ПІР (Pire) Дамінік Жорж (10.2.1910, г. Дынан, Бельгія — 30.1.1969),
бельгійскі каталіцкі святар (дамініканец). Д-р тэалогіі (1936). Скончыў Дамініканскі ун-т у Рыме (1936). З 1937 выкладаў у дамініканскім калежы Ла Сарт (Бельгія), быў святаром, набыў вядомасць гуманітарнай дзейнасцю. Напярэдадні 2-йсусв. вайны стварыў у Бельгіі лагеры для дзяцей бедных бацькоў, дзе ў перыяд ням.-фаш. акупацыі краіны (1940—44) знайшлі прытулак тысячы дзяцей.
Удзельнік руху Супраціўлення. У пасляваен. час арганізоўваў дапамогу бежанцам і перамешчаным асобам праз стварэнне спец. лагераў, т.зв. «Еўрап. вёсак» і міжнар.гуманіт. арг-цый. Нобелеўская прэмія міру 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРС (Pearse) Патрык Генры (10.11.1879, Дублін — 3.5.1916),
ірландскі грамадскі дзеяч, паэт і асветнік. Адзін з кіраўнікоў Гэльскай лігі. Аўтар паэм і драматычных твораў на гэльскай (ірландскай) мове. Удзельнічаў у стварэнні Ірландскага нац. ун-та. З ліст. 1913 чл. выканаўчага к-та ірландскіх валанцёраў, з ліп. 1914 — Вярх.к-та Ірландскага рэспубліканскага брацтва (ІРБ). Пасля пач. 1-йсусв. вайны чл. крыла ІРБ, якое выступала супраць удзелу ірландцаў у вайне на баку Вялікабрытаніі. У час Ірландскага паўстання 1916 прызначаны 24.4.1916 прэзідэнтам часовага ўрада Ірландскай Рэспублікі. Быў узяты ў палон брыт. войскамі і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАК (Pollack) Міхай (1773, Вена — 5.1.1855),
венгерскі архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Венскай АМ. З 1799 працаваў у Пешце. Пабудовы П. ў значнай ступені ствараюць класіцыстычнае аблічча левабярэжнай ч. Будапешта 18—1-йпал. 19 ст. Ім уласцівы манументальнасць і прастата форм, стрыманая пластыка фасадаў, выразнасць архітэктанічнага дэкору: у Будапешце — лютэранская царква (1799), уласны дом (1822), будынкі Ваен. акадэміі (б. ліцэй Людовіка; 1829—35), Нац. музея (1837—47); Дом абл. савета ў Секешфехервары (1807—12, з Я.Тэглем), замак у Алчуце (1819—27, не захаваўся), дом камітацкай управы ў Сексардзе (1827—53).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РПЛІШЧАНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 1-йпал. 17 ст. ў в. Порплішча Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. Пабудавана ў 1627, перабудавана ў 1794 з элементамі класіцызму. Крыжова-купальны храм з планам у выглядзе лац. крыжа. Зрубы накрыты ўзаемна перпендыкулярнымі 2-схільнымі дахамі. Над сяродкрыжжам масіўны 8-гранны светлавы барабан, завершаны гранёным купалам з галоўкай. Абапал 5-граннага алтарнага зруба невял. прамавугольныя ў плане рызніцы. У 1883 да гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца з бабінцам у ніжнім ярусе, накрытая невысокім 4-схільным шатром.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМІТЫВІ́ЗМ (ад прымітыў),
кірунак у выяўл. мастацтве канца 19—1-йпал. 20 ст., які характарызуецца праграмным свядомым спрашчэннем маст. вобразаў і сродкаў выяўлення арыентацыяй на формы прымітыву, інсітнага мастацтва, народнай творчасці, дзіцячай творчасці. Узнікненне і развіццё П. звязана з непрыняццем урбанізацыі жыцця, уніфікаванасці масавай культуры і элітарнасці сучаснага мастацтва. Мастакі імкнуліся да эмацыянальнай чысціні і яснасці нар. ці дзіцячага светаўспрымання, пошуку першакрыніц творчасці. Рысы П. ўласцівы творчасці П.Гагена, групы «Набі», ранніх прадстаўнікоў кубізму, фавізму, дадаізму ў Францыі, П.Клее ў Швейцарыі, Ю.Л.Макоўскага ў Польшчы, удзельнікаў маст. аб’яднанняў «Бубновы валет», «Асліны хвост», «Блакітная ружа» (М.Крымаў, М.Сар’ян) у Расіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́НЦЫП Гаўрыла (30.6 або 25.7.1894, Грахава, Боснія і Герцагавіна — 29.4.1918),
удзельнік сербскага нац. руху. З 1914 чл. сербска-харвацкай арг-цыі «Маладая Боснія», якая выступала за вызваленне краю ад аўстра-венг. акупацыі і стварэнне адзінай югасл. дзяржавы. Па яе заданні 28.6.1914 забіў у г. Сараева наследніка аўстра-венг. прастола Франца Фердынанда і яго жонку (паводле інш. звестак дзеянні П. і яго паплечнікаў накіроўвала блізкая да сербскай ваен. разведкі тайная арг-цыя «Чорная рука», гл.Сараеўскае забойства), што стала зачэпкай для развязвання 1-йсусв. вайны. Непаўналетні П. прыгавораны да 20 гадоў катаргі, памёр у турме ад сухотаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСВІТЭРЫЯ́НЕ (ад прэсвітэр),
1) прыхільнікі прэсвітэрыянства.
