ЛІНГІ́С ((Lingys) Юозас) (1.1.1919, в. Гілішкяй Марыямпальскага пав., Літва — 16.12.1984),

літоўскі танцоўшчык, харэограф; заснавальнік літ. сучаснай харэаграфіі. Нар. арт. СССР (1970). У 1946—82 гал. балетмайстар Дзярж. нар. ансамбля песні і танца «Летува». У 1975—79 выкладаў у Літ. кансерваторыі (з 1978 праф.). Стварыў канцэртныя праграмы «Вецер стагоддзяў» і «Святочныя вечары» (Дзярж. прэмія СССР 1970), каля 200 харэаграфічных пастановак. Гал. балетмайстар рэсп. свят песні (1950, 1955, 1965, 1970, 1975). Аўтар кніг «Сцэнічны літоўскі народны танец» (ч. 1—4, 1975—81), «Літоўскія народныя танцы» (кн. 1—4, 1978—85). Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Літвы 1965.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАГА КРЭДЫ́ТНАГА ТАВАРЫ́СТВА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Пабудаваны ў стылі мадэрн. Мураваны Г-падобны ў плане 2-павярховы будынак са зрэзаным вуглом, дзе размешчаны гал. ўваход. Фасады рытмічна расчлянёны неглыбокімі рызалітамі, завершанымі атыкамі з сандрыкамі, люнетамі, арачнымі аконнымі праёмамі, пілястрамі і лапаткамі. У дэкар. аздабленні вылучаюцца паўкруглы балкон над гал. уваходам, аформлены балюстрадай, з кансолямі ў выглядзе паўфігур атлантаў, разныя дзверы ўваходаў, гермы на пілястрах, эмблемы ў выглядзе жазла, іанічныя фрызы, нішы і інш., выкарыстаны элементы стылю ампір. Пачатковая планіроўка зменена.

Ю.​А.​Якімовіч.

Магілёўскага крэдытнага таварыства будынак.

т. 9, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖУ́ (Anjou),

гістарычная вобласць на ПнЗ Францыі, у бас. Ніжняй Луары. Пл. 7,6 тыс. км². Нас. 680 тыс. чал. (1982). Уключае дэпартаменты Мен і Луара, часткова Эндр і Луара, Маен, Сарта. Гал. горад — Анжэ.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́АЛЬ (гал. kraal, скажонае партуг. curral загон для жывёлы),

кольцападобнае паселішча ў некат. народаў Паўд. і Усх. Афрыкі (банту, масаі і інш.), дзе ўнутр. плошча служыць загонам для жывёлы. Звонку К. часта абносяць агароджай.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАМЫ́ШСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры класіцызму ў в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1825 з цэглы. Вырашаны адзіным прамавугольным у плане аб’ёмам, накрытым 2-схільным дахам з вальмамі над 3-граннай апсідай. Гал. фасад вылучаны порцікам з 4 парамі калон і высокім трохвугольным франтонам. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, 2-ступеньчатымі контрфорсамі ў прасценках. Цэнтр даху на гал. фасадзе завершаны шатровым ліхтарыкам. Шырокі неф касцёла з самаст, аб’ёмамі 2-ярусных сакрысцій перакрыты лучковым драўляным скляпеннем. У інтэр’еры арган, дэкарыраваны ў стылі ракако (1762). У канцы 19 — пач. 20 ст. у касцёле ўстаноўлены 3 драўляныя разныя алтары, выкананыя ў 17 ст. (перабудаваны і ўпрыгожаны скульптурамі ў 18—19 ст.), і амбон 1745 у стылі ракако (усе перанесены з Нясвіжскага касцёла бенедыкцінак). Гал. алтар 2-ярусны, на высокім цокалі, абапал якога на кранштэйнах устаноўлены скульптуры св. Станіслава і Маці Божай з дзіцем. Матывы разьбы: вінаградная лаза з гронкамі, разеткі, ракавіны, пальметы, акант, пуцці.

А.​М.​Кулагін, Г.​М.​Ярмоленка.

Навамышскі Праабражэнскі касцёл.

т. 11, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВА́НАЎ (Мікалай Сямёнавіч) (21.1.1891, Масква — 28.8.1953),

рускі дырыжор, піяніст, кампазітар. Нар. арт. СССР (1948). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1914), выкладаў у ёй (праф. у 1925—29, 1943—44). З 1915 у Вял. тэатры ў Маскве (з 1919 дырыжор, з 1948 гал. дырыжор). Адначасова з 1937 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял. сімф. аркестра Усесаюзнага радыё. Выдатны інтэрпрэтатар рус. класічных і сучасных опер, нац. сімф. музыкі. Выступаў як акампаніятар з жонкай А.Няжданавай. Кансультант Дэкады бел. мастацтва ў Маскве (1940), неаднаразова наведваў Мінск, дырыжыраваў канцэртамі. У 1953 удзельнічаў у падрыхтоўцы 2-й Дэкады бел. мастацтва і л-ры ў Маскве. Аўтар опер, сімф. і хар. твораў, рамансаў і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950, 1951.

