МІНІЯЦЮ́РА (франц. miniature, італьян. miniatura ад лац. minium кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі),
мастацкі твор малых памераў.
У выяўленчым мастацтве адну з асн. галін складае кніжная М. (ілюмінацыйнае мастацтва) — выкананыя ад рукі ілюстрацыі і элементы дэкар. афармлення (ініцыялы, застаўкі і інш.) у рукапісных кнігах.
Кніжная М. вядома са старажытнасці ў Егіпце («Кніга мёртвых», 2-е тыс. да н.э.), Іране (Ісфаханская школа мініяцюры і інш.), Індыі (Магольская школа мініяцюры і інш.). Вытокі еўрап. ілюмінацыйнага мастацтва адносяцца да позняй антычнасці («Іліяда» Гамера, каля 500). Найб. росквіту дасягнула ў эпоху сярэдневякоўя (візант. рукапісы 13—14 ст., арм. евангеллі кілікійскай школы мініяцюры, М. братоў Лімбург у Францыі, пач. 15 ст., і інш.). Пасля вынаходніцтва кнігадрукавання кніжная М. змянілася гравюрай.
На Беларусі кніжная М. вядома з 10—13 ст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Аршанскага, Тураўскага евангелляў і інш.). У 14 ст. развіваўся тэраталагічны стыль, найб. выразны ў ініцыялах Мсціжскага евангелля і ў Полацкім евангеллі. У 2-й пал. 14—16 ст. ўзмацніўся зах.-еўрап. ўплыў, з’явіліся свецкія сюжэты, гіст. і быт. сцэны (Лаўрышаўскае, Жыровіцкае, Шарашоўскае евангеллі і Радзівілаўскі летапіс). У 17 ст. на М. ўплывала гравюра друкаваных кніг. Вядомы імёны перапісчыкаў кніг і мастакоў Паповіча Бярозкі з Навагрудка, Юрыя Алелькі (ці Алелькавіча) са Слуцка, Стэфана Кахановіча з Супрасля, Васіля Амельяненскага з Віцебска, Яўстафія з Гродна, Парфёна з Пінска.
М. ў жывапісе развівалася пераважна партрэтная. Яна адметная асабліва тонкай манерай выканання. Партрэты на пергаміне, слановай косці, метале ці фарфоры часта змяшчаліся на медальёнах, табакерках, ордэнах і інш. Паводле стылю і тэхнікі звязаны з кніжнай М. і з агульным развіццём рэаліст. мастацтва.
Як асобны жанр жывапісу склалася ў эпоху Адраджэння. Вял. майстэрствам вызначаюцца партрэтныя М. 16 ст. Дж.Кловіо (Італія), Ф.Клуэ (Францыя), Г.Гольбейн Малодшы (Германія), Н.Хіліярд, А.Олівер (Англія), у 17 ст. — Ж.Петыго (Швейцарыя), С.Купер (Англія) і інш. Дасягнула росквіту ў 18 — пач. 19 ст. (творчасць Р.Кар’еры ў Італіі, Ж.А.Фраганара, Ж.Б.Ізабэ ў Францыі, Г.Ф.Фюгера ў Аўстрыі, У.Баравікоўскага, А.Рыта ў Расіі і інш.). У 20 ст. пашырылася лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра). Вядомы мініяцюрныя партрэты Пятра I, рус. імператрыц Ганны Іванаўны і Кацярыны I, выкананыя выхадцам з Беларусі Р.Мусікійскім, а таксама партрэты А.Міцкевіча, А.Сапегі. На Беларусі ў 19 ст. партрэтныя М. рабіў В.М.Ваньковіч. У наш час у лакавай М. працуюць Г. і А.Осіпавы, В. і А.Ражковы і інш.
У скульптуры М. — поўнааб’ёмныя або рэльефныя выявы з косці, металу, цвёрдых парод дрэва, каменю і інш.Гл.Гліптыка, Гема, Інталія, Камея, Нэцке.
