баранавічах, Пінску, Полацку — з-ды буд. дэталей. У Гомелі пачалі працаваць з-ды шлакаблочны, клінкерны і буд. дэталей. Уведзены ў дзеянне домабуд. камбінат у Рэчыцы, цагельныя з-ды ў Хойніках, Магілёве, Бабруйску, шыферны з-д у Крычаве і інш. У 1946—50 у рэспубліцы пабудавана 245 прадпрыемстваў. У 1945—47 у Беларусі створаны Мін-ва жыллёва-грамадз.буд-ва, Гал. ўпраўленне прамысловага буд-ва, Гал. ўпраўленне па аднаўленні г. Мінска, а таксама буд. арг-цыі саюзных мін-ваў («Аўтапрамбуд», «Белтрактарабуд», «Станкабуд» і інш.). Для буд-ва ў сельскай мясцовасці жылля і грамадскіх пабудоў у 1945 пры СМБССР створана Упраўленне па справах сельскага і калгаснага буд-ва. У 1951—55 у нар. гаспадарку Беларусі ўкладзена 2178 млн.руб., з якіх 1307 млн.руб. (60%) — на буд-ва аб’ектаў вытворчасці. У галіны сац.-культ. сферы накіравана 871 млн.руб. капіталаўкладанняў. Пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю 1010 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 147 буйных (мінскія трактарны, гадзіннікавы з-ды, камвольны камбінат, Аршанскі з-д швейных машын і інш.). Вял. ўвага аддавалася далейшаму развіццю буд. індустрыі, механізацыі і індустрыялізацыі буд-ва, ператварэнню буд. вытворчасці ў механізаваны паточны працэс зборкі і мантажу будынкаў і збудаванняў з буйнапамерных элементаў і вузлоў. Пабудаваны мінскія з-ды мінеральнай ваты і ацяпляльнага абсталявання, вапнавы, гіпсавалакністых і жалезабетонных вырабаў, Гарынскі з-д вогнетрывалай цэглы, сілікатны з-д у Оршы, Крычаўскі з-д вапнавай мукі і інш. Колькасць прамысл. прадпрыемстваў буд. індустрыі павялічылася з 17 у 1950 да 28 у 1955. Вытворчыя асн. фонды буд. арг-цый рэспублікі за 1950—55 выраслі ў 5 разоў і склалі 240 млн.руб., у т. л. вартасць буд. машын, механізмаў і аўтатранспарту 160 млн.руб. На буд-ве працавала 395 экскаватараў, 455 пад’ёмных кранаў, 76 аўтапагрузчыкаў і інш. Аснашчэнне падрадных арг-цый тэхнікай і механізмамі дало магчымасць у 1955 выканаць буд.-мантажных работ у аб’ёме 1,5 млрд.руб. У 1955 пачата буд-ва 10 з-даў і 20 палігонаў зборнага жалезабетону, выраблена 106 тыс.м³ жалезабетонных вырабаў, што ў 20 разоў перавышала паказчыкі 1950. На развіццё буд. індустрыі затрачана 57 млн. руб.
У выніку перабудовы кіравання прамысловасцю і буд-вам у БССР на базе Мін-вагар. і сельскага буд-ва і Мін-вабуд-ва створана Гал. ўпраўленне буд-ва пры СМБССР — Галоўбуд БССР, у які ўваходзілі 13 агульнабуд. і 8 спецыялізаваных трэстаў. На развіццё эканомікі рэспублікі станоўча паўплываў пераход ад галіновага да тэр. прынцыпу кіравання краінай, у т. л. буд-вам. У 1956—65 здадзена ў эксплуатацыю 246 буйных прамысл. прадпрыемстваў, асвоена капіталаўкладанняў 3716 млн.руб., у 1961—65—6352 млн.руб. Пабудаваны нафтаперапрацоўчы з-ду Наваполацку, 1-ы Салігорскі калійны камбінат (пачата буд-ва і 2-га), Гродзенскі азотна-тукавы камбінат, Гомельскі суперфасфатны, Светлагорскі штучнага валакна, Лідскі лакафарбавы, Пінскі і Нясвіжскі кармавога біяміцыну, Бабруйскі гумава-тэхнічных вырабаў, Барысаўскі пластмасавых вырабаў з-ды. У 1950—60-я г. ствараюцца Жодзінскі аўтазавод, мінскія маторны і халадзільнікавы з-ды, арганізавана вытворчасць аўтамабільных агрэгатаў і вузлоў на спецыялізаваных Гродзенскім, Баранавіцкім, Барысаўскім і Мінскім з-дах. Мінскі трактарны з-д замест тралёвачных гусенічных трактароў стаў выпускаць універсальныя колавыя трактары «Беларусь». У Гомелі пабудаваны падэталёва спецыялізаваныя з-ды нармалізаваных вузлоў і гідраапаратуры для станкабудаўніцтва, пераабсталяваны станкабуд. з-ды ў Оршы і Маладзечне. У 1965 за кошт уласнай вытворчасці Беларусь амаль поўнасцю пакрывала сваю патрэбнасць у чыгунным ліцці і гарачых штампоўках і на 76% у пакоўках. У выніку буд-ва ў Бабруйску спецыялізаванага з-да гумава-тэхн. вырабаў завоз іх у рэспубліку таксама амаль спыніўся. Увядзенне ў дзеянне Баранавіцкага баваўнянага, 2-й чаргі Аршанскага льнокамбіната, Пінскага з-да па вытворчасці штучнай скуры, Брэсцкага дывановага камбіната, некалькіх ільнозаводаў і цэхаў мачэння лёну і інш. стварыла ўзаемазвязаны комплекс прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці У раёнах найбольшых тарфяных масіваў створаны буйныя высокамеханізаваныя торфапрадпрыемствы «Асінторф» у Віцебскай, «Смалявіцкае», «Чырвоны сцяг», «Бярэзінскае» ў Мінскай, «Васілевіцкае» ў Гомельскай, «Бярозаўскае» ў Брэсцкай абласцях. Уведзена ў дзеянне Васілевіцкая ГРЭС, павялічана магутнасць Бярозаўскай ДРЭС. Асн. фонды эксплуатуемых электрастанцый на 2/3 мелі новыя магутнасці. У 1950 уведзены ў эксплуатацыю газаправод Дашава—Мінск, што дазволіла павялічыць спажыванне ў якасці паліва прыроднага газу. Перадумовай выканання праграмы новага буд-ва, рэканструкцыі і пашырэння дзеючых прадпрыемстваў стала ўдасканаленне структуры падпарадкавання і кіравання буд. комплексам. Да 1957 буд-ва вялі ў асноўным рэсп. арг-цыі: Мін-вабуд-ва, «Белкалгасбуд», «Меліявадгас», «Белгандальбуд», «Дарбуд». Значны аб’ём буд.-мантажных работ выконвалі падрадныя арг-цыі саюзных мін-ваў. Пасля стварэння Савета нар. гаспадаркі СССР адбылася рэарганізацыя кіравання буд-вам у рэспубліцы: мін-вы прамысловага, сельскага, спец. і мантажных работ аб’ядналі больш за 90% нізавых падрадных буд. арг-цый, якія выконвалі больш за 95% аб’ёму капітальнага буд-ва. Створаная ў 1956 новая форма падрадных буд. арг-цый «Міжкалгасбуд» выконвала ўсе віды буд-ва ў калгасах, мела сваю асабістую вытворча-тэхн. базу. З 1958 агульнае кіраўніцтва буд. арг-цыямі калгасаў ажыццяўляў «Галоўкалгасбуд БССР». У раёнах створаны матэрыяльна-тэхн. базы ў выглядзе адзінай сістэмы прадпрыемстваў і гаспадарак, якія забяспечвалі буд. работы. Базы буд. індустрыі былі ў Мінску і ўсіх абл. цэнтрах, а таксама ў Наваполацку, Салігорску, Светлагорску, Оршы, Баранавічах, Лідзе, Барысаве, Мазыры, Пінску. Мін-ву прамысловага буд-ва было падпарадкавана 25, Мін-ву сельскага буд-ва — 10 буд. баз. У іх склад уваходзілі асфальтабетонныя з-ды, рамонтна-мех. майстэрні, сродкі механізацыі, склады для захоўвання цэменту, з-ды таварнага бетону і інш. прадпрыемствы.
У 1965 у Беларусі дзейнічала 361 дзярж. і 112 міжгасп. падрадных буд. арг-цый, у якіх працавала 222,3 тыс.чал. Для паспяховага выканання падрадных работ неабходна было ператварэнне буд. вытворчасці ў механізаваны працэс зборкі і мантажу будынкаў і збудаванняў з вузлоў і дэталей, вырабленых на з-дах. На аснове індустрыялізацыі і комплекснай механізацыі буд-ва, выкарыстання новых эфектыўных буд. матэрыялаў, спецыялізацыі прадпрыемстваў па вытворчасці зборнага жалезабетону аб’ёмы яго выпуску на 13 з-дах Мін-вабуд-ваБССР у 1965 склалі 1183 тыс.м³, 10 з-дах Мін-ва сельскага буд-ва — 196 тыс.м³ зборных дэталей і канструкцый. Падрадныя арг-цыі па вытворчасці зборнага жалезабетону вырабілі 66 тыс.м³. У выніку выкарыстання зборных канструкцый у розных галінах буд-ва 62,6% падрадных работ у 1965 выканана індустрыяльнымі метадамі. Індустрыялізацыя буд-ва паўплывала на спецыялізацыю і кіраўніцтва падраднымі арг-цыямі, на ўкараненне новай высокапрадукцыйнай тэхнікі і перадавых метадаў вядзення работ. Узбуйненне буд. арг-цый і перавядзенне іх на гасп. разлік дазволіла скараціць тэрмін буд-ва, павысіць прадукцыйнасць працы, знізіць кошт буд.-мантажных работ, павялічыць эфектыўнасць капіталаўкладанняў. Разам з тым у рэспубліцы дзейнічала шмат пярвічных падрадных арг-цый малой магутнасці, якія пры хуткім росце аб’ёмаў зборнага жалезабетону не маглі забяспечыць яго зборку індустрыяльнымі метадамі. У буд-ве заставалася высокай удзельная вага ручной працы. З-за нізкай тэхналогіі вырабу жалезабетону будоўлі атрымлівалі ўцяжараныя канструкцыі, што адмоўна ўплывала на кошт і эканам. паказчыкі аб’екта, патрабавала вял. расходаў сыравіны, матэрыялаў, паліва, прац. рэсурсаў. У канцы 7-й пяцігодкі праявілася памылковая тэндэнцыя скарачэння вытворчасці цэглы, што прычыніла вял. страты эканоміцы рэспублікі ў наступныя гады. Вял. ўвага аддавалася жыллёваму буд-ву. У 1956—65 на Беларусі пабудавана 692, 1 тыс. кватэр агульнай (карыснай) пл. 29,1 млн.м². Новыя кватэры атрымалі 3,1 млн.чал. (36% насельніцтва рэспублікі). Гарадскі жыллёвы фонд у канцы 1965 склаў 32 млн.м². Значныя сродкі накіроўваліся на буд-ва школ, культ.-бытавых і мед. устаноў. У 1966—90 буд. комплекс займаў асаблівае месца ў вырашэнні задач развіцця і размяшчэння прадукцыйных сіл, стварэння эканам. патэнцыялу рэспублікі і яе рэгіёнаў (гл.табл. 1). У гэты час асвоена больш як 121 млрд.руб. капіталаўкладанняў. У 1966—70 пабудавана 78 буйных прадпрыемстваў, у т. л. Лукомская ДРЭС, камбінат сінтэтычнага валакна ў Магілёве, 3-і калійны камбінат у Салігорску, цэлюлозна-кардонны камбінат у Светлагорску, буйныя магутнасці на Полацкім хім. камбінаце «Палімір». Здадзена ў эксплуатацыю жылых дамоў агульнай (карыснай) пл. 20,4 млн.м². У 1967—70 у сельскай мясцовасці пабудавана 127,5 тыс. кватэр (6,8 млн.м²), 600 агульнаадукацыйных школ, бальніц на 1277 ложкаў, 964 камбінаты быт. абслугоўвання і інш. У 9-й пяцігодцы капіталаўкладанняў асвоена ў 1,5 раза больш, чым у 8-й. Пабудавана 97 буйных прадпрыемстваў, у т. л. Беларускі шынны камбінат у Бабруйску, нафтаперапрацоўчы ў Мазыры, з-даўтам. ліній у Баранавічах, прадзільна-нітачны камбінат у Гродне, інструментальны з-д у Оршы і інш. У 1966—90 бел. будаўнікі выканалі буд.-мантажных работ на 69 млн.руб. У 1990 аб’ём буд.-мантажных работ у параўнанні з 1965 вырас у 3,3 раза, у т. л. падрадным спосабам у 4,2 раза. Сярэднегадавыя тэмпы буд.-мантажных работ склалі 8,3%, прырост таварнай прадукцыі прамысловасці буд. канструкцый, дэталей і матэрыялаў — 10,4%. Прадукцыйнасць працы на буд-ве вырасла ў 3 разы. У праектных арг-цыях Беларусі працавала 30 тыс.чал., якія штогод выконвалі праектныя работы на 250 млн. руб.
Ведамасная раз’яднанасць (падпарадкаванне розным мін-вам, ведамствам, мясц. Саветам) абцяжарвала правядзенне адзінай тэхн. палітыкі ў буд-ве. Павышэнне тэхн. ўзроўню буд. вытворчасці дасягалася за кошт пашырэння аб’ёмаў выкарыстання эфектыўных канструкцый і матэрыялаў, індустрыяльнай тэхналогіі буд.-мантажных работ, укаранення эфектыўных сродкаў механізацыі, абсталявання і павышэння на гэтай аснове ўзроўню комплекснай механізацыі мантажна-буд.. работ, больш сучасных метадаў арганізацыі вытворчасці і працы.
Гэта дазволіла знізіць колькасць працуючых на буд.-мантажных работах. У 1990 фондаўзброенасць буд-ва ў параўнанні з 1965 вырасла ў 2 разы, колькасць буд. машын — у 3,5 раза. У выніку дэстабілізацыі ў кіраўніцтве эканомікай, парушэння сістэмы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння тэмпы росту прадукцыйнасці ў буд. комплексе рэспублікі знізіліся. Скарацілася колькасць дзярж. пярвічных падрадных буд. і мантажных арг-цый. У 1985 іх было 1144, у 1990—1090. Размяшчэнне прадпрыемстваў буд. комплексу па рэгіёнах рэспублікі было нераўнамернае, што павялічвала нерацыянальныя трансп. выдаткі. Такое становішча было выклікана недастатковым выдзяленнем капіталаўкладанняў на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы буд. комплексу, іх удзельная вага ад агульных аб’ёмаў капіталаўкладанняў у развіццё нар. гаспадаркі ў рэспубліцы была ніжэйшая, чым у цэлым na СССР і ў суседніх рэспубліках. Тым не менш у 1986—90 аб’ёмы капіталаўкладанняў выраслі да 39 млн.руб. і павялічыліся на 37,8%, у сельскай гаспадарцы — на 53,7%, развіццё асабістай базы буд-ва — на 32,7%, магутнасцей прамысловасці — на 22,6%, удзельная вага капіталаўкладанняў у прамысловасці знізілася з 34,6% да 30,8%. Капіталаўкладанні накіроўваліся пераважна ў машынабудаванне і металаапрацоўку (выраслі на 28,9%), лясную, дрэваапрацоўчую і цэлюлозна-папяровую прамысловасць (адпаведна 38,9%), прамысловасць буд. матэрыялаў (38,6%). Працягвалася пераўзбраенне матэрыяльна-тэхнічнай базы, укараненне высокапрадукцыйнага абсталявання. Капіталаўкладанні ў перапрацоўчыя галіны прамысловасці павялічыліся ў 1,7 раза, у лёгкую прамысловасць на 41,1%. Пераважнай формай узнаўлення асн. фондаў у прамысловасці сталі рэканструкцыя і пераўзбраенне. Затраты на іх выкананне ў 1990 склалі 68,9%, на пашырэнне — 13,2%, на новае буд-ва прадпрыемстваў — 17,9%, агульнага аб’ёму капіталаўкладанняў. У лёгкай прамысловасці затраты на рэканструкцыю і тэхн. пераўзбраенне склалі 87,5%, харчовай — 71,4%, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай — 73,7%, прамысловасці буд. матэрыялаў — 50,9%. Павялічыліся капіталаўкладанні ў невытворчае буд-ва. За кошт усіх крыніц фінансавання яны склалі 30,3% ад агульнага аб’ёму, у т. л. на развіццё культуры выраслі ў 2,9 раза, нар. адукацыі — на 65,5%, жылога буд-ва — на 46,8%. Тым не менш становішча ў буд-ве не адпавядала патрабаванням аздараўлення эканомікі. Зрыў планаў па ўвядзенні ў дзеянне асобных магутнасцей і аб’ектаў стаў адной з прычын нарастаючай матэрыяльнай незбалансаванасці ў нар. гаспадарцы. Бясплатнасць і незваротнасць дзярж. цэнтралізаваных капіталаўкладанняў прывялі да неабмежаванага інвестыцыйнага попыту, які не скараціўся і пасля пераводу прадпрыемстваў на самафінансаванне ва ўмовах існуючай у той час гасп. сістэмы. У выніку непамерна пашыраўся фронт незавершанага буд-ва. З-за празмерна вял. колькасці аб’ектаў, якія будаваліся адначасова, пры тэрмінах буд-ва, што ў 2—3 разы перавышалі нарматыўныя, у канцы 1990 незавершанае буд-ва ў дзярж. і кааператыўных прадпрыемствах і арг-цыях (без калгасаў) да агульнага аб’ёму капіталаўкладанняў вырасла да 70%, у 1985 гэты паказчык складаў 52%. У 1988 у дзеянне не ўведзены кожны трэці аб’ект дзярж. заказу. З 24 пускавых аб’ектаў дзярж. заказу 1989 здадзены ў эксплуатацыю толькі 11 (46%). У 1990 незавершанага буд-ва аб’ектаў вытворчага прызначэння было на 19% больш, чым у 1989. Рост незавершанага буд-ва суправаджаўся назапашваннем неўстаноўленага абсталявання. На 1.1.1990 запасы неўстаноўленага абсталявання склалі 11% да паступіўшага з пач.буд-ва, з іх 7% замежнае. Акрамя таго, 9% абсталявання было зманціравана, але не ўведзена ў дзеянне.
Пераход капітальнага буд-ва на прынцыпы рыначных адносін змяніў арганізацыю буд. вытворчасці і кіравання, матэрыяльнага забеспячэння, структуры буд. арг-цый, адносіны з субпадрадчыкамі і інш. Адным з гал. кірункаў фарміравання рыначных адносін у капітальным буд-ве стаў адыход ад замацавання заказчыкаў да падрадчыкаў і пераход да рынку падрадных работ. Рыначныя адносіны ў капітальным буд-ве патрабавалі дэцэнтралізацыі яго кіравання. У якасці асновы рэгіянальнай арганізацыі буд-ва створаны буд. аб’яднанні як адзіныя вытворча-гасп. комплексы з замкнутым цыклам буд-ва аб’ектаў, якія знаходзяцца на гасп. разліку і нясуць поўную матэрыяльную адказнасць за арганізацыю буд-ва і ўвод у дзеянне аб’ектаў. Пераход да рыначнай эканомікі ў капітальным буд-ве садзейнічаў фарміраванню форм уласнасці, стварэнню малых прадпрыемстваў і арг-цый, кааператываў, арэндных прадпрыемстваў, што дазволіла арганізаваць праектна-буд. і інш. фірмы з пераходам на конкурснасць пры праектаванні і буд-ве аб’ектаў. На этапе пераходу да рыначных адносін дынаміка і структура інвестыцый складвалася пад уплывам такіх важных працэсаў, як прыватызацыя і раздзяржаўленне дзярж. маёмасці, змяненне галіновай структуры эканомікі, развіццё жорсткай канкурэнцыі паміж таваравытворцамі, барацьба за рынкі рэалізацыі прадукцыі і паслуг. У сферы інвестыцый для пераходнага перыяду характэрным стала зніжэнне аб’ёмаў дзярж. інвестыцый, павышэнне ролі недзярж. крыніц фінансавання, скарачэнне выпуску тавараў вытворчага прызначэння. У гэтых умовах у Беларусі склалася крызісная інвестыцыйная сітуацыя. Адбыўся глыбокі спад інвестыцыйнай актыўнасці (гл.табл. 2). Значнае змяншэнне інвестыцый у асноўны капітал адбылося ў 1990—96. За гэты час індэксы інвестыцый у супастаўных цэнах у працэнтах да папярэдняга года знізіліся і склалі 69% у 1995 да 1994, 95,2% у 1996 да 1995. З 1997 пачаўся пераход да станоўчай тэндэнцыі ў дынаміцы інвестыцый. Іх рост у 1997 да 1996 склаў 119,6%, у 1998 адпаведна — 125%, у 1999—92%, у 2000—102%, у 2001—96,5%, у 2002—106%. Аднак аб’ём інвестыцый у асн. капітал да 1990 склаў у 1995 усяго 39%, у 2001—50%, у 2002—52%. Увод у дзеянне жылых дамоў да базавага 1990 у 1995 склаў толькі 37%, у 2001—57%, у 2002 зноў знізіўся да 53%. Рэзка скараціліся інвестыцыі ў асноўны капітал прамысловасці. Да аб’ёму інвестыцыйных укладанняў 1990 яны знізіліся да 48%. У наступныя гады адбыўся рост інвестыцый у асн. фондаўтваральную галіну, але іх аб’ём у 2002 да ўзроўню 1990 склаў толькі 63%. Асабліва глыбокі крызіс адбыўся ў інвестыцыйнай сферы сельскай гаспадаркі — інвестыцыі ў асн. капітал гэтай галіны ў 2001 склалі ўсяго 8% да ўзроўню 1990. Прычыны гэтага ў значным пагаршэнні якаснага стану вытворчага патэнцыялу і хранічным недахопе фінансавых і інвестыцыйных рэсурсаў (і ўнутраных, і знешніх). Фізічны знос актыўнай часткі асн. фондаў у цэлым па краіне складае больш за 75%, у прамысловасці — 80%, у машынабудаванні і металаапрацоўцы — 84%, у буд-ве — 79%, у с.-г. — 79%, на транспарце — 66%. Такая сітуацыя абумоўлена не толькі ўстарэлым вытворчым патэнцыялам (каэфіцыент зносу актыўнай часткі асн. фондаў склаў у 1990 па нар. гаспадарцы 39%, у прамысловасці — 50%, у машынабудаванні і металаапрацоўцы — 58%), але недаінвесціраваннем рэальнага сектара эканомікі. Калі ВУП у 2002 у адносінах да 1990 склаў 96,6%, то інвестыцыі толькі 52%. Пры гэтым найб. спад інвестыцый адбываўся ў навукаёмістых, экспартаарыентаваных і фондаўтваральных галінах: у машынабудаванні ў 2 разы, радыёпрамысловасці — у 20 разоў, электроннай прамысловасці больш чым у 11 разоў, у галіне «навука і навуковае забеспячэнне» — амаль у 8 разоў. У той жа час прасочваецца далейшая тэндэнцыя зніжэння інвестыцый у рэальны сектар эканомікі за кошт сродкаў бюджэту і цэнтралізаванага эмісійнага крэдытавання. Скарачаюцца фінансавыя магчымасці суб’ектаў гаспадарання, рэнтабельнасць якіх у прамысловасці (з адносна кароткім вытворчым цыклам) з кожным годам пагаршаецца. Праблемы гэтага ў самой інвестыцыйнай сферы выкліканы тэхналагічнай і ўзнаўленчай структурай укладанняў, значнымі памерамі незавершанага буд-ва. Інвестыцыі на буд.-мантажныя работы складаюць 48%, на абсталяванне, інструмент і інвентар — 33%. У галіновай структуры інвестыцый удзельная вага прамысловасці за 1990—2001 павысілася з 24,4% да 31,2%. Павысілася доля інвестыцый у транспарце, сувязі, жыллёвым буд-ве, камунальнай гаспадарцы, ахове здароўя. Разам з тым у галіновай структуры знізіліся інвестыцыі сельскай гаспадаркі з 2,5% да 2%, культуры — з 0,8 да 0,7%, навукі — з 1,1 да 0,1%. У такой інвестыцыйнай сітуацыі у мэтах забеспячэння высокіх і ўстойлівых тэмпаў росту эканомікі, далейшых рыначных пераўтварэнняў у сац. сферы, павышэння канкурэнтаздольнасці і эканам. бяспекі рэспублікі патрабуюцца значныя інвестыцыйныя ўкладанні. Фактычнае становішча сведчыць аб недаінвесціраванні эканомікі ў 2001—03. У сярэднім за гэты перыяд за год асвойвалася 2 млрд. долараў ЗША, г.зн. 66% да неабходнага аб’ёму інвестыцый. Пры абмежаванасці ўнутр. крыніц інвестыцый павялічваецца значэнне знешняга фінансавання, асабліва атрымання прамых замежных інвестыцый (у 1990—2000 аб’ём прамых замежных інвестыцый у Беларусі быў адным з найменшых сярод краін Цэнтр. і Усходняй Еўропы і склаў 1,6 млрд. долараў ЗША).
