Сучаснае фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі адпавядае адзінай еўрапейскай дзесятковай сістэме фізіка-геаграфічнага раянавання сушы. Тэр. Беларусі ўваходзіць у краіну Усх.-Еўрапейскай раўніны і ў Еўрапейскую вобласць мяшаных лясоў; падзяляецца на 5 правінцый, 14 акруг, 49 раёнаў (паводле раянавання Н.К.Кліцуновай, Г.І.Марцінкевіч, І.І.Пірожніка, І.І.Шчаснай, В.П.Якушкі, 2001). Правінцыі вылучаны паводле араграфічных ступеней, якія адлюстроўваюць розны генезіс рэльефу, асаблівасці клімату, глебава-расліннага покрыва, накіраванасць фізіка-геаграфічных працэсаў.
Паазерская правінцыя размешчана на Пн краіны, у зоне сучлянення буйных тэктанічных структур: Латвійскай седлавіны, Беларускай антэклізы, Аршанскай упадзіны, на Пд яна заканчваецца мяжой паазерскага ледавіка, займае 18,7% тэр. Беларусі. Даантрапагенавыя адклады прадстаўлены пародамі дэвону, мелу, сілуру і ардовіку. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў каля 100, месцамі 250—290 м.
Паверхня паступова паніжаецца да Полацкай азёрна-ледавіковай нізіны, акаймаванай краявымі марэннымі ўзвышшамі: Браслаўскім, Асвейскім, Гарадоцкім, Віцебскім, Аршанскім, Ушацка-Лепельскім, Свянцянскім, паміж якімі размяшчаюцца марэнныя раўніны (Чашніцкая і інш.). Абсалютныя вышыні ад 102 (урэз р.Зах. Дзвіна) да 130—160 на нізінах і раўнінах і 170—200 і да 295 м на ўзвышшах. Паазерскія краявыя ўтварэнні складзены з валунных суглінкаў, супескаў, пяскоў, жвірова-галечных матэрыялаў, з гляцыядыслакацыямі і адорвенямі. Умежах узвышшаў сустракаюцца озавыя грады, лімнакамы, камавыя палі. Нізіны азёрна-ледавіковага паходжання (Полацкая, Суражская, Лучоская) утвораны асадкамі прыледавіковых вадаёмаў — пясчанымі, гліністымі, у т. л. стужачнымі глінамі. Рэльеф характарызуецца маладосцю і непапсаванасцю форм, наяўнасцю мноства азёр. У некаторых раёнах (Браслаўскі, Ушацкі, Мядзельскі) азёры займаюць да 10% плошчы. У будове рачных далін праяўляецца глыбокі ўрэз, дакладны выгляд у плане, наяўнасць парогаў, скразных участкаў і эразійных тэрас.
Клімат умерана цёплы вільготны, больш халаднаваты ў параўнанні з інш. правінцыямі. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -5 да -8 °C, ліпеня 17,5—18 °C. Вегетацыйны перыяд 180—190 сут, сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C складае 2000—2200 °. Ападкаў 600—750 мм за год. Структура глеб вызначаецца разнастайнасцю і драбнаконтурнасцю. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, менш пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя; на долю тарфяна-балотных глеб прыпадае каля 11% плошчы. Зрэдку сустракаюцца дзярновыя забалочаныя, дзярнова-карбанатныя і алювіяльныя глебы. Больш за 60% плошчы займаюць с.-г. ўгоддзі з перавагай ворыва. З натуральнай расліннасці лясы да 33%, пераважаюць хваёвыя (58%) і драбналістыя вытворныя (19%) фармацыі; пашыраны яловыя і шыракаліста-яловыя лясы, зрэдку сустракаюцца дубровы. Драбналістыя карэнныя лясы складаюць 8,5%. Сярод балот пераважаюць вярховыя, сярод лугоў — сухадольныя. Для Паазер’я найбольш тыповымі ландшафтамі з’яўляюцца сярэдневышынныя і нізінныя, радзей узвышаныя. Своеасаблівасць ландшафтнай структуры вызначаюць азёрна-ледавіковыя, марэнна-азёрныя і ўзгоркава-марэнна-азёрныя ландшафты, якія займаюць каля 70% тэрыторыі.
Заходне-Беларуская правінцыя цягнецца ад зах. мяжы Беларусі на ПнУ, выкліньваецца ў раёне гарадоў Лепель і Новалукомль. Займае 20,4% тэр. краіны. Прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Фундамент перакрыты асадкавымі пародамі дэвону, мелу, палеагену, неагену. Для антрапагенавай тоўшчы магутнасцю 100—180 м (зрэдку 300 м) характэрны марэнныя адклады — супясчаныя, сугліністыя, пясчана-жвірова-галечныя. Сучасны рэльеф правінцыі сфарміраваны сожскім ледавіком, пазней моцна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Цэнтр. частку правінцыі займае Беларуская града, якая складаецца з узвышшаў (Мінскага, Ашмянскага, Навагрудскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага). Пераважаюць вышыні 180—300 м. Тут знаходзяцца найвышэйшыя пункты Беларусі — горы Дзяржынская (345 м), Лысая (342 м), Маяк (335 м). Умежах Беларускай грады вылучаюць 3 ярусы рэльефу. Верхні (больш за 260 м) з буйнаўзгорыстым рэльефам пераважна складзены з град. Другі ярус (220—260 м) прадстаўлены сярэдне- і дробнаўзгорыстым рэльефам, марэна часта перакрыта лёсападобнымі пародамі. У рэльефе наступнай ступені (да 200 м) пераважаюць зандравыя раўніны дзюнна-ўзгорыстай формы, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Для Беларускай грады характэрна густая сетка яроў і лагчын. На Пд правінцыі працягваецца дэнудаваная марэнная Капыльская града (180—200 м) з хвалістай, месцамі дробнаўзгорыстай паверхняй. Паміж Ашмянскім і Мінскім узвышшамі размешчана Вілейская нізіна (160—180 м), на крайнім 3 — Нёманская нізіна (100—160 м). Тут жа знаходзіцца самы нізкі пункт краіны з вышынёй каля 85 м. Узвышшы і нізіны раздзелены Лідскай і Стаўбцоўскай марэннымі раўнінамі (150—180 м). Клімат правінцыі цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4,9° да -7,2 °C, ліпеня 17°—18 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2000—2300°, працягласць вегетацыйнага перыяду 180—200 сут. Ападкаў выпадае 600—700 мм за год (на Навагрудскім узвышшы больш за 750 мм). Умежах правінцыі пралягае водападзел Чорнага і Балтыйскага мораў.
Найб. тыповыя для рэгіёна дзярнова-падзолістыя (74%) і дзярнова-палева-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы займаюць толькі 6%. У далінах рэк тыповыя поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах — тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Лясістасць каля 30%. У складзе лясоў хвойнікі (58%), вытворныя драбналістыя фармацыі (19,5%), яловыя і шыракаліста-хваёвыя (13,5%). Каля 3% тэрыторыі займаюць лугі, 6% — балоты. Для правінцыі характэрна складаная ландшафтная структура з перавагай узвышаных (узгорыста-марэнна-эразійных, камава-марэнных) і сярэдневышынных (другасна-марэнных, водна-ледавіковых) ландшафтаў.
Перадпалеская правінцыя распасціраецца вузкай, крыху пашыранай у цэнтры паласой ад зах. да ўсх. мяжы краіны і займае 22% тэрыторыі. Прымеркавана да паўд. часткі Беларускай антэклізы, Аршанскай упадзіны, Жлобінскай седлавіны і Варонежскай антэклізы. Асадкавыя пароды — дэвонскія, мелавыя, палеагенавыя і неагенавыя, перакрытыя адкладамі антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (40—80 м) складзена з водна-ледавіковых і марэнных утварэнняў. Сучасны рэльеф утвораны пераважна сожскім ледавіком, у далейшым значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Характэрна выраўнаваная паверхня з абсалютнымі вышынямі 150—180 м. Большая частка правінцыі занята Цэнтральнабярэзінскай водна-ледавіковай раўнінай, якая паступова паніжаецца ў бок Пд. Яна складзена з водна-ледавіковых адкладаў з выступамі асноўнай марэны. На З і ПдЗ раўніны трапляюцца кароткія дэнудаваныя (180—190 м) марэнныя грады — Салігорская і Любанская. На З ляжаць Баранавіцкая (160—180 м) і Прыбугская (170—200 м) раўніны, на У — Чачэрская раўніна (150—180 м). Тыповымі з’яўляюцца дзюнна-ўзгорыстыя формы, суфазійныя западзіны, лагчыны сцёку з азёрападобнымі пашырэннямі; сустракаюцца яры і лагчыны. Рачныя даліны, выцягнутыя з Пн на Пд, урэзаныя на глыбіню 15—25 м, даволі шырокія. Самая глыбокая даліна р. Дняпро.
