ЛЮ́ЦЫНСКІ МО́ГІЛБНІК,
могілкі латгалаў 9—10 ст. каля г. Лудза (ранейшая назва Люцын) у Латвіі. Адкрыты Е.Р.Раманавым у 1890. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, трупаспаленне і пахаванне адных рэчаў. У жаночых пахаваннях знойдзена шмат бронзавых упрыгожанняў (нагрудныя ланцужкі, вітыя і пласціністыя грыўні, бранзалеты са змяінымі галоўкамі на канцах, пярсцёнкі, трапецападобныя падвескі і інш.); у мужчынскіх — жал. наканечнікі дзідаў, сякеры, масіўныя бранзалеты, якія выконвалі ролю кастэтаў. Багатых пахаванняў няшмат, але яны выразна адрозніваліся ад звычайных пахаванняў, што сведчыць пра значную сац. дыферэнцыяцыю.
т. 9, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГІНА́ЛІІ (позналац. marginalis што знаходзіцца на краі ад лац. margo край, мяжа),
1) паметы на палях стараж. кніг або рукапісаў, юрыд. актаў, якія тлумачаць незразумелае слова або месца.
2) Паметы чытача на друкаваным выданні або рукапісе: нататкі пра адносіны да тэксту, падкрэсліванні асобных слоў і сказаў, пазначэнні клічнікам, пытальнікам, умоўнымі значкамі і інш. М., зробленыя пісьменнікам, — частка яго рукапіснай спадчыны, асабліва важныя для раскрыцця яго творчых задум, няздзейсненых намераў.
3) У сучасным кніжным афармленні тэкставая рубрыкацыя, вынесеная па-за фармат паласы.
т. 10, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВІ́ЦІН Іван Юр’евіч, расійскі землепраходзец 17 ст.; першаадкрывальнік Ахоцкага м. Томскі казак. У 1639 атрад М. падняўся па р. Мая і яе прытоку р. Юдама, перайшоў хр. Джугджур і, спусціўшыся па р. Улья, дасягнуў узбярэжжа Ахоцкага м. У 1639—41 даследаваў яго ўзбярэжжа на значным працягу на У і З ад р. Улья. Першым з рускіх атрымаў ад мясц. жыхароў звесткі пра р. Амур і Шантарскія а-вы. У 1641 атрад вярнуўся ў Якуцк, дзе М. склаў справаздачу аб падарожжы.
т. 10, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛАВА (Валянціна Аўрамаўна) (н. 2.1.1949, г. Клімавічы Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1992), праф. (1993). Скончыла Кіргізскі дзярж. ун-т (1972). Працавала ў Ошскім пед. ін-це. З 1982 у Віцебскім ун-це. Аўтар прац у галіне псіхалінгвістыкі і лінгвакультуралогіі: «Размова пра псіхалінгвістыку» (1992), «Уводзіны ў лінгвакультуралогію», «Лінгвістычны аналіз экспрэсіўнасці мастацкага тэксту» (абедзве 1997), «Філалагічны аналіз Паэтычнага тэксту» (1999), сааўтар кн. «Этнапсіхалінгвістыка» (1988), «Чалавечы фактар у мове» (1991) і інш.
Тв.:
Преданья старины глубокой в зеркале языка. Мн., 1997.
т. 10, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎНТБЕ́ТЭНА ПЛАН,
план прадастаўлення незалежнасці Брыт. Індыі, які прапанаваў яе віцэ-кароль Л.Маўнтбетэн. Абнародаваны брыт. урадам 3.6.1947. Прадугледжваў падзел Брыт. Індыі на 2 дамініёны — Інд. Саюз (пераважна з індуісцкім насельніцтвам) і Пакістан (пераважна з мусульм. насельніцтвам). Правінцыі Пенджаб і Бенгалія падзяляліся паміж імі паводле вынікаў галасавання ў мясц. асамблеі. Правіцелі княстваў мелі права далучыцца да аднаго з дамініёнаў або захаваць ранейшыя адносіны з Вялікабрытаніяй. 15.8.1947 працэдура падзелу была скончана, а М.п. зацверджаны каралём Вялікабрытаніі як Закон пра незалежнасць Індыі.
