жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае ваенныя сцэны і баявыя дзеянні. Яму ўласцівае імкненне паказаць найб. важныя ці характэрныя моманты бітваў, перадаць іх пафас, героіку, часам раскрыць і гіст. сэнс ваен. падзей. Батальныя сцэны могуць быць пабудаваны на гіст., дакументальна пацверджаных фактах, што збліжае батальны жанр з гістарычным жанрам, і на фалькл. матэрыяле (легенды, паданні, прытчы і гэтак далей). Батальны жанр уключае таксама паказ паўсядзённага жыцця арміі і флоту (у паходах, казармах, лагерах), што набліжае яго да бытавога жанру. Значная роля ў батальным жанры адводзіцца пейзажу. У працэсе развіцця ў станковых формах жывапісу і графікі батальны жанр наблізіўся да алегорыі, прытчы, набыў акцэнтаваны філас. падтэкст. Ён значна змяніўся, захаваўшы першапачатковую паэтыку і стылістыку ў панараме і дыяраме.
Батальныя сюжэты вядомыя з глыбокай старажытнасці: сцэны перамог над ворагам, алегарычныя і сімвалічныя вобразы ў рэльефах, размалёўках і дробнай пластыцы Стараж. Егіпта, Двухрэчча, Ірана; у расфарбоўцы вазаў, скульпт. кампазіцыях франтонаў храмаў, кампазіцыях рэльефаў і жывапісе Стараж. Грэцыі; у эліністычным мастацтве (рэльефы Пергамскага алтара); рэльефах і карцінах з адлюстраваннем бітваў і трыумфаў Стараж. Рыма; у мастацтве скіфаў, стараж. цывілізацый Амерыкі. У сярэднявеччы батальна-гіст. сюжэты пашыраны ў еўрап. і ўсх. кніжнай мініяцюры, у абразах (найб. выразна пасля 15 ст.), дэкар.-прыкладным мастацтве, рэльефах Кітая і Камбоджы, інд. размалёўках, японскім жывапісе. У эпоху Адраджэння мемар. кампазіцыі ў гонар ваен. перамог стваралі Джота, Паала Учэла, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Тыцыян, Я.Тынтарэта. У 17 ст. значную ролю ў станаўленні батальнага жанру адыгралі творы Д.Веласкеса, П.П.Рубенса, графіка Ж.Кало. У гэты час сфарміраваліся асн. тыпы кампазіцыйнай будовы твораў батальнага жанру: умоўна-алегарычная кампазіцыя з выявай палкаводца на фоне бітвы (Ш.Лебрэн, Францыя), невял. батальная карціна з эфектнай дакументальна-хранікальнай выявай кавалерыйскага бою ці эпізодамі ваен. побыту (С.Роза, Італія; Ф.Ваўэрман, Галандыя), сцэны марскіх баёў (В. Ван дэ Велдэ, Галандыя). У 18 ст. батальны жанр пашыраны ў мастацтве Францыі (А.Вато), Расіі (І.Нікіцін, А.Зубаў, Р.Угрумаў), Амерыкі (Б.Уэст, Дж.С.Коплі, Дж.Трамбал). У 19 ст. ў батальным жанры працавалі А.Гро, Т.Шарле, А.Рафэ, А.Вернэ (Францыя), А.Адам (Германія), Ф.Гоя (Іспанія), П.Міхалоўскі, Я.Матэйка, А.Арлоўскі (Польшча), Г.Ваперс (Бельгія), М.Алеш, Я.Чэрмак (Чэхія), В.Машкоў, Б.Вілевальдэ, А.Кацэбу (Расія). З канца 19 ст. ў батальным жанры ўсё большая ўвага аддаецца адлюстраванню складаных псіхал. і філас. праблем: творы А.Менцэля (Германія), Дж.Фаторы (Італія), У.Хомера (ЗША), М.Герымскага (Польшча), М.Грыгарэску (Румынія), Я.Вешына (Балгарыя), Э.Дэтая, А.Нёвіля (Францыя), І.Айвазоўскага, А.Багалюбава, В.Паленава, В.Верашчагіна, А.Кіўшэнкі, В.Сурыкава (Расія). У 20 ст., насычаным войнамі і рэвалюцыямі, карэнныя змены адбываюцца і ў батальным жанры: пашыраюцца яго межы і тэматычны дыяпазон, узмацняецца гісторыка-філас. падтэкст. У батальным жанры працуюць О.Дзікс і К.Кольвіц (Германія), Ф.Мазерэль (Бельгія), М.Грамер і Т.Стэйнлен (Францыя), Ф.Ходлер (Швейцарыя), Л.Бабіч, І.Мештравіч (Харватыя), Н.Петравіч (Сербія), Ф.Брэнгвін (Англія), О.Какошка (Аўстрыя), Р.Гутуза (Італія), Марукі Іры, Марукі Тасіка (Японія), К.Пятроў-Водкін, М.Грэкаў, А.Дайнека, А.Бубнаў (Расія).
У бел. мастацтве батальныя кампазіцыі вядомыя ў творах дробнай пластыкі (пач. 12 ст.), мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу (15 ст.), абразках (15—16 ст.), стылізаваных выявах бел. воінаў на кафлі 16 ст., гравюрах Ф.Скарыны, М.Цюнта (16 ст.), Л.Хршчановіча, Г.Келера, В.Хондыуса, ілюстрацыях М.Вашчанкі (17 ст.), манум. жывапісе 17—18 ст. У жывапісе найб. ранні з вядомых твораў батальнага жанру — «Бітва пад Оршай» (каля 1515), блізкі па стылістыцы да твораў еўрап. Адраджэння (дакладнасць у паказе адзення, панарамы бітвы, тыпажу). У 17 ст. серыю малюнкаў і карцін на тэмы ваен. паходаў кн. Я.Радзівіла стварыў А. ван Вестэрфельд. Батальныя сцэны адлюстраваны на шпалерах Карэліцкай мануфактуры (18 ст.). У 19 ст. батальныя кампазіцыі ў жывапісе стваралі В.Ваньковіч, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі, В.Дмахоўскі, у графіцы — М.Кулеша, К.Кукевіч, Я.Дамель, Э.Андрыёлі, Ю.Фалат, А.Гротгер. У жывапісе, графіцы і скульптуры 1-й трэці 20 ст. да батальнага жанру звярталіся В.Волкаў, Я.Зайцаў, П.Гаўрыленка, М.Манасзон, І.Гембіцкі, А.Жораў. Вобразы і падзеі нац. гісторыі адлюстраваны ў творах М.Філіповіча, П.Сергіевіча. Героіка-рамантычны апавядальны характар уласцівы кампазіцыям у жывапісе, графіцы і скульптуры 1940 — пач. 1960-х г. (творы І.Ахрэмчыка, Г.Бржазоўскага, М.Гуціева, І.Давідовіча, Я.Зайцава, С.Раманава, У.Сухаверхава, У.Хрусталёва, Я.Ціхановіча, А.Шыбнёва; скульптуры З.Азгура, А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава). Пошукі новых стылістычных рашэнняў у 1970-я г. вылучаюць творы батальнага жанру М.Савіцкага, В.Грамыкі, Г.Вашчанкі, А.Анікейчыка. У 1980-я г. — пач. 1990-х г. у батальным жанры павялічваецца колькасць сімволіка-алегарычных элементаў, прытчавых вобразаў (жывапіс Б.Аракчэева, Ф.Бараноўскага, І.Белановіча, М.Глушко, А.Марачкіна, У.Мінейкі, П.Свентахоўскага, І.Стасевіча, І.Ціханава, Г.Ціхановіча, М.Якуніна; графіка Л.Асецкага, У.Басалыгі, С.Геруса, А.Дзямарына, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, А.Паслядовіч, М.Селешчука; скульптурныя кампазіцыі А.Бацвінёнка, А.Заспіцкага, А.Курачкіна, В.Палійчука; манум. жывапіс Л.Асядоўскага, У.Крываблоцкага, Савіцкага).
Літ.:
Садовень В.В. Русские художники-баталисты XVIII—XIX веков. М., 1955;
Бродский В. Советская батальная живопись. М.; Л., 1950;
Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;
Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка Мн., 1979;
Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Батальны жанр. Б.Аракчэеў. Гродзенскія гусары. Атака ў Клясціцах. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЫ́ МОЗГ,
пярэдні аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў поласці чэрапа; матэрыяльная аснова вышэйшай нервовай дзейнасці, галоўны рэгулятар усіх жыццёвых функцый арганізма і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.
Філагенетычна галаўны мозг фарміраваўся па шляху ўскладнення будовы і функцый пярэдняга канца нервовай трубкі ў цеснай сувязі з развіццём органаў пачуццяў (гл. ў арт.Цэфалізацыя). У беспазваночных яго ролю выконвае галаўны ганглій, асабліва развіты ў вышэйшых насякомых і малюскаў. Прымітыўны галаўны мозг вылучаецца ў папярэдніка пазваночных — ланцэтніка. У пазваночных жывёл ён ускладняўся з дыферэнцыяцыяй на аддзелы. Сапраўдны галаўны мозг упершыню выявіўся ў кругларотых з падзелам яго на слабадыферэнцыраваны пярэдні мозг (забяспечвае функцыю нюху), сярэдні мозг (уключае вышэйшыя зрокавыя цэнтры), задні мозг (з пачатковай дыферэнцыяцыяй на прадаўгаваты мозг і мазжачок). У рыб інтэнсіўна развіваецца і мазжачок. Выхад пазваночных на сушу абумовіў пераразмеркаванне ролі асобных аддзелаў галаўнога мозга: у земнаводных і рэптылій аб’ёмная доля задняга мозга невялікая, у павялічаным сярэднім мозгу з’яўляюцца адпаведна двух- і чатырохбугор’е; у рэптылій пярэдні мозг дыферэнцыруецца на прамежкавы мозг і 2 паўшар’і канцавога мозга. У птушак развіваюцца глыбокія аддзелы пярэдняга мозга і мазжачок; у млекакормячых — кара вялікіх паўшар’яў (пярэдні і задні мозг дыферэнцыруецца). Антагенетычна галаўны мозг — вытворнае мазгавых пузыроў, поласці якіх развіваюцца ў жалудачкі мозга; эвалюцыйнае ўскладненне будовы галаўнога мозга прасочваецца ў працэсе эмбрыянальнага развіцця жывёл.
