ГАЛАКУ́ЧНІК (Gymnokarpium),

род папарацей сям. шчытоўнікавых, або апсідыевых. 10 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляюцца галакучнік трохраздзельны, або папараць Лінея (Gymnokarpium dryopteris), што расце групамі або зараснікамі ў хвойных (пераважна яловых) лясах, лясных ярах, і галакучнік Роберта (Gymnokarpium robertianum), які зрэдку трапляецца ў паўн. раёнах на вапнавых агаленнях у хвойных лясах.

Шматгадовыя папараці з тонкімі, часта галінастымі паўзучымі карэнішчамі, укрытымі светла-карычневымі шырокаяйцападобнымі лускавінамі. Лісце адзіночнае, прамастойнае, трохраздзельнае з двойчыперыстай пласцінкай, на ніжнім баку якой размешчаны сорусы са спорамі. Спараносяць у чэрв.—ліпені. Дубільныя і дэкар. расліны.

Галакучнік трохраздзельны.

т. 4, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЖЫЦ (Валянцін Канстанцінавіч) (9.3.1904, Хельсінкі — 29.12.1964),

бел. жывапісец і педагог. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1926), Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Ленінградзе (1930). Выкладаў у Віцебску ў маст. вучылішчы (1931—41) і пед. ін-це (1948—64). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «Сустрэчны», «Дэпо» (абодва 1932), «Аднаўленне моста ў Віцебску» (1935), «Горад зімой» (1937), «Зімовы пейзаж», «Апошнія пешаходы» (абодва 1946), «9 студзеня» (1947), «Надыход вясны», «Паводка» (абодва 1956), «На Віцебскай прыстані», «Раніца на Віцьбе» (абодва 1958), «Адліга», «Сакавік» (абодва 1960), «Лес — Віцебску» (1961) і інш.

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЧЫНАРАЗВЯДЗЕ́ННЕ,

штучнае развядзенне паляўнічай птушкі і часткова млекакормячых (пераважна зайцоў) для павелічэння іх колькасці ў паляўнічых угоддзях. Заключаецца ў гадоўлі племянных птушак у гадавальніках, інкубаванні іх яек і вырошчванні птушанят да пэўнага ўзросту, пасля чаго іх выпускаюць ва ўгоддзі. Дз. развіта ў многіх краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, дзе стала асн. спосабам узнаўлення дзічыны. Дазваляе падтрымліваць на аптымальным узроўні колькасць жывёл і ствараць устойлівыя папуляцыі каштоўных відаў, вырашаць асобныя праблемы аховы жывёл. На Беларусі гал. аб’екты Дз. — качка, фазан, глушэц. Пытанні Дз. распрацоўваюць у запаведніках, нац. парках і асобных паляўнічых гаспадарках.

т. 6, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮР (Мікалай Восіпавіч) (17.12.1807, С.-Пецярбург — 28.5.1839),

рускі акцёр. Выхаванец Пецярбургскага тэатр. вучылішча (1816—29). У 1829 прыняты ў Пецярбургскі т-р. Спачатку выконваў невял. ролі ў трагедыях, меладрамах. операх (партыі барытона). З 1831 выступаў пераважна ў вадэвілях. Жывасць і прастата ігры. прыгожы голас, уменне танцаваць і свабодна трымацца на сцэне прынеслі яму асаблівы поспех у ролях «свецкіх ветрагонаў» і «камічных старых»: Фрэйтаг, Макар Губкін («Дзяўчына-гусар», «Студэнт, артыст, харыст і аферыст» Ф.​Коні), Жавіяль («Страпчы пад сталом» Дз.​Ленскага) і інш. Першы выканаўца ролі Хлестакова («Рэвізор» М.​Гогаля).

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́КЛА, дзякло,

прадуктовая рэнта (натуральны аброк) за зямельны надзел, якая збіралася на карысць землеўладальніка з сялян у ВКЛ. Дз. здавалі збожжам (пераважна жытам і аўсом, радзей ячменем і пшаніцай), інш. с.-г. прадуктамі або грашыма (па жаданні ўладальніка). Да валочнай памеры адзінкай абкладання былі дварышча і служба, пазней — валока і дым. Памер Дз. ў розных уладаннях вагаўся, найб. пашыранае — па 1—2 бочкі жыта і аўса. З развіццём таварна-грашовых адносін у 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. паступова выцеснена адработачнай і грашовай рэнтамі.

