БЛЕРЫО́ ((Blériot) Луі) (1.7.1872, г. Камбрэ, Францыя — 1.8.1936),
французскі авіяканструктар і пілот, адзін з заснавальнікаў авіяцыі. З 1900 будаваў арнітаптэры (апараты з рухомымі крыламі) і планёры, з 1906 — самалёты. Здзейсніў палёт на самалёце (1908), упершыню пераляцеў праліў Ла-Манш (1909). Самалёты сістэмы Блерыо выкарыстоўваліся пераважна ў 1910—20-я г. ў франц. авіяцыі.
т. 3, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАВЭ́РКА,
1) у беларусаў мужчынскі доўгі аднабортны пінжак з даматканага сукна. Пярэднія полкі рабілі суцэльныя, з дзвюма праразнымі і дзвюма накладнымі кішэнямі, адкладным каўняром і бартамі, спінку — з падразной шырокай гесткай і хлясцікам. У 19 — пач. 20 ст. была пашырана сярод заможных сялян, засцянковай шляхты.
2) Верхняя кароткая мужчынская вопратка з аўчын, абцягнутая даматканым сукном.
т. 3, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРА І ЗЯМЛЯ́,
паўднёва-заходняя частка Антарктычнага п-ва ў Антарктыдзе. Злучана з мацерыком шэльфавым ледавіком Георга VI. Працягласць з Пн на Пд каля 400 км, з У на З — 200 км. Над ледавіковым покрывам горы (выш. да 2987 м, г. Стывенсан). Адкрыта ў 1821 рус. экспедыцыяй Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава.
т. 1, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАНТУРЫ́Н,
мінерал, шчыльны празрысты дробназярністы кварц з уключэннямі гематыту, слюды і інш. Колер серабрыста-белы, чырванавата-буры, залаціста-жоўты, радзей зялёны, сіні. Бляск мігатлівы, іскрысты, з пералівамі. Радовішчы звязаны з метамарфічнымі тоўшчамі кварцытаў. Выкарыстоўваецца як вырабны камень (вазы і інш.). Штучны авантурын — карычневае шкло з уключэннямі лісцікаў метал. медзі, што надае яму залацісты бляск.
т. 1, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́Ф’ЕЎ Рыгор, бел. збройнік 17 ст. Родам з Оршы. Быў (у 1658) вучнем у быхаўскага збройніка-пішчальніка Васіля. Разам з ім у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вывезены ў Маскву. Жыў у Броннай слабадзе сярод бел. пасяленцаў-рамеснікаў. У 1677 Астаф’еў з Амелькам Сяргеевым зрабіў 4, у 1678 — 10 пішчаляў.
т. 2, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎЧЫ́НА,
шкура, знятая з авечкі. У залежнасці ад якасці аўчыну выкарыстоўваюць на кажухі, паўкажушкі (аўчына грубашэрсных і паўгрубашэрсных авечак; найлепшая кажуховая аўчына з раманаўскай пароды авечак), на футра (з авечак танкарунных і паўтанкарунных парод). Аўчыну можна імітаваць пад дарагое футра — выдры, нутрыі, коціка. З астатняй аўчыны вырабляюць скуру для абутку, адзення, галантарэі.
т. 2, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБЛЕ́Т (франц. doublet ад double двайны),
1) адзін з 2 аднолькавых прадметаў; другі экзэмпляр якой-н. рэчы ў калекцыі, музеі, б-цы і інш. 2) Падроблены каштоўны камень, склеены з 2 частак, з якіх толькі верхняя з’яўляецца сапраўднай.
3) 2 выстралы запар па адной цэлі з двухствольнага ружжа.
4) У музыцы — падвойны рэгістр у аргане.
т. 6, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д ХІМІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Створаны ў 1962 як з-д дахавых матэрыялаў. З 1968 з-д хім. вырабаў. З 1992 Гомельскае калектыўнае вытв.-камерц. прадпрыемства «Завод хімічных вырабаў». Асн. Прадукцыя (1997): гумавыя галёшы, швейныя, пухова-пер’евыя вырабы (коўдры, падушкі, матрацы), штучная скура і плёнка, цырата, пенаплен, масціка будаўнічая і антыкаразійная, шлангі паліўныя і інш.
т. 5, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ЭЛЕКТРААПАРАТУ́РА».
Пачаў сваю дзейнасць ў 1946 з завода прамысл. кааперацыі «Штамп» па выпуску гасп. посуду і электрапрыбораў. З 1956 — з-д металабытавых вырабаў. З 1958 — сучасная назва. Асн. прадукцыя: нізкавольтная апаратура (пускальнікі электрамагнітныя, прылады ахоўнага адключэння, кантактары, цеплавыя рэле) і быт. тэхніка (разеткі, выключальнікі, падаўжальнікі, электрапрасы, электрапліткі; смажыльныя шафы, электраміксеры, электрабігудзі і інш.).
т. 5, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БІНКАЎСКІ ЦУКРО́ВЫ ЗАВО́Д.
Пабудаваны ў 1963 у г. Жабінка. З 1996 адкрытае акцыянернае таварыства. З 1992 праводзіцца рэканструкцыя. У 1997 пабудаваны будынак ТЭЦ. Буйнейшае прадпрыемства на Беларусі па вытв-сці цукру з цукр. буракоў і імпартнай сыравіны (цукар-сырэц з Бразіліі і Кубы). Асн. прадукцыя (1997): цукар-пясок, патака-мелес, бурачныя жамерыны.
т. 6, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)