У чалавека галаўны мозг дасягнуў найвышэйшай ступені развіцця за кошт павелічэння масы, ускладнення будовы і функцый вял. паўшар’яў, марфал. і функцыян. злучаных пучком нерв. валокнаў — мазолістым целам. Ніжнія аддзелы галаўнога мозга ўтвараюць ствол мозга, які пераходзіць у спінны мозг. Вялікія паўшар’і, падзеленыя глыбокай шчылінай на правае і левае, утвараюць вялікі, або канцавы мозг — аддзел галаўнога мозга, большы за ўсе астатнія. Паверхня яго ў чалавека і буйных жывёл мае звіліны і барозны (у чалавека самыя глыбокія падзяляюць паўшар’і на долі — лобную, цемянную, скроневую, патылічную), у дробных — гладкая. Верхні слой вял. мозга складаецца з шэрага рэчыва (у чалавека таўшчыня слоя 1—5 мм, пераважна нерв. клеткі), ніжэй знаходзіцца белае рэчыва (пераважна нерв. валокны), у тоўшчы якога вылучаюцца падкоркавыя вузлы, або базальныя гангліі (важнейшыя — паласатае цела, бледны шар), утвораныя шэрым рэчывам. У склад усіх структур галаўнога мозга ўваходзіць нейраглія. Да функцыянальна важных утварэнняў галаўнога мозга належаць таламус, гіпаталамус, эпіталамус, лімбічная сістэма і інш. Зверху галаўны мозг пакрыты цвёрдай павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі, прастора паміж якімі запоўнена цэрэбраспінальнай вадкасцю. Кровазабеспячэнне галаўнога мозга адбываецца праз пазваночныя і ўнутр.сонныя артэрыі. Адзін з асн. прынцыпаў работы галаўнога мозга — безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы, якія рэалізуюцца з удзелам экстрапіраміднай сістэмы і піраміднай сістэмы (ёсць толькі ў млекакормячых, найб. развітая ў малпаў і чалавека). Паміж часткамі галаўнога мозга назіраецца двух- і шматбаковая сувязь. Аналіз і сінтэз, перапрацоўка, захоўванне і выдача атрыманай ад рэцэптараў інфармацыі ажыццяўляюцца ў канцавым мозгу (кара вял. паўшар’яў, падкоркавыя структуры). Ацэнка інфармацыі магчыма дзякуючы працэсам памяці. Праз зыходныя ўплывы галаўны мозг кантралюе ўзбуджальнасць рэфлекторных аддзелаў спіннога мозга (гл.Вегетатыўная нервовая сістэма). У кары галаўнога мозга знаходзяцца цэнтры кіравання складанымі рухальнымі актамі, у прадаўгаватым — дыхання, сардэчнай дзейнасці, сасударасшыральны, глытання, жавання, сакрэцыі стрававальных залоз, потавыдзялення, рэгуляцыі мышачнага тонусу, кашлю і інш.Нерв. цэнтры шэрага рэчыва экраннага тыпу працуюць па прынцыпе дывергенцыі, нерв. цэнтры стваловай часткі ядзернага тыпу — па прынцыпе канвергенцыі. Гіпаталамус — вышэйшы цэнтр рэгуляцыі вегетатыўных функцый, месца ўзаемадзеяння нерв. і эндакрыннай сістэм, эпіталамус — цыркадных рытмаў. Нармальная работа галаўнога мозга магчыма пры пэўным узроўні ўзбуджальнасці яго асн. аддзелаў, які падтрымліваецца праз рэтыкулярную фармацыю, сімпатычную нервовую сістэму, мазжачок і спецыфічныя шляхі, што ідуць ад органаў пачуццяў, праз механізмы самарэгуляцыі тонусу кары вял. паўшар’яў. Здольнасць галаўнога мозга перапрацоўваць інфармацыю і ўвасабляць яе ў пэўныя рэакцыі арганізма забяспечвае ўсе віды вышэйшай нерв. дзейнасці, у т. л.мысленне, свядомасць. Функцыі галаўнога мозга могуць парушацца пры шкодных уздзеяннях (мех., фіз., хім., радыяцыйных) на яго ў цэлым або на пэўны ўчастак. Значную ролю ва ўзнікненні паталогіі галаўнога мозга маюць заганы развіцця ці пашкоджанні нерв. сістэмы ў перыяд эмбрыягенезу, расстройствы мазгавога кровазвароту (пры інсультах, атэрасклерозе, гіпертанічнай хваробе, анеўрызмах), запаленчыя працэсы (пры абсцэсах, арахнаідыце, менінгіце, менінгаэнцэфаліце, энцэфаліце), інфекц. і паразітарныя фактары (пры цыстыцэркозе, сіфілісе, эхінакакозе і інш.), чэрапна-мазгавыя траўмы, функцыян. расстройствы, парушэнні працэсаў самарэгуляцыі галаўнога мозга (неўрозы, псіхічныя хваробы і расстройствы) і інш.
Па агульнай сярэдняй масе галаўны мозг дарослага чалавека (прыкладна 1500 г пры аб’ёме каля 1500 см³ і плошчы паверхні 1600—2000 см²) саступае толькі галаўному мозгу слана (каля 5700 т) і кіта (6000—7000 г). Адносная яго сярэдняя маса ў дачыненні да агульнай масы цела, т.зв. паказчык Рагінскага, у галаўнога мозга чалавека найвышэйшая — 32; у дэльфінаў — 16, у сланоў — 10,4, у малпаў — 2—4. Прамой залежнасці паміж памерамі галаўнога мозга і яго здольнасцямі да ажыццяўлення вышэйшай нерв. дзейнасці не ўстаноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭР’Е́Р (ад франц. interieur унутраны) у архітэктуры, унутраная прастора будынка або памяшкання.
Функцыян. прызначэнне вызначае яго арх. вырашэнне (памеры, прапорцыі) і характар убрання (мэбля, абсталяванне). Сінтэз арх. форм і манум.-дэкар. мастацтва стварае ў ім маст. вобраз — асяроддзе, здольнае выклікаць у чалавека пэўную эмацыянальную рэакцыю (грандыёзныя І. храмаў Стараж. Егіпта і сярэдневяковай Еўропы, пышныя залы італьян. палацца эпохі Адраджэння, парадныя І. рус. архітэктуры 18—19 ст.). Сродкі гэтага ўздзеяння: характар асяроддзя, асвятленне і колеравае вырашэнне, метрарытміка яго элементаў і іх падпарадкаванне зададзенаму маштабнаму строю. Для розных арх. стыляў характэрна пэўная планіровачная і прасторавая структура, канстр. сістэма, аддзелачныя матэрыялы, мэбля і інш. На Беларусі ў 11—12 ст. характар І храмаў вызначала сістэма масіўных слупоў і цыліндрычных скляпенняў, значную ролю адыгрывалі фрэскі. У 13—16 ст. І. замкаў, некат. культавых пабудоў адлюстроўваў абарончы характар раманскай і гатычнай архітэктуры. Значную дэкар. ролю мелі крыжовыя і зорчатыя скляпенні. З 16 ст. пад уплывам барока І. палацаў вызначаўся анфіладнай планіроўкай, багатым аздабленнем (творы жывапісу, маст. тканіны, шпалеры, разная мэбля, абліцаваныя кафляй каміны і інш.). У культавай архітэктуры павялічылася роля разных іканастасаў і алтароў са скульптурай. У І. класіцызму гарманічная строгасць форм, прапорцый, маштабнасці. Рысамі эклектыкі адзначаны І. 2-й пал. 19 ст., пач. 20 ст. — рысамі стылю мадэрн.
Традыцыйныя І. нар. жылля перыяду феадалізму вызначаўся сціпласцю, стрыманасцю, адсутнасцю аздаблення. У канцы 19 ст. ў І. з’яўляюцца мэбля, часта аздобленая разьбой, дэкар. тканіны, размалёўкі. Сучасны І. вызначаецца арган. спалучэннем традыц. прыёмаў і сродкаў аздаблення з новымі (маст. вырабы прамысл. характару, рэпрадукцыі з карцін і інш.). І. сучаснага гар. жылля ствараецца індустр. метадамі на аснове тыпізацыі элементаў жылога дома і яго абсталявання. З 1960-х г. у І. шырока выкарыстоўваюць металапластыку, кераміку, габелены, вітражы, мазаіку, сграфіта і інш. І. сучасных грамадскіх будынкаў вызначаюцца высокімі эстэт.-выразнымі якасцямі, выкарыстаннем найноўшых матэрыялаў і тэхналогій, спалучэннем сродкаў архітэктуры і выяўл. мастацтваў, сувяззю з нац. традыцыямі.
У выяўленчым мастацтве І. — жанр, які адлюстроўвае прастору грамадскіх, культавых, жылых, прамысл. і інш. памяшканняў Звязаны з адпаведным стылем эпохі, характарам жылля, спосабам жыцця гаспадара Часта спалучаецца з інш. жанрамі мастацтва як элемент вобразнага свету (быт. і гіст. жанры).
Элементы І. вядомы ў мастацтве Стараж. Егіпта і Двухрэчча, у ант. мастацтве (арх. кампазіцыі фрэсак у Пампеях з незвычайнай фантаст. перспектывай). У Італіі ў эпоху Адраджэння набыў рысы самаст. жанру (творы Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна і інш.). У І. нідэрл. мастакоў асн. ўвага аддавалася адлюстраванню свету жыцця гаспадара (творы Я. ван Эйка, Р. ван дэр Вэйдэна). Вял. значэнне для развіцця І. мела адкрыццё лінейна-геам. і паветр. перспектывы, распрацаванай Леанарда да Вінчы і А.Бальдавінеці, і адлюстраванне ў жывапісе трохмернай прасторы. У 17 ст. пашырыўся ў франц., англ., італьян. мастацтве, дасягнуў росквіту ў галандскім і флам. жывапісе (Я.Стэн., А. ван Астадэ). У рус. мастацтве 17—18 ст. выкарыстоўваўся ў якасці арх. фону ў абразах і фрэсках (т.зв. «нутровыя палаты») і выконваўся па законах адваротнай перспектывы. У еўрап. мастацтве 18 ст. цікавасць да адлюстравання І. ўзмацнілася ў час панавання сентыменталізму, што было звязана з імкненнем да перадачы ідэальнага асяроддзя і настальгіяй па мінулым. Успрымаўся як правобраз новага перспектывізму, часам уяўляў сабой умоўна пабудаваную перспектыўную схему з канкрэтнымі рэчамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. з аналітычнай дакладнасцю І. стваралі прадстаўнікі класіцызму (Ж.Л.Давід, Ж.А.Д.Энгр). Прадстаўнікі рэалізму аддавалі перавагу сац. характарыстыцы (Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле), прадстаўнікі рамантызму — суадносінам І. з характарам чалавека, прадстаўнікі імпрэсіянізму кадравалі прастору памяшканняў, якую адлюстроўвалі. Найб. росквіту дасягнуў у рус. жывапісе 1820—30-х г. (мастакі кола А.Венецыянава). З сярэдзіны 19 ст. ў развіцці жанру адбываецца пэўны спад; І. сталі больш эмацыянальныя, пачуццёвыя (творы П.Сезана, А.Тулуз-Латрэка, В. ван Гога, В.Сярова і інш.), у канцы 19 ст. — больш камерныя, ненаўмысна арганізаваныя («выпадковыя»). З’явіліся разнавіднасці І. (заводскі, інтымны і інш.). Цікавасць да І. як да самаст. жанру пабольшала ў 20 ст. (творы П.Сіньяка, А.Матыса, П.Пікасо, М.Урубеля і інш.). Вельмі пашыранай разнавіднасцю І. сталі кампазіцыі «ў майстэрні мастака».
У бел. мастацтве фрагменты І. трапляюцца ў фрэсках і абразах 16—18 ст., партрэтах і мініяцюрах 16—17 ст. Як самаст. жанр упершыню сустракаецца ў гравюрах канца 16 ст., пабудаваных па законах перспектывы. Найб. пашырэнне атрымаў у 19 ст. У творах І.Хруцкага, С.Жукоўскага, Ф.Гарэцкага, Б.Залескага асн. месца займае камерны, хатні І. з адлюстраваннем жылых пакояў («рэтраспектыўны» І.), які вылучаецца агульным настроем сумнага любавання мінулым, вытанчанасцю маст. стылю. У бел. мастацтве 20 ст. І. вял. пашырэння не меў і часта ператвараўся ў рэчава-прасторавы дадатак да кампазіцыі. Новы рост цікавасці да І. пачаўся з 1970-х г.Ён становіцца ўсё больш разнастайным па жывапіснай арганізацыі і тэматыцы, вызначаецца імкненнем да эмацыянальнасці і перадачы настрою. Пашыраны т.зв. канцэптуальны І., які вылучаецца дэталёва распрацаванай арх. прасторай. У жанры І. працавалі А.Казак, П.Данелія, М.Бут, І.Бархаткоў, Я.Красоўскі, У.Ткачэнка, У.Сулкоўскі і інш.
Літ.:
Пономарева Е.С. Интерьер гражданских зданий. 2 изд. Мн., 1991.
Інтэр’ер сялянскай хаты. Канец 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.Інтэр’ер сучаснага гарадскога жылля.Інтэр’ер касцёла бернардзінак у г. Слонім Гродзенскай вобл.Да арт.Інтэр’ер. В. ван Гог. Начная кавярня ў Арлі. 1888.Да арт.Інтэр’ер. П.Тутукін. Павільённая зала ў Эрмітажы (С.-Пецярбург). 1837.Да арт.Інтэр’ер. С.Жукоўскі. Інтэр’ер. 1916.
