ІРКУ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУсх. Сібіры, у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 26.9.1937. Пл. 767,9 тыс.км². Нас. 2795 тыс.чал., гарадскога 79% (1996). У складзе І.в. Усць-Ардынская Бурацкая аўтаномная акруга. Цэнтр — г.Іркуцк. Найб. гарады: Ангарск, Брацк, Усолле-Сібірскае, Усць-Ілімск, Усць-Кут, Чарамхова, Тулун.
Прырода. І.в. размешчана на ПдУ Сярэднесібірскага пласкагор’я (выш. 500—700 м). У яе межах на ПнУ Паўночна-Байкальскае і Патамскае нагор’і (выш. да 1720 м), на Пд хрыбты Усх. Саяна (выш. да 2875 м) і Прыбайкалля (Прыморскі, выш. 1728 м, і Байкальскі, выш. 2572 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал. руда, золата, слюда, магнезіт, графіт, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -15 °C (на Пд) да -33 °C (на Пн), ліп. 17—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў на пласкагор’і 400 мм, на паўн.-зах. і зах. схілах гор да 800 мм. Пашырана шматгадовая мерзлата. Рэкі належаць да бас. Енісея і Лены; найб. Ангара (з прытокамі Іркут, Кітой, Белая, Ака, Ія, Уда, Біруса, Ілім); Ніжняя Тунгуска, Лена (з прытокамі Віцім і Кірэнга). Уздоўж паўд.-ўсх. мяжы вобласці воз. Байкал з в-вам Альхон. Глебы пераважна падзолістыя, на Пд у лесастэпавых раёнах шэрыя лясныя і чарназёмы, у гарах горныя лясныя і горныя тундравыя. Пад лесам каля 80% тэр. вобласці (хвоя, лістоўніца). Прыбайкальскі нац. прыродны парк.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці: паліўная (Іркуцкі і Чарамхоўскі вугальныя басейны), энергетыка (Брацкая, Іркуцкая, Мамаканская, Усць-Ілімская ГЭС, вытв-сць электраэнергіі 55,2 млрд.кВт-гадз, 1996), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, лесахім., чорная і каляровая металургія (сталь, алюміній); горназдаб. (жал. руда, каменны вугаль, золата, слюда, тальк, соль), маш.-буд. і металаапр. (абсталяванне для горназдаб. прам-сці і каляровай металургіі, станкі), хім. і нафтахім., буд. матэрыялаў, харчовая, мукамольна-крупяная і камбікормавая, лёгкая, шкляная і фарфора-фаянсавая. С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн.га, у т. л. пад ворывам 1,8 млн.га. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс) і кармавых культур; вырошчваюць бульбу, гародніну. Малочнамясная жывёлагадоўля, авечка- і свінагадоўля, на Пн пушны промысел, алене- і зверагадоўля. На воз. Байкал, рэках Ангара і Лена — рыбалоўства. Тэр. І.в. перасякае Транссібірская чыг. магістраль, зах. ўчастак Байкала-Амурскай магістралі. Гал. аўтадарогі: Маскоўскі тракт, Култук — мяжа Манголіі, Тулун—Брацк—Усць-Ілімск, Іркуцк—Качуг. Трубаправод Туймазы—Ангарск. Суднаходства па рэках Лена, Віцім, Ангара, воз. Байкал. Курорты: Ангара, Усолле, Усць-Кут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ФІНЛЯ́НДСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.
Мірны дагавор 1920, падпісаны 14 кастр. ў Тарту. Абвясціў спыненне вайны паміж абедзвюма дзяржавамі, пацвердзіў незалежнасць і суверэнітэт Фінляндыі, урэгуляваў тэр. пытанні. Сав. ўрад пацвердзіў перадачу Фінляндыі Печэнгскай вобл. Фінляндыя абавязалася не трымаць у водах узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. падводных лодак, ваен. самалётаў і суднаў. Абодва бакі пагадзіліся не мець у бас. Ладажскага воз.ваен. збудаванняў, якія служаць агрэсіўным мэтам, і ваен. суднаў водазмяшчэннем больш за 100 т. У дагаворы запісана пра ўтварэнне ў складзе РСФСР Усх.-Карэльскай аўт. вобласці на аснове нац. самавызначэння. Мірны дагавор 1940, падпісаны 12 сак. ў Маскве. Абвясціў спыненне савецка-фінляндскай вайны 1939—40. Вызначалася новая лінія сав.-фінл.