Клімат цёплы, умерана вільготны і няўстойліва вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -5 °C да -6,8 °C, ліпеня 18—18,5 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2200—2400 °, вегетацыйны перыяд — 185—200 сут. Ападкаў выпадае ў сярэднім 600—700 мм. Рэкі правінцыі звязаны ў асноўным з сістэмай р. Дняпро і яго прытокаў. Шмат вадасховішчаў, найбольшыя — Любанскае, Чыгірынскае, Асіповіцкае, Салігорскае.
Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, якія займаюць каля пал. тэрыторыі. На долю дзярнова-падзолістых забалочаных глеб прыпадае 20%, тарфяна-балотных — 13%, алювіяльных — 11%. С.-г. ўгоддзі ў асн. пад ворывам (больш за 50%). Лясістасць каля 40%. Лясы хваёвыя (64%), драбналістыя — карэнныя (12%) і вытворныя (10%), шыракаліста-хваёвыя (9%). Доля лугоў і адкрытых балот не перавышае 10%. Для правінцыі тыповыя сярэдневышынныя (водна-ледавіковыя і марэнна-зандравыя) і нізінныя (азёрна-балотныя) ландшафты.
Усходне-Беларуская правінцыя прымеркавана да крайняга ўсходу краіны і працягваецца ад мяжы Беларусі з Расіяй на З да лініі Талачын — Быхаў. Займае каля 11%тэр. краіны. Прымеркавана да Аршанскай упадзіны і Варонежскай антэклізы. У даантрапагенавых адкладах пароды мелу, радзей — дэвону і юры. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў ад 50 да 100 м, на У менш за 50 м. Пашыраны марэнныя, сустракаюцца і флювіягляцыяльныя адклады сожскага зледзянення; покрыўныя адклады складзены з лёсаў і лёсападобных суглінкаў. Большая частка правінцыі занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай з абсалютнымі вышынямі 150—200 м. Паверхня ўскладнена моцна дэнудаванымі марэннымі градамі, суфазійнымі западзінамі, ярамі, у месцах блізкага залягання карэнных парод — карставымі лейкамі. На крайняй Пн размешчана Аршанскае ўзвышша, якое змыкаецца на ПнУ з адгор’ямі Смаленска-Маскоўскага ўзвышша. Тут самыя высокія адзнакі (200—236 м) над узроўнем мора.
Клімат цёплы ўмерана вільготны, больш кантынентальны ў параўнанні з інш. рэгіёнамі. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -7,5 да -8,2 °C, ліпеня 17,8—18,5 °C. Вегетацыйны перыяд 183—187 сут, сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C — 2200—2400 °. Ападкаў выпадае 600—650 мм. Найбольшыя рэкі (Дняпро, Сож) цякуць у глыбока ўрэзаных (да 30, месцамі да 50 м) распрацаваных далінах з асіметрычнымі схіламі. Рачныя тэрасы найб. выразныя ў даліне Дняпра.
У структуры глебавага покрыва пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы (57%). Доля дзярнова-падзолістых забалочаных глеб складае 20%, алювіяльных — 10%, тарфяна-балотных — 7%. Каля 2/3 плошчы ўсіх глеб правінцыі займаюць с.-г. ўгоддзі з перавагай ворыва. На глебы с.-г. угоддзяў уздзейнічае водная эрозія. Характэрная асаблівасць расліннага покрыва рэгіёна — нізкая лясістасць (25%). Лясы пашыраны невялікімі масівамі плошчай 10—15 км². Адзначаецца нізкая доля хваёвых насаджэнняў (35,5%) і высокая — шыракаліста-хваёвых (26,5%), доля вытворных драбналістых лясоў 19%. Удзельная вага карэнных драбналістых лясоў самая нізкая (3,5%) у параўнанні з астатнімі правінцыямі. У ландшафтнай будове правінцыі пераважаюць сярэдневышынныя (другасна-марэнныя) і ўзвышаныя (лёсавыя) ландшафты, якія займаюць каля 70% тэрыторыі.
Палеская правінцыя ахоплівае паўд. частку краіны і займае каля 28% плошчы Беларусі. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Прыпяцкага прагіну з глыбінёй апускання крышталічнага фундаменту ад 1000 да 6000 м, да Палескай седлавіны і Падляска-Брэсцкай упадзіны, дзе фундамент залягае на глыбіні 250—500 і 500—1000 м адпаведна. У даантрапагенавых адкладах пароды палеагену і неагену, радзей — мелу. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў ад 50 да 100, на Пд і У менш за 50 м. Пашыраны флювіягляцыяльныя, алювіяльныя, азёрна-алювіяльныя пяскі і супескі, месцамі марэнныя і балотныя адклады.
Паверхня Палесся — плоскаўвагнутая са слабым нахілам на ПдУ пясчаная нізіна з высокім узроўнем грунтавых вод. Цэнтральную найб. паніжаную частку тэрыторыі (105—140 м) уздоўж Прыпяці і Дняпра займаюць Палеская і Прыдняпроўская нізіны з пласкахвалістым і плоскім рэльефам, ускладненым дзюнна-ўзгорыстымі формамі, лагчынамі сцёку, затарфаванымі катлавінамі. З З і У да іх далучаюцца хвалістыя водна-ледавіковыя, месцамі марэнныя раўніны — Прыбугская, Загароддзе, Церахоўская і Хойніцка-Брагінская (140—150 м). Тут жа трапляюцца дэнудаваныя марэнныя грады — Лагішынская. Вятчынска-Чалюшчавіцкая, Камянецкая з дробнаўзгорыстым рэльефам (160—170 м). Сярэднеўзгорыста-градавы канцова-марэнны рэльеф прадстаўлены Мазырскай градой (221 м) і Юравіцкім (170 м) узвышшам.
Клімат цёплы, няўстойліва вільготны, больш мяккі ў параўнанні з інш. рэгіёнамі краіны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4 да -7 °C, ліпеня ад 18,5 да 19 °C. Вегетацыйны перыяд 193—208 сут. Сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C складае 2400 °. Гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 500 да 650 мм, што набліжае клімат правінцыі да лесастэпавага. Большая частка тэрыторыі дрэніруецца р. Прыпяць і яе шматлікімі прытокамі. Вярхоўі рэк розных басейнаў злучаны каналамі — Дняпроўска-Бугскім, Дняпроўска-Нёманскім (Агінскім). У выніку асушэння забалочаных зямель створана густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў, а таксама невялікіх вадасховішчаў. У поймах рэк шмат дробных азёр.
Пашыраны забалочаныя глебы, сярод якіх пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28%) і тарфяна-балотныя (17%). Значная частка тарфяна-балотных глеб асушана. У поймах рэк вялікая доля поймавых (алювіяльных) глеб (17%). Зрэдку сустракаюцца дзярновыя забалочаныя і дзярновыя карбанатныя забалочаныя глебы. Занальныя дзярнова-падзолістыя глебы займаюць 34% тэрыторыі. На долю с.-г. угоддзяў з перавагай раллі прыпадае каля 46% плошчы. Правінцыя характарызуецца высокай лясістасцю (каля 40%). У структуры лясоў дамінуюць хваёвыя (54%), у т. л. шыракаліста-хваёвыя, характэрныя для Палесся, і драбналістыя карэнныя (22%) фармацыі. Сярод іншых вылучаюцца дубровы, сярод якіх унікальныя поймавыя дубровы. Лугі займаюць каля 8% тэрыторыі, столькі ж прыпадае на долю адкрытых балот. Найбуйнейшыя з іх — Выганашчанскае, Вялікі Лес, Хольча, Грычын і інш. Асушаныя балоты выкарыстоўваюцца для вырошчвання шматгадовых траў, часткова — збожжавых культур, здабычы торфу. У правінцыі пашыраны палескія (суббарэальныя) ландшафты з перавагай нізінных — азёрна-алювіяльных, алювіяльных тэрасаваных, азёрна-балотных. На іх долю прыпадае да 60% плошчы рэгіёна. Радзей трапляюцца сярэдневышынныя марэнна-зандравыя і водна-ледавіковыя ландшафты.
Літ.:
Теоретические проблемы и результаты комплексного географического районирования территории Беларуси // Выбр.навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 7.
Г.І.Марцінкевіч.
