РАСКУЛА́ЧВАННЕ,

адзін са спосабаў ліквідацыі кулацтва ў СССР. Праводзілася парт.-сав. ўладамі ў 1920-я — пач. 1950-х г. Мела на мэце унітарнасць сац.-эканам. жыцця на вёсцы дзеля канцэнтрацыі ўлады ў руках кіруючага апарата; цесна звязана з правядзеннем у жыццё бальшавіцкіх уяўленняў пра сацыялізм. Змест, характар, сродкі і метады Р. залежалі ад сац.-эканам. і паліт. умоў часу. Адзіным у ім было выкарыстанне прамой ці гвалтоўнай экспрапрыяцыі ў адносна самастойнага селяніна сродкаў вытв-сці, вынікаў вытв. дзейнасці, грашовых накапленняў і абмежаванне яго ў палітычных правах, а таксама ў правах на месцы працы, формы або віды навучання. Поўная экспрапрыяцыя гаспадарак часта спалучалася з бязлітаснымі пакараннямі (расстрэлы, зняволенне ў канцлагерах, ссылка ў аддаленыя раёны і інш.) іх уладальнікаў за сапраўдныя або ўяўныя контррэв. дзеянні. Часткова Р. выкарыстоўвалася як сродак ажыццяўлення ўраўняльных ідэалаў сялянства. На Беларусі Р. набывала асабліва масавы характар у 1929—31 (усх. і цэнтр. раёны) і 1949—52 (Заходняя Беларусь). Фундамент Р. закладзены сав. заканадаўствам 1917—20, скіраваным на шырокамаштабнае прымусовае ўраўноўванне земляробаў. Важкі ўклад у рэалізацыю гэтай палітыкі, якая ва ўмовах грамадз. вайны набывала часам вельмі жорсткія формы, зрабілі камітэты беднаты і харчатрады. Падставай для Р. многіх гаспадарак і пакарання іх уладальнікаў станавілася іх адмова да выканання харчразвёрсткі. У перыяд новай эканамічнай палітыкі (з сак. 1921) гал. кірункам Р. стала эканам. абмежаванне і гасп.-прававы ўціск заможных сял. гаспадарак (у БССР іх колькасць да 1927 складала 4,1% ад агульнай колькасці сял. гаспадарак). У 1926 сума падаткаў і збораў на адну заможную гаспадарку ў БССР прыкладна ў 3,8 разу перавышала сярэдні паказчык у разліку на адну сял. гаспадарку. У 1925—27 перададзена беднаце больш за 200 тыс. га зямлі, адрэзанай ад кулацкіх двароў. Пасля XV з’езда ВКП(б) (снеж. 1927), які абвясціў курс на правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі, эканам. захады супраць кулацтва ўсё часцей спалучаліся з адм., з прамой канфіскацыяй прадуктаў уласнай працы і зямельных лішкаў, новымі абмежаваннямі на атрыманне крэдытаў, забеспячэнне складанымі машынамі і прыладамі. Пры выкананні напружаных хлебанарыхтоўчых заданняў падатак для найб. моцных сял. гаспадарак часта падымаўся ў 2—6 разоў, што разарала іх. У 1929 спынена выдзяленне сял. гаспадарак на хутары і водрубы, надзвычайныя меры пачалі перарастаць у ліквідацыю заможных, у т. л. серадняцкіх гаспадарак у выніку ўзмацнення індывід. абкладання с.-г. падаткам і ўвядзення т.зв. цвёрдых заданняў па тэрмінах іх выканання. У сувязі з масавай калектывізацыяй асн. метадам Р. стала гвалтоўная экспрапрыяцыя-ліквідацыя кулацкіх гаспадарак з прымяненнем рэпрэсій да гаспадароў і членаў іх сем’яў.

