кіслы мукаполіцукрыд, кампанент злучальнай тканкі. У вял. колькасці ёсць у шклопадобным целе вока, пупавіне, сінавіяльнай (сустаўнай) вадкасці, а таксама скуры. Утварае комплекс з бялкамі. Малекулярная маса да некалькіх мільёнаў. Растворы гіялуронавай кіслаты маюць вял. вязкасць, таму здольныя памяншаць пранікальнасць тканак, што перашкаджае пранікненню хваробатворных мікраарганізмаў. У арганізме рэгулюе размеркаванне вады, выбіральную пранікальнасць тканак, выконвае ролю змазачнага матэрыялу ў суставах. Ферментатыўны гідроліз гіялуронавай кіслаты ажыццяўляецца гіялуранідазай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОК (галанд. dok, англ. dock),
1) збудаванне для агляду і рамонту падводнай часткі суднаў або для іх пабудовы. Бываюць сухія, наліўныя і плывучыя. Звычайна з’яўляюцца часткай верфі або суднарамонтнага прадпрыемства.
2) Штучны партовы басейн з затворам, прызначаны для стаянкі суднаў пад пагрузкай-разгрузкай у месцах з вял. прыліўна-адліўнымі ваганнямі ўзроўню мора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́НАЎ (Іван Аляксеевіч) (19.9. 1923, с. Нікола-Сергіеўка Тамбоўскай вобл., Расія — 25.6.1944),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Хабараўскае кулямётна-мінамётнае вучылішча (1943). У Вял.Айч. вайну з вер. 1943 на 1-м Прыбалт. фронце. Старшы лейт. М. вызначыўся 23—25 чэрв. ў баях пры фарсіраванні Зах. Дзвіны каля в. Дворышча Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. Загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́Я ВАСІ́ЛЬКАЎНА (12 ст.),
князёўна, дачка полацкага кн.Васількі Святаславіча, пляменніца Ефрасінні Полацкай, праўнучка Усяслава Брачыславіча. У 1143 аддадзена замуж за Святаслава Усеваладавіча, князя чарнігаўскага, ноўгарад-северскага, вял.кн. кіеўскага (з 1177). Аказвала на мужа вял. ўплыў як пастаянная дарадчыца ў справах палітыкі. Паводле летапісу, паход 1180 Святаслаў «сдумав с княгинею своею». Выступала за стабільнасць адносін паміж Кіевам і Полацкам. Аўдавела ў 1194.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛЧЭ́ННЕ,
1) часовае ваеннае фарміраванне (пераважна добраахвотнае) з цывільнага насельніцтва для адпору ворагу ў надзвычайных умовах. Вядома са старажытнасці. Пры феадалізме універсальная сістэма агульнай мабілізацыі доўгі час масавае народнае апалчэнне было асн. спосабам разгортвання войска, ядро якога складала княжацкая (каралеўская, ханская) дружына. Апалчэннем наз. таксама сярэдневяковыя ваен. фарміраванні міліцыйнага тыпу (рыцарскае, дваранскае, гарадское апалчэнне). У Расіі вядомы масавыя апалчэнні ў 1611—12, 1812, 1855—56. Вял. ролю адыграла Народнае апалчэнне ў Вял.Айч. вайне 1941—45.
На тэр. Беларусі апалчэнне наз.пагоняй. У 13—14 ст. адыгрывала важнейшую ролю ў абароне краіны. У сталым сярэднявеччы масавую мабілізацыю сялян замяніла феад. апалчэнне (ахоплівала ўсіх землеўладальнікаў). Велічыня зямельнага надзелу вызначала памер вайсковай павіннасці (земскай службы). Ухвалу (пастанову) аб скліканні ўсеагульнага апалчэння мог прыняць толькі вальны сойм. Войскі апалчэння мелі ўласную вял. харугву. Кіраваў апалчэннем найвышэйшы, з 17 ст.вял. гетман літоўскі. Нярэдка камандаванне прымаў кароль і вял. князь ВКЛ. Апалчэнне з тэр. ўсёй дзяржавы склікалася ў 1528, 1567, 1654 і інш. гады. З 17 ст. эфектыўнасць такой формы арганізацыі войска знізілася, але інстытут апалчэння існаваў да канца 18 ст.
