ПОСТ,

у некаторых рэлігіях устрыманне на пэўны перыяд ад прыняцця ўсякай ежы або асобных яе відаў; адзін з важных сродкаў царк. рэгламентацыі жыцця вернікаў, паглыблення іх рэлігійнасці. Напр., у праваслаўных у П. забараняецца скаромная ежа, асабліва мяса. Харч. забароны ўзыходзяць каранямі ў мінулае, калі ў выніку недахопаў прадуктаў харчавання людзі вымушаны былі самаабмяжоўвацца ў ежы. З часам гэтыя забароны атрымалі рэліг. санкцыю.

Існуюць шматдзённыя і аднадзённыя П. У праваслаўных П. займаюць каля 200 дзён у год. Вял. П., што папярэднічае Вялікадню, доўжыцца 7 тыдняў; пятроў П. — ад 8 да 42 дзён; прачысценскі — 2 тыдні і інш. Аднадзённыя П. прадпісваюцца вернікам па серадах і пятніцах, а таксама ў інш. дні года. На час П. забараняецца браць шлюб, удзельнічаць у свецкіх забавах. У католікаў П. не такі строгі, яны не прытрымліваюцца шматдзённых П., хворым і дзецям дазваляецца ўжываць малочныя стравы Шчыра посцяць у 1-ю сераду перадвелікоднага П., у пятніцу і на пярэдадні Прачыстай, у перадкалядны дзень (на 1-ю, ці посную, куццю). У мусульман важнае месца займае П. ураза, у час якога на працягу месяца рамазан забараняецца прымаць ежу ад усходу да захаду сонца. У іудзеяў побач з грамадскімі П. існуюць індывідуальныя — па зароку, у дзень шанавання памяці бацькоў.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕКТАВА́ННЕ САЦЫЯ́ЛЬНАЕ,

навукова абгрунтаванае канструяванне сістэмы параметраў будучага сацыяльнага аб’екта або якасна новага стану існуючага аб’екта; адна з форм сац. кіравання. П.с. ўласцівы шматварыянтнасць, складаныя характарыстыкі, параметры, часам у выглядзе якасна-зместавых, каштоўнасна-арыентаваных ацэнак. П.с. абумоўлена існаваннем шэрагу заканамернасцей і прычынна-выніковых сувязей. Сярод аб’ектаў П.с. элементы і падсістэмы сац. структуры грамадства (прац. калектывы, рэгіёны, сац. групы і інш), розныя грамадскія (эканам., паліт. і інш.) адносіны, элементы ладу жыцця, што паддаюцца праектаванню. Мэта П.с. — стварэнне сац. праектаў, якія ўяўляюць сабой сістэму падабраных і навукова абгрунтаваных паказчыкаў пра будучы стан сац. сістэмы пры канкрэтных дзеяннях людзей, наяўнасці пэўных фін., працоўных, матэрыяльных і інш. рэсурсаў. Вынік П.с. адлюстроўваецца ў навукова абгрунтаваных аналітычных апісаннях, чарцяжах, табліцах, алгарытмах матэм. апарату і інш. П.с. праводзіцца пры дапамозе розных тэхн., матэм., лагічных і інш. сродкаў з выкарыстаннем сістэм аўтаматызаванага праектавання, па спецыяльна распрацаванай сац. тэхналогіі (упарадкаваная паслядоўнасць прыёмаў праектавання, комплекс сац. метадаў, спосабаў, навыкаў. Алгарытм П.с.: вызначэнне сац. заказу, пастаноўка мэт і задач, распрацоўка прагнозу, яго верыфікацыя і карэкціроўка, стварэнне мадэляў і прагнозаў.