дзярж. граніцы. СССР адыходзілі: Карэльскі перашыек з г. Выбаргам (Вііпуры) і Выбаргскі зал. з астравамі; зах. і паўн. ўзбярэжжы Ладажскага воз. з гарадамі Кексгольм, Сортавала, Суаярві, шэраг астравоў у Фінскім зал.; тэр. на ўсход ад Мерк’ярві з г. Куалаярві; частка п-авоў Рыбачы і Сярэдні. Бакі абавязаліся ўстрымлівацца ад нападу адзін на аднаго і не ўступаць у варожыя кааліцыі, накіраваныя супраць аднаго з бакоў. СССР атрымаў у арэнду на 30 гадоў п-аў Ханка. У 1941 Фінляндыя парушыла дагавор і ўступіла ў вайну супраць СССР на баку фаш. Германіі. Пасля паражэння Фінляндыі ў вайне 19.9.1944 падпісана пагадненне аб перамір’і, а 10.2.1947 — мірны дагавор 1947, які прадугледжваў аднаўленне дагавора 1940 са зменамі. Дагавор 1948 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 6 крас. ў Маскве на 10 гадоў. Бакі заявілі пра імкненне супрацоўнічаць дзеля інтарэсаў міру і бяспекі, у адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі ААН. Адзначана імкненне Фінляндыі заставацца ў баку ад супярэчнасцей паміж інтарэсамі вялікіх дзяржаў. СССР і Фінляндыя згадзіліся кансультавацца пры ўзнікненні пагрозы ваен. нападу, пацвердзілі намеры ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, якія накіраваны на падтрыманне міжнар. міру і бяспекі. У дагаворы пацверджаны абавязак не заключаць саюзаў і не ўдзельнічаць у кааліцыях, накіраваных супраць аднаго з бакоў. Дагавор стаў асноватворным дакументам сав.-фінл. адносін; на аснове яго атрымала шырокае і ўсебаковае развіццё паліт., эканам. і культ. супрацоўніцтва паміж СССР і Фінляндыяй. Тэрмін дзеяння дагавору быў прадоўжаны ў 1955 і ў 1970 на 20 гадоў. 6.6.1983 СССР і Фінляндыя падпісалі пратакол, паводле якога дагавор застаецца ў сіле на наступныя 20 гадоў з прадаўжэннем яго на 5-гадовыя перыяды, калі ні адзін з бакоў не заявіць аб жаданні спыніць яго дзеянне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЗІ́ЛЬСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Бразільскае нагор’е,
на УПаўд. Амерыкі, паміж Амазонскай, Лаплацкай нізінамі і Атлантычным ак., пераважна ў Бразіліі, паўд. ўскраіна — ва Уругваі, паўд.-зах. — у Парагваі і Аргенціне. Пл. каля 5 млн.км². Пераважаюць выш. 500—1000 м над узр. м. Значна прыўзнята на У і ПдУ над узбярэжжам Атлантычнага ак. (г. Бандэйра, 2890 м), дзе ўтварае складана-расчлянёную горную краіну з шэрагам хрыбтоў: Сера-ду-Мар, Сера-да-Мантыкейра і інш. На Пн і З паката нахілена да суседніх нізін.
Уяўляе сабой выступы крышт. асновы Паўд.-Амер. платформы (Бразільскі шчыт), складзеныя з гнейсаў, гранітаў і крышт. сланцаў, якія на У месцамі выходзяць на паверхню, а на астатняй тэр. ўкрыты адкладамі палеазою і мезазою. Радовішчы поліметалаў, золата, жал. і марганцавых рудаў, баксітаў, рэдкіх металаў, алмазаў і інш. У рэльефе — прыўзнятыя раўніны і плато выш. 250—300 м на Пн і 800—900 м у цэнтры, над якімі ўзвышаюцца глыбавыя масівы і сталовыя, пераважна пясчанікавыя, узвышшы. Месцамі ў прагінах і ўпадзінах платформы — раўнінныя ўчасткі, у сярэднім цячэнні р. Парана — лававае плато. Клімат пераважна трапічны з вільготным (летам) і сухім (зімой) перыядамі. Сярэдняя т-растудз. зменьваецца з ПдЗ на ПнУ ад 22 да 29 °C, ліп. — ад 12 да 25 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на ПнУ да 1400—2000 мм у цэнтры і на У. Рэкі належаць пераважна да бас. Амазонкі, Параны, Сан-Франсіску, мнагаводныя, шмат парогаў і вадаспадаў. На ПнЗ вільготныя вечназялёныя і лістападныя лясы, у цэнтры — хмызняковая саванна (кампас серадас), на ПнУ — засухаўстойлівае рэдкалессе (каатынга), на У — вільготныя трапічныя вечназялёныя і летнезялёныя лясы, на Пд — хвойныя араўкарыевыя і мяшаныя лясы, хмызняковая саванна (кампас лімпас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДАЛУ́СІ́Я, Андалузія (Andalucia),
аўтаномная вобласць на Пд Іспаніі. Пл. 87,3 тыс.км², нас. 6,4 млн.чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Севілья. Уключае 8 правінцый: Альмерыя, Гранада, Кадыс, Кордава, Малага, Севілья, Уэльва, Хаэн. Найб. гарады: Севілья, Малага, Кордава, Гранада, Кадыс, Уэльва. Займае б.ч. Андалускай нізіны ў бас.р. Гвадалквівір на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. і Міжземнага мора. На Пн горы Сьера-Марэна, на Пд Андалускія. Клімат міжземнаморскі, вільготны на ПдЗ (да 2000 мм ападкаў за год), засушлівы на ПдУ (120 мм за год, найменш у Зах. Еўропе). Т-растудз. 6—14,5 °C, жн. 23—28 °C.