У літаратуры — невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. М., асабліва паэтычная, блізкая да афарыстычнага выказвання. Напр., у М.Танка: «Ад гора — усё ў свеце няміла, // Ад шчасця — час хутка мінае, // Ад хмелю — марнуюцца сілы, // Ад славы — сяброў убывае... // Вось тут і спыніся на нечым // У гэтым жыцці, чалавеча!». Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных М. — лірычных замалёўках, абразках, паэт. рэфлексіях у прозе (творы М.Гарэцкага, З.Бядулі, Я.Брыля, Ф.Янкоўскага, Б.Сачанкі). Эмацыянальны, суб’ектыўна-лірычны пачатак тут арганічна ўзаемадзейнічае з эпічна-канкрэтным (напр., у А.Карпюка). Такія М. маюць жанравыя рысы эсэ. Вершаваныя М. — пераважна лірычныя творы, складаюцца звычайна з 2—6 радкоў. Сустракаюцца ў М.Багдановіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, Р.Барадуліна, Я.Сіпакова, Ю.Свіркі, Р.Тармолы, А.Разанава і інш. Да М. адносяць і такія ўстойлівыя формы паэзіі, як карацелька, рубаі, прыпеўкі, каламыйкі, фрашкі. Драматургічная М. — сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатыр. твор, у якім дзейнічаюць 2—3 персанажы.
У музыцы — невялікая муз. п’еса для фп. (пераважна) і інш. інструментаў ці выканальніцкіх складаў. Характэрныя рысы: малы маштаб, лаканічнасць формы (звычайна простыя 1-, 2- і 3-часткавыя), тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб’яднанне асобных п’ес у цыклы. У творчасці бел. кампазітараў шырока прадстаўлена ў вак., інстр., харавой, арк. і камернай музыцы: «24 прэлюдыі» для фп. П.Падкавырава, фп. цыкл «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Ступенькі» (дзіцячы альбом для скрыпкі з фп.) Г.Вагнера, сюіты «Казка» і «Кантрасты» С.Картэса, «Мікракосм» і «Дзіцячы куток» Л.Шлег, а таксама мініяцюры Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, І.Лучанка, Р.Суруса, Э.Тырманд і інш.Бел. кампазітары, выкарыстоўваючы традыцыі муз. рамантызму, з якім звязаны росквіт жанру М. (Ф.Шуберт, Р.Шуман, Ф.Мендэльсон, Ф.Шапэн), а таксама рус. і сав. класікаў (П.Чайкоўскі, А.Лядаў, А.Скрабін, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч), уносяць у развіццё жанру М. рысы нац. своеасаблівасці («Лубок» для фп. А.Друкта, хар. цыклы на нар. тэксты «Дажынкі» Г.Гарэлавай і «Снапочак», «Вясельныя» А.Мдывані, «Скамарохі» для баяна А.Залётнева). Нярэдка муз. М. імкнецца да апасродкаванай сувязі з жывапісам («Акварэль» для цымбалаў В.Войціка, фп. цыкл «Вясковыя замалёўкі» В.Кузняцова і інш.).
У тэатры, цырку, на эстрадзе М. — кароткая п’еса, вадэвіль, інтэрмедыя, скетч, размоўная, харэагр. ці муз. сцэнка, эстрадная ці клоўнская рэпрыза і інш. На Беларусі ў галіне М. працуюць мінскія т-р «Хрыстафор», нар.т-р эстрадных мініяцюр «Карусель».
