КАРПАГО́Н (ад грэч. karpos плод + gonos семя),

жаночы палавы орган чырв. водарасцей. Мае бутэлькападобную форму; складаецца з ніжняй (брушной) ч. і вузкай верхняй (трыхагіны). Пасля апладнення яйцаклеткі трыхагіна адмірае, а ў брушной ч. ўтвараюцца карпаспоры, якія могуць размяшчацца на канцах клетачных нітак, што вырастаюць з яйцаклеткі.

т. 8, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЭНО́ІД (ад лац. catena ланцуг + eidos выгляд),

паверхня, утвораная вярчэннем ланцуговай лініі. Належыць да мінімальных паверхняў (сярод усіх паверхняў, абмежаваных зададзенай крывой, маюць найменшую плошчу). Форму К. набывае мыльная плёнка, «нацягнутая» на 2 драцяныя кругі, плоскасці якіх перпендыкулярныя да лініі, што злучае іх цэнтры.

Да арт. Катэноід.

т. 8, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎЗАЛГІ́Я (ад грэч. kausis смыленне, пякота + algas боль),

цяжкі балявы болевы* сіндром у чалавека, што развіваецца пры траўмах (пераважна раненнях) перыферычных нервовых ствалоў сярэдзіннага і вялікабярцовага нерваў. Характарызуецца інтэнсіўнымі пякучымі болямі скуры, сасударухальнымі і трафічнымі парушэннямі ў зоне інервацыі пашкоджанага нерва. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., хірург. апрацоўка раны.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАДАГЕНЕ́З (ад грэч. klados галіна + ...генез),

форма эвалюцыі арганізмаў, што праз адаптыўную радыяцыю прыводзіць да ўтварэння з адной групы (таксона) некалькіх у межах папярэдняга ўзроўню арганізацыі. Тэрмін «К.» прапанаваны ням. біёлагам Б.​Рэншам (1947). Уключае ўсякае павелічэнне разнастайнасці форм у працэсе эвалюцыі. Паняцце К. блізкае да ідыяадаптацыі.

т. 8, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІР (ад грэч. klēros жэрабя),

у хрысціянскай царкве сукупнасць свяшчэннаслужыцеляў (святароў, епіскапаў) і царкоўнаслужыцеляў (псаломшчыкаў, дзякоў і інш.); тое, што і духавенства. У раннім хрысціянстве азначала апостальскае прызванне. Потым стала ўжывацца ў значэнні «духавенства» да тых асоб, якія былі выбраны па жэрабю ў якасці служыцеляў культу.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЖАЛЬ,

ільняное валакно вышэйшай якасці, атрыманае пасля часання кудзелі на грэбені. К., што прызначаўся для вырабу тонкіх наміткавых тканін, дадаткова часалі шчоткай са свіной шчаціны. Гатовы К. скручвалі ў трубку і захоўвалі да прадзіва. К. называлі таксама ніткі з такога валакна і палатно з такіх нітак.

т. 8, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЙДА,

паласа ўвільготненых нізінных раўнін уздоўж узбярэжжаў мораў на Пн Расіі, што заліваецца вадой пры высокіх прылівах і высыхае пры адлівах. Шырыня да некалькіх кіламетраў. Часта ўкрыта лугавой і балотнай галафітнай расліннасцю. У шырокім разуменні Л. — плоскі забалочаны ўчастак тундры і лесатундры са шматлікімі дробнымі азёрамі.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСЦІ́КС,

смала масцікавага дрэва роду фісташка. Атрымліваецца падсочкай ствалоў. Мае смаляныя к-ты (каля 42%), інертныя вуглевадароды (каля 50%), эфірныя алеі (2—3%) і інш. Антысептык, аснова, што звязвае лекі ў пілюлях і пластырах. Раствор М. ў шкіпінары выкарыстоўваецца для аховы твораў жывапісу, развядзення маст. алейных фарбаў.

т. 10, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ГА... (ад грэч. megas вялікі), 1) першая састаўная частка складаных слоў, што паказвае на вял. памер чаго-небудзь (напр., мегаспора, мегаліты).

2) Дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў кратных адзінак, роўных 10​6 зыходным адзінкам. Пазначаецца М. Напр., 1 МВт = 10​6 Вт, 1 МэВ = 10​6 эВ.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРЫ́ЧНЫ ВЕРШ,

верш, у аснове якога ляжаць метрычныя прынцыпы арганізацыі вершаванага радка (гл. Метр у вершаскладанні). Да яго адносяцца ўсе віды вершаў ант. (метрычнай) і сілаба-танічнай сістэм вершаскладання. Як яго процілегласць існуе дысметрычны верш, што ўключае формы верша (сілабічны, танічны, свабодны), у якіх не вылучаюцца стопы.

В.​П.​Рагойша.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)