ПРАКУРО́Р (франц. procureur ад лац. procurare клапаціцца),
службовая асоба органаў пракуратуры, надзеленая паўнамоцтвамі па ажыццяўленні пракурорскага нагляду. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 П. у межах сваёй кампетэнцыі прымае ўдзел у суд. разглядзе цывільных і крымін. спраў, спраў аб адм. правапарушэннях у выпадках, калі гэта прадугледжана законам або прызнана неабходным самім П., апратэстоўвае супярэчныя закону або неабгрунтаваныя рашэнні, прыгаворы, вызначэнні і пастановы судоў. Аб’ём і межы паўнамоцтваў П., які ўдзельнічае ў суд. разглядзе спраў, вызначаюцца працэсуальным правам. П. незалежны ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруецца заканадаўствам; аднак ён не можа займацца паліт. дзейнасцю і ў сваёй службовай дзейнасці не павінен быць звязаны рашэннямі паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́КАС (франц. précoce ад лац. praecox ранні, скараспелы),
парода танкарунных скараспелых авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Францыі ў 19 ст. скрыжаваннем англ. мясных парод з рамбулье, пазней у Германіі. Гадуюць у краінах Еўропы, ЗША. На Беларусі невял. статкі чыстапародных жывёл ёсць у Іванаўскім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі. Маткі бязрогія, бараны бязрогія і з рагамі. Маса бараноў каля 100 (найб. да 150), матак каля 60 кг. Воўна белая, даўж. каля 7 см. Гадавы настрыг з бараноў 7—8 (да 11,7), з матак 4,4—4,8 кг. Выхад чыстай воўны 45—50%. Плоднасць 120—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы, у 6—7 месяцаў маса да 45—50 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭС (франц. presse ад лац. presso цісну),
машына для апрацоўкі матэрыялаў ціскам.
Складаецца з рухомай (напр., паўзуна) і нерухомай (асновы) рабочых частак, прыводу, механізму кіравання і фармовачнага прыстасавання (напр., прэс-формы). Адрозніваюць гідраўлічныя прэсы, мех. (напр. крывашыпныя) і гідрамеханічныя. Іх рухомая частка перамяшчаецца вертыкальна і гарызантальна. Па прызначэнні П. падзяляюць на трубапрофільныя, кавальскія, штамповачныя, гібачныя, правільныя, чаканачныя. абразныя і інш. На П. брыкетуюць кавалкавыя і парашкападобныя матэрыялы, прасуюць швейныя вырабы, сушаць шпон і фанеру, вырабляюць стэрэатыпы, праводзяць зборачныя аперацыі і мех. выпрабаванні металаў; найчасцей выкарыстоўваюцца ў кавальска-штамповачнай вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КУРС (ад франц. raccourci скарачэнне),
1) у выяўленчым мастацтве — скарачэнне памераў і формы рэальных і ўяўных прадметаў пры іх аддаленні ад вока паводле законаў лінейнай перспектывы. Паняцце «Р.» выкарыстоўваецца пераважна да аб’ектаў, якія цалкам ці па частках разглядаюцца ў нечаканых паваротах і пад «вострымі вугламі зроку» (зблізку, зверху ўніз, знізу ўверх і г.д.). У дэкар. размалёўках Р. часта выкарыстоўваецца для найб. эфектнай перадачы руху і прасторы.
2) У кіназдымцы — адлюстраванне аб’екта з розных пунктаў агляду нерухомай або рухомай кінакамерай. Прыём аператарскага мастацтва, што выкарыстоўваецца для будовы выяўл. мантажнай кампазіцыі фільма. Дае магчымасць усебакова паказаць дзеянне, падзею, з’яву, міміку, жэсты ці рухі чалавека, ствараць мантажныя метафары, уражанне сумяшчэння пункта здымкі аператара з пунктам агляду персанажа і інш. 3) Пункт погляду на што-н., аспект.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФРЭ́Н (ад франц. refrain прыпеў),
1) у музыцы тэма інстр. або вак.муз. твора, якая праходзіць у ім не менш як 3 разы і замацоўвае яго кампазіцыйна. Характэрны для ронда і блізкіх да яго муз. форм. Часам Р. становіцца лейттэмай (гл.Лейтматыў) правядзенне якой звязана з увасабленнем найб. важных ідэй.
Тэрмін «Р.» уведзены ў 12—16 ст. для абазначэння паўтарэнняў заканчэння страфы ў песенных формах; у музыказнаўстве часцей карыстаюцца тэрмінам «прыпеў».