Літ.:

Тощенко Ж.Т., Аитов Н.А., Лапин Н.И. Социальное проектирование. М., 1982;

Антонюк Г.А. Социальное проектирование и управление общественным развитием: Теоретико-методол. аспект. Мн., 1986;

Котляров И.В. Политическая социология. Мн., 1998.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАГА́НДА (лац. propaganda падлягае распаўсюджванню),

дзейнасць, накіраваная на папулярызацыю і ўкараненне ў грамадскай свядомасці пэўных ідэй, поглядаў, вобразаў. Праводзіцца з дапамогай розных форм і метадаў (вусная, друкаваная, ілюстрацыйная, кіно-, радыё- і тэлепрапаганда). Важнае месца займае П. навук. ідэй і дасягненняў, дзярж. палітыкі (знешняй і ўнутр.), здаровага ладу жыцця. Вядучая роля адводзіцца паліт. П., якая ўключае намаганні паўплываць на стан свядомасці індывідаў, сац. або нац. груп. З’яўляецца адной з перадумоў функцыянавання паліт., дзярж. улады.

Тэорыя П. бярэ пачатак у ідэях Платона і Арыстоцеля, якія распрацоўвалі пытанні ўздзеяння слова на фарміраванне чалавечай душы і сістэму метадаў пераканання людзей. Паняцце «П.» сфармулявана ў 1622 Ватыканам, які стварыў «Кангрэгацыю распаўсюджвання веры» для пашырэння ўплыву каталіцызму праз місіянерскую дзейнасць і барацьбу з ерасямі. Кангрэгацыя выкарыстоўвала абстрактна-гуманістычныя лозунгі «ўдасканальвання чалавека», але надавала слову «П.» канкрэтную ідэалаг. арыентацыю. Для П. характэрна супярэчнасць паміж дэклараваным і сапраўдным зместам, што абумовіла негатыўнае яе ўспрыманне. Пасля 2-й сусв. вайны паліт. П. стала пастаянным кірункам дзярж. дзейнасці, што выявілася ў стварэнні мін-ваў і цэнтраў П., арг-цыі навук. даследаванняў і адпаведных устаноў. Прапагандысцкія службы выкарыстоўваюць увесь набыты вопыт па маніпуліраванні чалавечай свядомасцю. П. ператварылася ў важны інструмент дзярж. палітыкі, распрацоўкі і пошуку варыянтаў вырашэння канкрэтных сац,эканам., паліт. праблем.

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУСТ ((Proust) Марсель) (10.7.1871, Парыж — 18.11.1922),

французскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік мадэрнізму. Скончыў Сарбону (1895). Дэбютаваў зб. навел «Уцехі і дні» (1896). Сусв. вядомасць яму прынёс цыкл раманаў «У пошуках згубленага часу» («У бок Свана», 1913; «У засені квітнеючых дзяўчын», 1919, Ганкураўская прэмія; «Германты», 1920—21; «Садом і Гамора», 1921—22; «Нявольніца», выд. 1923; «Уцякачка», выд. 1925; «Знойдзены час», выд. 1927), у якім узняты праблемы пазнання і самапазнання, творчасці і творцы, мастацтва і мастацтва жыцця, кахання як пакуты і хваробы і інш. Яго творы, напісаныя ў форме «рамана-ракі», адметныя спалучэннем імпрэсіянізму з элементамі «плыні свядомасці» і рэалізму, нясуць у сабе рысы сямейнай хронікі, рамана выхавання, рамана культуры і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Жан Сантэй» (незавершаны, выд. 1952), кнігі эсэ «Супраць Сент-Бёва» (выд. 1954) і інш. Зрабіў уплыў на развіццё сусв. рэаліст. і авангардысцкай (асабліва на «новы раман») л-ры 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — В поисках утраченного времени. Т. 1—7. М., 1992—93.

Літ.:

Андреев Л.Г. М.​Пруст. М., 1968;

Сучков Б. Марсель Пруст (1871—1922) // Сучков Б. Лики времени. М., 1976. Т. 2;

Днепров В. Психологический роман Марселя Пруста // Днепров В. Идеи времени и формы времени. Л., 1980;

Мамардашвили М. Лекции о Прусте. М., 1995;

Мориак К. Пруст: Пер. с фр. М., 1999.

