ЗЕЎ,

адтуліна, якая ў млекакормячых і чалавека аб’ядноўвае поласць рота з глоткай. Абмяжоўваецца зверху мяккім паднябеннем, знізу — спінкай языка і па баках паднябеннымі дужкамі, сярод якіх размешчаны міндаліны.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́НЦЫЯ МІЖНАРО́ДНАЯ,

адзін з відаў дагавора міжнароднага. Найчасцей К.м. з’яўляецца шматбаковым міжнар. дагаворам па пытаннях эканам., юрыд., тэхн., гуманіт. характару, а таксама дагаворам аб законах і звычаях вайны.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́БНЕКАЙСЕ (Kebnekaise),

вяршыня на Пн Скандынаўскіх гор, самая высокая ў Швецыі (2123 м). Складзена з габра, кварцавых сіенітаў. Некалькі адасобленых ледавікоў. Станцыя па вывучэнні ледавікоў і высакагор’яў. Турызм.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКЕНА́Н (Cuquenán),

вадаспад у Венесуэле, на р. Кукенан (прыток р. Карані) на Гвіянскім пласкагор’і. Выш. падзення вады 610 м (другі па вышыні ў Паўд. Амерыцы пасля вадаспада Анхель).

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІЧЭ́НКА (Уладзімір Міхеевіч) (н. 27.4.1916, г. Віцебск),

бел. хірург. Д-р мед. н., праф. (1965). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1940), з 1955 працуе ў ім. Навук. працы па рэканструктыўных і арганазберагальных аперацыях: пластыка дэфектаў тоўстай і прамой кішак, вагатаміі пры лячэнні язвавай хваробы дванаццаціперснай кішкі; па дыягностыцы і метадах лячэння хвароб падстраўнікавай залозы.

Тв.:

Замещение дефектов толстой и прямой кишок илеотрансплантатом. Мн., 1967;

Острый панкреатит в эксперименте и клинике. Мн., 1971;

Обширные резекции кишечника. Мн., 1974 (разам з І.​М.​Сіпаравым);

Первая доврачебная помощь. М., 1990 (у сааўт.).

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫЧО́Ў (Юрый Аляксандравіч) (2.4.1921, г. Мурам Уладзімірскай вобл., Расія — 16.9.1976),

бел. мастак кіно, жывапісец. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1953). З 1953 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык фільмаў: «Дзеці партызана», «Несцерка», «Міколка-паравоз», «Шчасце трэба берагчы», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Першыя выпрабаванні» (з У.​Белавусавым), «Насустрач буры», «Пушчык едзе ў Прагу», «Анюціна дарога», «Ствары бой», «Там, удалечыні за ракой», «Неадкрытыя астравы», «Маленькі сяржант»; тэлефільма «Па сакрэце па ўсім свеце». Сярод жывапісных работ: «Шыпшына», «Самота», «Раніца ў горадзе», «Зімовы дзень», «Хутар», «Цішыня», «Масток», «Дарога»; партрэты, эцюды, замалёўкі і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Ю.Булычоў. Раніца ў горадзе. 1957.

т. 3, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРСТЫ́Н (Цэлясцін Лявонавіч) (28.1.1888, г. Цярнопаль, Украіна — 21.10.1938),

бел. матэматык. Д-р філас. н. (1912). Акад. АН Беларусі (1931). Скончыў Венскі ун-т (1911). Працаваў у Аўстрыі. З 1929 праф. БДУ, з 1931 дырэктар Фіз.-тэхн. ін-та АН Беларусі. Асн. навук. працы па дыферэнцыяльнай і рыманавай геаметрыі, дыферэнцыяльных ураўненнях (агрэгаты Пфафа) і некат. пытаннях алгебры (тэорыя дыстрыбутыўных груп і інш.). Напісаў на бел. мове вучэбны дапаможнік па дыферэнцыяльнай геаметрыі. Арыштаваны 10.12.1937. Памёр у мінскай турэмнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1956.

Тв.:

Матэматычныя працы. Мн., 1932;

Курс дыферэнцыяльнай геаметрыі. Мн., 1933;

Фізічныя метады матэматыкі. Мн., 1933.

Ц.Л.Бурстын.

т. 3, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮДЖЭ́Т РАБО́ЧАГА ЧА́СУ,

рэальны рабочы час аднаго работніка за год, квартал або месяц. Неабходны для вызначэння патрэбы ў работніках (працаёмкасць вытв. праграмы дзеляць на бюджэт рабочага часу) і для разліку даплат да асн. заработнай платы.

Разлічваецца ў сярэднім па прадпрыемстве, цэху, участку ці групах работнікаў, якія маюць аднолькавыя графікі работы і працягласць адпачынку. Вызначаецца вылічэннем з каляндарнага рабочага часу выхадных і святочных дзён, водпускаў, нявыхадаў па хваробе, выкананні дзярж. і грамадскіх абавязкаў, а таксама колькасці гадзін, на якія паменшаны рабочы дзень падлеткаў і маці з груднымі дзецьмі. У справаздачны бюджэт рабочага часу ўключаюць прагулы, цэладзённыя і ўнутрызменныя прастоі.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ПРЫКЛАДНЫ́Я ВІ́ДЫ СПО́РТУ,

агульная назва практыкаванняў і іх комплексаў, якія выкарыстоўваюць пры падрыхтоўцы воінаў па розных вайсковых спецыяльнасцях. Уключаюць элементы з розных відаў спорту (лёгкая атлетыка, плаванне, лыжныя гонкі і інш.). Да ваенна-прыкладных відаў спорту адносяць ваенна-спарт. мнагабор’і, пераадоленне палос перашкод, марш-кідкі, кросы з арыентаваннем на мясцовасці, лыжныя гонкі са стральбой, плаванне ў абмундзіраванні і са зброяй, фігурнае ваджэнне аўтамабіля і інш. Практыкаванні выконваюцца ў абмундзіраванні з рыштункам і зброяй на спец. палосах перашкод і снарадах індывідуальна або ў складзе каманды (вайск. падраздзялення). Па ваенна-прыкладных відах спорту існуюць адпаведныя нарматывы, спарт. класіфікацыя, праводзяцца спаборніцтвы.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАВЕ́ЛЬСКАЯ Ю́Р’ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 18 ст. Пабудавана ў 1766 у в. Валавель (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкая. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны асн. зруб і выцягнутая 5-гранная апсіда накрыты агульным гонтавым дахам. На гал. фасадзе тарэц даху вырашаны як спалучэнне крывалінейнага франтона з паўвальмай і 2 чацверыковымі вежамі па баках, завершанымі 6-граннымі шыйкамі і галоўкамі над імі. Складаныя формы завяршэнняў маюць шматлікія заломы і выгіны. Па баках апсіды сіметрычныя нізкія рызніцы, пры ўваходзе — тамбур.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.

Валавельская Юр’еўская царква.

т. 3, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)