ДАРБІ́СТЫ, евангельскія хрысціяне дарбісты, плімуцкія браты,

рэлігійная пратэстанцкая секта. Створана ў 1820—30-я г. ў г. Плімут (Англія) святаром Дж.​Н.​Дарбі (адсюль назва) як абшчына, апазіцыйная афіц. англіканскай царкве. Веравучэннем блізкія да баптыстаў і евангельскіх хрысціян. Вялі прапаганду сярод хрысціян і іудзеяў. Абраднасць больш спрошчаная. Д. поўнасцю адмаўляюць духавенства як асобную прафесійную групу і надаюць вял. значэнне асабістаму тлумачэнню Бібліі. Найб. распаўсюджаны ў Англіі і яе б. калоніях і дамініёнах, Зах. Еўропе. У пач. 20 ст. з’явіліся ў Беларусі (Мінск). У 1920—30-я г. ў Зах.

Беларусі склаліся 3 цэнтры Д.: у Брэсце, Кобрыне, Пінску, якія праводзілі місіянерскую работу сярод мясц. сялян, а таксама яўрэяў. Пасля Вял. Айч. вайны дзейнасць секты заняпала.

Б.​І.​Камейша.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАСКАЛО́Ў (Стаян Цэкаў) (22.8.1909, в. Ліляча Врачанскай акр., Балгарыя — 1985),

балгарскі пісьменнік. Скончыў Сафійскі ун-т (1942). Нар. дзеяч культуры Балгарыі (1967). Аўтар рамана-эпапеі «Шлях» (кн. 1—3, 1945—54), раманаў «Свая зямля» (1952, бел. пер. 1961 Н.​Гілевіча), «Стубленскія ліпы» (1960), «Вёска ўскрай завода» (1963), «Рэспубліка дажджоў» (1968), «Наследніца» (кн. 1—2, 1975), зб. апавяданняў «Пакута» (1935), «Магдзін узгорак» (1940), «Двор» (1943), «Вясковыя душы» (1958), у якіх паказаны вясковае жыццё даваен. і пасляваен. Балгарыі, падзеі 2-й сусв. вайны, складаныя працэсы кааперацыі. Дзімітроўская прэмія 1950, 1969. У пер. на бел. мову выйшаў зб. «Любча-безбілетнік» (1959) і вершы ў зб. «Скарб» (1967).

Тв.:

Рус. пер. — Огненные зори: Рассказы и повести. М., 1973.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 6, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́НДЭНБУРГ (Hindenburg; сапр. Бенекендорф і Гіндэнбург; Beneckendorff und Hindenburg) Паўль фон

(2.10.1847, г. Позен, цяпер г. Познань, Польшча — 2.8.1934),

ваенны і дзярж. дзеяч Германіі. Ген.-фельдмаршал (1914). Скончыў кадэцкі корпус. Удзельнік аўстра-прускай 1866 і франка-прускай 1870—71 войнаў. З 22.8.1914 камандуючы 8-й арміяй ва Усх. Прусіі, з 1.11.1914 — войскамі Усх. фронту. Дазволіў насельніцтву акупіраваных тэрыторый (у т. л. беларусам) адкрываць нац. школы, выдаваць газеты на роднай мове. З 29.8.1916 нач. Генштаба; склаў паўнамоцтвы пасля падпісання Германіяй Версальскага мірнага дагавора 1919. Шанаваўся немцамі як нац. герой 1-й сусв. вайны. У 1925—34 прэзідэнт Германіі. У 1933 прызначыў рэйхсканцлерам Германіі А.​Гітлера. Аўтар успамінаў «З майго жыцця» (1920).

Літ.:

Руге В. Гинденбург: Портрет герм. милитариста: Пер. с нем. М., 1981.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НСКІ (Давыд Львовіч) (1857, г. Гродна — пасля 1916),

ваенны ўрач, падарожнік. Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскую ваенна-мед. акадэмію (1882). Д-р медыцыны (1893). З 1889 урач Гродзенскага гусарскага палка. У 1892 разам з групай афіцэраў палка здзейсніў коннае падарожжа ў Індыю. З 1893 палкавы ўрач у Гродне. Чл. Гродзенскага таварыства ўрачоў. Сябраваў з А.​Я.​Багдановічам. У час італа-эфіопскай вайны 1895—96 у складзе рус. сан. атрада ўдзельнічаў у аказанні дапамогі Эфіопіі (Абісініі). З 1898 гал. ўрач ваен. шпіталя ў Гродне. З 1905 у Пецярбургу. Аўтар прац па медыцыне і ўспамінаў аб італа-эфіопскай вайне.

Тв.:

Харрар и его обитатели. Гродно, 1897;

Жизнь русского санитарного отряда в Харраре: (Из воспоминаний об Абиссинии). Гродно, 1899.

В.​М.​Чарапіца.