2) Дзярж. апалчэнне — частка ўзбр. сіл Расійскай імперыі ў 1874—1917 (прызначалася для папаўнення дзеючай арміі і дапаможнай службы ў ваен. час). Аналагічная катэгорыя ваеннаабавязаных у Венгрыі наз. гонвед, у Аўстра-Венгрыі і Германіі — ландвер і ландштурм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ВІЧЫ,
шляхецкі род герба «Александровіч», прадстаўнікі якога ў 16 — пач. 19 ст. займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Герцагстве Варшаўскім, Рас. імперыі. Мелі буйныя зямельныя ўладанні ў Лідскім, Гарадзенскім і інш.пав.Найб. вядомыя Александровічы:
Альберт, канюшы вял. князя ВКЛ у 1530-я г. Рыгор, кашталян віленскі і вял. гетман літоўскі ў 16 ст.Стафан Яўстафій (? — 1700), маршалак гарадзенскі з 1684, кашталян новагародскі з 1698. Міхал, харужы з 1701, маршалак лідскі з 1704. Францішак Антоні, сын Лукаша, харужы (1759), падкаморы (1769), маршалак (1783), кашталян (1793) лідскі. Дамінік, сын Лукаша, маршалак трыбунала літоўскага з 1770, канюшы вял. князя ВКЛ у 1772—91.
Антоні Феліцыян, абат, сакратар Няспыннай Рады ў 1778—80, вял. пісар каронны. Тамаш Валяр’ян (? — 29.9.1794), сын Марціна, кашталян (з 1779), ваявода (з 1789) падляшскі, маршалак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, член Няспыннай Рады ў 1780—84. Падпісаў акт Канстытуцыі 3 мая 1791. Станіслаў (1781 — 13.8.1826), сын Тамаша, сенатар-кашталян у Каралеўстве Польскім у 1824—26. У 1800 атрымаў ад аўстр. імператара Франца II тытул графа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПРА́ВА,
сістэма юрыд. нормаў, якая замацавала аўтаномныя правы Віцебскай зямлі ў складзе ВКЛ, а таксама рэгламентавала прававое становішча насельнікаў гэтай зямлі. Было зафіксавана прывілеямі 1503 і 1561 вял. князёў Аляксандра і Жыгімонта Аўгуста, таму што ранейшыя віцебскія прывілеівял. князёў былі страчаны. Нормы Віцебскага права выпрацаваны яшчэ ў часы Віцебскага княства. Князі, якія ўступалі на віцебскі прастол, абавязаны былі даць згоду правіць паводле Віцебскага права, што фіксавалася дагаворам. Пасля далучэння Віцебскага княства да ВКЛ нормы Віцебскага права без значных змен гарантаваліся вял. князямі ВКЛ. Паводле прывілея 1503 ваявода прызначаўся толькі са згоды віцяблян, судзіць і караць апошніх належала ў Віцебску. Прывілеі 1503 і 1561 разам з інш.абл. прывілеямі сталі крыніцамі Статутаў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД-ГЕРО́Й,
ганаровае званне, якое надавалася гарадам СССР за гераічную абарону і выдатныя заслугі перад Радзімай у Вял.Айч. вайну. Указамі Прэзідыума Вярх. Савета СССР ганаровае званне «Горад-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» прысвоена гарадам: Адэса, Валгаград, Керч, Кіеў, Ленінград, Масква, Мінск, Мурманск, Новарасійск, Севастопаль, Смаленск, Тула. Мінску званне «Горад-герой» прысвоена 26.6.1974 за выдатныя заслугі перад Радзімай, мужнасць і гераізм, праяўленыя працоўнымі горада ў барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў, у разгортванні ўсенароднага партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну і ў азнаменаванне 30-годдзя вызвалення БССР ад ням.-фаш. захопнікаў. Ганаровае званне «Крэпасць-герой» прысвоена Брэсцкай крэпасці 8.5.1965 за выключныя заслугі яе абаронцаў перад Радзімай і ў азнаменаванне 20-годдзя Перамогі сав. народа ў Вял.Айч. вайне.