У адпаведнасці з дырэктывамі органаў кіравання СССР (студз.—лют. 1930) па асобна ўзятых раёнах БССР планавалася раскулачыць ад 3 да 5% сял. двароў, а ў цэлым па рэспубліцы 4,2% (34 тыс.), што значна перавышала рэальную колькасць сапр. кулацкіх гаспадарак. Мясц. ўлады ў раёнах суцэльнай калектывізацыі атрымалі права ўжываць супраць кулакоў усе захады аж да поўнай канфіскацыі іх маёмасці і высылкі разам з сем’ямі па-за межы раёна або акругі. Згодна з парт.-дзярж. дырэктывамі 1930 да 20% раскулачаных па рашэннях «троек» (1-ы сакратар райкома партыі, старшыня выканкома райсавета і нач. раённага аддзела Дзярж. паліт. ўпраўлення) без следства і суда адпраўляліся на Пн і У СССР у якасці вязняў канцлагераў і спецпасяленняў. Астатнія 80% рассяляліся на спец. землях па-за межамі калгасаў раёна. Канфіскаваная маёмасць і землі перадаваліся пераважна калгасам як уступны ўзнос беднаты. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады, якім дапамагалі групы беднаты, рабочыя брыгады, спец. накіраваныя рабочыя-«дваццаціпяцітысячнікі», работнікі палітаддзелаў МТС і саўгасаў. На Беларусі найб. шырокая кампанія па Р. адбывалася зімой 1929—30: да мая 1930 раскулачана 15,6 тыс. сямей (1,9% ад усёй іх колькасці на вёсцы), з якіх 6 тыс. сем’яў (0,74% усіх сял. гаспадарак) абвінавачаны ў контррэв. дзейнасці і высланы ў паўн.-ўсх. рэгіёны СССР. Гвалтоўныя метады калектывізацыі і Р. выклікалі масавыя выступленні сялян: падпалы, забойствы калгасных актывістаў і парт.-сав. работнікаў, разгромы памяшканняў органаў улады і інш., (у студз. — 1-й пал. крас. 1930—520 выпадкаў). Усяго да кастр. 1930 было раскулачана 20,5 тыс. гаспадарак (сярод іх 73 серадняцкіх). Прыкладна 10 тыс. гаспадарак «самараскулачыліся» (распрадалі ці кінулі маёмасць). У далейшым Р. праводзілася пераважна як мера пакарання сялян-аднаасобнікаў за невыкананне або адмову ад выканання высокіх індывід. падатковых заданняў. Колькасць індывід. абкладзеных гаспадарак павялічвалася за кошт зноў выяўленых або выключаных з калгасаў (паводле пастановы ЦВК і СНК СССР ад 13.11.1930) «кулацкіх» гаспадарак. Усяго ў БССР на 15.1.1931 у індывід. парадку было абкладзена 2974 гаспадаркі. Калі за 1930 было раскулачана больш за палавіну кулацкіх гаспадарак, то за 1931 у выніку жорсткіх захадаў па спагнанні падаткаў (адабранне маёмасці і інш.) і Р. былых кулакоў у новых раёнах калектывізацыі іх колькасць скарацілася яшчэ на 47%. У адказ на гэтыя захады толькі за 1-ю пал. 1931 адбылося не менш за 1169 сял. выступленняў, у т. л. 247 нападаў на актыў калгасаў. У наступныя гады, хаця кулацтва як сац. сілы ўжо не было, палітыка Р., барацьба з міфічнымі кулакамі не спынялася. Працягвалася частковае высяленне кулацкіх сем’яў на падставе асобных разнарадак зверху. З мая 1932 да мая 1933 у БССР экспрапрыіравана і саслана 35 тыс. сем’яў сялян. У выніку рэпрэсій адкрытае супраціўленне сялян самавольству і гвалту з боку ўлады паступова было зламана. Заключным актам барацьбы з кулацтвам стала кампанія па ліквідацыі хутароў у БССР у 2-й пал. 1930-х г. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) у 1939—41 асн. кірункам Р. была канфіскацыя «лішкаў» зямлі ў заможных сял. гаспадарак (плошчай больш за 50 га). Толькі вясной 1940 у прыкладна 28 тыс. гаспадарак было адрэзана 240 тыс. га зямлі. Аднак рашаючае наступленне на кулацтва ў зах. абласцях разгарнулася разам з масавай калектывізацыяй у канцы 1940 — пач. 50-х г. Яго формы і метады (запалохванне, адм. націск, ігнараванне волі і інтарэсаў сялян) асабліва не адрозніваліся ад практыкі 1930-х г. У 1951 дырэктыўныя органы СССР прынялі 2 пастановы аб высяленні кулакоў з зах.-бел. вёсак. У 1952 па-за межы Беларусі выслана больш за 4,4 тыс. кулацкіх сем’яў. Паводле некат. ацэнак талькі ў перыяд суцэльнай калектывізацыі раскулачана, г.зн. знішчана, 6—8% сял. гаспадарак СССР, з якіх толькі каля палавіны былі кулацкімі. На Беларусі за гэты час ліквідавана прыблізна 48—64 тыс. гаспадарак (297,8—397,8 тыс. чал.). У выніку Р. ў бел. вёсцы ў канцы 1920-х — 1941 і ў пасляваен. гады пацярпелі каля 8% сял. гаспадарак, была разгромлена сял. эліта і моцна падарваны прадукц. сілы вёскі.