М.Л.Цыбульскі (у выяўл. мастацтве), Я.С.Аграновіч-Панамарова, Я.М.Сахута (у архітэктуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМ, Аўтаномная Рэспубліка Крым. Размешчана на Крымскім п-ве, у складзе Украіны. Пл. 27 тыс.км². Нас. 2192,6 тыс.чал. (1995), гарадскога 70%. Сярэдняя шчыльн. 81 чал. на 1 км², найб. густа заселены ўзбярэжная і перадгорная часткі рэспублікі. Жывуць рускія (63,9%), украінцы (24,6%), крымскія татары, беларусы, яўрэі і інш. Сталіца — г.Сімферопаль. Найб. гарады: Севастопаль, Керч, Еўпаторыя, Ялта, Феадосія, Джанкой. Аб прыродзе гл. ў арт.Крымскі паўвостраў, Крымскія горы, Паўднёвы бераг Крыма.
Гісторыя. К. — адзін з найб.стараж. раёнаў засялення чалавекам Усх. Еўропы, тут выяўлены палеалітычныя стаянкі Кіік-Каба, Стараселле. З канца 2-га тыс. да н.э.ён заселены кімерыйцамі, у 1-м тыс. да н.э. — і таўрамі (адсюль яго стараж. назва Таўрыя), з 8—7 ст. да н.э. — скіфамі. У 6—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы К. стараж. грэкі заснавалі калоніі Феадосія, Керкінітыда (цяпер г.Еўпаторыя), Пантыкапей, Херсанес Таўрычаскі. Каля 480 да н.э. — 4 ст.н.э. ў раёне Керчанскага п-ва існавала Баспорская дзяржава. У 1-й пал. 3 ст.н.э. ў К. урываліся готы, у 375 — гуны. З 4—5 ст. адбывалася экспансія Візантыі. У 12—13 ст. населены грэкамі, армянамі, нашчадкамі аланаў, печанегаў і інш. У 13 ст. заваяваны манголамі і ўключаны ў Залатую Арду. З 1440-х г. існавала самаст.Крымскае ханства (з 1475 васал і саюзнік Асманскай імперыі). У 1687 і 1689 адбыліся паходы ў К. рас. войска на чале з кн. В.В.Галіцыным (яму дапамагалі ўкр. казакі пад кіраўніцтвам гетмана І.Самайловіча, потым І.С.Мазепы). Правал паходаў стаў адной з гал. прычын падзення ў Расіі ўрада Соф ’і Аляксееўны — Галіцына. У ходзе рус.-тур. вайны 1768—74 заняты рас. войскамі. У 1783 далучаны да Расіі, тут засн. яе Чарнаморскі флот (з 19 ст.гал. база — г.Севастопаль). Асн. месца баёў у Крымскую вайну 1853—56. З 2-й пал. 19 ст.паўд. ўзбярэжжа К. выкарыстоўваецца як курортная зона. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на з’ездзе мясц. татараў у Сімферопалі створаны пастаянны орган іх аўтаноміі — Цэнтр. выканаўчы к-т, падпарадкаваны Часоваму ўраду. Потым была створана Крымская рэспубліка, у снеж. 1917 у Бахчысараі на курултаі (з’ездзе) крымскіх татараў прынята канстытуцыя. Пасля заключэння Брэсцкага міру 1918 бальшавікі абвясцілі тут Таўрычаскую сав. рэспубліку, не прызнаную Германіяй. Яе войскі акупіравалі К. і ўтварылі крымскі ўрад на чале з ген. М.Сулейманам Сулькевічам. У 1919—20 адзін з цэнтраў белагвардзейскага руху на чале з генераламі А.І.Дзянікіным, П.М.Урангелем. З 1921 у складзе РСФСР існавала Крымская аўтаномная сав.сацыяліст. рэспубліка. У 1941—44 К. акупіраваны ням.-фаш. і рум. войскамі, вызвалены ў выніку Крымскай аперацыі 1944. 20.5—1.7.1944 крымскія татары, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з немцамі, прымусова дэпартаваны ў Сярэднюю Азію (Узбекістан). У 1945 скасавана аўтаномія, К. стаў вобласцю РСФСР. У 1954 перададзены ў склад Украіны. Паводле канстытуцыі Украіны 1996 атрымаў статус аўт. рэспублікі. У студз. 1999 уступіла ў дзеянне канстытуцыя К.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — харчасмакавая (вінаробная, плодаагароднінакансервавая, эфіраалейная і інш.). Вінаробства (вытв-сць высакаякасных марачных і шампанскіх він) на прадпрыемствах у Ялце, Севастопалі, Алушце, Судаку, Феадосіі, Сімферопалі. Развіты перапрацоўка рыбы (Керч, Ялта, Еўпаторыя, Севастопаль), садавіны і агародніны (Сімферопаль, Джанкой, Бахчысарай, Севастопаль), вытв-сць ружавага, лавандавага, шалфейнага алеяў (Сімферопаль, Бахчысарай, Алушта, Судак, Ніжнягорскі), тытуню (Ялта, Сімферопаль, Феадосія), мясная, малочная і мукамольная галіны прам-сці. Камбікормавая прам-сць. Здабыча жал. руды (Камыш-Бурунскі жалезарудны камбінат у раёне г. Керч), прыроднага газу (п-аў Тарханкуцкі, Джанкой). На базе мясц.жал. руд працуе Керчанскі металургічны камбінат. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці буйнатанажных марскіх танкераў, суднарамонце (Керч, Севастопаль), вытв-сці абсталявання для харч. прам-сці, прылад (Севастопаль), тэлевізараў (Сімферопаль), трактарных прычэпаў (Джанкой), пад’ёмна-трансп. абсталявання (Феадосія). Хім.прам-сць працуе на солях Сіваша і ліманных азёр (Сакскі хім., Краснаперакопскі бромавы, Крымскі двухвокісу тытану і содавы з-ды). У Сімферопалі з-д пластмас і быт. хіміі. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці вырабляюць трыкатаж, тканіны, абутак, скургалантарэю (Сімферопаль, Севастопаль, Феадосія, Керч, Бахчысарай). Вытв-сць сувеніраў. Пераважна на мясц. сыравіне працуе прам-сцьбуд. матэрыялаў (Феадосія, Севастопаль, Керч, Белагорск). Дрэваапр. з-ды ў Севастопалі, Бахчысараі. мэблевая ф-ка ў Феадосіі. Сімферопальская, Севастопальская і Камыш-Бурунская ДРЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, вінаграду, садавіны, ягад, агародніны, малочна-мясной жывёлагадоўлі. Пасяўная пл. каля 0,5 млн.га, пераважна ў Стэпавым К., дзе значныя масівы арашальных зямель (гл.Паўночна-Крымскі канал). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, кукуруза, рыс), тэхн. (сланечнік, соя), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Збор (тыс.т, 1995): збожжа — 1505, агародніны — 225, бульбы — 332. Асн. плошчы вінаграднікаў і садоў у перадгорнай і цэнтр. частках К. Эфіраалейныя культуры і тытунь вырошчваюць на паўд. узбярэжжы і ў перадгор’ях. У стэпавых раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, у перадгор’ях — малочна-мяснога. Развіты птушкагадоўля, авечкагадоўля, свінагадоўля. Вытв-сць мяса ў 1995—93 тыс.т. Даўж. чыгунак 644 км. Гал. чыгункі Севастопаль—Сімферопаль—Джанкой, Краснаперакопск—Джанкой—Феадосія—Керч. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 7 тыс.км. Тралейбусная лінія Сімферопаль—Ялта. Паромная пераправа звязвае Керч з Паўн. Каўказам. Марскія парты: Феадосія, Керч, Севастопаль, Ялта, Еўпаторыя. К. — адзін з буйнейшых курортных раёнаў Украіны. Курорты: Ялта, Алупка, Алушта, Гурзуф (Паўд. бераг К.), Феадосія, Еўпаторыя, Сакі; буйны цэнтр турызму.
Літ.:
Лукша У. Непаўторныя вобразы Крыма: Замалёўкі з натуры. [Маладзечна]. 1997;
Якобсон А.Л. Крым в средние века. М., 1973;
Кессельбреннер Г.Л. Крым: Страницы истории. М., 1994;
Крымская АССР (1921—1945). Симферополь, 1990;
Басов А.В. Крым в Великой Отечественной войне, 1941—1945. М., 1987;
Канапацкі І. 50-я ўгодкі гвалтоўнага выгнання татар з Крыма // Байрам. 1994. № 2;
Старченков Г. Превратности судьбы (Крым) // Азия и Африка сегодня. 1997. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́РМАНТАЎ Міхаіл Юр’евіч (15.10. 1814, Масква — 27.7.1841),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1830—32), скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў у Пецярбургу (1834). За верш «Смерць Паэта» пра гібель А.Пушкіна (нап. 1837, апубл. за мяжой 1858, у Расіі цалкам — 1860) высланы ў Грузію. Другі раз сасланы на Каўказ у 1840. Удзельнік бітвы на р. Валерык у Чэчні. Забіты на дуэлі ў Пяцігорску М.Мартынавым. Першыя вершы напісаў у 1828. Друкаваўся з 1830. Лірыцы Л. ўласцівы рамант., мяцежны герой, які паўстае супраць законаў бяздушнага грамадства і імкнецца да недасяжнага ідэалу, пачуццё адзіноты і расчаравання, бязмежнасці кахання і пакуты, тэмы свабоды, радзімы і яе гіст. лёсу: вершы «Ветразь», «Барадзіно», «Дума», «Хмары», «Радзіма» і інш. Стварыў вяршынныя ўзоры рус.рамант. паэмы: «Уцякач» (1838, апубл. 1846), «Мцыры» (1839, апубл. 1840), «Дэман» (8 рэдакцый, 1829—39, апубл. ў Германіі 1856, у Расіі цалкам у 1860) і інш. Распрацоўваў рэаліст. паэму: «Сашка» (1836, апубл. 1882), «Песня пра цара Івана Васілевіча...» (1838) і інш.Асн. рысы Л.-празаіка — тонкі псіхалагізм, лаканізм, афарыстычнасць, умелае валоданне маст. дэталлю — выявіліся ў рамане «Герой нашага часу» (1839—40), дзе стварыў новую раманную форму і новага героя, поўнага сіл і расчараванага ў дзеянні. Аўтар гіст. рамана пра Пугачоўскае паўстанне «Вадзім» (1832—34, незакончаны, апубл. 1873), рамана на аўтабіягр. аснове «Княгіня Лігаўская» (1836, незакончаны, апубл. 1882), у якім дадзены першы накід характару Пячорына, драм у вершах «Іспанцы» (1830, апубл. 1880), «Маскарад» (3 рэдакцыі, 1835—36, апубл. 1842, паст. цалкам 1862), нарысаў і інш. Займаўся жывапісам, пісаў акварэлі, карціны алеем, малюнкі (пейзажы, жанравыя сцэны, партрэты і карыкатуры; лепшыя з іх звязаны з каўк. тэмай). Вершы Л. сталі асновай для опернай («Дэман» А.Рубінштэйна), сімфанічнай («Уцёс» С.Рахманінава, «Тры пальмы» А.Спендыярава) і рамансавай (А.Даргамыжскі, М.Балакіраў і інш.) творчасці, нар. песнямі («Выходжу адзін я на дарогу...»).