Найстараж. насельнікі Андалусіі — іберы. Тут існавалі калоніі фінікійцаў, пазней — карфагенян. У перыяд рым. панавання Андалусія ўваходзіла ў склад правінцыі Бетыка. Арабы, якія заваявалі на пач. 8 ст. большую ч. Пірэнейскага п-ва, пашырылі назву Андалусіі (аль-Андалус) на ўсю тэр.мусульм. Іспаніі. У ходзе Рэканкісты ў 13 ст. Андалусія (акрамя Гранадскага эмірата) адваявана ў арабаў. З адваяваннем Гранадскага эмірата (1492) Андалусія цалкам стала ч.Ісп. каралеўства.
Эканоміка аграпрамысловая. У с.-г. вытв-сці занята каля 42% насельніцтва. Пераважае арашальнае земляробства. 1-е месца ў краіне па зборы бабовых, цукр. трыснягу, бавоўніку, сланечніку, 2-е — па зборы збожжавых (пшаніца, рыс, сорга). Вырошчваюць гародніну, бахчавыя, алівы, вінаград, тытунь, бульбу, цукр. буракі і інш. Жывёлагадоўля — авечкі, коні, буйн. раг. жывёла, у т. л. быкі для карыды. Развіты рыбалоўства, збор кары коркавага дрэва. Здабываюць медзь, свінец, цынк, марганец, жал. руду, вугаль, серу. Асн. галіны прам-сці: каляровая металургія, хім., маш.-буд. (с.-г. машыны, суднабудаванне), нафтаперапр., нафтахім., харчасмакавая, тэкстыльная. Андалусія — буйны экспарцёр аліўкавага алею, кансерваваных маслін, віна. Раён турызму, вядомыя курорты на Сонечным беразе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАДО́Т (Hērodotos; каля 485, г. Галікарнас, цяпер г. Бадрум, Турцыя — каля 425 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык. Паходзіў са знатнага роду. У юнацтве ўдзельнічаў у барацьбе супраць тыраніі, пасля яе ўсталявання пакінуў радзіму, жыў на в-ве Самас. Шмат падарожнічаў, наведаў Вавілон, Фінікію, Егіпет, Кірэну, Фракію, Сіцылію, узбярэжжа Чорнага м., дзе збіраў звесткі пра скіфаў. Доўгі час жыў у Афінах, быў блізкі да Перыкла, каля 443 да н.э. перасяліўся ў г. Фурыі (Паўд. Італія). Асн. яго твор «Гісторыя» (назва ўмоўная) прысвечаны грэка-персідскім войнам (500—449 да н.э.); падзеі ў ім выкладзены да ўзяцця грэкамі г. Сест у 478 да н.э. Апісаў гісторыю краін і народаў Персідскай дзяржавы, іх побыт і культуру, даў геагр. звесткі і першае сістэматычнае апісанне жыцця і побыту скіфаў, а таксама неўраў, што жылі ў бас. Прыпяці. Названы сучаснікамі «бацькам гісторыі». Пазней вучоныя падзялілі яго твор на 9 кніг і кожную назвалі імем адной з 9 муз. 4-я кніга — «Мельпамена» прысвечана Скіфіі і яе наваколлю. Гэта самая ранняя пісьмовая крыніца звестак і пра насельніцтва тэр. Беларусі, з якім звязваюць герадотавых неўраў і будзінаў.
Тв.:
Рус.пер. — история. Кн. 1—9. М., 1993;
У кн.: Геродот. Греко-персидские войны... М., 1994.
Літ.:
Лурье С.Я. Геродот. М.; Л., 1947;
Доватур А.И., Каллистов Д.П., Шишова И.А. Народы нашей страны в «Истории» Геродота. М., 1982;
Рассадзін С.Я. Герадотавы андрафагі // Весці АН Беларусі. Сер. грамад. навук. 1992. № 3—4;
Яго ж. Будзіны, неўры ці скіфы?: Прабл. дачынення Герадотавых плямёнаў да тэрыторыі Беларусі // Актуальныя пытанні гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да нашых дзён: Зб.арт.Мн., 1992.