Е.​А.​Лявонава.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШЧО́ЛКА (Аляксандр Раманавіч) (1869, в. Чарсцвяды Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1943),

бел. пісьменнік, этнограф, фалькларыст. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1890), юрыд. ф-т Юр’еўскага (Тартускага) ун-та (1907). Настаўнічаў, працаваў адвакатам. Друкаваўся з 1898 у «Витебских губернских ведомостях», пазней у газ. «Сельский вестник», «Минское слово», «Белорусская жизнь» і інш. Пісаў на бел. і рус. мовах. Выдаў больш за 10 кніг апавяданняў і нарысаў («Нарысы з жыцця беларускай вёскі», 1899; «Беларускія апавяданні», 1901; і інш.), дзе паказаў жыццё і побыт бел. сялян канца 19 ст. Для літ. дзейнасці П. характэрны маралізатарства, натуралізм, супярэчлівасць і неакрэсленасць аўтарскай пазіцыі (цыкл нарысаў «Пісьмы з вёскі», 1907). У этнагр. нарысах апісваў звычаі, абрады і побыт Лепельшчыны («Дзяды», «Мікітавы хаўтуры», «Зажынкі і абжынкі», «Талака», «Беларускія святы»), У Полацку стварыў хор, які выконваў бел. нар. песні, у Вільні арганізаваў вечар бел. нар. музыкі. Пад яго рэдакцыяй у Віцебску выдадзена паэма «Тарас на Парнасе» (3-е выд., 1910).

Тв.:

Пилипово веселье: (Бел. очерк). Витебск, 1901;

Очерки и рассказы из белорусской жизни. Вып. 2. Витебск, 1903;

Очерки и рассказы из жизни белорусской деревни. 2 изд. Вильна, 1906;

Очерки и рассказы из жизни Белоруссии. Сб. 2. 2 изд. Витебск, 1910.

Літ.:

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖЭ́ВІЧ ((Różewicz) Тадэвуш) (н. 9.10.1921, г. Радомска, Польшча),

польскі пісьменнік, драматург. Вывучаў гісторыю мастацтваў у Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1945—49). Друкуецца з 1938. Аўтар паэт. кніг «Непакой» (1947), «Зялёная ружа» (1961), «Трэцяя асоба» (1968), паэм «Галасы» (1948), «У цэнтры жыцця» (1956), «Ахерон апоўдні» (1968), зб-каў апавяд. «Апала лісце з дрэў» (1955), «Перапынены экзамен» (1960), «Падрыхтоўка да аўтарскага вечара» (1971), аповесцей, у т. л. «Смерць у старых дэкарацыях» (1970), эсэ, нарысаў і інш. Найб. значныя яго п’есы: «Картатэка» (паст. 1960), «Група Лаакаона» (паст. 1962), «Сведкі» (паст. 1964), «Дзеянне, якое перапыняецца» (паст. 1978), «Пастка» (паст. 1984, пра Ф.​Кафку). У творах тэмы вайны і фашызму, чалавека і грамадства, мастацтва як носьбіта гуманізму, узаемадачыненняў мастака і ўлады, культуры і цывілізацыі, крызісу духоўнасці. Рэаліст. паэзія адметная свядомым «антыэстэтызмам», празаізацыяй верша, вобразнай прадметнасцю, экспрэсіўнасцю, жывапіснасцю, багаццем сатыр. палітры. Зрабіў вял. ўплыў на польскіх пісьменнікаў т.зв. ўцалелага (ваеннага) пакалення. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі М.​Танк, В.​Дранчук, Ш.​Раманчук, Я.​Семяжон, апавяданні — Я.​Брыль, П.​Стафановіч. Дзярж. прэмія Польшчы 1955, 1966.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979;

Избр. лирика. М., 1980;

Стихотворения и поэмы. М., 1985.

Е.​А.​Лявонава.

