ВАЛЮ́ТНЫЯ РЭЗЕ́РВЫ,

цэнтралізаваныя запасы золата і замежнай валюты, што знаходзяцца ў цэнтр. (нац.) банках і фін. органах краіны ці ў міжнар. валютна-крэдытных арг-цыях. Выкарыстоўваюцца пераважна для рэгулявання знешніх разлікаў, пакрыцця дэфіцыту плацежнага балансу, стабілізацыі валютнага курсу на валютных рынках, у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі.

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАМПІРЫ́ЗМ,

рэдкая палавая ненармальнасць, якая вызначаецца спалучэннем садызму і фетышызму, калі фетышам з’яўляецца кроў партнёра. Да вампірызму можна аднесці выпадкі, калі палавы акт суправаджаецца фантастычнымі вобразамі крыві, што льецца. Цяжкія формы вампірызму — нематываваныя забойствы без якіх-небудзь карыслівых мэт або распусных дзеянняў (выгляд крыві можа замяняць палавыя зносіны).

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШО́Т II Жалезны

(?—928),

армянскі цар [914—928]. З дынастыі Багратыдаў. Вёў упартую барацьбу супраць арабаў, якія спрабавалі ліквідаваць незалежнасць Арменіі, за што і празваны Жалезным. У 921 разбіў араб. армію на беразе воз. Севан і вызваліў ад арабаў б.ч. Арменіі. У 922 халіф вымушаны быў прызнаць Ашота II уладаром Арменіі.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЕ́Я,

бандарны выраб у беларусаў; авальная або круглая пасудзіна для мыцця бялізны і купання. Рабілася з кароткіх клёпак, што расстаўляліся вакол шырокага днішча; з вушкамі і без іх. Бытавалі пераважна ў зах. частцы Беларусі, на У у хатнім ужытку балею часцей замянялі ночвы. У наш час сустракаюцца рэдка.

Балея.

т. 2, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНУ́ФРЫЙ,

полацкі князь у ВКЛ. У грамаце, выдадзенай ім каля 1399 манастыру Іаана Прадцечы на валоданне бортнымі землямі на азёрах Сомніца, Лісна і рэках Ула і Нача, назваў сябе вял. князем — адзіны выпадак, калі полацкі князь так тытулаваў сябе. Мяркуецца, што Ануфрый быў апошнім полацкім князем.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 1, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАГЕ́Й (ад апа... + грэч. gē Зямля),

1) пункт арбіты Месяца ці штучнага спадарожніка Зямлі, найб. аддалены ад цэнтра Зямлі; процілеглы перыгею). У астраноміі тэрмін «апагей» адносіцца толькі да целаў, што рухаюцца па замкнёных арбітах вакол Зямлі.

2) У пераносным сэнсе апагей — найвышэйшая ступень, найб. ўздым, росквіт дзейнасці, творчасці, славы.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́РТЫ,

маёмасць, што паступіла акцыянернаму таварыству ў лік аплаты акцый. Могуць быць тавары, гандл. і прамысл. прадпрыемствы на поўную суму грашовага капіталу. Часта заснавальнікі акц. т-ваў як апорты. перадаюць гэтым т-вам свае тавары і прадпрыемствы па завышанай цане, каб атрымаць акцый больш, чым каштуе здадзеная маёмасць.

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ТЭР (англ. barretter),

цеплавая прылада для падтрымання пастаянства сілы току ў ланцугу. Складаецца з запоўненага вадародам шклянога балона, унутры якога знаходзіцца метал. дроцік. Цеплавы рэжым барэтэра выбраны так, што пры павольных зменах напружання на канцах дроціка сіла току ў ім у пэўных межах застаецца пастаяннай. Выкарыстоўваецца ў радыёэлектроннай апаратуры.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХІСІНКЛІНА́ЛЬ (ад брахі... + сінкліналь),

кароткая сінклінальная складка пластоў горных парод авальнай формы ў плане. Утвараецца ў выніку лакальнага тэктанічнага прагінання. Пласты горных парод, што ўтвараюць брахісінкліналь, з усіх бакоў нахілены да яе цэнтра, дзе знаходзяцца найб. маладыя горныя пароды.

Брахісінкліналь: 1 — план; 2 — разрэзы па лініях АВ і БГ.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬВЕО́ЛЫ (ад лац. alveolus лунка, паглыбленне, пузырок),

1) канцавыя пузыркі мяшочкападобных (альвеалярных) залоз.

2) Пузыркі на канцах тоненькіх трубачак (бранхіёлаў) лёгкага млекакормячых, высланыя эпітэліем і абвітыя сеткай капіляраў, што забяспечвае газаабмен паміж альвеалярным паветрам і крывёй.

3) Лункі ў сківічных касцях вышэйшых пазваночных жывёл, у якіх знаходзяцца карані зубоў.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)