КЮВЕ́Т

(франц. cuvette літар. чан, тазік),

элемент сістэмы дарожнага водаадвода. Робіцца ўздоўж невысокіх насыпаў, выемак і калянулявых адзнак землянога палатна ў выглядзе адкрытых канаў для збору і адводу паверхневых вод ад дарогі ў паніжаныя месцы або да водапрапускных збудаванняў. Папярочнае сячэнне К. трохвугольнае або трапецаідальнае.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮІ́ Цэзар Антонавіч

(18.1.1835, Вільня — 26.3.1918),

рускі кампазітар і муз. крытык, ваен. інжынер і вучоны. Інжынер-ген. (1904). Чл. Ін-та Францыі (1894). Скончыў Ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1857) і выкладаў у ёй (з 1880 праф., з 1891 засл. праф.). Кампазіцыяй займаўся ў С.Манюшкі ў Вільні. У 1864—1900 выступаў як муз. крытык, супрацоўнічаў у газетах і часопісах. Чл. «Магутнай кучкі». Садзейнічаў раскрыццю гіст. значэння творчасці М.Глінкі, А.Даргамыжскага, прапагандаваў музыку А.Барадзіна, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава. Як кампазітар найб. вызначыўся ў жанры раманса (больш за 300). Аўтар 14 опер, у т.л. «Вільям Раткліф» паводле Г.Гейнэ (паст. 1869), «Анджэла» паводле В.Гюго (паст. 1876), музыкі для дзяцей, у т.л. першых у рус. музыцы дзіцячых опер («Снежны асілак», 1906, і інш.). Закончыў оперы «Каменны госць» Даргамыжскага і «Сарочынскі кірмаш» Мусаргскага. Навук. працы па фартыфікацыі; стварыў курс фартыфікацыі, які чытаў у ваен. акадэміях.

Літ. тв.: Избр. статьи Л., 1952; Избр. статьи об исполнителях. М., 1957.

Літ.:

Назаров А. Ц.А.Кюи. М.,1989.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮЛЬ-ТЭПЕ́, Кюльтэпе (цюрк. попельны ўзгорак),

1) стараж. горад бронзавага веку у Кападокіі (цэнтр. Турцыя) каля Кейзеры. Пры даследаванні выяўлена дзелавая перапіска асірыйскіх купцоў-каланістаў, якія ў 19 ст. да н.э. кантралявалі і пашыралі гандаль паміж Анатоліяй і Месапатаміяй, гліняныя таблічкі з асірыйскім клінапісам, шмат матэрыялаў з часоў, якія папярэднічалі ўзвышэнню хетаў.

2) Паселішча паўд.-закаўказскай групы энеаліту Каўказа (4-е — пач. 1-га тыс. да н.э.). Назву атрымала ад сяла за 8 км ад Нахічэвані (Азербайджан). Выяўлены 4 розначасовыя культ. пласты магутнасцю 22 м (энеаліт, кура-аракская культура, эпохі верхняй бронзы і ранняга жалеза).

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮНГЁЙ-АЛА́О́О, Кунгей-Алатау,

хрыбет на Пн Цянь-Шаня, які абмяжоўвае з Пн Ісык-Кульскую катлавіну ў Казахстане і Кыргызстане. Даўж. каля 280 км. Выш. да 4771 (г. Чок-Тал). Складзены з гранітаў, сланцаў, пясчанікаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі агульнай пл. 237 км2. На паўн. схілах і ў цяснінах — лясы з цянь-шаньскай елкі, на паўд. — горныя стэпы, вышэй — горныя лугі і лугастэпы. Ва ўсх. ч. перавал Сан-Таш.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРАСА́О

(Curaęao),

востраў у Карыбскім м., у групе Падветраных астравоў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы), каля паўн. берагоў Паўд. Амерыкі. Уладанне Нідэрландаў. Пл. 462 км2. Нас. 146,1 тыс. чал. (1990), у асн. негры. Паверхня ўзгорыстая (выш. да 372 м). Берагі на 3 і Пд акружаны каралавымі рыфамі, маюць зручныя гавані. Клімат субэкватарыяльны. Ападкаў 500 мм за год. Ксерафільная хмызняковая расліннасць. Буйныя з-ды па перапрацоўцы нафты з Венесуэлы. Гал. горад — Вілемстад. К. адкрыты ў 1499 ісп. мараплаўцам А. дэ Ахедам.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРЫ́,

