САВЕ́Т ПА АПЕ́ЦЫ ААН,
адзін з галоўных органаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1945—94. Складаўся з дзяржаў — членаў ААН, якія кіравалі тэрыторыямі пад апекай; з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН, якія не кіравалі тэрыторыямі пад апекай, і інш. членаў, выбраных Ген. Асамблеяй ААН на 3-гадовы тэрмін з такім разлікам, каб агульная колькасць членаў Савета размяркоўвалася пароўну паміж першымі і другімі. Пад кіраўніцтвам Ген. Асамблеі Савет быў правамоцны: разглядаць справаздачы ўлад, якія кіравалі адпаведнай тэрыторыяй; прымаць петыцыі і разглядаць іх, кансультуючыся з кіруючай уладай; перыядычна наведваць адпаведныя падапечныя тэрыторыі ва ўзгодненыя з кіруючай уладай тэрміны і рабіць захады ў адпаведнасці з умовамі пагадненняў аб апецы. Ён распрацоўваў анкеты адносна паліт., эканам., сац. прагрэсу і прагрэсу ў галіне адукацыі насельніцтва падапечных тэрыторый, а кіруючыя ўлады кожнай такой тэрыторыі прадстаўлялі Ген. асамблеі штогадовыя даклады на аснове гэтых анкет. Да 1994 усе 11 падапечных тэрыторый, якія знаходзіліся ў веданні Савета, набылі самастойнасць. У сувязі з гэтым неабходнасць у Савеце адпала (гл. таксама Апека міжнародная).
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ТКАВАЯ ДЭФАРМА́ЦЫЯ,
частка дэфармацыі, што застаецца пасля ліквідацыі ўздзеянняў, якія яе выклікаюць.
т. 2, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАБІ́ЯС,
сукупнасць жывёльных і раслінных арганізмаў, якія жывуць у акіянах і морах.
т. 4, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́ТНЫ СТАТУ́Т,
устаноўленыя дзяржавай правілы, якія вызначаюць парадак чаканкі манеты ў краіне.
т. 10, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГЛАМЕНТА́ЦЫЯ,
устанаўленне правіл, якія вызначаюць парадак якой-н. дзейнасці. Гл. таксама Рэгламент.
т. 13, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙЦЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі багі, якія жылі на Алімпе. Паводле міфаў, дзеці бога Кронаса на чале з Зеўсам паўсталі супраць бацькі і тытанаў, перамаглі ў гэтай барацьбе і замацаваліся на Алімпе, падзяліўшы паміж сабой уладу над светам. Вярх. уладыкам стаў Зеўс. Алімпійцы былі абыякавыя да зямных пакут і хваляванняў. Адсюль пераноснае значэнне слова алімпійцы — людзі, якія захоўваюць непарушны («алімпійскі») спакой у любых жыццёвых сітуацыях.
т. 1, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭГА́ЦЫЯ ў біялогіі,
працэс збірання (зліпання) клетак у шматклетачнае ўтварэнне — агрэгат, заснаваны на адгезіі. Адбываецца пры нармальным развіцці арганізмаў і ў эксперыменце пасля штучнага раз’яднання клетак, напр., пратэалітычнымі ферментамі і рэчывамі, якія звязваюць іоны кальцыю. Пры агрэгацыі клеткі «сартуюцца»; аднатыпныя зліпаюцца, разнатыпныя застаюцца раз’яднаныя. Здольнасць клетак да агрэгацыі залежыць ад т-ры і іоннага складу асяроддзя, з’яўлення на паверхні клетак спецыфічных бялковых рэчываў, якія садзейнічаюць іх зліпанню.
т. 1, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВАГРУ́ДЗІ, прасома,
аддзел цела членістаногіх, які ўтвараецца ў выніку зліцця галаўных і грудных сегментаў. Уласцівы вышэйшым ракападобным і хеліцэравым (павукападобныя, мечахвосты і некаторыя вымерлыя). У хеліцэравых у склад галавагрудзей уваходзяць элементы галаўной лопасці і наступных 6 сегментаў з канечнасцямі, якія выконваюць жавальную і рухальную функцыі. Галавагрудзі часта наз. сківіцагрудзі вышэйшых дзесяціногіх ракападобных разам з галавой, якія ўтвараюцца пры зліцці 6 галаўных і 7 грудных сегментаў.
т. 4, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРУ́СІ́Я (грэч. gerusia ад gerōn старац, старэйшына),
у Старажытнай Грэцыі савет старэйшын у гарадах-дзяржавах, дзе пераважала арыстакратычнае ўпарадкаванне. Разглядаў важныя дзярж. справы, якія потым абмяркоўваліся нар. сходам. Колькасць членаў герусіі (геронтаў), іх паліт. роля ў розных полісах былі неаднолькавыя. Напр., у Спарце герусія складалася з 30 чал. (28 геронтаў ва ўзросце за 60 гадоў, якія выбіраліся пажыццёва, і 2 цары), была вышэйшым урадавым органам.
т. 5, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТЭНЗІ́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,
лекавыя прэпараты, што паніжаюць сістэмны артэрыяльны ціск. Да іх адносяцца нейратропныя сродкі, якія паніжаюць тонус сімпатычнай нерв. сістэмы (клафелін, бензагексоній, рэзерпін, празазін, анапрылін і інш.), міятропныя сродкі (апрэсін, дыбазол, магнію сульфат і інш.), антаганісты кальцыю (ніфедыпін, верапаміл і інш.), сродкі, якія ўплываюць на рэнінангіятэнзіўную сістэму (каптапрыл, саралазін і інш.) і на водна-салявы абмен (дыхлатыязід, фурасемід і інш.). Выкарыстоўваюцца пры гіпертанічнай хваробе.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)