т. 13, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАВЕ́Й (Алесь) (сапр. Радзюк Альфрэд Васілевіч; 1.5.1922, в. Крысава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.1.1978),

бел. паэт, празаік, перакладчык. Вучыўся ў Мінскім пед. вучылішчы (1938—40). Працаваў у газ. «Чырвоная Лагойшчына». У Вял. Айч. вайну вярстальшчык «Менскай газэты», сакратар час. «Новы шлях» (Рыга). З 1944 за мяжой; у 1945—49 у г. Зальцбург (Аўстрыя), з 1949 у Аўстраліі, дзе працаваў на фабрыцы. Друкаваўся з 1937. Аўтар зб-каў паэзіі «Мае песні» (1944), «Сіла гневу» (1948), паэм «На хуткіх крыллях вольнага Пегаса» (1943), «Звіняць званы святой Сафіі» (1946), «Домік у Менску» (1948), «Сын» (1949), у якіх раскрываюцца тэмы радзімы, яе гісторыі і прыроды, жыцця народа, кахання. У некат. творах уплыў М.​Багдановіча. Пісаў апавяданні, фельетоны, вершы для дзяцей, вянкі санетаў, трыялеты, санеты, актавы, рандо, александрыны і інш. цвёрдыя строфы. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А Міцкевіча, Р.​М.​Рыльке, Т.​Шаўчэнкі і інш.

Тв.:

Нятускная краса. Ню-Ёрк;

Мельбурн, 1982;

У кн.: Туга па Радзіме. Мн. 1992.

Літ.:

Грамадчанка Т. «За любоў да цябе я пакутаваць мушу...»: Алесь Салавей, 1922—1978 // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994;

Булгакаў В. Алесь Салавей і паэзія беларускай эміграцыі // Крыніца. 1997. № 6;

Кадняк З. Успаміны пра Алеся Салаўя // Беларуская мемуарыстыка на эміграцыі. Нью-Ёрк, 1999.

Л.​С.​Савік.

т. 14, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНД (Sand) Жорж [сапр. Дзюпэн

(Dupin) Аўрора; па мужу Дзюдэван (Dudevant); 1.7.1804, Парыж — 8.6.1876], французская пісьменніца. Вучылася ў англ. каталіцкім манастыры ў Парыжы. Дэбютавала псіхал. раманам «Індыяна» (1832),

у якім тэма жаночай эмансіпацыі цесна звязана з праблемай свабоды чалавека. У раманах «Валянціна» (1832), «Лелія» (1833), «Жак» (1834) у традыцыях байранізму і «нястрымнага рамантызму» абвясціла індывідуалістычны бунт як адзіны шлях у абнаўленні грамадства. На мяжы 1830—40-х г. захапілася ідэямі утапічнага і хрысц. сацыялізму. Аўтар сац. раманаў «Мапра́» (1837), «Вандроўны падмайстар» (1840), «Арас» (1841), «Млынар з Анжыбо» (1845), «Грэх пана Антуана» (1847), дылогіі «Кансуэла» (1842—43) і «Графіня Рудальштат» (1843—44). Дэмакр. погляды С. выявіліся ў цыкле вясковых аповесцей («Чортава лужына», 1846; «Франсуа-знайдыш», 1847—48; «Маленькая Фадэта», 1848—49). Удзельніца рэвалюцыі 1848, пасля перамогі рэакцыі адышла ад палітыкі. Аўтар мемуараў «Гісторыя майго жыцця» (1854—55), шматлікіх раманаў, у т. л. «Снегавік» (1858), «Апошняе каханне» (1867) і інш. Аповесць «Франсія» (1872) пра гіст. падзеі 1812—14 у Францыі і Беларусі.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—9. Л., 1971—74.

Літ.:

Моруа А. Жорж Санд: Пер. с фр. М., 1968;

Трапезникова Н.С. Романтизм Жорж Санд. Казань, 1976;

Трескунов М.С. Жорж Санд: Критико-биогр. очерк. Л., 1976.

Т.​У.​Кавалёва.

Ж.Санд.