Да арт.Мініяцюра. Бітва паміж войскамі Святаполка Яраполчыча і Яраслава Мудрага на р. Альта. Іл. да «Радзівілаўскага летапісу». Канец 15 ст.Мініяцюра з Жыровіцкага евангелля. 15 ст.Да арт.Мініяцюра. Р.Мусікійскі. Партрэт Пятра I. 1723.Да арт.Мініяцюра. Партрэт Накіб-хана, Індыя. Магольская школа. Пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛА Янка (сапр.Луцэвіч Іван Дамінікавіч; 7.7.1882, фальварак Вязынка, Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. — 28.6.1942),
бел. паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч; класік бел. л-ры; адзін з заснавальнікаў сучаснай бел. л-ры і бел.літ. мовы. Нар. паэт Беларусі (1925). Акад.АН Беларусі (1928) і АН Украіны (1929). З сям’і збяднелай шляхты, старэйшы продак якой па бацьку ўпамінаецца ў дакументах 17 ст.; маці — рубяжэвіцкая шляхцянка. Скончыў Бяларуцкае нар. вучылішча (1898), вучыўся на агульнаадук. курсах А.С.Чарняева ў Пецярбургу (1909—13), у нар. ун-це імя А.Л.Шаняўскага ў Маскве (1915). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, хатнім настаўнікам («дарэктарам»), пісарам у суд. следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у памешчыка на Сенненшчыне (1904), практыкантам і памочнікам вінакура на броварах у памешчыцкіх маёнтках (1905—08). У 1908—09 супрацоўнік газ. «Наша ніва» і адначасова бібліятэкар б-кі Б.Л.Даніловіча (Вільня). 3 кастр. 1913 зноў у Вільні, супрацоўнік «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914—15). У студз. 1916 у Маскве ажаніўся з У.Ф.Станкевіч (гл. У.Ф.Луцэвіч), прызваны ў армію. Служыў у дарожна-буд. атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Мінску, Полацку, Смаленску. 3 ліп. 1918 агент Аддз. забеспячэння Зах. вобласці. 21.1.1919 пераехаў у Мінск. Шмат друкаваўся як паэт і публіцыст у прэсе 1919—21 (газ. «Звон», «Беларусь», «Вольны сцяг», «Рунь», «Савецкая Беларусь»). У студз. — сак. 1920 цяжка хварэў. З 1921 актыўна ўдзельнічаў у літ.-грамадскім і культ.-маст. жыцці, у т. л. ў стварэнні БДУ, нац. тэатра, рэсп. выдавецтваў. 22.11.1930 спрабаваў скончыць самагубствам з-за праследаванняў рэпрэсіўнымі органамі, абвінавачання ў кіраўніцтве т. зв. нацдэмаўшчынай. У Вял.Айч. вайну жыў у Маскве, потым у пас. Пячышчы каля Казані. Трагічна загінуў у Маскве ў гасцініцы «Масква». У 1962 урна з прахам К. перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.
Пісаць пачаў на польск. мове. Першы вядомы бел. верш «Мая доля» датуецца 1904. Першы бел. друкаваны верш «Мужык» (мінская газ. «Северо-Западный край», 15.5.1905). Першы зб. «Жалейка» (Пб., 1908). Творчасць К. — летапіс жыцця бел. народа, адбітак нац. характару, нац. светаразумення і паэт. светаўспрымання на пераломных гіст. рубяжах 1-й пал. 20 ст. Яна вызначаецца глыбокай народнасцю, маст. арыгінальнасцю, нац. адметнасцю. Нац.-патрыятычны, адраджэнскі пафас, свабодалюбівыя матывы, ідэі сац. і нац. разняволення, паказ нар. жыцця, гіст. мінулага Беларусі, філас. асэнсаванне жыцця і чалавека наогул, бел. мужыка, інтэлігента — выхадца з нар. нізоў, у прыватнасці, увасоблены ў яго творчасці ў непаўторныя жанрава-стылявыя формы, што сталі класічнымі асновамі бел. лірыкі, эпасу, драматургіі і публіцыстыкі.