На Браслаўскай градзе.Узгорыста-марэнна-азёрны ландшафту Нешчарда-Гарадоцкім фізіка-геаграфічным раёне.Азёрна-ледавіковы ландшафт у Полацкім фізіка-геаграфічным раёне.Азёрна-балотны ландшафт у Полацкім фізіка-геаграфічным раёне Пераходнае балота ў Расонскім раёне.Узгорыста-марэнна-эразійны ландшафт у Мінскім фізіка-геаграфічным раёне.Водна-ледавіковы ландшафт у Вілейскім раёне.Азёрна-балотны ландшафт у Аршанска-Магілёўскім фізіка-геаграфічным раёне. Вярховае хваёва-сфагнавае балота ў заказніку Астравы Дулебы (Бялыніцкі раён).Азёрна-балотны ландшафт у Сярэдняпрыпяцкім фізіка-геаграфічным раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на Зеўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Утворана 27.9.1937. На З і ПдЗ мяжуе з Беларуссю. Пл. 49,8 тыс.км². Hac. 1128 тыс.чал. (2000), гарадскога 70,1%. Цэнтр — г.Смаленск. Найб. гарады: Вязьма, Рослаўль, Ярцава, Сафонава, Дзеснагорск, Гагарын.
Паверхня — хвалістая раўніна, умежах якой вылучаюцца Смаленскае ўзв. (выш. да 319 м), парэзанае далінамі рэк. На ПнЗ марэнныя грады. Карысныя выкапні: буры вугаль (зах.ч.Падмаскоўнага вугальнага басейна), торф. фасфарыты, мергель, мел, вапнякі, гліны, пясок і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -10 °C на ПнУ да -8 °C на ПдЗ, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 600 мм за год. Гал.р. Дняпро з прытокамі Сож, Дзясна, Воп, Вязьма і інш.; на ПнЗ — Зах. Дзвіна з прытокам Каспля, на У — Угра і Вазуза (бас.р. Волга). Больш за 150 азёр, пераважна ледавіковага паходжання. Глебы дзярнова-падзолістыя, месцамі забалочаныя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам (асіна, бяроза, елка, хвоя) каля 40% тэрыторыі. Нац. парк Смаленскае Паазер’е.
Гал. галіны прам-сці: маш.-буд. і металаапрацоўка (аўтамаб. дызельныя рухавікі і агрэгаты, энергет. і электралямпавае абсталяванне, сродкі вылічальнай тэхнікі, вымяральныя і гідраметэаралагічныя прылады, алмазныя інструменты, быт. халадзільнікі); хім. (мінер. ўгнаенні, сінт. прадукцыя, пластмасы); лёгкая (баваўняныя і льняныя тканіны, бялізнавы трыкатаж, швейныя вырабы. абутак, шпагат); харч. (малочна-кансервавая, масласыраробная, мукамольная, макаронная і інш.); лясная і дрэваапр., у т. л. мэблевая; паліграф.; ювелірная (аграньванне брыльянтаў). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (керамзіт, цэгла, шкло і інш.). Развіты паліўна-энергет. комплекс. Вытв-сць электраэнергіі 22,4 млрд.кВт∙гадз (1999). Дарагабужская ДРЭС, Смаленскія АЭС і ДРЭС. Здабыча бурага вугалю і торфу. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — малочнамясная жывёлагадоўля і свінагадоўля; развіта конегадоўля (рысістыя пароды), птушкагадоўля. Пасяўныя плошчы займаюць 899 тыс.га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (ячмень, авёс, жыта, пшаніца) 33,2% плошчы, тэхн. (лён-даўгунец) 0,7%, бульбай і агароднінай 5,8%, кармавымі 60,3%. Даўж. чыгунак 1259 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8819 км (1999). Гал. чыгунка і аўтамагістраль Масква—Мінск, чыг. вузлы Смаленск, Вязьма, Рослаўль. Суднаходства па р. Дняпро. Газаправод Таржок—Смаленск—Івацэвічы і інш.
Беларусы ў Смаленскай вобласці. Тэр. сучаснай С.в. з часоў сярэдневякоўя з’яўляецца натуральнай часткай бел.-рас. этнічнага і культ. памежжа. Тут у 7—11 ст. жылі адны з продкаў беларусаў — смаленскія крывічы, якія ўтварылі Смаленскае княства. Некалькі стагоддзяў за смаленскія землі змагаліся Маск. дзяржава (Расія) і ВКЛ, якое з 1569 разам з Польшчай утварала Рэч Паспалітую (гл. Паходы Вітаўта на Смаленск 1395—1404, Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22, Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67); у 1404—1514 рэгіён уваходзіў у склад ВКЛ, у 1618—67 — Рэчы Паспалітай. Пасля далучэння да Расіі тут існавала Смаленская губерня, большасць насельніцтва якой складалі беларусы; узах. Смаленшчыне, верагодна, напісана бел. ананімная паэма «Энеіда навыварат». Але колькасць беларусаў у выніку этн. асіміляцыі паступова скарацілася. Уздым грамадскай і нац.-культ. актыўнасці мясц. беларусаў прыпаў на пач. 20 ст. Прадстаўнікі беларусаў Смаленшчыны ўдзельнічалі ў працы Усебеларускага з’езда 1917. У 1922—23 і 1925—27 дзейнічала Беларуская секцыя пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы, якая супрацоўнічала з Бел. студэнцкім зямляцтвам у Смаленску (існавала ў 1924—29? пры Смаленскім ун-це). Са Смаленшчыны паходзілі гісторык А.Кіркор, дзеячы бел. культуры А.Ружанцоў і М.Шчаглоў-Куліковіч. У 1920—пач. 1930-х г.узах. раёнах вобласці дзейнічалі бел. школы, чырв. куткі, хаты-чытальні і інш.У канцы 1930-х г.бел. даследчыцкая і культ.-асв. дзейнасць у С.в. згорнута. У вобласці жыве 29 тыс. беларусаў (2000); бел. тэматыку вывучаюць М.М.Ількевіч, А.У.Корсак, Г.А.Ластоўскі і інш.
Судьбы национальных меньшинств на Смоленщине, 1918—1938 гг. Смоленск. 1994;
Корсак А.У. Беларускія школы на Смаленшчыне // Бел.гіст.часоп. 1998. № 3;
Яго ж. Культурная работа сярод нацыянальных меншасцей Смаленшчыны ў першае дваццацігоддзе савецкай улады // Весці Нац.АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 2000. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТ (Kant) Імануіл (22.4.1724, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 12.2.1804),
нямецкі філосаф, родапачынальнік ням. класічнага ідэалізму. Скончыўшы Кёнігсбергскі ун-т (1745), працаваў хатнім настаўнікам у розных гарадах Усх. Прусіі. З 1755 прыват-дацэнт, у 1770—96 праф. логікі і метафізікі Кёнігсбергскага ун-та (быў дэканам факультэта, двойчы рэктарам ун-та). У творчай біяграфіі К. вылучаюць 2 перыяды: «дакрытычны» (1746—69) і «крытычны» (1770—97). Для першага перыяду характэрны творы па пытаннях прыродазнаўства і філасофіі прыроды. У працы «Усеагульная натуральная гісторыя і тэорыя неба» (1755) развіў касмаганічную гіпотэзу пра паходжанне і развіццё Сонечнай сістэмы (гл.Касмагонія). У фізіцы, у развіццё ідэй Р.Дэкарта і Г.Галілея, абгрунтаваў новае вучэнне пра адноснасць руху і спакою, у біялогіі сфармуляваў ідэю генеалагічнай класіфікацыі жывёльнага свету, у антрапалогіі — ідэю натуральнай гісторыі чалавечых рас.Гал. творы «крытычнага» перыяду — «Крытыка чыстага розуму» (1781), «Крытыка практычнага розуму» (1788) і «Крытыка здольнасці суджэння» (1790). Паводле К., па-за межамі пачуццёвых феноменаў існуе непазнавальная, але аб’ектыўная ў абсалютным сэнсе рэальнасць, аб якой у тэорыі пазнання маюцца толькі даволі абстрактныя паняцці — наўмены, якія не даюць нічога для пазнання «рэчаў у сабе», але дазваляюць мысліць пра іх як аб спасцігальных сутнасцях. Ён адзначаў супярэчлівасць розуму і мыслення наогул, паказаў, што пазнанне рухаецца ў рэчышчы гнасеалагічных процілегласцей, якія ўзнікаюць і патрабуюць свайго вырашэння (гл.Антыномія). Аснова этыкі К. — вучэнне аб годнасці і самакаштоўнасці кожнай асобы, якое адпавядала ідэям Франц. рэвалюцыі 1789 аб усеагульных і неад’емных правах чалавека і грамадзяніна. Яно выкладзена ў працах «Асновы метафізікі і маралі» (1785), «Метафізіка нораваў» (1797), «Рэлігіі ў межах толькі розуму» (1798) і інш. Маральны закон, паводле К., патрабуе ад кожнага індывіда дзейнічаць так, каб правіла яго асабістых паводзін магло стаць правілам паводзін для ўсіх (гл.Катэгарычны імператыў.) У сувязі з аўтаномнасцю і самастойным існаваннем маральнасці К. прапанаваў сваё разуменне права, дзяржавы, палітыкі і гісторыі. У працах «Ідэі ўсеагульнай гісторыі ў сусветным грамадзянскім плане» (1784), «Да вечнага міру» (1795) і інш. паказаў, што «натуральнае» права павінна ўмацоўваць маральную свабоду асобы, г. зн. ствараць умовы для выканання ёю свайго абавязку. К. вызначыў 3 неадчужальныя прынцыпы грамадскага жыцця ва ўмовах дзяржавы: свабода кожнага члена грамадства, роўнасць усіх падданых, самастойнасць кожнага грамадзяніна. У цэлым, на яго думку, чалавечае грамадства як адзіны механізм развіваецца ў кірунку да «ўсеагульнай прававой грамадзянскай супольнасці» або «сусветна-грамадзянскага стану», г. зн. да дасканалай ідэальнай рэспублікі. Дасягнуць ідэальнага стану грамадства, у якім панаваў бы мір паміж асобнымі людзьмі і дзяржавамі, можна, паводле К., толькі праз пераадоленне ўласцівых гісторыі антаганізмаў, супярэчнасцей, войнаў і звязаных з імі пакут і бедстваў людзей. У сваіх творах ён выклаў асновы крытычнай эстэтыкі, у прыватнасці, эстэтыкі прыгожага, узнёслага і геніяльнага. Ужо сама цікавасць да прыгожага ў прыродзе, лічыў ён, узвышае чалавека ў маральных адносінах. На аснове вучэння К. ўзніклі розныя філас. кірункі і плыні (гл.Бадэнская школа, Кантыянства, Марбургская школа, Неакантыянства).