т. 14, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́ЛЬНА-БЫТАВЫ́Я КА́ЗКІ,

казкі, якія ў крытычна-завостранай форме адлюстроўваюць побыт і жыццё працоўных, узаемаадносіны ў грамадстве і сям’і, высмейваюць адмоўныя сац. тыпы і людскія недахопы, сцвярджаючы нар. ідэалы. У адрозненне ад чарадзейных казак у іх адсутнічаюць элементы фантастыкі. Героі С.-б.к. — бедны селянін, работнік, салдат, якія перамагаюць сваіх ворагаў-прыгнятальнікаў не звышнатуральнай сілай, а мудрасцю, кемлівасцю і знаходлівасцю. Найб. папулярнасцю карысталіся казкі на тэмы «мужык і пан», «мужык і поп(ксёндз)», дзе паны, папы і ксяндзы трапляюць у камічнае становішча, праз якое выразна выяўляюцца іх прагнасць, хцівасць, жорсткасць, дурасць («Пану навука», «Завідлівы поп»). У С.-б.к. 2-й пал. 19 ст. ярка адлюстравалася класавае расслаенне ў вёсцы ў паслярэформенны час. Канфлікт паміж беднымі і багатымі выразна раскрывае асн. рысы і якасці створаных народам вобразаў — бязлітаснага жорсткага багатыра і прыгнечанага абяздоленага бедняка. У некат. з гэтых казак вял. месца адведзена псіхал. характарыстыцы персанажаў. Адна з найважнейшых іх асаблівасцей адлюстравання рэчаіснасці — спалучэнне верагоднага паказу жыцця з карыкатурна-гратэскавай абмалёўкай адмоўных персанажаў. Для іх характэрна іронія, сарказм, гіпербала, дасціпны нар. гумар. Найб. развіццё С.-б.к. набылі ў эпоху феадалізму, актыўна бытавалі ў перыяд капіталізму, лепшыя ўзоры дайшлі да нашага часу.

Публ.: Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976.

Літ.:

Фядосік А.С. Беларуская сацыяльна-бытавая казка. Мн., 1995.

А.​С.​Фядосік.

т. 14, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́ЛЬНАГА ПАРТНЁРСТВА ТЭО́РЫЯ,

сацыяльна-эканамічная канцэпцыя ідэалаг. абгрунтавання ідэі пра неабходнасць супрацоўніцтва ўсіх сац. груп грамадства ў інтарэсах агульнага прагрэсу і дабрабыту. Набыла пашырэнне пасля 2-й сусв. вайны ў ФРГ, Аўстрыі, Швецыі, Францыі, Вялікабрытаніі, што звязана з асн. працэсамі эканам. і паліт. развіцця Зах. Еўропы. Ідэя класавага супрацоўніцтва сфармулявана ў працах Дж.​Міля, Ж.​Б.​Сея і атрымала развіццё ў дактрыне індустрыяльнага грамадства (Дж.​Голбрэйт, Ф.​Перу, Р.​Арон, Р.​Дарэндорф і інш.). Паводле яе, класавыя канфлікты і барацьба перашкаджаюць грамадскаму інтарэсу і таму павінны саступіць месца сац. партнёрству. С.п.т. стала састаўной часткай распрацаванай Л.​Эрхардам дактрыны зах.-герм. неалібералізму, якая прадугледжвала неабходнасць пераадолення класавых супярэчнасцей, мэтанакіраванага і планамернага развіцця ўсяго жыцця краіны з дапамогай метадаў дзярж. рэгулявання і планавання. Тэарэтычна абгрунтоўвалася і ў інш. краінах: як надыход эры «сацыяльнага праграмавання» (Бельгія), эпоха «пабудовы новага грамадства» з дапамогай «кантрактаў прагрэсу» (Францыя), эра «добраахвотнага супрацоўніцтва» (Вялікабрытанія) і г.д. Адзін з яе кірункаў — удзел працоўных у кіраўніцтве прадпрыемствамі і эканомікай краіны. На думку тэарэтыкаў лейбарызму і правай сацыял-дэмакратыі (Дж.​Стрэйчы, Дж.​Коўл, У.​Пальме і інш.), паступовае ўкараненне сумеснага кіравання прадпрыемствамі наёмнымі работнікамі і прадпрымальнікамі прывядзе да стварэння грамадства новага тыпу — «дэмакратычнага сацыялізму».

Літ.:

Гэлбрейт Дж. Новое индустриальное общество: Пер. с англ. М., 1969.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)