Літ.:
Малинин С.Н., Иппа М.М. Экономика Белорусской ССР и перспективы ее развития. М., 1960;
Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти. Мн., 1970;
Лис А.Г. Проблемы развития и размещения производительных сил Беларуси. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Агульныя звесткі
Рэспубліка Беларусь — дзяржава ў цэнтры Еўропы. Яе тэрыторыя складае 207,6 тыс.км² (па плошчы перавышае шэраг еўрап. краін, у т. л. Грэцыю, Партугалію, Аўстрыю, Данію, Нідэрланды, Чэшскую Рэспубліку, Венгрыю і інш.). Насельніцтва 9849,1 тыс. чалавек (на 1.1.2004; 15-е месца ў Еўропе). Паўночны пункт Беларусі (56° 10′паўн. ш.) каля Асвейскага возера, паўднёвы (51°16′паўн. ш.) — на р. Дняпро непадалёку ад г.п. Камарын, заходні (23° 11′усх. д.) — на р.Зах. Буг, непадалёку ад г. Высокае, усходні (32°47′усх. д.) — непадалёку ад г.п. Хоцімск. Працягласць тэрыторыі з поўначы на поўдзень 560 км, з захаду на ўсход — 650 км; даўжыня дзярж. граніц 2969 км. Беларусь мяжуе на ПнЗ з Літвой, на Пн з Латвіяй, на ПнУ і У з Расіяй, на Пд з Украінай, на З з Польшчай. У адм. адносінах Беларусь падзяляецца на 6 абласцей і 118 раёнаў. У краіне 110 гарадоў, 101 пасёлак гар. тыпу, 24 022 сельскія населеныя пункты (на 1.1.2004). Сталіца — г. Мінск.
Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Асноўны закон — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 24.11.1996). Сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. Асноўная рэлігія — хрысціянства (праваслаўе і каталіцызм). Нацыянальнае свята — Дзень Рэспублікі (3 ліпеня). Грашовая адзінка — рубель (разліковы білет Нацыянальнага банка Беларусі).
Дзяржаўны лад. Дзярж. ўладу ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Парламент і Урад Рэспублікі Беларусь, суды Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік дзяржавы — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам дзяржавы, складаецца з 2 палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Выканаўчая ўлада належыць Ураду — Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь на чале з прэм’ер-міністрам. Мясц. кіраванне і самакіраванне ажыццяўляецца праз мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы.
Беларусь — член 48 міжнар. арганізацый і іх органаў, у т. л. член-заснавальнік Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1945).
Беларусь займае зах. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны ў межах басейнаў сярэдняга цячэння рэк Дняпро (з буйнымі прытокамі Бярэзіна, Прыпяць, Сож), Зах. Дзвіна і верхняга цячэння р. Нёман.
У геалагічных адносінах тэр. Беларусі размешчана на захадзе Рускай пліты — буйной тэктанічнай структуры Усх.-Еўрапейскай дарыфейскай платформы. У разрэзе зямной кары вылучаюцца 2 ярусы: стараж. ніжні крышталічны фундамент і верхні платформавы чахол. Крышталічны фундамент залягае на глыбіні ад 20—100 м (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 5—6 км (Прыпяцкі прагін). Складзены з метамарфічных і магматычных парод архею і ніжняга пратэразою. Паводле глыбіні залягання паверхні фундамента вылучаюць некалькі буйных рэгіянальных структур: дадатныя — Беларуская антэкліза і зах. схіл Варонежскай антэклізы; адмоўныя — Прыпяцкі прагін, Падляска-Брэсцкая і Аршанская ўпадзіны. Пераходнае і нейтральнае становішча займаюць Жлобінская, Латвійская, Брагінска-Лоеўская і Палеская седлавіны. Платформавы чахол магутнасцю ад некалькіх дзесяткаў метраў да 5—6 км практычна ўкрывае ўсю тэр. Беларусі. Ён складзены з неметамарфізаваных асадкавых парод, геалагічны ўзрост якіх не перавышае 1,5 млрд. гадоў. Адклады платформавага чахла ахопліваюць усе геалагічныя эпохі і залягаюць у выглядзе гарызантальных слаба нахіленых або спадзіста-хвалістых слаёў, тоўшчаў. Антрапагенавыя адклады магутнасцю ад некалькіх метраў да 325 м (сярэдняя 80 м) займаюць верхні ярус платформавага чахла і залягаюць паўсюдна.
Карысныя выкапні Беларусі прымеркаваны пераважна да адкладаў платформавага чахла. Выяўлена больш за 5 тыс. радовішчаў і пакладаў. Паліўна-энергетычныя рэсурсы фарміруюць запасы нафты (65 радовішчаў; пачатковыя рэсурсы 355,5 млн.т), бурага вугалю (агульныя запасы Жыткавіцкага, Брынёўскага і Тонежскага радовішчаў 152 млн.т), торфу (9,2 тыс. радовішчаў; запасы да пачатку распрацоўкі 5,7 млрд.т, 2-е месца ў свеце пасля Расіі), гаручых сланцаў (прагнозныя запасы каля 8.8 млрд.т). Нярудныя карысныя выкапні прадстаўлены буйнымі радовішчамі калійных і каменных солей (Старобінскае і Петрыкаўскае; прамысловыя запасы 10 млрд.т), каменнай солі (Мазырскае, Старобінскае, Давыдаўскае; запасы 22,9 млрд.т), даламітаў (10 радовішчаў; запасы 1,2 млрд.т), фасфарытаў (Лабковіцкае і Мсціслаўскае; запасы 402 млн.т), цэментавай сыравіны (Камунарскае — разведаныя запасы 385,5 млн.т, Калінкавіцкае — 119,3 млн.т), вогнетрывалых і тугаплаўкіх глін (6 радовішчаў; запасы 55,1 млн.м³), легкаплаўкіх глін (232 радовішчы; запасы 250 млн.м³), будаўнічага каменю (Мікашэвіцкае і Глушкавіцкае), шкловых пяскоў (3 радовішчы; запасы 15,4 млн.м³), будаўнічых пяскоў (108 радовішчаў), пясчана-жвіровага матэрыялу (158 радовішчаў). Рудныя карысныя выкапні адкрыты ў радовішчах магматычных (Навасёлкаўскае; перспектыўныя запасы 165 млн.т) і метамарфічных (Аколаўскае; разведаныя запасы 175,4 млн.т на глыбіні 700 м) жалезных руд. Каштоўным прыродным багаццем з’яўляюцца прэсныя і мінеральныя падземныя воды; разведана каля 250 радовішчаў прэсных падземных вод з агульнымі запасамі больш за 6 млн.м³ за суткі і больш за 80 крыніц мінеральных вод з агульнымі запасамі больш за 20 тыс.м³ за суткі.
Рэльеф Беларусі ў значнай меры абумоўлены дзейнасцю антрапагенавых ледавіковых зледзяненняў. Сярэдняя вышыня тэрыторыі складае каля 160 м над узроўнем мора. Абсалютныя вышыні вагаюцца ад 80 м (урэз вады р. Нёман каля мяжы з Літвой) да 345 м (г. Дзяржынская на паўд. захадзе Мінскага ўзвышша). Каля 3/4 тэр. Беларусі займаюць нізіны і раўніны з абсалютнымі вышынямі да 200 м, 1/4 — узвышшы (разам з рачнымі далінамі і міжградавымі паніжэннямі). Паводле марфалагічных асаблівасцей рэльефу, яго паходжання і геалагічнага ўзросту на тэр. Беларусі вылучаюць 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады, раўніны і нізіны Перадпалесся, Палеская нізіна.
Клімат Беларусі ўмерана кантынентальны са значным уплывам атлантычнага марскога паветра (прыносіць цыклоны), у меншай ступені — кантынентальнага і арктычнага паветра. Прыход сонечнай радыяцыі абумоўлены размяшчэннем тэр. Беларусі паміж 56° і 51°паўн. шыраты і нарастае з Пн на Пд ад 3500 да 4100 МДж/м². Радыяцыйны баланс за год дадатны (1500—1800 МДж/м²). Працягласць фактычнага сонечнага ззяння павялічваецца з Пн на Пд ад 1730 да 1950 гадзін. Тэмпературны рэжым характарызуецца дадатнымі сярэднегадавымі тэмпературамі паветра. На Пн Віцебскай вобл. яны складаюць 4,4 °C, на крайнім ПдЗ Брэсцкай вобл. 7,4 °C. У студзені сярэдняя тэмпература мяняецца ад -4,1 °C на ПдЗ да -8,4 °C на ПнУ, у ліпені ад 17 °C на Пн да 19 °C на Пд. Колькасць дзён са снегавым покрывам павялічваецца ад 70 на ПдЗ да 130 на ПнУ. Беларусь размешчана ў зоне дастатковага ўвільгатнення. Гадавая сума ападкаў складае 550—650 мм на нізінах і 650—750 мм на раўнінах і ўзвышшах. У зімовы і познавосеньскі перыяд (а таксама ў начны час ва ўсе сезоны) адносная вільготнасць паветра перавышае 80%, у вясенне-летні перыяд удзень складае 54—63%. У асобныя гады ў пачатку лета адзначаецца засуха. Ветравы рэжым абумоўлены заходнім пераносам паветраных мас. Зімой часцей дзьмуць вятры з ПдЗ, летам — з ПнЗ. Сярэднегадавыя скорасці ветру на адкрытых участках каля 4 м/с, у катлавінах каля 3 м/с. Працягласць вегетацыйнага перыяду павялічваецца ад 184 сутак на ПнУ да 185—195 у цэнтральнай частцы і 200—205 у паўднёва-зах. раёнах. Для клімату Беларусі характэрны некаторыя адмоўныя фактары: няўстойлівы характар надвор’я вясной і восенню, мяккая з частымі адлігамі зіма, часта дажджлівае лета, недахоп вільгаці ў пачатку лета, познія веснавыя і раннія асеннія замаразкі. Паводле характару размеркавання цяпла і вільгаці на тэр. Беларусі вылучаюць 3 кліматычныя вобласці: Паўночная — умерана цёплая і вільготная, Цэнтральная — цёплая, умерана вільготная, Паўднёвая — цёплая, няўстойліва вільготная.
Гідраграфічная сетка Беларусі даволі густая. Яна складаецца са шматлікіх рэк, азёр і вадасховішчаў. Рэкі адносяцца да басейнаў Чорнага (58% тэр.) і Балтыйскага (42%) мораў. Колькасць рэк перавышае 20,8 тыс., сумарная іх даўжыня 90,6 тыс.км. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Найбуйнейшыя рэкі: Дняпро (з прытокамі Прыпяць, Сож, Бярэзіна), Зах. Дзвіна, Нёман (з прытокам Вілія). Сярэдняя гадавая велічыня рачнога сцёку на Беларусі 57,1 км³, у т. л. ў межах краіны фарміруецца 36,4 км³. Ледастаў звычайна ўтвараецца ў студзені, рэкі пад лёдам знаходзяцца ад 80 да 140 сутак. Азёр на Беларусі больш за 10 тыс. (з іх каля 9 тыс. — старычныя вадаёмы плошчай менш за 10 га у поймах рэк Дняпро і Прыпяць), сумарная іх плошча каля 1,6 тыс.км². Найбуйнейшыя азёры размешчаны ў Беларускім Паазер’і ў катлавінах падпруднага тыпу: Нарач (79,6 км²), Асвейскае (52,8 км²), Лукомскае (36,7 км²), Дрывяты (36,1 км²), Нешчарда (27,4 км²). На рэках Беларусі створана каля 130 вадасховішчаў (без азёрных) агульнай плошчай 799 км². Найбуйнейшыя вадасховішчы: Вілейскае — 64,6 км², Заслаўскае — 25,6 км², Чырвонаслабодскае — 23,6 км², Салігорскае — 23,1 км², Любанскае — 22 км² і інш. Яны вызначаюцца комплексным выкарыстаннем (водазабеспячэнне, рыбная гаспадарка, рэкрэацыя). Рэкі Беларусі маюць патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы ў 1 млн.кВт. Працягласць суднаходных шляхоў 3,9 тыс.км.
Глебавае покрыва Беларусі сфарміравалася пасля адступання апошняга паазерскага ледавіка. У залежнасці ад воднага рэжыму глебы падзяляюцца на аўтаморфныя (52.9% тэр.), паўгідраморфныя (27%) і гідраморфныя (20,1%). Найб. распаўсюджаны нармальна ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя глебы (займаюць 33.05% сельскагаспадарчых угоддзяў), якія сфарміраваліся на марэнных, лёсападобных і водна-ледавіковых адкладах. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (33,8% сельскагаспадарчых угоддзяў) пашыраны на раўнінных паніжэннях з запаволеным сцёкам паверхневых або блізкім заляганнем грунтавых вод. Дзярновыя забалочаныя (пераўвільготненыя) глебы сустракаюцца ў паніжэннях з неглыбокім заляганнем грунтавых вод (Беларускае Палессе), яны займаюць 11% сельскагаспадарчых угоддзяў (пераважна сенажаці). Тарфяна-балотныя глебы (15%) пасля правядзення меліярацыі па ўзроўні ўрадлівасці займаюць 3-е месца (пасля дзярнова-карбанатных і поймавых). Поймавыя (алювіяльныя) глебы сфарміраваліся на рачных адкладах пад уплывам затаплення ў часы паводак (7,2%). Менш пашыраны бурыя лясныя глебы з высокай прадукцыйнасцю (маюць гумусу да 3—9%), дзярнова-карбанатныя (0.2% сельскагаспадарчых угоддзяў. у Брэсцкай, Мінскай, Магілёўскай абласцях).
Паводле механічнага складу глебы падзяляюцца на пясчаныя. супясчаныя, сугліністыя і гліністыя. Урадлівыя сугліністыя глебы займаюць 23% сельскагаспадарчых угоддзяў і прымеркаваны да марэнных адкладаў стужачных глін, лёсападобных суглінкаў, алювіяльных адкладаў рачных поймаў. Найменш урадлівыя пясчаныя глебы (19,1%) пашыраны на нізінах. Гліністыя высокаўрадлівыя глебы займаюць менш за 0,1% сельскагаспадарчых угоддзяў. Найвышэйшую ацэнку (бал банітэту 63—100) на Беларусі маюць дзярновыя і дзярнова-карбанатныя глебы. Бал банітэту дзярнова-падзолістых глеб складае 18—75, дзярнова-падзолістых забалочаных — 27—75, тарфяна-балотных — 36—75, поймавых — 31—88. Сярэдні бал ворных зямель Беларусі — 36 (найвышэйшы ў Нясвіжскім раёне — 48, найніжэйшы ў Лельчыцкім раёне — 28). Узровень урадлівасці паніжае завалуненасць і камяністасць глеб (больш за 9% усіх ворных зямель). Прыродныя ўмовы Беларусі садзейнічаюць развіццю эрозіі глеб. Агульная плошча эрадзіраваных і эразійна небяспечных с.-г. зямель 556,5 тыс.га, з іх 479,5 тыс.га пад ворывам.
Важным антрапагенным фактарам, які змяніў структуру землекарыстання на Беларусі за апошнія 50 гадоў, з’явілася буйнамаштабная меліярацыя, накіраваная на змену прыроднага воднага рэжыму. Асушальная меліярацыя праведзена на 3,4 млн.га зямель, з якіх 2,9 млн.га складаюць сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Пад ворыва выкарыстоўваюць каля 1,3 млн.га, пад сенажаці і пашу — 1,6 млн.га асушаных сельскагаспадарчых угоддзяў.
Велізарную шкоду зямельнаму фонду прычыніла аварыя на Чарнобыльскай АЭС, у выніку якой радыеактыўна забруджана 23% тэр. Беларусі, дзе пражывала 2,2 млн. чалавек. У наш час сельскагаспадарчая вытворчасць вядзецца на 1351 тыс.га зямель, якія забруджаны цэзіем-137 са шчыльнасцю больш за 1 Ku/км².
Расліннае покрыва Беларусі прадстаўлена ляснымі, лугавымі і балотнымі фітацэнозамі (займаюць каля 67% тэр.). У сучаснай флоры Беларусі каля 1650 відаў сасудзістых раслін, сярод якіх пераважаюць травы (91%); каля 1500 відаў). Пейзажную разнастайнасць ландшафтаў фарміруюць дрэвавыя расліны (108 дзікарослых і каля 1,5 тыс. інтрадукаваных з іншых прыродна-геаграфічных зон), з іх 27 мясц. відаў дрэў, каля 60 відаў кустоў, 15 паўкустоў і 8 кусцікаў. Акрамя вышэйшых раслін флора Беларусі ўключае больш за 1.5 тыс. відаў грыбоў, больш за 2 тыс. відаў водарасцей, каля 500 відаў лішайнікаў і 450 мохападобных. Унікальнае багацце флоры ствараюць рэліктавыя расліны Беларусі: піхта белая, плюшч звычайны, гарлачык малы, вадзяны арэх, чыставуст каралеўскі, валжанка двухдомная, рададэндран жоўты, воўчая ягада, баравік, луннік ажываючы і інш.
Лясны фонд Беларусі складае 9,2 млн.га (44,5% тэр.), непасрэдна пад лесам занята 7,8 млн.га (38% тэр.). Агульны запас драўніны лясоў Беларусі ацэньваецца ў 1093,2 млн.м³. Сярэдні ўзрост дрэвастою 49 гадоў, спелыя і прыспяваючыя лясы займаюць каля 13% тэр.; запасы спелых насаджэнняў складаюць 137 млн.м5. Лугі займаюць 3,2 млн.га (15,4% зямельнага фонду). У натуральным стане знаходзіцца 1,7 млн.га балот (8,2% тэр. краіны).
Жывёльны свет Беларусі налічвае больш за 31 тыс. відаў. Фауна пазваночных прадстаўлена 466 відамі. У яе складзе 76 відаў млекакормячых з 6 атрадаў: насякомаедных — 11 відаў, рукакрылых — 17, драпежных — 15, зайцападобных — 2, грызуноў — 26, парнакапытных — 5 відаў. Найб. разнастайнасцю вылучаюцца птушкі — 309 відаў, з якіх 227 відаў гняздуюцца на Беларусі. Земнаводныя і паўзуны прадстаўлены 13 відамі амфібій і 7 відамі рэптылій. У складзе іхтыяфауны 58 відаў рыб і 3 віды міног. Беспазваночных жывёл у розных тыпах ландшафтаў зарэгістравана больш за 30 тыс. відаў, з іх найб. шматлікія — насякомыя, прадстаўнікі 26 атрадаў (каля 70% усіх відаў). Сучасны жывёльны свет сфарміраваўся ў цеснай сувязі з развіццём ландшафтаў (асабліва расліннасці) пасля адступання ледавіковага покрыва каля 12—14 тыс.г. назад.
Прамысловае значэнне маюць 19 відаў млекакормячых (лось, дзік, казуля, алень, воўк, 2 віды зайцоў, андатра, бабёр і шэраг інш. відаў пушных звяроў), 30 відаў птушак (вадаплаўныя, глушэц, цецярук), 29 відаў рыб, 1 від рэптылій (гадзюка звычайная), 2 віды беспазваночных (рак вузкапальцы і смоўж вінаградны).
Ахова прыроды на Беларусі праводзіцца шляхам стварэння сеткі запаведнікаў, нацыянальных паркаў, заказнікаў і інш. Сусветную вядомасць мае нац. парк «Белавежская пушча», уключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў культурнай і прыроднай спадчыны. Шырока вядомы Бярэзінскі біясферны запаведнік, нац. паркі «Браслаўскія азёры», «Нарачанскі», «Прыпяцкі». На Беларусі 97 заказнікаў рэсп. значэння, 337 помнікаў прыроды рэсп. значэння. У краіне ахоўваецца 104 віды пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Насельніцтва. Першыя сляды пранікнення чалавека на тэр. Беларусі адзначаны перыядам 100—35 тыс.г. назад. Поўнасцю заселена чалавекам тэр. краіны на працягу 12—9 тыс. гадоў назад. Працэс фарміравання бел. народнасці як моўнага тэрытарыяльнага, эканам. і культурнага згуртавання пачаўся ў 13—14 ст. і завяршыўся ў 15 ст. Развіццё этнасацыяльных, эканам. і цывілізацыйных працэсаў у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. прывяло да ператварэння бел. народнасці ў самастойную нацыю, якая актыўна ўдзельнічала ва ўсіх еўрап. падзеях апошняга стагоддзя.