Герадот. Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦЬ,
рака на тэр. Украіны і Беларусі, правы прыток р. Дняпро. Даўж. 761 км, пл. вадазбору 121 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 500 км і 51,4 тыс.км²). Пачынаецца на крайнім 3 Укр. Палесся, за 1 км на ПдУ ад в. Галядзін Любомльскага р-на Валынскай вобл. Цячэ пераважна з 3 на У уздоўж Прыпяцкай нізіны, на працягу 204 км па Украіне, 500 км па Беларусі і астатнія 57 км зноў па Украіне. Упадае ў Кіеўскае вадасх.Асн. прытокі: Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа (злева); Тур’я, Стаход (на тэр. Украіны), Стыр, Гарынь Сцвіга, Убарць, Славечна (справа). Большасць прытокаў поўнасцю або часткова каналізаваная. Даліна слабавыразная, шыр. да 70—75 км; каля Мазырскай грады трапецападобнай формы, звужаецца да 5 км. Схілы ад вытоку да р. Бобрык 1-ы вельмі спадзістыя, выш. 8—30 м, каля г. Мазыр выш. правага схілу 35—50 м. Пойма развітая на ўсім працягу ракі, шыр. каля воз. Любязь (Валынская вобл.) 2—6 км, ніжэй у вусці Піны і Гарыні 16—18 км, у вусці Сцвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады звужаецца да 1 км, далей пашыраецца да 9 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе, шмат нізкіх пясчаных астравоў, старарэччаў, заліваў. Ніжэй вусця р. Тур’я гідравузел, адкуль падаецца вада ў Белаазерскі канал для жыўлення Дняпроўска-Бугскага канала. Ніжэй гідравузла на невял. працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Шыр. ракі ад вытоку да вусця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па цячэнні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўпадзенні ў Кіеўскае вадасх. 4—5 км; да вусця р. Бобрык 1-ы рэчышча месцамі абвалаванае. Дно пясчанае і пясчана-ілістае. Берагі ад спадзістых да стромкіх, на лукавінах абрывістыя, выш. ад 0,3 да 3 м, у вусці мясцінамі да 8—15 м; у сярэднім цячэнні прыродныя берагавыя валы выш. да 1,5 м. Ледастаў з 1-й пал.снеж., да канца сак. У некат. цёплыя зімы ледастаў адсутнічае. Веснавы ледаход 4—8 сут. Асаблівасць гідралагічнага рэжыму ракі — расцягнутае веснавое разводдзе (амаль 4 месяцы з 2-й дэкады сак.) кароткачасовая (100—200 сут.) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль штогоднімі восеньскімі пад’ёмамі ўзроўню вады. Макс. ўзроўні вады ў 1-й пал. красавіка. Выш. пад’ёму ў верхнім цячэнні да 2 м, у сярэднім і ніжнім да 5 м, у межах вузкай поймы (каля Мазыра) да 7 м. Самыя нізкія ўзроўні летне-асенняй межані назіраюцца ў вер. — кастр., пры дажджавых паводках павышаюцца на 3—5 м, узроўні зімовай межані больш устойлівыя (на 0,5—1 м вышэй летне-асенняй), пры адлігах павышаюцца на 3 м. Сярэднегадавы расход вады каля г.п. Тураў 264 м³/с, у вусці 450 м³/с. Суднаходная на ўсёй тэр. Беларусі. Злучана Дняпроўска-Бугскім каналам з р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг), Агінскім каналам (не дзейнічае) — з р. Нёман, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. На рацэ порты (Пінск, Мазыр), прыстані (Тураў, Петрыкаў, Нароўля, Чарнобыль). У сярэднім цячэнні П. створаны нац. парк Прыпяцкі, у ніжнім — Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Займае паўн.ч. рэспублікі, мяжуе з Літвой, Латвіяй і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,1 тыс.км². Нас. 1438,8 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Віцебск. У вобласці 21 раён: Аршанскі, Бешанковіцкі, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дубровенскі, Лепельскі, Лёзненскі, Міёрскі, Пастаўскі, Полацкі, Расонскі, Сенненскі, Талачынскі, Ушацкі, Чашніцкі, Шаркаўшчынскі, Шумілінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 19 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Віцебск, Лепель, Наваполацк, Орша, Полацк, 26 гар. пасёлкаў, 248 сельсаветаў, 6774 сельскія населеныя пункты.
