ЧО́ХАЎ, Чэхаў Андрэй (?—паміж 23.1 і 8.12.1629), расійскі ліцейшчык, гарматны і звонавы майстар (паводле некат. звестак, выхадзец з Беларусі). Больш за 60 гадоў працаваў у Маскве на Гарматным двары, дзе стварыў шмат (вядома больш за 20) цяжкіх бронзавых гладкаствольных гармат, у т. л.«Цар-гармату» (1586). Звычайна кожнай гармаце Ч. даваў назву, напр., «Лісіца» (1575), «Воўк» (1576), «Інрог» («Аднарог», 1577), «Леў» і «Аспід» (1590), «Цар Ахілес» (1617) і інш., упрыгожваў гарэльефам, багатым арнаментам і надпісамі. Гарматы былі выдатным дасягненнем тагачаснай артыл. тэхнікі, служылі шмат гадоў, некат. з іх выкарыстоўваліся ў Паўн. вайне 1700—21. Захавалася 12 гармат Ч., з іх 7 знаходзяцца ў Ваен.-гіст. музеі артылерыі, інж. войск і войск сувязі ў Пецярбургу, 3 — у Маскоўскім Крамлі, 2 — у Швецыі (у Грыпсхольмскім замку, каля Стакгольма, куды яны трапілі ў выніку Лівонскай вайны 1558—83). Ч. ствараў таксама званы, у т. л. «Рэвут» (1621—22) масай 200 пудоў (каля 32 т) для званіцы «Іван Вялікі». Навучыў свайму майстэрству шматлікіх вучняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЯ КНІ́ГА,
назва спісаў рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Змяшчае кароткія дакумент. звесткі пра біял.іх асаблівасці, пашырэнне, прычыны скарачэння колькасці, меры аховы і інш.
Збор звестак пра рэдкія і знікаючыя віды пачаты ў 1949 Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, у 1966 выдадзены тамы «Чырвонай кнігі фактаў» («Red Data Book»), колькасць відаў у якой штогод мяняецца. Для дыферэнцыраванага падыходу ў планаванні ахоўных мерапрыемстваў распрацавана спец. шкала, паводле якой усе віды падзяляюць на 5 катэгорый у залежнасці ад стану папуляцыі. Занясенне ў Міжнар. Ч.к. пэўнага віду азначае сусв. прызнанне неабходнасці паўсядзённага клопату аб яго захаванні, таму кожная краіна, на тэр. якой трапляецца такі від, нясе маральную адказнасць за яго захаванне. У многіх краінах прыняты нарматыўныя акты па ахове асобных відаў, выдаюцца афіц. спісы ахоўных відаў, зборнікі кароткай навук. дакументацыі пра іх умоўна наз.нац. Ч.к. (Аўстралія, ЗША, Швецыя, Японія, Расія, Беларусь; гл.Чырвоная кніга Беларусі), Чырвонымі спісамі (Германія), спісамі рэдкіх і знікаючых раслін (ЗША, Аўстралія, Калумбія, Мексіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧЫРВО́НЫЯ БРЫГА́ДЫ»
(італьян. Brigate Rosse),
леваэкстрэмісцкая (ультралевая) тэрарыст.арг-цыя ў Італіі. Засн. ў 1969—70; арганізатары і ідэйныя кіраўнікі — Курча і Франчэскіні. Асн. раён дзейнасці — прамысл. зона Мілан—Турын—Генуя. З 1974—75 складаліся з тэрарыст. сеткі (калоны; падзяляліся на брыгады да 5 чал. у кожнай — усяго да 500 баевікоў), разведкі, службы інфармацыі, псіхал. службы. У 2-й пал. 1970-х г. перайшлі да ўзбр. гвалтоўных дзеянняў (пік прыпаў на 1977—81). Намагаліся праз выкраданні, замахі і забойствы прадстаўнікоў дзярж. улады, журналістаў і інш. змяніць грамадскі лад краіны. У 1971—80 забілі 15 італьян. пракурораў і суддзяў, у 1978 паліт. дзеяча А.Мора. З 1980 большасць тэрарыстаў арыштавана (1000 чал. да 1983), іх акцыі сталі менш масавымі. У 1984 раскалоліся на «старых» і «маладых». Да 1985 на волі актыўна дзейнічалі каля 100 тэрарыстаў з наяўных 300. Пасля 1989 іх дзейнасць стала малазначнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ША́ХТА (ад ням. Schacht),
1) горнае прадпрыемства для здабычы карысных выкапняў падземным спосабам і адгрузкі іх спажыўцу ці абагачальнай фабрыцы.