У вершаскладанні слова, радок або страфа, якія паўтараюцца праз пэўную колькасць радкоў у вершы. Р. нясе вял. сэнсавую нагрузку, звычайна ў ім увасоблена гал. ідэя твора. Так, у «Песні вольнага чалавека» Я.Купалы кожнаму катрэну спадарожнічае наступны Р.:
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРА́ЕЎСКАЕ ЗАБО́ЙСТВА,
забойства наследніка аўстр. прастола эрцгерцага Франца Фердынанда 28.6.1914 у г.Сараева (Боснія). Здзейснена членамі тайнай групы сербскай нац. арг-цыі «Маладая Боснія» на чале з Г.Прынцыпам і Д.Ілічам. План забойства распрацавала з ведама сербскага ўрада блізкая да сербскага ген. штаба тайная арг-цыя «Аб’яднанне або смерць» («Чорная рука»), Франц Фердынанд, разам з жонкай, быў застрэлены Прынцыпам у час руху па вуліцах Сараева, куды ён прыбыў для кіраўніцтва манеўрамі аўстра-венг. арміі. Іліч і 2 інш. члены тэрарыст. групы пакараны смерцю, Прынцып (як непаўналетні) асуджаны на 20 гадоў катаргі (памёр у турме). С.з. было выкарыстана Аўстра-Венгрыяй і Германіяй як падстава для ваен. нападу на Сербію, што стала пачаткам 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛАГІ́ЗМ,
метадалагічная і тэарэтычная пазіцыя ў сацыялогіі і сац. філасофіі, пры якой у тлумачэнні чалавека і яго асяроддзя першаступеннае значэнне надаецца сац. рэальнасці і сацыялагічным метадам. Развіваецца з канца 19 ст. як рэакцыя на натуралізм і псіхалагізм у грамадскіх навуках. Прынцыпы С. развівалі франц. сацыёлаг Э.Дзюркгейм і яго паслядоўнікі ў даследаваннях маралі, рэлігіі і навукі, каставага ладу (С.Бугле), этнічных працэсаў (М.Мос), права (Ж.Даві), эканомікі (Ф.Сіміян) і інш. У метадалагічным плане С. — прызнанне сацыялогіі асобнай, незалежнай навукай і імкненне тлумачыць розныя з’явы рэчаіснасці выключна сац. прычынамі, а часам абсалютызацыя ролі сацыялагічнага падыходу ў трактоўцы культ.-гіст. працэсу (гл.Вульгарны сацыялагізм). У анталагічным плане С. — сцвярджэнне аўтаномнасці сац. рэальнасці і яе перавагі над індывідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКА́М (Secam, скар. ад Sequential Couleur Avec Memoire паслядоўная перадача колераў з запамінаннем),
сістэма каляровага тэлебачання з пачарговай (праз радок) перадачай 2 колерарознасных сігналаў пры неперарыўнай перадачы сігналу яркасці. Асаблівасці — магчыма перадача сігналаў на вял. адлегласці пры малым узроўні колеравых скажэнняў, неадчувальнасць да фазавых скажэнняў. Прапанавана франц. інжынерам А. дэ Франсам (1954), для вяшчання прынята ў 1967.
Абодва колерарознасныя сігналы перадаюцца на дапаможных паднясучых частотах, трэці сігнал колернасці (зялёны) фарміруецца ў тэлевізійным прыёмніку прапарцыянальным складаннем (у спец. матрычным прыстасаванні) частак першых двух сігналаў. Для яго фарміравання прыёмнік мае лінію затрымкі на працягласць перадачы аднаго радка (64 мс) з мэтай адначасовага паступлення сігналаў у матрычнае прыстасаванне. Прынята ў 56 краінах, мае 7 версій (1990). Гл. таксама НТСЦ, ПАЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР I (23.12.1777, С.-Пецярбург — 1.12.1825),