М.С.Галаванаў.

т. 4, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Мацвей Васілевіч) (17.8.1898, в. Войлава Старыцкага р-на Цвярской вобл., Расія — 31.1.1972),

Маршал Сав. Саюза (1959), двойчы Герой Сав. Саюза (1945, 1971), Герой Чэхаславакіі (1970). Удзельнік Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны. У арміі з 1918. Скончыў Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1928) і Генштаба (1937). У Вял. Айч. вайну нач. штабоў 9-й арміі і Гал. камандавання Паўн,Зах. напрамку, нам. нач. Гал. ўпраўлення тылу Чырв. Арміі; са студз. 1942 нач. штаба Калінінскага, у крас.кастр. 1943 — Рэзервовага і Сцяпнога, у кастр. 1943 — чэрв. 1945—2-га Укр. франтоў. Пасля вайны на адказных пасадах ва Узбр. Сілах СССР, у т. л. ў 1960—63 і 1964—71 нач. Генштаба — 1 -ы нам. міністра абароны СССР.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЫНА́РСКІ ((Młynarski) Эміль) (18.7. 1870, г. Кібартай Марыямпальскага пав., Літва — 5.4.1935),

польскі дырыжор, скрыпач, кампазітар, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1890); вучань Л.Аўэра, А.Лядава. У 1893—97 выкладаў у Адэсе. У 1899—1903 і 1919—29 гал. дырыжор «Т-ра Велькі», у 1904—07 і 1919—22 дырэктар і праф. кансерваторыі ў Варшаве. Адзін з заснавальнікаў і гал. дырыжор Варшаўскай філармоніі (1901—05). Працаваў у Лондане, Маскве (1914—17, з арк. Вял. т-ра), Філадэльфіі (1929—31). Аўтар сімфоніі «Палонія» (1910), 2 скрыпічных канцэртаў (1897, 1917), п’ес для скрыпкі з фп., у т. л. мазурак, паланэза, «Славянскай калыханкі» для арк., санаты, польскіх танцаў і інш. п’ес для фп., песень.

Літ.:

Mechanisz J. E.Młynarski... Warszawa, 1970.

т. 10, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́ПАЎ (Аляксандр Львовіч) (27.9. 1818—5.11.1886),

расійскі дзярж. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1874). Скончыў школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў (1837). Удзельнік падаўлення Венгерскай рэвалюцыі 1848—49, Крымскай вайны 1853—56. З 24.5.1864 пам. віленскага ген.-губернатара М.М.Мураўёва. У 1868—74 віленскі, ковенскі, гродзенскі і мінскі ген.-губернатар, гал. нач. Віцебскай і Магілёўскай губ., камандуючы войскамі Віленскай ваеннай акругі. Пры П. ў бел. губернях адменена ваен. становішча, у 1869—70 ад Віленскага генерал-губернатарства аддзелены Магілёўская, Віцебская і Мінская губ. Падтрымліваў праект Э.Т.Баранава перагледзець на карысць памешчыкаў умовы сял. рэформы 1861 на Беларусі. 3 ліп. 1874 шэф жандараў і гал. нач. 3-га аддзялення. Са снеж. 1874 у адстаўцы.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАНА́СЬЕЎ (Барыс Ігнатавіч) (13.1.1920, г. Мціслаў Магілёўскай вобл. — 28.9.1992),

бел. Скрыпач, дырыжор. Нар. арт. Расіі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1947, клас А.Амітона). З 1944 у Дзярж. сімф. аркестры Беларусі (у 1953—60 маст. кіраўнік і гал. дырыжор). Інтэрпрэтаваў сімфоніі Р.​Пукста, Я.​Глебава, Я.​Цікоцкага, сімф. паэмы У.​Алоўнікава. Як скрыпач-ансамбліст удзельнічаў у выкананні бел. квартэтаў 1940—50-х г. З 1960 гал. дырыжор Пермскага, з 1976 — Адэскага, з 1984 — Днепрапятроўскага т-раў оперы і балета. Пад яго кіраўніцтвам паст. оперы «Арлеанская дзева» П.​Чайкоўскага, «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага, «Турандот» Дж.​Пучыні, «Не толькі любоў» Р.​Шчадрына і інш.

т. 2, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)