Творы Л. здаўна папулярныя на Беларусі, якая займала значнае месца ў творчасці паэта. Пад уздзеяннем твораў А.Міцкевіча (гал. чынам яго паэм «Гражына» і «Конрад Валенрод») у сюжэтах паэм Л. прысутнічаюць вобразы «дзевы-воіна» («Літвінка», 1832), баярына Оршы (аднайм. паэма, 1835—36), Арсенія («Літвінка», «Баярын Орша») і інш. Л. імкнуўся адлюстраваць сац.-бытавыя і гісторыка-паліт. падзеі мінулых эпох: Адна з першых крыніц на Беларусі, дзе з вял. прыхільнасцю ўпамінаецца імя Л., — ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1889 газ. «Минский листок» змясціла арт. «Міхаіл Юр’евіч Лермантаў», прысвечаны адкрыццю помніка Л. ў Пяцігорску. Хоць бел. паэзія 19 ст. тыпалагічна адрознівалася ад творчасці Л. сваімі параўнаўча нераспрацаванымі «чалавеказнаўчымі» магчымасцямі і ў мастацка-стылявым плане, у ёй выкарыстоўваліся лермантаўскія матывы і сімвалы. Верш Ф.Багушэвіча «Хмаркі» ідэйна і эстэтычна блізкі да аднайм. верша Л. Паэзія Цёткі звязана з яго традыцыямі грамадз. лірыкі. Наследаванне Л. праглядаецца ў вершах Я.Купалы «Мой дом», «Прыстаў я жыць...» і інш. Героі рамант. паэм Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва») блізкія рамант. героям Л. Матывы Л. пра ролю паэта ў жыцці народа творча распрацоўваў Я.Колас («Пясняр», «Паэту» і інш.). Рамант. паэма Я.Коласа «Сымон-музыка» сугучная паэме «Мцыры». Надзвычай блізкі да Л. быў М.Багдановіч; да 100-годдзя з дня нараджэння Л. ён змясціў у яраслаўскай газ. «Голос» (2.10.1914) арт. «Адзінокі», у якім раскрыў значэнне і своеасаблівасць Л. сярод рус. паэтаў. Паэма Багдановіча «Максім і Магдалена» стваралася не без уплыву «Песні пра... купца Калашнікава» і «Баярына Оршы». Напружанасць духоўнага эмацыянальнага жыцця характэрна асуджаным на адзіноту гал. героям паэмы «Дэман» і паэмы Багдановіча «Страцім-Лебедзь», у якой некаторыя даследчыкі адзначаюць пэўную палеміку. Пра захапленне паэзіяй Л. пісаў у аўтабіяграфіі З.Бядуля. Пад уплывам Л. напісаны першыя лірычныя вершы К.Крапівы. У арт. «Тры сустрэчы» А.Куляшоў пісаў, што пачаты ў даваен. час пераклад на бел. мову твораў Л. ў многім вызначыў кірунак яго паэт. дзейнасці. П.Панчанка ў арт. «Нязгасны агонь» падкрэсліваў, што Л. стаў асабліва блізкім і дарагім у гады Вял.Айч. вайны. На бел. мове першыя пераклады паэм «Мцыры» і «Дэман» апублікаваны ў 1920-я г. ў Вільні. У канцы 1930-х г. Я.Колас пераклаў 1-ю частку «Дэмана». У 1950 асобным выданнем выйшаў пераклад паэм «Дэман» (пер. Я.Колас, А.Зарыцкі, А.Бялевіч), «Баярын Орша» і «Каўказскі нявольнік» (пер. Зарыцкі і А.Вялюгін), «Ізмаіл-Бей» (пер. У.Шахавец), «Песня пра... купца Калашнікава» (пер. М.Клімковіч). У 1969 выдадзены зб-к перакладаў Куляшова (выбраныя вершы Л., паэмы «Мцыры», «Дэман»), за які разам з перакладамі твораў інш. пісьменнікаў яму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970. Творы Л. перакладалі В.Зуёнак, П.Макаль, Я.Міклашэўскі (Я.Верабей) і інш. Л. прысвяцілі свае вершы і артыкулы П.Броўка, М.Танк, Я.Брыль, С.Грахоўскі і інш.
Упершыню на Беларусі да творчасці Л. звярнуўся тэатр А.К.Басевіча ў Пінску, які 13.4.1880 ажыццявіў пастаноўку драмы «Маскарад». П’еса ўваходзіла і ў рэпертуар Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. У 1953 гэтая драма пастаўлена Брэсцкім абл.драм. т-рам. Падзеяй у тэатр. жыцці Беларусі стаў спектакль Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі «Маскарад» (1966). Бел.т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы Рубінштэйна «Дэман» (1951). Трагедыю «Іспанцы» ставіў Гродзенскі абл.драм.т-р (1955).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1986;
Соч.Т. 1—2. М., 1988—90;
Избр. соч. М., 1994;
Зорка зорцы голас падае = И звезда с звездою говорит: Выбр. вершы. Мн., 1989.
Літ.:
М.Ю.Лермонтов в русской критике. М., 1985;
Лотман Ю.М. В школе поэтического творчества: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПРЭСІЯНІ́ЗМ (ад лац. expressio выражэнне),
кірунак у еўрапейскім мастацтве 1-й пал. 20 ст. Узнік як пратэст супраць жахаў 1-й сусв. вайны, сац. несправядлівасці, трагізму чалавечага быцця. Абапіраючыся на пошукі інтуітывізму А.Бергсана і фенаменалогію Э.Гусерля, прадстаўнікі Э. лічылі найб. адэкватным спосабам пазнання інтэлектуальную інтуіцыю. Тэрмін «Э.» увёў у навук. ўжытак Г.Вальдэн у 1911. Прынцыпы Э. найб. яскрава выявіліся ў мастацтве Германіі і Аўстрыі. Пасля 1-й сусв. вайны Э. пашырыўся ў л-ры, выяўл. мастацтве, тэатры, кінематографе, музыцы, архітэктуры ў краінах Еўропы і Амерыкі. Асн. яго рысы: «антыкласічнасць», цяга да абстрактнага абагульнення, адмаўленне ад гарманічнай яснасці форм, экспрэсія, паглыбленне ў свет суб’ектыўных перажыванняў. У палеміцы з натуралізмам і імпрэсіянізмам, зыходзячы з падкрэслена суб’ектыўнага адлюстравання жыцця, Э. абвясціў мэтай мастацтва не адлюстраванне рэчаіснасці, а выяўленне яе сутнасці. Упершыню Э. аформіўся ў жывапісе і графіцы на аснове традыцый постімпрэсіянізму В.Ван Гога, П.Гагена, Э.Мунка і інш.
У выяўленчым мастацтве Э. імкнуўся да ўсяго невыразнага, няўстойлівага як у духоўным выяўленні вобраза, так і ў форме. У жывапісе Э. не парываў з выяўленчасцю, але яна балансавала на мяжы ідэальнага («Ноч», «Арганаўты» М.Бекмана); малюнак характарызуецца ламанасцю ліній, кантрастнасцю колераў, дэфармаванасцю прасторы, калі выява ў нейкім новым аспекце прымушае гледача востра рэагаваць на карціну, уцягваючы яго ў кола перажыванняў мастака (О.Какошка, Э.Л.Кірхнер, Э.Нольдэ і інш.). Члены аб’яднання «Сіні коннік» (Мюнхен, 1911) В.В.Кандзінскі, П.Клее, Ф.Марк і інш. імкнуліся знайсці такія законы колеру і формы, якія б дазволілі выказаць, на іх думку, «нябачныя сутнасці», не выяўляючы аб’ект знешняга свету, а прыходзячы да адной з гал. задач абстрактнага мастацтва. У пач. 1980-х г. паявіўся новы экспрэсіянісцкі рух у выяўл. мастацтве — неаэкспрэсіянізм. Ён народжаны жаданнем новага пакалення мастакоў вызваліцца ад некаторых характэрных рыс поп-арта і інш. стыляў («мінімалізму», «колеравага» жывапісу). Яго прадстаўнікі М.Морлі, Д.Шнабел (ЗША), Д.Базілец (Германія), Ф.Клементэ, Э.Кучы (Італія), К.Кіф (Вялікабрытанія) абвясцілі вяртанне ў жывапіс фантазіі, містыкі, эротыкі, галюцынацый, няўстрыманасці.
У тэатры Э. зацвердзіў формулу т.зв. «Stationen-drama», дзе дзеянне развівалася не паступова, а штуршкамі, адмаўлялася праўдападабенства ў сюжэце і вобразах, дзе найперш ажыццяўлялася драма пэўных ідэй. Большасці такіх п’ес уласцівы аголены схематызм калізій (К.Штэрнгайм), сюжэты часам робяцца фантастычнымі, умоўнымі, алегарычнымі («Чалавек — маса» Э.Толера, 1921). Напр., у п’есах Г.Кайзера «З ранку да паўночы» і «Карал» персанажы пазбаўлены індывід. рыс, іх мова напружаная і патэтычная. У пастаноўках п’ес І.Бехера, Ф.Верфеля, Г.Кайзера, Штэрнхейма рэжысёры Р.Вейхерт, К.Х.Марцін, Г.Гартунг распрацоўвалі асаблівыя экспрэсіўныя прыёмы, вобразы будавалі на аснове якой-небудзь адной характэрнай рысы, ператвараючы іх у маскі. Вял. ўвага аддавалася афармленню сцэны: незвычайнае асвятленне, абстрактныя дэкарацыі з касымі і нахіленымі плоскасцямі, сімвалічныя аксесуары. Экспрэсіянісцкія прыёмы выкарыстоўваліся і ў пастаноўках класічных твораў У.Шэкспіра, Ф.Шылера і інш. У СССР гэты ўплыў выявіўся ў некаторых пастаноўках Я.Б.Вахтангава, У.Э.Меерхольда, А.Я.Таірава і інш.
У кінамастацтва Э. прынёс містычныя сюжэты, прасякнутыя фатальнай наканаванасцю («Пражскі студэнт» С.Рыўе, 1913); матывы хаосу і жорсткасці («Кабінет васковых фігур», рэж. П.Лені, 1924); у галюцынацыях і кашмарах вар’ятаў свет атаясамліваецца з домам звар’яцелых («У кабінеце ўрача Калігары», рэж. Р.Віне, 1919). Экранізацыя рамана Б.Стокера «Дракула» дала пачатак шматлікім галівудскім «фільмам жахаў». Спосабам павышэння выразнасці былі рэзкія кантрасты святла і ценю, дэфармацыя прадметаў, натура замянялася дэкарацыямі, наплывы і шматлікія экспазіцыі стваралі вобраз фантастычнага свету. У сав. кінамастацтве ў экспрэсіянісцкай манеры пастаўлены фільм І.А.Пыр’ева «Дзяржаўны чыноўнік» (1931). Да 1925 Э. вычарпаў сябе як цэласны кірунак, але асобныя яго выяўл. сродкі да нашых дзён уплываюць на развіццё выяўл. сродкаў кінамастацтва.
У музыцы асаблівасць экспрэсіянісцкай школы выявілася ў страце ідэалаў: хваравітае ўспрыняцце незваротнай страты, туга па мінулым, пачуццё асуджанасці, песімізм, падсвядомы страх перад «цёмнымі сіламі» будучага. Шэраг такіх элементаў праявіўся ў творах Г.Малера («Песня пра зямлю», 1908), у операх Р.Штрауса («Саламея», 1905, «Электра», 1908). Найб. яскрава Э. праявіўся ў творчасці кампазітараў т.зв. Новай венскай школы — А.Шонберга, А.Берга, А.Веберна, якія выпрацавалі атанальнасць — адмаўленне ад напеўнай мелодыі, ясных танальных устояў. Напр., у «Месяцавым П’еро» Шонберга (1912) танальнасць поўнасцю раствараецца. У 1920-я г. Шонберг стварыў сістэму кампазіцыі, заснаванай на рознага роду паўторах (серыйная музыка), якая атрымала назву дадэкафонія. Дадэкафоннае пісьмо шырока выкарыстоўваў і Берг (опера «Воцэк», 1918—20).
У архітэктуры Э. характарызаваўся разрывам з традыцыйнымі нац., гіст. стылямі, прапагандай выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (Р.Штэрнер, Э.Мендэльзон, Г.Пёльцыг, Б.Таўт і інш.).