Прырода. Амаль уся тэр. вобласці размешчана ў межах Беларускага Паазер’я. У цэнтр. частцы і на З Полацкая (займае амаль палову тэр.), на ПнУ Суражская нізіны, на У нізіна Лучосы, на Пд Чашніцкая раўніна і Верхнебярэзінская нізіна. Узвышшы і грады займаюць чвэрць тэр. вобласці, пераважаюць па яе ўскраінах: Нешчардаўскае, Гарадоцкае, Віцебскае (выш. да 295 м над узр. м.), Аршанскае, Ушацка-Лепельскае, Лукомскае ўзвышшы, Свянцянская і Браслаўская грады. Карысныя выкапні: даламіты (11 радовішчаў у Віцебскім, Гарадоцкім, Дубровенскім, Лёзненскім і Сенненскім р-нах), цэментныя гліны (радовішчы Пушча ў Віцебскім і Лукомль-1 ва Ушацкім р-нах), легкаплаўкія гліны і суглінкі (198 радовішчаў), торф (3400 радовішчаў), пясчана-гравійныя сумесі (161 радовішча), буд. пяскі (102 радовішчы), мінер. воды, сапрапелі (у 1429 азёрах) і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -6,5 °C на З да -8,5 °C на У, ліп. каля 17—18 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 750 мм на ўзвышшах. Каля 70% іх выпадае ў цёплы перыяд. Вегет. перыяд 180—190 дзён. Па шчыльнасці рачной сеткі, колькасці і плошчы азёр вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Рэкі належаць бас.Зах. Дзвіны (85% плошчы), Дняпра, Нёмана, Ловаці. Найбольшыя: Зах. Дзвіна з прытокамі Усвяча, Обаль, Палата, Дрыса (справа), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), Дняпро з Друццю і Бярэзінай (вярхоўі). З 2,8 тыс. азёр найбольшыя Асвейскае, Лукомскае, Дрысвяты, Дрывяты, Нешчарда, Снуды, Езярышча, Струста, Абстэрна. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (больш за 40%), дзярновыя забалочаныя (каля 30%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (больш за 10%), тарфяныя (каля 15%) і інш., паводле мех. складу 67,2% сугліністыя, 24,6% супясчаныя, 6,6% пясчаныя, 1,6% гліністыя. Характэрныя мазаічнасць і завалуненасць глебы. Сярэдняя лясістасць 34,4%, ад 15—20% у Аршанскім, Дубровенскім, Чашніцкім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім да 53—60% у Полацкім і Расонскім р-нах. Пераважаюць хваёвыя (38,7%) і яловыя (20,9%) лясы. Пашыраны таксама бярозавыя (24,2%), альховыя (11,1%), асінавыя (4,1%). Пад хмызнякамі каля 10% тэр., пад лугамі — 13%, пад балотамі — каля 6%. Меліярацыйны фонд вобласці 990 тыс.га, на 51% пл. праведзены асушальныя работы. У межах вобласці знаходзіцца асн. частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, 22 дзярж. заказнікі, шэраг помнікаў прыроды.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — беларусы (81,8%), жывуць таксама рускія (13,5%), украінцы (1,7%), палякі (1,2%), яўрэі (1,1%) і інш. Гарадскога нас. 66,3%. Сярэдняя шчыльн. 36 чал. на 1 км², сельскага — 12 чал. на 1 км². Па адм. раёнах шчыльнасць насельніцтва вагаецца ад 30 чал. на 1 км² у Чашніцкім да 8 чал. на 1 км² у Расонскім р-не. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Віцебск 365, Орша 139, Наваполацк 97, Полацк 88. З 1991 натуральны прырост насельніцтва, а з 1994 міграцыйнае сальда сталі адмоўныя, адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва, а ў сельскай мясцовасці яшчэ яго старэнне.
Гаспадарка. Вядучая галіна — прамысловасць, у ёй занята каля 30% усіх працуючых. Спецыялізуецца па вытв-сці электраэнергіі, нафтаперапрацоўцы, нафтахіміі, машынабудаванні, лёгкай і харч. галінах. У адносінах да агульнарэсп. аб’ёму выпускаецца (1994, %): ільняных тканін і поліэтылену 100, прадуктаў нафтаперапрацоўкі каля 50, электраэнергіі 48,7, металарэзных станкоў 47,6, дываноў і дывановых вырабаў 40,4, панчошна-шкарпэткавых вырабаў 35,6, абутку 21,6, драўнінна-валакністых пліт 29, буд. цэглы 20, алею 92,3, масла 18,7, кансерваў 20,3. Самыя значныя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў Віцебску, Полацкім прамвузле (Полацк і Наваполацк) і Оршы. У Віцебску выпускаецца больш за 70% прадукцыі машынабудавання і лёгкай прам-сці, у Полацкім прамвузле — уся прадукцыя нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, у Оршы — усе льняныя тканіны. Самая магутная ў рэспубліцы Лукомская ДРЭС у Новалукомлі. Прадпрыемствы паліўнай прам-сці (торфапрадпрыемствы), металаапрацоўкі (у асн. рамонтныя), лясной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. размеркаваны па тэр. вобласці. Па ўзроўні прамысл. развіцця таксама вылучаюцца Глыбоцкі, Чашніцкі, Лепельскі, Пастаўскі і Талачынскі р-ны. У сельскай гаспадарцы занята каля 22% працуючых. Вобласць спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, ільнаводстве. У прыгарадных зонах Віцебска, Полацка, Оршы развіты птушкагадоўля, агародніцтва, садоўніцтва. У 1994 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 56,8%, раслінаводства — 43,2% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. Назіраецца зніжэнне ўдзельнай вагі жывёлагадоўлі (у 1990 было 68%) і павышэнне долі раслінаводства. С.-г. ўгоддзі займаюць 45% тэр. вобласці, у т. л. пад ворывам 29,9%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры. Сярод збожжавых найбольшыя плошчы пад ячменем і жытам. У вобласці высокая ўдзельная вага пасеваў лёну-даўгунцу (каля 35% валавога збору льновалакна ў рэспубліцы). Найбольшыя пасевы лёну на ПдЗ і ПдУ вобласці. На 738 фермерскіх гаспадарак прыпадае 18,3 тыс.гас.-г. угоддзяў (1995), або каля 1%. Вял. долю ў пасяўных плошчах і зборы бульбы займаюць асабістыя дапаможныя гаспадаркі. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіты свінагадоўля (буйныя свінагадоўчыя комплексы), авечка- і птушкагадоўля. На азёрах — азёрна-рыбныя гаспадаркі. У 1990-я г. наглядалася скарачэнне пагалоўя жывёлы і жывёлагадоўчай прадукцыі.