Бываюць Ш. вугальныя, жалезарудныя, саляныя. Калі здабыча вядзецца з дапамогай струменя вады — наз. гідрашахтай. Ш. складаецца з падземных горных вырабатак, дзе праводзяцца падземныя горныя работы, шахтавага ствала, будынкаў і канструкцый на паверхні, каб абслугоўваць горныя работы, прымаць карысныя выкапні і рыхтаваць іх для адпраўкі спажыўцам. Людзей і грузы ў Ш. перавозіць рудніковы транспарт (гл.Рудніковае транспартаванне). Глыбіня — ад сотняў м да некалькіх км. Ш. на магутных радовішчах дзейнічаюць 50—70 і больш гадоў.
На Беларусі Ш. карыстаюцца на прадпрыемствах ВА«Беларуськалій» (г. Салігорск).
2) Вертыкальная падоўжная поласць у некаторых канструкцыях, збудаваннях (напр., Ш. печы, топкі, ліфта).
А.А.Калагрыўка.
Схема шахты, якая распрацоўвае пакатыя вугальныя пласты: 1 — вентыляцыйны штрэк; 2 — ачышчальны забой (лава); 3 — адкатачны штрэк; 4 — брэмсберг; 5 — хаднікі; 6 і 8 — збудаванні галоўнага і дапаможнага ствалоў; 7 — будынак сартавання; 9 — электрападстанцыя; 10 — пародны бункер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВЕ́ЙНАЯ МАШЫ́НА,
машына, якая злучае нітачным швом дэталі швейных вырабаў, робіць іх аддзелку і аздабленне, дэкар. строчку, вышыўку, прышыванне гузікаў, абкідванне петляў і інш.
Бываюць бытавыя і прамысловыя, з ручным, нажным і эл. прыводам; чаўнаковыя (для ўсіх тканін) і ланцуговыя (для трыкатажу; у іх замест чаўнака — пятліцель); універсальныя (найб. пашыраны аднаіголкавыя сточвальныя) і спецыялізаваныя (зігзаг-машыны, пяцельныя, патайнога шыўка, фастрыгавальныя, абкідвальныя, замацавальныя, гузікавыя і інш.). Ёсць таксама Ш.м. для бязнітачнага злучэння дэталей. Ш.м. робяць да 1500 шыўкоў за мінуту (прамысл. да 5500). Выкарыстоўваюцца ў швейнай, трыкатажнай, абутковай і інш. вытв-сцях, у побыце. Першая Ш.м. вынайдзена ў 1755 у Вялікабрытаніі (Ч.Ф.Вейзенталь). Далейшае развіццё (ад вынаходкі іголкі з вушкам на канцы да зубчастай пласцінкі, што перасоўвае тканіну) Ш.м. атрымала ў 19 ст. ў ЗША (Э.Хоў, А.Вільсан, І.М.Зінгер). На Беларусі розныя тыпы Ш.м. выпускае акц.т-ва«Орша».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШПІЯНА́Ж (ад ням. Spion шпіён ад spähen сачыць, падглядваць),
злачынства супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь (арт. 358 КК) заключаецца ў перадачы, выкраданні, збіранні або захоўванні з мэтай перадачы замежнай дзяржаве, арг-цыі ці іх прадстаўнікам звестак, якія складаюць дзяржаўную тайну; перадачу ці збіранне па заданні замежнай разведкі інш. сакрэтных звестак для выкарыстання іх на шкоду інтарэсам краіны і грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам або асобам без грамадзянства. Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў. Асоба, якая ўчыніла Ш., але добраахвотна спыніла сваю злачынную дзейнасць, паведаміла пра гэта дзярж. органам, аказала садзейнічанне ў прадухіленні шкодных вынікаў, вызваляецца ад крымін. адказнасці. Дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, апрача аховы дзярж. тайны, змяшчае прававыя нормы, якія забяспечваюць ахову камерцыйнай і банкаўскай тайны (арт. 254 КК). Выкраданне або збіранне незаконным спосабам звестак пра такую тайну з мэтай яе выдавання або незаконнага выкарыстання таксама разглядаецца як крымін. злачынства і караецца ў адпаведнасці з законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРААКУСТЫ́ЧНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,
элемент акустаэлектронных прылад для пераўтварэння эл.-магн. энергіі ў акустычную (энергію пругкіх ваганняў) і наадварот. У залежнасці ад напрамку пераўтварэння адрозніваюць Э.п.-выпрамяняльнік і Э.п.-прыёмнік. Канструкцыі Э.п. істотна залежаць ад іх прызначэння.