У літаратуры асаблівасці Э. — гратэскавая фантастычнасць сюжэтаў і вобразаў, алагічнасць, імітацыя кашмарных сноў, ускладненая метафарычнасць мовы (мова Э.Толера, Р.Зорге, некаторыя творы Л.М.Андрэева).
У пач. 20 ст. ў мастацкай культуры Беларусі Э. як самаст. кірунак не праявіўся. У 1920 — пач. 30-х г.выяўл. сродкі і стылістыка Э. выкарыстоўваліся ў бел. л-ры, музыцы, тэатры. Творчае засваенне дасягненняў Э. працягваецца і ў сучасным мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДОВАЯ СІСТЭМА
Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць судам, утвораным ва ўстаноўленым парадку, і ажыццяўляецца незалежна ад заканад. і выканаўчай улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй сістэму агульных судоў, якая будуецца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі, утвараюць Вярх. суд Рэспублікі Беларусь, абласныя, Мінскі гарадскі, раённыя (гарадскія), а таксама ваенныя суды. Да гасп. судоў адносяцца: Вышэйшы гасп. суд, гасп. суды абласцей і прыраўнаваныя да іх суды, гасп. суды гарадоў і раёнаў. У сістэме агульных і гасп. судоў дапускаецца ўтварэнне спецыялізаваных калегій, а ў прадугледжаным законам парадку — спецыялізаваных судоў: па справах непаўналетніх, сямейных справах, адм., зямельныя, падатковыя і інш. Утварэнне надзвычайных судоў у Беларусі забараняецца.
Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове Канстытуцыі, законаў «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 (у рэдакцыі закона 7.6.1996), «Аб гаспадарчым судзе ў Рэспубліцы Беларусь» ад 5.6.1991 (у рэдакцыі закона 9.7.1997) і іншых актаў заканадаўства. Яно будуецца на пачатках роўнасці грамадзян перад законам і судом незалежна ад паходжання, сац., службовага і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, паліт. і інш. перакананняў, адносін да рэлігіі, полу, адукацыі, мовы, роду і характару заняткаў, месца жыхарства і інш. абставін. Грамадзяне маюць права на судовую абарону ад замахаў на жыццё і здароўе, гонар і годнасць, асабістую свабоду і маёмасць, інш. гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды, а таксама на абарону ад неправамерных дзеянняў органаў дзярж. кіравання і службовых асоб. Суды ўтвараюцца на асновах выбарнасці і прызначальнасці суддзяў. Суддзёй можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў узросту 25 гадоў, мае вышэйшую юрыд. адукацыю, стаж работы на юрыд. спецыяльнасці не менш як 2 гады або прайшоў ва ўстаноўленым парадку стажыроўку на працягу 2 гадоў і здаў кваліфікацыйны экзамен. Кандыдаты на пасады суддзі абласнога, Мінскага гарадскога, Бел. ваеннага судоў павінны мець стаж работы ў якасці суддзі не менш за 3 гады, суддзі Вярх. суда — не менш як 5 гадоў. Суддзі не могуць займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, выконваць інш. аплачваемую работу (акрамя выкладчыцкай і навук.-даследчай). Старшыні і суддзі Вярх. суда і Вышэйшага гасп. суда назначаюцца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі, суддзі раённых (гарадскіх), ваенных, гасп. і спецыялізаваных судоў назначаюцца Прэзідэнтам.
Арганізацыя і дзейнасць суд. улады заснаваны на прынцыпах незалежнасці суддзяў пры ажыццяўленні правасуддзя, нязменнасці суддзяў (назначэнне пасля першых 5 гадоў работы пажыццёва, удзел у выкананні правасуддзя прадстаўнікоў грамадзян у якасці нар. засядацеляў), асабістай недатыкальнасці суддзяў. Справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — аднаасобна суддзямі. Разбор спраў ва ўсіх судах адкрыты, акрамя выпадкаў, калі гэта супярэчыць інтарэсам аховы дзярж. тайны, а таксама ў інш. прадугледжаных заканадаўствам выпадках. Закрытыя суд. пасяджэнні дапускаюцца па матываваным вызначэнні суда аб злачынствах асоб, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту, па справах аб палавых злачынствах, а таксама па інш. справах з мэтай прадухілення выдавання інфармацыі, што датычыць інтымных бакоў жыцця грамадзян або ганьбіць іх гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Асобам, што ўдзельнічаюць у справе і не валодаюць мовай, на якой вядзецца працэс, забяспечваецца права азнаямлення з усімі матэрыяламі справы, удзел у суд. дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на роднай мове. У судаводстве грамадзяне маюць права на кваліфікаваную юрыд. дапамогу. Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе. Суд. пастановы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян і службовых асоб. Бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і інш.суд. пастаноў. Праявы непавагі да суда з боку службовых асоб або грамадзян, якія прымаюць удзел у справе, прысутнічаюць у суд. пасяджэнні, цягнуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.
Раённыя (гарадскія) суды складаюцца са старшыні суда, суддзяў і суддзяў па адм. справах і выканаўчых судаводствах. Яны разглядаюць усе грамадз.крымін. і адм. справы, за выключэннем аднесеных законам да кампетэнцыі інш. судоў, матэрыялы аб выкананні рашэнняў, прыгавораў, пастаноў і вызначэнняў, вывучаюць і абагульняюць суд. практыку, а таксама ажыццяўляюць інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі.
Абласныя і Мінскі гарадскі суды складаюцца са старшыні і нам. старшыні суда, суддзяў і дзейнічаюць у складзе суд. калегій і прэзідыумаў судоў. Яны разглядаюць у межах сваіх паўнамоцтваў справы ў якасці суда першай інстанцыі, у касацыйным парадку, у парадку нагляду і па новаадкрытых акалічнасцях; ажыццяўляюць нагляд за суд. дзейнасцю раённых (гарадскіх) судоў, аказваюць ім дапамогу ў прымяненні заканадаўства, вывучаюць і абагульняюць суд. практыку, аналізуюць суд. статыстыку.
Міжгарнізонныя ваенныя суды ўтвараюцца Прэзідэнтам з улікам колькасці і дыслакацыі вайсковых часцей Узбр. сіл Рэспублікі Беларусь і інш.вайск. фарміраванняў паводле сумеснага прадстаўлення міністра юстыцыі і Старшыні Вярх. суда Рэспублікі Беларусь. Яны разглядаюць грамадз. справы па ісках, што ўзнікаюць з адносін вайск. службы, крымін. справы аб усіх злачынствах, учыненых асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага. Бел. ваенны суд, які дзейнічае ў складзе суд. калегій, ажыццяўляе нагляд за суд. дзейнасцю міжгарнізонных судоў, аказвае ім дапамогу ў прымяненні заканадаўства, разглядае ў межах сваіх паўнамоцтваў канкрэтныя справы.
Правасуддзе і нагляд за суд. дзейнасцю агульных судоў у парадку, устаноўленым законамі, ажыццяўляе Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Ён дзейнічае ў складзе калегій па грамадз. і па крымін. справах, ваеннай калегіі, прэзідыума і пленума Вярх. суда. Вярх. суд разглядае справы ў касацыйным парадку, у парадку нагляду і па новаадкрытых акалічнасцях, а таксама ў якасці суда першай інстанцыі ў выпадках, прадугледжаных законамі, ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Вярх. суду належыць права заканад. ініцыятывы ў Нац. сходзе Рэспублікі Беларусь.
Гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе ў межах сваёй кампетэнцыі правасуддзе ў галіне эканам. адносін, забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў прадпрыемстваў і арганізацый незалежна ад формы ўласнасці, аднастайнае і правільнае прымяненне заканадаўства пры вырашэнні гасп. спрэчак, прадухілення парушэнняў законнасці ў эканам. адносінах і дагаворных абавязацельстваў, рыхтуе прапановы па ўдасканаленні гасп. заканадаўства.
Будынак Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛОГІЯ
Псіхалогія на Беларусі пачала развівацца ў 1920-я г. Значную ролю ў яе станаўленні адыграў Л.С.Выгоцкі, які ў выніку праведзеных ім у 1919—24 даследаванняў у галіне псіхалогіі падрыхтаваў кн. «Педагагічная псіхалогія» і «Псіхалогія мастацтва». У 1923 ён стварыў пры Гомельскім пед. вучылішчы псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. псіхалогіі. Лабараторыя займалася навучальнай, доследнай і метадалагічнай дзейнасцю. У 1920—30-я г. станаўленне псіхал. навукі адбывалася ў асноўным у рамках педалогіі, пашыралася кола яе навук. і практычных відаў, ствараліся лабараторыі па абслугоўванні навуч. працэсу Асновы навуч.-метадычнай базы па псіхалогіі ў БДУ заклаў У.М.Іваноўскі, які распрацаваў першую праграму па псіхалогіі, фундаментальнай логіцы, гісторыі навук. светапогляду і гісторыі Беларусі, апублікаваў манаграфію «Метадалагічныя ўводзіны ў навуку філасофію» (1923). Уклад у развіццё педагогікі і псіхалогіі зрабіў П.Я.Панкевіч — адзін з заснавальнікаў і першы дырэктар НДІ педагогікі і педалогіі, з 1929 вядучай навук.-доследнай установы Беларусі ў галіне псіхал., пед. і сац.-эканам.навук. У 1927 пад яго кіраўніцтвам даследаваліся стан маральнай свядомасці, спосабы жыцця і побыту студэнтаў БДУ, апублікавана праца «Які ж наш беларускі студэнт?». Псіхал. аспекты сям’і, шлюбу, праблемы культ. развіцця, дзейнасці інтэлігенцыі на Беларусі вывучаў С.Я.Вальфсон; розныя аспекты метадалагічных пытанняў псіхалогіі даследавалі Б.Я.Быхоўскі, П.Я.Панкевіч, У.М.Іваноўскі і інш. У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе вывучаліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. адбору; апублікаваны працы С.М.Васілеўскага «Уводзіны ў тэорыю і тэхніку псіхалагічных, педолага-педагагічных і псіхатэхнічных даследаванняў» (1927), «Статыстычны метад у прымяненні да псіхалогіі, педагогікі і псіхатэхнікі» (1928), А.А.Гайвароўскага «Псіхатэхніка і бібліятэчная справа» (1928), Я.К.Матліна «Значэнне лагічнай памяці для засваення арыфметычных дзеянняў» і «Псіхалагічны стан навучэнцаў на экзаменах» (1933).
У 1930—50-я г.псіхал. навука развівалася ва ўзаемадзеянні з пед. і часткова мед. практыкай. У 1947—55 на філал. ф-це БДУ існавала аддзяленне логікі, псіхалогіі і рус. мовы (адзін з заснавальнікаў А.П.Ерась). У 1964 у Мінскім пед. ін-це засн. кафедра псіхалогіі. Праводзіліся навук. даследаванні ў галіне ўзроставай дзіцячай, педагагічнай і сац. псіхалогіі, звязаныя з праблемамі ўзаемаадносін у дзіцячых групах і калектывах (Л.А.Бандарэнка, Я.Л.Каламінскі, А.Б.Шырокава), прафес. арыентацыі школьнікаў (В.І.Жукоўская), развіцця літ. магчымасцей і адносін школьнікаў да літ. герояў (Л.М.Рожына) і інш. У 1965 у Мінскім пед. ін-це замежных моў створана кафедра псіхалогіі і лабараторыя па псіхалогіі маўлення. Навук. даследаванні бел. псіхолагаў былі звязаны з праблемамі навучання і выхавання школьнікаў: псіхалогіі памяці (К.А.Камісарчык, Я.К.Матлін), маўлення і мыслення (Б.А.Бенядзіктаў, Р.І.Вадэйка, В.І.Жукоўская, М.С.Кляўчэня), тэмпераменту, характару і здольнасцей (А.П.Ерась), фарміравання ў школьнікаў у працэсе навучання і выхавання ўвагі (М.Я.Мышко), пазнавальнай цікавасці (А.Я.Міленькі, Л.М.Рожына), навуковых паняццяў (У.М.Сіленка), прасторавых уяўленняў, успрымання літ. твораў (Л.А.Панько), міжасобасных адносін у дзіцячых калектывах (Я.Л.Каламінскі і інш.).