К. — паэт-рамантык. Ён сцвердзіў рамант. тып нац. лірыкі, у якой драм. напружанне, інтэнсіўнасць перажыванняў выяўляюцца ў маштабных, раскавана-асацыятыўных вобразах. Непаўторнае хараство ім надае арганічнае зліццё лірызму і рамант. незвычайнасці светаўспрымання з традыцыямі фальклору — вобразамі, матывамі, паэтыкай бел.нар. песні, з міфалагічнымі ўяўленнямі, архетыпамі, каларытам бел. легендаў, паданняў і казак. Ранняя лірыка К. эвалюцыяніравала ад тэм і матываў пераважна сялянскіх да паглыбленага выяўлення асобы паэта (зб-кі «Гусляр», 1910, «Шляхам жыцця», 1913). Адкрыццё вобраза бел. мужыка станавілася ў паэта адкрыццём беларусаў як народа. З працэсам пазнання бел. народа звязана ў К. цікавасць да духоўных першаасноў нар. жыцця — пошукаў свабоды, шчасця, справядлівасці, ідэалаў дабра і прыгажосці, што з асаблівай маст. сілай выявілася ў лірыцы 1910—13. Яе герой свабодалюбівы, самаахвярны і актыўны ў барацьбе за свае ідэалы. Аснова гіст. аптымізму паэта — вера ў творчыя сілы народа, любоў да Бацькаўшчыны. К. ўзвысіўся як выразнік нар.-дэмакр. ідэй, пясняр маладой Беларусі, як лідэр бел. адраджэння пач. 20 ст. Глыбокі патрыятызм паэта раскрыўся ў гімнавых вершах пра «сакаліную сям’ю» сыноў і дачок маладой Беларусі, у пейзажах роднай зямлі, творах на гіст. тэматыку («На дзяды», «На куццю»), у вершах грамадзянска-пафасных («Блізкім і далёкім», «Цару неба і зямлі», «Паязджане», «Свайму народу», «І прыйдзе»). Разам з тым К. аддаў пэўную даніну ідэям рэв. абнаўлення рэчаіснасці, звязваючы ідэалы нац. адраджэння з радыкальна-рэв. пераўтварэннямі. Лютаўская рэвалюцыя, кастр. падзеі 1917, грамадз. вайна нарадзілі матывы асуджэння дыктатуры, класавай нянавісці, антыгуманізму. Вострыя праблемы бел. рэчаіснасці ён адлюстраваў у публіцыстыцы 1919—20.
З 2-й пал. 1920-х г. К. трапіў пад рэзкую крытыку вульгарных сацыёлагаў, якія абвінавачвалі яго ў т.зв. нацдэмаўшчыне, ідэалізацыі мінулага. У гэты перыяд удачы ў асэнсаванні рэчаіснасці ў паэта рэдкія, паэтычная актыўнасць яго рэзка зменшылася і ажывілася толькі ў сярэдзіне 1930-х г. (ляўкоўскі цыкл і інш.). У цэлым яго паэтычны геній выразна праяўляўся ў біяграфічных і пейзажных («За ўсё», «Сонцу», «Сосны», «Шоў я пушчаю...»), а таксама некаторых дзіцячых вершах. Эпас К. эвалюцыяніраваў ад апавядальна-бытавога да ўзнёсла рамантычнага і лірызаванага, ад сюжэтнага да фрагментарна-лірычнага і рэпартажнага. У ранніх (1906—08) паэмах схільнасць да рамантычна яркіх, выключных герояў і сітуацый («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання»). Паэма-трагедыя «Адвечная песня» (1908, апубл. 1910) — апафеоз мужычай празе шчасця на зямлі. Класічнымі сталі яго фалькл.-рамантычныя паэмы «Курган» (1910, апубл. 1912), прасякнуты ідэяй неўміручасці нар. мастацтва, «Бандароўна» (1913) — эпічная песня аб героіцы нар. змагання супраць прыгнятальнікаў, «Яна і я» (1913, апубл. 1920) — творчае развіццё на нац. глебе гесіёдаўскага і гётаўскага эпасу, паэтызацыя ідэалізаванага ўяўлення селяніна-працаўніка пра шчаслівае жыццё, якое нараджае вольная праца, духоўная еднасць, каханне. Праблема ўзаемаадносін выключнай асобы і народа ставіцца ў паэме «Магіла льва» (1913, апубл. 1920). Драматызаванымі паэмамі К. аддаў даніну сімвалізму і неарамантызму. У «Адвечнай песні» ён стварыў сімвалічны вобраз мужыка, цураючыся індывідуалізацыі героя. Лёс яго раскрываў праз паэтызацыю жыццёвых абставін-праяў, манументалізуючы вобраз гал. героя, абсалютызуючы яго бязмерную прагу да лепшай долі, ягонае адмаўленне нядольнага зямнога лёсу. Паэма «Сон на кургане» (1910, апубл. 1912) таксама пра лёс бел. мужыка, але ўжо ў перыяд рэакцыі. Герой паэмы Сам — не персанаж-характар, а фантасмагарычны шукальнік выйсця з гаротнага стану. Умоўныя абставіны, што сняцца яму на кургане, чаргуюцца з рэальнымі сцэнамі на пажарышчы і ў карчме. Варожыя Саму сілы ўвасоблены ў вобразах відмаў і ў рэальных нячысціках. Сам — вобраз трагічны: гіне яго маці, а бацька аказваецца жандарам. Паэма была раскрыццём складаных жыццёвых лёсаў бел.