ДЗІ́КІНСАН (Dickinson) Эмілі Элізабет (10.12.1830, г. Амхерст, штат Масачусетс, ЗША — 15.5.1886),

амерыканская паэтэса. Вучылася ў жаночым каледжы; з 1854 у добраахвотным пустэльніцтве ў Амхерсце. Напісала каля 2000 вершаў, але дала дазвол апублікаваць толькі 7 (надрук. 5). Завяшчала знішчыць свой архіў, але ў 1890 выдадзена яе паэт. кн. «Вершы». Цікавасць да творчасці і асобы Дз. зноў узнікла ў 1910-я г. ў часы т. зв. «паэтычнага Рэнесансу» ў ЗША. Асн. тэмы яе творчасці — каханне, жыццё і смерць, прырода. Эксперыментавала з мовай (насычала яе неалагізмамі), адыходзіла ад традыц. граматыкі і сінтаксісу. Яе вершы грунтуюцца на творча пераасэнсаваных памеры і строфіцы пратэстанцкага гімна; выкарыстоўвала нечаканыя інверсіі, сімволіку колераў.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения М., 1981.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛІТАРАТУ́РНА-МАСТА́ЦКАЯ КАМУ́НА»,

літаратурнае аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала з вер. 1927 да крас. 1928. Створана ў выніку выхаду з «Маладняка» групы маладых пісьменнікаў. Ініцыятар стварэння П.​Шукайла. Чл.: А.​Атава (Канановіч), П.​Броўка, У.​Варава, Я.​Відук (Я.​Скрыган), Ю.​Лявонны (Л.​Юркевіч), У.​Прыбыткоўскі, Я.​Сукала, М.​Шалай і інш. Існавалі літ. гурткі камуны пры Полацкім і Магілёўскім педтэхнікумах, у вёсках Случчыны і Полаччыны. Захапляліся футурызмам, арыентаваліся на ЛЕФ і творчую практыку У.​Маякоўскага ў форме вонкавага пераймання. Выдала 2 нумары час. «Росквіт» (1927—28). Самаліквідавалася, члены яе зноў увайшлі ў «Маладняк».

Літ.:

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця: Літ. ўспаміны, сустрэчы, шляхі. Мн., 1979. С. 10—18.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАМЕДЫ́ ФРАНСЭ́З»

(Comédie Franęaise, афіц. назва «Тэатр Франсэ», «Théatre-Franęais),

старэйшы нац. т-р Францыі. Засн. ў 1680 у Парыжы паводле ўказа Людовіка XIV, які аб’яднаў т-р Мальера, што раней зліўся з т-рам «Марэ», і т-р «Бургундскі атэль». Валодаў манаполіяй на выкананне літ. драмы, атрымліваў датацыю, што дазваляла запрашаць лепшых акцёраў. Стаў школай акцёрскага і рэжысёрскага майстэрства. У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. «К.Ф.» распаўся на «Тэатр Нацыі» і «Тэатр Рэспублікі», якія ў 1799 зноў аб’ядналіся пад назвай «К.Ф.». У розны час у «К.Ф.» выступалі Ф.Ж.Тальма, Э.Рашэль, С.Бернар, Б.К.Каклен, Ж.Л.Баро і інш. У наш час «К.Ф.» захоўвае ў рэпертуары творы Мальера, П.​Карнеля, Ж.​Расіна, П.​Бамаршэ, класічныя традыцыі.

т. 7, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́МАН (Kimōn; каля 504—449 да н.э.),

афінскі палкаводзец і паліт. дзеяч перыяду грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. Стратэг у 478—475 да н.э. Адзін з арганізатараў Дэлоскага саюза. У 476—475 заняў крэпасць Эён (Фракія) і в-аў Скірас. Паліт. праціўнік Фемістокла і Перыкла, на чале алігархаў выступаў супраць дэмакратызацыі дзярж. ладу Афін. У 469 перамог персаў у М. Азіі, у 468 выцесніў персаў з п-ва Херсанес Фракійскі. У 466—465 задушыў паўстанне саюзнікаў супраць Афін на а-вах Наксас і Тасас. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Спарту. У 461 выгнаны з Афін, каля 456 вярнуўся, зноў удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць персаў. Загінуў у час марской экспедыцыі на Кіпр.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРА́ВДА»,

масава-палітычная газета; орган Камуніст. партыі Расійскай Федэрацыі. Выдаецца ў Маскве на рус. мове 3 разы на тыдзень. Засн. У.​І.​Леніным. Першы нумар выйшаў 22.4(5.5). 1912 у Пецярбургу. У 1912—14 газета 8 разоў забаранялася, выходзіла пад рознымі назвамі. 8(21).7.1914 забаронена. Пасля Лют. рэвалюцыі з 5(18).3.1917 адноўлена, некалькі разоў мяняла назву. Пасля Кастр. рэвалюцыі з 27.10(9.11). 1917 зноў выходзіла пад назвай «П.». З 16.3.1918 выдаецца ў Маскве. У жн. 1991 пасля спынення дзейнасці КПСС выданне «П.» прыпынена, потым адноўлена. Асвятляе пытанні паліт., эканам. і культурнага жыцця Расіі і краін СНД, у т. л. Беларусі. Мае рубрыкі: «Падзеі, факты, версіі», «Пульс планеты», «Традыцыям верныя», «Вецер падарожжаў» і інш.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РАЖСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у г. Сураж Віцебскага пав. (цяпер гар. пасёлак у Віцебскім р-не). Пабудаваны з дрэва ў сутоках рэк Каспля і Зах. Дзвіна ў 1563 паводле загаду вял. кн. ВКЛ і караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста. У ходзе ваен. падзей 17—18 ст. замак зведаў неаднаразовыя разбурэнні; у 1616 і 1633 спалены рас. войскамі, але праз некат. час зноў адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 С.з. здадзены 2.9.1656 царскаму войску. На «Чертеже» (1701), зробленым стольнікам Пятра I М.​Цызыровым, зафіксаваны абарончыя сцены С.з. без вежаў і 2 масты цераз роў; замак паказаны ў плане як круглы. Пасля 1772 С.з. перастаў існаваць.