Паводле перапісу 1999 колькасць насельніцтва Беларусі ў параўнанні з першым пасляваенным перапісам 1959 павялічылася на 25% і склала 10045,2 тыс. чалавек. Асновай росту колькасці насельніцтва Беларусі на працягу шматвяковай гісторыі з’яўляецца натуральны прырост. У сярэдзіне 20 ст. ён складаў каля 18 чалавек на 1000 насельніцтва пры сярэднегадавым узроўні нараджальнасці 24—25 чалавек на 1000 насельніцтва. Да сярэдзіны 1980-х г. пачалося зніжэнне ўзроўню натуральнага прыросту да 6—9 чалавек на 1000 насельніцтва пры нараджальнасці 13—16 чалавек на 1000 насельніцтва, што прывяло да паніжэння абсалютных памераў натуральнага прыросту насельніцтва з 146,2 тыс. чалавек у 1960 да 50 тыс. чалавек у 1989. У выніку запавольвання натуральных узнаўляльных працэсаў і крызісных з’яў на мяжы 1990-х г., выкліканых эканам. трансфармацыяй і экалагічнай катастрофай у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, узнаўленне насельніцтва рэзка скарацілася, а ў 1994—2002 набыло выразныя рысы дэпапуляцыі. У 2002 колькасць памерлых перавысіла колькасць народжаных у 1,65 раза.
Сучасная дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі характарызуецца далейшым памяншэннем удзельнай вагі дзяцей і моладзі, павелічэннем долі пажылых людзей. У наш час кожны пяты жыхар краіны знаходзіцца ў пенсіённым узросце. Агульная колькасць працоўных рэсурсаў у 2003 складала 6,1 млн.чал. (62% ад усяго насельніцтва). Суадносіны насельніцтва паводле полу: мужчын 46,9%, жанчын 53,1%. У 2003 працягласць жыцця складала 68,5 года (62,7 года для мужчын, 74,7 года для жанчын).
Беларусь — урбанізаваная краіна, 71% насельніцтва жыве ў гар. паселішчах, у т. л. ў буйных гарадах (больш за 100 тыс.ж.) — 2/3 гар. насельніцтва, у Мінску — 1/4 (1,7 млн.ж.).
На 1.1.2004 насельніцтва Беларусі складала 9849,1 тыс. чалавек. Паводле перапісу 1999 81,2% жыхароў краіны склалі беларусы, 11,4% — рускія, 3,9% — палякі, 2,4% — украінцы, 0,3% — яўрэі, 0,8% — астатнія нацыянальнасці (армяне, татары, цыганы, літоўцы, азербайджанцы, немцы, малдаване і інш.).
Прамысловасці належыць вядучая роля ў гаспадарцы Беларусі. У ёй ствараецца каля палавіны ўсяго нац. даходу, сканцэнтравана больш за 40% асноўных вытворчых фондаў, працуе 26% усіх занятых у эканоміцы; яна валодае магутным навук. і вытворчым патэнцыялам. У прамысловасці краіны дзейнічае 2,3 тыс. прадпрыемстваў (2003). Гал. галіны прамысловасці — машынабудаванне і металаапрацоўка (21,8% аб’ёму ўсёй прамысл. прадукцыі, 2003), харчовая (17,2%), паліўна-энергетычная (24%), хім. і нафтахім. (12,1%), лёгкая (6,3%). Развіты лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая галіны (5,4%), вытворчасць будаўнічых матэрыялаў (4,1%), чорная металургія (3,5%). Машынабудаванне спецыялізуецца на вытворчасці грузавых аўтамабіляў, трактароў, збожжа- і кормаўборачных камбайнаў, металарэзных станкоў, электронных вылічальных машын, прылад і сродкаў аўтаматызацыі, тэлевізараў, халадзільнікаў, матацыклаў, веласіпедаў, радыёпрыёмнікаў, гадзіннікаў і інш.; хімічная прамысловасць — на вытворчасці мінеральных угнаенняў, хім. валокнаў і нітак, пластмас, шын і інш.; лёгкая — на выпуску льняных, баваўняных і шарсцяных тканін, дываноў, трыкатажных вырабаў, штучнага футра, абутку і інш.; прамысловасць будаўнічых матэрыялаў дае цэмент, азбестацэментныя, керамічныя і сан.-тэхн. вырабы, порыстыя запаўняльнікі, зборны жалезабетон і інш., усяго больш за 130 відаў буд. матэрыялаў і вырабаў. Спецыялізацыю ў прамысловасці дапаўняе вытворчасць металічнага корду, мэблі, фанеры, запалак, шкла, хрусталю. Беларусь вырабляе 8% трактароў і 11% калійных угнаенняў ад іх сусветнай вытворчасці.
Сельская гаспадарка Беларусі дае каля 30% кошту сукупнага грамадскага прадукту. На Беларусі выкарыстоўваецца 8,9 млн.га сельскагаспадарчых зямель (43% тэр. краіны; 2003), у т. л. 5,5 млн.га ворнай зямлі. Большая частка сельскагаспадарчай сыравіны перапрацоўваецца мясц. прадпрыемствамі харчовай і лёгкай прамысловасці. У аграпрамысловым комплексе краіны ў 2003 было 2230 сельскагаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў, якія валодалі 7,4 млн.га сельскагаспадарчых зямель, 2493 фермерскія гаспадаркі, якія апрацоўвалі 179,7 тыс.га сельскагаспадарчых зямель. У апошнія гады на базе рэфармаваных калгасаў і саўгасаў з’явіліся новыя формы гаспадарання: асацыяцыі, акцыянерныя таварыствы з абмежаванай адказнасцю, агракамбінаты, унітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і інш. Значная доля ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі (каля 35%) прыпадае на сялянскія гаспадаркі і садова-агародныя таварыствы, у якіх знаходзіцца 1,1 млн.га сельскагаспадарчых зямель. У 2003 у сельскагаспадарчых арганізацыях мелася 58,8 тыс. трактароў, 22,5 тыс. камбайнаў, 35,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вытворчасці лёну, цукровых буракоў, бульбы. У структуры пасяўных плошчаў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак у 2003 збожжавыя і зернебабовыя культуры склалі 41,5%, кармавыя — 43,2%, тэхнічныя — 4,0%, бульба і агародніна — 11,3%. Асноўныя збожжавыя культуры — жыта і ячмень (52 % пасеваў збожжавых), а таксама пшаніца, авёс, грэчка, кукуруза, проса. З зернебабовых вырошчваюць кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Гал. тэхнічныя культуры — лён, цукровыя буракі, рапс. Вырошчваюць агароднінныя культуры (капуста, морква, сталовыя буракі. агуркі, памідоры, цыбуля, часнок), пладовыя і ягадныя (яблыня, сліва, вішня, груша, чарэшня, парэчкі, агрэст, маліны, суніцы) пераважна ў прыгарадных спецыялізаваных гаспадарках, а таксама ў сялянскіх гаспадарках і садова-агародных таварыствах. У 2003 ва ўсіх катэгорыях гаспадарак сабрана 5,4 млн.т збожжа, 8,6 млн.т бульбы, 1,9 млн.т цукровых буракоў, 2 млн.т агародніны, 478 тыс.т пладоў і ягад; ураджайнасць збожжавых склала 24,2 ц з га. Гал. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне буйной рагатай жывёлы, а таксама свінагадоўля. Высокім узроўнем канцэнтрацыі характарызуецца птушкагадоўля. У 2003 на Беларусі было 4 млн. галоў буйной рагатай жывёлы (у т. л. 1,7 млн. кароў), 3,3 млн. свіней, 25,1 млн. галоў птушкі; у разліку на 100 га сельскагаспадарчых зямель атрымана 98,8 ц мяса (у жывой вазе) і 527 ц малака. Аснова ўстойлівага развіцця жывёлагадоўлі ў краіне — буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і птушкафабрыкі. У спецыялізаваных зверагаспадарках і на зверафермах гадуюць норак, серабрыста-чорных лісоў, пясцоў, нутрый.
Густая сетка шляхоў зносін садзейнічае гасп. развіццю Беларусі. Вядучая роля ў трансп. сістэме належыць чыг. транспарту, на які прыпадае 80% грузаабароту і больш за палавіну пасажыраабароту краіны (без уліку транспарціроўкі нафты і газу па трубаправодах). Даўжыня чыгуначных ліній 5522 км, у т. л. 894 км электрыфікаваных. Найб. інтэнсіўны па перавозцы грузаў і пасажыраў участак транскантынентальнай еўразіяцкай магістралі граніца Расіі — Орша—Мінск—Брэст. Большасць грузаў і пасажыраў на кароткія і сярэднія адлегласці перавозіцца аўтамабільным транспартам. Працягласць аўтадарог агульнага карыстання 81,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 70,2 тыс.км (2003). Галоўная транзітная магістраль краіны — аўтадарога Брэст—Мінск—Масква — мае еўрап. статус. Па тэр. Беларусі праходзяць таксама аўтамагістралі: Санкт-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Адэса, Мінск—Вільнюс, Бранск—Гомель—Брэст. У некаторых месцах краіны значную ролю адыгрывае рачны транспарт. Агульная працягласць эксплуатуемых суднаходных водных шляхоў каля 2,5 тыс.км. Паветраны транспарт выкарыстоўваецца гал. чынам для міжнар. перавозак. З аэрапортаў Беларусі пракладзены авіялініі больш чым у 100 гарадоў СНД і краін далёкага замежжа. Трубаправодны транспарт служыць для транспарціроўкі нафты, нафтапрадуктаў і прыроднага газу.
Асвета, навука, культура. Сістэма адукацыі Беларусі ўключае (2003/2004) дашкольнае выхаванне (4,2 тыс. ўстаноў, у іх 367,5 тыс. дзяцей), агульную сярэднюю і базавую адукацыю (4408 школ, 1,37 млн. дзяцей), прафесійна-тэхнічную (242 установы, 125,4 тыс. вучняў), сярэднюю спецыяльную (191 дзярж. і 13 недзярж. устаноў; адпаведна 145,5 тыс. і 16,8 тыс. студэнтаў) і вышэйшую адукацыю (43 дзярж. і 16 недзярж. ВНУ; адпаведна 279,2 тыс. і 58,6 тыс. студэнтаў), падрыхтоўку навук. і навукова-пед. кадраў (6 тыс. аспірантаў), павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кадраў. У апошнія дзесяцігоддзі пачалі дзейнічаць новыя віды навучальных устаноў — каледжы, гімназіі, ліцэі, вышэйшыя прафес. вучылішчы. На Беларусі рознымі формамі навучання ахоплены кожны чацвёрты жыхар, у сістэме адукацыі занята каля 300 тыс. спецыялістаў. Выкладчыцкую, навукова-даследчую і метадычную работу ў ВНУдзярж. формы ўласнасці вядуць 23,2 тыс. выкладчыкаў, у т. л. 1144 маюць вучоную ступень доктара і больш за 7353 тыс. — кандыдата навук. У ліку дзярж.ВНУ Беларусі 28 універсітэтаў і 8 акадэмій. Вядучая ВНУ у нац. сістэме адукацыі — Беларускі дзярж. універсітэт.
У 2003 навук. даследаванні і распрацоўкі вяліся ў 168 н.-д., 38 канструктарскіх і 5 праектных арганізацыях, 34 ВНУ, 32 навукова-даследчых падраздзяленнях, на прамысловых прадпрыемствах, 8 доследных базах і інш. Агульная колькасць навукоўцаў складала 30 тыс., у т. л. 783 дактароў навук і 3,4 тыс. кандыдатаў навук. Вышэйшай дзярж.навук. арганізацыяй Беларусі з’яўляецца Нац. акадэмія навук, дзе функцыянуюць 73 н.-д. ўстановы, 2 навукова-вытворчыя канцэрны і інш. арганізацыі і прадпрыемствы. Значных поспехаў бел. вучоныя дасягнулі ў развіцці оптыкі, квантавай электронікі і спектраскапіі, тэарэтычнай фізікі, матэматыкі, цеплафізікі і энергетыкі, геалогіі, генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі і грамадскіх навук.
Культурна-асветныя ўстановы Беларусі ўключаюць бібліятэкі, клубы, тэатры, музеі, кінатэатры. У 2003 у краіне было: 4,7 тыс. публічных бібліятэк (у іх фондзе 74,2 млн. выданняў); 4,2 тыс. клубных устаноў (пры іх дзейнічала каля 950 нар. самадзейных калектываў); 136 музеяў; 28 дзярж. і больш як 120 нар. тэатраў; 2,3 тыс. кінаўстановак, у т. л. 148 кінатэатраў. Працуе кінастудыя «Беларусьфільм».
Беларусь мае развітую выдавецкую сістэму. У 2003 працавалі 11 дзярж. выдавецтваў, 149 недзярж. выдавецкіх прадпрыемстваў з правам выдавецкай дзейнасці розных форм уласнасці; выдадзена 9148 кніг і брашур агульным тыражом 48,4 млн.экз., у т. л. 857 выданняў на бел. мове агульным тыражом 3,4 млн.экз. Зарэгістравана 1209 перыядычных выданняў (322 на бел. мове), у т. л. 711 газет, 498 часопісаў і інш. выданняў агульным тыражом 597 млн.экз. (144,1 млн.экз. на бел. мове).
На тэр. Беларусі больш за 17,5 тыс. гісторыка-культурных помнікаў (2002), у іх ліку помнікі гісторыі, архітэктуры і манументальнага мастацтва.
Ахова здароўя. У 2003 на Беларусі функцыянавала 729 бальніц, 1918 амбулаторна-паліклінічных устаноў, 70 рэсп. спецыялізаваных мед. цэнтраў, у т. л. цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі, трансплантацыі касцявога мозгу, кардыяхірургіі і інш. Працуюць 4 мед. ун-ты, 1 мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі, 17 мед. вучылішчаў і каледжаў, 9 НДІ і 5 Рэсп. навукова-практычных цэнтраў Мін-ва аховы здароўя. У 2003 колькасць урачоў на 10 тыс. жыхароў склала 45,7, сярэдняга мед. персаналу — 118,8.
Фізкультурна-масавай рабоце і спорту на Беларусі аддаецца значная ўвага. У 2003 дзейнічала 24,1 тыс.спарт. збудаванняў, у т. л. 228 стадыёнаў умяшчальнасцю ад 1,5 тыс. месц і больш, 4,8 тыс.спарт. залаў, 238 плавальных басейнаў, 12 спарт. збудаванняў са штучным ільдом, 1,4 тыс. крытых стралковых ціраў. Існуе шырокая сетка спецыялізаваных навучальна-спарт. устаноў: 276 дзіцяча-юнацкіх спарт. школ (118 тыс. вучняў), 164 спецыялізаваныя дзіцяча-юнацкія школы алімпійскага рэзерву (51,1 тыс. вучняў), 11 вучылішчаў алімпійскага рэзерву (2,8 тыс. вучняў), 14 школ вышэйшага спарт. майстэрства. Спартсмены Беларусі паспяхова выступаюць на буйнейшых спаборніцтвах, імі заваяваны 71 залатая, 49 сярэбраных і 62 бронзавыя алімпійскія медалі.
У 2003 Беларусь падтрымлівала гандлёвыя адносіны больш як з 145 краінамі свету. Беларусь экспартуе трактары, грузавыя аўтамабілі, мінеральныя ўгнаенні, электронную тэхніку, хім. валокны і ніткі, тэкстыльныя, трыкатажныя і швейныя вырабы, будаўнічыя матэрыялы. Экспарт такіх тавараў, як трактары, грузавыя аўтамабілі, металаапрацоўчыя станкі, шыны, матацыклы, халадзільнікі і інш., дасягае 80—90% ад іх вытворчасці. Тавараабарот Беларусі з краінамі СНД складае 62,7% усіх экспартна-імпартных патокаў, у т. л. з Расіяй — 58%; агульны тавараабарот з Германіяй, Украінай, Польшчай — 12,7% (2003). Каля 70% неабходных прамысловасці паліва, сыравіны і матэрыялаў паступае з краін СНД і больш за 40% прамысловай прадукцыі рэалізуецца на іх рынках збыту.
Рэспубліка Беларусь устанавіла дыпламатычныя адносіны з 157 (на пач. 2004) краінамі свету; за мяжой мае 52 дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў 46 дзяржавах, у т. л. 44 пасольствы, 6 генеральных консульстваў і 2 пастаянныя прадстаўніцтвы пры міжнар. арганізацыях; функцыянуюць 12 аддзяленняў пасольстваў Рэспублікі Беларусь.
Рэспубліка Беларусь, маючы ўсю разнастайнасць прыродных умоў і рэсурсаў, багатую нац. гісторыю і культуру, шматгаліновы гаспадарчы комплекс, у складаны перыяд трансфармацыі сацыяльна-паліт. і эканам. сістэмы ў 1991—2001 аднавіла асноўныя параметры сацыяльна-эканам. развіцця да ўзроўню пачатку 1990-х г. У рамках Нац. стратэгіі ўстойлівага развіцця Беларусь рэалізуе імкненне да стабільнасці ў знешняй і ўнутранай палітыцы, устанаўлення сяброўскіх адносін з усімі краінамі, развіцця інтэграцыйных працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНОЎНЫЯ ЭТАПЫ РАЗВІЦЦЯ
Геаграфічнае становішча і гіст. лёс Беларусі абумовілі развіццё яе гаспадаркі ў агульным кірунку развіцця еўрап. цывілізацыі. З часу з’яўлення на тэр. Беларусі чалавека сучаснага фізічнага тыпу (позні палеаліт; 40—10 тыс.г. назад) на месцах іх стараж. стаянак археолагі знаходзяць сякера- і долатападобныя прылады працы, скрэблы, наканечнікі стрэл і коп’яў і інш. вырабы, падобныя на аналагічныя знаходкі ў інш. рэгіёнах Еўропы. У глыбокай старажытнасці закладваліся амаль усе гал. віды дзейнасці чалавека: выраб прылад і сродкаў працы, паляванне і рыбалоўства, земляробства і жывёлагадоўля, будаўніцтва і транспарт, металургія і металаапрацоўка; як і мова, выяўленчае мастацтва і музыка, рэлігія і навука і інш. Ужо ў той перыяд склаліся пэўныя перадумовы развіцця гаспадаркі. Асваенне прыроднага асяроддзя суправаджалася ўскладненнем матэрыяльнай вытворчасці, удасканаленнем ведаў і звычак, што замацоўвалася праз сацыяльна-гасп. дзейнасць і перадавалася наступным пакаленням. З развіццём гэтай дзейнасці паступова ўдасканальвалася грамадства і яго арганізацыя.
На першых этапах развіцця гаспадаркі (эпохі палеаліту і мезаліту) яе аснову складалі збіральніцтва, паляўнічы промысел і рыбалоўства. Паляванне патрабавала ўжо асэнсаванага аб’яднання людзей у адпаведныя групы. Зніжэнне прадукцыйных магчымасцей прыроднага асяроддзя з-за росту колькасці насельніцтва вымагала пошуку новых сістэм гаспадарання. З палявання і рыбалоўства гістарычна развілася жывёлагадоўля. са збіральніцтва — земляробства. Менавіта гэтыя галіны забяспечылі харчовую незалежнасць людзей ад прыроды, пераход ад збірання прадуктаў харчавання да іх вытворчасці. У эпоху неаліту з’явіліся першыя шахты па здабычы крэменю (цяпер г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на). Пры гэтых шахтах і ў інш. месцах археолагі знайшлі майстэрні па апрацоўцы крэменю. Найважнейшыя здабыткі неаліту — выраб ганчарнага посуду, удасканаленне апрацоўкі каменю, узнікненне міжпляменных сувязей і абмену. Канец 3—2-га тыс. да н.э. на Беларусі можна лічыць храналагічнай мяжой паміж збіральніцтвам і вытворчай эканомікай. Паводле меркаванняў некаторых навукоўцаў, палескія і цэнтр. часткі Беларусі ўваходзяць у сусветны пояс прыручэння дзікай жывёлы. У бронзавую эпоху жывёлагадоўля (пераважала буйная рагатая жывёла) стала паўсюднай. У залежнасці ад мясц. прыродных умоў асобныя галіны (пчалярства, авечкагадоўля, конегадоўля) мелі большае развіццё, што спрыяла тэр. падзелу працы. Прырэчныя жыхары паступова ўцягваліся ў гандлёвыя адносіны, даволі хутка на тэр. Беларусі з’явіліся вырабы з жалеза, выпрацоўвалася тэхналогія атрымання металу з мясц. руд.
Земляробства на Пд Беларусі зарадзілася каля 5 тыс. гадоў назад. Выкарыстанне жалезнай сякеры і агню прывялі да лядна-агнявой сістэмы земляробства, самай прымітыўнай, але яна дазволіла атрымліваць некаторы лішак прадукцыі. Найб. раннімі земляробчымі культурамі былі збожжавыя — пшаніца і проса, пазней — ячмень і зернебабовыя (гарох, боб), караняплоды, лён-даўгунец. Рост насельніцтва, стварэнне больш эфектыўных прылад працы, выкарыстанне жывёлы як цяглавай сілы вялі да павелічэння прадукцыйнасці працы і з’яўлення ворыўнай сістэмы земляробства, хоць доўгі час лядна-агнявая і ворыўная сістэмы суіснавалі разам.
З 7 ст. да н.э. ў басейнах Прыпяці і Дняпра, пазней і Бярэзіны для вытворчасці жалеза выкарыстоўвалася мясц. балотная жалезная руда і драўняны вугаль, што на многія стагоддзі вызначыла развіццё гаспадаркі. Жывёлагадоўля і земляробства сталі гал. фактарамі росту насельніцтва. пашырэння і спецыялізацыі рамёстваў, фарміравання інфраструктуры.
У 6—8 ст., калі аснову эканам. жыцця склала сельская гаспадарка, а гал. яе галіной стала земляробства, зарадзіліся класы і феадальныя адносіны. Рост прадукцыйнасці с.-г. працы і звязанага з ёй дадатковага прадукту спрыялі пашырэнню рамёстваў. Паступова стварылася шматукладная эканоміка і неаднародная сац. структура, пашырыліся гандлёва-эканам. сувязі і маёмасная дыферэнцыяцыя паміж людзьмі.
У феадальны перыяд развіцця (9 — сярэдзіна 19 ст.) на тэр. Беларусі аграрнай вытворчасцю займалася большасць насельніцтва. Апрача земляробства і жывёлагадоўлі насельніцтва займалася вырабам прылад працы, бортніцтвам, рамёствамі (ткацкае, шавецкае, ганчарнае і інш.). Але рамяство і гандаль не мелі таварнага характару, хоць і спрыялі фарміраванню гарадоў і мястэчак. Матэрыяльная вытворчасць выступала пераважна як сродак самазабеспячэння саслоўя. З’яўленне гарадоў з іх асобым статусам спрыяла развіццю новых эканам. умоў, фарміраванню прадпрымальніцтва і таварна-грашовых адносін. Феадальны перыяд развіцця эканомікі на Беларусі ўмоўна падзяляюць на 3 этапы: раннефеадальны (9—1-я пал. 13 ст.), калі з’явіліся саслоўі землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначылася феадальная рэнта, утварыліся раннефеадальныя дзяржавы, у т. л. Полацкае, Тураўскае, Смаленскае і інш. княствы; развіты феадалізм (2-я пал. 13—1-я пал. 17 ст.), калі замацоўваліся асноўныя феадальныя эканам. адносіны, назіраўся пэўны ўздым эканомікі і культуры; разлажэнне феадалізму (2-я пал. 17—1-я пал. 19 ст.), які характарызуецца ростам гарадоў і таварна-грашовых адносін, узнікненнем і фарміраваннем унутранага рынку, зараджэннем капіталістычных адносін. Эканам. развіццё Беларусі ў 15—16 ст. было дастаткова высокім. Зямля як асноўны сродак вытворчасці вызначала багацце і статус чалавека, які ёй валодаў і распараджаўся. З канца 15 ст. вырас попыт на збожжа і інш.с.-г. прадукты ў Зах. Еўропе, што патрабавала ўдасканалення сістэмы гаспадарання з мэтай павелічэння даходаў за кошт продажу прадукцыі. У выніку склаліся фальваркі — панскія гаспадаркі, заснаваныя на працы селяніна, але арыентаваныя на рынак. З мэтай павелічэння даходаў праведзена зямельная рэформа, так званая «валочная памера», у аснове якой быў дакладны ўлік зямель і валочная павіннасць. Рэформа не толькі ўдасканальвала арганізацыю вытворчасці, але і спрыяла пашырэнню перадавых прыёмаў с.-г. вытворчасці, у т. л. трохполля і шматполля. Фальваркі ствараліся пераважна на З і ў цэнтры Беларусі, на У часткова захоўвалася абшчына.