У 1970—90-я г. кафедры псіхалогіі створаны ў пед. ін-тах Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва і інш. Узніклі інж., гіст., этнічная, касмічная і інш. галіны псіхал. навукі. Для навук. творчасці бел. псіхолагаў характэрна арганічнае спалучэнне глыбокіх тэарэт. даследаванняў у рэчышчы сац. і агульнай псіхалогіі з гуманіст. накіраванасцю на рашэнне актуальных праблем у сферы псіхалогіі адукацыі (Б.А.Бенядзіктаў, Я.Л.Каламінскі, С.В.Кандрацьева, Г.М.Кучынскі, У.А.Янчук), міжасобасных адносін і сувязей (Т.У.Сянько, Л.А.Панько, А.С.Сляповіч), мовы (Б.А.Бенядзіктаў, Н.Т.Ерчак, Г.М.Кучынскі), вышэйшай школы (Л.А.Кандыбовіч, А.Ц.Растуноў), псіхал. праблем, звязаных з наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (Л.А.Пергаменшчык). Вывучаюцца праблемы псіхалогіі прац. выхавання (Ф.І.Івашчанка), узроставага і гендэрнага падыходу да развіцця асобы (І.А.Фурманаў, Л.Г.Лысюк, Ю.М.Карандышаў), псіхалогіі пед. навучання і пед. дзейнасці (Л.У.Марышчук, І.А.Фурманаў), інж. псіхалогіі (В.М.Казубоўскі, Г.І.Лосік), псіхалогіі спорту (Ю.А.Каламійцаў) і інш. Актуальныя праблемы сац. псіхалогіі даследуюць С.В.Кандрацьева, Г.М.Кучынскі, Л.А.Пергаменшчык, Л.М.Рожына, У.А.Янчук; пед. і ўзроставай псіхалогіі — Б.А.Бенядзіктаў, Ф.І.Івашчанка, Л.Г.Лысюк, Л.У.Марышчук, Т.М.Савельева, В.І.Секун, А.С.Сляповіч, І.А.Фурманаў, Т.У.Сянько; псіхалогіі ў асаблівых умовах — Л.А.Кандыбовіч, В.М.Казубоўскі, М.А.Крэмень, А.М.Пастушэня, А.Ц.Растуноў. У апошняе дзесяцігоддзе створаны ф-ты псіхалогіі ў Бел.пед. ун-це імя Танка, Жаночым ін-це «ЭНВІЛА», Гродзенскім і Брэсцкім ун-тах, у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. З 1995 выдаецца навук.-метадычны час. «Псіхалогія».
Літ.:
Василевский С.М. Статистический метод в применении к психологии, педагогике и психотехнике. Мн., 1928;
Мышко М.Я. Прылежнасць і яе выхаванне. Мн., 1954;
Ковалгин В.М. Рефлекторная теория ощущений. Мн., 1963;
Матлин Е.К. Психологические основы нравственного воспитания учащихся. Мн., 1968;
Ересь Е.П. Воспитание характера. Мн., 1961;
Яе ж. Организация внимания в учебно-воспитательном процессе. Мн., 1974;
Кучинский Г.М. Психология внутреннего диалога. Мн., 1988;
Карандышев Ю.Н. Психология развития. Ч. 1—2. Мн., 1996—97;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА (Ghana), Рэспубліка Гана (Republic of Ghana),
дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З з Кот-д’Івуар, на Пн з Буркіна-Фасо, на У з Тога; на Пд абмываецца водамі Гвінейскага зал. Падзяляецца на 10 абласцей. Пл. 238,5 тыс.км². Нас. 16 446 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Акра. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 сак.).
Дзяржаўны лад. Гана — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсім насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, прызначаны прэзідэнтам.
Прырода. Большая ч. краіны — раўніна, выш. 150—300 м. Уздоўж узбярэжжа нешырокая паласа нізін. На Пн ад яе плато Ашанці і Кваху выш. да 788 м (г. Аквава). На У горы Тога. Нетры Ганы багатыя золатам, алмазамі, баксітамі, марганцам; знойдзены нафта і газ. Клімат экватарыяльны мусонны, на ПдЗ пераходны да экватарыяльнага. Т-ра паветра 24—28 °C у ліп., каля 24 °C у студзені. Ападкаў за год ад 1000 мм на Пн, дзе ёсць сухі перыяд з кастр. да лют., да 1500—2000 мм на Пд. Рэкі больш мнагаводныя на Пд, багатыя гідраэнергіяй. Найбольшая р. Вольта, на ёй вадасховішча пл. 8480 км². Б. ч.тэр. Займаюць саванны, тыповыя на Пн, высакатраўныя ў сярэдняй ч. краіны. На ПдЗ вільготныя вечназялёныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў — чырвоным, сапеле, баку і інш. Па ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны, асабліва ў малаасвоеных раёнах. Нац. паркі: Моле, Дыг’я і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць народы гвінейскай моўнай групы. Найбольшыя па колькасці народы падгрупы акан (уваходзяць ашанці, фанці, аквапім і акім, жывуць на Пд краіны), блізкія да іх анья і бауле жывуць на ПдЗ. У наваколлі г. Акра жывуць народы га, адангме, эве. Пн населена народамі групы гур (мосі, гурма, грусі, тэм). Жывуць таксама хаўса, сангаі, фульбе і інш. У гарадах невял. групы еўрапейцаў (у асноўным англічан), сірыйцаў, індыйцаў. Пераважаюць мясц.традыц. вераванні (каля 40%), на Пн — мусульмане (каля 30%), на Пд і ў гарадах — хрысціяне (пратэстанты і католікі, каля 24%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 69 чал. на 1 км². Каля 70% яго сканцэнтравана на Пд, дзе шчыльнасць дасягае 300 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 35%. Самыя вял. гарады (1993, тыс.ж.): Акра — 950, Кумасі — 385, Тамале — 151, Тэма — 132, Секанды-Такарады — 104. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 54,7% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 18,7, у абслуговых галінах — 26,6%.
Гісторыя. Да з’яўлення еўрапейцаў (15 ст.) на тэр. Ганы існаваў шэраг раннефеад. дзярж. утварэнняў. У 17—18 ст. пачалі стварацца буйныя цэнтралізаваныя дзяржавы, найб. з іх — Ашанці. Першымі еўрапейцамі на тэр. Ганы былі партугальцы, якія ў 1482 на тэр. племя фанту пабудавалі крэпасць Эльміна. З-за багатых радовішчаў золата яны назвалі краіну Залатым Берагам. Пазней тут заснавалі свае факторыі купцы з Галандыі, Даніі, Швецыі, Прусіі, Англіі. Апошняя здолела выцесніць сваіх канкурэнтаў. У 1844 губернатар, прызначаны брыт. урадам, заключыў з правадырамі плямён фанці дагавор аб прызнанні імі брыт. пратэктарату. Народ ашанці доўгі час адстойваў сваю незалежнасць (у 19 ст. адбылося 7 англа-ашанційскіх войнаў) і толькі ў 1896 заваяваны Вялікабрытаніяй. У 1901 Ашанці і тэр. на Пн ад яе аб’яўлены брыт. калоніяй і ўключаны ў склад Залатога Берага. Асновай эканомікі калоніі стала вытв-сць какавы-зярнят. Да 1937 Залаты Бераг ператварыўся ў найбуйнейшага іх пастаўшчыка на сусв. рынку. Народы Ганы не спынялі барацьбы супраць калан. прыгнёту. У 1920 заснаваны Нац. кангрэс Зах. Афрыкі, які імкнуўся да дэмакратызацыі калан. кіравання. У 1947 створана першая масавая нац.арг-цыя — Аб’яднаны канвент Залатога Берага, у 1949 — Народная партыя Канвента (НПК) на чале з К.Нкрума. Асн. лозунг яе праграмы: «Незалежнасць — неадкладна». Пад націскам нац.-вызв. руху ў 1951 у Гане ўведзена абмежаванае самакіраванне. На выбарах 1951 НПК заваявала большасць у заканад. сходзе. У 1952 створаны 1-ы нац. ўрад, Нкрума стаў прэм’ер-міністрам. У 1954 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. У 1956 Залаты Бераг атрымаў статус дамініёна, да яго далучана зах. (брытанская) ч. Тога.
6.3.1957 абвешчана незалежнасць Ганы (у рамках брыт. Садружнасці). Краіна ўзяла назву сярэдневяковай дзяржавы Гана. З 1.7.1960 Гана — рэспубліка, Нкрума яе прэзідэнт. Пачалася афрыканізацыя дзярж. апарату, нацыяналізавана некалькі брыт. кампаній. У 1962 НПК абвясціла, што выбірае ў якасці арыенціра марксісцкі сацыялізм. У 1964 НПК аб’яўлена адзінай партыяй, усе астатнія забаронены. Гігантаманія ў эканоміцы, шматлікія сац. праграмы прывялі да велізарнага бюджэтнага дэфіцыту. Шырокіх маштабаў дасягнула карупцыя дзярж. апарату. У выніку рэзкага паніжэння цэн на какаву на сусв. рынку эканоміка Ганы апынулася ў крытычным стане. У 1966 адбыўся ваен. пераварот; улада перайшла да Нац. Савета Вызвалення на чале з ген. Дж.Анкра. У 1969 уведзена ў дзеянне новая канстытуцыя, Гана абвешчана парламенцкай рэспублікай. Улада перайшла да грамадз. ўрада. У выніку новага ваен. перавароту (1972) ён скінуты. У 1979 група маладых афіцэраў на чале з капітанам Дж.Ролінгсам здзейсніла новы пераварот, улада перайшла да Рэв. Савета Узбр. Сіл. На парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах перамагла Народная нац. партыя. Яе кандыдат Х.Ліман стаў прэзідэнтам. Але ён не здолеў вырашыць сац.-эканам. праблемы краіны, што выклікала яшчэ адзін пераварот на чале з Ролінгсам, які ўзначаліў Часовы Савет нац. абароны. У 1983 прынята праграма ўздыму нац. эканомікі, у 1992 — новая канстытуцыя, дазволена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх выбарах 1992 перамог Ролінгс. Гана — чл.ААН з 1957, эканам. супольнасці дзяржаў Зах. Афрыкі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.6.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Нац.дэмакр. кангрэс, Нац.патрыят. партыя і інш.Цэнтр.прафс. аб’яднанне — Кангрэс прафсаюзаў Ганы.
