адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1944—54. Утворана 20.9.1944 з раёнаў Магілёўскай, Мінскай і Палескай абл. Цэнтр — г.Бабруйск. Пл. 19,7 тыс.км², нас. 654,9 тыс.чал. (1953). Уключала 14 раёнаў (Акцябрскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Глускі, Грэскі, Капыльскі, Кіраўскі, Клічаўскі, Любанскі, Парыцкі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі), 4 гарады (Асіповічы, Бабруйск, Слуцк, Старыя Дарогі), 8 гар. пасёлкаў (Глуск, Капыль, Клічаў, Любань, Старобін, Парычы, Урэчча, Чырвоная Слабада), 4 рабочыя пасёлкі (Глуша, Градзянка, Ялізава, Ясень). Абл.газ. «Савецкая Радзіма». 8.1.1954 Бабруйская вобласць скасавана: Акцябрскі і Парыцкі р-ны перададзены ў Гомельскую, Асіповіцкі, Бабруйскі, Кіраўскі і Клічаўскі р-ны — у Магілёўскую, астатнія — у Мінскую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́КТРЫЯ,
гістарычная вобласць у Сярэдняй Азіі па сярэднім і верхнім цячэнні Амудар’і (цяпер тэр.Паўн. Афганістана, Паўд. Таджыкістана і Узбекістана). З 1-й пал. 1-га тыс. да нашай эры рабаўладальніцкая дзяржава. Сталіца — г. Бактра. У 6—4 ст. да нашай эры адна з сатрапій (правінцый) Ахеменідаў дзяржавы, потым у складзе імперыі Аляксандра Македонскага і Селеўкідаў. З сярэдзіны 3 ст. да нашай эры самаст. Грэка-Бактрыйскае царства. У 2 ст. да нашай эры заваявана тахарамі; наз.Тахарыстан.
Літ.:
Ставиский Б.Я. Кушанская Бактрия: проблемы истории и культуры. М., 1977;
Пьянков И.В. Бактрия в античной традиции: (Общ. данные о стране: назв. и территория). Душанбе, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛДУ́К,
возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас.р. Страча, за 33 км на ПнЗ ад г.п. Мядзел. Уваходзіць у Балдуцкую групу азёраў, на тэр. ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,78 км², даўж. 2,05 км, найб.шыр. 700 м, найб.глыб. 39,7 м. Пл. вадазбору 1,6 км².
Схілы катлавіны выш. 25—30 м. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і ПдУ нізкія, забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае. 2 упадзіны глыб. 38,1 м і 39,7 м, раздзеленыя 7-метровым падняццем. Расліннасць утварае паласу шыр. да 200 м і дасягае глыб. 6—8 м, займае да 30% пл. возера. Ручаямі злучана з воз. Балдучыца і р. Страча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛДУ́ЦКАЯ ГРУ́ПА АЗЁРАЎ,
у Беларусі, на мяжы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., Мядзельскага р-на Мінскай вобласці і Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., на ЗБел. Паазер’я, у бас.р. Страча, на тэр. ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Уключае невял. азёры Балдук, Глубелька, Ячмянец, Мёртвае, Імшарац, Глубля. Агульная пл. 1,5 км².
Утварылася ў час паазерскага зледзянення, размешчана сярод комплексу водна-ледавіковых формаў рэльефу (адносныя выш. 25—30 м), парослага хваёвым і хваёва-яловым лесам. Азёры адметныя чыстай вадой і адсутнасцю антрапагенных экалагічных парушэнняў, у іх растуць рэдкія ахоўныя водныя расліны (хваснік звычайны і меч-трава звычайная). Па азёрах праходзіць турысцкі маршрут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ,
біялагічны заказнік у Беларусі, у Баранавіцкім і Івацэвіцкім р-нах Брэсцкай вобласці. Засн. ў 1978. Пл. 32,8 тыс.га (1995). Уключае тэр. Бярозаўскага, Ляснянскага і Мілавідскага лясніцтваў. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту дзікарослых лек. раслін (ядлоўцу, ландышу майскага, талакнянкі, чабару, святаянніку прадзіраўленага, брусніц, чарніц і інш.), таксама рэдкіх і тых, што знікаюць, раслін, якія ўключаны ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь (купальніку горнага, сону лугавога, неатыянты клабучковай, лінеі паўночнай, астры стэпавай, чыны горнай, касачу сібірскага, жаўтазелю германскага, канюшыны лубінавай). Займае буйны лясны масіў, у якім пераважаюць хвойнікі. На ПнЗ трапляюцца бярэзнікі, на Пд — бярэзнікі і чорнаалешнікі, на У — ельнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРДЫНА́ЦЫЯ КАРАЛЕ́ЎСКІХ ПУ́ШЧАЎ У ЛЯСНІ́ЦТВАХ БЫЛО́ГА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА», «Ординация королевских пущ в лесничествах бывшего Великого княжества Литовского»,