нар. інтэлігенцыі. Паэма «Безназоўнае» (1924), якую крытыка падавала як услаўленне рэвалюцыі, фактычна была спробай выявіць ідэал нац.дзярж. будаўніцтва Беларусі. Паэма «Над ракою Арэсай» (1933), якую вульгарна-сацыялагічная крытыка захвальвала, — не з’яўляецца фактам эстэт. ўзбагачэння, але сведчыць пра адносіны паэта да тагачаснай рэчаіснасці. Паэма «Тарасова доля» (1939) — паэтызацыя жыццёвага лёсу Т.Шаўчэнкі. К. паспяхова вырашаў задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы. У камедыі нораваў «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён высмейвае дамастроеўскія асновы жыцця засцянковай шляхты. Блізкім да камедыі нораваў з’яўляецца і сцэнічны жарг «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» (1913, паст. 1917, апубл. 1919) раскрыты цяжкі лёс бел. абеззямеленага сялянства парэформеннага саракагоддзя, пошукі ім шляхоў да лепшай будучыні. Трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922, апубл. 1924, паст. 1926, 1990) — вяршыня сатыр. камедыяграфіі К. У ёй з незвычайным пафасам упершыню аглядаліся актуальна-паліт. праблемы ўзаемаадносін усх. і зах. суседзяў Беларусі ў іх дачыненнях да бел. адраджэння. Калі ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» ярка выявіліся ілюзіі і спадзяванні на рэвалюцыю, то ў «Тутэйшых» гэтыя надзеі развейваюцца, даецца горкая ява паслярэв. рэальнасці, высмейваецца вялікадзярж. шавінізм, варожы бел. адраджэнню. Публіцыстыка К. ўзнімала пытанні паляпшэння сац. становішча нар. мас Беларусі, спрыяла абуджэнню іх нац. самаўсведамлення; «Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры» (1910), «Адбудова Беларусі», «Беларускі сцяг уваскрос!», «Незалежнасць» (1919), «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год», «Справа беларускага нацыянальнага гімна», «Прамова на 15-годдзі літаратурнай працы» (усе 1920). Пераклаў на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым», польскія тэксты ў «Сялянцы» і «Залётах» В.Дуніна-Марцінкевіча, лібрэта оперы «Галька» С.Манюшкі, паэму «Медны коннік» А.Пушкіна, паэмы і вершы Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, М.Някрасава, А.Кальцова, П.Панча і інш. Творчасць К. вывучае купалазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Яго п’есы ставіліся ў шматлікіх тэатрах. П’есы К. «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», паэма «Магіла льва» экранізаваны. Паводле яго твораў створаны оперы Р.Пукста «Машэка», М.Чуркіна «Раскіданае гняздо», опера-прытча У.Мулявіна «Песня пра долю», балеты Я.Глебава «Выбранніца», «Курган», муз. камедыя Ю.Семянякі «Паўлінка», сімфоніі, вак.-сімфанічныя паэмы і інш. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя К., з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя К. (за творы паэзіі і драматургіі). Імем паэта, названы Ін-т л-ры Нац.АН Беларусі, Нац.акад. тэатр у Мінску, Гродзенскі ун-т, пасёлак у Глускім, вёска ў Пухавіцкім р-нах, бібліятэкі, школы, вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Купалы Янкі літаратурны музей у Мінску (з філіяламі), Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Помнікі К. пастаўлены ў Радашковічах, Мінску, Акопах, Вязынцы, Ляўках, Араў-парку ў Нью-Йорку. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд Я.Купалы.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1925—32;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1952—54;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1961—63;
Зб.тв.Т. 1—7. Мн., 1972—76;
Поўны зб.тв.: У 9 т.Т. 1—5. Мн.,1995—99;
Спадчына. Нью-Ёрк;
Мюнхен, 1955;
Публіцыстыка. Мн., 1972;
Жыве Беларусь! Мн., 1993.