т. 5, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАЛЕЗНЯКО́Ў»,

пласкадонны рачны манітор, экіпаж якога вызначыўся ў Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—36 у Кіеве. Уваходзіў у склад Дняпроўскай (ліст. 1936 — жн. 1940), Дунайскай (жн. 1940—ліст. 1941, крас. 1944—45) і Азоўскай (ліст. 1941—кастр. 1942, люты 1943—крас. 1944) ваен. флатылій, Чарнаморскага флоту (кастр. 1942 — люты 1943). Меў 6—7 гармат (у гады вайны і некалькі зенітных гармат), 3—4 кулямёты, экіпаж 70—72 чал. Удзельнічаў у абароне Адэсы, Нікалаева, Ачакава, Херсона, Севастопаля (1941), Бярдзянска, Цемрука (1942) і інш., у Будапешцкай аперацыі 1944—45; прайшоў 40 тыс. км, знішчыў 13 артыл. батарэй, 4 батальёны ням.-фаш. пяхоты і інш., адбіў 127 паветр. атак. У 1967 устаноўлены як карабель-помнік на набярэжнай у Кіеве.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВІ́ЦА (сапр. Попка) Юрый

(7.10.1912, Пружаншчына — 29.4.1990),

бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік, журналіст. У 1930 уступіў у Бел. сялянскую партыю. У час Вял. Айч. вайны ўзначальваў аддзел працы і сац. забеспячэння ў акупацыйнай цывільнай адміністрацыі Пружан (1941—42). З 1942 у Германіі. У пасляваенны час член і старшыня шэрагу бел. арг-цый, рэдактар газ. «Беларуская праўда» (1946). Выдаваў час. «Напагатове» (1948), распаўсюджваў бюлетэнь «Весткі з Беларусі». Выдаў шмат кніг па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі, у т. л. працы У.​Ігнатоўскага, А.​Цвікевіча. У 1982 заснаваў у г. Ляймен Беларускі музей, пры ім Інстытут беларусаведы (дырэктар у 1982—90), час. «Весткі Інстытута беларусаведы» (1986). Аўтар шматлікіх зборнікаў апавяданняў і аповесцей.

Тв.:

Сьвеціць у тумане. Ляймен, 1962;

Носьбіт ідэі. Ляймен, 1964.

А.​С.​Ляднёва.

т. 6, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫТО́МІР»,

рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі і Украіне на пач. Вял. Айч. вайны. Пабудаваны ў 1920 у г. Гданьск. Да 24.10.1939 наз. «Pinsk» («Пінск»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—25) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі са дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. З ліп. 1941 вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Узарваны экіпажам 1.9.1941 каля в. Чэрні Кіеўскай вобл. ў сувязі з адступленнем сав. войск.

Літ.:

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 6, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАРА́ДНА»

(«Zaradna», з 1941 «Беларус»),

рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая ўдзельнічала ў абарончых баях на Беларусі і Паўн. Украіне ў пач. Вял. Айч. вайны. Пабудавана ў 1933—35 у Пінску, уваходзіла ў склад Пінскай флатыліі ВМФ Польшчы. Затоплена экіпажам 19.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Паднята сав. маракамі і пасля капітальнага рамонту (да 21.2.1941) перайменавана ў «Беларус», уключана ў Пінскую ваен. флатылію. Мела на ўзбраенні 2 гарматы і кулямёт, экіпаж каля 15 чал. У чэрв.вер. 1941 вяла баі з перадавымі часцямі вермахта ў Дняпроўска-Бугскім канале, на Прыпяці, Дзясне (участак Асцёр—Жукін у Чарнігаўскай вобл.) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Далейшы лёс карабля невядомы.

Р.​К.​Паўловіч.

Рачная кананерская лодка «Зарадна».

т. 6, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́СІМ (Мікола) (Мікалай Арцёмавіч; 19.11.1908, в. Шані Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 19.7.1957),

бел. паэт. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). За рэв. дзейнасць у 1920—30-я г. ўлады Польшчы неаднойчы арыштоўвалі яго, знявольвалі ў турму. Працаваў у брэсцкай абл. газ. «Sapa» (1948—57). З 1926 змяшчаў свае творы ў зах.-бел. прэсе. Першы зб. «Ад шчырага сэрца» (1947). У вершах выяўляў сац. канфлікты ў зах.-бел. вёсцы, паказваў цяжкае жыццё сялянства. Карыстаўся прыёмамі гратэску, пародыі. У вершах ваен. і пасляваен. часу пісаў пра веліч і цяжар нар. вайны ў варожым тыле, радасць мірнай працы.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1960;

Вершы. Мн., 1973.

Літ.:

Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982.

У.​А.​Калеснік.

т. 6, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗІМО́ВАЕ ЧАРАЎНІ́ЦТВА»

(«Winterzauber»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан Расонска-Асвейскай партыз. зоны ў трохвугольніку Себеж—Асвея—Полацк Віцебскай вобл. 14.2—20.3.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася карнай групоўкай «Берта» (10 паліцэйскіх батальёнаў, падраздзяленні 3-й танк. арміі, 201, 281-й ахоўных і 391-й вучэбна-палявой дывізій). Знішчыць партызан і ліквідаваць партыз. зону гітлераўцам не ўдалося. У ходзе аперацыі яны загубілі 3,5 тыс. мясц. жыхароў, 2 тыс. вывезлі ў Германію, больш за 1 тыс. дзяцей — у Сапаспілскі лагер смерці (Латвія), разрабавалі і спалілі 158 нас. пунктаў, у т. л. ў Верхнядзвінскім р-не спалілі разам з жыхарамі вёскі Абразеева, Аніськава, Жарнасекі, Калюты, Канстанцінава, Папартнае, Сокалава (пасля вайны не аднавіліся) і інш.

У.​С.​Пасэ.

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)