т. 15, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎ Дзяніс Васілевіч (27.7.1784, Масква — 4.5.1839),

герой вайны 1812, ваен. пісьменнік і паэт, ген.-лейт. (1831). З 1801 на ваен. службе ў кавалерыі (з 1804 у гусарах). У час вайны 1812 камандаваў атрадам гусараў і казакоў, паспяхова дзейнічаў у тыле ворага. Удзельнік замежных паходаў 1813—14. З 1823 у адстаўцы. У 1826—1827 зноў служыў на Каўказе. Удзельнічаў у падаўленні паўстання 1830—31, у т. л. ў Беларусі. Аўтар ваен.-гіст. прац: «Дзённік партызанскіх дзеянняў 1812» (1860), «Вопыт тэорыі партызанскіх дзеянняў» (1821) і інш. Як паэт выступаў з 1803. Стварыў жанр «гусарскай лірыкі» (зб. «Вершы», 1832).

Тв.:

Военные записки. М., 1982;

Избранное. М., 1984;

Стихотворения. Л., 1984.

Літ.:

Серебряков Г. Денис Давыдов. М., 1985.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЎСТРА-ІТАЛЬЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1848—49,

вайна за вызваленне Італіі ад аўстрыйскага панавання. Пачалася ў час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. У выніку нар. паўстання з Ламбардыі і Венецыі былі выгнаны аўстр. войскі. Кароль Сардзініі Карл Альберт аб’явіў вайну Аўстрыі. У баях удзельнічалі добраахвотныя атрады Дж.Гарыбальдзі. Здрадніцкая палітыка кіруючых колаў Італіі прывяла да паражэння італьян. Арміі пры Кустоце. Аўстр. войскі захапілі Мілан. Пасля пагаднення Карла Альберта з аўстрыйцамі Ламбардыя зноў адышла да Аўстрыі. 20.3.1849 Карл Альберт аднавіў ваен. дзеянні, аднак пацярпеў паражэнне, адрокся ад трона і ўцёк з Італіі. Яго сын Віктар Эмануіл 26.3.1849 заключыў з аўстрыйцамі перамір’е. Паводле Міланскага міру (6.8.1849) Ламбардыя і Венецыя засталіся пад уладай Аўстрыі.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБА́РУ́РЫ ГО́МЕС (Ibárruri Gómez) Далорэс (9.12.1895, Гальярта, прав. Біская, Іспанія — 12.11.1989),

дзяячка ісп. і міжнар. рабочага руху. З 1917 у сацыяліст. руху. Адна з арганізатараў Камуніст. партыі Іспаніі (КПІ, 1920), з 1932 у яе кіраўніцтве. У 1931—33 рэдактар цэнтр. органа КПІ газ. «Mundo Obrero» («Рабочы свет»). З 1936 чл. картэсаў. За рэв. дзейнасць не раз была арыштавана і зняволена ў турмах. У час іспанскай рэвалюцыі 1931—39 адна з арганізатараў Нар. фронту, барацьбы супраць фашызму і італа-герм. інтэрвенцыі. У 1939—77 у эміграцыі ў СССР. У 1942—60 ген. сакратар, потым старшыня КПІ. Выступала супраць еўракамунізму. Адна з заснавальніц Міжнар. дэмакр. федэрацыі жанчын (1945). У 1977—79 зноў у картэсах.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІ РАССТРЭ́Л 1927 у Заходняй Беларусі,

расстрэл польск. ўладамі дэманстрацыі працоўных у г. Косава, якія выступілі ў абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Па закліку Косаўскага райкома КПЗБ 3.2.1927 у Косава на дэманстрацыю пратэсту супраць разгрому польск. ўладамі БСРГ сабралася больш за 1,5 тыс. сялян. З чырв. сцягамі і транспарантамі, на якіх былі надпісы «Вызваліць рабоча-сялянскіх дэпутатаў, вызваліць усіх палітзняволеных!», «Далоў фашысцкую дыктатуру Пілсудскага!», з рэв. песнямі дэманстранты прайшлі па вуліцах Косава, правялі мітынг. Атрады самаабароны прагналі паліцыю, якая спрабавала яго разагнаць. Калі дэманстранты зноў рушылі па горадзе, паліцыя пачала страляць. Забіта 6 чал., некалькі дзесяткаў паранена. Пахаванне забітых вылілася ў маніфестацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і дыктатарскага рэжыму Пілсудскага.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 8, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)