Літ.:
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;
Мазалькоў Я. Янка Купала. Мн., 1951;
Івашын В. Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг.Мн., 1953;
Янка Купала ў беларускім мастацтве. Мн., 1958;
Ярош М. Драматургія Янкі Купалы. Мн., 1959;
Яго ж. Янка Купала і беларуская паэзія. Мн., 1971;
Яго ж. Пясняр роднай зямлі. Мн., 1982;
Яго ж. Янка Купала і Якуб Колас. Мн., 1988;
Любімы паэт беларускага народа. Мн., 1960;
Народны паэт Беларусі. Мн., 1962;
Бярозкін Р. Свет Купалы. Мн., 1965;
Макарэвіч А. Ад песень і думак народных. Мн., 1965;
Яго ж. Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы. Мн., 1969;
Шарахоўскі Я. Пясняр народных дум. Мн., 1970;
Яго ж. Пясняр народных дум: Нарыс жыцця і дзейнасці Я.Купалы: Савецкі перыяд.Мн., 1976;
Гульман Р. Тэксталогія твораў Янкі Купалы. Мн., 1971;
Есакоў А. Янка Купала і беларускае мастацтва. Мн., 1972;
Яго ж. Янка Купала і беларускі тэатр.Мн., 1972;
Каханоўскі Г. На запаветнай зямлі. Мн., 1974;
Такі ён быў. Мн., 1975;
Гаробчанка Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. Мн., 1976;
Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981;
Яго ж. Вяршыні. Мн., 1991;
Пуцявінамі Янкі Купалы. Мн., 1981;
Купалава і Коласава слова. Мн., 1981;
Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Лужанін М. Сустрэчы. Мн., 1982;
Успаміны пра Янку Купалу. Мн., 1982;
Навуменка І. Янка Купала. 2 выд.Мн., 1980;
Неўміручая спадчына. Мн., 1983;
Разам з народам. Мн., 1983;
Гапава В. Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы. Мн., 1983;
Палітыка Дз. Янка Купала — перакладчык. Мн., 1986;
Багдановіч І. Янка Купала і рамантызм. Мн., 1989;
«Па сонца, па долю». Брэст, 1992;
Няхай М. Сустрэчы з Прыдняпроўем: (Янка Купала і Якуб Колас на Магілёўшчыне). Мн., 1992;
Калеснік У. Тварэнне легенды. Мн., 1987;
Купалаўскія чытанні. Мн., 1991;
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;
Лойка А. Як агонь, як вада... // Лойка А. Выбр.тв.Мн., 1992. Т. 1;
Уладар народных дум і песень. Віцебск, 1992;
Янка Купала — дзецям. Мн., 1992;
Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі. Мн., 1993;
Васючэнка П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы. Мн., 1994;
Гніламёдаў У. Янка Купала: Новы погляд. Мн., 1995;
Спадчына Янкі Купалы і яго музей у сучасным асэнсаванні. Мн., 1996;
Янка Купала і «Наша ніва». Мн., 1997;
Янка Купала — публіцыст. Мн., 1998;
Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;
Янка Купала: Энцыкл.давед.Мн., 1986;
Слоўнік мовы Янкі Купалы: У 8 т.Т. 1—2. Мн., 1997—99;
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр.Мн., 1980;
Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння;
Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;
Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Нью-Ёрк, 1985;
Беларускія пісьменнікі. Т. 3. Мн., 1994.
А.А.Лойка, І.У.Саламевіч.