Рамёствы на тэр. Беларусі, як і ў цэлым у Еўропе, хутка развіваліся ў 13—1-й пал. 17 ст.Найб. пашырылася апрацоўка металаў рамеснікамі (кавалі, меднікі, бляхары, лудзільшчыкі, слесары, збройнікі і інш.); гал. сыравінай для іх заставалася жалеза, атрыманае з мясц. балотнай руды. На мясц. сыравіне працавалі ганчары, дрэваапрацоўшчыкі, гарбары, рымары, ткачы і інш. Шырокую вядомасць набылі ювеліры, півавары, мяснікі, муляры. У шэрагу раёнаў выявілася пэўная спецыялізацыя. Нягледзячы на феадальную адасобленасць гарадоў і мястэчак, развіваліся гандлёвыя адносіны паміж імі. паміж горадам і вёскай. Ва ўсіх гарадах і мястэчках наладжваліся таргі, а ў буйных гарадах — кірмашы, на якіх былі і замежныя гандляры. З экспартных тавараў пераважалі збожжа, пянька, сала, воск, скуры, дзёгаць, лён, некаторыя вырабы рамеснікаў, з імпартных — металы (медзь, волава, свінец, золата, серабро) і вырабы з іх, заходнееўрапейскія сукны і палатно, віно, соль, прыправы. Рост гандлёвых сувязей паскорыў фарміраванне транспартнай сеткі. Асноўнымі гандлёвымі цэнтрамі былі гарады Полацк, Віцебск, Мінск, Брэст, Гродна, Слуцк, Навагрудак і інш. З 15 ст. шэраг крэпасцей, замкаў, гаспадарчых двароў і вёсак ператвараліся ў мястэчкі — гандлёва-рамесніцкія цэнтры. У сярэдзіне 17 ст. на Беларусі існавала 467 гарадоў і мястэчак, якія фарміравалі вакол сябе зоны эканам. ўплыву. У час позняга феадалізму (2-я пал. 17—18 ст.) Беларусь перажывала эканам. заняпад і маруднае аднаўленне гаспадаркі. Гал. прычыны такога становішча — бясконцыя войны і звязаныя з імі нястачы насельніцтва і скарачэнне яго колькасці, жорсткі феадальны ціск на сялян, міжусобная барацьба магнатаў за ўладу. Асабліва моцны заняпад эканомікі праявіўся ў гарадах, было падарвана рамяство.
Эканам. развіццю Беларусі ў канцы 18 ст. садзейнічалі рост насельніцтва, павелічэнне попыту на с.-г. прадукты, пашырэнне таварна-грашовых адносін, развіццё транспартнай сістэмы і інш. У сярэдзіне 18 ст. ўзнікла мануфактурная вытворчасць, якая садзейнічала росту прадукцыйнасці працы, паглыбленню яе грамадскага падзелу, падрыхтоўцы да машыннай вытворчасці. Першымі мануфактурнымі цэнтрамі былі Налібакі, Урэчча, Слуцк, Ружаны, Ілья, Свержань і інш. Да канца 18 ст. адноўлена сетка гарадскіх паселішчаў, пачала адраджацца гаспадарка гарадоў з лепшым геаграфічным становішчам (Мінск, Магілёў, Віцебск, Нясвіж, Навагрудак, Гродна). У гэты час на Беларусі налічваўся 41 горад і 397 мястэчак, у якіх пражывала 11% насельніцтва. З 2-й пал. 18 ст. вырасла таварнасць рамяства, павялічылася колькасць наёмных рабочых, з’явіліся першасныя формы капіталіст. вытворчасці — падзел працы паводле спецыялізацыі: рамеснікі па апрацоўцы металаў, вырабе скур, адзення, прадуктаў харчавання і па будаўніцтве. Ва ўнутраным гандлі гал. роля належала кірмашам. У знешнім гандлі аднавіліся сувязі з балтыйскімі партамі (Гданьск, Кёнігсберг, Рыга), з цэнтрамі Расіі і Украіны. Вывозіліся скураныя вырабы, воск, мёд, шчацінне, лён, пянька, збожжа, лясныя матэрыялы, завозіліся металавырабы, тканіны, прыправы.
Уваходжанне Беларусі ў склад Рас. імперыі спрыяла развіццю прадукцыйных сіл. Пашырыўся вываз збожжа, павялічыліся пасевы тэхн. культур (лён, каноплі), бульбы; склаліся новыя мануфактурныя цэнтры (Крычаў, Шклоў, Дуброўна і інш.). З 2-й пал. 19 ст. ў сельскай гаспадарцы ўкараняліся механічныя прылады апрацоўкі зямлі і збору ўраджаю, пачала фарміравацца таварная вытворчасць капіталіст. тыпу і спецыялізацыя с.-г. вытворчасці. У Віцебскай, Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губернях склаўся лёна- і бульбаводчы раён. У якасці таварнай культуры пачалі вырошчваць цукровыя буракі для вырабу цукру (Гомель, Карэлічы, Парэчча і інш.). Гродзенская губ. спецыялізавалася на танкаруннай авечкагадоўлі. У месцах размяшчэння спіртавых заводаў развівалася малочна-мясная жывёлагадоўля. Для пашырэння пасяўных плошчаў пачалася меліярацыя пераўвільготненых і тарфяна-балотных зямель.
У прамысловую рэвалюцыю Беларусь уступіла пазней за заходнееўрапейскія дзяржавы. На працягу 1-й пал. 19 ст. яна прайшла ў асноўным дробнатаварную і мануфактурную стадыі (у 1867 у краіне працавала 57 капіталіст. мануфактур). Канкурэнцыя расійскіх і польскіх мануфактур запавольвала развіццё бел. прадпрыемстваў. Доля насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы, вагалася ад 60% у Гродзенскай губ. да 85% у Магілёўскай. Беларусь (акрамя яе крайняга 3) была самым аграрным рэгіёнам Рас. імперыі. Пра інтэнсіфікацыю земляробства сведчаць павелічэнне пасеваў і валавых збораў лёну, канапель і бульбы; бульбаводства стала тыпова бел. галіной, якая давала амаль 20% збору бульбы ў Рас. імперыі. Гаспадарка набывала і жывёлагадоўчы характар. Аднак Беларусь з краіны, якая некалі вывозіла збожжа, ператварылася ў краіну ўвозу яго з раёнаў таварнай вытворчасці. Змяншэнне таварнай вытворчасці збожжа сялянскія гаспадаркі кампенсавалі ростам пасяўных плошчаў бульбы для перапрацоўкі яе ў таварны прадукт (спірт, дрожджы, крухмал) і вытворчасцю жывёлагадоўчай прадукцыі і лубяных культур для вывазу за межы Беларусі. Такім чынам, сялянскія гаспадаркі ў вял. ступені набывалі рыначны характар. Напярэдадні 1-й сусв. вайны яны мелі перавагу па плошчы пасеваў тэхн. культур і бульбы, па пагалоўі цяглавай конскай сілы. Развіццю сялянскіх гаспадарак у гэты перыяд спрыялі нарошчванне капіталаў і банкаўскія крэдыты, пашырэнне меліярацыі, с.-г. ведаў, машын і прылад, рост пасяўных плошчаў кармавых траў.
Прамысловасць Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў параўнанні з расійскай была даволі слабая, працэс індустрыялізацыі тут пачаўся пазней і адбываўся больш павольна. Большасць прамысловых работнікаў складалі рамеснікі. Фабрыкі і заводы больш нагадвалі майстэрні. У 1866 на кожнае прадпрыемства ў сярэднім прыпадала па 5,7 рабочага з аб’ёмам вытворчасці ў 4,8 тыс. рублёў. Найб. індустрыяльнай была Гродзенская губ., на долю якой прыпадала 36% усіх рабочых, 41% аб’ёму вытворчасці і 30% фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў (пераважна невялікіх, у сярэднім 6,8 рабочага). У 1870-я г. дзейнічала каля 160 буйных прадпрыемстваў, не менш чым 100 тыс. рабочых (каля палавіны з іх у Гродзенскай губ.). Рост прамысловасці на Беларусі пачаўся з 20 ст. Яе адметнасць была ў тым, што прадукцыйнасць працы расла хутчэй, чым колькасць рабочых. У 1913 колькасць рабочых складала 2,2% рабочых рас. фабрык, а колькасць прадпрыемстваў — 11%. Прамысловыя прадпрыемствы перапрацоўвалі ў асн.мясц. сыравіну. У пач. 20 ст. з Беларусі вывозілі пераважна лес і лён, увозілі збожжа, тытунь, бавоўну, металы, мануфактуру. Перад 1-й сусв. вайной змяніліся структура і формы экспарту і імпарту. Вырас вываз масла, яек, птушкі, садавіны, бульбы, перапрацаванай драўніны, с.-г. прылад і ўвоз коней, буйной рагатай жывёлы, паліва, складаных с.-г. прылад і механізмаў. Па росце нац. даходу Беларусь была на ўзроўні інш. рэгіёнаў Расіі, за перыяд 1900—13 ён павялічыўся ў 2 разы. Па долі прамысловасці ў нац. даходзе краіна наблізілася да сярэдняга паказчыка ў Рас. імперыі. Істотна змянілася геаграфія прамысловасці. З сельскай мясцовасці яна перамяшчалася ў гарады, дзе дробныя прадпрыемствы выцясняліся буйнымі капіталіст. фабрыкамі. У 1913 на долю буйных прадпрыемстваў прыпадала 46,5% валавой прадукцыі (ім належала вядучая роля), дробныя саматужна-рамесніцкія прадпрыемствы мелі дапаможны характар. Вядучымі галінамі прамысловасці засталіся харчовыя, лесанарыхтоўчая, дрэваапрацоўчая, папяровая, шкляная, тэкстыльная, гарбарна-абутковая, на долю якіх прыпадала каля 2/3 аб’ёму вытворчасці буйных прадпрыемстваў. У пач. 20 ст. ў прамысловасці Беларусі пачалі ўзнікаць манапалістычныя аб’яднанні па вытворчасці запалак, паперы, цэглы, шкла, піва і інш., акцыянерныя таварыствы, прадпрыемствы з удзелам залежнага капіталу. Узнікалі новыя галіны вытворчасці (шпалерная, цэментавая, фанерная і інш.). Прамысловымі цэнтрамі сталі Пінск, Гомель, Магілёў, Брэст, Барысаў, Мазыр, Смаргонь, Орша, Капыль. Падрыхтоўка рабочых кадраў наладжвалася праз рамесныя вучылішчы і школы.
На сельскую гаспадарку Беларусі пач. 20 ст. паўплывала сталыпінская зямельная рэформа. Адбываўся распад абшчынных адносін (пераважна ў Віцебскай і Магілёўскай губ.), ішло рассяленне на хутары. Перабудова сельскай гаспадаркі была перапынена 1-й сусв. вайной. Станоўчыя зрухі ў прамысловай і с.-г. вытворчасці спрыялі развіццю інфраструктуры Беларусі. Выгаднае геаграфічнае становішча, сетка чыгунак ператварылі краіну ў важную транзітную тэрыторыю; развіццё шашэйных дарог і воднага транспарту спрыялі арганізацыі эканам. сувязей прамысловых раёнаў Рас. імперыі з прамыслова развітымі краінамі Еўропы. Паступова Беларусь уключалася ў міжнар. падзел працы, развівала свае знешнеэканам. сувязі.
У перыяд 1-й сусв. вайны, рэвалюцый 1917, грамадз. вайны і ваенных інтэрвенцый развіццё эканомікі Беларусі рэзка змянілася. Гэта быў перыяд ломкі ўсёй сістэмы гаспадарання і эканам. развіцця, катастрафічнай разрухі гаспадаркі. За 1913—17 прамысловая вытворчасць скарацілася амаль на 70%, многія прадпрыемствы разбураны. Да канца 1920 засталося каля палавіны дарэвалюцыйнай колькасці прамысловых прадпрыемстваў, якія фактычна не працавалі з-за недахопу паліва і сыравіны. Сельская гаспадарка ператварылася ў паўнатуральную. Натуральны абмен часцей замяняў таварна-грашовыя адносіны. На разбурэнне эканомікі Беларусі найб. паўплывала 1-я сусв. вайна, а на далейшы лёс краіны — рэвалюцыі, грамадзянская вайна, германская і польская інтэрвенцыі; у выніку апошняй Беларусь падзелена на 2 часткі — заходнюю і ўсходнюю.
Пасля заканчэння ваенных дзеянняў на тэр.БССР пачаліся спробы стварэння эканомікі, якая б абапіралася на грамадскую ўласнасць на сродкі вытворчасці. У 1920 пасяўныя плошчы складалі 2/3 даваенных, знізілася ўраджайнасць культур, скарацілася пагалоўе жывёлы. Наваствораныя саўгасы-камуны былі стратнымі, маламоцнымі гаспадаркамі з неэфектыўнай арганізацыяй працы. Сістэма кіравання сав. прамысловасцю была цэнтралізаванай, закладваліся элементы будучай камандна-адм. сістэмы. З 1920 на Беларусі пачалі аднаўляць працу асноўныя прадпрыемствы, у першую чаргу электрастанцыі, прадпрыемствы харчовай і лёгкай прамысловасці. Але палітыка «ваеннага камунізму», якая абапіралася на жорсткія адм. метады, не спрыяла аднаўленню эканомікі. Улік, аналіз, кантроль, планаванне амаль адсутнічалі. Развал нар. гаспадаркі быў вынікам не толькі войнаў і рэвалюцый, але і неэфектыўнай сістэмы кіравання.
Сістэма мер новай эканам. палітыкі (нэп) паскорыла аднаўленне і развіццё прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, транспарту, таварна-грашовых адносін. Асновай эканомікі БССР заставалася сельская гаспадарка, якая ў 1925 дасягнула ўзроўню 1913. У яе спецыялізацыі пераважалі малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля, вырошчванне тэхн. культур. Аднак нізкая забяспечанасць зямлёй і слабая тэхн. аснашчанасць сялянскіх гаспадарак і саўгасаў не дазвалялі павысіць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі. У 1926 яе таварнасць складала 13,2% (у 1913—35%). Асноўнымі формамі калектыўных гаспадарак былі камуны, сельгасарцелі і таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, сярод дзяржаўных — саўгасы. Для Сав. Беларусі перыяд нэпа быў перыядам аднаўлення эканомікі пасля разрухі. Асноўнымі галінамі прамысловасці былі харчовая, папяровая, дрэваапрацоўчая. У 1926—27 пачалося будаўніцтва буйных прадпрыемстваў, якія і ў наш час маюць гасп. значэнне (Бабруйскі дрэваапр. камбінат, Гомсельмаш, БелДРЭС, Магілёўская фабрыка штучнага шоўку, металаапрацоўчы завод «Камунар» у Мінску і інш.). У Зах. Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы, назіраўся застой або слабавыразнае развіццё.
Вынікам даваенных пяцігодак стала індустрыялізацыя ў прамысловасці і калектывізацыя ў сельскай гаспадарцы. Кіраванне эканомікай зноў перайшло на камандна-адм. метады з высокай ступенню цэнтралізацыі. Дзярж. планаванню развіцця гаспадаркі надаваўся ранг закона. У гарадах (Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Мазыр, Барысаў) узніклі новыя прадпрыемствы. Развіваліся машынабудаванне, паліўная і хім. прамысловасць, электраэнергетыка; завяршылася фарміраванне сеткі чыгунак і іх інфраструктуры, пабудаваны або рэканструяваны рачныя парты, аэрапорт «Мінск», лініі тэлефоннай сувязі, адноўлены Дняпроўска-Бугскі канал. У 1940 на долю прамысловасці прыпадала 80% усёй прадукцыі нар. гаспадаркі. Беларусь вырабляла 33,8% фанеры, 27% запалак, больш за 10% металарэзных станкоў, 30% штучнага пакосту ад агульнасаюзнай вытворчасці. Прадпрыемствы рэспублікі пачалі выпускаць новую прадукцыю — складаныя металаапрацоўчыя станкі, радыёпрыёмнікі, маторы, турбіны, штучны шоўк і інш.
У выніку калектывізацыі дробнатаварная гаспадарка была разбурана і ператворана ў буйную сацыялістычную, але ўзровень с.-г. вытворчасці заставаўся нізкім. З сельскай мясцовасці павялічылася міграцыя працоўных рэсурсаў у гарады і за межы рэспублікі.
У час Вял.Айч. вайны эканоміка Беларусі страціла амаль усе здабыткі першых пяцігодак. Частка прадпрыемстваў, транспартных сродкаў, жывёлы былі эвакуіраваны ў Расію. На акупіраванай тэрыторыі былі адноўлены ў асноўным прадпрыемствы, скіраваныя на забеспячэнне акупацыйных улад. Гаспадарка акупіраванай тэрыторыі мела каланіяльны характар. У Германію вывозіліся сыравіна (лес, торф), прадукты харчавання. Аграрная рэформа замацоўвала за акупацыйнымі ўладамі зямлю і прадукцыю. У гады акупацыі нар. гаспадарка Беларусі падверглася жорсткай эксплуатацыі і рабаванню, што прывяло эканоміку да поўнага разбурэння і заняпаду. З утварэннем партыз. зон для патрэб мясц. насельніцтва адноўлены шэраг прадпрыемстваў, арганізавана вытворчасць у калгасах і саўгасах.
У выніку вайны Беларусь страціла больш за палавіну нац. багацця і па найважнейшых галінах эканоміка адкінута да ўзроўню 1913, па агульным узроўні — да 1928. Былі разбураны 209 (з 270) гарадоў, 9,2 тыс. вёсак, больш за 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 316 МТС. У параўнанні з даваенным узроўнем на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, на 49% — пагалоўе буйной рагатай жывёлы, на 61% — коней, на 78% — авечак і коз. Значныя страты прычынены транспарту. Буйныя гарады былі разбураны на 75—90%.
Пасля вызвалення Беларусі пачалося адраджэнне гаспадаркі. Да 1946 адноўлена 5,9 тыс. прадпрыемстваў, пачалося будаўніцтва новых прадпрыемстваў, у т. л. трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Змянілася структура прамысловасці: знізілася ўдзельная вага лёгкай, харчовай і дрэваапрацоўчай галін, вырасла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. У 1-ю пасляваенную пяцігодку хуткімі тэмпамі аднаўляліся прамысловасць і транспарт. У пач. 1949 прамысловая вытворчасць дасягнула ўзроўню 1940, а ў 1950 валавы аб’ём прамысл. прадукцыі быў на 15% вышэйшы, чым у 1940. Сельская гаспадарка аднаўлялася больш марудна. У калгасах не хапала тэхнікі (у канцы 1945 мелася 1/3 ад яе даваеннай колькасці). Нізкія тэмпы аднаўлення с.-г. вытворчасці былі абумоўлены таксама адсутнасцю матэрыяльнага заахвочвання ў калгасах. Нягледзячы на антысялянскі характар аграрнай палітыкі дзяржавы (адсутнасць гасп. самастойнасці, ушчамленне правоў сялян, якія нават не мелі пашпартоў і не маглі свабодна перамяшчацца па краіне, перапампоўванне грашовых сродкаў у прамысловасць), у аграрным сектары адбыліся пэўныя змены. Вёска атрымала 8,6 тыс. трактароў, 1,5 тыс. камбайнаў, шмат інш. тэхнікі. Павялічыліся пасяўныя плошчы, у 3 разы пашырыліся пасевы тэхн. культур. У параўнанні з даваенным перыядам у 1950 яны складалі 94,3%, пагалоўе буйной рагатай жывёлы — 96,5%, коней — 62%, свіней — 64,4%.
Аднаўленне нар. гаспадаркі, змякчэнне аўтарытарных метадаў кіравання, сац. пераарыентацыя доўжыліся да 1960-х г. Працягвалася капітальнае будаўніцтва і рэканструкцыя прадпрыемстваў, раслі высокатэхналагічныя галіны і вытворчасці. Прамысловасць пачала вырабляць гадзіннікі, шарыкападшыпнікі, швейныя машыны, электрарухавікі, паўправаднікі, ЭВМ, хім. мінеральныя ўгнаенні, прадукты перапрацоўкі нафты. Сістэма кіравання перайшла ад галіновага да тэр. кіраўніцтва праз саўнаргасы. Сельская гаспадарка пасля доўгага заняпаду ўпершыню стала рэнтабельнай. У выніку ліквідацыі МТСс.-г. тэхніка перададзена калгасам і саўгасам. Адметнасцю гэтага перыяду было будаўніцтва найб. у Еўропе хім. прадпрыемстваў (Магілёўскі камбінат па вытворчасці лаўсану, Гомельскі хім. завод, Светлагорскі камбінат штучнага валакна і інш.). У выніку доля хіміі ў вытворчых фондах падвоілася. Апераджальнымі тэмпамі развіваліся неметалаёмістыя і працаёмістыя галіны (электратэхніка, прыладабудаванне, радыёэлектроніка). Ствараліся комплексы машынабудаўнічых і металаапрацоўчых прадпрыемстваў па выпуску канструктыўна і тэхналагічна аднароднай прадукцыі. У структуры паліўна-энергетычнага балансу павялічылася доля нафты і прыроднага газу, пракладзены нафта- і газаправоды. З 1964 пачалася прамысловая здабыча нафты на тэр. Беларусі. Пазней з’явіліся нафтаперапр. заводы ў Наваполацку і Мазыры.
Развіццё сельскай гаспадаркі ў гэты перыяд замаруджвалася суб’ектывізмам і валюнтарызмам у яе кіраванні. З сярэдзіны 1960-х г. узяты курс на інтэнсіфікацыю сельскай гаспадаркі, на разгортванне меліярацыі. У жывёлагадоўлі пачалося будаўніцтва буйных адкормачных комплексаў. Прамысловае будаўніцтва ў гарадах, інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі, рост адукаванасці людзей выклікалі масавую міграцыю працаздольнай часткі сельскіх жыхароў, што праз 15—20 гадоў прывяло да дэпапуляцыі сельскай мясцовасці. Рэформы 1960-х г. не былі даведзены да завяршэння, што прывяло да тармажэння ў выкананні пяцігадовых планаў, а потым і да застою ў развіцці эканомікі.
