ГРАМАДЗЯ́НСКІ КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, цывільны кодэкс Рэспублікі Беларусь,
сістэматызаваны адзіны заканадаўчы акт, які рэгулюе маёмасныя і звязаныя з імі асабістыя немаёмасныя адносіны, што ўзнікаюць з удзелам юрыд. асоб і грамадзян. Дзеючы кодэкс прыняты Вярх. Саветам Беларускай ССР 11.6.1964. Складаецца з 564 артыкулаў, 43 глаў і 8 раздзелаў. Законам ад 3.3.1994 у яго ўнесены пэўныя змены і дапаўненні, выключаны артыкулы, што супярэчылі новаму заканадаўству, і ўсе нормы права, якія прадугледжвалі прымяненне на тэр. Беларусі цывільнага заканадаўства СССР і інш. саюзных рэспублік. Камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве сумесна з урадам і зацікаўленымі ведамствамі даручана падрыхтаваць праект новага Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік стараж.-рус. дойлідства 12 ст. Пабудавана майстрамі Гродзенскай школы дойлідства. Пашкоджана пажарам у 1654. Рэшткі яе выяўлены археолагамі ў 1980 на тэр.Гродзенскага манастыра базыльянак.
6-слуповы 3-нефавы храм меў 3 прамавугольныя ў плане апсіды са зрэзанымі вугламі. Сцены (таўшчыня 1—1,1 м) складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. У верхнія часткі сцен і скляпенні былі ўмураваны керамічныя збаны (галаснікі). Фасады былі аздоблены лапаткамі, маёлікавымі пліткамі квадратнай і трапецападобнай формы, устаўкамі з абчасаных паліраваных валуноў. Падлога, выкладзеная маёлікавай пліткай жоўтага, зялёнага і карычневага колеру разнастайнай формы, сваім малюнкам нагадвае падлогу Гродзенскай Ніжняй царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ШЫН (Сяргей Уладзіміравіч) (18.3.1917, в. Фаміно Дарагабужскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 25.6.1994, адзін з кіраўнікоў партыз. барацьбы на Смаленшчыне і Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Канд.ваен.н. (1964). Скончыў Дарагабужскае пед. вучылішча (1935),
ваен. акадэміі імя Фрунзе (1947) і Генштаба (1955). З 1939 у Чырв. Арміі. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце, камандзір танк. ўзвода. З чэрв. 1942 камандзір партыз. палка (з чэрв. 1944 злучэння) «Трынаццаць», які з крас. 1943 дзейнічаў на тэр. Беларусі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваен.навуч. установах, у 1955—58 нач. аддзела штаба арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГАНАШЧА́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Выганаўскае возера,
у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., на водападзеле р. Шчара і Ясельда, за 37 км на У ад г. Івацэвічы, на тэр. гідралагічнага заказніка Выганашчанскае. Пл. 26 км², даўж. 7 км, найб.шыр. 4,8 км, найб.глыб. 2,3 м, даўж. берагавой лініі 21 км. Пл. вадазбору 87,1 км². Схілы катлавіны спадзістыя, пераважна забалочаныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, у зах.ч. шматлікія мелі. З Пн на Пд возера перасякае Агінскі канал. Вылучаецца відавым багаццем вышэйшых водных раслін і наяўнасцю прыбярэжнай разнатраўна-асакова-злакавай сплавіны шыр. да 150 м. Мноства вадаплаўных птушак. Зарастае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),
незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл.Зорнае неба.
Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ ПРО́МЫСЕЛ,
тэхналагічны комплекс для здабычы і збору прыроднага газу з плошчы радовішча, апрацоўкі газу і кандэнсату для падрыхтоўкі іх да транспарціроўкі. Камунікацыі і збудаванні газавага промыслу падзяляюць на асноўныя (эксплуатацыйныя, назіральныя і разведачныя свідравіны, газазборныя калектары, кампрэсарныя станцыі і інш.) і дапаможныя (энергет. гаспадарка, водазабеспячэнне, сувязь, майстэрні і інш.). Колькасць, характар і магутнасць збудаванняў газавага промыслу залежаць ад геолага-эксплуатацыйнай характарыстыкі радовішча. На Беларусі газавы промысел (на тэр. Гомельскай вобл.) прызначаны для спадарожнай здабычы і транспарціроўкі газу; створана закрытая (герметызаваная) сістэма нафтагазазбору (мінімізуе страты і забруджванне навакольнага асяроддзя). Перапрацоўку газу ажыццяўляе Беларускі газаперапрацоўчы завод у г. Рэчыца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЫРЛЕВА́НГЕР»
(«Dirlewanger»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Смалявіцкім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл. Адбылася ў 2-й дэкадзе сак. 1943. Паводле загаду нач. паліцыі бяспекі і СД оберштурмбанфюрэра СС Штрауха праводзіў аперацыю асобы батальён СС пад камандаваннем оберштурмбанфюрэра СС А.Дырлевангера з дапамогай каманды СД і каманды радыёсувязі «Пайгот». Па няпоўных звестках, гітлераўцы праводзілі аперацыю ў вёсках Дуброўка, Ляды, Прылепы, Халмецічы. Вёска Прылепы была спалена, 29 яе жыхароў расстраляны, 22 сак. спалена разам з жыхарамі в.Хатынь, на месцы якой створаны мемар. комплекс Хатынь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКРЭ́ТНЫ ЧАС,
зменены паясны час на 1 гадз уперад з мэтай больш рацыянальнага выкарыстання светлай часткі сутак. У СССР уведзены ў 1930. Д.ч. другога гадзіннага пояса лічыцца маскоўскім, апераджае сусветны час на 3 гадз. Парадак падліку Д.ч.: паясны час плюс 1 гадз. (пастаянна на працягу года) з дадатковым пераводам гадзіннай стрэлкі на 1 гадз уперад у летні час. Перавод адбываецца ўначы з апошняй суботы на нядзелю ў сакавіку і адпаведна на 1 гадз назад у кастрычніку. Тэр. Беларусі ўваходзіць у другі гадзінны пояс. За аснову Д.ч. ўзяты паясны, таму маскоўскі час апераджае беларускі на 1 гадз. Парадак пераводу гадзіннай стрэлкі ў летні час застаўся той самы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная вотчына князёў Гальшанскіх у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. Цэнтр — Гальшаны. Займала першапачаткова тэр. міжрэчча Віліі і Нёмана, у 15 ст. распасціралася з Пн на Пд ад Вількаміра (цяпер г. Укмерге, Літва) і Паставаў да Глуска і Турава, з У на З ад Мінска да Мастоў. Упершыню ўпамінаецца ў крыніцах каля 1280, калі Гольша «замак сталічны княства свайго заснаваў на рэчцы Карабель». Князі Гальшанскія доўгі час займалі высокія пасады ў ВКЛ, у 1440 і 1492 у Гальшанах адбыліся нарады для выбараў кандыдатаў на велікакняжацкі прастол. У сярэдзіне 16 ст. большасць радавых уладанняў Гальшанскіх перайшла да Сапегаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НГСКІ АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН,
у цэнтральнай частцы Паўд. Азіі, на тэр.паўд.-ўсх. Індыі, Бангладэш, Непала, Бутана, часткова зах. Кітая і паўн. і ўсх. М’янмы. Пл. 1,86 млн.км². Размешчаны ў паўн.ч. Індастанскай платформы, уключае Перадгімалайскі і Перадараканскі краявыя прагіны; гал. ваданосныя гарызонты — чацвярцічныя пралювіяльныя адклады акумулятыўнай раўніны р. Ганг. Напорныя воды на глыб. да 15 м. Дэбіты свідравін ад 5—6 да 30 л/с. Мінералізацыя вады ніжэй за 1 г/л. Жыўленне басейна за кошт інфільтрацыі атм. ападкаў, рачных і расталых вод ледавікоў, кандэнсацыі вільгаці з паветра. Эксплуатацыйныя рэсурсы падземных вод для б.ч. басейна каля 7400 км³/год.