СІКО́КУ,
востраў на Пд Японскага архіпелага, у Японіі. Пл. 17,8 тыс. км². Каля С. 300 дробных астравоў і скал (разам з імі пл. 18,8 тыс. км²). Абмываецца Ціхім ак., Унутраным Японскім м., шматлікімі пралівамі. Даўж. берагавой лініі каля 1800 км. Паўн.-зах. і паўд.-ўсх. берагі расчлянёны слаба, паўн.-ўсх. і паўд.-зах. моцна парэзаны бухтамі. Пераважаюць горы. На Пн ланцуг узгоркаў і нізкагор’яў, складзеных у асн. з гранітаў; на Пд і ў цэнтр. ч. горы выш. да 1981 м (г. Ісідзуты), пераважна са сланцаў. Радовішча меднай руды (Бесіяма). Клімат субтрапічны, мусонны, частыя тайфуны. Ападкаў да 3000 мм за год. Вечназялёныя шыракалістыя лясы. Вырошчваюць рыс, цукр. трыснёг, цытрусавыя; сады. Рыбалоўства. Буйн. гарады: Мацуяма, Такамацу, Такусіма, Коты.
т. 14, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ВОДАПАДЗЕ́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т (Great Dividing Range),
Усходне-Аўстралійскія горы, горная сістэма ўздоўж усх. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі. Даўж. каля 4000 км. Выш. да 2230 м (г. Касцюшкі). Горы ўтварыліся ў неаген-антрапагене на месцы дэнудзіраванай палеазойскай складкавай краіны. Усх. схілы стромкія, моцна і глыбока расчлянёныя, зах. схілы паката пераходзяць ва ўзгоркавыя перадгор’і (даунсы). На Пн ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет дасягае шыр. 650 км і складаецца з берагавых пласкагор’яў і масіваў (выш. да 1000 м), сярэдзінных тэктоніка-эразійных катлавін і слаба выяўленага ў рэльефе горнага ланцуга выш. 500—700 м. На Пд ад 28° паўд. ш. Вялікі Водападзельны хрыбет — вузкі ланцуг асобных масіваў, дзе вылучаюцца крышт. хрыбет Нью-Інгленд, хрыбты Хейстынгс і Ліверпул, Блакітныя горы і Аўстралійскія Альпы. Горы складзены ў асн. з вапнякоў, гранітаў, гнейсаў, вулканічных парод. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, каменны і буры вугаль, волава, поліметалы, золата, медзь, тытанамагнетытавыя пяскі.
Вялікі Водападзельны хрыбет ляжыць у субэкватарыяльным, трапічным і субтрапічным кліматычных паясах. Сярэднямесячныя т-ры паніжаюцца з Пн на Пд (на ўзбярэжжы ад 26 да 21 °C летам і ад 17 да 10 °C зімой). Ападкаў на вільготных усх. схілах ад 1000 да 2000 мм, на заходніх — 500—700 мм за год. З Вялікага Водападзельнага хрыбта пачынаюцца рэкі Мурэй і Дарлінг, у Каралавае і Тасманава моры сцякаюць кароткія парожыстыя і паўнаводныя рэкі Фіцрой, Хантэр і інш. Усх. схілы парослыя лесам. Да выш. 1000 м на Пн ад 15° паўд. ш. — лістападна-вечназялёныя вільготныя лясы, ад 15 да 28° паўд. ш. — эўкаліптавыя трапічныя лясы, больш на Пд — субтрапічныя мусонныя лясы з эўкаліптаў. На зах. схілах Вялікага Водападзельнага хрыбта развіты лесасаванны, саванны і зараснікі ксерафітных хмызнякоў. У лясах жывуць каала, кускусы, дрэвавы кенгуру; характэрны райскія птушкі, птушка-ліра, казуары, папугаі.
т. 4, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ (Victoria),
востраў на Пд Канадскага Арктычнага архіпелага; тэр. Канады. Пл. 213,8 тыс. км². Паверхня пераважна раўнінная, асобныя горы выш. да 914 м. Складзены з палеазойскіх пясчанікаў, кангламератаў, вапнякоў, сланцаў і дакембрыйскіх гранітагнейсаў. Шмат азёр. Расліннасць тундравая. Населены пункт — Кембрыдж-Бей.
т. 4, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРФУ́Р,
плато ў зах. ч. Судана, водападзел паміж бас. воз. Чад і р. Белы Ніл. Пераважаюць цокальныя раўніны выш. 1000—1500 м, над якімі ўзвышаюцца астраўныя горы выш. да 3088 м (патухлы вулкан Мара). Клімат экватарыяльна-мусонны. Ландшафты тыповых і апустыненых саваннаў.
т. 6, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАЎКА́ЗЗЕ,
частка Каўказа, якая ляжыць на Пд ад Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта Вял. Каўказа. Уключае б.ч. паўд. схілу Вял. Каўказа, Калхідскую і Кура-Араксінскую нізіны, Закаўказскае нагор’е, Талышскія горы і Ленкаранскую нізіну. У межах З. размешчаны асн. ч. Грузіі, Арменіі і Азербайджана.
т. 6, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНДО́РА (Mindoro),
востраў у сярэдняй ч. Філіпінскага архіпелага. Пл. 9,8 тыс. км². Нас. 700 тыс. ж. (1995). Пераважаюць горы (выш. да 2585 м), каля берагоў — узгорыстыя раўніны. Вільготныя трапічныя і мусонныя лясы. Вырошчванне какосавай пальмы, рысу, цукр. трыснягу; рыбалоўства. Асн. гарады: Калапан, Мамбурао.
т. 10, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСА́Н (Barisan),
горы на ПдЗ в-ва Суматра, у Інданезіі. Даўж. каля 650 км, выш. да 3805 м (вулкан Керынчы). Складзены з кварцытаў, сланцаў, вапнякоў, вулканічных пародаў. Шмат дзеючых і патухлых вулканаў (Таланг, Каба і інш.). Схілы моцна расчлянёныя рэкамі. Вечназялёныя густыя трапічныя лясы.
т. 2, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАТА́У, Ала-Тоа (цюрк. літар. стракатыя горы),
назва горных хрыбтоў у гарах Сярэдняй Азіі, Паўд. Сібіры, Урала (напр., Джунгарскі Алатау, Заілійскі Алатау, Кіргізскі Алатау, Кузнецкі Алатау) з добра выяўленай вышыннай пояснасцю, на схілах якіх участкі, укрытыя расліннасцю, чаргуюцца са снежнікамі і ледавікамі, камяністымі россыпамі.
т. 1, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НД (Pindos),
горы на З Балканскага п-ва, у Грэцыі (паўн. перадгор’і ў Албаніі). Даўж. каля 200 км. Выш. да 2637 м (г. Змолікас). Складзены з вапнякоў, сланцаў, пясчанікаў; развіты карст. Утвараюць некалькі хрыбтоў, падзеленых глыбокімі рачнымі далінамі. Міжземнаморскія хмызнякі, мяшаныя і хваёвыя лясы.
т. 12, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБІСА́ЛЬНЫЯ РАЎНІ́НЫ,
глыбакаводныя плоскія ці ўзгорыстыя раўніны акіянскіх катлавін і ўпадзін ускраінных мораў. Плоскія абісальныя раўніны ўкрыты рыхлымі адкладамі; найб. пашыраны ў Атлантычным акіяне. Узгорыстыя маюць расчлянёны рэльеф, іх паверхня спалучае ўзгоркі, грады, лагчыны, асобныя горы, найб. іх у Ціхім і Індыйскім, менш у Атлантычным акіянах.
т. 1, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)