ЛЯ́ДА,
участак, на якім высякаўся лес, дрэвы спальваліся, а зямля выкарыстоўвалася пад ворыва. Ляднае земляробства вядома на тэр. Беларусі з эпохі неаліту, на Палессі з 4-га тыс. да н.э., у канцы 3-га тыс. пашырылася да Падзвіння. У бронзавым веку — асн. сістэма гаспадаркі. Лядна-агнявым земляробствам займаліся плямёны штрыхаванай керамікі культуры і днепра-дзвінскай культуры, дрыгавічы, крывічы, радзімічы і інш. слав. плямёны. Часткова выкарыстоўвалася да 19 ст. Ад Л. паходзяць назвы некаторых населеных пунктаў.
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970.
т. 9, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГХАЛА́Я,
штат на ПнУ Індыі. На Пд мяжуе з Бангладэш. Пл. 22,5 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (1997), пераважна народнасці кхасі, джантыя, гара і інш. Адм. ц. — г. Шылонг. У рэльефе пераважаюць узгоркі і нізкагор’і (масіў Шылонг выш. да 1961 м). Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў месцамі больш за 10 000 мм за год, у Чэрапунджы каля 12 000 мм (сусветны максімум). Натуральная расліннасць — трапічныя лясы і хмызнякі. Большая ч. насельніцтва вядзе ляднае земляробства. Вырошчваюць рыс, кукурузу, проса, бульбу. Садоўніцтва (апельсіны). Шаўкаводства. Лесанарыхтоўкі. Невял. здабыча вугалю.
т. 10, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКО́ЛА,
старадаўняе каляндарна-абрадавае свята ў беларусаў і інш. слав. народаў у гонар апекуна земляробства і нар. заступніка св. Міколы. Вытокі свята, якое спалучыла элементы язычніцкай персаніфікацыі дабрадзейных сіл прыроды з прынцыпамі хрысціянства, у шанаванні культу Вялеса. Адзначалі 2 разы ў год — вясною (9 мая с. ст.) і зімою (6 снежня с. ст.). Да веснавога М. заканчвалася сяўба, упершыню пасля зімы выводзілі коней на начлег, спраўлялі магічныя абрады, якія мелі ахоўны сэнс, пачыналі стрыгчы авечак; пасля М. забаранялася пасвіць статак на сенажацях. Да зімовага М. заканчвалася малацьба.
т. 10, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАМА,
роднаснае мардве стараж. фіна-угорскае племя, што жыло ў 1-м тыс. да н.э. — 12 ст. н.э. на берагах р. Ака, у межах сучаснага Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Расіі. Асн. заняткі — жывёлагадоўля, земляробства, пушное паляванне, рыбалоўства, бортніцтва, металургія жалеза, медналіцейнае і ювелірнае рамёствы. Вяла гандаль са славянамі, волжскімі булгарамі, народамі Прыуралля і Сярэдняй Азіі. Грамадскі лад М. — патрыярхальна-родавы. У 10—11 ст. М. плаціла даніну князям Кіеўскай Русі (згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў»), у 12 ст. асімілявана слав. насельніцтвам і пазней увайшла ў склад рускай народнасці.
т. 11, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́ДНІКАЎ Уладзіслаў Андрэевіч (н. 13.1.1936, в. Сітна Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1994). Скончыў БСГА (1965). З 1961 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па вапнаванні кіслых глеб, сістэмах угнаенняў у севазваротах, аптымальных дозах і тэрмінах унясення ўгнаенняў пад с.-г. культуры.
Тв.:
Влияние обеспеченности почвы подвижными формами фосфора и калия на эффективность удобрений в севообороте (разам з М.П.Шкелем) // Агрохимия. 1989. №5;
Эффективность повторного известкования дерново-подзолистой среднесуглинистой почвы в полевом севообороте // Там жа. 1991. №2.
