тайная рэв.арг-цыя, якая дзейнічала ў 1836—38 у Віленскай мед. акадэміі. Заснавальнік і арганізатар Ф.А.Савіч. Складалася са студэнтаў і дробнай шляхты. Уваходзілі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей: беларусы, украінцы, палякі і інш. Мела статут «Прынцыпы дэмакратызму». У 1837 устанавіла сувязі з Ш.Канарскім, які ўзначальваў тайную арг-цыю «Садружнасць польскага народа», што дзейнічала на тэр. Беларусі, Літвы і Украіны. Д.т. пад назвай «Маладая Польшча» ўвайшло ў склад «Садружнасці» як яе радыкальнае крыло. Члены т-ва імкнуліся наладзіць сувязі з сялянамі, прапагандавалі сярод іх ідэі свабоды і роўнасці, выступалі за асвету народа, за права кожнага народа на нац. самастойнасць, адстойвалі ідэю рэв. саюзу братніх народаў у барацьбе супраць самадзяржаўя, лічылі сябе прадаўжальнікамі справы дзекабрыстаў. Найлепшай формай дзярж. кіравання абвяшчалі рэспубліку. Ідэалогія Д.т. адлюстроўвала працэс пераходу ад шляхецкай рэвалюцыйнасці да рэв. дэмакратызму. У чэрв. 1838 частка членаў Д.т. арыштавана. Савіч і яго памочнікі Я.Загорскі і К.Рабчынскі прыгавораны да ссылкі на Каўказ, астатнія аддадзены ў салдаты.
Літ.:
Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е г. XIX в. Мн., 1971;
Смирнов А.Ф. Революционные связи народов России и Польши, 30—60 гг. XIX в. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІБЕРНЕ́ТЫКА БІЯЛАГІ́ЧНАЯ, біякібернетыка,
навука аб заканамернасцях кіравання, сувязі і перапрацоўцы інфармацыі ў біял. сістэмах. Вывучае жывы арганізм кібернетычнымі метадамі (матэм. мадэліраванне з выкарыстаннем сістэмнага падыходу і ўлікам шматузроўневага кіравання). Звязана са многімі біял. і мед. дысцыплінамі.
Як навука сфарміравалася ў канцы 1950-х г. Яе станаўленне звязана з выкарыстаннем матэм. метадаў і сістэмных падыходаў у агульнай біялогіі ў 1-й пал. 20 ст. (англ. вучоныя Дж.Холдэйн, Р.Фішэр, сав. вучоны І.І.Шмальгаўзен і інш.), з узнікненнем паняцця адваротнай сувязі ў жывых сістэмах і мадэліраваннем біял. працэсаў (сав. вучоныя А.А.Багданаў, П.К.Анохін).
На Беларусі даследаванні па К.б. вядуцца ў ін-тах Нац.АН Беларусі: эксперым. батанікі, фотабіялогіі, фізіялогіі, тэхн. кібернетыкі; у Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту, НДІ кардыялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў і інш. Вывучаюцца мадэлі механізмаў галаўнога мозга, фізіял. і псіхічны стан чалавека-аператара, пытанні К.б. у дастасаванні да праблемы фіз. культуры і біямеханікі спорту, мадэліруюцца працэсы ўтварэння хларафілу і фотасінтэзу, перамяшчэння радыенуклідаў на забруджаных тэрыторыях і спосабы іх ачышчэння, дыягностыкі і прагназіравання захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУ́ЧА,
вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Аслік. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 18 км на З ад г.п. Круглае, 83 км ад Магілёва, 9 км ад чыг. ст. Слаўнае. 500 ж., 189 двароў (1998).
Вядома з 18 ст. З 1772 у Рас. імперыі. У ліст. 1812 партыз. атрад А.М.Сяславіна каля вёскі знішчыў частку атрада франц. арміі. З 1820 К. — мястэчка, 425 ж., 35 двароў, у 1880—430 ж., 62 двары, карчма, млын, 3 кірмашы на год. У 1909 мястэчка Паўлавіцкай вол. Магілёўскага пав., 672 ж. 95 двароў, крэдытнае т-ва, царкоўнапрыходская школа, аддз.сувязі, фельч.-ак. пункт, вінная крама. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета ў Круглянскім р-не Аршанскай акругі, з 1925 вёска. У 1931—35 у Талачынскім р-не. У Вял.Айч. вайну 17.9.1942 ням.-фаш. захопнікі поўнасцю спалілі вёску, знішчылі 191 жыхара. Адноўлена пасля вайны. У 1959—66 у Бялыніцкім р-не. У 1972—453 ж., 97 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз.сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Каля вёскі магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА САВЕ́ТА МІНІ́СТРАЎ БССР ПРЫ САВЕ́ЦЕ МІНІ́СТРАЎ СССР (Пастпрэдства БССР),
орган сувязіБССР з урадам СССР. Знаходзілася ў Маскве. Створана паводле пастановы ВЦВК РСФСР у ліп. 1923. Палажэнне аб Пастпрэдстве БССР прынята ЦВК і СНКБССР у кастр. 1924 (новае Палажэнне — у 1948). Асн. задачы Пастпрэдства — правядзенне ў вышэйшых органах СССР прапаноў БССР, забеспячэнне ўдзелу БССР у дзейнасці органаў Саюза, абарона інтарэсаў рэспублікі ў складзе СССР, расшырэнне і ўмацаванне сувязей БССР з саюзнымі рэспублікамі і інш. Функцыі органа абмяжоўваліся пытаннямі, якія ў адпаведнасці з Канстытуцыямі СССР і БССР знаходзіліся ў распараджэнні БССР ці ў сумесным распараджэнні Саюза і рэспублікі (з 1924 т.зв. аб’яднаныя, з 1936 саюзна-рэсп. галіны кіравання). Аб’ём паўнамоцтваў Пастпрэдства ў розныя гады мяняўся ў залежнасці ад аб’ёму правоў БССР як саюзнай рэспублікі (іх звужэння або пашырэння). Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (27.7.1990) прадстаўніцтва стала называцца Пастаянным прадстаўніцтвам СМБССР (з вер. 1991 Рэспублікі Беларусь) пры Кабінеце Міністраў СССР. Спыніла існаванне ў снеж. 1991 у сувязі з распадам СССР.