З дапамогай Э.п.-выпрамяняльнікаў ажыццяўляецца ўзбуджэнне акустычных ваганняў у пругкіх асяроддзях, Э.п.-прыёмнікаў — прыём і вымярэнне іх параметраў. Большасць Э.п. лінейныя (г.зн. задавальняюць патрабаванням нескажонай перадачы сігналаў) і абарачальныя (могуць працаваць як выпрамяняльнікі і як прыёмнікі). Большасць Э.п. ажыццяўляе падвойнае пераўтварэнне энергіі: эл.-мех. (частка падведзенай эл. энергіі пераўтвараецца ў ваганні мех. сістэмы) і механаакустычнае (ваганні мех. сістэмы ствараюць у асяроддзі гукавое поле). Існуюць Э.п., якія не маюць мех. вагальнай сістэмы і ствараюць гукавыя ваганні непасрэдна ў асяроддзі, напр., электраіскравы выпрамяняльнік, які стварае магутныя гукавыя ваганні пры эл. разрадзе ў вадкасці. Да асобнага класа Э.п. адносяць прыёмнікі гуку, прынцып дзеяння якіх заснаваны на зменах эл. супраціўлення адчувальнага элемента, напр., вугальныя мікрафоны ці інш. прыёмнікі, у якіх выкарыстоўваецца тэнзарэзістыўны эфект.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАВА́КУУМНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
прылады, прынцып дзеяння якіх грунтуецца на эл. з’явах, што адбываюцца ў вакууме ці ў асяроддзі разрэджаных інертных газаў. Уяўляюць сабой герметычныя шкляныя, метал., керамічныя ці інш. балоны, унутры якіх створаны вакуум або знаходзяцца разрэджаныя інертныя газы (аргон, неон і інш.). Адрозніваюць газаразрадныя прылады, электронныя і безразрадныя Э.п.
У электронных Э.п. свабодныя электроны ўтвараюцца за кошт электроннай эмісіі і абумоўліваюць праходжанне току ад катода да анода. Да іх адносяць электронныя лямпы, электронна-прамянёвыя трубкі, некаторыя фотаэл. і рэнтгенаўскія прылады. У безразрадных Э.п. эл. ток працякае па правадніках, размешчаных у вакууме ці інертным газе. Да іх адносяцца барэтэры, лямпы напальвання, вакуумныя тэрмаэлементы і інш. Э.п. служаць для розных відаў пераўтварэнняў эл.-магн. энергіі (генерацыя, узмацненне, дэтэктыраванне і інш.), а таксама пераўтварэння яе ў інш. віды энергіі, напр., механічную і наадварот, камутацыі эл. ланцугоў вял. магутнасцей з дапамогай маламагутных кіроўных сігналаў, стабілізацыі току і напружання і інш.; выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхніцы, рэнтгенаграфіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЦКІ,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл.Засн. ў 1998 для аховы унікальных ландшафтаў з асабліва каштоўнымі і эталоннымі лясамі і папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 10 547 га. Ландшафты з паверхневым заляганнем азёрна-ледавіковых пяскоў і супескаў (75%) ці ўзвышаныя платопадобныя, з заляганнем азёрна-ледавіковых суглінкаў і глін (25%). Рэльеф плоскі, месцамі бугрысты, з рачнымі далінамі і лагчынамі, дзюнамі, камавымі і марэннымі ўзгоркамі. Глебы дзярнова-слабападзолістыя, пясчаныя, супясчаныя, сугліністыя і інш. Лясы (хваёвыя, яловыя, бярозавыя) займаюць 94% тэрыторыі. Шмат поймавых і сухадольных лугоў. У флоры каля 500 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з іх 11 у Чырв. кнізе: луннік ажываючы, ятрышнік мужчынскі, шпажнік чарапіцавы, лінея паўночная, званочак шыракалісты і інш. У фауне 145 відаў надземных пазваночных, з іх 11 у Чырв. кнізе: буры мядзведзь, рысь, кулон вялікі, пугач, сыч дамавы, сплюшка, бусел чорны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУБНЫЯ ЎСТАНОВЫ
Клубы, палацы (дамы, цэнтры) культуры, цэнтры (дамы) нар. творчасці (нар. мастацтва, фальклору), рамёстваў, нац. культур і інш. ствараюцца з мэтай ажыццяўлення асв., выхаваўчых і забаўляльных функцый праз стварэнне спрыяльных умоў для заняткаў нар. і маст. творчасцю, задавальнення пазнавальных патрэб, самаадукацыі, духоўнага і фіз. развіцця, міжасобасных адносін і адпачынку. Дзярж. клубныя ўстановы даступныя для наведвання іх рознымі групамі насельніцтва. Іх дзейнасць грунтуецца на добраахвотнасці, прызнанні ў якасці асновы іх функцыянавання грамадскай ініцыятывы і самадзейнасці, на спалучэнні індывід. і групавой работы, кіравання і самакіравання. Віды клубных устаноў, іх прававое становішча і парадак дзейнасці вызначаюцца Мін-вам культуры Рэспублікі Беларусь.