пазасістэмная адзінка актыўнасці радыеактыўных ізатопаў. Названа ў гонар П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры. Абазначаецца Кі. І Кі — актыўнасць ізатопу, у якім за 1 с адбываецца 3,7∙10​10 актаў распаду, 1 Кі = 3,7 Бк. Гл. таксама Бекерэль.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРЫ́ (Curie) П’ер

(15.5.1859, Парыж — 19.4.1906),

французскі фізік; адзін з заснавальнікаў вучэння аб радыеактыўнасці. Чл. Парыжскай АН (1905). Скончыў Парыжскі ун-т (1877), дзе і працаваў у 1878—83 і з 1904 (праф.), у 1883—1904 у Школе фізікі і хіміі. Навук. працы па фізіцы крышталёў, магнетызме і радыеактыўнасці. Разам з братам Полем Жанам К. адкрыў з’яву п’езаэлектрычнасці (1880), у 1884—95 выканаў шэраг даследаванняў па сіметрыі крышталёў і магнітных уласцівасцях рэчываў (гл. Кюры—Вейса закон, Кюры закон, Кюры пункт). З жонкай М.Складоўскай-Кюры адкрыў хім. элементы палоній і радый (1888), даследаваў уласцівасці радыеактыўных рэчываў і дзеянне радыеактыўнага выпрамянення. У іх гонар названы адзінка актыўнасці радыеактыўных ізатопаў кюры і хім. элемент кюрый. Нобелеўская прэмія 1903 (разам з А.Бекерэлем).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. М.; Л.,1966.

Літ.:

Кюри М. Пьер Кюри: Пер. з фр. М., 1968;

Старосельская-Никитина О.А. История радиоактивности и возникновения ядерной физики. М., 1963.

П.Кюры.

А.І.Болсун.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРЫ́ ЗАКО́Н,

тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці χ некаторых парамагнетыкаў. Мае выгляд χ = C/T, дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры). Адкрыты ў 1895 П.Кюры. К.з. падпарадкоўваюцца газы, пара шчолачных металаў, разбаўленыя растворы парамагн. солей і інш. Класічная тэорыя К.з. грунтуецца на стат. разглядзе ўласцівасцей сістэмы («газу») слаба ўзаемадзейных атамаў, малекул ці іонаў, якія маюць магн. дыпольны момант. У знешнім магн. полі адбываецца арыентацыя гэтых момантаў уздоўж поля, якой перашкаджае цеплавы рух часціц. Гл. таксама Кюры—Вейса закон.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРЫ́ ПУНКТ,

тэмпература фазавага пераходу, звязаная са скачкападобнымі зменамі сіметрыі магн. або эл. уласцівасцей рэчыва. Пры т-рах, больш высокіх за К.п., ферамагнетыкі і сегнетаэлектрыкі страчваюць свае спецыфічныя ўласцівасці і пераўтвараюцца ў парамагнетыкі і звычайныя дыэлектрыкі адпаведна (К.п. у антыферамагнетыкаў наз. Нееля пунктам). Названы ў гонар П.Кюры, які вывучаў такі пераход у ферамагнетыках.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮРЫ—ВЁЙСА ЗАКО́Н,

тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці парамагнетыкаў; абагульненне Кюры закона на выпадак узаемадзеяння паміж лакалізаванымі магнітнымі момантамі.

Мае выгляд χ = C/(T − Θ), дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры), Θ — парамагн. т-ра Кюры. Устаноўлены франц. фізікам П.Вейсам у 1907. К—В.з. падпарадкоўваюцца фера- і антыферамагнетыкі ў парамагн. вобласці пры т-рах, больш высокіх за Кюры пункт і Нееля пункт адпаведна, а таксама сегнетаэлектрыкі: дыэлектрычная пранікальнасць пры т-рах Τ>Θ, дзе Θ — т-ра Кюры сегнетаэлектрыка; змяняецца па законе ε = B/(T − Θ), дзе B — канстанта рэчыва.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)