У гэты перыяд на Беларусі расла вытворчасць прадукцыі такіх галін прамысловасці, як прыладабудаванне, электронная і радыётэхнічная прамысловасць, вытворчасць сродкаў сувязі. Удзельная вага прыладабудавання ў агульным аб’ёме прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі за 1970—80 вырасла з 5,5% да 16%, электроннай і радыётэхнічнай прамысловасці — з 11,3% да 25%. Аднак у большасці галін захоўваліся ўстарэлыя тэхналогіі і абсталяванне. Эканоміка Беларусі страціла былы дынамізм. Рэзка знізіліся тэмпы эканам. росту. Так, у 1970—75 сярэднегадавыя тэмпы росту нац. даходу складалі 8,3%, а ў 1980—85 толькі 5,6%, прадукцыі прамысловасці — 10,4% і 5,4%, прадукцыйнасці працы адпаведна 7,4% і 5,3%.
Сельская гаспадарка ў гэты перыяд таксама развівалася супярэчліва, разам з поспехамі былі і недахопы. У 1970—85 сельская гаспадарка Беларусі працягвала спецыялізавацца на развіцці мясной і малочнай жывёлагадоўлі, вытворчасці бульбы, лёну-даўгунцу, цукровых буракоў. З мэтай стварэння трывалай кармавой базы для развіцця жывёлагадоўлі адбылося пераразмеркаванне пасяўных плошчаў, праводзілася меліярацыя і інш. Узводзіліся буйныя комплексы на некалькі тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і свіней, ствараліся міжгаспадарчыя аб’яднанні па адкорме жывёлы і птушак, вытворчасці мяса, малака і воўны. У 1970—85 валавая прадукцыя жывёлагадоўлі павялічылася ў 1,5 раза, птушкагадоўлі — у 3,2 раза. Аднак палітыка кіраўніцтва па спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Беларусі парушыла комплекснасць аграрнага сектара, павялічыла дыспрапорцыю паміж галінамі. У пач. 1980-х г. сельская гаспадарка Беларусі апынулася ў крызісным стане. Ураджайнасць збожжавых культур практычна не расла. Па меры зніжэння вытворчасці с.-г. прадукцыі расла дробязная апека, што стрымлівала ініцыятыву і адказнасць за канчатковыя вынікі. У краіне абвастрылася харчовая праблема. У пач. 1982 зроблены спробы выйсця з крызіснага становішча: створаны аграрна-прамысловы комплекс (на Беларусі — «Белаграпрам»), прынята харчовая праграма на перыяд да 1990. Аднак гэтыя палавінчатыя меры не закраналі інтарэсаў сялянства, неслі на сабе сляды застою. Эканоміка патрабавала перабудовы ўсяго сацыяльна-эканам. комплексу. У 1985 па ініцыятыве М.С.Гарбачова распачаты спробы рэфармавання сацыяльна-эканам. і паліт. сістэмы СССР. Аднак пошук шляхоў перабудовы эканам. адносін пачаўся з вельмі сціплых праектаў у межах старой адм.-каманднай сістэмы. Пад паскарэннем сацыяльна-эканам. развіцця разумелася павышэнне тэмпаў шляхам інтэнсіфікацыі вытворчасці і новых, эфектыўных форм арганізацыі кіравання. Планавалася паскоранымі тэмпамі развіваць машынабудаванне і на яго аснове ажыццяўляць тэхн. перааснашчэнне ўсёй гаспадаркі, вывесці на перадавыя рубяжы навукова-тэхн. прагрэсу электраэнергетыку, хім. і нафтахім., лёгкую і мясц. прамысловасць, сельскую гаспадарку, сферу паслуг і гандаль. Хутка стала відавочна, што ніякага паскоранага развіцця краіны не адбылося, наадварот, становішча ў эканоміцы пагоршылася, дзяржава ўступіла ў глыбокі сістэмны крызіс.
З распадам СССР Беларусь стала незалежнай унітарнай дзяржавай з сацыяльна арыентаванай эканомікай. З 1991 пачаўся навейшы этап развіцця яе гаспадаркі, культуры, адукацыі, навукі і інш. галін цывілізаванай дзяржавы. Прынята праграма пераходу краіны да рыначных адносін. Першачарговымі задачамі была стабілізацыя эканомікі, прыватызацыя, стварэнне рыначнай інфраструктуры, абарона насельніцтва ад збяднення і ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У выніку распаду СССР была парушана адзіная эканам. прастора. Стварэнне СНД было спробай захаваць адзіную эканам. прастору і сувязі, але ў поўнай меры гэтага зрабіць не ўдалося. Адсутнасць пэўнай заканадаўчай базы і кансерватызм тагачаснай улады не дазволілі наладзіць эфектыўныя рыначныя адносіны. Пастанова Вярх. Савета (1991) аб дзярж. праграме па стабілізацыі эканомікі і сац. абароне насельніцтва не рэалізоўвалася. Улады не здолелі вызначыцца ў крэдытна-грашовай палітыцы, у цэнаўтварэнні і міждзяржаўных разліках паміж краінамі СНД. Беларусь знаходзілася ў адзінай з Расіяй рублёвай зоне, дзе пачаліся ўжо рыначныя пераўтварэнні. Манетарная палітыка рас. улад стварыла востры дэфіцыт наяўных грошай на тэр. Беларусі. Увядзенне ў абарачэнне (1992) бел. разліковых білетаў вырашыла праблему толькі часткова. Лібералізацыя цэн у Расіі і краінах Балтыі, імкненне захаваць нізкі ўзровень унутр. цэн разбуралі бел. спажывецкі рынак. У эканоміцы ўзмацніліся крызісныя з’явы (інфляцыя, паніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва і аб’ёмаў вытворчасці, «вымыванне» тавараў з рознічнага продажу і інш.), што абцяжарвалася абмежаванасцю крыніц паліва і сыравіны, залежнасцю ад прыродных рэсурсаў інш. краін. За 1991—95 валавы ўнутраны прадукт Беларусі зменшыўся на 35%, таварная вытворчасць прамысловасці — на 41%, валавы прадукт сельскай гаспадаркі — на 26%, капіталаўкладанні — на 61%. Паніжэнне абсалютных тэмпаў прыросту вытворчасці заўважалася амаль ва ўсіх галінах гаспадаркі.
Наступны этап сацыяльна-эканам. развіцця Беларусі характарызаваўся мэтанакіраванай дзейнасцю па стабілізацыі эканомікі. У канцы 1994 прынята праграма неадкладных мер па выхаду краіны з крызісу, распрацаваная адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Праграма прадугледжвала аздараўленне фінансавай і грашова-крэдытнай сістэмы, паляпшэнне гандлёвага і плацежнага балансу, знешнеэканам. дзейнасці, узмацненне дзярж. рэгулявання, стабілізацыю асобных галін гаспадаркі, удасканаленне сістэмы аплаты працы. Асноўныя кірункі рэфармавання эканомікі на шляху структурнай перабудовы ў канцы 1990-х г. звязаны з нарошчваннем аб’ёмаў экспарту, жыллёвага будаўніцтва і вытворчасці харчовай прадукцыі. Рэфармаванне эканомікі ішло ў кірунку раздзяржаўлення і прыватызацыі, змянення аграрных адносін, развіцця рыначнай інфраструктуры. У канцы 1990-х г. пачаўся рост унутр. валавога прадукту і аб’ёмаў прамысл. вытворчасці, выпуску тавараў нар. спажывання. Пры гэтым аднак зніжалася рэнтабельнасць вытворчасці. павялічвалася колькасць стратных прамысловых і с.-г. прадпрыемстваў, паніжэнне жыццёвага ўзроўню значнай часткі насельніцтва. У пач. 21 ст. Беларусь апынулася па шэрагу паказчыкаў на ўзроўні дакрызіснага 1990.
Літ.:
Эканамічная гісторыя Беларусі. Пад агульнай рэд. В.І.Галубовіча. 2 выд.Мн., 1996;
Довнар-Запольский М.В. История Белоруссии. Мн., 2003;
Шилов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;
Киреенко Е.Г. Социально-экономическая география Республики Беларусь. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БССР У МІЖВАЕННЫ ПЕРЫЯД
Утварэнне СССР. Ваенна-палітычны саюз БССР і РСФСР, заключаны ў час грамадзянскай вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20, не адпавядаў новым умовам. Пытанне пра заключэнне новага саюзнага дагавора неаднойчы абмяркоўвалася ў ЦКВКП(б) і ЦБКП(б)Б. 16.1.1921 паміж РСФСР і БССР падпісаны новы дагавор, паводле якога: прызнаваліся суверэнітэт і незалежнасць Беларусі; ствараліся аб’яднаныя наркаматы ваенных і марскіх спраў, ВСНГ, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, пошты і тэлеграфа; для каардынацыі дзейнасці ў галіне гасп. і культ. будаўніцтва створана прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР. Аднак канчаткова адносіны паміж дзяржавамі не былі вызначаны. Толькі пасля кастр. (1922) пленума ЦК РКП(б), які падтрымаў план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі), кіраўніцтва КП(б)Б атрымала больш ясныя паліт. арыенціры. IV Усебел. з’езд Саветаў (14—18.12.1922) прыняў рашэнне пра неабходнасць утварэння Саюза ССР і выбраў дэлегацыю на X Усерас. з’езд Саветаў у складзе 33 чал. Сярод дэлегатаў былі А.Р.Чарвякоў (старшыня ЦВК і СНКБССР), В.А.Багуцкі, Ш.Ш.Ходаш, А.С.Славінскі, Я.А.Адамовіч, У.М.Ігнатоўскі і інш.
I Усесаюзны з’езд Саветаў 30.12.1922 прыняў Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у складзе РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР. У выбраны з’ездам ЦВКСССР ад БССР увайшло 7 чалавек. Да кампетэнцыі вышэйшых органаў улады СССР адышлі знешняя палітыка, граніцы, узбр. сілы, транспарт, сувязь, планаванне нар. гаспадаркі, фінансы, аб’яўленне вайны і заключэнне міру. Асн. палажэнні Дагавора зацвердзіла Канстытуцыя СССР, прынятая на II з’ездзе Саветаў СССР у 1924.
У склад БССР, абвешчанай 31.7.1920, уваходзіла 6 няпоўных паветаў Мінскай губ.Бел. дзеячы культуры, сав. і парт. кіраўніцтва БССР, найперш А.Р.Чарвякоў, У.М.Ігнатоўскі і інш., неаднаразова ставілі ў ЦК РКП(б) пытанне пра вяртанне ў склад БССРусх.-бел. зямель. Вяртанне гэтых тэрыторый у склад БССР адбывалася ў складаных унутр. і знешнепаліт. абставінах. На фоне актыўнага супраціўлення губернскіх улад і адсутнасці масавай падтрымкі з боку мясц. насельніцтва пры вызначэнні межаў рэспублікі найбольшая роля адводзілася знешнепаліт. фактару. Далучэнне да БССР раёнаў з большасцю бел. насельніцтва супрацьпастаўлялася палітыцы нац. ўціску і прыгнёту, якая праводзілася Польшчай у Заходняй Беларусі. Пашыраная Сав. Беларусь павінна была стаць адзіным цэнтрам прыцягнення бел.нац.-вызв. і рэв. руху за мяжой. Пры пастаноўцы тэр. пытання кіраўніцтва БССР прытрымлівалася тактыкі паслядоўных зваротаў і пошуку прыхільнікаў у цэнтр.парт., сав. і гасп. органах. І ў 1924, і ў 1926 праблема граніц БССР напачатку разглядалася ў ЦК РКП(б), і толькі пасля вырашэння пытання ў парт. парадку прынятая пастанова праводзілася праз саюзныя, рэсп. і губ. Саветы.
У выніку ўзбуйнення ў 1924 тэр.Сав. Беларусі павялічылася больш чым у 2 разы і склала 110 584 км², колькасць насельніцтва дасягнула 4,2 млн.чал. У выніку 2-га ўзбуйнення ў 1926 тэр. рэспублікі павялічылася яшчэ на 15 727 км², а насельніцтва — на 649 тыс.чал. У пач. 1927 тэр.БССР склала 125 950 км², а насельніцтва каля 5 млн.чал., 80% з якіх складалі беларусы.
Сацыяльна-эканамічнае становішча БССР у 1920-я г. Новая эканамічная палітыка. Прамысловасць і сельская гаспадарка знаходзіліся ў запушчаным стане. У выніку войнаў і інтэрвенцый плошча пад пасевамі збожжавых у параўнанні з 1913 скарацілася на 40%, пад бульбай — на 55%. З 815 буйных прамысл. прадпрыемстваў не працавала 470. Прамысл. вытворчасць скарацілася ў 5 разоў, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала крыху больш за палавіну даваеннай. Гаспадарчую разруху дапаўнялі паліўны крызіс, катастрафічнае становішча сувязі і транспарту, гіперінфляцыя.
Цяжкія матэрыяльныя ўмовы побач з паспешлівымі мерамі, якія прымаліся ўладамі для выпраўлення становішча, выклікалі незадаволенасць усіх сац. пластоў грамадства. Тавараабарот паміж горадам і вёскай амаль поўнасцю спыніўся. У гарадах адбываліся забастоўкі рабочых, сяляне супраціўляліся канфіскацыі збожжа. Цяжкае становішча рэспублікі ўзмацнялася паліт. і крымінальным бандытызмам. Сяляне да мерапрыемстваў сав. улады ставіліся насцярожана, праяўлялі актыўнасць антысав. фарміраванні, колькасць якіх на тэр.БССР хутка расла (у маі 1921 яны налічвалі, 2 тыс. чалавек, а ў чэрвені — 3,5 тыс., за 1921—22 учынена больш за 2,1 тыс. бандыцкіх нападаў). У вёсках ставіліся ваен. пасты, у чэрв. 1921 уведзена ваен. становішча ў Мінску.
Паварот да новай эканамічнай палітыкі [нэп; абвешчана на X з’ездзе РКП(б), люты—сак. 1921] быў зроблены па прычыне незадаволенасці насельніцтва і напачатку меў на мэце рэфармаванне толькі эканам. адносін. Адным з гал. стрыжняў нэпа стала замена харчразвёрсткі натуральным падаткам (ад 13 да 18 відаў прадуктаў), які ўскладаўся не на ўсю вёску, а на кожную асобную гаспадарку дыферэнцыравана (у залежнасці ад колькасці ворнай зямлі і едакоў у сям’і, ураджайнасці). Збор харчпадатку лічыўся адказным заданнем, у распараджэнне харчовых органаў вылучаліся падраздзяленні чырвонаармейцаў.
Дэкрэтам ВЦВК РСФСР ад 17.3.1922 з 1 жніўня ўводзіўся адзіны натуральны падатак, які павінен быў здавацца шасцю відамі прадукцыі. Сем’ям чырвонаармейцаў, інвалідам, беднаце даваліся льготы. У 1923 усе віды натуральнага падаткаабкладання на вёсцы заменены адзіным с.-г. падаткам, які выплачваўся часткова прадуктамі, часткова грашыма, што дазваляла сялянам вызначаць кірунак развіцця сваёй гаспадаркі з пазіцый эканам. мэтазгоднасці.
Прынцып падатковай палітыкі быў класавы. Калі першапачаткова плацілі ўсе, то ў 1923 амаль 26 тыс. бядняцкіх гаспадарак у розным памеры вызваляліся ад падатку, а сума скідак раскладвалася на заможных. Гэта дрэнна адбівалася на развіцці прадукцыйнасці сял. гаспадарак і падрывала веру значнай часткі сялян у справядлівасць сав. улады. Да таго ж падатковая палітыка ўключала ў сябе як адзін з элементаў сваёй сістэмы празмерна нізкія цэны на хлеб, што пазней прывяло да дысбалансу ў эканам. адносінах паміж горадам і вёскай.
Прадугледжаны Дэкрэтам аб зямлі падзел памешчыцкіх і інш. зямель паміж сялянамі ў сувязі з ням. і польскай акупацыямі на большай частцы тэр.БССР пачаўся толькі ў 1920. У першую чаргу зямлёй забяспечваліся беззямельныя і малазямельныя сяляне. Тым не менш каля 40% гаспадарак не былі забяспечаны мінімальнай спажывецкай нормай. У сувязі са спыненнем перасялення і слабым паглынаннем яго прамысловасцю лішак вясковага насельніцтва з года ў год павялічваўся.
У 1925 Наркамат земляробства БССР распрацаваў план аднаўлення сельскай гаспадаркі (пазней гэта палітыка атрымала назву «прышчэпаўшчына» ад прозвішча наркома земляробства Дз.Ф.Прышчэпава). План прадугледжваў: вырашэнне праблемы аграрнай перанаселенасці, скарачэнне скрытага беспрацоўя ў вёсцы праз ліквідацыю групы беззямельных і малазямельных сялян; развіццё прадукцыйных сіл сял. гаспадаркі, ліквідацыю яе спажывецкага характару і перавод на рэйкі таварна-грашовых адносін; каапераванне сельскай гаспадаркі. Землеўпарадчымі работамі планавалася ахапіць да 60% тэрыторыі. З мэтай інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі прадугледжвалася: развіццё жывёлагадоўлі; ліквідацыя 3-польнай сістэмы паляводства; пашырэнне вырошчвання тэхн. і кармавых культур, травасеяння; развіццё садаводства і пчалярства; наладжванне агранамічнай і ветэрынарнай работы. Меры па развіцці прадукц. сіл уключалі зніжэнне на 40% агульнай сумы с.-г. падатку, прадастаўленне дадатковых дзярж. сродкаў сістэме с.-г. крэдыту, палягчэнне найму працоўнай сілы, пашырэнне права здачы зямлі ў арэнду, на якой дазвалялася выкарыстоўваць наёмную рабочую сілу, ліквідацыю адм. перашкод дробнаму сял. гандлю, зніжэнне цэн на с.-г. машыны і павелічэнне працягласці крэдыту на іх куплю, прадастаўленне ўсім сялянам права ўдзелу ў кааперацыі. Аднолькава законнымі прызнаваліся сял. арцель, абшчына, індывідуальнае карыстанне зямлёй у выглядзе хутароў і адрубоў.
Дробная арэнда і наём рабочай сілы дазвалялі больш поўна выкарыстоўваць працоўныя рэсурсы і сродкі вытворчасці. Аднак арэнда ў сял. гаспадарцы БССР не набыла вял. пашырэння: у 1925 ёй карысталася каля 7,7%, у 1927—11% сялян, што тлумачылася адсутнасцю буйных прыватнаўласніцкіх гаспадарак, падатковай і сац. палітыкай у адносінах да заможных сялян.
У 1929 у сельскай і лясной гаспадарцы БССР працавала 81,1 тыс. наёмных работнікаў, большасць з іх складалі малазямельныя сяляне-беднякі, якія не маглі пражыць са сваёй зямлі.
Да 1928 агульная колькасць сялян, якія выйшлі на хутары і адрубы, перасягнула 25% усіх гаспадарак (прыкладна палова з іх перасялілася яшчэ ў час правядзення Сталыпінскай рэформы), ім належала каля 20% зямлі. Усяго ў 1921—29 землеўпарадкавана да 44% агульнай плошчы сял. землекарыстання; у 1925—28 у раёны Сібіры і Д. Усходу выехала 74,8 тыс.бел. сялян. Аднак у цэлым перасяленне сялян не змяніла забяспечанасці зямлёй бел. вёскі, тым больш што частка іх вярнулася назад.
Ажыўленне ў сельскай гаспадарцы абумовіла рост зацікаўленасці сялян у сродках вытворчасці і крэдытах, прымусіла іх шукаць рынкі збыту сваёй прадукцыі. Пачаўся рост крэдытных кааператываў, ствараліся малочна-жывёлагадоўчая, садова-агародніцкая, насенняводчая, меліярацыйная і інш. віды кааперацыі. На пач. 1928 у БССР дзейнічала 1869 с.-г. кааператыўных т-ваў, якія аб’ядноўвалі 331,4 тыс. членаў. Колькасць кааператыўных аб’яднанняў вытворчага тыпу [камуны, таварыствы апрацоўкі зямлі (ТАЗы), арцелі] знізілася з 710 у 1921 да 611 у 1928, яны аб’ядноўвалі каля 5,2 тыс.сял. двароў. Нерэнтабельныя гаспадаркі, у т. л. слабыя саўгасы, ліквідоўваліся.
У сярэдзіне 1920-х г. колькасць бяднейшых сялян скарачалася, адбывалася ўраўноўванне вёскі, скарачэнне колькасці крайніх груп (прадпрымальнікаў і батракоў). У 1927 беднякі складалі 46,5%, сераднякі — амаль 51%, заможныя сяляне, т.зв. кулакі, — 2,5% агульнай колькасці сялян. Аднак ураўноўванне ішло па ўзроўні ніжэй сярэдняга. Частка батракоў хоць і атрымала зямельныя надзелы, але наймацца не перастала з-за недахопу зямлі або сродкаў вытворчасці, частка з іх вымывалася з вёскі. Заможнае сялянства ўяўляла сабой сац. праслойку дробнай сельскай буржуазіі. Забарона ў 1929 найму рабочай сілы і арэнды наогул зрабіла немагчымым яго далейшае існаванне.
У выніку праведзеных мерапрыемстваў спачатку даволі хутка павышаўся дабрабыт сялян, аднаўляліся памеры пасяўных плошчаў, павялічыўся прыток прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гарады. Хоць зямля і заставалася нацыяналізаванай, дзяржава ў пэўнай ступені гарантавала правы сялян на яе ўладанне. У 1925 сельская гаспадарка ў асноўным дасягнула даваеннага ўзроўню. У 1926 кошт усёй валавой прадукцыі перасягнуў сярэднегадавыя паказчыкі 1911—13 амаль на 10%.
Нягледзячы на землеўпарадкаванне, на большай частцы захоўвалася цераспалосіца, культура земляробства была нізкая. Не ўдалося спыніць драбленне сял. гаспадарак і памяншэнне іх надзелаў. У 1928 памер сярэдняга сял. надзелу зноў знізіўся да ўзроўню 1917. Зусім нязначнай была забяспечанасць сельскай гаспадаркі трактарамі і іншай тэхнікай (у 1929 у БССР мелася 237 трактароў).
