КА,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі адзін з элементаў чалавечай існасці або адна з душ чалавека. Першапачаткова — увасабленне жыццёвай сілы багоў і цароў і іх магутнасці. Пазнейшыя міфы прыпісваюць наяўнасць К. ўсім людзям. Гэта духоўнае «другое я» кожнага чалавека, якое нараджаецца разам з ім, прадвызначае яго лёс і застаецца пасля яго смерці.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАХА́МА,

у шумерскай міфалогіі дэманы воднай стыхіі, створаныя богам мудрасці Энкі ў падземным акіяне Абзу. Паводле міфа «Энкі і сусветны парадак», іх было 50. У пашыраным міфе пра выкраданне багіняй Інанай схаваных у глыбіні Абзу таемных сіл, што кіруюць светам (т. зв. ме), Энкі пасылае за ёй у пагоню пяць Л.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАФІ́ТЫ [ад літа... + ...фіт(ы)], петрафіты,

расліны, якія растуць на камянях, скалах ці ў іх расколінах. Першасныя агенты разбурэння скал. Напачатку на камянях пасяляюцца бактэрыі і водарасці, потым лішайнікі і імхі, на якіх вырастаюць вышэйшыя расліны — аўсяніца, званочкі, папараці, з дрэвавых парод — хвоя, ядловец і інш. Каранёвая сістэма Л. паглыбляецца і пашырае расколіны горных парод.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,

каэфіцыент прапарцыянальнасці, што ўваходзіць у некаторыя формулы і ўраўненні электрамагнетызму пры запісе іх у рацыяналізаванай форме (у адзінках СІ). Абазначаецца μ0, μ0 = 4π∙10​−7 Гн/м. Звязана з электрычнай пастаяннай ε0 формулай: μ0 = 1/ε0c​2, дзе c = 3∙10​8 м/с — скорасць святла ў вакууме.

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЕС (франц. mélasse), патака кармавая,

сіропападобная цёмна-бурая вадкасць са спецыфічным пахам і смакам; адходы цукровай вытв-сці. Мае ў сярэднім 20—25% вады, каля 9% азоцістых злучэнняў (пераважна бялкі), каля 60% вугляводаў (пераважна цукроза), 7—10% попелу (пераважае калій). Дадаецца ў кармы для жывёлы. камбікармы, выкарыстоўваецца пры іх грануляванні.

т. 10, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСКАПІ́Я,

агульная назва сукупнасці метадаў вывучэння нябачных вокам чалавека мікрааб’ектаў з дапамогай мікраскопа, які павялічвае іх адлюстраванне. Метады М. залежаць ад тыпу аптычнай сістэмы мікраскопа (напр., светлавая, люмінесцэнтная, палярызацыйная), характару аб’екта, спосабу яго падрыхтоўкі да назірання (прыжыццёвы, гістахімічны, аўтарадыёграфічны і інш.), дапаможных прылад (мікрафатаграфія, мікрафотаметрыя, сістэма аўтам. камп’ютэрнага аналізу і інш.).

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЙРЫ,

у старажытна-грэчаскай міфалогіі тры багіні лёсу, дочкі Зеўса і Феміды. Першая з іх — Клота прадзе нітку чалавечага жыцця, другая — Лахесіс вызначае лёс, трэцяя — Атропас (Немінучая) у вызначаны момант няўхільна абразае нітку, што азначае смерць чалавека. М. былі няўмольныя і непадуладныя нават багам. У стараж.-рым. міфалогіі ім адпавядалі Паркі.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТУАЛІ́ЗМ (ад лац. mutuus узаемны),

форма сімбіёзу, працяглае ўзаемакарыснае сумеснае жыццё двух арганізмаў розных відаў. Арганізмы ажыццяўляюць узаемную рэгуляцыю сваіх зносін са знешнім асяроддзем і не існуюць паасобку (напр., тэрміты і жгуцікавыя, што жывуць у іх кішэчніку і забяспечваюць ператраўліванне клятчаткі, якую спажываюць тэрміты, не здольныя засвойваць яе без сімбіёнтаў).

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАНТАЛО́ГІЯ [ад неа... + грэч. on (ontos) існае, істота + ...логія],

комплекс біялагічных навук пра сучасны арган. свет. Вывучае будову і функцыян. асаблівасці жывых арганізмаў, іх індывід. развіццё, роднасныя сувязі, пашырэнне, узаемаадносіны з навакольным асяроддзем і паміж сабой. Пры вывучэнні слаба змененых рэшткаў арганізмаў з антрапагенавых адкладаў (напр., трупаў мамантаў) мяжуе з палеанталогіяй.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРАЛІЗА́ЦЫЯ у мовазнаўстве,

пазіцыйнае зняцце проціпастаўлення элементаў моўнай структуры. Напр., у бел. мове проціпастаўленне зычных па глухасці—звонкасці нейтралізуецца ў канцы слова («грып» і «грыб» вымаўляюцца аднолькава). Н. — адзін з важных сістэмаўтваральных фактараў, які звязвае асобныя моўныя элементы, іх апазіцыі і карэляцыі ў цэласную сістэму. Тэорыю Н. распрацаваў М.​С.​Трубяцкой.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)