Літ.:
Крохоткин А.М. Постоянные представительства — органы связи Советов Министров союзных республик с Советом Министров СССР // Сов. государство и право. 1962. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКІ РАЁН.
Існаваў у БССР у 1924—60. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр раёна г.п.Бягомль. Пл. каля 1,4 тыс.км², нас. 28 265 чал. (на 1.1.1925), 296 нас. пунктаў. Падзяляўся на 9 сельсаветаў: Бягомльскі, Бярэзінскі, Бярозкаўскі, Вітуніцкі, Восаўскі, Глінскі, Домжарыцы, Кадлубішчанскі, Нядальскі. Уваходзіў у Барысаўскую, у 1927—30 у Мінскую, з 1935 у Лепельскую акругі, з 1938 у Мінскай вобл. У сувязі з узбуйненнем раёнаў 20.1.1960 Бягомльскі раён скасаваны, яго тэр. перададзена ў Докшыцкі, Барысаўскі і Лепельскі р-ны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,
сярэдняя спец.навуч. ўстанова ў 1914—16 у г. Барысаў. Рыхтавала настаўніц пач.нар. вучылішчаў. Тэрмін навучання 4 гады. Пры паступленні перавага аддавалася ўраджэнкам Мінскай губ. Выкладаліся Закон Божы, рус. і царк.-слав. мовы, рус.л-ра, матэматыка, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, фізіка, педагогіка, рукадзелле, графічнае мастацтва (чыстапісанне, маляванне, чарчэнне), спевы, музыка, фіз. практыкаванні. Пры семінарыі існавала ўзорнае пач. вучылішча, дзе навучэнкі праходзілі практыку. Закрыта ў сувязі з ваен. дзеяннямі ў час 1-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КАМЕРЦЫ́ЙНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т КІРАВА́ННЯМіністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь,
недзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова. Засн. ў 1993 у Мінску. Рыхтуе эканамістаў, менеджэраў, эканамістаў-менеджэраў, юрыстаў. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: кіравання, менеджэраў, эканам. адносін, правазнаўства, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, польскі ін-т. Навучанне дзённае, вячэрняе, завочнае; платнае. Мае лінгафонныя кабінеты, камп’ютэрныя класы, рэдакцыйна-выдавецкі цэнтр. Вядзе н.-д. работу. Падтрымлівае сувязі з Вышэйшай гандлёвай школай у Варшаве. Філіялы ун-та ў Брэсце. Магілёве, Оршы, Гродне, Полацку, Мазыры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЫ́ЧНЫЯ ФА́КТАРЫ,
фактары вонкавага асяроддзя, у аснове дзеяння якіх ляжаць уплывы жыццядзейнасці адных арганізмаў на другія і на нежывое асяроддзе. Разам з абіятычнымі фактарамі і антрапагенным уздзеяннем на прыроду фарміруюць умовы жыцця мікраарганізмаў, раслін, жывёл, уплываюць на колькасць жывых арганізмаў і іх дынаміку. Дзеянне біятычных фактараў выяўляецца ўзаемаўплывам жывых арганізмаў, напр. узаемадзеянне драпежніка і ахвяры, паразіта і гаспадара, унутры- і міжвідавая канкурэнцыя, насякомае-апыляльнік і кветкавая расліна і інш.Сувязі паміж біятычнымі фактарамі ляжаць у аснове фарміравання трафічных ланцугоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СМУТ САМАРО́ДНЫ,
мінерал класа самародных элементаў, які складаецца ў асноўным з вісмуту. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі вельмі рэдкія, звычайна слаістыя або зярністыя агрэгаты, дэндрыты. Колер серабрыста-белы, з чырванаватым адценнем на свежым зломе і карычневым — на старым. Лёгка рэжацца нажом. Бляск металічны. Цв. 2,5. Шчыльн. 9,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў гідратэрмальных жылах або пегматытах, звычайна ў сувязі з рудамі серабра, кобальту, нікелю, свінцу і волава. Выкарыстоўваецца ў медыцыне. Уваходзіць у склад вісмутавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАСЦЬ УНУ́ТРАНАГА СЦЁКУ, бяссцёкавая вобласць,
частка сушы, пазбаўленая сувязі з Сусветным ак. праз рэкі. Займае 22% плошчы сушы. Прымеркавана да тэр. з арыдным кліматам, радзей з умераным кліматам і плоскім рэльефам (некаторыя водападзельныя прасторы). Рэкі вобласці ўнутранага сцёку ўпадаюць у бяссцёкавыя азёры ці перасыхаюць або вычэрпваюцца на арашэнне зямель. Самыя вялікія вобласці ўнутранага сцёку ў Афрыцы і Азіі. У Арала-Каспійскую вобласць ўнутранага сцёку, якая ахоплівае часткі тэр. Еўропы і Азіі, упадаюць рэкі Волга, Кура, Урал, Амудар’я і Сырдар’я.