абарончыя баявыя дзеянні рас. войск 16—18 жн. супраць напалеонаўскіх войск у вайну 1812. Гал. сілы праціўніка (больш за 180 тыс.чал.) пасля кароткага адпачынку ў 1-й пал.жн. аднавілі наступленне з мэтай авалодаць г. Смаленск і выйсці ў тыл 1-й і 2-й арміям, якія дзейнічалі ў раёне Рудні і Парэчча. Выкарыстаўшы нерашучасць рас. войск, французы фарсіравалі Дняпро ў раёне Расасна, Ляды і рушылі да Смаленска. 16 жн.рас. войскі адбілі іх атакі. Аднак галоўнакамандуючы М.Б.Барклай-дэ-Толі, каб захаваць армію, якая мела менш сіл і сродкаў, чым французы, вырашыў пакінуць Смаленск і загадаў 2-й арміі адыходзіць па Маскоўскай дарозе, а 1-й арміі ўтрымліваць горад для забеспячэння адыходу. У ноч на 17 жн. 2-я рас. армія пад прыкрыццём 1-й арміі пачала адыход на Дарагабуж. Увесь наступны дзень рас. войскі пад агульным камандаваннем ген. Дз.С.Дахтурова адбівалі атакі ворага. У баях за Смаленск асабліва вызначыліся палкі (у т. л. Літоўскі ўланскі полк), дывізіі, атрады пад кіраўніцтвам ген. М.М.Раеўскага, Цз.П.Невяроўскага, І.Ф.Паскевіча, П.П.Канаўніцына і інш. У ноч на 18 жн. войскі Дахтурова пераправіліся на правы бераг Дняпра, узарвалі масты, пакінулі горад і выйшлі на Маскоўскую дарогу. Паводле рас. звестак, франц. армія за 2 дні баёў страціла больш за 20 тыс.чал. (па падліках франц. боку гэтыя страты складалі 14 тыс.чал.). Рас. войскі страцілі 10 тыс. чал.
Літ.:
Гл. пры арт.Вайна 1812.
Да арт.Смаленская бітва 1812. Бітва ў Смаленску 18 жніўня 1812 г. Размаляваная гравюра невядомага мастака. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРО́СТАВАЯ СТРУКТУ́РА НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
размеркаванне насельніцтва паводле ўзроставых груп і ўзроставых кантынгентаў. Даследуецца ў мэтах аналізу дэмаграфічных і сац.-эканам. працэсаў. Стат. звесткі па У.с.н. робяцца па 1-гадовых і 5-гадовых групах Паводле рэпрадукцыйных здольнасцей насельніцтва падзяляецца на групы: пакаленне дзяцей — да 15 гадоў, пакаленне бацькоў — 15—49 гадоў і пакаленне прабацькоў — старэй за 50 гадоў. Паводле здольнасці да працоўнай дзейнасці вылучаюць дапрацоўны перыяд (да 15 гадоў), працоўны (15—54 або 59 гадоў) і пасляпрацоўны (старэй за 55—60 гадоў). З-за розніцы ў сац. і дэмаграфічных функцыях мужчын і жанчын У.с.н. часта разглядаецца як полаўзроставая структура. На У.с.н. ўплываюць нараджальнасць, смяротнасць, тып узнаўлення насельніцтва, міграцыя насельніцтва, рэлігія, войны і інш. Вылучаюць 3 асн. тыпы У.с.н.: прагрэсіўны (доля дзяцей у агульнай колькасці насельніцтва да 45%; характэрны для краін Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі), стацыянарны (ураўнаважаныя долі дзіцячых і пажылых узроставых груп з невял. натуральным прыростам; характэрны для Іспаніі, Грэцыі, Партугаліі, ЗША, Аўстраліі, Японіі), рэгрэсіўны (доля пажылых і старых людзей да 20%; мае месца ў многіх краінах Еўропы). У.с.н. ўплывае на натуральны прырост насельніцтва, колькасць прац. рэсурсаў і ўлічваецца пры прагнозе і планаванні сац.-эканам. развіцця краіны. На Беларусі У.с.н. (2001) складаецца з груп: пакаленне дзяцей (18,3% ад агульнай колькасці насельніцтва — 9990,4 тыс.чал.), бацькоў (52,8%) і прабацькоў (28,9%, у т. л. 8,9%, якім за 70 гадоў); паводле працаздольнасці — у дапрацоўным перыядзе 19,9%, працоўным 58,8% і пасляпрацоўным 21,3%; у полаўзроставай структуры колькасць жанчын на 1000 мужчын у адпаведнай узроставай групе: да 4 гадоў — 946, 30—34 — 1015; 60—64 — 1401, 70 і старэй — 2335.
