ВА́ТЭНБАХ (Wattenbach) Вільгельм (22.9.1819, Ранцаў, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 20.9.1897),

нямецкі гісторык. Чл. Прускай АН (з 1881). Праф. Гейдэльбергскага (з 1862) і Берлінскага (з 1872) ун-таў. З 1843 удзельнічаў у падрыхтоўцы «Помнікаў германскай гісторыі» (Monumenta Germaniae Historica) — шматсерыйнага выдання крыніц па гісторыі Германіі 500—1500 (з 1875 у складзе цэнтр. дырэкцыі, у 1886—88 кіраўнік выдання). Гал. праца — «Крыніцы па гісторыі Германіі ў сярэднія вякі да сярэдзіны 13 ст.» (1858).

т. 4, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЛЬС (Diels) Ота Паўль Герман (23.1.1876, г. Гамбург, Германія — 7.3.1954),

нямецкі хімік-арганік. Скончыў Берлінскі ун-т (1899), дзе і працаваў (з 1906 праф.). З 1916 у Кільскім ун-це. Навук. працы па структурнай арган. хіміі. Адкрыў важнейшую рэакцыю арган. хіміі — дыенавы сінтэз (1928, разам з К.Альдэрам), каталітычную рэакцыю селектыўнага дэгідрыравання з дапамогай селену цыклагексенавага ці цыклагексанавага кольца ў малекулах поліцыклічных злучэнняў (1930). Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Альдэрам).

О.Дзільс.

т. 6, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІЦЕБСКДРЭ́Ў»,

акцыянернае таварыства па апрацоўцы драўніны. Створана ў 1928 у Віцебску як фанерны з-д, з 1963 домабуд., з 1973 дрэваапр. камбінат, галаўное прадпрыемства Віцебскага вытв. дрэваапр. аб’яднання, з 1988 ВА «Віцебскдрэў», з 1994 акц. т-ва. Працуюць цэхі: дрэваапр., драўнінна-стружкавых і драўнінна-валакністых пліт, штучнага паркету, сталярных вырабаў, карбамідных смол. Асн. прадукцыя (1996): драўнінна-валакністыя і драўнінна-стружкавыя пліты, скрынкі (камплекты), блокі для дзвярэй і вокнаў.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДАФА́Н,

плато ў Судане, на З ад р. Белы Ніл. Пераважаюць выш. 500—1000 м, асобныя вяршыні да 1460 м (г. Тэмадынга). Выступ дакембрыйскага крышт. фундамента Афр. платформы з астраўнымі гарамі, што складзены з нубійскіх пясчанікаў. Цокальныя раўніны К. расчлянёныя далінамі часовых вадатокаў (уэдамі). Клімат субэкватарыяльны з летнімі дажджамі. Ападкаў 300—500 мм за год. Ландшафты на Пн — апустыненыя саванны, на Пд — умерана вільготныя саванны, травяністыя, з акацыямі, баабабамі, пальмамі.

т. 8, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КОН-ЦІ́КІ»

(назва ад імя бога інкаў),

плыт з бальзавых дрэў з трысняговым парусам, зробленым Т.Хеердалам на ўзор старажытнаперуанскіх плытоў. У 1947 на «К.-Ц» (пл. каля 100 м²) Хеердал разам з 5 спадарожнікамі здзейсніў плаванне, выкарыстоўваючы спадарожныя цячэнні і пасаты, з Кальяо (Перу) да а-воў Туамоту ў Ціхім ак. (каля 8 тыс. км за 101 суткі), каб даказаць магчымасць засялення Палінезіі з У. Захоўваецца ў музеі ў г. Осла.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКІ́Ф (грэч. lērythos),

старажытнагрэчаская керамічная пасудзіна для алею. Мела вузкае горла, якое пераходзіць у раструб, нізкую ножку і верт. ручку. Форма Л. эвалюцыяніравала ад пасудзін з конусападобным тулавам (чорнафігурныя, 2-я пал. 6 ст. да н.э.) да пасудзін з цыліндрычным тулавам (чорнафігурныя і чырвонафігурныя, 5 ст. да н.э.). Л. з размалёўкай па белым фоне (пашыраны з сярэдзіны 5 ст.) былі звязаны з памінальным культам.

Лекіф. Каля 420 г. да н.э.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́РЫЯ (Luria) Сальвадор Эдуард (13.8. 1912, г. Турын, Італія — 6.2.1991),

амерыканскі вірусолаг і генетык; адзін з заснавальнікаў генетыкі мікраарганізмаў. Чл. Нац. АН ЗША (1959). Скончыў Турынскі ун-т (1935). З 1950 праф.

Ілінойскага ун-та, з 1959 — Масачусецкага тэхнал. ін-та, з 1974 адначасова дырэктар Цэнтра ракавых даследаванняў. Навук. працы па даследаванні структуры і ўзнаўлення бактэрыяфагаў. Адкрыў механізм рэплікацыі вірусаў. Нобелеўская прэмія 1969 (разам з А.Д.Хершы і М.Дэльбрукам).

С.Лурыя.

т. 9, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРФІ (Murphy) Уільям Пары (6.2.1892, г. Стоўтан, штат Вісконсін, ЗША — 9.10.1987),

амерыканскі тэрапеўт-гематолаг. Скончыў вышэйшую школу ў Арэгоне (1914). З 1922 у шпіталі г. Бостан, адначасова з 1923 у Гарвардскай мед. школе (з 1935 праф.). Навук. працы па лячэнні цукр. дыябету і захворванняў крыві. Распрацаваў дыету з сырой печані для лячэння перніцыёзнай анеміі, методыку лячэння анемій унутрымышачным увядзеннем пячоначнага экстракту. Нобелеўская прэмія 1934 (разам з Дж.Р.Майнатам і Дж.Х.Уіплам).

У.Мёрфі.

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІФО́Н (ад грэч. siphōn трубка, помпа),

1) выгнутая трубка з каленамі рознай даўжыні, па якой пераліваецца вадкасць з пасудзіны з больш высокім узроўнем у пасудзіну з больш нізкім узроўнем. Верхняя частка трубкі размешчана вышэй за ўзровень вадкасці ў верхняй пасудзіне. Трубку папярэдне запаўняюць вадкасцю. Выкарыстоўваецца ў гідраўлічных збудаваннях і прыстасаваннях.

2) Пасудзіна з трубкай, якая дасягае дна і мае кран. Выкарыстоўваецца для пералівання пеністых вадкасцей пад ціскам.

Сіфон.

т. 14, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФТОРСІЛІКА́ТЫ,

солі крэменефторыставадароднай к-ты. Бязводныя Ф. раскладаюцца з утварэннем простых фтарыдаў. У растворах Ф. падвяргаюцца шчолачнаму гідролізу з утварэннем гідратаванага аксіду крэмнію ці сілікатаў і фтарыдаў металаў. Пры ўзаемадзеянні з моцнымі канцэнтраванымі к-тамі Ф. раскладаюцца з утварэннем фторыставадароднай к-ты і фтарыду крэмнію. Атрымліваюць узаемадзеяннем крэменефторыстай к-ты з аксідам ці солямі металаў, таксама па рэакцыях замяшчэння. Выкарыстоўваюць як кансерванты драўніны, у вытв-сці цэментаў, керамікі, флюсаў.

т. 16, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)