Транспарт. Эксплуатацыйная даўж. чыгункі 1223 км (1994). Па шчыльнасці чыг. сеткі вобласць займае 2-е месца ў рэспубліцы. Па яе тэрыторыі праходзяць міжнар. магістралі Масква—Орша—Мінск—Варшава, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Рыга. Важнае значэнне маюць чыгункі Орша—Унеча, Невель—Полацк—Маладзечна, Орша—Лепель, Крулеўшчына—Варапаева—Паставы і далей у Літву. Буйныя чыг. вузлы Орша, Віцебск, Полацк. Працягласць аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,5 тыс.км (1994). Асн. магістралі Масква—Орша—Мінск—Брэст, Санкт-Пецярбург—Віцебск—Орша—Кіеў, Смаленск—Віцебск—Полацк—Даўгаўпілс, Віцебск—Лепель—Мінск. Суднаходства па Зах. Дзвіне ад Веліжа да Полацка і па Дняпры ніжэй Оршы. Па тэр. вобласці праходзіць адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба» (ад Унечы на Оршу—Наваполацк і далей у Латвію ў порт Вентспілс), газаправод «Ззянне Поўначы». Аэрапорт у Віцебску.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы Віцебскай вобласці
Плошча, тыс.га
1990
1995
Уся пасяўная плошча
1180,9
1200,2
Збожжавыя і зернебабовыя
490
502,5
Лён-даўгунец
59
39,2
Бульба
87
94,2
Агародніна і бахчавыя культуры
7
12,5
Кармавыя культуры
537,9
551,8
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ва ўсіх гаспадарках Віцебскай вобласці
Пагалоўе, тыс. галоў
1990
1995
Буйная рагатая жывёла
1156
900
у т.л. каровы
397
379
Свінні
861
572
Авечкі і козы
128
79
Птушка
6382
6000
Да арт.Віцебская вобласць: 1 — краявід на Браслаўшчыне; 2 — на палях Віцебшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКА́Я АВІЯ́ЦЫЯ,
род сіл ВМФ, прызначаны для пошуку і знішчэння з паветра сіл флоту праціўніка, прыкрыцця сваіх караблёў ад варожай авіяцыі, вырашэння інш. задач, у т. л. для дастаўкі марской пяхоты.
М.а. з’явілася ў пач. 20 ст., у т. л. ў 1911—12 у Расіі, у 1919—21 у Польшчы. На тэр. Беларусі па адной авіяэскадрыллі (складаліся з развед. гідрасамалётаў і знішчальнікаў з колавым шасі) для вядзення паветр. разведкі, карэкціроўкі агню манітораў і кананерскіх лодак, бамбардзіроўкі рачных караблёў, канвояў, войск праціўніка і г.д. мелі Пінскія ваен. флатыліі: польская (1928—37, да 10 самалётаў) і савецкая (1940—41, 15—18 самалётаў). У 1930-я г. група гідрасамалётаў (базіравалася ў прырэчнай паласе і ў партах бас. Дняпра) прыдавалася сав. Дняпроўскай ваен. флатыліі. У Вял.Айч. вайну сярод сав. марскіх лётчыкаў вызначыліся беларусы М.В.Аўдзееў, М.У.Барысаў, Ц.С.Жучкоў, І.Б.Катунін, М.А.Кісляк, Я.Г.Навіцкі, У.А.Скугар і інш. Да пач. 1990-х г. у раёне г. Быхаў Магілёўскай вобл. базіравалася стратэг. авіяцыя Балт. флоту.
Сучасная М.а. падзяляецца на ракетаносную, процілодачную, знішчальную, штурмавую, развед. і дапаможнага прызначэння (радыёлакацыйнага дазору, радыёэлектроннага процідзеяння, запраўкі самалётаў палівам у паветры, тралення мін, пошукава-выратавальная, трансп. і сувязі). Адрозніваюць М.а. базавага і карабельнага (на авіяносцах, верталётаносцах і інш.) базіравання. Далейшае развіццё М.а. ідзе па шляху ўдасканалення лятальных апаратаў, павелічэння скорасці, далёкасці і даўжыні палёту, яго аўтаматызацыі, стварэння сродкаў пошуку марскіх і наземных цэлей на новых фіз. прынцыпах, распрацоўкі высокадакладнай дальнабойнай зброі з моцнымі баявымі зарадамі і інш.
Літ.:
Брусенцев Н.А. Военно-морская авиация. М., 1976;
Olejko A. Rzeczna eskadra lotnicza Flotylli Pińskiej. Pruszków, 1994.
У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.
