цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў віхравым эл. полем, якое ствараецца пераменным у часе магн. патокам, што пранізвае арбіту электронаў.
Утрыманне электронаў на раўнаважнай кругавой арбіце ажыццяўляецца кіравальным магн. полем. Пастаянства радыуса раўнаважнай арбіты забяспечваецца падборам формы полюсных наканечнікаў электрамагніта, паміж якімі знаходзіцца тараідальная вакуумная камера, сувосевая з індуцыруючым патокам. Электроны перыядычна інжэкціруюцца ў камеру па датычнай да раўнаважнай арбіты ў адпаведны момант часу. Паскарэнне электронаў адбываецца ў час росту магн. поля. У канцы цыкла паскарэння з дапамогай спец. зрушвальнай абмоткі пучок электронаў адхіляецца ад раўнаважнай арбіты і накіроўваецца на мішэнь, якая знаходзіцца ўнутры камеры воддаль ад раўнаважнай арбіты. Бэтатрон адрозніваецца малымі памерамі крыніцы выпрамянення, магчымасцю плаўнай рэгуліроўкі энергіі. Бэтатрон выкарыстоўваецца для радыяцыйнай дэфектаскапіі матэрыялаў і вырабаў, у ядзерных даследаваннях, у медыцыне (прамянёвая тэрапія).
Літ.:
Арцимович Л.А., Лукьянов С.Ю. Движение заряженных частиц в электрических и магнитных полях. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЗА, Эль-Гіза, Гізех,
горад у Верхнім Егіпце, на беразе Ніла, прыгарад Каіра. Адм. ц. мухафазы Гіза. 2144 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Буйны гандл. цэнтр (гандаль збожжам). Тытунёвая, радыётэхн. і маш.-буд.прам-сць. Каірскі ун-т. Цэнтр міжнар. турызму.
Паблізу Гізы ў Лівійскай пустыні захаваўся комплекс пірамід-грабніц, у т. л. фараонаў Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра), Мікерына (Менкаўра), пабудаваных у 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. Каля ніжняга храма піраміды Хефрэна знаходзіцца «Вялікі сфінкс» — высечаная са скалы фантастычная істота з тулавам ільва і галавой чалавека. На полі пірамід знаходзіцца некропаль, у якім больш за 7 тыс. пахаванняў знатных егіпцян часоў II—VI дынастый Стараж. царства (каля 2800—2250 да н.э.). Археал. раскопкі праводзяцца з 19 ст. Пахаванні даюць багаты матэрыял для вывучэння вытв-сці, сац. жыцця і культуры Стараж. Егіпта. Знойдзены прадметы пахавальнага культу, мадэлі хатніх рэчаў, прылады працы, зброя, ганчарныя вырабы, скульптуры, барэльефы са сцэнамі жыцця, іерагліфічныя надпісы і інш. Ансамбль пірамід фараонаў Хеопса, Хефрэна і Мікерына занесены ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ СІ́ЛА,
фізічная велічыня, якая характарызуе пераламляльную здольнасць аптычнай сістэмы. Абазначаецца D. Аптычная сіла лінзы D = n/F, дзе n — паказчык пераламлення асяроддзя, у якім знаходзіцца лінза, F — фокусная адлегласць. Аптычная сіла збіральных аптычных сістэм дадатная, рассейвальных — адмоўная. Для сістэмы з дзвюх лінзаў D = D1 + D2 — dD1D2, дзе d — адлегласць паміж заднім гал. фокусам першай лінзы і пярэднім гал. фокусам другой. Адзінка аптычнай сістэмы дыяптрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя рэчывы, у якіх бор знаходзіцца ў даступнай для раслін форме; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У якасці борных угнаенняў выкарыстоўваюць борную к-ту, борны канцэнтрат, буракс, борны суперфасфат, некаторыя борныя руды і інш. Асабліва эфектыўныя на дзярнова-падзолістых, перагнойна-карбанатных, некаторых балотных глебах, чырваназёмах, шэразёмах і інш.Найб. успрымальныя да борных угнаенняў насеннікі канюшыны, люцэрны, кармавыя і сталовыя караняплоды, цукр. буракі, бульба, грэчка, лён, бавоўнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗО́Н,
