археалагічныя помнікі каменнага веку, размешчаныя ў сярэднім цячэнні р. Дон у раёне г. Варонеж. Назва ад помнікаў каля в. Касцёнкі і Боршава. 24 помнікі эпохі верхняга палеаліту. На іх выяўлены 4 пахаванні неаантрапаў, якія адрозніваюцца асаблівасцямі пахавальнага абраду і магільных пабудоў, жылыя комплексы (вял. родавыя дамы); знойдзена шмат прылад працы з крэменю і косці, упрыгожанняў з косці, іклаў маманта, каралаў, белемніту, мергелю, зубоў жывёлы і ракавін, вырабы дробнай пластыкі, у т. л. антрапаморфныя і зааморфныя фігуркі. Помнікі згрунтаваны. ў розныя археал. культуры: стралецкую верхнепалеалітычную, спіцынскую, гарадцоўскую, тэльманскую, касцёнкаўска-аўдзееўскую касцёнкаўска-вілендорфскага адзінства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ ЗАВО́Д «СІТА́МА».
Знаходзіцца ў г. Кобрын Брэсцкай вобл. Створаны ў 1960 на базе слясарнай майстэрні (1924), лесапільнага з-да (1940), кузні, ліцейнай і мех. майстэрняў (1946—50) райпрамкамбіната. У 1961—65 рэканструяваны, пабудаваны гал.вытв. корпус па выпуску слясарна-мантажнага інструменту і быт. памяшканні. З 1968 Кобрынскае інстр.ВА. З 1986 з-д у складзе Бел.інстр.ВА. Сучасная назва з 1996. Асн. прадукцыя (1998): ключы гаечныя двухбаковыя, тарцовыя, малаткі і зубілы слясарныя, нажніцы для рэзкі ліставога металу, рамкі нажовачныя, адвёрткі, клупы для наразання разьбы на трубах, клеймы лічбавыя і літарныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ННІКІ,
у Стараж. Грэцыі (Афіны, Фесалія і інш. гарады-дзяржавы) і Стараж. Рыме прывілеяванае саслоўе (другое пасля зямельнай арыстакратыі — набілітэту). У грэч. дзяржавах К. з’яўляліся ў войска на ўласным кані (адсюль назва) і з уласным узбраеннем. У Рыме да 4 ст. да н. э. К. — вайск. група (на ўтрыманне каня яны атрымлівалі дапамогу ад дзяржавы), пазней — асобае саслоўе, аснову багацця якога складала валоданне грашамі і рухомай маёмасцю. Сапернічалі з набілітэтам за права кіраваць паліт. жыццём. Займалі камандныя пасады ў войску, кіруючыя пасады ў Рыме і правінцыях. Як самаст. саслоўе існавалі да 4 ст.н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛАНО́ГІЯ МАЛЮ́СКІ (Pteropoda),
атрад задняшчэлепных малюскаў. 2 падатр. (паводле інш. класіфікацыі 2 атр.), каля 30 родаў, больш за 100 відаў. Вядомы з эацэну. Пашыраны ўсюды, найб. шматлікія і разнастайныя ў трапічных морах.
Цела паўпразрыстае, нярэдка ярка афарбаванае. Нага рудыментарная, добра развітыя 2 яе бакавыя лопасці — параподыі, падобныя на крылы (адсюль назва), пры дапамозе якіх малюскі плаваюць. У прадстаўнікоў групы тэкасаматаў ёсць спіральная або двухбакова-сім. ракавіна ці т.зв. несапр. ракавіна: У прадстаўнікоў групы гімнасаматаў ракавіны няма. Кормяцца планктонам. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПКО́ЎКА (Dactylis),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 5 відаў. Пашырана ў субтрапічным і ўмераным паясах Еўразіі, у Паўн. Амерыцы і Паўд. Афрыцы. На Беларусі 2 віды: К. зборная (D. glomerata, нар.назва псіўлюй) і К. шматшлюбная (D. polygama). Трапляецца на лугах, лясных палянах, уздоўж дарог.