2) Паліт. партыя ў Англіі ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Узнікла на базе абшчын прыхільнікаў прэсвітэрыянства (памяркоўных пурытан), якія існавалі з 1570-х г., прадстаўляла інтарэсы гандл.прамысл. буржуазіі і часткі «новага» (схільнага да капіталіст. гаспадарання) дваранства. У 1640—48 П. мелі большасць у парламенце і дамагліся ў 1644 абвяшчэння прэсвітэрыянства дзярж. царквой. У час 2-йграмадз. вайны (1648) схіляліся да пагаднення з каралём, за што выгнаны з парламента праціўнікамі манархіі — індэпендэнтамі (гл.Кангрэгацыяналісты). Актывізаваліся пасля смерці О.Кромвеля (1658).
У 1660 спрыялі рэстаўрацыі манархіі Сцюартаў, пасля чаго зышлі з паліт. арэны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЦІ́НІ (Putini, Puttini) Антоніо, танцоўшчык і балетмайстар 2-йпал. 18 ст. Па паходжанні італьянец. Працаваў у Італіі і Аўстрыі. Па запрашэнні кн. Г.Ф.Радзівіла з 1756 у Слуцку (Мінская вобл.). У 1756 навучаў танцам кадэтаў, выступаў у прыдворным т-ры, разам з Л.Дзюпрэ стварыў Слуцкую балетную шкалу (у 1758 паказаў школьны спектакль «Балет на тры пары»). У 1756, 1757, 1759 выступаў як саліст на сцэне Нясвіжскага т-ра ў складзе Слуцкага балета. З 1760 у Нясвіжы па распараджэнні М.К.Радзівіла Рыбанькі, з 1771, пакінуўшы сцэну, стаў прыдворным танцмайстрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗЕ́ЦКІ (Radetzky), фон Радзец,
Іозеф Венцэль (2.11.1766, Тршэбніцы каля г. Літамержыцы, Чэхія — 5.1.1858), аўстрыйскі ваен. дзеяч, палкаводзец. Фельдмаршал (1836), граф. З чэш. дваранскага роду. У арміі з 1784. Удзельнік аўстра-тур. вайны 1788—90 і вайны 2-й кааліцыі еўрап. краін супраць Францыі (1798—1801). У 1809—12 і 1814—29 нач. штаба аўстр. арміі. У 1813—14 нач. штаба К.Шварценберга. З 1815 камандаваў кав. злучэннямі. У 1831—57 галоўнакаманд. аўстр. войскамі ў Паўн. Італіі, у т. л. ў час аўстра-італьянскай вайны 1848—49, адначасова ў 1849—57 ген.-губернатар Ламбарда-Венецыянскага каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПІ́РА (ням. Rapir ад франц. rapiére),
колючая, радзей колюча-сякучая зброя. Вядома з 2-йпал. 17 ст. Уяўляла сабой прамы плоскі або гранёны стальны клінок з завостраным (у дуэльных Р.), затупленым або забяспечаным засцерагальным патаўшчэннем (у фехтавальных Р.) канцом і эфес. У канцы 19 ст. на аснове фехтавальнай Р. ўзнікла спартыўная колючая зброя, якая складаецца з лёгкага стальнога эластычнага клінка, эфеса (засцерагальнай чашападобнай гарды і рукаяткі). У звычайных (трэніровачных) Р. наканечнік на клінку нерухомы, у электрыфікаваных (выкарыстоўваюцца ў афіц. спаборніцтвах па фехтаванні з 1954) — з рухомым электракантактным устройствам.