На Беларусі філасофія К. вядома з канца 18 ст. Некаторыя яго творы, у т. л. трактат «Да вечнага міру», пераклаў і выдаў у Вільні Ю.Быхавец. Праф. Віленскага ун-та Ян Г.Абіхт чытаў лекцыі ў духу вучэння К. Ян Снядэцкі лічыў асноватворным пачаткам навук. сістэмы К. сенсуалізм, крытыкаваў яго тэзіс аб «чыстых» (апрыёрных) формах ведаў. А.Доўгірд прааналізаваў супярэчнасці ў канцэпцыі К. аб «рэчах у сабе», даследаваў на аснове прынцыпаў філасофіі «разважнага розуму» яго ўяўленні аб трансцэндэнтальнай дыялектыцы і яго этычную канцэпцыю. Актыўна прапагандавалі погляды К. філосафы Ф.Вігура, М.Чацкі, Ю.Шаняўскі, Ф.Яронскі і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—6. М., 1963—66;
Трактаты и письма. М., 1980.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Асмус В.Ф. Иммануил Кант. М., 1973;
Нарский И.С. Кант. М., 1976;
Кузнецов В.Н. Немецкая классическая философия второй половины XVIII — начала XIX в. М., 1989;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996;
Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НДАЛЬ,
галіна нар. гаспадаркі, якая забяспечвае абарачэнне тавараў, іх рух са сферы вытворчасці ў сферу спажывання. Гандаль умежах асобнай краіны наз. ўнутраным. Ён выконвае грамадска неабходную функцыю — давядзенне тавараў да спажыўца. Падзяляецца на рознічны і аптовы гандаль. Гандаль адной краіны з інш. краінамі, які складаецца з імпарту і экспарту тавараў, — знешні гандаль. Гандаль розных краін паміж сабой у сваёй сукупнасці — міжнар. гандаль. Характар і роля гандлю вызначаюцца пануючым спосабам вытв-сці.
Гандаль узнік з паяўленнем грамадскага падзелу працы і таварна-грашовых адносін. У рабаўладальніцкіх і феад. грамадствах, дзе панавала натуральная гаспадарка, пераважаў знешні гандаль, які ахопліваў нязначную частку прадуктаў вытв-сці і абслугоўваў пераважна асабістае спажыванне пануючых слаёў насельніцтва. Вырашальную ролю ў міжнар. гандлі адыгрывалі купцы буйных гандл. гарадоў. У перыяд распаду феадалізму рост знешняга гандлю і зараджэнне сусв. рынку спрыялі росту таварнай вытворчасці. Штуршком да развіцця міжнар. гандлю паслужыла адкрыццё Амерыкі і марскога шляху ў Індыю. У 16—17 ст.Унутр. і знешні гандаль у краінах Еўропы быў сканцэнтраваны пераважна ў руках купецтва. Большая ч. рознічнага гандлю на ўнутр. рынку ажыццяўлялася непасрэдна таваравытворцамі — сялянамі і рамеснікамі.
Прамысл. пераварот у краінах Зах. Еўропы прывёў да з’яўлення на рынку тавараў фабрычнай вытв-сці, выцяснення і разарэння дробных таваравытворцаў. Рост гарадоў і паляпшэнне трансп. сродкаў садзейнічалі павелічэнню колькасці рознічных крам і іх тавараабароту. У 1-й пал. 19 ст. ва ўнутр. гандлі краін Зах. Еўропы і ЗША набылі пашырэнне рознічныя крамы, якія спецыялізаваліся на пэўнай групе тавараў (бакалейныя, маскатэльныя, мануфактурныя). На мяжы 19—20 ст. рост выпуску стандартных тавараў масавага ўжытку абумовіў стварэнне новых тыпаў гандл. прадпрыемстваў і метадаў гандлю (гл.Гандлёвы цэнтр).
На Русі гандаль паявіўся ў 9 ст. Яго цэнтрамі былі гарадскія рынкі («торг», «торжище»). У Кіеўскай Русі развіццё гандлю паскорылася з узнікненнем таварна-грашовых адносін (9—10 ст.). Унутр. гандаль найчасцей вялі самі вытворцы, без пасрэднікаў, знешні — купцы. У перыяд феад. раздробленасці (12—14 ст.) гандаль абмяжоўваўся маштабамі асобных княстваў, хоць і паміж імі існавалі гандл. сувязі на аснове прыродна-геагр. падзелу працы. Буйным гандл. цэнтрам быў Ноўгарад, які вёў гандаль з Зах. Еўропай. З 14 ст.гандл. цэнтрам стала Масква. Развіццю гандлю садзейнічалі рэформы Пятра I упач. 18 ст. Мытная рэформа 1753—57, якая адмяніла ўнутр. пошліны, садзейнічала росту ўнутр.ўсерас. рынку. У 2-й пал. 18 ст. ў Маскве ўзніклі першыя крамы пры купецкіх дамах. У 1797 дазволена мець крамы і пры жылых дамах.
Развіццю гандлю на Беларусі спрыяла выгаднае геагр. становішча. Праз яе тэрыторыю ў 9—11 ст. праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», пазней існавалі гандл. сувязі з Ноўгарадам, Псковам, Масквой, украінскімі, прыбалтыйскімі і польскімі землямі, ганзейскімі гарадамі Зах. Еўропы. Гандаль вёўся пераважна на гар. рынках і ў час кірмашоў. Далучэнне Беларусі да Расіі паўплывала на ўмацаванне сувязей з агульнарас. рынкам. Буд-ва чыгунак у 2-й пал. 19 ст. стымулявала развіццё прам-сці, ажыўленне ўнутр. і знешніх гандл. сувязей, аптовага і рознічнага гандлю. Упач. 20 ст. на Беларусі ўзмацніўся ўплыў буйных агульнарас. і замежных манапал. аб’яднанняў, якія кантралявалі асн. галіны аптовага Г. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 прыватны гандаль уБССР быў заменены сав. кааперацыяй ці выцеснены сацыяліст. сектарам сав. гандлю. На сучасным этапе пераходу да рыначнай эканомікі існуюць дзярж., кааператыўны, калгасны і прыватны гандаль. Дзярж. гандаль абслугоўвае пераважна насельніцтва гарадоў. Яго ўдзельная вага ў агульным тавараабароце краіны ў 1995 складала 38%. Каап. гандаль абслугоўвае пераважна сельскіх пакупнікоў. Калгасны гандаль ажыццяўляюць калгасы і калгаснікі, якія прадаюць насельніцтву лішкі сваёй прадукцыі. Прыватны гандаль ажыццяўляецца сіламі і сродкамі прыватных прадпрымальнікаў. Недзяржаўныя формы гандлю ў 1995 склалі 62% ад агульнага тавараабароту, у т. л. прыватны гандаль — 19%.