O3, алатропная мадыфікацыя кіслароду. Газ сіняга колеру, з рэзкім пахам, tкіп -112 °C, моцны акісляльнік, у вял. канцэнтрацыях раскладаецца з выбухам, утварае азаніды. Асн. колькасць азону ў прыродзе знаходзіцца ў азанасферы Зямлі. Атрымліваюць дзеяннем эл. разраду ці УФ-выпрамянення на паветра. Выкарыстоўваюць для дэзінфекцыі вады, паветра, адбельвання тканін, мінер. масла, як бактэрыцыдны сродак. Лішак азону шкодны для жывых арганізмаў, ГДК у паветры 1 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АІ́Д, Гадэс, Плутон,
у грэч. міфалогіі бог — уладар царства мёртвых, а таксама само царства. Аід — алімп. бажаство, але пастаянна знаходзіцца ў сваіх падземных уладаннях, дзе царуе з жонкай Персефонай. У хрысціянстве міф пра Аіда ператварыўся ў міф пра пекла, куды пасля смерці трапляюць душы грэшнікаў. Апісаны ў творах Гамера, Платона, Вергілія і інш.
Да арт.Аід. Аід і Персефона. Рэльеф з Локраў. 470—460 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІМАЛЬКУЛІ́ЗМ (ад лац. animalculum звярок, мікраскапічная жывёла),
сістэма поглядаў біёлагаў 17—18 ст. (А.Левенгук і інш.), якія лічылі, што ў муж. палавых клетках у мікраскапічным выглядзе знаходзіцца цалкам сфарміраваны дарослы арганізм, а яго развіццё зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах. Паслядоўнікі анімалькулізму ў адрозненне ад авістаў (гл.Авізм) лічылі яйцо крыніцай пажыўных рэчываў для сперматазоідаў. Анімалькулізм — адно з цячэнняў у вучэнні аб прэфармацыі (гл.Прэфармізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАЛІ́Ў (лац. Aquarius),
адно з 12 сузор’яў задыяка. Знаходзіцца ў Паўд. паўшар’і неба. Самая яркая зорка 2,9 бачнай зорнай велічыні; 90 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і назіраецца самая яркая і вял. на зямным небе планетарная туманнасць (вуглавыя памеры 15′ × 12′, сапраўдны сярэдні папярочнік каля 300 000 а.а.). На тэр. Беларусі відаць з сярэдзіны лета і ўвосень. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬГАРЫ́ЗМ (ад лац. vulgaris просты, звычайны),
слова, што мае адценне грубаватасці і знаходзіцца па-за межамі літаратурнай лексікі. Вульгарызмы звычайна маюць адмоўнае значэнне, стылістычна зніжаныя, надзвычай экспрэсіўныя і сэнсава ёмістыя (напр., «абармот», «смаркач», «паскудны», «жэрці», «здохнуць»). Выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры як сродак моўнай характарыстыкі персанажаў, для надання паведамленню гумарыст. або іранічнай афарбоўкі. Карыстацца вульгарызмамі трэба ўмела, бо захапленне імі засмечвае мову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙД-ПАРК, Хайд-парк (Hyde Park),
адзін з буйнейшых паркаў Лондана. Разам з прылеглым да яго Кенсінгтан-гардэнс займае пл. 249 га. У 1648—49 месцазнаходжанне лагера рэв. арміі О.Кромвеля. У сярэдзіне 17 ст. адкрыты для шырокай публікі. З 19 ст. традыцыйнае месца правядзення паліт. мітынгаў і сходаў. У паўн.-ўсх.ч. парку знаходзіцца «вугал прамоўцы», вядомы як месца вольных прамоў, дзе кожны жадаючы можа выказацца.