Вызваленне сельскай гаспадаркі ад палітыкі «ваеннага камунізму» дало штуршок рэформам у галіне прамысловасці, гандлю, фінансаў. Палітыка сав. улады была скіравана на падтрымку дробнай вытворчасці, здольнай у кароткі перыяд ліквідаваць таварны голад, пашырыць тавараабарот паміж горадам і вёскай. Дазвалялася дзярж. арэнда і арганізацыя прыватных дробнапрамысловых прадпрыемстваў, уводзілася права ўласнасці на жыллёвыя пабудовы, фабрычна-заводскія прадпрыемствы, с.-г. і прамысл. прадукты і інш. У руках дзяржавы засталіся буйная прамысловасць, чыг. і рачны транспарт, банкаўская сістэма, амаль увесь оптавы гандаль, вял. частка жыллёвага фонду, зямля, лясы, нетры. Рынак прымусіў перавесці прамысл. прадпрыемствы на гасп. разлік і здзейсніць т.зв. трэстафікацыю. Аднак звычайным стала ўмяшанне парт. органаў у работу прамысловасці, а гасп. разлік падрываўся сістэмай дзярж. фінансавання для больш буйных прадпрыемстваў і трэстаў. Каля 80% несельскагаспадарчых сектараў эканомікі заставаліся нацыяналізаванымі. Дзяржбанк меў манаполію крэдыту, стаўкі па ім ён павышаў ці паніжаў паводле загадаў парт. кіраўніцтва. Пасля 1923 «кантрольныя лічбы» і прагнозы развіцця вытворчасці вызначаў Дзяржплан. Усё гэта стварала тэндэнцыю дзярж. цэнтралізацыі. Адзінай формай дзярж. капіталізму ў БССР была арэнда ў прамысловасці, бо канцэсіі і акцыянерныя т-вы развіцця не атрымалі.
У 1921—22 пачаў працаваць 1-ы дзярж. машынабудаўнічы і чыгуналіцейны з-д «Энергія», з-д «Метал» у Мінску, аднавілі дзейнасць шклозавод «Стрэва», хрусталёвая ф-ка «Барысаў», лесазавод у Бабруйску, фанерны з-д і запалкавая ф-ка «Дняпро» (Рэчыцкі пав.) і інш. У 1923—27 адноўлены і пабудаваны дзесяткі фабрык і з-даў, у т. л. ў Мінску кафельна-керамічны і гарбарны з-ды, шпалерная ф-ка. Выключна важнае значэнне для развіцця прамысл. патэнцыялу БССР мела павелічэнне яе тэрыторыі ў 1924 і 1926. Колькасць цэнзавых прадпрыемстваў у 1926/27 гасп.г. дасягнула 410, а занятых на іх рабочых — 32 137 чал. На працягу 1924—28 аб’ём валавой прамысл. прадукцыі вырас у БССР у 2,3 раза. Аснову прамысловасці рэспублікі, як і ў дарэвалюцыйны час, складалі харчовая, дрэваапрацоўчая і гарбарная галіны, на долю якіх прыпадала асн. частка агульнага аб’ёму валавой прадукцыі. Сярод галін, што развіваліся найб. дынамічна, былі тарфяная, металаапрацоўчая, электраэнергетыка.
Нэп спрыяў хуткаму росту лёгкай прамысловасці. Яна спажывала большую таварную частку прадукцыі сял. гаспадаркі і забірала залішнюю рабочую сілу. Стаўка рабілася на стымуляванне развіцця дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, якія гістарычна пераважалі на Беларусі, што ў хуткім часе дазволіла забяспечваць шырокія слаі насельніцтва харч. і прамысл. таварамі. Паводле перапісу 1923 у гарадах і гар. пасёлках рэспублікі дзейнічала 10 367 прадпрыемстваў, у т. л. 35% дзяржаўных. У 1926 у БССР было 60 178 дробных прамысл. прадпрыемстваў, на якіх працавала 100 725 чал. (з іх прыватных 58 034 з 10 295 наёмнымі работнікамі). Пераважная большасць прадпрыемстваў працавала без наёмных рабочых. У 1926 дробнасаматужная вытворчасць складала 42,1% усёй прамысл. прадукцыі рэспублікі, на яе прадпрыемствах было занята каля 70% рабочых.
Прыватныя прадпрыемствы з самага пачатку былі пастаўлены ў няроўныя ўмовы з дзяржаўнымі, якія мелі цэнтралізаванае забеспячэнне, гарантаваныя дзярж. заказы і закупкі. У горшых умовах знаходзіліся арэндныя прадпрыемствы. Тэрміны арэнды (ад 1 да 6 гадоў), адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні не спрыялі распрацоўцы доўгатэрміновай стратэгіі і значным капіталаўкладанням з боку прадпрымальнікаў. Праводзіліся пераважна арэндныя здзелкі, разлічаныя на хуткае ўзбагачэнне без вялікіх затрат, каля 3/4 арэндных дагавораў заключалася толькі на 1 год. Нэпман 1920-х г. аддаваў перавагу рознічнаму, паўаптоваму гандлю, пасрэдніцкай дзейнасці.
Рэалізацыя нэпа накладвала адбітак і на жыццё рабочых: адмянялася абавязковая працоўная павіннасць часоў грамадз. вайны, скасоўваліся абмежаванні па перамене месца працы, у 1923—24 адбыўся пераход на здзельную аплату і выплату заробку грашыма. Тым не менш сярэдняя заработная плата не задавальняла нават самыя сціплыя запатрабаванні. Складанымі былі і жыллёвыя ўмовы рабочых. Павелічэнне кватэрнай платы і камунальных плацяжоў абумовілі фактычную ліквідацыю вынікаў «жыллёвага перадзелу» перыяду «ваеннага камунізму».
Да аграрнай перанаселенасці вёскі, адсутнасці пастаянных заняткаў у значнай часткі гар. і местачковага насельніцтва дадаліся частковы перавод прамысловасці на капіталіст. прынцыпы гаспадарання, закрыццё шэрагу прадпрыемстваў, што выклікала рост беспрацоўя. У 1921 у БССР афіцыйна зарэгістравана 7,8 тыс., у 1924—25,9 тыс. беспрацоўных. З далучэннем Гомельскага і Рэчыцкага пав. (1926) іх колькасць, нягледзячы на аднаўленне прамысловасці, у 1928 дасягнула 64,4 тыс. чал.
Цэнтр. звяном нэпа стала свабода гандлю, дзе і дасягнуты найб. адчувальныя вынікі, звязаныя з паляпшэннем матэрыяльнага становішча людзей. Вял. сетка біржаў і кірмашоў, гандл. прадпрыемстваў звязвалі прамысловасць з рынкам і сялянамі. Існавалі розныя віды гандлю: прыватны, кааператыўны, дзяржаўны. У 1922/23 г. на долю прыватніка прыпадала 90% усіх гандлёвых прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Умацаванне грашовай сістэмы (рэформа 1922—24), стварэнне камерцыйных банкаў, т-ваў узаемнага крэдыту, ашчадных кас спрыялі эканам. росту прыватніка. Адным з паказчыкаў фін. стабілізацыі, даверу да дзяржавы стала хуткае павелічэнне колькасці ўкладчыкаў і памераў укладаў. Аднак становішча прыватніка ўскладнялася высокімі падаткамі і трансп. расходамі, фактычнай немагчымасцю атрымання крэдытаў.
У перыяд станаўлення нэпа краіна перажыла некалькі дысбалансаў прамысл. і с.-г. цэн. Так, у 1922 рынак быў выбіты з раўнавагі дарагоўляй с.-г. прадуктаў і лішкам прамысл. тавараў, у выніку чаго рэзка знізіўся дзярж. прыбытак. У 1923 у сялян была перавытворчасць, а фабрыкі зменшылі выпуск прадукцыі, што пазбавіла сялян прыбытку («нажніцы цэн»), Дзярж. маніпуліраванне крэдытамі дазволіла ліквідаваць крызіс і стабілізаваць сітуацыю. Крызіс збыту ў 1923—24 стаў прычынай наступлення ўлад на нэпманаў. На прыватны гандаль распаўсюджвалася нарміраванне рознічных цэн, за парушэнне якіх гандляроў прыцягвалі да адказнасці.
Лінія на выцясненне прыватнага гандлю запаволіла продаж прамысл. тавараў, што вяло да фін. цяжкасцей у прамысловасці. Кіраўніцтва краіны даволі хутка адрэагавала на крызіс 1925 і прыняло рашэнне аб пераглядзе гасп. планаў. Курс у адносінах да прыватніка быў крыху падкарэкціраваны: лягчэй было атрымаць гандлярам крэдыты ад дзяржавы і тавары ад дзярж. прамысловасці; палепшана забеспячэнне сыравінай; саматужнікам і рамеснікам даваліся льготы.
У 1926 пачалося новае наступленне на нэпманаў. Пастанова ад 26.8.1926 «Аб дзяржаўным рознічным гандлі» прапаноўвала павялічыць долю каап. і дзярж. гандлю за кошт прыватнага. Скарачаўся водпуск тавараў і сыравіны, зніжаліся крэдыты, ліквідоўваліся таварныя біржы, расло падаткаабкладанне, павышалася квартплата для ўладальнікаў гандлёвых і прамысл. прадпрыемстваў. Доля прыватніка ў валавой прамысл. прадукцыі з 1925/26 па 1927/28 гасп.г. зменшылася з 49,2 да 28,6%, а на 1.10.1928 у БССР засталіся толькі 4 прыватныя цэнзавыя прадпрыемствы. У дробнай вытворчасці прыватныя прадпрыемствы яшчэ выпрацоўвалі больш за 3/4 прадукцыі, але аб’ём яе хутка скарачаўся. Толькі за 1927/28 гасп.г. закрыта каля 5 тыс. гандлёвых прадпрыемстваў, крыніцы існавання былі пазбаўлены каля 20 тыс.чал. Меры супраць гандлю адразу ж адбіліся на саматужна-рамеснай прамысловасці, узніклі цяжкасці з набыццём сыравіны і збытам прадукцыі. У 2-й пал. 1920-х г. зноў ствараліся глаўкі па галінах, якія паўтаралі арганізацыю кіравання пры «ваенным камунізме», павялічылася ўмяшанне дзяржавы ў тавараабарот. На 1926/27 гасп.г. прынята новае палажэнне абс.-г. падатку — ён павялічваўся амаль у 2 разы для заможных гаспадарак, ім абмяжоўвалася выдача крэдытаў.
З аднаго боку, нэп садзейнічаў уздыму эканомікі, а з другога — вёў да росту сац. дыферэнцыяцыі. Вострай праблемай гарадоў стала беспрацоўе. Цяжкія матэрыяльныя і жыллёвыя ўмовы, рост бюракратызму, новы віток сац. расслаення грамадства ўзмацнялі негатыўныя настроі. Рабочыя выказвалі незадавальненне высокімі, на іх погляд, акладамі спецыялістаў. Сярод работнікаў парт. і дзярж. апарату, дзе заставалася нямала прыхільнікаў ідэалогіі і метадаў часоў «ваеннага камунізму», зноў стала пераважаць думка пра несумяшчальнасць выкарыстання прыватнага капіталу з задачамі сац. будаўніцтва.
Крызіс 1927—28 у адрозненне ад папярэдняга быў не толькі эканам., але і сац.-палітычным. Нягледзячы на нядрэнны ўраджай, збожжа было нарыхтавана амаль удвая менш, чым у 1926. Для збожжанарыхтовак прыцягнуты органы АДПУ і міліцыі, на вёску камандзіравана вял. колькасць парт. і сав. працаўнікоў з гарадоў. Комплекс надзвычайных мер дазволіў значна павялічыць нарыхтоўкі, аднак рэзка пагоршыліся адносіны часткі сялян да сав. улады. Пастановай Палітбюро ЦКВКП(б) ад 14.2.1929 уведзена картачная сістэма на хлеб, а пазней і на інш. тавары. Карткі выдаваліся толькі працуючым у дзярж. сектары эканомікі і іх утрыманцам. Насельніцтва прамысл. гарадоў і пасёлкаў атрымала перавагу ў параўнанні з жыхарамі неіндустрыяльных гарадоў; працуючыя на індустрыяльных аб’ектах — перад тымі, хто працаваў на другарадных вытворчасцях. Па-за дзярж. сістэмай забеспячэння апынуліся сяляне (каля 80% насельніцтва краіны) і пазбаўленыя паліт. правоў («лішэнцы»). Прамысл. тавары ў вёску завозілі ў значна меншых памерах і ў асноўным у канцы года. Аднак дзярж. забеспячэнне не гарантавала пражытачнага мінімуму нават гар. насельніцтву.
Індустрыялізацыя. У сярэдзіне 1920-х г. Беларусь мела 3,4% насельніцтва СССР, а выпускала ўсяго 1,6% прамысл. прадукцыі. У рэспубліцы пераважалі дрэваапрацоўчая, харчовая і лёгкая галіны прам-сці. Рабочыя, занятыя ў саматужна-рамеснай прам-сці, складалі амаль 3/4 рабочых рэспублікі. Удзельная вага інжынераў і тэхнікаў складала менш за 2% агульнай колькасці занятых. Умовы, у якіх знаходзілася рэспубліка, дыктавалі неабходнасць больш інтэнсіўнага прамысл. развіцця.
Курс на індустрыялізацыю ўзяты на XIV з’ездзе ВКП(б) і X з’ездзе КП(б)Б (снеж. 1925). У сав. мадэлі індустрыялізацыі акцэнт рабіўся на развіццё перадавых на той перыяд галін, матэрыяльнай асновы ваен.-прамысл. комплексу. Аднак з сярэдзіны 1920-х г. і да канца 1-й пяцігодкі ў БССРасн. ўвага аддавалася развіццю лёгкай і харч. прамысловасці, што было абумоўлена дастатковымі запасамі мясц. сыравіны, кадрамі, традыцыямі. Асн. сродкі накіроўваліся ў паліўную, дрэваапрацоўчую, папяровую, гарбарную і харч. галіны, бо развіццё іх патрабавала менш выдаткаў і часу. Частка капіталаўкладанняў накіравана на развіццё энергетыкі, машынабудаўнічай прам-сці і на вытворчасць буд. матэрыялаў.
Курс на індустрыялізацыю патрабаваў велізарных капіталаўкладанняў, пераразмеркавання сродкаў на карысць прамысловасці, тым больш, што грашовая эмісія звяла да нуля станоўчыя вынікі грашовай рэформы. З паскарэннем індустрыялізацыі ў канцы 1920-х г. адбывалася перапампоўванне сродкаў з агр. сектара ў прамысловы. Былі зведзены да мінімуму невытворчыя расходы, выкарыстоўваліся працоўны энтузіязм народа, «добраахвотна-прымусовыя» пазыкі ў працоўных.
З 1928 эканоміка і культура БССР развіваліся ў адпаведнасці з 5-гадовымі перспектыўнымі планамі. За гады 1-й пяцігодкі ў рэспубліцы пабудавана 78 буйных, 480 дробных і сярэдніх прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. швейныя ф-кі «Сцяг індустрыялізацыі» (Віцебск), імя Камінтэрна (Гомель), імя Валадарскага (Магілёў), імя Дзяржынскага (Бабруйск), панчошна-трыкатажная ф-ка імя КІМ (Віцебск), Магілёўская ф-ка штучнага валакна, «Гомсельмаш», найбуйнейшая ў рэспубліцы электрастанцыя БелДРЭС і інш. Прадукцыя металаапрацоўчай галіны вырасла ў 3,8, харчовай — у 4,7, гарбарна-абутковай — у 6, швейнай — амаль у 13 разоў. На Беларусі былі створаны паліўная, машынабудаўнічая, хімічная галіны прам-сці, наладжана вытв-сць штучнага валакна, трыкатажу. У 1932 у рэспубліцы выпушчана 1500 металарэзных станкоў і больш за 13 тыс. розных с.-г. машын. Аднак планавыя паказчыкі пяцігодкі не былі выкананы. Аб’ём прамысл. вытворчасці БССР за пяцігодку павялічыўся ў 2,7 раза замест планавых 3,7 раза, план капітальнага буд-ва выкананы на 68,1%.
Да пач. 1930 ліквідавана беспрацоўе ў гарадах, аднак у выніку перазаключэння калектыўных дагавораў, тарыфнай рэформы, перагляду норм выпрацоўкі павялічылася ўраўнілаўка, што выклікала незадавальненне рабочых, якое парт.-дзярж. кіраўніцтва накіроўвала супраць «буржуазных» кадраў.
Каб стрымаць падзенне жыццёвага ўзроўню рабочых, яшчэ з пач. 1920-х г. пры фабрыках і заводах ствараліся сельскія дапаможныя гаспадаркі, сетка рабочых кааператываў і аддзелаў рабочага забеспячэння, якія ў пач. 1934 ахоплівалі больш за 100 тыс. рабочых і служачых. У 1934 дапаможныя гаспадаркі прадпрыемстваў рэспублікі мелі 27 тыс.га зямлі, пад калектыўнымі агародамі — каля 8 тыс.га; з агульнай колькасці рабочых сем’яў прамысл. гарадоў 22% мелі індывідуальныя ўчасткі, плошча якіх складала 6,9 тыс.га.
У 1931 — сярэдзіне 1932 эканам. палітыка была ўдасканалена. Пачала выкараняцца ўраўнілаўка на вытворчасці, уводзіўся гасп. разлік, разгортваўся калгасны гандаль. У канцы 1932 уведзены кантроль за фондам заработнай платы і дысцыплінай на прадпрыемствах, пашпартная сістэма ў гарадах прыгранічных раёнах.
Лістападаўскі пленум (1934) ВКП(б) прыняў рашэнне аб адмене ў СССР з 1.1.1935 картачнай сістэмы на хлеб. Неўзабаве былі адменены карткі на мясныя і рыбныя прадукты, тлушч, цукар і бульбу, на прамысл. тавары. Аднак праблема не была вырашана. З-за недахопу харчовых і спажывецкіх тавараў у гарадах выстройваліся вял. чэргі.
Пастановай ЦКВКП(б) і СНКСССР з 25.7.1936 устаноўлены нормы водпуску тавараў у адны рукі. Сітуацыя з таварным дэфіцытам асабліва абвастрылася ў канцы 1930-х г. У Гомелі, Віцебску, Барысаве і інш. месцах хлеб прадавалі па спісах.
У гады 2-й і 3-й пяцігодак прамысловасць рэспублікі развівалася дастаткова высокімі тэмпамі. Аб’ём валавой прадукцыі за 1932—37 вырас амаль у 1,9 раза. Пабудаваны такія буйныя прадпрыемствы, як Аршанскі льнокамбінат, Крычаўскі цэментны, Гомельскі шкляны, Магілёўскі аўтарамонтны з-ды, 2-я чарга БелДРЭС і інш. Аднак другі 5-гадовы план быў выкананы на 77%.
Значную ролю ў вытворчасці прадметаў спажывання ў 1930-я г. працягвалі адыгрываць саматужнікі, хаця колькасць іх хутка скарачалася: у 1926 іх налічвалася 89 066, у 193 5 — толькі 6385.
У сувязі з пагаршэннем міжнар. становішча ў канцы 1930 — пач. 1940-х г. былі прыняты новыя законы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы, якія прадугледжвалі больш цяжкія меры пакарання за парушэнне прац. дысцыпліны. Адноўлены 8-гадзінны прац. дзень і 7-дзённы прац. тыдзень.
Да канца 1930-х г.БССР ператварылася з аграрнай краіны ў аграрна-індустрыяльную. У 1929—40 у рэспубліцы ўведзены ў дзеянне і рэканструяваны 1863 прадпрыемствы, якія выпускалі 90% прадукцыі. Беларусь вывозіла ў значных памерах прамысл. прадукцыю ў інш. раёны СССР. Змянілася і сац. структура насельніцтва. У адпаведнасці з перапісам насельніцтва 1939 доля рабочых у складзе насельніцтва дасягнула 21,9%, доля інтэлігенцыі — 14,5%. На аснове індустрыялізацыі фактычна быў ліквідаваны сац. пласт дробных прадпрымальнікаў, гандляроў, рамеснікаў і інш. прадстаўнікоў прыватнай сферы.
Калектывізацыя. У канцы 1920-х г. рост с.-г. вытворчасці стаў запавольвацца. Узнікла ідэя вырашыць збожжавую праблему на базе калгасаў і саўгасаў, тым больш, што ў 1928 паказчыкі іх вытв-сці былі больш высокія, чым у аднаасобным сектары.
Першыя калектыўныя гаспадаркі ва ўсх. Беларусі з’явіліся ў канцы 1917 — пач. 1918. Аднак у гады нэпа цікавасць да калектыўных форм гаспадарання знізілася. У 1927 на тэр.БССР існавала 416 калгасаў, створаных у асноўным на памешчыцкіх і царкоўных землях. Сярод іх членаў пераважалі беззямельныя сяляне і батракі, колькасць сялян, што ўступалі ў калгасы са сваімі зямельнымі надзеламі, не перавышала 1/5. Адначасова ствараліся саўгасы, у 1925 у БССР іх было 154.
Пытанне аб калектывізацыі сельскай гаспадаркі як асноўнай задачы на вёсцы пастаўлена на XV з’ездзе ВКП(б) (снеж. 1927). Нягледзячы на шырокую агітацыю за стварэнне калгасаў, адм. меры да неплацельшчыкаў падаткаў і ўкрывальнікаў збожжа, рост падаткаў у адносінах да заможных сялян, матэрыяльную і фін. дапамогу калектыўным гаспадаркам, стварэнне новых калгасаў і ўступленне ў іх аднаасобнікаў у 1928—1-й пал. 1929 не набыло шырокіх памераў. Колькасць калгасаў за гэты час у БССР павялічылася з 611 да 1543, а сялян у іх — з 8 да 12,9 тыс.чал. (удзельная вага калектывізаваных гаспадарак — каля 1,5%). Сярод членаў калгасаў бяднейшыя сяляне складалі каля 69%, сераднякі — 31%.
У ліст. 1929 узяты курс на фарсіраваную калектывізацыю. Наркамзем БССР быў падвергнуты крытыцы за адсутнасць дакладнай лініі ў правядзенні калектывізацыі, забаронены хутарская і дробнапасялковая формы землекарыстання. У абставінах гонкі тэмпаў калектывізацыі, нарастаючага націску зверху, разгарнулася «спаборніцтва» мясц. арг-цый за хутчэйшае правядзенне калектывізацыі. Да пач. 1930 працэнт калектывізацыі ў БССР узняўся да 20,9% (165,3 тыс.сял. гаспадарак). Да 1.3.1930 у БССР у калгасах лічылася 58% сял. гаспадарак. 10.2.1930 ЦККП(б)Б накіраваў у ЦКВКП(б) дакладную запіску з прапановаю прызнаць БССР рэспублікай суцэльнай калектывізацыі. Празмерна хуткае стварэнне велізарнай колькасці калгасаў пры адсутнасці вопыту іх вядзення, недахопе кадраў сельскіх кіраўнікоў, спецыялістаў і тэхнікі выклікалі дэзарганізацыю ў сельскай гаспадарцы. Рэакцыяй сялян на фарсіраванне тэмпаў калектывізацыі і прымусовае абагульненне сродкаў вытворчасці стаў масавы забой жывёлы (да мая 1930 пагалоўе коней і буйн. раг. жывёлы скарацілася больш чым на чвэрць).