Літ.:

Сорокин А.Н. Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг.). Мн., 1979;

Яго ж. Эксперимент: Человек и Земля. Мн., 1994;

Трагедия советской деревни: Коллективизация и раскулачивание, 1927—1939: Док. и материалы: В 5 т. Т. 1—2, М., 1999—2000;

Зеленин И.Е. Осуществление политики «ликвидации кулачества как класса» (осень 1930—1932 гг.) // История СССР. 1990. № 6;

Конквест Р. Жатва скорби: Пер. с англ. // Вопр. истории. 1990. № 1, 4.

А.​М.​Сарокін.

т. 13, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБЫ

Асноўныя асаблівасці глеб Беларусі абумоўлены размяшчэннем краіны ў рэгіёне з умерана кантынентальным кліматам. працяглым вегетацыйным перыядам, высокім біякліматычным патэнцыялам. Паводле глебава-геаграфічнага раянавання на Беларусі вылучаюць 3 глебавыя правінцыі; паўночную (Прыбалтыйская), цэнтральную (Беларуская), паўднёвую (Палеская). Глебаўтваральныя пароды: азёрна-ледавіковыя і лёсавыя (12,6%), марэнныя (12,7%), водна-ледавіковыя (41,3%), старажытна-алювіяльныя (17%), алювіяльныя (6,8%), балотныя (9,6%). Глебы краіны ўтварыліся ў выніку падзолістага, дзярновага, балотнага працэсаў і лесіважу, якія спалучаюцца паміж сабой і з культурным глебаўтваральным працэсам. Ва ўтварэнні асобных глеб удзельнічаюць таксама буразёмны, заліўны і алювіяльны працэсы, водная і ветравая эрозія. У наменклатурны спіс глеб Беларусі ўваходзіць 13 глебавых тыпаў: дзярнова-карбанатныя, бурыя лясныя, падзолістыя, дзярнова-падзолістыя, падзолістыя забалочаныя, балотна-падзолістыя, дзярновыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, балотныя, поймавыя, антрапагенныя і інш. Паводле колькасці вільгаці іх падзяляюць на аўтаморфныя, паўгідраморфныя і гідраморфныя.

Дзярнова-карбанатныя глебы сустракаюцца на ўсёй тэр. краіны на фоне дзярнова-падзолістых глеб. Найб. буйныя іх масівы ў Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Яны фарміруюцца ў выніку дзярновага глебаўтваральнага працэсу пад травяністай расліннасцю на шчыльных і рыхлых карбанатных пародах (вапняках, даламітах, меле, лёсе, карбанатнай марэне). Характарызуюцца моцным гумусавым гарызонтам (15—40 см), які мае 2,5—6% гумусу. Паводле глыбіні залягання карбанатаў і ступені насычанасці імі верхняй часткі профілю падзяляюцца на падтыпы: тыповыя, вышчалачаныя і ападзоленыя. Дзярнова-карбанатныя тыповыя глебы ў сувязі з неспрыяльнымі водна-фізічнымі якасцямі пад ворыва не выкарыстоўваюцца.

Дзярнова-карбанатныя вышчалачаныя і ападзоленыя глебы вызначаюцца высокай патэнцыяльнай урадлівасцю. Паводле баніціровачнай шкалы Беларусі іх сугліністыя разнавіднасці ацэньваюцца ў 70—100 балаў.