Да арт.Марская авіяцыя: 1 — разведвальны гідрасамалёт тыпу Р-5 Дняпроўскай ваеннай флатыліі (намаляваны без узбраення); 2 — цяжкі мнагамэтавы верталёт Ка-27 (Расія); 3 — пошукава-выратавальны верталёт-самалёт HV-22 «Оспры» для ВМФ (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТЭРДАМ (Rotterdam),
горад на З Нідэрландаў. Знаходзіцца на паўн. рукаве дэльты р. Рэйн; каналам Новы водны шлях злучаны з Паўн. морам, інш. каналамі — з Амстэрдамам і Гаагай. 1105 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Найб. марскі порт свету (штогадовы грузаабарот каля 300 млн.т), аванпарты на Паўн. моры — Улардынген, Східам, Хук-ван-Холанд, Еўрапорт; вузел суднаходства ў бас.р. Рэйн. Абслугоўвае трансп. сувязі Нідэрландаў (каля 60% знешнегандл. абароту краіны), Германіі, Бельгіі, Швейцарыі і інш. краін. Паромная сувязь з Вялікабрытаніяй. Нафта- і прадуктаправодамі злучаны з прадпрыемствамі Германіі і Бельгіі. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-прамысл. цэнтр краіны (праўленні транснац. манаполій, банкаў). Прам-сць базіруецца гал.ч. на прывазной сыравіне. У Р. і яго ваколіцах буйныя нафтахім. і нафтаперапр. прадпрыемствы (штогод перапрацоўваюць больш за 100 млн.т нафты). З інш. галін прам-сці найб. развіты металаапрацоўка і машынабудаванне (судна- і аўтамабілебудаванне, абсталяванне для партоў, эл.-тэхн. і інш.), хім., лёгкая (асабліва тэкст. і швейная), харч. і харчасмакавая (вытв-сць кармоў, маргарыну, перапрацоўка чаю, какавы, кавы). Метрапалітэн. Ун-т імя Эразма, Акадэмія, мастацтваў, Нац.ін-т навігацыі і караблебудавання і інш. Музеі: гіст., марскі, горада, этналогіі. Карцінная галерэя. Гатычныя цэрквы (15 ст.), у т. л. царква Сінт-Лаўрэнскерк, дамы і ветраныя млыны (17—18 ст.).
На тэр. сучаснага Р. паселішча вядома з 9 ст., у пісьмовых крыніцах — з 1282. З 1 340 горад. У 1572 захоплены і разрабаваны іспанцамі, далучыўся да паўстання Нідэрландаў супраць ісп. панавання. Пасля адмены ў 1685 Нанцкага эдыкта 1598 у Р. перасялілася шмат франц. пратэстантаў (гандляры і рамеснікі). У 17—18 ст. цэнтр гандлю (у асн. з Францыяй і Англіяй), караблебудаўніцтва і сукнаробства. Пасля злучэння ў 1882 Р. каналам з Паўн. морам — адзін з найб. партоў свету. У 2-ю сусв. вайну моцна пацярпеў ад ням. бамбардзіровак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБІ́Р,
большая частка азіяцкай тэр. ў Расійскай Федэрацыі, якая распасціраецца ад Урала на З да хрыбтоў ціхаакіянскага водападзелу на У і ад Паўн. Ледавітага ак. на Пн да стэпаў Казахстана і мяжы з Цэнтр. Азіяй на Пд. Працягласць з З на У больш за 7 тыс.км, з Пн на Пд да 3,5 тыс.км. Пл. з прылеглымі астравамі каля 10 млн.км². У межах С. знаходзіцца 21 суб’ект Расійскай Федэрацыі: рэспублікі — Алтай, Бурація, Саха (Якуція), Тыва, Хакасія; краі — Алтайскі і Краснаярскі; вобласці — Іркуцкая, Кемераўская, Курганская, Новасібірская, Омская, Томская, Цюменская, Чыцінская; аўт. акругі — Агінская Бурацкая, Таймырская, Усць-Ардынская Бурацкая, Ханты-Мансійская, Эвенкійская, Ямала-Ненецкая (гл. адпаведныя арт.). Уключае фізіка-геагр. вобласці Заходняя Сібір і Усходняя Сібір, у межах якіх размешчаны Заходне-Сібірская раўніна, Сярэднесібірскае пласкагор’е, горы Паўд. Сібіры (Алтай, Зах. Саян, Усх. Саян, горы Тывы, Прыбайкалле, Забайкалле) і сістэма горных хрыбтоў на ПнУ Сібіры, якія акаймоўваюць Верхаянскі хрыбет і Калымскае нагор’е. У геал. будове С. вылучаюцца Сібірская платформа і Заходне-Сібірская пліта, якія на Пн і З абмежаваны гарамі палеазойскай складкавасці, на Пд — пратэразойскай, на ПнУ і ПдУ — мезазойскай складкавасці. У антрапагене на Пн С. і ў гарах было зледзяненне. Вял. паклады каменнага і бурага вугалю (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Іркуцкі, Паўд.