ЖЭНЕ́ЎСКАЯ НАРА́ДА ПА ЎРЭГУЛЯВА́ННІ ЛАО́СКАГА ПЫТА́ННЯ Склікана па ініцыятыве СССР, праходзіла з 16.5.1961 да 23.7.1962. Прадстаўнікі Бірмы, Вялікабрытаніі, ДРВ, ЗША, Індыі, Камбоджы, Канады, КНР, Лаоса, Польшчы, СССР, Тайланда, Францыі і Паўд. В’етнама прынялі Дэкларацыю і Пратакол аб нейтралітэце Лаоса, заявілі, што будуць паважаць яго суверэнітэт, незалежнасць, нейтралітэт, адзінства і тэр. цэласнасць. Пагадненні прадугледжвалі стварэнне ў Лаосе кааліцыйнага ўрада (сфарміраваны ў чэрв. 1962). Аднак рэалізаваць дамоўленасці і дасягнуць нац. адзінства ў Лаосе не ўдалося. У 1964 ЗША парушылі ўмовы пагаднення, пачалі бамбардзіроўкі тэр. Лаоса.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТАРО́ВА Марыя Міхайлаўна (17.9.1907, г. Вазнясенск, Украіна — 14.2.1979),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н. (1951), праф. (1952). Скончыла Адэскі мед. ін-т (1930). У 1951—54 заг. кафедры Віцебскага мед. ін-та. З 1954 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па лячэнні эпідэмічнага кан’юнктывіту, па вызначэнні афтальмалагічных прыкмет пры розных хваробах.

Тв.:

Офтальмологические симптомы при различных заболеваниях организма. Мн., 1965;

Офтальмологические симптомы при болезнях ЛОР-органов и полости рта. Мн., 1969;

Избранные разделы клинической офтальмологии // Офтальмалогия. Мн., 1973.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМІГРА́НТЫ [ад лац. immigrans

(immigrantis) які ўсяляецца] у біялогіі, усяленцы, жывыя арганізмы, якія ўсяліліся ў якую-н. мясцовасць, дзе раней іх не было. Называюць па мясцовасці, адкуль арганізмы перасяліліся (напр., амерыканскія, ціхаакіянскія),

і па часе. ўсялення. Час іміграцыі і яе напрамак вызначаюць паводле назіранняў або гіст. звестак. На Беларусі І. з’яўляюцца андатра, каларадскі жук, рамонак пахучы (амер.), шэры пацук, сярэбраны карась, аер (азіяцкія). І. называюць таксама асобныя клеткі, якія выходзяць з зародкаў органаў і даюць пачатак новым тканкам або органам.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВА́Я, Хвашчоўка,

рака ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Друць (бас. р. Дняпро). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 242 км². Пачынаецца на паўн. ускраіне в. Раманаўка. Цячэ па Аршанскім узв. Даліна на вял. працягу добра распрацаваная, трапецападобная, у вярхоўі невыразная. Пойма вузкая, лугавая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае. Рэчышча каналізаванае на працягу 3 км, астатняе звілістае. Шыр. ракі ў межань да 10 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Асн. прыток — р. Ржаўка. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯТЛЮ́К Мікалай Фёдаравіч (н. 26.11.1932, в. Слабада Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аўтамабілебудавання. Д-р тэхн. н. (1974), праф. (1976). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1991). Скончыў БПІ (1957). У 1959—97 у БПА (у 1985—94 заг. кафедры). Навук. працы па тармазных сістэмах аўтамабіляў і інш. мабільных машын, па аўтаматызацыі аўтамабіляў і трактароў.

Тв.:

Динамика пневматических и гидравлических приводов автомобилей. М., 1980 (разам з В.​П.​Аўтушкам);

Автоматика и автоматизация производственных процессов. Мн., 1985 (у сааўт.).

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАКАМП’Ю́ТЭР,

вылічальная сістэма, у аснову якой закладзены нейрасеткавыя прынцыпы функцыянавання. Асн. элемент Н. — нейронная сетка. Спалучае якасці біял. сістэм (напр., навучанне, у т. л. саманавучанне, самаарганізацыя, прыстасавальнасць) з перавагамі выліч. тэхнікі (высокая скорасць апрацоўкі інфармацыі, вял. аб’ём памяці). Работы па стварэнні універсальных Н. вядуцца ў ЗША, Японіі, Расіі. На Беларусі даследаванні па праблемах Н. праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш.

У.​А.​Галаўко, Р.​Х.​Садыхаў.

т. 11, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЯЖНЫ́ СТАНО́К,

металарэзны станок для апрацоўкі паверхняў рознай формы працягваннем.

П.с. класіфікуюць: па кампаноўцы (гарыз. і верт.); прызначэнні (унутранага і вонкавага працягвання); характары адноснага руху рабочага органа (са зваротна-паступальным і паступальным па замкнёным контуры); колькасці рабочых органаў (адзінарныя і здвоеныя (дуплексы)); ступені механізацыі (звычайныя, паўаўтаматы, аўтаматы); ступені універсальнасці (агульнага прызначэння, спецыяльныя і спецыялізаваныя). Найб. пашыраныя: П.с. гарыз. (выкарыстоўваюць для ўнутранага працягвання) і верт. (для працяжных работ).

На Беларусі вырабляюцца на Мінскім станкабуд. з-дзе імя С.​М.​Кірава.

В.​І.​Шагун.

т. 13, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПАПО́РТ Рыгор Якаўлевіч (1890, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),

дзяржаўны дзеяч БССР. Камісар дзяржбяспекі 3-га рангу (1935). З 1918 у органах дзяржбяспекі. У 1929—31 старшыня ДПУ БССР, адначасова паўнамоцны прадстаўнік АДПУ пры СНК СССР па БВА і нач. асобага аддзела БВА; у 1936—37 нач. інспекцыі Наркамата харчовай прам-сці СССР. Чл. ЦК КП(б)Б (1930—31). 16.7.1937 арыштаваны і 8.2.1938 асуджаны да пакарання смерцю «па абвінавачванні ў шпіёнскай дзейнасці і прыналежнасці да антысавецкай арганізацыі правых». Рэабілітаваны ў 1956.

т. 13, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНСІ́ЛЫ, сэнсілы (ад лац. sensilis які адчувае),

прасцейшыя органы пачуццяў у беспазваночных жывёл. Складаюцца з кутыкулярнага аддзела і 1 або некалькіх чуллівых нерв. клетак, ад якіх адыходзяць нерв. валокны ў ц. н. с. Выконваюць функцыі гігра-, механа-, тэрма-, хема-, экстэра- і інтэрарэцэптараў. Размешчаны па целе паасобку або сабраныя ў групы, найб. іх колькасць на вусіках, ротавых ч., хваставых прыдатках і канечнасцях, дзе яны аб’яднаны ў складаныя органы па некалькі тысяч С. (напр., на антэнах трутня меданоснай пчалы каля 30 тыс.).

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПУША́НКА,

рака ў Шчучынскім і Гродзенскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Скідзелька (бас. р. Нёман). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 228 км². Пачынаецца каля в. Плянты Шчучынскага р-на, упадае ў р. Скідзелька на ўсх. ускраіне г. Скідзель. Даліна звілістая, трапецападобная, шыр. 0,6—1,8 км. Пойма да в. Дамброва Шчучынскага р-на двухбаковая, месцамі чаргуецца па берагах, забалочаная, ніжэй па цячэнні вузкая, адкрытая. Рэчышча звілістае, шыр. 5—7 м, на працягу 18 км каналізаванае. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 15, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)