Бурыя лясныя глебы сустракаюцца сярод дзярнова-падзолістых глеб у цэнтр. і зах. частках краіны пад шыракалістымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з багатым разнатраўным покрывам. Утвараюцца ў выніку буразёмаўтварэння (спалучэнне гумусава-акумулятыўнага працэсу з лесіважам і агліненнем). Гумусава-акумулятыўны гарызонт цёмна-шэрага (чорнага) колеру з бураватым адценнем, таўшчынёй 7—10 см, гумусу мае каля 5%. На Беларусі вылучаны толькі пад лясамі.

Падзолістыя глебы зрэдку сустракаюцца пад хвойнымі лясамі на ўраўнаваных слабадрэніраваных участках (надпоймавыя тэрасы, зандравыя раўніны), складзеных з рыхлых парод. У надглебавым покрыве сустракаюцца зялёныя імхі, кісліца, чарнічнік. Іх характэрная асаблівасць — адсутнасць добра выяўленага гумусава-акумулятыўнага гарызонту. Рэакцыя глебы моцнакіслая. Гумусу да 1,5%.

Дзярнова-падзолістыя глебы пашыраны на ўсёй тэр. краіны (36,2% плошчы с.-г. зямель). Утвараюцца ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму на бескарбанатных пародах пад травяністымі і імшыста-травяністымі лясамі. Профіль глебы рэзка дыферэнцыраваны на верхнюю элювіяльную і ніжнюю ілювіяльную часткі ў выніку спалучэння дзярновага, падзолістага працэсаў і лесіважу. Значная іх частка мае мала гумусу (да 2%) і пажыўных рэчываў, дрэнную аэрацыю, нетрывалую структуру і невысокую насычанасць асновамі. Паводле марфалагічнай будовы профілю вылучаюць 4 падтыпы такіх глеб: дзярнова-палева-падзолістыя, уласна дзярнова-падзолістыя (белаватыя), дзярнова-падзолістыя эрадзіраваныя, дзярнова-падзолістыя акультураныя.

Падзолістыя забалочаныя глебы фарміруюцца ў выніку сумеснага дзеяння лесіважу, падзолістага і глеевага працэсаў. Яны характарызуюцца агляеннем, кантрастным водным рэжымам, пераўтварэннем арганічных рэчываў з утварэннем вялікай колькасці фульвакіслот, поліфенолаў, нізкамалекулярных кіслот, утварэннем рухомых закісных форм жалеза і марганцу, а ў кіслым асяроддзі — рухомых злучэнняў алюмінію і інш., што ў сукупнасці істотна пагаршае іх агранамічныя якасці. На Беларусі трапляюцца лакальна, у с.-г. вытворчасці не выкарыстоўваюцца.

Балотна-падзолістыя глебы фарміруюцца пры спалучэнні балотнага і падзолістага глебаўтварэння з заляганнем мяккіх грунтавых вод блізка ад паверхні. Сустракаюцца на Пн краіны пад хвойнымі лясамі з імшыста-кусцікавым наземным покрывам, на Пд — пад забалочанымі мяшанымі лясамі з імхова-травяным покрывам і інш. Іх тарфяны гарызонт 10—30 см, гумусава-акумулятыўны маламоцны. Вызначаюцца невялікай прадукцыйнасцю, выкарыстоўваюцца пад лясы.

Дзярновыя забалочаныя глебы фарміруюцца пад травяным покрывам у выніку дзярновага і балотнага глебаўтварэння ва ўмовах працяглага залішняга ўвільгатнення. Характарызуюцца добра вызначаным гумусавым гарызонтам, вял. колькасцю гумусу (да 12%), павышанай ступенню насычанасці асновамі, нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору, прыкметамі агляення. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на глеяватыя і глеевыя. Трапляюцца невялікімі масівамі ў паніжэннях і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці.

Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы ўтвараюцца ва ўмовах працяглага перыядычнага пераўвільгатнення паверхневымі ці грунтавымі водамі ў выніку спалучэння абглейвання з дзярновым і падзолістым працэсам глебаўтварэння. Фарміруюцца пад лісцева-хвойнымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з травяністым покрывам. Пашыраны на раўнінных паніжэннях. Вызначаюцца высокай кіслотнасцю, невялікай колькасцю элементаў жыўлення, высокім утрыманнем рухомага алюмінію, нізкай ступенню насычанасці асновамі ў верхняй частцы профілю. У глеяватых глебах гумусу 2—6%, у глеевых — да 10%. Іх асваенне патрабуе асушальнай меліярацыі.