Літ.:
Дарбинян М.М. Торговля и производство: хозяйственные связи. М., 1984;
Долан Э.Дж., Линдсей Д.Е. Микроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ШВЕ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 16—19 ст. войны паміж Расіяй і Швецыяй за Прыбалтыку, Фінляндыю і панаванне на Балтыйскім м.Узбр. сутычкі паміж гэтымі краінамі вядомы з 13 ст., але маштабныя ваен. дзеянні разгарнуліся з 16 ст.Вайна 1554—57 выклікана нежаданнем шведскага караля Густава I весці знешнія зносіны з Расіяй праз Ноўгарад. Баявыя дзеянні прычынілі абодвум бакам урон у гандлі, і Густаў прапанаваў мір; гэта адпавядала інтарэсам Івана IV (ён рыхтаваўся да вайны з Лівонскім ордэнам). Наўгародскі мір 1557 захаваў даваен. сістэму ўзаемаадносін і размежавання зямель. Вайна 1558—83, гл.Лівонская вайна 1558—83. Паводле Плюскага перамір’я 1583 шведы завалодалі паўн.ч. Эстоніі. Нявырашанасць пытання аб межах выклікала вайну 1590—93. Аблога рас. войскамі крэпасці Нарва зацягнулася. Толькі нечаканы рэйд. рас. атрадаў да Гельсінгфорса і Аба прымусіў шведаў заключыць Цяўзінскі дагавор 1595. Швецыя захавала Нарву, Рэвель, Везенберг і інш.эст. гарады, але вяртала Расіі Кексгольм (Карэлу), Івангорад, Ям, Капор’е, Нотэбург (Арэшак), Ладагу. За ваен. дапамогу ў гады «Смуты» Васіль Іванавіч Шуйскі перадаў Швецыі паводле Выбаргскага дагавора 1609 Карэльскі павет. Скарыстаўшы слабасць Расіі, шведы ў 1610—11 занялі ўсю Наўгародскую зямлю. Паводле Сталбоўскага міру 1617 Расіі вернуты Ноўгарад, Кексгольм, Івангорад, Ям, Капор’е, Нотэбург. Вайна 1656—58 выклікана імкненнем Расіі вярнуць і інш. страчаныя землі. Выкарыстаўшы аслабленасць Рэчы Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67), Расія заключыла з ёю Віленскае перамір’е 1656. Рус. войскі разгарнулі наступленне на швед. землі і дайшлі да Рыгі. Але контрнаступленне шведаў і аднаўленне вайны з Рэччу Паспалітай прывялі да заключэння са Швецыяй напачатку Валіесарскага дагавора 1658 аб перамір’і на 3 гады, а потым — Кардыскага мірнага дагавора 1661, які фактычна замацаваў даваен. размежаванне зямель. Вайна 1700—21, гл.Паўночная вайна 1700—21. Вайна 1741—43 была спробай Швецыі вярнуць тэр., страчаныя пасля Паўн. вайны (гл.Ніштацкі мірны дагавор 1721). Рас. войскі атрымалі шэраг перамог і вясной 1743 падышлі да тэр. Швецыі, узнікла пагроза высадкі рас. дэсантаў. У гэтых умовах швед. ўрад падпісаў Абаскі мірны трактат 1743, які ўмацаваў становішча Расіі на Балт.м. і ў Прыбалтыцы; да Расіі далучана ч. Фінляндыі да р. Кюмене. Вайна 1788—90 пачата Швецыяй, калі асн. сілы Расіі вялі вайну з Турцыяй (гл.Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Швецыя запатрабавала вярнуць тэр., што перайшла да Расіі паводле мірных дагавораў 1721 і 1743. Шведскі флот падыходзіў да Пецярбурга. Аднак Рас. флот перамог у Гагландскай (1788) і Выбаргскай (1790) бітвах; не мела поспеху і швед. наступленне ў Фінляндыі. Вярэльскі мірны дагавор 1790 заключаны ва ўмовах захавання ранейшых граніц (гл. таксама Аньяльскі саюз). Вайна 1808—09 вялася Расіяй у саюзе з Даніяй супраць Швецыі і Вялікабрытаніі (гл.Руска-англійская вайна на моры 1807—12) за ўстанаўленне поўнага кантролю над Батнічным і Фінскім залівамі з мэтай умацавання бяспекі Пецярбурга. Рас. войскі захапілі ўсю Фінляндыю, Аландскія а-вы і высадзілі дэсант на ўзбярэжжы Швецыі. Скончылася Фрыдрыхсгамскім мірным дагаворам 1809 (да Расіі адышлі Фінляндыя і Аландскія астравы).
Літ.:
История внешней политики России, конец XV—XVII вв. М., 1999;
История внешней политики России XVIII в. М., 1998;
Коваленко Г.М. Кандидат на престол: Из истории полит. и культурных связей России и Швеции XI—XX вв. СПб., 1999;
Похлебкин В.В. Внешняя политика Руси, России и СССР за 1000 лет в именах, датах, фактах: Справ. Вып. 2. Войны и мирные договоры. М., 1998.
С.Л.Лугаўцова.
Да арт.Руска-шведскія войны 16—19 ст. Пераход расійскіх войск цераз Батнічны заліў у сакавіку 1809. Гравюра пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯНСКАЕ ПРАЦЭСУАЛЬНАЕ ПРАВА
Усав. час навук. даследаванні грамадз.-працэсуальнага характару ў БССР былі састаўной часткай сав.грамадз.-працэсуальнай навукі. З канца 1960-х г. на аснове даследаванняў і тэарэт. канцэпцый вучоных-працэсуалістаў юрыд. ф-та БДУ пачала складвацца бел. працэсуальная школа. Яе фарміраванне звязана з імем С.В.Курылёва, які даследаваў праблемы права на судовую абарону, апублікаваў манаграфію «Асновы тэорыі даказвання ў савецкім правасуддзі» (1969). Пад яго кіраўніцтвам праводзіліся даследаванні прынцыпу дыспазітыўнасці і пытанняў прававога становішча бакоў уграмадз. працэсе (Л.М.Арлова), працэсуальнай эканоміі ў сав.грамадз. працэсуальным праве (В.В.Ціхановіч).
У 1980-я г. фундаментальныя даследаванні праблем выкарыстання крыміналістыкі і крыміналістычнай тактыкі ў грамадз. працэсе і судаводстве правёў В.Г.Ціхіня. Распрацоўваліся пытанні: грамадз. працэсуальных адносін, статуса бакоў, прыроды судовых пастаноў, міравых пагадненняў і інш. (М.Р.Юркевіч); удзелу пракурора ў грамадз. працэсе і разбору грамадз. спраў (Ю.І.Лутчанка); гісторыі грамадз. працэсу Беларусі (І.А.Юхо, І.М.Казей); удзелу ў грамадз. працэсе дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў і грамадзян у абарону правоў інш. асоб, асобага вядзення, натарыяту (Т.А.Бялова); паняцця відаў судаводства, прававой прыроды вядзення па справах, што ўзніклі з адм.-прававых адносін, выканаўчага вядзення і інш. (І.М.Калядка); прынцыпаў грамадз. працэсу, касацыйнага вядзення, разгляду спраў удзярж. арбітражы (В.В.Ціхановіч); пазасудовага і судовага ўстанаўлення бацькоўства, міжнар.грамадз. працэсу і інш. (Г.У.Якаўлева). На кафедры грамадз. працэсу і прац. права праведзены даследаванні: судаводства паводле скаргаў на пастановы па справах аб адм. правапарушэннях (І.М.Калядка), удзелу адваката ў даказванні па грамадз. справах (Я.Б.Клейн), рэчавых доказаў уграмадз. працэсе (А.П.Пятроў), удзелу пракурора ў пераглядзе судовых пастаноў, якія набылі законную сілу (В.С.Камянкоў), прыватных вызначэнняў суда (Л.І.Васілеўскі), удзелу грамадскіх арг-цый і аб’яднанняў, прац. калектываў уграмадз. працэсе (В.Р.Галаванаў), праблем судовага ўстанаўлення бацькоўства (Г.У.Якаўлева). Выдадзены навуч. дапаможнікі «Грамадзянскі працэс БССР» (ч. 1—4, 1979—82), «Практыкум па грамадзянскаму працэсу БССР» (1984), «Навукова-практычны каментарый да Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Беларускай ССР» (1989).