вопіс каралеўскіх лясных масіваў ВКЛ 1636—40. Выдадзены Віленскай археагр. камісіяй паралельна на польскай і рус. мовах (Вільня, 1871). Ардынацыя (упарадкаванне) мела на мэце ўстанаўленне межаў каралеўскіх пушчаў, вызначэнне правоў шляхты і мясц. насельніцтва на карыстанне імі, арганізацыю кіравання лясной гаспадаркай і вызначэнне статуса асоб, якія выконвалі спец. абавязкі ў створаных лясніцтвах. Адзначаны населеныя пункты на тэр. лясніцтваў, пералічаны сяляне, іх павіннасці, колькасць зямлі ў гаспадарках; часам дакументы шляхты на права валодання і карыстання лясамі; апісаны азёры, рэчкі, лугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНЫ ФРОНТ,
лінія падзелу паміж арктычным паветрам і паветрам умераных шырот (палярным паветрам), паўд. мяжа арктычнай паветранай масы. Фарміруецца ў Арктыцы на Пн ад Еўропы і Паўн. Амерыкі паміж 60° і 75°паўн. ш. У залежнасці ад напрамку руху арктычнага фронту на адным з участкаў можа быць цёплым, на другім халодным, з ім звязана інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць. На тэр. Беларусі прыходзіць з ПнЗ (з Атлантычнага сектара Арктыкі), радзей — з Пн і ПнУ. На клімат Беларусі найб. уплываюць халодныя ўчасткі арктычнага фронту, якія выклікаюць ападкі, паўн. вятры, паніжэнне т-ры паветра, зімой — мяцеліцы. За год пад уплывам халоднага арктычнага фронту ў сярэднім бывае 21—24 дні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАГРУ́ДАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (11—9 ст. да нашай эры) на тэр. лесастэпавай часткі Правабярэжнай Украіны. Назва ад т.зв. «попельнікаў» (разнавіднасць культавых помнікаў) у Белагрудаўскім лесе каля в. Пікавец (Чаркаская вобл.). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах, у вялікіх (5 × 9 м, 10 × 12 м) паўзямлянках, заглыбленых да 1 м, вырабляла бронзавую зброю (кельты, кінжалы, наканечнікі коп’яў), упрыгожанні (скроневыя падвескі, бранзалеты, пярсцёнкі), каменныя прылады працы (укладышы для сярпоў, скрабкі, сякеры і інш.). Аснова гаспадаркі — земляробства. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы і трупаспаленне пад курганамі і ў грунтавых магілах. Характэрны цюльпана- і слоікападобны кухонны посуд з наляпнымі валікамі, сталовыя міскі, кубкі, чарпакі, арнаментаваныя зубчастым штампам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1793—1940. Створаны ў Мінскай губ., з 1843 у Віленскай. Цэнтр — г. Вілейка. Пл. 5591,2 кв. вярсты, нас. 208 013 чал. (1897). У 1886 уключаў 27 валасцей (Будслаўская, Ваўкалацкая. Вілейская, Вязынская, Гарадоцкая, Германішская, Даўгінаўская, Дунілавіцкая, Жаснянская, Іжская, Княгінінская, Крайская, Краснасельская, Крывіцкая, Куранецкая, Лебедзеўская, Лучайская, Маладзечанская, Манькавіцкая, Мядзельская, Нарыцкая, Параф’янаўская, Порплішчанская, Рабунская, Радашковіцкая, Сітцаўская, Хаценчыцкая), заштатны г. Радашковічы, 20 мястэчак, 1279 паселішчаў сельскага тыпу. З 1917 у Зах.вобл., з 1919 у БССР. У 1921—39 у складзе Польшчы, у 1927 меў 13 гмін, пл. 3421 км². З ліст. 1939 у БССР, са снеж. 1939 у Вілейскай вобласці, 15.1.1940 скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЙ ГО́ЛОС»,
грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася штодзённа з 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 у Віцебску на рус. мове; замяняла неафіц. аддзел газ. «Витебские губернские ведомости». У 1906 прытрымлівалася акцябрысцкага кірунку, пазней — прыватная газ. ліберальна-кадэцкага кірунку. Асуджала імперыял. планы царызму ў рус.-яп. вайне 1904—05, рэпрэсіі супраць удзельнікаў 1-й рус. рэвалюцыі і інш. Крытыкавала ўрадавую палітыку «адзінай і непадзельнай» Расіі, выступала за культ.-нац. і тэр. аўтаномію яе народаў. Вітала выхад «Нашай нівы» як сапраўды народнага выдання. Змяшчала літ. творы рус. і мясц. аўтараў. Асвятляла пытанні мясц. жыцця, эканомікі, нар. асветы, тэатр. і муз. навіны горада.