Балотныя глебы належаць да гідраморфных. Утвараюцца ў выніку балотнага працэсу глебаўтварэння. Займаюць каля 12,9% плошчы сельгасугоддзяў. Паводле характару воднага жыўлення, складу расліннасці і якасцей торфу іх падзяляюць на тарфяна-балотныя вярховыя і тарфяна-балотныя нізінныя глебы. Тарфяна-балотныя нізінныя глебы фарміруюцца ў паніжэннях рэльефу, на шлейфах схілаў пад уплывам пастаяннага залішняга ўвільгатнення грунтавымі водамі. Пераважна пад лясамі (вольха чорная, бяроза пушыстая), наземнае покрыва з асок, чароту, імхоў. Вызначаюцца высокай ступенню насычанасці асновамі (да 100%). Торф зольнасцю 5—50%, колькасцю гумусавых рэчываў (да 42%) з перавагай гумінавых кіслот, азоту 3—4%. Тарфяна-балотныя вярховыя глебы ўтвараюцца на водападзелах у замкнутых бяссцёкавых паніжэннях ва ўмовах залішняга ўвільгатнення атмасфернымі ці грунтавымі водамі. Укрыты расліннасцю з перавагай хвоі, багуну, буякоў, журавін, імхоў. Торф адрозніваецца нізкай ступенню раскладання, меншай шчыльнасцю, высокай вільгацяёмістасцю, моцнакіслай рэакцыяй, невялікай колькасцю гумусу (0,5—2%), зольнасць 2—5%. Пасля асушальнай меліярацыі нізінны тып глеб выкарыстоўваюць пад ворыва.

Поймавыя, або алювіяльныя глебы ўтвараюцца ў поймах на рачных адкладах ва ўмовах перыядычнага затаплення. Вызначаюцца высокай біягеннасцю, інтэнсіўнымі глебаўтваральнымі працэсамі, слаістым марфалагічным профілем. Паводле воднага і цеплавога рэжымаў, механічнага складу, ступені агляення, колькасці гумусу глебы поймаў падзяляюцца на алювіяльныя дзярновыя, алювіяльныя дзярнова-забалочаныя, алювіяльныя балотныя. Пашыраны пераважна на Палессі. Большасць іх вызначаецца высокай урадлівасцю, але патрабуе рэгулявання воднага рэжыму. Выкарыстоўваюць пад сенажаць і пашу.

Антрапагенныя глебы — тып глеб, якія цалкам страцілі свае натуральныя якасці і прыкметы ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Іх падзяляюць на рэкультываваныя глебы, што занава створаны на месцах выпрацаваных тарфянікаў ці кар’ераў здабычы карысных выкапняў; антрапагенна-дэградзіраваныя глебы, што парушаны ў выніку постмеліярацыйнай дэградацыі; антрапагенна-парушаныя глебы, што змяніліся ў выніку прамога негатыўнага ўплыву гасп. дзейнасці (выдаленне ворнага слоя, перамешванне глебавых гарызонтаў); антрапагенна-засоленыя глебы, што ўзніклі побач з Салігорскім калійным камбінатам; другасна забалочаныя глебы, што фарміруюцца ў выніку падтаплення тэрыторый пры стварэнні вадасховішчаў.

Літ.:

Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974;

Жилко В.В. Эродированные почвы Белоруссии и их использование. Мн., 1976;

Туренков Н.И. Палево-подзолистые почвы Белоруссии. Мн., 1980;

Смеян Н.И. Почвы и структура посевных площадей. Мн., 1990;

Петровский Е.И., Горбылева А.И., Калько Б.А. Почвы Республики Беларусь. Горки, 1998;

Земля Беларуси: Справ. пособие. Мн., 2002;

Номенклатурный список почв Беларуси. Мн., 2003.

В.​Б.​Вараб’ёў, Г.​І.​Гарбылёва.