З 1990-х г. вучоныя-працэсуалісты распрацоўваюць праблемы ўдзелу пракурора ў гасп. працэсе (І.Э.Мартыненка), абароны правоў і інтарэсаў непаўналетніх уграмадз. судаводстве (А.М.Здрок), асаблівасці разгляду спраў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі ў грамадз. і гасп. судаводстве (В.М.Герасімовіч), праблемы прызнання несапраўднымі актаў дзярж. і інш. органаў угасп. судах (І.І.Верхаводка), рэалізацыі прынцыпаў спаборнасці ў грамадз. судаводстве (Т.С.Таранава), працэсуальных асаблівасцей судовай абароны жыллёвых правоў (Н.У.Казлоўская), працэсуальных асаблівасцей разгляду спраў угасп. судах першай і касацыйнай інстанцый (В.У.Жандараў), логіка-тэарэт. асноў структуры і сродкаў даказвання па грамадз. справах (С.С.Сокал) пісьмовых доказаў (Ж.В.Хацук), становішча бакоў уграмадз. працэсе (І.Ю.Кірвель). Выдадзены дапаможнікі «Каментарый да Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (1999), падручнікі «Грамадзянскі працэс. Агульная частка» (2000), «Грамадзянскі працэс. Асаблівая частка» (2002), «Грамадзянскі працэс» В.Г.Ціхіні (т. 1—2, 2002—03), навучальныя дапаможнікі «Практыкум па грамадзянскаму працэсу» (2000), «Практыкум па гаспадарчаму працэсу» (2002). Фундаментальнае даследаванне прававых гарантый абароны інтарэсаў юрыдычных асоб і грамадзян угасп. працэсе праведзена В.С.Камянковым. Умежахдзярж. праграмы «Прававая дзяржава» даследуюцца праблемы эфектыўнасці ажыццяўлення і абароны права як гарантыі стварэння прававой дзяржавы, працягваецца падрыхтоўка сумесна з суддзямі Вярх. суда навук.-практычнага каментарыя да Грамадз. працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, падручнікаў па гасп. працэсе.
Літ.:
Курылев С.В. Основы теории доказывания в советском правосудии. Мн., 1969;
Орлова Л.М. Права сторон в гражданском процессе. Мн., 1973;
Тихиня В.Г. Теоретические проблемы применения данных криминалистики в гражданском судопроизводстве. Мн., 1983;
Тихиня В.Г., Тихонович В.В. Конституция БССР и принципы судебной защиты гражданских прав.Мн., 1980;
Каменков В.С. Защита интересов юридических лиц и граждан в хозяйственном (арбитражном) процессе: На основе Хоз. процессуал. кодекса Респ. Беларусь и Арбитраж. процессуал. кодекса Рос. Федерации. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАСТЫЧНАСЦЬ МАТЭРЫЯЛАЎ І АПРАЦОЎКА ІХ ЦІСКАМ
Сістэматычныя даследаванні ў галіне пачаліся на Беларусі ў 1948 пад кіраўніцтвам С.І.Губкіна. Распрацаваны фізіка-хім. тэорыя пластычнасці і матэм. метады даследавання пластычнасці металаў пры пракатцы, коўцы, штампоўцы. У 1956—70 даследаванні вяліся пад кіраўніцтвам В.П.Севярдэнкі. Распрацаваны метад ліній слізгання ў дастасаванні да працэсаў коўкі і гарачай аб’ёмнай штампоўкі; аналітычны метад рашэння плоскіх задач тэорыі пластычнасці, набліжаныя метады разліку для аналізу напружана-дэфармаванага стану ва ўмовах складанага нагружэння і тэорыя пераходных абласцей (Я.М.Макушок, А.С.Матусевіч, В.П.Севярдэнка, У.М.Сягал). Пабудова палёў ліній слізгання ў пераходных абласцях, як працяг поля ачага дэфармацыі, дала магчымасць вызначаць размеркаванне напружанняў у іх межах, у т. л. з улікам кантактнага трэння (Я.М.Макушок). Даследаваны ўплыў ультрагукавых ваганняў на працэс пластычнага цячэння металаў. Распрацаваны тэарэт. палажэнні аб мэтазгоднасці і магчымасці выкарыстання ультрагукавых ваганняў для інтэнсіфікацыі працэсаў апрацоўкі ціскам (У.У.Клубовіч, В.П.Севярдэнка, А.В.Сцепаненка), а таксама набліжаныя метады аналітычнага рашэння прыкладных задач: узбурэння палёў ліній слізгання; выкарыстання асімптатычных рашэнняў; лінеарызацыя ўмоў пластычнасці; метады аналізу напружана-дэфармаванага стану ў пераходных абласцях і на кантакце цвёрдага і пластычнага цел; метады канечных элементаў, муаравых палос (Т.В.Каліноўская, Я.М.Макушок, У.М.Сягал). Прапанаваны: эфектыўны спосаб гарачага выціскання з выкарыстаннем квазівадкіх асяроддзяў — гарачае гідрадынамічнае выцісканне (У.Р.Канцін, В.С.Мурас, В.П.Севярдэнка, Э.Ш.Сухадрэў), працэсы дакладнай аб’ёмнай штампоўкі дэталей складанай формы ў штампах з раздымнымі матрыцамі (М.І.Калачоў, В.С.Мурас, В.П.Севярдэнка, Э.Ш.Сухадрэў, В.А.Ціманюк). Развіты ўяўленні аб дэфармацыйным умацаванні металаў. Паказана магчымасць выкарыстання эфекту ўмацавання, звязанага са схемай напружанага стану, для павышэння канстр. трываласці і эксплуатацыйных якасцей вырабаў, што атрымліваюцца апрацоўкай ціскам (М.І.Калачоў). Развіваецца тэорыя папярочнаклінавой пракаткі і працэсы атрымання гэтым метадам вырабаў з падоўжанай воссю тыпу ступеньчатых валоў (Р.В.Андрэеў, В.А.Клушын, Я.М.Макушок, У.І.Садко, В.Я.Шчукін).
З сярэдзіны 1980-х г. пад кіраўніцтвам А.В.Сцепаненкі фарміруецца навук. школа па даследаванні і распрацоўцы новых працэсаў апрацоўкі матэрыялаў ціскам. Упершыню распрацаваны працэс атрымання малаліставых рысор з адначасовай пракаткай двух канцоў загатоўкі для надання ёй парабалічнага профілю (У.А.Кароль, А.В.Сцепаненка). Праведзены тэарэт. і эксперым. даследаванні мех. паводзін парашковых матэрыялаў, прааналізавана кантактнае ўзаемадзеянне часцінак сыпкага асяроддзя і кантынуальных уяўленняў рэалогіі неабарачальна сціснутых асяроддзяў (Л.А.Ісаевіч, А.В.Сцепаненка, В.Я.Харлан). Пад кіраўніцтвам У.У.Клубовіча далей развіты тэарэт. і прыкладныя распрацоўкі ў галіне ультрагукавой апрацоўкі матэрыялаў (В.В.Арцём’еў, В.В.Рубанік, А.В.Сцепаненка). Развіваецца новы навук. кірунак — самаарганізацыя нестацыянарных дэфармацыйных працэсаў (Я.М.Макушок), абгрунтавана мэтазгоднасць прафілявання рабочых паверхняў інструменту для халоднай аб’ёмнай штампоўкі стальных вырабаў з улікам геаметрыі межаў ачагоў дэфармацыі ідэальна пластычнага цела (А.В.Аліфанаў). Распрацавана мадэль прасавання дыскрэтных (парашковых, грануляваных) цел, якая дазваляе ажыццяўляць аналіз напружана-дэфармаванага стану з улікам уплыву міжчасцінкавага і знешняга трэння, вызначаць мяжу і форму ачага пластычнай дэфармацыі, улічваць асаблівасці ўплыву камбінаваных нагрузак і спякання (А.В.Аліфанаў, Я.М.Макушок). Пад кіраўніцтвам В.М.Чачына развіта імпульсная апрацоўка ліставых матэрыялаў (магнітна-імпульсная, гідраўдарная, электрагідраімпульснае дэфармаванне металаў і сплаваў; А.Ю.Жураўскі, Г.М.Здор, Ю.І.Крыванос, А.Л.Скрыпнічэнка, Г.К.Сядзяка, У.Л.Шадуя).