Гаспадарка. Гана — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Сельская гаспадарка дае каля 50% валавога нац. даходу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Гана займае адно з першых месцаў у свеце па зборы і экспарце какавы-зярнят. Штогадовы збор 200—300 тыс.т. Асн. раён вырошчвання на Пд краіны. Там жа вырошчваюць ямс, тара, маніёк, кукурузу, бабовыя, агародніну, садавіну (у т. л. цытрусавыя), каву, чай, цукр. трыснёг, імбір, арэхі кола, какосавую пальму, гевею, тытунь, кенаф і інш. На Пн краіны, у зоне саванны, вырошчваюць проса, сорга, рыс (на арашальных землях), кукурузу, земляны арэх, пашырана алейнае дрэва карытэ (дзікарослае і ў культуры). Жывёлагадоўля развіта слаба, што звязана з распаўсюджаннем мухі цэцэ (асабліва на Пд). Буйн. раг. жывёлу (каля 800 тыс. галоў), коз і авечак (каля 4 млн. галоў) гадуюць на Пн і У, свіней і птушку — у асноўным на Пд. Развіта марское і рачное рыбалоўства (каля 250—300 тыс.т у год). У прам-сці гал. месца займае горназдабыўная галіна (1992): золата 29 т, алмазаў 620 тыс. каратаў, марганцавай руды 360 тыс.т, баксітаў 370 тыс.т. Здабыча золата пераважна на Пд і ПдУ, радовішчы Ашанці, Прэстэа, Тарква, Дунква. Асн. радовішчы алмазаў каля г. Акватыя, развіваецца здабыча ў бас.р. Бірым. Марганцавую руду здабываюць на радовішчы Нсута, баксіты ў Аваса. Разведаны і эксплуатуюцца радовішчы жал. руды (на Пд і Пн), запасы нафты і газу (у нетрах шэльфа), няруднай сыравіны і солі. Буйнейшае прадпрыемства энергетыкі — ГЭС Акасомба на р. Вольта (магутнасць 976 тыс.кВт), якая выпрацоўвае каля 80% электраэнергіі ў краіне. Меншае значэнне маюць ГЭС Кпонг і ЦЭС у значных гарадах. На базе таннай гідраэнергіі працуе буйнейшы ў Афрыцы з-д першаснага алюмінію ў г. Тэма (штогод каля 200 тыс.т алюмінію з імпартнага гліназёму). Да буйнейшых прадпрыемстваў належаць сталеліцейны (каля г. Акра), 2 цэм. з-ды (у Тэме і Такарады), дрэваапр. камбінаты, шынны з-д. Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. тытунёвай), шкляной, гумава-тэхн. прам-сці, электралямпавы, мылаварны, трактара- і аўтазборачны, радыё- і электратэхнічны, ядахімікатаў і мыйных сродкаў з-ды, абутковыя і гарбарныя ф-кі, прадпрыемствы па вытв-сці алмазных інструментаў. Харч.прам-сць: какаваперапр. комплекс, шакаладныя ф-кі, рыбакансервавы камбінат, рыбахаладзільнікі ў Тэме, Акры, Кумасі, Такарады, вытв-сць агароднінных і фруктовых кансерваў, пальмавага алею (на Пн з пладоў алейнага дрэва карытэ, на Пд з какосавых арэхаў), цукру. Прадпрыемствы баваўнянай, джутавай, швейнай, трыкат. Прам-сці. Развіта лясная прам-сць, асабліва лесапілаванне, вытв-сць фанеры, запалак. Апрацоўчая прам-сць у асноўным сканцэнтравана на Пд, прадпрыемствы пераважна ў Акры, Тэме, Такарады. У сельскай мясцовасці развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў з серабра, золата, дрэва, косці. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 32,2 тыс.км, з іх 6,1 тыс.км з бітумным пакрыццём. Чыгункі абслугоўваюць паўд.ч. краіны, даўж. іх 953 км. Асн.трансп. вузлы Акра, Кумасі, Такарады. Развіты ўнутр. водны транспарт. Для суднаходства шырока выкарыстоўваецца вадасх. Вольта. У краіне 10 аэрапортаў, гал. з іх у Акры, Такарады, Кумасі, Тамале. Знешні гандаль ідзе праз парты Такарады (экспарт), Тэма (імпарт), у меншай ступені праз Акру. Экспарт: какава (каля 50% па кошце), золата, драўніна, баксіты, алюміній. Імпарт: нафтапрадукты, тавары нар. спажывання і харчовыя, машыны і абсталяванне, гліназём. Гал.гандл. партнёры: Германія, Вялікабрытанія, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — седзі.
Літаратура. Пісьмовая л-ра ў народаў Ганы з’явілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. пераважна на англ. мове. Папулярная была публіцыстыка А.Ахума, А.Аджае, Дж.Каслі-Хейфарда, С.Д.Менса, Р.Е.Г.Армату і інш. Публікацыі на мовах народаў Ганы фанці, эве, га, адангме, дагбані, хаўса і інш. з’явіліся ў сярэдзіне 20 ст. Асноўныя тэмы літ. твораў 1920—50-х г. — гіст. і этнагр. праблемы. Эпічныя паэмы «Народ фанці» і «Звычаі фанці» Г.Р.Акуа, раманы і п’есы Дж.Х.Нкетыя, п’есы «Трэцяя жанчына» Дж.К.Данква, драмы «Пятая лагуна», «Старонкі гісторыі Анла» К.Фіяву, вершы Армату (зб. «Запаветныя думкі чорнага»), Е.Аму, К.А.Акрафі і інш. мелі вял. значэнне для абуджэння самасвядомасці народаў Ганы. У гэты перыяд назіраецца цікавасць да перакладаў твораў сусв. л-ры на мовы народаў Ганы. Пасля абвяшчэння незалежнасці Ганы ў л-ры ўзнікаюць новыя сац. і паліт. тэмы. На аснове нац. традыцый развіваюцца паэзія, проза, драматургія. З сярэдзіны 1960-х г. больш інтэнсіўна развіваецца жанр рамана («Лепшыя яшчэ не нарадзіліся» А.К.Армы, «Анова» К.А.Айда, «Муж для Есі Элуа» К.Бедыяка, «Свавольнікі» К.Дуоду і інш.). Папулярныя ў Гане пісьменнікі Э.Т.Сазерленд, Нкетыя, І.Хо, Х.Сетсаафія, Дж.Акай, Айда. Літаратараў аб’ядноўваюць літ. саюзы. Існуе Асацыяцыя пісьменнікаў Ганы, засн. ў 1960-я г.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Традыцыйнае жыллё Ганы — круглыя і прамавугольныя ў плане глінабітныя хаціны з канічнымі ці 2-схільнымі дахамі з драўляных жэрдак, крытыя пальмавымі галінкамі, саломай, шыферам. Значнага ўзроўню дасягнула маст. апрацоўка каштоўных металаў: дэкар. ўпрыгожанні, парадная зброя, вазы, фігуркі чалавека і дэкар.скульпт. групы гумарыстычнага характару. Здаўна развіты ганчарная справа, выраб нац. вопраткі («кентэ») з вытканымі або штампаванымі каляровымі ўзорамі, арнаментальная разьба па дрэве на прадметах побыту; з чырвонага і чорнага дрэва выразалі стылізаваныя слупападобныя статуэткі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Гане фарміруецца прафес. мастацтва, праводзяцца маст. выстаўкі. Арг-цыі мастакоў (Ганская асацыяцыя мастакоў «Аквапім-6») імкнуцца да асваення афр. і сусветнай маст. спадчыны, да выпрацоўкі сучаснага нац. стылю (скульптар О.Ампофа). З нар. традыцыямі звязана творчасць Кафі Антубама, В.Кафі. Разнастайныя паводле ідэйна-маст. строю і тэхнікі работы жывапісцаў — ад дэкар. стылізатарства да еўрап.рэаліст. манеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭХАСЛАВА́КІЯ (Československo),
дзяржава ў цэнтр. Еўропе ў 1918—92 на тэр. сучасных Чэхіі і Славакіі. Пл. 128 тыс.км², нас. (1986) 15,5 млн.чал., з якіх чэхаў 64%, славакаў 31%. Узнікла на чэш. і славацкіх землях Аўстра-Венгрыі ў выніку нац.-вызв. барацьбы чэхаў і славакаў, якая ўзмацнілася напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. У 1915 чэш.паліт. дзеячы стварылі за мяжой Чэш.к-т дзеяння. Восенню 1915 заключаны дагавор паміж прадстаўнікамі Славацкай лігі і Чэш.нац. аб’яднання ў ЗША пра будучае аб’яднанне чэхаў і славакаў у федэратыўным саюзе дзяржаў. У маі 1916 пад кіраўніцтвам чэха Т.І.Масарыка і славака М.Штэфаніка Чэш.к-т дзеяння пераўтвораны ў Чэхаславацкі нац. савет (ЧНС). Восенню 1916 прадстаўнікі чэш. партый стварылі Чэш. саюз у Вене і Нац.к-т у Празе. Летам 1918 урады краін Антанты прызналі ЧНС у якасці ўрада будучай дзяржавы чэхаў і славакаў. Нац.к-т у Празе 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Ч. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет (у г. Марцін), які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне Славакіі ад Венгрыі. 13.11.1918 зацверджана часовая канстытуцыя Чэхаславацкай Рэспублікі (першы прэзідэнт Масарык, першы прэм’ер-міністр К.Крамарж), межы якой вызначылі Версальскі мірны дагавор 1919, Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 і Трыянонскі мірны дагавор 1920. Акрамя чэш. і славацкіх зямель у яе склад увайшла населеная пераважна ўкраінцамі і венграмі Падкарпацкая Русь, на якую напачатку прэтэндавала і Венгрыя. Канфлікт з Польшчай з-за багатай вугалем Цешынскай Сілезіі вырашыўся ў 1920 падзелам яе паміж дзвюма дзяржавамі. У Ч. ў 1920 пражывала 13,5 млн.чал., у т. л. 7 млн. чэхаў, 2 млн. славакаў, 3 млн. немцаў. У складаных міжнар. умовах Славакіяй у студз. 1919 у Браціславе створана мін-ва па справах Славакіі з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. На тэр. Ч. было сканцэнтравана амаль 70% прам-сці б. Аўстра-Венгрыі, што спрыяла хуткаму пераадольванню наступстваў вайны. Аднак эканам. развіццё розных частак Ч. было вельмі нераўнамернае. У адрозненне ад прамысл. развітай Чэхіі, Славакія заставалася пераважна с.-г. краінай са слабаразвітай прам-сцю, якая не вытрымлівала канкурэнцыі чэш. прадпрыемстваў і разаралася. Гэтая нераўнамернасць захоўвалася да канца існавання Ч. і, разам з нац.-культ. і нац.-паліт. фактарамі, згубна адбівалася на ўстойлівасці дзяржавы.
