ВІСЛАВУ́Х (Фелікс Аўгусцінавіч) (23.9.1833, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. З 1856 вучыўся ў Маскоўскім, з 1858 у Кіеўскім ун-тах. У 1861 праходзіў вайск. падрыхтоўку ў польск. ваен. школе ў Італіі. Прыхільнік партыі «чырвоных». У пач. паўстання паводле загаду Літ. правінцыяльнага к-та на чале атрада вёў баявыя дзеянні ў Свянцянскім і Ашмянскім пав. 15.2.1863 яго атрад разбіты непадалёку ад мяст. Солы. З канца мая 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Трокскага пав., аб’ядноўваў дзеянні 3 атрадаў. Некалькі месяцаў вёў партыз. барацьбу супраць царскіх карнікаў на Віленшчыне, быў паранены. Паводле некат. звестак, у апошні перыяд паўстання кіраўнік паўстанцкіх узбр. сіл усёй Віленскай губ. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў. У 1869 жыў у Парыжы.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГАРЭ́ЦІС (сапр. Алекса Зігмас Іонавіч; 25.6.1882, в. Абялупяй Вілкавішкскага р-на, Літва — 22.5.1940),

дзеяч Кампартыі Літвы і Беларусі, гісторык. Чл. С.-д. партыі Літвы з 1906. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1909 зняволены ў турму, у 1915 сасланы на Ангару (адсюль псеўданім). У 1917 чл. Петраградскага к-та РСДРП(б). Са снеж. 1917 нам. камісара па літоўскіх справах пры Наркамнацы. У 1919 нарком унутр. спраў Літ.-Бел. ССР, чл. Прэзідыума, у 1920 чл. Палітбюро ЦК КП(б)ЛіБ. З вер. 1920 сакратар Замежнага бюро ЦК КПЛ, з 1921 прадстаўнік КПЛ у Выканкоме Камінтэрна, з 1923 чл. Палітбюро ЦК КПЛ. У 1926—35 сакратар Інтэрнац. кантрольнай камісіі Камінтэрна. Аўтар «Гісторыі рэвалюцыйнага руху і барацьбы рабочых Літвы» (т. 1—2, 1921). Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙКО́ (Аляксандр Міхайлавіч) (1885, в. Астраўляны Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. — 30.1.1941),

прафесійны рэвалюцыянер. З 1904 чл. РСДРП. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1906 чл. Пецярбургскага к-та РСДРП, у 1907—09 чл. яго выканаўчай камісіі. Удзельнік V Усерас. парт. канферэнцыі (Парыж, 1908). У 1909 арыштаваны і сасланы ў Сібір. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 нам. старшыні Верхнеудзінскага (з 1934 Улан-Удэ) Савета. З 1918 старшыня Рэўтрыбунала Прыбайкалля. Пасля захопу Забайкалля белагвардзейцамі эмігрыраваў у Манголію, потым у Кітай. Адзін з кіраўнікоў разгрому войск Унгерна. У 1921 эмісар Далёкаўсх. Рэспублікі ў Прыбайкаллі, сакратар Далёкаўсх. Бюро ЦК РКП(б). З 1922 старшыня Нар. сходу Далёкаўсх. Рэспублікі, пазней нам. наркома гандлю РСФСР. У 1933—41 нам. гал. арбітра РСФСР. Аўтар кн. «Шлях рабочага» (1934).

А.М.Буйко.

т. 3, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЧМА (Амвросій Максімілянавіч) (14.3.1891, г. Львоў — 6.1.1957),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1944). Вучыўся ў Кіеўскім муз.-драм. ін-це (1918). На сцэне з 1905. Працаваў у т-ры «Беразіль» (1930—36). Адзін са стваральнікаў Кіеўскага ўкр. драм. т-ра імя І.​Франко (1920), дзе працаваў у 1936—56. Праф. Кіеўскага ін-та тэатр. мастацтва (1940—57). Выдатны майстар пераўвасаблення, ствараў вострахарактарныя, камедыйныя і драм. вобразы: Мікола Задарожны («Украдзенае шчасце» Франко), Цярэнцій Пузыр («Гаспадар» І.​Карпенкі-Карага), Гайдай, Платон Крэчат, Макар Дубрава («Гібель эскадры», «Платон Крэчат», «Макар Дубрава» А.​Карнейчука), Іван Каламійцаў («Апошнія» М.​Горкага) і інш. З 1924 здымаўся ў кіно: «Арсенал», «Тарас Шаўчэнка», «Начны рамізнік», «Іван Грозны», «Подзвіг разведчыка» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1949 (за тэатр. работы).

А.М.Бучма.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЬКЕ́ВІЧ (Пётр Іларыёнавіч) (27.1.1907, Мінск — 28.5.1992),

бел. вучоны ў галіне хіміі торфу. Чл.-кар. АН Беларусі (1953), д-р хім. н., праф. (1952). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1928). З 1936 у Ін-це хіміі АН БССР. З 1952 дырэктар, у 1960—87 заг. лабараторыі Ін-та торфу АН БССР. Навук. працы па хім. перапрацоўцы торфу. Прапанаваў новыя шляхі выкарыстання торфу (вытв-сць з торфу воску, прэс-парашковых пластычных мас, тарфашчолачных рэагентаў, напаўняльнікаў для фенапластаў), тэхналогію вылучэння з торфу стэарынаў і метад сінтэзу на іх аснове гарманальных прэпаратаў.

Тв.:

Торфяной воск и сопутствующие продукты. Мн., 1977 (у сааўт.).

Літ.:

П.​И.​Белькевич // Весці АН БССР. Сер. хім. навук. 1977. № 1.

М.​У.​Токараў.