Літ.:
Северденко В.П., Клубович В.В., Степаненко А.В. Обработка металлов давлением с ультразвуком. Мн., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́Р,
высакагорная сістэма на Пд Сярэдняй Азіі, гал. частка ў Горна-Бадахшанскай аўт.вобл. Таджыкістана, усх. і паўд. частка ў Кітаі і Афганістане. На Пн абмежаваны Заалайскім хр., на У — Сарыкольскім і Кашгарскім хр., на Пд — р. Памір і вярхоўямі р. Пяндж, на З — мерыдыянальным адрэзкам даліны р. Пяндж. Найвышэйшыя пункты размешчаны ў Кашгарскіх гарах (г. Кангур, 7719 м; г. Музтагата, 7546). Паводле асаблівасцей рэльефу П. падзяляюць на Зах. і Усходні. Для Зах. П. характэрна сістэма высокіх хрыбтоў амаль шыротнага распасцірання. Буйнейшыя антыклінорыі маюць крыштал. ядры палеазойскага ўзросту, якія прарваны гранітоіднымі інтрузіямі. Схілы хрыбтоў расчлянёны глыбокімі цяснінамі рэк. Усх. П. складзены з парод палеазою і мезазою, трапляюцца вулканагенна-асадкавыя адклады палеагену. Для рэльефу характэрны плоскія днішчы вялізных далін і катлавін, якія падняты на выш. 3500—4500 м і запоўнены прадуктамі разбурэння гор, у грунтах трапляецца вечная мерзлата. Над імі ўзвышаюцца хрыбты выш. больш за 6000 м.
Найвыш. грабяні маюць горна-ледавіковыя формы, якія вылучаюцца на агульным фоне стараж. рэльефу. П. — моцна сейсмічная вобласць, землетрасенні дасягаюць. 8—9 балаў. Радовішчы золата, малібдэну, вальфраму, горнага хрусталю, азбесту, слюды, лазурыту. Клімат суровы, рэзка кантынентальны. У далінах Зах. П. на выш. каля 2100 м сярэднія т-ры студз. -7,4 °C, ліп. 22,5 °C, гадавая колькасць ападкаў да 800 мм (на ледавіку Федчанкі). На Усх. П. клімат больш суровы. На выш. каля 4000 м сярэдняя т-растудз. -20 °C, ліп. +8 °C, ападкаў 100 мм за год. Снегавая мяжа ў Зах. П. размешчана на выш. 3600—3800 м, на ледавіку Федчанкі — на выш. 4400 м, ва Усх. П. — на выш. 5200—5240 м. Пл. зледзянення ў межах Таджыкістана больш за 7500 км² (больш за 10% паверхні П.), агульная колькасць ледавікоў каля 7110. Тыпы ледавікоў: каравыя, вісячыя, схілавыя, складаныя далінныя альпійскага і туркестанскага тыпаў. Найб. ледавікі: Федчанкі (даўж. 77 км) і Грум-Гржымайлы (37 км). Рэкі адносяцца пераважна да бас. Амудар’і, якая ў верхнім цячэнні наз. Пяндж. Найб. рэкі: Кызыл-Суу, Кызылсу, Сурхоб, Вахш. Рэкі Усх. П. адносяцца да бас. Яркенда і Кашгара. Яны маюць бурнае цячэнне, ледавікова-снегавое жыўленне, летнія паводкі. Найб. азёры: Каракуль, Рангкуль, Шаркуль, Заркуль, Яшылькуль, Сарэзскае. Глебы халодных высакагорных пустынь П.: саланцаватыя, шэразёмы, такырна-саланчаковыя, шкілетныя на камяністым і пясчаным субстраце; у месцах лепшага ўвільгатнення — бурыя пустынна-стэпавыя. На Усх. П. — участкі камяністай горнай тундры з вечнай мерзлатой, выкапнёвым лёдам, камяністымі многавугольнікамі. На Зах. П. ў далінах расліннасць пустынная палыновая, на выш. 2600—3200 м — дзярнова-злакавыя стэпы з калючымі падушкамі астрагалаў і аканталімонаў. На выш. 3200—3800 м кавыльныя стэпы, якія змяняюцца кабрэзіевымі лугамі. З выш. 4500 м пачынаецца субальпійскі пояс з марозаўстойлівай нізкатраўнай і паўхмызняковай расліннасцю. Па берагах рэк растуць таполі, бярозы, вербы, якія ўтвараюць невял. гаі. На Усх. П. днішчы далін і катлавіны заняты высакагорнай пустыняй з рэдкімі раслінамі падушкападобнай формы. На выш. 3500—4200 мнайб. характэрны паўхмызнячок тэраскен (адзіны від расліннага паліва). Ва ўмовах большай вільготнасці развіваюцца рэдкатраўныя высакагорныя стэпы з ціпчаку ўсходняга, кавылю, палыну. Вышэй за 4200 м пераважаюць падушачнікі з вастралодкі, аканталімону, сібальдыі. Каля рэк і ручаёў Усх. П. сустракаюцца кабрэзіевыя і асаковыя лугі, нярэдка саланчакаватыя і купінаватыя. Жывёльны свет П. прадстаўлены горным баранам архарам, даўгахвостым сурком, чырвонай пішчухай; з птушак — тыбецкім уларам, серпадзюбам, тыбецкім крумкачом і жаваранкам, снегавым гімалайскім грыфам, горнай, або інд. гуссю. Вырошчваюць якаў. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля і горнае земляробства. Вырошчваюць ячмень, гарох, на паліўных землях — вінаград, шаўкоўніцу, грэцкі арэх, абрыкосы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕМНЫЯ ВОДЫ.
На Беларусі падземныя воды пашыраны ў водапранікальных пародах асадкавага чахла і масівах крышталічнага фундаменту. Паводле якасных паказчыкаў іх падзяляюць на прэсныя, мінеральныя, прамысловыя і тэрмальныя.
Прэсныя падземныя воды сканцэнтраваны пераважна ў верхніх ваданосных гарызонтах і комплексах Прыбалтыйскага, Прыпяцкага, Брэсцкага, Аршанскага артэзіянскіх басейнаў. Мінералізацыя прэсных падземных вод пераважна 0,3—0,5 г/дм3, пітных — да 1 г/дм3 (паводле ДАСТа). У іх хім. саставе пераважаюць гідракарбанаты, кальцый, магній, радзей сульфаты і натрый. Паводле ўмоў залягання прэсныя падземныя воды падзяляюцца на грунтавыя і артэзіянскія. Грунтавыя воды насычаюць пароды 1-га ад паверхні зямлі ваданоснага гарызонту і звычайна безнапорныя. Артэзіянскія воды насычаюць пароды 2-га, 3-га і ніжэй залягаючых ад зямной паверхні ваданосных гарызонтаў. Яны пераважна напорныя. Галоўная мэта здабычы прэсных падземных вод — гаспадарча-пітное водазабеспячэнне. На тэр. Беларусі разведана каля 250 радовішчаў прэсных падземных вод, іх эксплуатацыйныя запасы складаюць больш за 6 млн.м³/сут (прыкладна па 600 л на кожнага жыхара краіны). Эксплуатуюцца адзінкавымі свідравінамі (больш за 30 тыс.), групавымі водазаборамі, калодзежамі (у сельскай мясцовасці для ўласных патрэб насельніцтва, абсталяваны пераважна пад выкарыстанне грунтавых вод). На большай частцы тэрыторыі прэсныя падземныя воды добра ахаваны ад антрапагеннага ўздзеяння. За іх якасцю ажыццяўляецца пастаянны кантроль умежахдзярж. маніторынгу падземных вод.
Мінеральныя воды пашыраны ў многіх месцах краіны. Паводле іх іонна-салявога саставу вылучаюць гідракарбанатныя, сульфатныя (напр., «Рассветаўская»), хларыдныя (напр., «Мінская-4») і складанага саставу (гідракарбанатна-хларыдная, напр., «Брэсцкая»; гідракарбанатна-сульфатныя; сульфатна-хларыдныя, напр., «Усмешка», «Бярэзінская», «Барысаўская», «Бабруйская»; хларыдна-сульфатныя, напр., «Магілёўская»); паводле катыённага саставу — натрыевыя (напр., «Нарачанская», «Крынічка», «Дарыда») і кальцыевыя (напр., «Парэчча-1»). Паводле павышаных канцэнтрацый біялагічна актыўных кампанентаў вылучаюць мінеральныя воды серавадародныя, жалезістыя, радонавыя, бромныя, бромна-ёдныя, борныя, фторыстыя.