Янка Купала. Партрэт работы мастака І.Ахрэмчыка. 1945.Я.Купала сярод удзельнікаў пленума цэнтральнага бюро Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». 1925.Я.Купала са студэнтамі-беларусамі. Пецярбург. 1910.Янка Купала і Якуб Колас гуляюць у шахматы. Карціна З.Паўлоўскага. 1945.Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Помнік Я Купалу ў Араў-парку (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕФІ́ЛЬМ, тэлевізійны фільм,
ігравы, дакумент. ці дакумент.-ігравы фільм, створаны для паказу па тэлебачанні ці прагляду на відэакасетах. У яго маст. структуры сінтэзуюцца вобразная мова кіно (план, ракурс, кампазіцыя, мантаж) і тэлебачання (павялічанае значэнне буйных планаў, працяглае развіццё дзеяння, цыклічныя, серыйныя формы, спалучэнне з кантэкстам тэлепраграм). У 1960-я г. здымаўся на кінастужцы, з 1970-х г. — на відэастужцы, што пашырыла вобразныя магчымасці мовы экрана дзякуючы відэатэхніцы. На Беларусі выпуск Т. пачаўся з 1964 у аб’яднанні «Тэлефільм» Рэсп. студыі тэлебачання, з 1968 — у аб’яднанні «Тэлефільм» кінастудыі «Беларусьфільм», з 1989 — у Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Белвідэацэнтр» Мін-ва культуры Беларусі.
У 1960-я г. пераважалі камерныя псіхал. фільмы з лакальнымі сюжэтамі: «Зімовы дуб» (рэж. М.Кожын), «Снежны конь» (рэж. Ю.Дубровін, абодва 1963), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (рэж. В.Рубінчык), «Бераг прынцэсы Люські» (рэж. В.Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (рэж. В.Рыбараў, усе 1969). На «Тэлефільме» тэлекіно грунтавалася на традыцыях нац. л-ры, кола аўтараў склалі бел. пісьменнікі: У.Караткевіч («Камлючок», 1967, рэж. М.Калінін), І.Сяркоў («Мы — хлопцы жывучыя», 1974, рэж. У.Станкевіч), І.Пташнікаў («Родам адсюль», 1969, рэж. У.Арлоў; «Тартак», 1974, рэж. В.Карпілаў), А.Кудравец («Восеньскія яблыкі», 1975, рэж. У.Унукаў), В.Карамазаў («Зялёныя фрэгаты», 1976, рэж. Я.Шабан), А.Вялюгін («Рэха ў пушчы», 1977, рэж. Дз.Ніжнікоўская), А.Дудараў («Кола», 1977; «Бусляня», 1980; «Купальская ноч», 1982, рэж. усіх В.Басаў; «Суседзі», 1979, рэж. В.Панамароў), Я.Сіпакоў («Госць», 1979, рэж. Басаў), А.Жук («Паляванне на Апошняга Жураўля», 1980, рэж. В.Анісенка), Шабан («Варыянты», 1981, рэж. Басаў; «Дзень на лясным возеры», 1983, рэж. І.Калоўскі), Г.Марчук («Вясковы эрудыт», 1985, рэж. У.Траццякоў), В.Іпатава («Памяць па сходнай цане», 1985, рэж. Басаў). Экранізаваліся творы бел. класікаў: Я.Купалы — маст. Т. «Па шчасце, па сонца» (1971, рэж. В.Раеўскі), «Пасля кірмашу» (1972, рэж. Ю.Цвяткоў), «Гусляр» (рэж. Б.Бахціяраў), «На куццю» (рэж. Н.Арцімовіч), дакументальныя «Паклон мой народу за песні» (рэж. Калоўскі, усе 1982), «Ніколі я не паміраў» (1992) і «Імша на Купалу» (1993, рэж. абодвух У.Бокун), «Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка» (1998, рэж. М Якжэн), «Янка Купала» (2002, рэж. С.Гайдук); Я.Коласа — маст. «І смех, і бяда» (1973, рэж. Шабан), «Сымон-музыка» (1978) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух Траццякоў); І.Мележа — Т. і тэлесерыял «Людзі на балоце» (адпаведна 1965, рэж. А.Гутковіч; 1984, рэж. В.Тураў); У.Караткевіча — «Званы Віцебска» (1974, рэж. В.Мазынскі), «Ладдзя Роспачы» (1982, рэж. Л.Тарасава), «Чорны замак Альшанскі» (1984, рэж. М.