У лют. 1920 Часовы нац. сход прыняў канстытуцыю Ч., якая ўзаконіла ўжо сфарміраваную паліт. сістэму парламенцкай рэспублікі. Да сак. 1939 змянілася 20 урадаў, якія з 1922 узначальваліся ў асн. лідэрамі найб. шматлікай і ўплывовай у краіне Агр. партыі. Значным уплывам карысталіся таксама партыі: права-кансерватыўная Нац.-дэмакр., С.-д., Сацыяліст., Чэхаславацкая нар., Камуніст. (КПЧ, засн. ў 1921); у Славакіі найб. значнай была Хрысц.нар. партыя А.Глінкі. Ва ўмовах частай змены ўрадаў рэальная паліт. ўлада ў Ч. канцэнтравалася ў пазапарламенцкіх групоўках «Град», «Пяцёрка», «Васьмёрка», якія складаліся з лідэраў асн.паліт. партый. У 1920—30-я г. назіралася тэндэнцыя да ўзмацнення паўнамоцтваў прэзідэнта і ўрада. Масарыка, які памёр у 1935, змяніў на пасадзе прэзідэнта яго паплечнік па нац.-вызв. барацьбе Э.Бенеш. Прэм’ер-міністрам стаў аграрый М.Годжа. Да канца 1920-х г. у Ч. ў асн. завершана памяркоўная агр. рэформа, якая перадала сялянам за выкуп каля 150 тыс.га зямель буйных землеўладальнікаў (у іх засталося каля 40% зямельных угоддзяў краіны). Прам-сць у 1924—29 паспяхова развівалася, але эканам. крызіс пач. 1930-х г. прывёў да спаду вытв-сці на 40% і масавага беспрацоўя (1 млн.чал. у 1933). У 1937 аб’ём прамысл. вытв-сці толькі наблізіўся да дакрызіснага. У знешняй палітыцы Ч. арыентавалася на ўмацаванне адносін з Францыяй, з якой у 1924 заключыла ваен.-паліт. саюз. У 1920—21 створаны ваен. саюз Ч. з Румыніяй і Югаславіяй — Антанта малая. Лакарнскія дагаворы 1925 ускладнілі знешнепаліт. становішча Ч. У 1934 устаноўлены дыпламат. адносіны з СССР, у 1935 падпісаны дагавор аб узаемадапамозе. У сярэдзіне 1930-х г. ўзмацніўся ўплыў КПЧ і правых партый. Прагерм. Судэта-ням. партыя К.Генлейна патрабавала шырокай аўтаноміі для паўн. і паўн.-зах. раёнаў Ч., заселеных пераважна немцамі, скасавання дагавораў з СССР і Францыяй. Адначасова ўзмацніліся сепаратысцкія настроі ў Славакіі. Каб даць падставу для ўмяшання Германіі, генлейнаўцы ў ноч на 12 вер. 1938 арганізавалі ўзбр. мяцеж, які быў падаўлены. Аднак паводле навязаных Ч. Вялікабрытаніяй і Францыяй умоў Мюнхенскага пагаднення 1938 Германія 1.10.1938 акупіравала Судэцкую вобл. і інш. пагранічныя раёны Ч. з пераважна ням. насельніцтвам. 2.10.1938 Польшча прымусіла Ч. аддаць ёй Цешынскую вобл. Паводле Венскага арбітражу 1938 Венгрыя 2.11.1938 захапіла паўд. раёны Славакіі і ч. Падкарпацкай Русі. У выніку Ч. страціла 1/3ч. сваёй тэр., 40% прам-сці, пагранічныя ўмацаванні і апынулася ў эканам. і паліт. залежнасці ад Германіі. Э.Бенеш пайшоў у адстаўку, прэзідэнтам выбраны Э.Гаха. Ён і ўрад т.зв. другой рэспублікі атрымалі права мяняць канстытуцыю. Па патрабаванні славацкіх і ўкр.паліт. дзеячаў былі створаны аўт. земскія ўрады Славакіі на чале з І.Цісам і Падкарпацкай Русі на чале з А.Бродзіем. У ходзе канфлікту з цэнтр. урадам славацкі сейм па ўказанні Германіі 14.3.1939 абвясціў «Незалежную Славацкую дзяржаву» на чале з прэзідэнтам Цісам. 15.3.1939 Гаха падпісаў у Берліне прапанаваны А.Гітлерам акт аб скасаванні «нежыццяздольнай» Ч. і ням.-фаш. войскі акупіравалі Чэхію і Маравію, дзе 16.3.1939 створаны т.зв. Пратэктарат Багемія і Маравія — нібыта аўт. ўтварэнне на чале з герм. імперскім пратэктарам К. фон Нейратам. Немцы пратэктарата абвяшчаліся герм. грамадзянамі. Падкарпацкую Русь захапіла Венгрыя. Пад кіраўніцтвам Бенеша ў 1939 у Парыжы створаны Чэхаславацкі нац.к-т (пазней ён пераехаў у Лондан, летам 1940 пераўтвораны ў Часовы ўрад Ч.). У эміграцыі створаны таксама Дзярж. савет Ч., які выконваў функцыі парламента. Бенеш прызнаны прэзідэнтам Ч. на эміграцыі. Урад СССР 18.7.1941 заключыў з чэхаславацкім эмігранцкім урадам пагадненне аб ваен. супрацоўніцтве і 12.12.1943 дагавор аб дружбе, узаемадапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве, якія прадугледжвалі аднаўленне Ч. ў дамюнхенскіх межах. На тэр.СССР з 1942 фарміраваліся чэхаславацкія вайск. часці, аб’яднаныя ў 1944 у армейскі корпус (камандзір — ген. Л.Свобада), які ўдзельнічаў у вызваленні Ч. У сак. 1945 у Маскве прадстаўнікі Бенеша дамовіліся з кіраўніцтвам КПЧ і дэлегацыяй Славацкага нац. савета пра стварэнне Нац. фронту чэхаў і славакаў (НФ; увайшлі КПЧ, Кампартыя Славакіі, чэхаславацкія Нац.-сацыяліст., С.-д., славацкія Нар. і Дэмакр. партыі) і яго праграму. 4.4.1945 у вызваленым Чырв. Арміяй славацкім г. Кошыцы абвешчана аб стварэнні ўрада НФ і апублікавана праграма пасляваен. ўладкавання дзяржавы. Пасля поўнага вызвалення краіны ад ням. фашыстаў (май 1945) адноўлена Чэхаславацкая Рэспубліка. Паводле пагаднення паміж ёй і СССР ад 29.6.1945 Падкарпацкая Русь далучана да Укр. ССР. На аснове рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945ням. насельніцтва Ч. выселена ў Германію.
У адноўленай дзяржаве ролю парламента напачатку выконваў Часовы нац. сход (200 дэп. ад Чэхіі, 100 — ад Славакіі), кіруючай паліт. сілай быў НФ на чале з лідэрам КПЧ К.Готвальдам. Вял. паўнамоцтвамі карыстаўся прэзідэнт Бенеш (афіцыйна выбраны 19.6.1946). Адносіны цэнтр. і славацкіх дзярж. органаў рэгуляваліся спец. пагадненнямі, якія абмяжоўвалі паўнамоцтвы славацкага кіраўніцтва. На выбарах ва Устаноўчы сход (май 1946) камуністы атрымалі 114 дэпутацкіх месцаў з 300, новы ўрад узначаліў Готвальд. У 1945—47 праведзена агр. рэформа (канфіскаваны і перададзены ў прыватную ўласнасць сялянам землі немцаў, калабарацыяністаў і буйныя маёнткі), нацыяналізаваны горная, металургічная прам-сць, энергетыка, банкі. У лют. 1948 у знак нязгоды з курсам Готвальда на працяг нацыяналізацыі 12 міністраў з 26 падалі ў адстаўку. Аднак КПЧ арганізавала шматтысячныя маніфестацыі ў сваю падтрымку і стварыла рабочую міліцыю, якая паралізавала дзейнасць апазіцыйных партый. Бенеш быў вымушаны пагадзіцца на захаванне ўрада, адстаўку 12 міністраў і замену іх стаўленікамі Готвальда. Улада фактычна перайшла да КПЧ і яе прыхільнікаў у НФ. 9.5.1948 прынята новая канстытуцыя, якая абвясціла Ч. нар.-дэмакр. рэспублікай чэхаў і славакаў. На выбарах у Нац. сход 30.5.1948 НФ атрымаў 93% галасоў. Пасля адстаўкі Бенеша (7.6.1948) прэзідэнтам Ч. выбраны Готвальд (1948—53). У 1948 нацыяналізаваны прамысл. прадпрыемствы, у якіх працавала больш за 50 чал. (на прыватных прадпрыемствах засталося 5% работнікаў), канфіскаваны ўсе зямельныя ўладанні, большыя за 50 га. IX з’езд КПЧ (май 1949) прыняў генеральную лінію на пабудову ў Ч. асноў сацыялізму на сав. ўзор. Ч. ўступіла ў Савет эканамічнай узаемадапамогі (1949), падпісала Варшаўскі дагавор 1955. Працэс сацыяліст. перабудовы эканомікі і грамадства суправаджаўся паліт. рэпрэсіямі, якія працягваліся да сярэдзіны 1950-х г. і ахапілі каля 70 тыс.чал. (27 тыс.чал. загінулі); сярод рэпрэсіраваных старшыня аўтаномнага ўрада Славакіі Г.Гусак і Ген. сакратар ЦК КПЧ Р.Сланскі. Фармальна захоўвалася шматпартыйнасць (у рамках НФ), фактычна ж існавала дыктатура КПЧ. Пасля смерці Готвальда КПЧ у 1953—68 узначальваў яго прыхільнік А.Новатны; прэзідэнтам Ч. ў 1953—57 быў А.Запатоцкі, у 1957—68 — Новатны. У ліп. 1960 прынята новая канстытуцыя Ч., якая замацавала курс КПЧ на «пабудову камунізму», краіна стала наз. Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікай (ЧССР). У канцы 1960-х г. нарасталі крызісныя з’явы ў эканоміцы, абумоўленыя заганамі адміністрацыйна-каманднай сістэмы, абвастрылася нац. пытанне. У студз.-сак. 1968 Новатны адхілены ад пасад 1-га сакратара ЦК КПЧ і прэзідэнта краіны. Новае кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК КПЧ А.Дубчакам (1968—69) і прэзідэнтам ЧССР ген. Л.Свобадай (1968—75) спрабавала рэфармаваць эканоміку і грамадскае жыццё «зверху» ў дэмакр. духу (гл.«Пражская вясна»), аднак гэтаму перашкодзілі ўвод (жн. 1968) у Ч. войск СССР і інш. краін — членаў Варшаўскага дагавора, акрамя Румыніі, і інш. формы націску з боку кіраўніцтва КПСС. Рэфарматарскае кіраўніцтва КПЧ у 1969 адхілена, пад кіраўніцтвам Г.Гусака (з 1969 1-ы, з 1971 Ген. сакратар ЦК КПЧ, з 1975 адначасова прэзідэнт ЧССР) пачаўся працэс «нармалізацыі». Паводле канстытуцыйнага закона аб федэрацыі (27.10.1968) Ч. ператворана ў федэрацыю раўнапраўных і суверэнных сацыяліст. рэспублік — Чэшскай і Славацкай. Вышэйшым заканад. органам ЧССР стаў двухпалатны Федэральны сход, які складаўся з Нар. палаты (200 дэп.) і Палаты нацыянальнасцей (па 75 дэп. ад Чэхіі і Славакіі). Федэральны сход выбіраў прэзідэнта краіны. У канцы 1970-х г. на фоне эканам. цяжкасцей узніклі арг-цыі дысідэнтаў «Хартыя—77», «Камітэт абароны незаконна асуджаных» і інш. З пачаткам перабудовы ў СССР аналагічныя працэсы разгарнуліся і ў Ч., хоць кіраўніцтва КПЧ імкнулася замарудзіць іх. У 1987 Гусак заменены на пасадзе ген. сакратара ЦК КПЧ М.Якешам. З жн. 1988 адбываліся амаль няспынныя мітынгі і дэманстрацыі апазіцыі. У ходзе «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 КПЧ страціла манаполію на ўладу, сфарміраваны пераходны ўрад (камуністы, беспартыйныя, сацыялісты, прадстаўнікі нар. партыі) на чале з М.Чалфай. У снеж. 1989 Гусак пайшоў у адстаўку з пасады прэзідэнта, новым прэзідэнтам выбраны лідэр Грамадзянскага форуму В.Гавел, старшынёй Федэральнага сходу — А.Дубчак. У чэрв. 1990 адбыліся свабодныя выбары ў парламент, сфарміраваны ўрад з прыхільнікаў радыкальных рыначных рэформ. Восенню 1990 прыняты закон аб рэстытуцыях (вяртанні нацыяналізаванай маёмасці б. уладальнікам). Незадаволенасць славацкіх палітыкаў формай федэрацыі прывяла да яе рэфармавання законам ад 1.12.1990: б.ч. паўнамоцтваў перайшла ад федэральных органаў улады да рэсп., дзяржава пачала наз. Чэшскай і Славацкай Федэратыўнай Рэспублікай (ЧСФР). Эканам. цяжкасці і беспрацоўе ў пач. 1990-х г. абвастрылі супярэчнасці ў пытанні аб тэмпах і метадах эканам. рэформ паміж урадам Чэхіі і Славакіі. Вясной 1992 на парламенцкіх выбарах у Чэхіі перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя прыхільнікаў радыкальных рэформ і захавання федэрацыі, у Славакіі — леваарыентаваны Рух за дэмакр. Славакію, які выступаў за поўны суверэнітэт Славакіі. Перагаворы паміж кіраўнікамі чэш. (В.Клаўс) і славацкага (У.Мечыяр) урадаў аб умовах захавання федэрацыі былі безвыніковымі. В.Гавел, пасля няўдалай спробы выбрання ў парламенце на новы тэрмін, 20.7.1992 падаў у адстаўку з пасады прэзідэнта ЧСФР. 25.11.1992 Федэральны сход прыняў закон, у адпаведнасці з якім ЧСФР 31.12.1992 спыніла існаванне, на яе тэр. ўтварыліся 2 незалежныя дзяржавы — Чэхія і Славакія.
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988;
Коровицына Н.В. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европейских наций. М., 1993.