У гідракарбанатных водах з рознай камбінацыяй аніёнаў і катыёнаў, ускрытых у крышталічным фундаменце, павышаная колькасць радону (170—1480 Бк/дм3). Мінералізацыя вод да 2—3 г/дм3. Сульфатныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на значнай частцы тэр. краіны ў адкладах ад ардовіку і сілуру да юры. Характарызуюцца мінералізацыяй ад 4—6 г/дм3 да 25,8 г/дм3 і канцэнтрацыяй бору да 40 мг/дм3. Хларыдныя і складанага саставу мінеральныя воды пашыраны на ўсёй тэр. краіны, у пародах крышталічнага фундаменту, адкладах пратэразою, кембрыю, дэвону, пярмі, трыясу, юры. Паводле мінералізацыі падзяляюцца на воды малой мінералізацыі (да 10 г/дм3), сярэдняй (10—35 г/дм3) і расолы (35—70 г/дм3). У хларыдных водах рознай мінералізацыі павышаная канцэнтрацыя жалеза (да 20 мг/дм3), серавадароду (200—300 мг/дм3), брому (да 500 мг/дм3), ёду (да 3 мг/дм3), бору (да 20—25 мг/дм3), фтору (да 3,3 мг/дм3). На тэр. Беларусі адкрыта больш за 80 радовішчаў мінеральных вод, агульныя запасы якіх складаюць больш за 20 тыс.м³/сут. На іх базе функцыянуюць заводы па разліве мінеральных вод у гарадах Мінск, Брэст, Гомель, Магілёў, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, г.п. Ушачы (Віцебская вобл.), пасёлках Ждановічы (Мінскі р-н), Парэчча (Гродзенскі р-н), в. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) і інш.; санаторыі «Аксакаўшчына», «Беларусь», «Дружба», «Крыніца» (Мінская вобл.), «Лётцы» (Віцебская вобл.), «Радон» (Гродзенская вобл.) і інш.; прафілакторыі і дамы адпачынку. Мінеральныя воды выкарыстоўваюць у якасці сталовых, лячэбна-сталовых і бальнеалагічных. На кожным радовішчы арганізаваны зоны санітарнага кантролю, вядуцца рэжымныя назіранні і кантроль хімічнага саставу.
Прамысловыя воды — гэта падземныя расолы з мінералізацыяй 320—460 г/дм3, у якіх ёсць шэраг каштоўных кампанентаў у прамысловых колькасцях. Такімі расоламі насычаны верхнепратэразойскія і дэвонскія адклады Прыпяцкага артэзіянскага басейна. Яны залягаюць на глыбінях 2000—4500 м і перакрыты дзвюма магутнымі водатрывалымі саляноснымі тоўшчамі, якія забяспечваюць утварэнне расолаў і іх захаванасць. Т-ра расолаў у прыродным заляганні 40—90 °C, што дае падставу адносіць іх да тэрмальных вод. Прагнозныя запасы прамысловых расолаў складаюць каля 35 тыс.м³/сут. Яны сканцэнтраваны ў 4 радовішчах, на 2 з якіх праведзены разведачныя работы і ацэнены эксплуатацыйныя запасы. Прамысловыя воды выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, медыцыне. На іх аснове наладжана доследная вытворчасць ёду і брому.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НС (франц. balance літар. вагі) у эканоміцы, сістэма паказчыкаў, якая характарызуе пэўную з’яву праз супастаўленне асобных яе частак (бакоў), якія павінны ўраўнаважваць адна адну. Дае магчымасць скаардынаваць патрэбнасці і рэсурсы, сувымяраць затраты і вынікі вытв.-гасп. дзейнасці на асобных прадпрыемствах, у галінах эканомікі ці маштабе ўсёй нар. гаспадаркі, умежах пэўных рэгіёнаў ці ўсёй краіны. Як правіла, баланс складаецца з 2 частак: 1-я характарызуе ўтварэнне рэсурсаў па крыніцах паступлення, 2-я — іх размеркаванне па кірунках выкарыстання.
Асобныя віды ці элементы балансу выкарыстоўваліся ў эканам. практыцы здаўна. У 18 ст. шатландскі эканаміст Дж.Сцюарт увёў тэрмін «плацежны баланс». На пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі і ЗША прапанавана методыка яго складання, стандартызаваная Лігай Нацый і Міжнар. валютным фондам для ўсіх краін свету. Пазней сістэма балансу і балансавы метад распрацаваны ў СССР і выкарыстоўваліся ў сацыяліст. краінах, у т. л. на Беларусі, як найважнейшы інструмент планавай эканомікі. У краінах з развітой рыначнай эканомікай выкарыстоўваюцца міжнар. сістэма нацыянальных рахункаў, але не выключаецца і магчымасць выкарыстання балансу. Напрыклад, у 1930-я г. В.Лявонцьеў з дапамогай міжгаліновага балансу вывучаў структуру амер. эканомікі. Гэты метад атрымаў назву «затраты—выпуск».
Самы пашыраны — бухгалтарскі баланс, які з’яўляецца асн. дакументам бухгалтарскай справаздачнасці прадпрыемстваў і ўстаноў. Ён складаецца ў форме 2 табліц — актыву (адлюстроўвае склад, размяшчэнне і выкарыстанне гасп. сродкаў) і пасіву (крыніцы ўтварэння гэтых сродкаў і іх мэтавае прызначэнне). Астатнія балансы падзяляюцца на матэрыяльныя, вартасныя і балансы нар. гаспадаркі (з яго састаўнымі часткамі). Матэрыяльныя балансы адлюстроўваюць вытв-сць і выкарыстанне відаў прадукцыі, сыравіны, матэрыялаў, наяўнасць і выкарыстанне вытв. магутнасцяў, абсталявання, асн. фондаў і інш.; распрацоўваюцца ў фіз. адзінках, умоўна-натуральным і вартасным выражэнні. З матэрыяльных балансаў найб. пашыраныя: паліўна-энергетычны (характарызуе наяўнасць, размеркаванне і выкарыстанне паліва і энергіі); вытворчых магутнасцяў [паказвае наяўныя магутнасці на пач. і канец пэўнага перыяду, іх рух (прырост, выбыццё), ступень выкарыстання ў выпуску канкрэтных відаў прамысл. прадукцыі]; машын і абсталявання (адлюстроўвае іх наяўныя рэсурсы і размеркаванне па відах выкарыстання); асноўных фондаў (характарызуе іх узнаўленне ў маштабе нар. гаспадаркі, галіны эканомікі, а таксама па формах уласнасці). Да матэрыяльных балансаў адносяць таксама балансы зямельных угоддзяў, с.-г. прадукцыі, кармоў і інш.Вартасныя балансы адлюстроўваюць утварэнне даходаў з усіх крыніц паступлення і іх размеркаванне па кірунках выкарыстання. З вартасных балансаў найб. пашыраны: баланс грашовых даходаў і расходаў насельніцтва па краіне, яе асобных рэгіёнах, па сац. групах для разліку рэальных даходаў і пакупніцкай здольнасці насельніцтва, попыту і прапаноў на тавары, рэгулявання грашовага абарачэння і эмісіі грошай; баланс фінансавых рэсурсаў — прагнозна-аналітычны дакумент, паказчыкі якога з’яўляюцца асновай для распрацоўкі дзярж. бюджэту, абгрунтавання падатковай, цанавой і крэдытнай палітыкі краіны; плацежны баланс адлюстроўвае знешнеэканам. аперацыі краіны за пэўны перыяд (ён актыўны, калі сума грашовых паступленняў перавышае суму расходаў і плацяжоў, і пасіўны, калі сума расходаў і плацяжоў большая за суму паступленняў); гандлёвы баланс — суадносіны экспарту і імпарту тавараў у краіне, аснова плацежнага балансу. Сярод працоўных балансаў асн. з’яўляецца баланс працоўных рэсурсаў, які складаецца па краіне, абласцях і раёнах, уключае звесткі пра наяўныя рэсурсы і пра іх выкарыстанне па сферах, галінах і відах занятасці.
З 1926 уСССР, у т. л.БССР, распрацоўваўся баланс народнай гаспадаркі для характарыстыкі працэсу грамадскага ўзнаўлення, яго маштабаў, тэмпаў, прапорцый, стану і тэндэнцый развіцця ўнутр.эканам. сувязяў. Ён складаўся з 4 асн. раздзелаў: баланс сукупнага грамадскага прадукту, нац. даходу, працоўных рэсурсаў і зводнай табліцы, якая абагульняла ўсе раздзелы і адлюстроўвала збалансаванасць асн. элементаў нар. гаспадаркі. Аднак сістэма разлікаў, асабліва валавога прадукту і нац. даходу, істотна адрознівалася ад міжнар. практыкі і скажала рэальны стан эканомікі. Таму з 1995 баланс нар. гаспадаркі Беларусі не распрацоўваецца. Спынена і распрацоўка балансу грамадскага прадукту (адлюстроўваў агульны аб’ём вытв-сці прадукцыі, яе матэрыяльна-рэчыўную, галіновую і сац. структуру), балансу нацыянальнага даходу (паказваў яго вытв-сць, размеркаванне і выкарыстанне) і міжгаліновага балансу (інструмент эканам. аналізу і ўстанаўлення прапорцый у працэсе расшыранага ўзнаўлення ў маштабе галін нар. гаспадаркі). Гэтыя балансы трансфармуюцца з улікам стандартаў міжнар. сістэмы нац. рахункаў.