т. 10, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СЯЦ каляндарны, адзінка вымярэння прамежкаў часу ў розных каляндарных сістэмах.
Адрозніваюць М.: сінадычны (29,5306 сут) — перыяд змен фаз Месяца; сідэрычны (27,3217 сут) — перыяд абарачэння Месяца вакол Зямлі адносна зорак, трапічны (27,3216 сут) — перыяд вяртання Месяца да той самай даўгаты, анамалістычны (27,5546 сут) — прамежак часу, за які Месяц паслядоўна праходзіць праз перыгей сваёй арбіты; драканічны (27,2122 сут) — прамежак часу паміж двума паслядоўнымі праходжаннямі Месяца праз адзін і той жа вузел сваёй арбіты. Гл. таксама Год, Каляндар і арт. пра асобныя месяцы года.
т. 10, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛА,
князь у Полацкай зямлі ў 12 ст. Пра яго сведчыць імя па бацьку Усяслава Мікуліча, лагожскага (лагойскага) князя ў 1180. Даследчыкі мяркуюць, што М. мог быць сынам ізяслаўскага (заслаўскага) кн. Валодшы і валодаць удзелам у Ізяслаўскім (Заслаўскім) княстве (А.М.Рапаў) або быць сынам мінскага кн. Глеба Усяславіча (В.Л.Насевіч). На думку Э.М.Загарульскага, М. мог быць сынам не названага па імю брата лагожскага кн. Брачыслава, сынам ці ўнукам Глеба Усяславіча або гэта хрысціянскае імя Усевалада Глебавіча.
т. 10, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЖЫ ((Morzy) Юзаф) (н. 10.8.1921, в. Лопуш Падляскага ваяв., Польшча),
польскі гісторык. Д-р гіст. н. (1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). Да 1991 працаваў ва Ун-це імя А.Міцкевіча ў Познані, дацэнт (1968). Вывучае гісторыю ВКЛ і Расіі. Аўтар манаграфіі «Дэмаграфічны крызіс у Літве і Беларусі ў II палове XVII ст.» (1965; бел. пераклад фрагментаў у час. «Спадчына», 1992, №5), дзе на падставе шматлікіх крыніц зроблена выснова пра значнае (да 50%) скарачэнне насельніцтва ВКЛ у час войнаў 1648—67.
т. 10, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКАСЕ́Й (Анатоль Міхайлавіч) (н. 26.7.1938, С.-Пецярбург),
расійскі кінааператар. Засл. дз. маст. Расіі (1991). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1961). Працаваў на Ленінградскай студыі кінахронікі, з 1963 на кінастудыі «Масфільм». Зняў маст. фільмы «Дайце кнігу скаргаў» (1965) і «Сцеражыся аўтамабіля» (1966; абодва з У.Нахабцавым), «Марскія апавяданні» (1967), «Увага, чарапаха!» (1970), «Аповесць пра чалавечае сэрца» (1976), «Чучала» (1984); тэлефільмы «Нос» (1977), «Па сямейных абставінах» (1978), «Сватаўство гусара» (1979), «Дульсінея Табоская» (1980), «Прынцэса цырка» (1982) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1986.
т. 11, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ВО́ЛЯ»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 4 да 12.3.1927 у Вільні на бел. мове замест закрытай газ. «Наш голас». Рэдактар-выдавец М.Машара. Прытрымлівалася праграмных поглядаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Крытыкавала адносіны польск. улад да заходнебел. народа, змяшчала матэрыялы пра несправядлівую падатковую сістэму, нявырашанае агр. пытанне, паланізацыю бел. школы. Асвятляла культ. жыццё ў Зах. Беларусі, друкавала творы А.Салагуба, Я.Гаўрыліка і інш. Выйшлі 4 нумары, з іх 2 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.
С.В.Говін.
т. 11, с. 247
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)