К. зборная — шматгадовая травяністая рыхлакустовая расліна выш. да 125 см з кароткапаўзучым карэнішчам, шматлікімі сцёбламі і прыкаранёвым лісцем, утварае дзярніну. Лісце шырокалінейнае, вострашурпатае. Суквецце — густая аднабокая мяцёлка. Каласкі цесна скучаныя з 3—6 кветкамі. Плод — падоўжана-яйцападобная зярняўка. Сенажатная і кармавая расліна, уведзена ў культуру ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ МАНА́РХІЯ,
перыяд праўлення ў Францыі прадстаўніка арлеанскага дома (малодшай галіны Бурбонаў) караля Луі Філіпа [1830—48] паміж Ліпеньскай рэвалюцыяй 1830 (ад яе назва) і Лютаўскай рэвалюцыяй 1848, якая ўстанавіла другую рэспубліку. Рэжым Л.м. характарызаваўся паліт. і эканам. панаваннем буйных банкіраў, гандляроў, прамыславікоў і абмежаванай у параўнанні з перыядам Рэстаўрацыі (1814—30) уладай караля. Незадаволенасць прац. мас, прадпрымальніцкіх колаў і дэмакр. інтэлігенцыі вынікамі Ліпеньскай рэвалюцыі і палітыкай улад (законы супраць рабочых саюзаў і свабоды друку, павелічэнне падаткаў і інш.) выклікала шматлікія паўстанні, у т. л.Ліёнскія паўстанні 1831 і 1834, і абумовіла крах Л.м. ў 1848.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТ,
агульная назва ў ВКЛзаканад. актаў, кодэксаў права, распарадчых і суд. дакументаў, прыватнаправавых актаў, пасланняў і інш. Вядомы: Л. ваенны — прадпісанне шляхце на мабілізацыю; Л. вываланы — дакумент аб пазбаўленні пэўнай асобы грамадзянскіх правоў і выгнанні з краіны; Л. глейтоўны — дакумент пра адтэрміноўку выканання суд. прыгавору да разгляду справы ў велікакняжацкім судзе; Л. жалезны — дакумент пра адтэрміноўку выплаты даўгоў або прыцягнення да суд. адказнасці за даўгі; Л. заручны — пісьмовая гарантыя аховы жыцця, здароўя і маёмасці адной асобы ад замахаў другой; Л. сеймавы — распараджэнне пра скліканне сейма, сеймікаў, а таксама паведамленне аб прынятых на сейме рашэннях і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЕ́ЙНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕДЧЫ І КАНСТРУ́КТАРСКА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т, навукова-вытворчае прадпрыемства «Інстытут БелНДІліц». Засн. 7.1.1957 у Мінску як філіял НДІ тэхналогіі аўтапрама (Масква). З 11.5.1978 Навукова-даследчы і канструктарска-тэхнал.ін-т ліцейнай вытв-сці аўтапрама, з 31.3.1993 БелНДІліц, з 4.2.1997 сучасная назва. Вядучая ў СНД н.-д. ўстанова па распрацоўцы і ўкараненні тэхналогій і абсталявання для ліцейнай вытв-сці. Асн. кірункі дзейнасці: даследаванне, распрацоўка і ўкараненне матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання для вытв-сці ліцейных форм, стрыжняў, адлівак з каляровых і чорных сплаваў, фінішная апрацоўка літых загатовак, праектаванне і выраб аснасткі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖАСНЯ́НСКІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫ ТЭ́ХНІКУМ імя Ф.А.Сурганава. Засн. ў 1909 у в. Лужасна Віцебскага р-на як ніжэйшае с.-г. вучылішча. З 1920 с.-г. школа 2-й ступені, з 1928 с.-г. школа тэхнічных культур, з 1929 тэхнікум па тэхн. культурах, з 1930 дзярж.с.-г. ільно-пяньковы тэхнікум, з 1965 с.-г. тэхнікум. У 1977 прысвоена імя Сурганава. У 1993—96 саўгас-тэхнікум. З 1.6.1996 сучасная назва. Спецыяльнасці (1998/99 навуч.г.): аграномія, заатэхнія, ветэрынарыя. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Працуе школа павышэння кваліфікацыі спецыялістаў сярэдняга звяна. Мае дэндрапарк, музей тэхнікума, спортбазу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬЯ́ЛАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі неаліту (канец 5—3-е тыс. да н.э.) у басейне р. Клязьма і прылеглых раёнах на р. Ака і Волга. Назва ад стаянкі каля в. Льялава Маскоўскай вобл. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Жыло на сезонных паселішчах у паўзямлянках і шалашападобных жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым становішчы з охраю, зрэдку з пахавальным інвентаром. Характэрны керамічны паўяйцападобны і вастрадонны посуд, упрыгожаны па ўсёй паверхні радамі ямкавых паглыбленняў і адбіткамі грэбеня. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі коп’яў і стрэл, разцы, скрабкі, нажы, матыкі, касцяныя рыбалоўныя кручкі і гарпуны, упрыгожанні.