У студз. 1930 усім акругкомам і райкомам КП(б)Б разасланы цыркуляр «Аб ліквідацыі кулацтва як класа», паводле якога «прыём кулакоў у члены ўсіх відаў кааперацыі» забараняўся. Дырэктывамі цэнтр. органаў кіравання, прынятымі ў студз.—лют. 1930, колькасць раскулачаных па раёнах вызначалася ў 3—5‰ усіх сял. двароў, а па рэспубліцы ў цэлым — 4,2% (34 тыс.), што было значна больш за рэальную колькасць заможных гаспадарак (каля 2%). У раскулачаныя траплялі сераднякі і беднякі, якія не жадалі ўступаць у калгасы. Паводле афіц. звестак да канца мая 1930 у БССР раскулачана 15 629 кулацкіх гаспадарак. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады і іх актыў. Раскулачванне нярэдка мела характар не толькі экспрапрыяцыі іх асн. сродкаў вытворчасці, але і канфіскацыі ўсёй маёмасці, уключаючы прадметы асабістага ўжытку.
Задачам стымулявання суцэльнай калектывізацыі была падпарадкавана і падатковая палітыка краіны. Пастановай ЦВК і СНКСССР аб адзіным с.-г. падатку ад 23.2.1930 устанаўліваліся 3 сістэмы абкладання: калгасаў і калгаснікаў, аднаасобных гаспадарак, кулацкіх гаспадарак. Для першых быў вызначаны прынцып прапарцыянальнага абкладання даходаў, аднаасобныя і кулацкія гаспадаркі абкладаліся падаткам у індывідуальным парадку па спец. прагрэсіўнай шкале. Акрамя с.-г. падатку апошнія павінны былі плаціць яшчэ самаабкладанне і т.зв. культзбор. Кулацкія гаспадаркі, якія не выконвалі ўстаноўленыя для іх сельсаветам нормы цвёрдага задання ў належны тэрмін, падлягалі адказнасці ў крымінальным парадку. Калектывізацыя і раскулачванне выклікалі незадавальненне і супраціўленне сял. мас. Толькі за 3 першыя месяцы 1930 у рэспубліцы зарэгістравана каля 520, за 1-ю пал. 1931 — не менш як 1169 выступленняў супраць калектывізацыі.
Усю віну за «перагібы» ў правядзенні калектывізацыі І.В.Сталін усклаў на мясц. работнікаў (арт. «Галавакружэнне ад поспехаў», газ. «Правда» ад 2.3.1930). Рэзалюцыя Бюро ЦККП(б)Б ад 17.4.1930 «Аб барацьбе з перагібамі ў калгасным руху» адзначала небальшавіцкі падыход да серадняка, указвала, што асобныя члены партыі даходзілі да грубага прымусу, дапускалі арышты тых, хто не жадаў уступаць у калгас, а раскулачванне ў шэрагу выпадкаў закранала серадняка. Сяляне ўспрынялі гэта як змену курсу і пачалі выходзіць з калгасаў. Да мая 1930 працэнт калектывізацыі знізіўся да 11%.
Студзеньскі (1931) пленум ЦККП(б)Б зноў адзначыў неабходнасць павышэння тэмпаў калектывізацыі. Да 1.1.1932 яе працэнт падняўся да 50,4% агульнай колькасці сял. гаспадарак. Вясной 1932 была зроблена спроба стварыць матэр. стымулы для працаўнікоў сельскай гаспадаркі шляхам увядзення здзельнай аплаты працы. У пастанове ЦКВКП(б) ад 14.3.1932 асуджалася прымусовае абагульненне жывёлы калгасамі, больш таго, паводле яе калгасы павінны былі памагаць бескароўным калгаснікам у набыцці кароў.
Паводле пастановы СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 6 і 10.5.1932 дазваляўся гандаль па цэнах, што складваліся на рынку, даходы калгасаў і калгаснікаў ад продажу на рынку прадукцыі ўласнай вытворчасці не абкладаліся падаткам, а з аднаасобніка бралася не больш за 30%. Аднак гандаль дазваляўся толькі пасля выканання дзярж. плана, стварэння насеннага і інш. фондаў. Статут с.-г. арцелі 1930 дазваляў калгасніку мець невял. асабістую дапаможную гаспадарку, хоць не вызначаў яе памеры і ўмовы функцыянавання. У выніку сяляне самавольна пашыралі ўчасткі і вялі на іх дробнатаварную гаспадарку. У сак. 1933 ЦКВКП(б) указаў кіраўнічым органам Беларусі на недапушчальнасць такога становішча, і СНКБССР прыняў пастанову, паводле якой участак не павінен быў перавышаць 0,5 га і мог засявацца толькі агароднымі культурамі ці ранняй бульбай.
Паводле закону ад 7.8.1932 «Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці» (празваны ў народзе закон «Аб пяці каласках») за крадзеж калгаснай і кааператыўнай маёмасці прызначаўся расстрэл, а пры змякчальных абставінах — зняволенне не менш як на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці, без права на амністыю. Паводле гэтага закона ў БССР на працягу 1933—34 асуджана больш за 10 тыс.чал. У канцы 1932 органам ДПУ і судовым органам загадвалася ўзмацніць работу па спагнанні цвёрдых заданняў з заможных і кулакоў. Камуністы, якія не забяспечылі выкананне норм збожжанарыхтовак, аб’яўляліся памагатымі кулакоў і падлягалі дэпартацыі разам з імі або турэмнаму зняволенню на 5—10 гадоў, нават расстрэлу. Калгасы, прызнаныя сабатажнікамі, заносіліся на «чорную дошку». У такія калгасы спыняўся завоз тавараў, забараняліся кааператыўны і калгасны гандаль, крэдытаванне, датэрмінова спаганяліся крэдыты, зачыняліся ўсе млынавыя прадпрыемствы.
Вынікам калектывізацыі і неабгрунтаванай эканам. палітыкі стаў масавы голад у СССР у 1932—33. У БССР ад голаду загінула некалькі тысяч чалавек (найбольш на Палессі).
Адной з мэт законаў аб абавязковых пастаўках дзяржаве збожжа, сланечніку, бульбы і жывёлы калгасамі і аднаасобнікамі (1933), аб закупках збожжа спажывецкай кааперацыяй (1934) было павышэнне зацікаўленасці калгаснікаў і аднаасобнікаў у вытворчасці с.-г. прадукцыі, стварэнне больш спрыяльных умоў для росту ўраджайнасці і развіцця калгаснага гандлю. Збожжа, якое заставалася пасля выканання абавязковых паставак (а для калгасаў — і натуральнай платы МТС) пакідалася ў распараджэнні вытворцаў. Паводле пастановы СНКСССР і ЦКВКП(б) ад 19.1.1934 закупкі збожжа ў насельніцтва праводзіліся толькі на аснове добраахвотнасці. Аднак дырэктывай ад 31.8.1934 калгасы, якія выканалі планы збожжанарыхтовак і натураплаты, абавязваліся да размеркавання даходаў па працаднях ствараць фонды для выканання плана дзярж. закупак.
У калгасах былі створаны паліт. аддзелы пры МТС, якія былі арыентаваны на правядзенне ў вёсцы надзвычайных мер. Сельсаветам і нават райкомам партыі было прадпісана выконваць задачы, пастаўленыя перад імі палітаддзеламі. У 1933—34 у БССР створаны 72 палітаддзелы. Паводле дырэктывы пленума ЦК і ЦККВКП(б) (студз. 1933) яны кантралявалі кадры калгасаў і МТС.
З мая 1932 да мая 1933 з рэспублікі выслана 35 тыс. сялянскіх сем’яў, на працягу 1933 у калгасах «выкрыта» і выключана 2700 «кулакоў-шкоднікаў», за «варожую» дзейнасць зняты 1544 работнікі. З агульнай колькасці рэпрэсіраваных і высланых за гэты час каля 10 тыс. складалі т.зв. сацыяльна чужыя і контррэвалюцыйныя элементы, каля 2,5 тыс. былыя калгаснікі. У такіх умовах з 1.1.1933 па 10.9.1934 зарэгістравана 1163 тэрарыстычныя акты на вёсцы, у т. л. 117 забойстваў актывістаў і 861 падпал калгасных двароў. З 2-й пал. 1934 узмацніліся тэмпы калектывізацыі: у студз. 1935 яе працэнт склаў 72,6%, у канцы года — 85,6%. Збожжапастаўкі 1934 былі выкананы, што дазволіла ўладам паставіць пытанне пра адмену картачнай сістэмы забеспячэння гараджан.
У сярэдзіне 1930-х г. частка аднаасобных сялян стала на шлях прадпрымальніцтва, павысіла прадукцыйнасць сваіх зямельных надзелаў, мела дапаможны заробак (праца на лесараспрацоўках, саматужны промысел, рамізніцтва і г.д.) і выконвала ўсе дзярж. павіннасці. У 1934—35 стаўкі падатку для аднаасобных гаспадарак зноў перагледжаны. З 1935 дадатковаму абкладанню падлягалі і калгаснікі, якія мелі пастаянныя даходы ад саматужных промыслаў.
У адпаведнасці з прыкладным статутам с.-г. арцелі, прынятым на 2-м Усесаюзным з’ездзе калгаснікаў-ударнікаў (люты 1935), калгаснікі атрымалі пэўную юрыдычную гарантыю ад дзяржавы на вядзенне прысядзібнай гаспадаркі. У залежнасці ад рэгіёна калгасніку дазвалялася мець ад 0,25 да 0,5 га прысядзібнай зямлі і 1—3 каровы, неабмежаваную колькасць дробнай жывёлы і птушкі. Надзелы адыгрывалі важную ролю ў валавой вытворчасці жывёлагадоўлі і гародніны, а да канца 2-й пяцігодкі значна апярэдзілі калгасы і па колькасных і па якасных паказчыках. У 1938 яны займалі 3,8% усіх плошчаў, а давалі 45% усёй с.-г. прадукцыі. Статут замацаваў прынцып размеркавання калгаснай прадукцыі па працаднях, былі палегчаны ўмовы прыёму ў калектыўныя гаспадаркі.
У 1939 у калгасах уведзены пэўны мінімум працадзён (для БССР 80), што фактычна рабіла дысцыпліну ў калгасах больш жорсткай. Рэкамендавалася скараціць прысядзібныя надзелы калгаснікаў, уводзіўся дадатковы падатак на сял. сады; калгаснікам забаранілі касіць для сваіх кароў сена на калгасных лугах; павялічаны нормы паставак збожжа і мяса. У выніку натуральная аплата працадзён была зніжана без грашовай кампенсацыі.
Завяршэнню калектывізацыі на Беларусі перашкаджала хутарская сістэма землекарыстання, таму быў узяты курс на ліквідацыю апошніх хутарскіх гаспадарак. За 2 даваенныя гады пераселена або зусім ліквідавана 192 тыс. хутароў. У 1920—30-я г. ў БССР рэпрэсіравана і выслана за межы рэспублікі больш за 250 тыс. сялян.
З далучэннем да БССР у вер. 1939 Зах. Беларусі парт.-сав. ўлады прынялі меры па правядзенні там калектывізацыі. Да чэрв. 1941 на тэр.зах. абласцей Беларусі арганізавана 1115 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 49 тыс.сял. двароў (6,7% агульнай іх колькасці). У той час калгасам належала 7,8% усёй зямлі. На землях памешчыцкіх маёнткаў ствараліся саўгасы (у 1-й пал. 1940 іх арганізавана 28). Адначасова з калектывізацыяй праводзілася абрэзка зямель т.зв. кулацкіх гаспадарак, высылка асаднікаў і інш.
Да пачатку Вял.Айч. вайны ступень абагуленасці гаспадарак ва ўсх. Беларусі дасягнула 93,4%, а па пасяўной плошчы — 96,2%. У 1932—40 сярэдні памер с.-г. арцелі павялічыўся з 36 двароў да 75, пасяўная плошча — з 215 да 367 га. Прыкладна такімі ж былі і саўгасы. Да 1941 у БССР іх было 132 і яны валодалі 0,9% усёй плошчы с.-г. угоддзяў. У 1940 ва ўсх. абласцях БССР было 236 МТС, трактарны парк складаў 9,7 тыс. машын. Калектывізацыя прывяла да карэнных змен у арганізацыі с.-г. працы, сацыяльна-бытавых і грамадска-культурных адносін на вёсцы.
Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі. Паводле рашэння II Усебеларускага з’езда Саветаў (1920) вышэйшым органам дзярж. улады ў БССР з’яўляўся з’езд Саветаў Беларусі, а ў перыяд паміж з’ездамі — ЦВК і яго Прэзідыум. Старшыня ЦВК адначасова прызначаўся і старшынёй Савета Народных Камісараў (да 1924). 2-я сесія ЦВКБССР (5.2.1921) зацвердзіла палажэнне аб Савеце Народных Камісараў, паводле якога яму належала права выдаваць «дэкрэты, распараджэнні, інструкцыі і ўвогуле прымаць усе меры, неабходныя для правільнага і хуткага цячэння дзяржаўнага жыцця». Для кіраўніцтва рознымі галінамі нар. гаспадаркі і культуры прадугледжвалася ўтварэнне 15 нар. камісарыятаў. Утварэнне СССР і прыняцце Канстытуцыі СССР 1924 выклікала неабходнасць змен і ў канстытуцыйным заканадаўстве БССР, што вырашыў VI Усебел. (Надзвычайны) з’езд Саветаў (сак. 1924). VIII Усебел. з’езд Саветаў (11.4.1927) зацвердзіў Канстытуцыю БССР 1927, у якой пацвярджалася, што БССР «ёсць сацыялістычная дзяржава дыктатуры пралетарыяту», а носьбіт вярхоўнай улады — Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Фактычна ж адбывалася зліццё парт. і савецкага дзярж. апаратаў (дзярж. кіраўнікі ўваходзілі ў склад парт. органаў, а парт. кіраўнікі ў склад дзярж. савецкіх устаноў). Паводле Канстытуцыі БССР 1937 замест з’езда Саветаў і выбранага ім ЦВК і яго Прэзідыума вышэйшым органам улады з’яўляўся Вярхоўны Савет БССР і Прэзідыум Вярхоўнага Савета. БССР абвяшчалася сацыяліст. дзяржавай рабочых і сялян, паліт. аснову якой складаюць Саветы дэпутатаў працоўных, а эканам. аснову — сацыяліст. сістэма гаспадаркі і сацыяліст. ўласнасць на прылады і сродкі вытворчасці. Усе найважнейшыя пытанні дзярж. жыцця адносіліся да кампетэнцыі саюзных органаў.
Адзінай кіруючай і накіроўваючай сілай была Камуністычная партыя. X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) прыняў спец. рэзалюцыю «Аб адзінстве партыі», паводле якой фракцыі ў РКП(б) былі забаронены. Пачаліся ліквідацыі апазіцыйных партый, увядзенне цэнзуры і інш. У 1921 арыштавана 860 актыўных членаў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), у чэрв. 1924 адбыўся яе самароспуск. У 1921 самаліквідаваўся Бунд, распалася Яўрэйская камуніст. партыя. Напачатку ўдзельнікі небальшавіцкіх партый і рухаў маглі адмовіцца ад сваіх паліт. поглядаў, уступіць у кампартыю і працаваць у розных установах і ведамствах. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР сфарміравалася аднапартыйная сістэма. Крайні цэнтралізм улады і кіравання прывёў да разрастання апарата. Камуніст. партыя таксама падвяргалася перыядычным праверкам наяўнага складу членаў і «чысткам», вялася барацьба з апазіцыямі ўнутры партыі. У 1921 колькасць выключаных з КП(б)Б дасягнула амаль 20%, у 1924—4,2%, у 1929—3717 чалавек.
У 1920-я г. з’явіліся законы па забеспячэнні свабод і правоў грамадзян, ствараліся кодэксы, у т. л. грамадзянскі, працоўны і крымінальны; пашыраліся выбарчыя правы, праводзілася судовая рэформа, фарміравалася адвакатура і пракуратура. ВЧК была рэарганізавана ў АДПУ з ранейшымі функцыямі. У кастр. 1922 ДПУ зноў дазволена выкарыстанне пазасудовых рэпрэсій.
Большасць новых палажэнняў і законаў адлюстроўвалі класавы і парт. прынцыпы. Прадстаўнікі рабочага класа прыцягваліся ў выбарныя дзярж. і парт. органы, прафесійныя, камсамольскія і інш. грамадскія арг-цыі, карысталіся прывілеямі пры ўступленні ў бальшавіцкую партыю. Сяляне выбіралі ў Саветы ўсіх узроўняў сваіх прадстаўнікоў у параўнанні з рабочымі па квоце 1:5. Усеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні ўпершыню абвешчана ў Канстытуцыі БССР 1937.
У 1920-я г. пэўная частка асоб была выключана з паліт. і грамадскага жыцця — т.зв. «лішэнцы» (выхадцы з былых прывілеяваных саслоўяў, гандляры, святары, царскія супрацоўнікі праваахоўных органаў, дзеці прадстаўнікоў гэтых пластоў грамадства і г.д.). Яны не мелі права не толькі выбіраць і быць выбранымі, але займаць дзярж. ці грамадскія выбарныя пасады, быць членамі прафсаюза, атрымліваць дапамогу па беспрацоўі і г.д.
Рэчаіснасцю сав. жыцця была вял. колькасць урачыстасцей, састаўной часткай якіх былі шматтысячныя дэманстрацыі, парады, мітынгі і інш. Да ранейшых 12 рэлігійных (выключаны з календара ў 1930) дадаліся шматлікія новыя святы і памятныя даты: 1 мая, гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, Парыжскай камуны, Міжнар. юнацкі дзень, Міжнар. дзень жанчын, дэманстрацыі ў падтрымку сав. улады, бягучых рэв. падзей у Еўропе і г.д. Вуліцам, прадпрыемствам, навуч. установам даваліся новыя назвы. Гербы і старыя эмблемы саступалі месца сав. сімволіцы, здымаліся манархічныя помнікі, адкрываліся новыя ў памяць рэвалюцыянераў.
У пач. 1920-х г. у БССР сталі з яўляцца розныя культ.-асв. т-вы і суполкі, грамадскія аб’яднанні навук., творчага і прафес. кірунку: эканамічныя, гісторыі і старажытнасцей, бібліяфілаў, мед., пед. т-вы, літ. арг-цыі; прафес. аб’яднанні мелі юрысты, музычныя працаўнікі, мастакі, зубныя ўрачы і інш. Акрамя таго, працавалі рэліг. абшчыны, дзейнічалі мусульманскае дабрачыннае т-ва, яўр.гар.к-т і інш.
У пачатку нэпа была дазволена свабода друку (дзейнічалі прыватныя выдавецтвы і выданні), аднак паводле парт. і ўрадавых пастаноў 1922—23 уводзілася цэнзура практычна ўсіх друкаваных выданняў, пад кантроль дзяржавы пастаўлены грамадскія аб’яднанні. Дазвол на існаванне атрымлівалі аб’яднанні, якія ставілі за мэту ўдзел у сацыяліст. будаўніцтве, найб. буйныя з іх узначальвалі вядомыя парт. і дзярж. дзеячы. Членства ў іх паступова з добраахвотнага станавілася абавязковым.
З 1924 афіц. палітыкай нац.-дзярж. і культ. будаўніцтва ў БССР стала беларусізацыя. Першыя крокі ў яе ажыццяўленні зроблены ў 1919—20 (дзяржаўнасць бел. мовы, стварэнне бел. школ). У КП(б)Б улілося шмат дзеячаў нац.-вызв. руху, многія з якіх пазней увайшлі ў склад вышэйшых парт. і дзярж. органаў БССР і сталі ініцыятарамі беларусізацыі (А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі, А.Л.Бурбіс, А.В.Баліцкі). Яе правядзенню спрыялі і рашэнні ВКП(б) па нац. палітыцы пач. 1920-х г. Наркаматы БССР пераводзілі справаводства на бел. мову, для падрыхтоўкі кадраў стваралася шырокая сетка курсаў беларусазнаўства. У 1921 пацверджаны дэкрэт урада Літ.-Бел. ССР (1919) пра раўнапраўе ў якасці дзяржаўных бел., рус., яўр. (ідыш) і польскай моў. У 1921 адкрыты БДУ, у 1922 — Ін-тбел. культуры, на базе якога ў 1929 створана Бел. акадэмія навук. Аб’яўленая ў ліп. 1923 ЦВКСССР і ЦВКБССР амністыя ўдзельнікам антысавецкіх нац. арг-цый і фарміраванняў, бел.паліт. і культ. дзеячам, членам бел.нац. урадаў і бел. партый, якія не прымалі актыўнага ўдзелу ва ўзбр. барацьбе супраць сав. улады і заявілі аб лаяльных да яе адносінах, дала ім магчымасць далучыцца да нац.-культ. будаўніцтва. 2-я сесія ЦВКБССР (15.7.1924) спец. пастановай «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі» ўзняла беларусізацыю на дзярж. ўзровень. Побач з вывучэннем гісторыі, культуры, нац. і эканам. асаблівасцей Беларусі ажыццяўляўся перавод працы навучальна-выхаваўчых, навуковых і адм. устаноў на бел. мову. Калі ў 1925 у рэсп. установах бел. мовай валодала толькі 22% супрацоўнікаў, а ў акруговых і раённых — 36%, то ў 1926 — адпаведна 54% і 42%, а ў 1927—80% і 70%. Адным з кірункаў нац. палітыкі была т.зв. каранізацыя, згодна з якой на партыйную, сав. і грамадскую работу вылучаліся кадры з карэннага насельніцтва. З сярэдзіны 1920-х г. пачаўся даволі паспяховы перавод навучання ва ўсіх тыпах устаноў на родныя мовы навучэнцаў. Бел. мова стала абавязковым прадметам выкладання ў рус., яўр., польскіх і інш.нац. школах рэспублікі. На ўсіх дзярж. мовах выдаваліся газеты, часопісы, л-ра.
У святле гэтых падзей Берлінская канферэнцыя Рады БНР (кастр. 1925) аб’явіла аб роспуску сваіх паліт. цэнтраў і спыненні барацьбы з сав. уладай і прызнала БССР месцам кансалідацыі бел. народа. Важнай паліт. падзеяй у жыцці БССР стала Акадэмічная канферэнцыя па рэформе бел. правапісу ў Мінску (ліст. 1926) — першае міжнар.навук. мерапрыемства па беларусазнаўстве. У ёй удзельнічалі супрацоўнікі навук. і навуч. устаноў БССР, грамадскія дзеячы, вядомыя вучоныя Літвы, Латвіі, Германіі, Польшчы, Украіны і Расіі, прадстаўнікі бел. культуры, якія знаходзіліся за межамі БССР (В.Ластоўскі, К.Езавітаў, А.Галавінскі, У.Жылка, У.Пігулеўскі). Некаторыя з іх таксама прызналі Мінск адзіным цэнтрам нац.-культ. развіцця Беларусі і засталіся тут працаваць.
