буйнейшая вышэйшая навуч. ўстанова Венгрыі. Засн. ў 1635 у г. Тырнавія архіепіскапам Петэрам Пазманем як духоўны ун-т (на базе езуіцкага калегіума, які існаваў з 1561). З 1773 — свецкая навуч. ўстанова. У 1777 пераведзены ў Буду, у 1784 — у Пешт. У 1948 заснаваны ф-т прыродазнаўча-матэм. навук. У 1950 каталіцкі тэалагічны ф-т аддзелены ад ун-та. У 1986/87 навуч.г. 4 факультэты. Пры ун-це шэраг навук. ін-таў, бат. сад, б-ка (з 1635).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛАНЖЭ́ ((Boulanger) Жорж Эрнест) (29.4.1837, г. Рэн, Францыя — 30.9.1891),
палітычны дзеяч Францыі, генерал. Удзельнік аўстра-італа-франц. (1859), франц. каланіяльнай (Індакітай, 1852—62) і франка-прускай (1870—71) войнаў, задушэння Парыжскай камуны 1871. У 1886—87 ваен. міністр. У 1887—89 узначальваў шавіністычны рух (буланжызм), які меў на мэце ўсталяванне ваен. дыктатуры, перагляд дэмакр. свабод і роспуск парламента, імкнуўся развязаць рэваншысцкую вайну з немцамі. У 1889 Б. абраны ў палату дэпутатаў, але абвінавачаны ў сувязі з манархістамі, уцёк у Бельгію, дзе скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ХНЕР ((Buchner) Эдуард) (20.5.1860, г. Мюнхен, Германія — 13.8.1917),
нямецкі хімік і біяхімік. Праф. (1895). Скончыў Мюнхенскі ун-т (1888), дзе і працаваў. У 1893—1911 праф. у Кілі, Берліне, Брэславе, Вюрцбургу. Навук. працы па арган. хіміі. Адкрыў піразол (1889). У 1897 атрымаў з дражджэй сок, які не меў жывых клетак, але выклікаў энергічнае спіртавое браджэнне. Гэта адкрыццё заклала асновы сучаснай энзімалогіі. Нобелеўская прэмія 1907.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 81.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛІ́ЛЫ,
неарганічныя пігменты белага колеру. Найб. пашыраны бялілы цынкавыя (цынку аксід, ZnO) і тытанавыя (тытану дыаксід, TiO2).
Цынкавыя бялілы не ядавітыя, устойлівыя да ўздзеяння святла, надаюць пакрыццю бляск, які доўга захоўваецца. Тытанавыя бялілы не ядавітыя, маюць высокую покрыўную здольнасць і інтэнсіўнасць, але пад дзеяннем святла страчваюць бляск, найб. святлоўстойлівая рутылавая форма (гл.Тытану аксіды). Атрымліваюць бялілы сінтэтычна. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ўсіх відаў фарбаў і эмаляў, разведзеныя на пакосце для фарбавання паверхняў з розных матэрыялаў (дрэва, металаў, гумы, пластмасаў, паперы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНАНАЧА́ЛЛЕ,
1) прынцып кіравання, які азначае наданне кіраўніку якога-н. органа, установы, прадпрыемства шырокіх паўнамоцтваў, неабходных для выканання яго функцый, а таксама ўстанаўленне яго персанальнай адказнасці за вынікі працы.
2) Адзінаначалле ва ўзброеных сілах — прынцып кіравання войскамі, пры якім камандзіры (начальнікі) надзелены ўсёй паўнатой распарадчай улады ў адносінах да падначаленых, нясуць асабістую адказнасць за іх жыццё і дзейнасць. Заключаецца ў праве камандзіра асабіста прымаць рашэнні, аддаваць загады, забяспечваць іх выкананне. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з правамі, якія вызначаны законамі і рэгламентуюцца статутамі воінскімі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТРУІ́ЗМ (франц. altruisme ад лац. alter іншы),
бескарыслівыя клопаты пра шчасце і дабрабыт інш. людзей, гатоўнасць ахвяраваць асабістымі інтарэсамі. Тэрмін увёў у 1830-я г.франц. філосаф А.Конт, які звязваў маральнае ўдасканаленне чалавека з выхаваннем у людзей пачуцця альтруізму, проціпастаўляючы яго эгаізму. Асобныя ідэі альтруізму развіваліся ў раннім хрысціянстве, у вучэнні Францыска Асізскага (сярэднявечча), у новы час — асветнікамі (І.Гердэр, А.Шэфтсберы, Д.Юм, А.Сміт, Ж.Ж.Русо, І.В.Гётэ і інш.). Канкрэтныя формы альтруізму — міласэрнасць, дабрачыннасць, філантропія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАМО́ВІЧЫ (Абрагамовічы),
шляхецкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ. Паходзілі ад Абрагама Ёзафавіча (п. У 1519), які нарадзіўся ў сям’і гандляра-яўрэя, пазней прыняў хрысціянства. За паслугі вял. князям Аляксандру і Жыгімонту I атрымаў шляхецтва. Займаў пасады гараднічага (1495) і старосты ковенскага (1514), старосты салецкага, войта менскага і берасцейскага, падскарбія земскага (1510—19). Валодаў маёнткамі Вайдуны (Віленскі пав.) і Грынкава (Гарадзенскі пав.). Меў сыноў Васіля (у каталіцтве Ян, п. у 1546, быў войтам берасцейскім) і Канстанціна (войт менскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБТУРА́ТАР (франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),
1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.
2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЯНКО́Ў (Пётр Харытонавіч) (26.11.1908, в. Вылева Добрушскага р-на Гомельскай вобласці — 20.6.1969),
Герой Сав. Саюза (1945). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну ўдзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Прыбалтыкі, баёў ва Усх. Прусіі, Германіі. Вызначыўся ў баі каля г. Добеле (Латвія) у 1944: экіпаж танка, у складзе якога Басянкоў быў механікам-вадзіцелем, адбіў атаку 8 танкаў праціўніка (4 з іх знішчыў). Калі танк загарэўся, жывым з экіпажа застаўся адзін Басянкоў, які не спыніў бою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШЧУ́ПНІКІ (Pselaphidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомы жоўты бязвочка (Claviger testaceus), які жыве ў гнёздах жоўтых мурашак.
Даўж. 0,8—6 мм. Звычайна бурай або рыжай, радзей чорнай афарбоўкі. Надкрылы вельмі ўкарочаныя, 5—8 нерухомых членікаў брушка голыя. Жывуць у лясным подсціле, пад карой дрэў, камянямі, у пнях, пячорах, многія ў мурашніках. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі. Выдзяленні асобных залоз прывабліваюць мурашак, якія кормяць ашчупнікаў.