В.​І.​Мялешка.

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ,

гідралагічны заказнік на тэр. Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Створаны як азёрны заказнік для аховы азёр і прылеглых прыродных комплексаў у 1979. Пл. 3,3 тыс. га (1997). Размешчаны на ПнУ Свянцянскіх град. Уключае Доўгае возера, воз. Псуя (бас. р. Зах. Дзвіна) і прылеглую частку вадазборнай плошчы. Лясы (у асноўным елка з дамешкам бярозы і асіны) пераважна ў паўд.-ўсх. ч. Трапляюцца хвойнікі, у лагчынах — шэраалешнікі. Лясістасць 15%, па берагах — 25%. У далінах рэк невял. лугі. У фітапланктоне воз. Доўгае выяўлена рэдкая водарасць асцыляторыя чырванаватая.

т. 6, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,21 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 240 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 3 км. Пл. вадазбору 5,8 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м (на 3 да 6 м), пераважна пад хмызняком, на З месцамі разараныя. Берагі высокія, на У зліваюцца са схіламі, на Пд і З месцамі сплавінныя. На Пн упадае ручай з воз. Рукшанскае, злучана ручаём з воз. Плацішна.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́МЛІНЫ (англ. drumlin, адз.л.),

прадаўгавата-авальныя ўзгоркі, выцягнутыя па падоўжнай восі ў напрамку руху б. ледавіка. Даўж. ад некалькіх соцень метраў да 2—3 км, шыр. ад 100 да 400 м, выш. ад 5 да 45 м. Складзены пераважна з асн. марэны, часта маюць ядро з флювіягляцыяльных пяскоў ці карэнных парод. Паходжанне Д. найчасцей звязваюць з працэсамі падлёднай акумуляцыі і ледавіковай эрозіі. Месцамі Д. ўтвараюць т.зв. друмлінавыя палі, у самым вял. з іх (штат Нью-Йорк, ЗША) каля 10 тыс. Д. На Беларусі Д. трапляюцца ў Паазер’і.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫН (Drini),

рака ў Албаніі (вытокі ў Македоніі і Югаславіі). Утвараецца з сутокаў Чорнага і Белага Д. Даўж. 148 км, разам з Чорным Д. 281 км, пл. бас. 12,6 тыс. км². Асн. выток (Чорны Д.) пачынаецца ў Ахрыдскім воз., Белы Д. — у Паўн.-Албанскіх Альпах. Цячэ пераважна ў адгор’ях Паўн.-Албанскіх Альпаў, у нізоўі, на прыморскай нізіне, падзяляецца на 2 рукавы. Паўд. рукаў упадае ў Дрынскі зал. Адрыятычнага м., паўн. — у р. Буна. Сярэдні расход вады 290 м³/с. Суднаходная ў нізоўі. Выкарыстоўваецца для арашэння. На Д. горад Кукес (Албанія).

т. 6, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДА́РАВА (Вераніка Барысаўна) (н. 5.12.1916, Баку),

расійскі дырыжор. Нар. арт. Расіі (1960). Нар. арт. СССР (1977). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1947). З 1947 дырыжор, у 1960—89 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Маскоўскага дзярж. сімф. аркестра. Выступала з многімі інш. калектывамі, у т. л. Дзярж. акад. сімф. аркестрам СССР, аркестрамі Маскоўскай і Ленінградскай філармоній, лепшымі харамі Расіі. Яе творчасці ўласцівы яркі тэмперамент, своеасаблівы творчы почырк у інтэрпрэтацыі твораў. У рэпертуары пераважна сімф. музыка рус. класікаў (С.​Рахманінава, А.​Скрабіна, П.​Чайкоўскага) і сучасных рас. кампазітараў. Дзярж. прэмія Расіі 1980.

т. 6, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)