Згортванне нэпа суправаджалася адступленнямі ад праведзеных рэформ і ў паліт. сістэме. Ліберальная інструкцыя 1925 па выбарах у Саветы ў ліп. 1926 адменена, новыя інструкцыі зноў значна пашыралі катэгорыі асоб, пазбаўленых выбарчых правоў. У 2-й пал. 1920-х г. узмоцнены кантроль Саветаў над сходамі сялян, у якіх маглі ўдзельнічаць толькі тыя, хто меў выбарчыя правы. Узмацняўся кантроль партыі за дзейнасцю Саветаў. Спісы кандыдатаў у Саветы складаліся парт. арг-цыямі і ўзгадняліся ў райкомах партыі. Скліканню кожнага з’езда Саветаў БССР ці сесіі ЦВК папярэднічалі пленумы ЦККП(б)Б, якія вызначалі парадак дня і прымалі на ім праекты рашэнняў. Такі ж парадак устанаўліваўся і ў адносінах мясц. Саветаў. Функцыі Саветаў абмяжоўваліся гасп. і культ.-арганізац. пытаннямі. Камсамол і прафсаюзы таксама дзейнічалі пад парт. кантролем, узмацнілася цэнзура. У канцы 1920-х г. адмаўленне ад удзелу ў выбарах ужо разглядалася як негатыўныя адносіны да партыі і сав. улады.
З сярэдзіны 1920-х г. узмацніўся кантроль за паліт. паводзінамі грамадзян. Да паліт. злачынства прыраўноўвалася не толькі антысав. дзеянне, але і яго тэарэт. магчымасць. У пач. 1930-х г. значна павялічыўся рэпрэсіўны апарат, утвораны пазасудовы орган — асобая нарада замест судовай калегіі АДПУ.
З канца 1920-х г. пачалася барацьба з т.зв. бел. нацыянал-дэмакратызмам, які разглядаўся як антысавецкая плынь. Рэпрэсіраваны ўдзельнікі бел.нац. руху 1917—24, якія засталіся жыць на тэр.СССР. Пачатак гэтаму пакладзены дзейнасцю ў БССР у маі—чэрв. 1929 камісіі ЦКВКП(б) на чале з У.П.Затонскім па абследаванні практыкі правядзення нац. палітыкі. Вынікам дзейнасці камісіі стала т.зв. справа «Саюз вызвалення Беларусі» (СВБ): арыштаваны 108 прадстаўнікоў бел. інтэлігенцыі, у т. л. акадэмікі Бел.АН В.Ю.Ластоўскі, Я.Ю.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, прафесары А.А.Смоліч і У.І.Пічэта, наркомы земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі), пісьменнікі М.Гарэцкі, У.Дубоўка, Я.Пушча. Пасля закрытага кастр. (1930) пленума ЦККП(б)Б, які ўхваліў дзеянні АДПУ і прапановы бюро ЦК, арыштаваныя па абвінавачванні ў прыналежнасці да «СВБ» былі засуджаны на розныя тэрміны зняволення або высланы за межы БССР. Адначасова паводле рашэнняў пленума пачалася чыстка партыі ад т.зв. нацыянал-ухілістаў, найперш у яе кіруючых звёнах. Усё гэта прывяло да згортвання палітыкі беларусізацыі.
У 1931 супрацоўнікі АДПУ правялі аперацыю супраць «контррэвалюцыйных шкодніцкіх арганізацый»: «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі» (БФПСП), «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі». Іх ячэйкі «выяўлены» ў Дзяржплане БССР, ВСНГБССР, ЦСУ, Наркамземе, Наркамаце забеспячэння, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, Белбудаб’яднанні, Белметалаб’яднанні, Белскураб’яднанні, спажывецкай кааперацыі і інш.
У 1933 супраць бел. інтэлігенцыі спецорганамі праведзены справы «Беларуская народная грамада» (з’яўлялася працягам «СВБ», праходзіла 68 чалавек пераважна бел. пісьменнікаў, настаўнікаў, студэнтаў) і «Беларускі нацыянальны цэнтр» (праходзіў 161 чал., пераважна дзеячы нац.-вызв. руху Зах. Беларусі, якія перабраліся ў БССР). Ячэйкі арганізацый былі «выяўлены» спецорганамі ў Дзяржплане, наркаматах асветы, аховы здароўя, сувязі, Акадэміі навук, БДУ, Бел.с.-г. акадэміі, Саюзе пісьменнікаў, Бел. ваеннай акрузе, у шэрагу гарадоў і раёнаў БССР.
Паводле пастановы Прэзідыума ЦВКСССР ад 1.12.1934 справы па паліт. абвінавачаннях разбіраліся ў пазасудовым парадку з выкарыстаннем вышэйшай меры пакарання. У 1929—30, 1933 праведзены парт. чысткі. Калі на 1.1.1933 кампартыя Беларусі налічвала 65 040 чал., то ў 1934—37 909. У выніку праверкі партдакументаў за 1935—36 выключана з партыі і знята з работы 17% старшынь райкомаў і 14% іх намеснікаў, 22% сакратароў райвыканкомаў і інш.; у партыі засталося 31 937 членаў. Вынікам «вялікага тэрору» 1937 стала наступнае скарачэнне колькасці партыйцаў да 31 603 чал., нягледзячы на новыя прыёмы, якія ішлі паралельна. Аднаўленне складу КП(б)Б пачалося з 1938, на 1.1.1941 яна налічвала ўжо 72 177 членаў. Выбары 1937 і 1938 у Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР мелі адпаведна працэнт удзелу 97,4% і 99,65%, практычна ўсе з тых, хто галасаваў, аддалі свае галасы за «кандыдатаў блока камуністаў і беспартыйных».
У 1937—38 ва ўсіх сферах нар. гаспадаркі выкрыты т.зв. «контррэвалюцыйныя, шкодніцкія» арг-цыі. Праведзены паліт. працэсы над удзельнікамі «Аб’яднанага антысавецкага падполля», «Беларускай аўтакефальнай царквы», «Беларускай народнай грамады», «Беларускага нацыянальнага цэнтра», «Беларускай філіі меншавікоў», «Беларускага філіяла Прампартыі», «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», Польскай арганізацыі вайсковай, «Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)», «Партыі вызвалення сялян» і інш.; арыштаваны і расстраляны старшыні ЦВК і СНКБССР, іх намеснікі, члены ЦВК і СНК, сакратары ЦККП(б)Б, былі рэпрэсіраваны амаль усе наркомы, прафсаюзныя і камсамольскія дзеячы, кіраўнікі нар. гаспадаркі, 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў Бел.АН, больш за 100 бел. пісьменнікаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў і інш. Большасць з іх была прыгаворана пазасудовымі органамі да вышэйшай меры пакарання.
У 1937 была звернута ўвага на факты дэспатызму і здзекаў над калгаснікамі і аднаасобнікамі з боку мясц. органаў улады. У БССР для разбору «шкодніцкай» дзейнасці прыбылі нам. старшыні Камісіі парт. кантролю пры ЦКВКП(б) і адначасова заг. с-г. аддзела ЦК Я.А.Якаўлеў і заг. аддзела кіруючых парт. органаў ЦКВКП(б) Г.М.Малянкоў. Пры іх удзеле адбыўся ліпеньскі (1937) пленум ЦККП(б)Б. Недахопы ў развіцці сельскай гаспадаркі, масавыя незадавальненні і пратэсты сялян супраць падатковай палітыкі, невыкананне планаў шэрагам прадпрыемстваў тлумачыліся контррэв. дзеяннямі антысавецкага падполля. З 24 прамоўцаў на пленуме ў далейшым рэпрэсіраваны 20 чалавек.
У выкананне пастановы СНКСССР і ЦК ВКП(б)Б ад 2.8.1937 «Аб аказанні дапамогі калгаснаму сялянству Беларускай ССР і ліквідацыі шкодніцтва ў справе калгаснага ўладкавання», дырэктыў партыі і ўрада аб ліквідацыі наступстваў шкодніцтва ў галіне судовай працы Вярхоўным судом БССР былі перагледжаны больш за 50 тыс. спраў адносна каля 70 тыс. асуджаных у 1934—37 калгаснікаў, аднаасобнікаў і сельскага актыву за невыкананне дзяржабавязкаў. З 50% асуджаных адразу была знята судзімасць. У шэрагу раёнаў БССР восенню 1937 праведзены адкрытыя працэсы над раённымі кіраўнікамі, прыцягнуты да адказнасці работнікі органаў пракуратуры і суда.
Пастанова СНК і ЦКВКП(б) «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» ад 17.11.1938 азначала адыход ад масавых рэпрэсій. Органам НКУС і Пракуратуры забаранялася праводзіць масавыя аперацыі па арыштах і высяленні, а самі арышты прадпісвалася здзяйсняць у адпаведнасці з Канстытуцыяй толькі паводле пастановы суда ці з санкцыі пракурора. Ліквідаваліся «тройкі», справы неабходна было перадаваць на разгляд судоў ці Асобай нарады пры НКУС.
Адмова ад масавых рэпрэсій праходзіла без шырокага асвятлення ў друку, рэабілітацыя арыштаваных была частковай і непаслядоўнай. У дакладной у ЦКВКП(б) ад 7.7.1939 П.К Панамарэнка асудзіў адкрытыя працэсы 2-й пал. 1937 — пач. 1938 над раённымі кіраўнікамі. У выніку быў спынены шэраг спраў (Бялыніцкая, Кармянская, Бярэзінская, Пухавіцкая, Клічаўская, Чавуская, Мазырская, Аршанская і інш.).
Паводле афіц. звестак у 1935—40 ад паліт. рэпрэсій у БССР пацярпелі 86 168 чал., з іх 28 425 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны. У агульную лічбу каля 600 тыс. ахвяр паліт. рэпрэсій уваходзіць таксама больш за 100 тыс. жыхароў рэспублікі, рэпрэсіраваных у адм. парадку на тэр.Зах. Беларусі ў 1939—41, 1944—53.
У выніку масавых чыстак адбылася практычна поўная змена кіруючых кадраў усіх узроўняў. Да ўлады прыйшло новае пакаленне ўпраўленцаў, падрыхтаванае савецкай сістэмай адукацыі. На 1.1.1941 у БССР працавалі 27,7 тыс. спецыялістаў з вышэйшай і каля 60 тыс. з сярэдняй адукацыяй. Аднак забяспечанасць спецыялістамі гаспадаркі і культуры заставалася недастатковай, узровень падрыхтоўкі кадраў быў мінімальны. У дзярж. і гасп. органы, установы культуры і школы пасля невялікай падрыхтоўкі і нават без яе, прыцягваліся работнікі з агульнай сярэдняй і 7-гадовай адукацыяй. Яны складалі больш як 1/3 працаўнікоў разумовай працы.
Адукацыя, навука, культура. Першыя дэкрэты сав. улады па пытаннях адукацыі былі накіраваны на ліквідацыю царскай школьнай сістэмы і распрацоўку асноўных прынцыпаў сав. школы. «Палажэнне аб адзінай працоўнай школе» і пастанова 1-й Парт. нарады (1921) дэкларавалі сувязь школы з палітыкай Камуніст. партыі, бясплатную абавязковую агульную і політэхн. адукацыю, адзіную для ўсіх грамадзян свецкую школу, дэмакр. арганізацыю навучання працоўнага характару. Навучанне павінна было складаць 9 гадоў. З 1922 асн. школай БССР стала 7-гадовая школа, аднак масавай у 1920-я г. была пачатковая 4-гадовая. У адпаведнасці з задачай політэхнізацыі 7-гадовыя школы набылі вытворчы ўхіл. На вёсцы ствараліся школы сялянскай моладзі, у горадзе пры фабрыках і заводах — фабрычна-заводскія сямігодкі. Да сярэдзіны 1920-х г. сярэдняя школа на Беларусі адсутнічала, праграму сярэдняй адукацыі выконвалі рабочыя факультэты, агульнаадук. курсы, з 1926—9-гадовыя школы і школы 2-й ступені (8—9-ы класы). У 1930-я г. вялася уніфікацыя школы ў межах усяго СССР. Пастановай СНКСССР і ЦКВКП(б) «Аб структуры пачатковай і сярэдняй школы ў СССР» (15.5.1934) усталёўвалася адзіная сістэма агульнаадук. школы: пачатковая (1—4-ы класы), няпоўная сярэдняя (1—7-ы класы), сярэдняя (1—10-ы класы).
У час беларусізацыі выкладанне ў школах праводзілася на роднай мове навучэнцаў, у праграмы ўведзены прадметы краязнаўчага цыкла, бел. мова стала абавязковым прадметам выкладання ва ўсіх нац. школах, пры паступленні ў тэхнікумы і ВНУ патрабавалася веданне бел. мовы. Пастановай СНК і Прэзідыума ЦВКБССР ад 7.4.1926 у рэспубліцы ўводзілася ўсеагульнае пачатковае навучанне, з 1932/33 навуч.г. — няпоўнае сярэдняе. Адначасова з сістэмы адукацыі пачалі знікаць школы нац. меншасцей.
У 1920-я г. побач з агульнаадукацыйнай існавала прафес.-тэхн. школа, асн. тыпамі якой былі школа фабрычна-заводскага вучнёўства, прафшкола, прафклас, с.-г. школа, вучэбна-практычныя майстэрні, школы с.-г., саўгаснага і трактарнага вучнёўства. У 1940 пачалася перабудова сістэмы прафес.-тэхн. адукацыі, стваралася сістэма працоўных рэзерваў.
У 1920—30-я г. ў БССР разгорнута сетка школ і пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці сярод дарослых (у 1928/29 навуч.г. 309 ліквідацыйных пунктаў і 319 школ малапісьменных). Працавалі вячэрнія школы для дарослых. Паводле перапісу насельніцтва ў снеж. 1926 пісьменных у рэспубліцы ва ўзросце ад 9 да 49 гадоў было 53,1%, у 1940/41 навуч.г. — каля 85% насельніцтва.
З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР у 1939 там пачалося ўвядзенне сав. школьнай сістэмы, усеагульнага бясплатнага навучання ў аб’ёме сямігодкі, ствараліся нац. школы. У 1940/41 навуч.г. на тэр. Беларусі працавалі 12 294 школы ўсіх відаў, у якіх навучалася 1 737,1 тыс. чалавек і працавала 56,9 тыс. настаўнікаў.
У 1920-я г. актыўна развівалася сетка сярэдніх спец. навучальных устаноў.
Адкрыты тэхнікумы: Віцебскі механіка-будаўнічы, Мінскі арх.-будаўнічы, Полацкі лясны, Мінскія гідратэхнікум і палітэхнікум, Магілёўскі культ.-асветны, Аршанскі чыг. і інш. У 1930 у БССР працавала 58 сярэдніх спец.навуч. устаноў (11,2 тыс. навучэнцаў). Адначасова адбывалася станаўленне вышэйшай школы Беларусі. У пач. 1920-х г. у БССР працавалі Горы-Горацкі земляробчы ін-т, Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археал. ін-та, Віцебскі дзярж.маст.-практычны ін-т (у 1923 рэарганізаваны ў мастацкі тэхнікум), Віцебскі, Магілёўскі і Мінскі пед. ін-ты. У 1920 Мінскі політэхнічны тэхнікум пераўтвораны ў ВНУ, а ў 1922 рэарганізаваны ў інстытут сельскай і лясной гаспадаркі. 30.10.1921 адбылося ўрачыстае адкрыццё БДУ (3 ф-ты, 1250 студэнтаў). У выніку ўзбуйнення Беларусі ў 1924 сетка ВНУ рэспублікі пашырылася, што не адпавядала матэрыяльным магчымасцям краіны. Шэраг навуч. устаноў падлягаў рэарганізацыі і зліццю: Віцебскі, Мінскі і Магілёўскі вышэйшыя пед. ін-ты аб’ядноўваліся з пед. ф-там БДУ; Мінскі і Горацкі с.-г. ін-ты — у Бел.дзярж. акадэмію сельскай гаспадаркі. У 1924 пачаў працу ветэрынарны ін-т у Віцебску. Падрыхтоўкай кадраў парт. і сав. работнікаў займаліся сав. і парт. школы, якія працавалі ў Мінску, Віцебску, Гомелі і Магілёве. У 1925 Мінская вышэйшая парт. школа рэарганізавана ў Камуніст. універсітэт імя У.І.Леніна, а ў 1932 пераўтворана ў Вышэйшую камуністычную с.-г. школу Беларусі. З правядзеннем беларусізацыі з мэтай надання краязнаўчага ўхілу ва ўсіх ВНУ засноўваліся спец. кафедры па вывучэнні Беларусі. У 1925/26 навуч.г. для падрыхтоўкі навукова-пед. кадраў пры ВНУ ствараліся аспірантуры. У 1930—31 Мінскі, Віцебскі і Магілёўскі пед. тэхнікумы рэарганізаваны ў педінстытуты; пачалі працу Аршанскі і Гомельскі пед. ін-ты. Да канца 1920-х г. у сістэму адукацыі ўведзена вышэйшае завочнае навучанне, экстэрнат. У 1930 адкрыты 4 новыя ВНУ: электратэхнічны, хіміка-тэхналагічны, будаўнічы ў Мінску і механічны ў Гомелі. У 1930/31 навуч.г. ўстановы рэарганізаваліся па галіновай прыкмеце, на базе асобных ф-таў ствараліся самастойныя ВНУ і перадаваліся ў падпарадкаванне гасп. аб’яднанняў, для якіх яны рыхтавалі спецыялістаў. Сетка ВНУ значна пашырылася, толькі на базе с.-г. акадэміі створана 11 ВНУ. Драбленне матэрыяльнай базы прывяло да стварэння маламоцных ін-таў: у 1925 працавалі 4 ВНУ з 4342 студэнтамі, а ў 1931—32 з 10 547 студэнтамі. У 1933 ВНУ з вузкай спецыялізацыяй зноў аб’яднаны, аднавілі працу с.-г. акадэмія і політэхн. інстытут. У 1932 пачала дзейнічаць Мінская кансерваторыя. У 1935—37 створаны 2-гадовыя настаўніцкія ін-ты ў Мінску, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Оршы і Рагачове, а пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР — у Баранавічах, Гродне, Пінску. У 1937 адкрыты Мінскі ін-тфіз. культуры. У 1939/40 навуч.г. ў БССР дзейнічалі 22 вышэйшыя (15,4 тыс. студэнтаў) і 102 сярэднія спец.навуч. ўстановы (133,6 тыс. навучэнцаў), каля 20 тыс. займалася на завочных аддзяленнях і курсах.
Навука. У 1921 створана Навукова-тэрміналагічная камісія, на базе якой у 1922 арганізаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт). Старшынямі Інбелкульта былі С.Некрашэвіч, з 1924 — У.Ігнатоўскі; у яго дзейнасці ўдзельнічалі Я.Дыла, З.Жылуновіч, У.Пічэта, Я.Карскі, Я.Купала, Я.Колас, Я.Лёсік і інш. У 1923 у Мінску створана Бел. доследная станцыя па ахове с.-г. культур, у 1924 — Мінская лясная доследная станцыя, Цэнтральнае бюро краязнаўства. У 1926 у БССР дзейнічала 240 краязнаўчых арганізацый з ахопам каля 10 тыс. чалавек. Значную навук. работу праводзілі вучоныя БДУ і Бел. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі. 1.1.1929 на аснове Інбелкульта адкрыта Акадэмія навук. У 1932 у яе складзе налічвалася 14 НДІ, працавалі 22 правадзейныя члены Бел.АН, 150 навук. работнікаў. Усяго ў рэспубліцы ў канцы 1930-х г. дзейнічала 40 н.-д. устаноў, у якіх было занята больш за 1,5 тыс.навук. супрацоўнікаў.
У 1920—30-я г. адкрыты шэраг культ.-асветных устаноў — рабочых клубаў, хат-чытальняў, чырвоных куткоў, дамоў культуры, бібліятэк (у 1927 у рэспубліцы налічвалася 271 хата-чытальня і 95 нар. дамоў). У кастр. 1921 пачала працаваць Бел.дзярж. бібліятэка. У 1937 у рэспубліцы было 14 музеяў. У сав.гіст. навуцы пераўтварэнні ў галіне культуры ў міжваенны перыяд атрымалі назву культурнай рэвалюцыі.
Літ.:
Партийная этика: Дискуссии 20-х гг.М., 1989;
История Отечества: люди, идеи, решения: Очерки истории Сов. государства. М., 1991;
Хлевнюк О.В. 1937-й: Сталин, НКВД и советское общество. М., 1992;
Яго ж. Политбюро. Механизм политической власти в 30-е годы. М., 1996;
Зеленин И.Е. Политотделы МТС — продолжение политики «чрезвычайщины» (1933—1934) // Отечеств. история. 1992. №6;
Яго ж. Коллективизация и единоличник (1933 — первая половина 1935 г.) // Там жа. 1993. № 3;
Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 1920—50-х гадоў на Беларусі. Мн., 1994;
Ивницкий Н.А. Коллективизация и раскулачивание (начало 30-х годов). М., 1994;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Революция и человек: быт, нравы, поведение, мораль. М., 1997;
Голанд Ю. Кризисы, разрушившие НЭП. Валютное регулирование в период НЭПа. М., 1998;
Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921—1923). Мн., 1999;
Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мн., 2000;
Платонаў Р.П. Беларусь у міжваенны перыяд.Мн., 2001;
НЭП в контексте исторического развития России XX века. М., 2001;
Перед крутым поворотом: Тенденции в полит. и духов. жизни Беларуси (1925—1928 гг.): Отражение времени в арх. док. Мн., 2001;
Раманава І. «Зона»: Бел. памежжа па сав. бок дзярж. кардону ў 1930-я гг. // Спадчына. 2001. №1—2;
Яе ж. Голад 1932—1934 гг. і Беларусь // Там жа. 2004. №1;
Яе ж. Рэпрэсіі супраць нацыянальных меншасцей Беларусі ў міжваенны перыяд // Беларусь у XX стагоддзі. Мн., 2002. Вып. 1;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 2002.
І.М.Раманава.
Заворванне былога балота.Віцебская панчошна-трыкатажная фабрыка ў час будаўніцтва.Мокрапрадзільны ватэрны цэх Віцебскай ільнопрадзільнай ф-кі «Дзвіна».Мінскі фармацэўтычны завод.Віцебскі камбінат па вытворчасці алею.Галоўны корпус і рабочы пасёлак Асінаўскай электрастанцыі.Галоўны корпус і сілавая станцыя Магілёўскага гарбарнага завода.Упаковачны цэх Барысаўскай запалкавай фабрыкі.Дыскаванне глебы. Сельгаскамуна імя БВА. Любанскі раён.Фрэзер для глебы. Сельгаскамуна імя БВА. Любанскі раён.Трактарная калона «Інтэрнацыянал».Сыраварня. Калгас «Рассвет». 1930-я г.Мінск. Вуліца Савецкая. 1929.Чытальныя залы Віцебскага латышскага і Мінскага польскага клубаў.Універсітэцкі гарадок у Мінску.Школа фабрычна-заводскага вучнёўства пры Віцебскай ільнопрадзільнай ф-цы «Дзвіна».Сямігадовая школа ў в. Дукора Пухавіцкага раёна.Вырабы керамічнага аддзялення Віцебскага мастацкага тэхнікума.Туберкулёзны санаторый «Сасноўка». Віцебскі раён.Цэнтральная бульбяная станцыя ў Мінску.Клуб у калгасе «Рассвет».