т. 18, кн. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАЛО́ГІЯ СТРУКТУ́РНАЯ,

раздзел тэктонікі, які вывучае формы залягання горных парод і тэктанічныя парушэнні (складкавыя, разрыўныя і інш.) зямной кары, а таксама структурныя формы малога і сярэдняга памеру. Распрацоўвае іх класіфікацыю ў сувязі з заканамерным размяшчэннем і спалучэннем на глыбіні і на плошчы. Мае вял. значэнне для пошукавых і разведачна-эксплуатацыйных работ.

т. 5, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭ́ЦЫЙ Флавій (Flavius Aëtius; каля 390, г. Сілістра, Балгарыя — 21.9.454),

палкаводзец Зах. Рымскай імперыі. З 425 патрыцый, неаднаразова выбіраўся консулам. Пад яго камандаваннем у 451 у бітве пры Каталаунскіх палях рым. войскі і іх саюзнікі разграмілі гунаў пад кіраўніцтвам Атылы. Забіты імператарам Валенцініянам III, які баяўся ўмацавання ўлады і аўтарытэту Аэцыя.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАНЕЎРО́З (ад апа... + неўроз),

злучальнатканкавая пласціна са шчыльных, б.ч. размешчаных паралельна калагенавых і эластычных валокнаў, з дапамогай якой фіксуюцца мышцы. Прымацоўвае шырокія мышцы да касцей або да інш. тканак цела і абмяжоўвае іх. Напр., далонны апанеўроз абмяжоўвае рухомасць згінальнікаў пальцаў, апанеўроз вонкавай косай мышцы жывата — рухомасць сценкі брушной поласці і інш.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДО́ЎСКІ Васіль Андрэевіч (4.3.1874, с. Беражняны Смаленскай вобласці — 10.2.1914),

расійскі радыехімік. Скончыў Юр’еўскі (Тартускі) ун-т (1902). З 1903 працаваў там жа. З 1912 у Галоўнай палаце мер і вагі ў Пецярбургу. Сфармуляваў «закон Барадоўскага», які дазваляе вызначыць ат. масы элементаў-ізатопаў. Даследаваў радыяц. астаткі ферганскіх рудаў, знайшоў у іх радый.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСУРМА́Н, басурманін,

1) устарэлая назва нехрысціяніна, пераважна мусульманіна (у Расіі — неправаслаўнага). У ВКЛ прававое становішча басурманаў рэгулявалася Статутамі ВКЛ, якія ў пэўнай ступені абмяжоўвалі іх правы. Басурман не меў права займаць дзярж. і адм. пасады, мець у няволі хрысціян, не мог быць панятым і інш. 2) Пераноснае значэнне — несумленны чалавек.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКО́НТ (англ. discount),

1) спагнанне банкам пэўнай часткі намінальнага кошту вэксаляў, чэкаў, інш. каштоўных папер у выпадку скупкі іх да тэрміну пагашэння.

2) Працэнт ад кошту вэксаля, які спаганяецца пры набыцці яго да тэрміну пагашэння. Памер Д. залежыць ад дысконтнай (уліковай) стаўкі, намінальнага кошту і тэрміну пагашэння. Гл. Дысконтная палітыка.

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЗ,

сям’я легкавых аўтамабіляў асабліва малога класа, якія выпускае Запарожскі аўтамабільны з-д (Украіна) з 1960. Характэрная асаблівасць — рухавікі з паветр. ахаладжэннем. Мадэлі, якія выпускаліся да 1994, наз. «Запарожац», мелі задняе размяшчэнне рухавіка. Іх замянілі пярэднепрывадныя мадэлі «Таўрыя» з бензінавым рухавіком магутнасцю 53 кВт; найб. скорасць да 148 км/гадз.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСНАВА́ЛЬНІЦКАЯ А́КЦЫЯ,

від акцый, якія размяркоўваюцца сярод заснавальнікаў акц. кампаній і даюць ім пэўныя правы і прывілеі ў параўнанні з інш. акцыянерамі. Да такіх пераваг адносяцца, напр. павышаныя дывідэнды, дадатковая колькасць галасоў на агульных сходах акцыянераў, права на першачарговае атрыманне акцый пры дадатковым іх выпуску, на атрыманне часткі заснавальніцкага прыбытку.

т. 6, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)