У 1913 на Беларусі было 237 клубаў і нар. дамоў. Ствараліся яны органамі самакіравання, земствамі, грамадскімі і каап. арганізацыямі і былі пераважна месцам правядзення вольнага часу. Шырокае развіццё клубныя ўстановы як новыя культ. і грамадска-паліт. цэнтры атрымалі ў гады сав. улады. З 1918 яны сталі самай распаўсюджанай формай арганізацыі нац.культ.-асветнай работы. Пры іх працавалі літ., муз., драм., харавыя і інш. творчыя гурткі, праводзіліся лекцыі, ствараліся курсы ліквідацыі непісьменнасці. Але асноўнай была выхаваўчая дзейнасць (палітасветгурткі, мітынгі, даклады на паліт. тэмы, вечары пытанняў і адказаў «па бягучаму моманту» і інш.). Паўсюдна ствараліся рабочыя, парт., паліт. клубы. У ліку першых у 1918 створаны культ.-асветны клуб «Беларуская хатка» ў Петраградзе (яго называлі таксама Бел. Пралеткультам і Бел.нар. домам). Ён арганізаваны Бел. аддзелам Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці і ставіў за мэту падрыхтоўку кадраў культработнікаў, урачоў, аграномаў, будаўнікоў, лесаводаў, якія стаялі на платформе сав. улады, па адраджэнні эканам., гасп. і культ.-прававога жыцця на Беларусі. У 1920 у Петраградзе адкрыты Бел. дом асветы, пры якім працавалі драм. і фотакінагурткі, масавая, кааператыўная, бібліятэчная і юнацкая камісіі, мелася канцэртная зала на 400 месцаў.
У 1920-я г. ў БССР паўсюдна арганізоўваліся нар. дамы, клубы, хаты-чытальні, якія спрыялі развіццю бел. культуры і асветы, вывучэнню гісторыі роднага краю. Пры іх дзейнічалі шматлікія гурткі — бел. культуры, гісторыі, этнаграфіі, мовы, пункты па ліквідацыі непісьменнасці, бібліятэкі, паліткурсы і інш. Дзейнічалі таксама яўр., рус., польскія, латышскія нар. дамы, хаты-чытальні, клубы і да т.п. Напр., у Мінску адкрыта першая на Беларусі татарская хата-чытальня, пры якой працавалі 2 гурткі, бібліятэка; дзейнічалі яўр.драм. студыя і яўр.дзярж. хор; пачалі сваю дзейнасць «Ансамбль рускай драмы БССР» у Бабруйску (у 1932 пераўтвораны ў Дзярж.рус.драм. тэатр) і польскі дзярж. вандроўны тэатр з асн. базай знаходжання ў Мінску; дзейнічалі оперныя і драм. рускамоўныя трупы, некалькі студый на мовах нац. меншасцей.
У 1925 у БССР дзейнічала больш за 300 клубаў і раённых дамоў культуры, 587 хат-чытальняў (на кожны сельскі Савет у сярэднім прыпадала адна хата-чытальня). У 1927 колькасць клубаў павялічылася да 727, Пры многіх з іх працавалі культ.-асветныя, с -г і абаронныя гурткі, маст. самадзейнасць. У 1937 у БССР працавалі 1930 гурткоў маст. самадзейнасці, у т. л. 1053 драматычныя, 33 струнныя і духавыя, 376 харавых; яны аб’ядноўвалі 27 960 чал. Для аказання метадычнай дапамогі гурткам маст. самадзейнасці ў 1937 створаны рэсп. Дом нар. творчасці. Калі ў 1922 (у межах БССР да 17.9.1939) дзейнічала 314 клубных устаноў, то ў 1940 іх колькасць дасягнула 3919.
У Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. па ініцыятыве Т-вабел. школы ствараліся гурткі, бібліятэкі-чытальні, нар. дамы, вялася маст. самадзейнасць. У 1928 дзейнічала 430 такіх гурткоў, якія аб’ядноўвалі 14—15 тыс.чал. У 1933 з’явіліся гурткі і 33 бібліятэкі-чытальні, арганізаваныя Т-вам бел. асветы, якое ставіла задачу пашырэння школьнай і пазашкольнай асветы беларусаў на іх роднай мове. Пасля ўз’яднання з БССР тут адкрываліся новыя клубы, хаты-чытальні і бібліятэкі. На прадпрыемствах, у гарадах і вёсках узніклі шматлікія драм. і муз. гурткі, хары, аркестры; у абл. і раённых цэнтрах праводзіліся агляды і алімпіяды маст. самадзейнасці.
Пасля Вял.Айч. вайны сетка культ.-асв. устаноў аднаўлялася як за кошт дзяржавы, так і з дапамогай сродкаў насельніцтва. У 1948 на Беларусі налічвалася 168 раённых дамоў культуры, 389 калгасных клубаў, 171 сельскі дом культуры, 2478 хат-чытальняў (многія з іх не мелі сваіх памяшканняў і размяшчаліся ў прыватных будынках, пры сельскіх Саветах). У сярэдзіне 1950-х г. на Беларусі дзейнічала больш за 3,5 тыс. калектываў маст. самадзейнасці, якія ахоплівалі 80 тыс. чалавек. З 1945 рэгулярна праводзіліся раённыя, абл. і рэсп. агляды маст. самадзейнасці. З 1950 па 1980 колькасць устаноў клубнага тыпу павялічылася з 4473 да 6311, у т. л. ў гарадах — з 313 да 855, у сельскай мясцовасці — з 4160 да 5455. У 1990 у Беларусі функцыянавала 6030 устаноў клубнага тыпу, у т. л. 883 у гарадах і 5147 — у сельскай мясцовасці. З іх 5030 (83,4%) клубных устаноў уваходзілі ў сістэму Мін-ва культуры, 773 (12,8%) — былі ў падпарадкаванні прафс. арг-цый, 139 (2,3%) — с.-г. арг-цый і 88 (1,5%) — арг-цый інш. органаў кіравання. У 2003 у параўнанні з 1990 колькасць устаноў клубнага тыпу скарацілася на 29,8% і склала 4234 (гл.табл. 1). Большая іх частка (86,2%) знаходзіцца ў сельскай мясцовасці. Гэта ў асноўным клубы, сельскія дамы культуры, цэнтралізаваныя клубныя сістэмы, якія займаюць трывалае месца ў сваім тэр. асяродку, маюць пэўны арганізац.-творчы патэнцыял і разнастайны набор культ. паслуг для насельніцтва. Найбольшую дынаміку працэс скарачэння ўстаноў клубнага тыпу набыў у Магілёўскай, Гродзенскай, Брэсцкай абласцях. Большасць ліквідаваных структур (1659) складаюць клубы, што мелі ніжэйшую за 4-ю групу па аплаце працы работнікаў культуры. Сродкі, сэканомленыя на ўтрыманні нерэнтабельных клубаў, дзейнасць якіх не адпавядала патрабаванням часу па розных крытэрыях, выкарыстоўваюцца на падтрымку больш стабільных устаноў культуры.