т. 13, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕ́АЛАНД (Svealand),
гістарычная вобласць у Швецыі. Займае сярэднюю частку краіны. Пл. 81 тыс. км². Нас. каля 3,5 млн. чал. (2000). Большую частку тэр. займаюць нізінныя раўніны вакол азёр Меларэн, Ельмарэн, Венерн; на Пн — узвышаны раён. Пераважаюць хвойныя лясы. Вобласць дае больш за 40% прамысл. прадукцыі краіны. Прам-сць: маш.-буд., металаапр., чорная металургія, цэлюлозна-папяровая. У сельскай гаспадарцы пераважае збожжавае земляробства і малочная жывёлагадоўля. Важнейшыя гарады і прамысл. цэнтры: Стакгольм, Упсала, Вестэрос, Эскільстуна, Эрэбру, Карльстад. У 11—16 ст. на тэр. С. склалася гіст. ядро шведскай дзяржавы.
т. 14, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРА́М,
востраў на У Малайскага архіпелага, у складзе Малукскіх а-воў. Тэр. Інданезіі. 17,1 тыс. км² (з прылеглымі астравамі 18,7 тыс. км²). Гарысты, выш. да 3019 м (г. Біная). На вузкай паласе ўзбярэжжа нізіны. Каля берагоў месцамі каралавыя рыфы. Клімат экватарыяльны, вільготны. Т-ра паветра на працягу года 25—27 °C, ападкаў на раўнінах да 2000 мм, у гарах да 4000 мм за год. Густыя вільготныя трапічныя лясы, на Пд участкі мусонных лясоў. На прыбярэжных раўнінах вырошчваюць какосавую пальму, тытунь, каўчуканосы. Трапічнае земляробства, рыбалоўства. На паўн. беразе порт Вахай.
т. 14, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАЛКО́Ў Ігнат Георгіевіч (13.2.1898, в. Глазамічы Віцебскага р-на — 16.2.1969),
бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н. (1963), праф. (1964). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1924). У 1924—30 у Наркамземе Беларусі. З 1945 у Ін-це сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі. З 1948 заг. аддзела зернебабовых культур БелНДІ земляробства. Навук. працы па пытаннях апрацоўкі глебы, агратэхнікі, фізіялогіі і біяхіміі раслін, селекцыі і насенняводства зернебабовых культур.
Тв.:
Многолетний люпин. Мн., 1962 (разам з М Дз.Нагорскай, І.П.Астравым);
Окультуривание легких почв Белоруссии. Мн., 1967.
т. 15, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́МБА (Sumba),
востраў у складзе Малых Зондскіх астравоў, тэр. Інданезіі. Пл. 11,2 тыс. км². На Пд і ў цэнтры расчлянёныя нізкагор’і (выш. да 1225 м), складзеныя з вулканічных і крышт. парод, перакрытых неагенавымі мергелямі і вапнякамі; на Пн алювіяльная раўніна. Клімат субэкватарыяльны мусонны, ападкаў ад 1500 мм на раўнінах, да 2500 мм у гарах за год. Сухі сезон з ліп. па кастрычнік. Другасныя саванны і рэдкалессі, у гарах вечназялёныя лясы. На прыбярэжных раўнінах трапічнае земляробства: вырошчванне рысу, какосавай пальмы, тытуню. Вытв-сць копры. Гал. г. — Вайнгапу.
т. 15, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫПУ́РА,
штат на У Індыі. На ПнЗ і Пд мяжуе з Бангладэш. Пл. 10,4 тыс. км². Нас. каля 3 млн. чал. (2001), пераважна бенгальцы. У гарадах жыве каля 10% насельніцтва. Адм. і гал. эканам. цэнтр — г. Агартала. Паўд. і цэнтр. частку займаюць невысокія горы (выш. да 523 м), на Пн ускраіна Гангскай раўніны. Клімат трапічны мусонны. У гарах — вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы. Развіта земляробства. Гал. культуры: рыс, джут, бавоўнік, чай, цукр. трыснёг. Лесараспрацоўкі. Пераважае дробная прам-сць і саматужныя промыслы па перапрацоўцы с.-г. прадуктаў і апрацоўцы драўніны.
т. 16, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)