Літ.:
Шувалов Е.Л. География населения. 2 изд. М., 1985;
Пирожков С.И. Демографические процессы и возрастпая структура населения. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ А́ФРЫКА, Экватарыяльная Афрыка,
прыродная вобласць у Афрыцы, у прыэкватарыяльнай зоне паміж 7—8oпаўн. ш. і 12—30oпаўд. ш. Ахоплівае пераважна тэр.Конга ўпадзіны і пласкагор’яў, што яе акаймоўваюць; на З прылягае да Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал., на У мяжуе з Усх.-Афрыканскім пласкагор’ем. На тэр. Ц.А. поўнасцю ці часткова знаходзяцца дзяржавы: Ангола, Габон, Дэмакр. Рэспубліка Конга, Замбія, Камерун, Конга, Цэнтральнаафр. Рэспубліка, Экватарыяльная Гвінея; у яе склад уключаюць таксама астраўную дзяржаву Сан-Таме і Прынсіпі. Выш. 300—500 м у цэнтр.ч. ўпадзіны, 500—1000 м на Пн і З, 1000—1500 м і больш на ПдУ.
Рэльеф некаторых ускраінных зон моцна расчлянёны, закрануты маладымі глыбавымі рухамі (узбярэжжа Гвінейскага зал., дзе на лініі тэктанічнага разлому знаходзіцца найвыш. яе пункт — вулкан Камерун (4070 м). Клімат пераважна экватарыяльны, пастаянна вільготны (ападкаў больш за 1500 ммза год, на зах. схілах Камеруна да 10000 мм); на Пн і Пд — субэкватарыяльны, летневільготны (ападкаў 600—1000 ммза год); на значнай ч. ўзбярэжжа Атлантычнага ак. — трапічны пасатны (ападкаў 200—300 ммза год). Сярэднегадавыя т-ры 25—28 °C. Густая і мнагаводная рачная сетка ў бас.р. Конга (Заір). Рэкі маюць шмат парогаў, вадаспадаў, вял. запасы гідраэнергіі. Азёр мала. Вял. плошчы заняты балотамі. Каля экватара вечназялёныя лясы (гілеі) на чырв.-жоўтых латэрытных глебах; на Пн і Пд змяняюцца лістападнымі вечназялёнымі лясамі і высакатраўнымі саваннамі на чырв. глебах. Па далінах рэк галерэйныя лясы, у вусцях мангравыя зараснікі. Водзяцца малпы, у т. л. шымпанзэ і гарыла, паўмалпы галага, кутасавухія свінні, калючкахвосты, віверы, лятучыя мышы; вял. разнастайнасць птушак, рэптылій, насякомых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДА́ТНЫ ЛІК,
рэчаісны лік, большы за нуль, напр. 1, 2, 6, 5. На лікавай восі адлюстроўваецца пунктамі, размешчанымі ўправа ад пачатку адліку (ад нуля). Гл. таксама Адмоўны лік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛІ́КТ (ад лац. delictum парушэнне, віна),
правапарушэнне, незаконнае дзеянне, правіннасць, злачынства. У больш вузкім сэнсе — супярэчнае нормам цывільнага заканадаўства дзеянне, за якое прадугледжана пакаранне ў форме матэрыяльнай адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУ́МБІЯ (Columbia), акруга Калумбія,
федэральная (сталічная) акруга ЗША. Пл. 178 км² (усю тэрыторыю займае. г.Вашынгтон, значная ч. яго выходзіць за межы акругі). Нас. 543,2 тыс.чал. (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАТРО́Н,
цыклічны рэзанансны паскаральнік электронаў. Паскарэнне часціц ажыццяўляецца за кошт энергіі высокачастотнага эл. поля рэзанатара, дзе яны рухаюцца ў аднародным пастаянным магн. полі. Гл. таксама Паскаральнікі зараджаных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРТГЕ́МПТАНШЫР (Northamptonshire),
жалезарудныя радовішчы ў Вялікабрытаніі (графства Нартгемптаншыр). Асадкавага паходжання. Руды аалітавыя, гётыт-шамазітавыя. Агульныя запасы — больш за 2,1 млрд.т руды (жалеза 30%). Асн. цэнтр — г. Нартгемптан.