Гал. кірунак і змест работы клубных устаноў — зберажэнне і развіццё традыцый нар. культуры; развіццё самадзейнай маст. творчасці; раскрыццё і падтрымка творчых індывідуальнасцей і талентаў; садзейнічанне самаадукацыі ў галіне л-ры, мастацтва, гісторыі і інш.; стварэнне ўмоў для рэалізацыі інтэлектуальна-творчага патэнцыялу і павышэння духоўнасці чалавека; падтрымка творчых ініцыятыў аматарскіх аб’яднанняў, клубаў і інш. Ідзе актыўны пошук новых мадэлей сучаснага клуба, тыпаў мона- і шматпрофільных устаноў культуры і вольнага часу, а таксама новых падыходаў да арганізацыі іх дзейнасці. Амаль паўсюдна ствараюцца цэнтры нар. творчасці, фальклору і нац. культуры; павялічваецца колькасць дамоў рамёстваў і традыц. відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, цэнтраў культуры і вольнага часу. Толькі ва ўстановах клубнага тыпу Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь у 2003 дзейнічала 28 789 клубных аб’яднанняў, больш за 75% з якіх дзейнічаюць у сельскай мясцовасці і палавіна з іх прызначана для дзяцей. Агульная колькасць удзельнікаў клубных аб’яднанняў дасягнула 380 тыс.чал., у т. л. 180 тыс. дзяцей (гл.табл. 2). У практыку работы клубных устаноў увайшлі мерапрыемствы, звязаныя з наладжваннем розных свят і абрадаў (агульнадзярж., прац., урачыстая рэгістрацыя шлюбу, праводзіны на пенсію і інш.), у праграмы якіх уваходзяць выкананне бел.нар. і шлюбных песень, нар. музыкі, выступленні фальклорна-этнагр. калектываў. Адраджаюцца такія абрады, як праводзіны зімы (Масленіца), Купалле, Дажынкі, з’явіліся новыя фальклорна-этнагр. святы, прысвечаныя нар. песеннай і танцавальнай творчасці, рамёствам. Праводзяцца прафес. святы, ушанаванне прац. дынастый, ветэранаў вайны і працы.
У краіне дзейнічаюць спецыялізаваныя ўстановы культуры — дамы (цэнтры) рамёстваў, якія перадаюць дзецям і дарослым веды, навыкі, майстэрства па розных відах нар.бел. рамёстваў. Пры іх працуюць гурткі і студыі па авалоданні навыкамі ручной працы і асновамі рамесніцкай справы. Напр., у Глыбоцкім доме рамёстваў (з 1990) працуюць гурткі: ткацтва на кроснах і вязання на прутках, жывапісу і размалёўкі на палатне, разьбы і размалёўкі па дрэве, дробнай глінянай пластыкі, аплікацыі саломкай, пляцення з саломкі і лазы, ганчарства і інш. Падобныя дамы рамёстваў арганізаваны ў Калінкавічах, Лагойску, Браславе, Гарадку, Лепелі, Шуміліне і інш. У 2002 на Беларусі дзейнічаў 61 дом рамёстваў, з іх 21 у вёсцы. У параўнанні з 1997 сетка такіх устаноў павялічылася амаль удвая. Працягваецца традыцыя правядзення абласных свят рамёстваў, якія з’яўляюцца эфектыўнымі формамі папулярызацыі дасягненняў нар. мастацтва, промыслаў і рамёстваў. Напр., у 2002 у Мінскай вобл. адбыліся 3 такія святы: 2-е абл. свята «Матчыны кросны» ў г. Старыя Дарогі (19 ткачых з 16 раёнаў); 3-е абл. свята-конкурс «Лазовыя карункі» ў Вілейцы (32 майстры з 20 раёнаў); 4-е абл. свята-конкурс «Гліняны звон» у Радашковічах (больш за 40 майстроў з 13 раёнаў). У Брэсцкай вобл. ў рамках Дажынак адбыліся абл. святы бандарства «Дубовая клёпка» і ганчарства «Гліняцы званочак» (абодва ў г. Іванава). Расшыраецца сетка дамоў (цэнтраў) фальклору, нар. творчасці, нац. культуры. У 2002 такіх устаноў было 46, з іх 37 у вёсцы. У іх вядзецца работа па зборы і фіксацыі ўзораў традыц. мастацтва, выкарыстанні мясц. фальклорнай традыцыі ў рабоце калектываў аматарскай творчасці, ствараюцца аўтэнтычныя нар. гурты, праводзяцца фестывалі нар. мастацтва, конкурсы танцавальных пар, тэатралізаваныя пастаноўкі мясц.нар. прозы і інш. У 1994 створаны Рэсп. цэнтр нац. культур, які аб’яднаў 12 рэсп. і мясц.нац.культ. аб’яднанняў. У 1996 гэты цэнтр правёў у Гродне 1-ы Рэсп. фестываль нац. культур, у якім прынялі ўдзел больш за 600 прадстаўнікоў нац. аб’яднанняў Беларусі, у т. л.т-варус. культуры, бел. асацыяцыя ўкраінцаў «Ватра», саюз палякаў на Беларусі, бел. аб’яднанне татараў-мусульман «Аль-Кітаб», арм.культ.-асв.т-ва «Аястан», бел.т-ва немцаў «Адраджэнне» і інш. Адбыліся фестывалі польскай песні ў Лідзе і Слоніме, укр. песні ў Мінску, шэраг конкурсаў маст. самадзейнасці, нац. кухні і г.д. З 1995 у Беларусі дзейнічае Цэнтр укр. культуры «Січ», які арганізуе штогадовыя рэсп. фестывалі ўкр. ансамбляў, канцэрты, вечары і інш. мерапрыемствы, прысвечаныя выдатным гіст. падзеям, дзеячам культуры Украіны. Як цэнтры польскай культуры працуюць 16 дамоў палякаў, арганізавана больш за 500 самадз.маст. калектываў. У 22 гарадах функцыянуюць клубы яўр. культуры, у т. л. жаночы яўр. клуб «Шашана» ў Мінску, клуб цікавых сустрэч пры Мінскім гар. аб’яднанні яўр. культуры імя І.Харыка, клуб «Сохнут» пры Віцебскай яўр. абшчыне і інш.