расійскі імператар [1801—25]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Паўла I. Заняў трон у выніку дварцовага перавароту ў сак. 1801. У першыя гады праўлення з дапамогай т.зв. Тайнага к-та правёў памяркоўна-ліберальныя рэформы: купцы, мяшчане, казённыя сяляне атрымалі права купляць незаселеныя землі (1801); законам пра вольных хлебаробаў памешчыкам дазвалялася вызваляць сялян з зямлёй за выкуп ці адработкі (1803); стварыў мін-вы і К-т міністраў (1802); увёў новае палажэнне пра навуч. ўстановы (1803), засн. Харкаўскі і Казанскі ун-ты, пед.ін-т у Пецярбургу (1804), рэарганізаваў Віленскі ун-т. У адпаведнасці з планам М.М.Спяранскага праведзена фін. рэформа (1808—12). У англа-франц. саперніцтве за гегемонію ў Еўропе імкнуўся захаваць нейтралітэт. Аднак з пашырэннем напалеонаўскай агрэсіі Расія ўступіла ў кааліцыю супраць Францыі. Пасля паражэння пад Аўстэрліцам (1805) і Фрыдландам (1807) і заключэння Тыльзіцкага міру 1807, паводле якога да Расіі адышоў Беласток з акругай, Расія на баку Францыі далучылася да кантынентальнай блакады Англіі. Напалеон I прызнаў у 1808 правы Расіі на Фінляндыю, Малдову і Валахію, але рус.-франц. супярэчнасці абвастрыліся. Рыхтуючыся да новай вайны з Францыяй, па загадзе Аляксандра I пачата буд-ваБабруйскай крэпасці, Дрысенскага лагера. У маі 1812 ён інспектаваў войскі ў Гродне, прысутнічаў на ваен. савеце ў Дрысе. На пач.вайны 1812 выехаў у Вільню і прыняў вярх. камандаванне рус. арміяй. Падпісаў у Полацку маніфест аб нар. апалчэнні. У 1813—14 узначаліў антыфранц. кааліцыю еўрап. дзяржаў. Адзін з кіраўнікоў Венскага кангрэса 1814—15 і арганізатараў Свяшчэннага саюза (1815). У апошняе дзесяцігоддзе праводзіў рэакц.ўнутр. і знешнюю палітыку (гл.Аракчэеўшчына). Пры Аляксандры I міжнар. становішча Расіі ўмацавалася, пашырылася яе тэрыторыя: далучаны Грузія (1801), Фінляндыя (1809), Бесарабія (1812), Азербайджан (1813).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРУ́СА ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫІ,
сукупнасць даведачных выданняў, што выпускаюцца франц. выдавецкай фірмай «Ларус». Засн. ў 1852 франц. лексікографам П.Ларусам сумесна з О.Буае. Першыя выданні: «Petite encyclopédie du jeune âge» («Малая дзіцячая энцыклапедыя», 1853) і «Grand dictionnaire universel du XIX-e siécle» («Вялікі універсальны слоўнік XIX ст.», т. 1—17, 1865—90, т. зв. «Ларус XIX ст.»). Сярод інш. выданняў 19 ст.: «Nouveau Larousse illustré en 7 volumes» («Новы ілюстраваны Ларус», т. 1—7, 1897—1904, дадатковы том 1907), «Dictionnaire complet illustré» («Поўны ілюстраваны слоўнік», 1889; 140 перавыданняў). На базе апошняга даведніка, які спалучае ў сабе рысы тлумачальнага і энцыклапедычнага слоўніка, быў падрыхтаваны «Petit Larousse» («Малы Ларус», з 1906 выдаецца штогод). Для аператыўнага папаўнення вял. энцыклапедый Ларуса найноўшымі звесткамі з 1907 выдаецца спец. энцыклапедычны час. «Larousse mensuel illustré» («Штомесячны ілюстраваны Ларус», 1907—98; у 1941—47 не выходзіў). З 1920-х г. выдаюцца прынцыпова новыя універсальныя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі: «Larousse du ХХ-е siécle en 6 volumes» («Ларус XX ст.», т. 1—6, 1928—33), «Grand Larousse encyclopédique en 10 volumes» («Вялікі энцыклапедычны Ларус», т. 1—10, 1960—64, дадатковы том 1968; перавыданне т. 1—15, 1985—87), «Grand Larousse de la langue franęaise en 7 volumes» («Вялікі Ларус французскай мовы», т. 1—7, 1971—78) і інш. Выдадзены таксама энцыклапедычныя даведнікі агульнага прызначэння: «Nouveau Larousse universel» («Універсальны новы Ларус», т. 1—2, 1948—49), «Encyclopédie Larousse méthodique» («Сістэматычная энцыклапедыя Ларуса», т. 1—2, 1955), «Encyclopédie Larousse des enfants» («Энцыклапедыя Ларуса для дзяцей», 1957), «Larousse de la langue franęaise» («Слоўнік французскай мовы Ларуса», 1979), «Grand dictionnaire encyclopédique Larousse» («Вялікі энцыклапедычны слоўнік Ларуса», 1982) і інш. Выдаюцца таксама шматлікія галіновыя Ларусы (муз., мед., с.-г. і інш.).
Публ.:
Энциклопедия для юношества («Ларусс»): Пер. с фр.М., 1998.