-Якуцкі, Ленскі і Тунгускі басейны); радовішчы нафты і газу, жал. і поліметалічных руд, рэдкіх і каляровых металаў, графіту, алмазаў, золата і інш. С. размешчана ва ўмераным і субарктычным кліматычных паясах. Клімат б. часткі С. суровы, рэзка кантынентальны, умерана халодны і халодны, на Пн арктычны. Сярэднегадавыя т-ры паветра амаль усюды ніжэй за 0 °C. На Пн сярэдняя т-раліп. 0—2 °C, студз. -48 °C, -50 °C, («полюс холаду» Паўн. паўшар’я ў Верхаянску і Аймяконе да -71 °C). На Пд і ПдЗ клімат больш цёплы з т-рай ліп. 22—23 °C, студз. -16 °C, -20 °C. Ападкаў на ПнУ 150—250 мм, на З да 500—550 мм, на Алтаі да 2000 мм за год. Акрамя цэнтр. і паўд.ч.Зах.-Сібірскай раўніны, амаль усюды шматгадовая мерзлата. Сучасныя ледавікі ў гарах на выш. 2000—2500 м. Рэкі С. належаць да бас.Паўн. Ледавітага ак.Найб. рэкі: Об з Іртышом, Енісей з Ангарой, Падкаменнай Тунгускай і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма. На ПдУ вытокі р. Амур (бас. Ціхага ак.). Рэкі выкарыстоўваюцца для рачнога транспарту. Шмат ГЭС. Шмат азёр, у іх ліку самае глыбокае ў свеце Байкал, Таймыр, Цялецкае, Чаны. На Пн мохава-лішайнікавая тундра і лесатундра з лістоўніцай. На Пд ад лесатундры зона тайгі з лістоўніцы, кедру, хвоі, бярозы. На Пд Заходняй С. лесастэпавая з бярозавымі і асінавымі гаямі (калкі) і стэпавая зона. Ва Усх. С. лесастэп і стэп займаюць асобныя тэрыторыі. У гарах Паўд. С. вышынная пояснасць з горнымі лясамі і лугамі. Запаведнікі, нац. паркі.
Гісторыя. Як гіст. раён С. уключае таксама Д. Усход. Чалавек насяліў гэтую тэр. ў каменным веку і адсюль пранік у Амерыку. У 1-м тыс.н.э.паўд. раёны С. былі ў складзе Цюркскага каганата, Бахай і інш. дзяржаў. У 13 ст.паўд. С. заваявана манголамі. Частка тэр. С. ўваходзіла ў Залатую Арду, потым у Цюменскае ханства і Сібірскае ханства. Паходы рас. ваявод (з канца 15 ст.) і Ермака (гл. Ярмак) у 1580-я г. паклалі пачатак далучэнню С. да Рас. дзяржавы, якое завершана ў сярэдзіне 19 ст.Вял. ролю ў асваенні і вывучэнні С. і Д. Усходу адыгралі рас. землепраходцы 17 ст., камчацкія экспедыцыі В.Берынга 1725—30 і 1733—43, падарожжы Г.І.Невяльскога, даследаванні І.Дз.Чэрскага і інш. У 18 ст. ўзнікла горная прам-сць, у 19 ст. золатаздабыўная, каменнавугальная, харчовая. Адбывалася каланізацыя С. сялянамі з Еўрап. Расіі (пераважна рускімі, украінцамі і беларусамі), якая набыла шырокія маштабы пасля сялянскай рэформы 1861 і сталыпінскай аграрнай рэформы (з 1906). У 1891—1916 пабудавана Транссібірская магістраль. Сав. улада, устаноўленая ў канцы 1917 — пач. 1918, неўзабаве скінута белагвардзейцамі і інтэрвентамі; адноўлена ў 1919—22. З канца 17 ст. С. была месцам паліт. катаргі і ссылкі. Сюды былі сасланы ўдзельнікі Барскай канфедэрацыі 1768—72, дзекабрысты, удзельнікі паўстанняў 1830—31 і 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі, рэвалюцыянеры-народнікі, сацыял-дэмакраты, эсэры, бальшавікі і інш. У перыяд масавых рэпрэсій палітычных 1930—50-х г. у С. і на Д. Усходзе знаходзілася сетка папраўча-працоўных лагераў сістэмы ГУЛАГ Пра беларусаў у С. гл. ў арт. Расія (раздзел «Беларусы ў Расіі») і Новасібірская вобласць (раздзел «Беларусы ў Новасібірскай вобласці»).
Літ.:
Гвоздецкий Н.А., Михайлов Н.И. Физическая география СССР: Азиатская часть. 4 изд. М., 1987;
История Сибири с древнейших времен и до наших дней. Т. 1—5. Л., 1968—69;
Миллер Г.Ф. История Сибири: Пер. с нем. Т. 1—2. 2 изд. М., 1999—2000;
Белорусы в Сибири. Вып. 1—2. Новосибирск, 2000;
Галуза У. Беларусы Заходняй Сібіры: гісторыя і сучаснасць // Кантакты і дыялогі. 1998. №10/11.