Адным з гал. паказчыкаў патэнцыяльных магчымасцей клубных устаноў у культ.-творчай і канцэртна-відовішчнай дзейнасці з’яўляецца развіццё самадз.маст. творчасці. У 2003 ва ўстановах клубнага тыпу Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь праведзена каля 70 тыс. канцэртаў, спектакляў самадзейных калектываў, 27 930 тэатралізаваных свят, абрадаў і прадстаўленняў, арганізавана 20 609 выставак твораў народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (гл.табл. 2). У 2002 у краіне працавала 18 895 гурткоў маст. самадзейнасці, у т. л. харавых і вакальных 8281, харэаграфічных 2540, тэатр.-драм. 3584, інструментальных 1061. Агульная колькасць удзельнікаў гурткоў маст. самадзейнасці складала 200,6 тыс.чал., што на 10,7% больш, чым у 1995. Найб. дынамічна самадз. творчасць развіваецца ў Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абл. У апошнія гады ў структуры клубнай самадзейнасці павялічваецца ўдзельная вага дзіцячай самадзейнасці. Каля 14 тысяч разнапрофільных клубных фарміраванняў для дзяцей і падлеткаў аб’ядноўваюць каля 180 тыс. (гл.табл. 2). З 3584 драм. калектываў 2123 дзіцячыя. У дамах і палацах культуры пашыраецца выкананне духоўных песнапенняў, якое раней існавала толькі ў сценах цэркваў. Дзіцячыя хары гэтых устаноў удзельнічаюць у фестывалях правасл. песнапенняў, якія штогод праводзяцца ў Мінску. Пэўныя змены адбываюцца і ў жанрава-відавой структуры клубнай самадзейнасці. У яе асн.традыц. жанрах (харавыя, тэатр., танцавальныя калектывы) з канца 1990-х г. набылі вял. пашырэнне і папулярнасць камерныя ансамблевыя формы самадз. творчасці з пераважным выкарыстаннем нац. рэпертуару. Склаліся нетрадыц. для самадзейнасці фальклорныя гурты несцэнічнай (ці не толькі сцэнічнай) арыентацыі, шматлікія вакальна-інстр. ансамблі, рок-групы, тэатры-студыі і інш. Некалі заідэалагізаваныя агітбрыгады паступова трансфармуюцца ў маладзёжныя тэатры мініяцюр і інш. Самым распаўсюджаным становіцца вакальна-харавы жанр самадзейнай творчасці, які налічвае больш за 8 тыс. калектываў, з іх 482 маюць найменні ўзорных, народных.
Званне «Заслужаны аматарскі калектыў» маюць: нар. ансамбль танца «Радасць» Брэсцкага гар. дома культуры, нар. вакальна-харэаграфічны ансамбль «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры, нар. ансамбль бел. песні «Церніца» Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў, нар. фальклорны гурт «Журавінка» Слабадскога сельскага дома культуры Лельчыцкага р-на і інш. У 2003 у сістэме Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь налічвалася больш 1028 інстр. калектываў, у т. л. 334 дзіцячыя. Папулярныя разнастайныя формы інстр. жанру — духавыя аркестры, брас-шоу-ансамблі, аркестры нар. інструментаў і ансамблі нар. музыкі, эстрадныя і эстрадна-сімфанічныя аркестры, ансамблі старадаўняй музыкі, інстр. ансамблі самага рознага спалучэння, рок-групы, якія звяртаюцца да нар.-інстр. музыкі. Пры палацах і дамах культуры, сельскіх клубах, цэнтрах культуры і арганізацыі вольнага часу існуюць шматлікія танцавальныя калектывы. У 2003 ва ўстановах клубнага тыпу Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь налічвалася 2496 харэаграфічных калектываў з агульнай колькасцю ўдзельнікаў 33 тыс.чал. З іх 101 калектыў мае найменні народны і ўзорны. Сярод іх ансамблі «Радасць» з Брэста, «Палессе» з Пінска, «Камарыкі» з Віцебска, «Сябры» з Гродна, «Крэсавы забавы» з Ліды і інш. Арганізуюцца іх рэгіянальныя агляды-конкурсы — «Залатая пчолка» (Клімавічы), абл. фестываль нар. танца імя І.А.Серыкава (Гарадок), фестываль дзіцячых харэаграфічных калектываў «Карагод сяброў» (Мінская вобл.); міжнар. фэсты «Сожскі карагод» (Гомель) і інш.