П.І.Бялькевіч.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІЯ МІЛІ́ЦЫІ Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь,

вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1976 як Мінская Вышэйшая школа міліцыі на базе завочнага ф-та (з 1958) Маскоўскай Вышэйшай школы міліцыі МУС СССР, з 1992 — акадэмія. Рыхтуе: юрыстаў-прававедаў — следчых, экспертаў-крыміналістаў, судова-мед. экспертаў; аператыўных работнікаў крымінальнага вышуку, службаў барацьбы з эканам. і арганізаванай злачыннасцю, папраўча-прац. устаноў і спец. камендатур, падраздзяленняў падатковых расследаванняў; участковых інспектараў міліцыі. У 1994/95 навуч. г. ф-ты: крымінальнай міліцыі і міліцыі грамадскай бяспекі; следча-экспертны; падрыхтоўкі супрацоўнікаў папраўча-прац. устаноў і спец. камендатур; судова-мед. экспертызы; завочнага навучання; павышэння кваліфікацыі; ваенны. Навучанне дзённае і завочнае. З 1993 ад’юнктура, у т. л. ін-т суіскальніцтва; дактарантура. Прымае да абароны кандыдацкія і доктарскія дысертацыі.

т. 1, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДРАЎ (Анатоль Пятровіч) (13.2.1903, г. Тарашча Кіеўскай вобл., Украіна — 4.2.1994),

сав. фізік. Акад. АН СССР (1953, чл.-кар. 1943). Адзін з заснавальнікаў сав. атамнай энергетыкі. Герой Сац. Працы (1954, 1960, 1973). Скончыў Кіеўскі ун-т (1930). З 1960 дырэктар Ін-та атамнай энергіі імя Курчатава, у 1975—86 прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і палімераў, ядз. і атамнай фізіцы. Распрацоўваў (у сааўт.) стат. тэорыю трываласці цвёрдых целаў. З 1946 працаваў над стварэннем ядз. рэактараў, у т. л. для атамнай энергетыкі і флоту; пад яго кіраўніцтвам створаны першы доследны вода-вадзяны рэактар (1948—54). Ленінская прэмія 1959, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1951, 1953.

Тв.:

Атомная энергия и научно-технический прогресс. М., 1978;

Наука — стране. М., 1983.

Анатоль Пятровіч Аляксандраў.

т. 1, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎ (літ. псеўд. Аскольдаў) Сяргей Аляксеевіч

(1870 — 23.5.1945),

расійскі філосаф. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Да сярэдзіны 1920-х г. праф. Політэхн. ін-та (Петраград). У 1921 заснаваў тайнае рэліг.-філас. т-ва (у 1926 перайменавана ў «Брацтва св. Серафіма Сароўскага»). У 1928 арыштаваны і сасланы ў Комі АССР. З 1935 жыў у Ноўгарадзе. Пасля Вял. Айч. вайны эмігрыраваў у Германію. Аўтар кн. «Крытыка дыялектычнага матэрыялізму», у якой развіваў вучэнне аб трансцэндэнтальнасці прадмета ведаў, сімвалічнасці пазнання, крытыкаваў уяўленні аб суб’екце пазнання за яго «безаблічнасць» і падмену індывід. разумення. У аснове яго анталогіі вучэнне пра ўзаемадзеянне душ.

Тв.:

Основные проблемы теории познания и онтологии. Спб., 1900;

Мысль и действительность. М., 1914;

Сознание как целое: Психол. понятие личности. М., 1918.

т. 1, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВО́Е,

вёска ў Беларусі, у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдЗ ад г. Дзяржынск, 47 км ад Мінска, 11 км ад чыг. ст. Койданава. 420 ж., 147 двароў (1995).

Вядома з 16 ст. ў складзе Старынкаўскай вол. Мінскага пав. ВКЛ, уласнасць Радзівілаў. У 1756 пабудавана царква. У 19 ст. ў складзе Койданаўскай вол. У 1867 адкрыта пач. школа. З 1924 цэнтр сельсавета Койданаўскага р-на, з 1932 — нац. польскага сельсавета, з 1936 — бел. сельсавета Дзяржынскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў Баравым дзейнічала падп. група Дзяржынскага антыфаш. к-та. У 1970 — 288 ж., 99 двароў. У Баравым сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — капліца-пахавальня (пач. 20 ст.).

т. 2, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКІ АДЗІНАФРАНТАВЫ́ МІ́ТЫНГ ПРАЦО́ЎНЫХ 1936 у Заходняй Беларусі.

Адбыўся ў лют. 1936 пад кіраўніцтвам адзінафрантавога к-та, у які ўваходзілі прадстаўнікі гар. арг-цый КПЗБ, ППС, Бунда, «Паалей Цыёна». Удзельнічала 5 тыс. працоўных г. Баранавічы і сялян навакольных вёсак. На мітынгу прадстаўнікі розных паліт. партый гаварылі пра нац. прыгнёт, беспрацоўе, перапоўненыя палітвязнямі турмы, размах забастовачнай барацьбы ў Зах. Беларусі, заклікалі аб’яднацца ў нар. фронт для сумеснай барацьбы супраць наступу рэакцыі і пагрозы новай сусв. вайны. Абвяшчаліся заклікі: «Далоў вайну!», «Мы хочам міру!», «Вызваліць з турмаў палітзняволеных!» і інш. Удзельнікі мітынгу прынялі рэзалюцыю пратэсту супраць рэакцыйнай унутр. і знешняй палітыкі ўрада Польшчы, выказаліся за аб’яднанне працоўных у нар. фронт для барацьбы супраць фашызму і вайны.

І.​Ф.​Дзяшко.

т. 2, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)