Лепшыя калектывы знаёмяць з непаўторнай муз.-пластычнай культурай беларусаў і гледачоў замежных краін (Францыя, Германія, Польшча, Галандыя, Аўстрыя і інш.). У структуры тэатр. самадзейнасці каля 200 драм. тэатраў лялек, мініяцюр, пантамімы і інш., якія маюць найменні народных і ўзорных. Спрыяльнай глебай для перспектыўнага развіцця тэатр. аматарства з’яўляюцца амаль 3,5 тыс.тэатр.-драм. гурткоў, пераважная большасць якіх працуе ў сельскай мясцовасці і малых гарадах, дзе няма тэатр. устаноў. Самадз. творчасць фарміруе новыя мадэлі сацыякульт. дзейнасці і становіцца сац. і культ. базай для разнастайнага творчага быцця ў аматарскай маст. і сац. творчасці. На фоне шэрагу дэструктыўных з’яў (захапленне кіч-серыйнай культ. прадукцыяй, дэсацыялізацыя моладзі, страта імунітэту да псеўдакультуры) нар. творчасць як поліфункцыянальны, дынамічны феномен выступае адным з гал. механізмаў эстэт. выхавання насельніцтва.
Літ.:
Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. М., 1996;
Нацыянальная палітыка і міжнацыянальныя адносіны на Беларусі ў XX стагоддзі: Зб.навук.арт.Мн., 1997;
Смолік А.І. Сацыядынаміка культуры ў посткатастрофным соцыуме. Мн., 1999;
Беларуская культура сёння: Гадавы агляд (2002). Мн., 2003;
Парашкоў С.А. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Магілёў, 2003;
Скараходаў У.П. Сацыядынаміка культуры сучаснай Беларусі. Мн., 2003.
С.Ф.Дубянецкі, Э.С.Дубянецкі.
Табліца 1 Установы клубнага тыпу Беларусі паводле падпарадкаванасці
1980
1990
1995
2000
2003
Усяго ўстаноў клубнага тыпу,
6311
6030
4858
4654
4234
у т. л.:
у сельскай мясцовасці
5456
5147
4205
4043
3653
у гарадскіх паселішчах
855
883
653
611
581
Установы клубнага тыпу Міністэрства культуры
5161
5030
4399
4270
3917
Установы клубнага тыпу прафсаюзных арганізацый
737
773
268
153
90
Установы клубнага тыпу сельскагаспадарчых арганізацый
325
139
29
22
12
Установы клубнага тыпу арганізацый іншых органаў кіравання
88
88
162
209
213
Табліца 2 Дзейнасць устаноў клубнага тыпу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у 2003
Усяго
У тым ліку
у гарадскіх паселішчах
у сельскай мясцовасці
Колькасць клубных аб’яднанняў
28 789
7288
21 501
у т. л. для дзяцей
14 446
2963
11 483
Колькасць удзельнікаў у іх, тыс.
379,6
156,4
223,2
з іх дзяцей
180,4
60,1
120,3
Колькасць канцэртаў, спектакляў самадзейных калектываў
69 812
20 068
49 744
Колькасць тэатралізаваных свят, абрадаў, прадстаўленняў
27 930
6902
21 028
Колькасць выставак твораў народнай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва
20 609
3430
17 179
Колькасць іншых мерапрыемстваў
46 8492
66 697
401 795
Дом культуры ў Слоніме.Фальклорна-этнаграфічны ансамбль БДУ «Неруш».Лучнікоўскі фальклорны ансамбль песні і танца «Слуцкія паясы».