Пташук). У Т. знаходзяць сваё ўвасабленне і творы пісьменнікаў рус.: І.Тургенева («Жыццё і смерць двараніна Чартапханава», 1972, рэж. Тураў; «Гамлет Шчыгроўскага павета», 1975, рэж. Рубінчык; «Зацішша», 1981, рэж. В.Чацверыкоў; «Бацькі і дзеці», 1984, рэж. Нікіфараў), А.Пушкіна («Дуброўскі», 1988, рэж. Нікіфараў), Ф.Дастаеўскага («Вечны муж», 1990, рэж. Я.Маркоўскі), І.Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.Талкачыкаў); польскіх: паводле Э.Ажэшкі («Хам», 1991, рэж. Дз.Зайцаў), С.Жаромскага («Пракляты ўтульны дом». 1998, рэж. Арлоў); амерыканскіх: Дж.Лондана («Час-Не-Чакае», 1975, рэж. Чацверыкоў), Р.Уорэна («Уся каралеўская раць», 1971, рэж. Ю.Дубровін). У 1970-я г. пачаўся выпуск серыялаў пераважна на гіст., гіст.-рэв. і ваен. тэматыку, часта са спалучэннем хронікі і маст. вобразаў (дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі», 1968, рэж. І.Рудамётаў, В.Карпілаў, І.Вейняровіч, А.Ястрабаў; маст. «Дзяржаўная граніца», 1980—87, рэж. Б.Сцяпанаў, Нікіфараў). У дакументальна-маст. серыяле В.Шавялевіча ў кантэксце гісторыі слав. народаў разглядаецца мінулае і сучаснасць Беларусі, абнаўляецца паэтыка-метафарычная мова кіно: «Па дарогах «Слова аб’ палку Ігаравым» (1986), дылогіі «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90) і «Прыйдзі і віждзь» (1992); «Пастка для зубра» (1995) і «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000). Падзеям Вял.Айч. вайны прысвечаны серыялы «Белая зямля» (1970), «Доўгія вёрсты вайны» (паводле В.Быкава, 1975, рэж. абодвух Карпаў), «Руіны страляюць» (1972, рэж. Чацверыкоў), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Пікман), «Нас выбраў час» (1976—78, рэж. Пташук). Асабістая трагедыя чалавека ў час вайны адлюстравана ў маст. Т. «Фруза» (паводле Быкава, 1981, рэж. Нікіфараў), «Сведка» (паводле В.Казько, 1985, рэж. Рыбараў) Галерэю партрэтаў удзельнікаў вайны стварылі рэжысёры-дакументалісты Басаў («Імгненні Перамогі», «Салдаты Перамогі», абодва 1975; «Дзякуй, салдат», 1984; «Курган», 1995), В.Жыгалка («Дзеці Брэсцкай крэпасці», «Ім не было і 16», абодва 1978; тэлесерыял «Пасля Перамогі», 1994, «Апошні з групы «Джэк», 2000), Т.Вашчанка («Адзін з многіх», 2000).
Т. выконвае рэпрадукцыйную функцыю, стварае экранны летапіс маст. культуры. Багацце і самабытнасць бел.нар. творчасці адлюстраваны ў дакумент. фільмах В.Каралёва («Палескі карагод», 1991; «Беларускі вясельны каравай», 1993; «Штукар Ямеля з Хальчы», 1996), Ю.Лысятава («Галасы зямлі маёй», 1994; «Дудка», «Труба і рог», абодва 1995), Ю.Гарулёва («Грай, скрыпка, грай», 1994), В.Купрыянава («На крылах фальклору Палесся», 1990; «Калядны сувенір», «Народныя майстры», абодва 1994), А.Суханавай («Іосіф і яго брат Пётр», 1994; «Бубен і барабан», 1997), Гайдука («Неглюбскі лістапад», 1994; «Масленіца», «Рассыпушка», абодва 1995), А.Шклярэўскага («Карагод», 1995; «Эй, гуляю я», 1996), І.Волах «Калядныя цары», 1997), Р.Грыцковай («Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава», 1998). Створаны цыклы дакумент.біягр. Т.-партрэтаў дзеячаў бел. мастацтва: выяўл. — «Мастак Арлен Кашкурэвіч» (1976, рэж. С.Адаменка), «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.Гедравічус), «Фантазіі Драздовіча» (1997, рэж. С.Агеенка), «А.А.Анікейчык» (2000, рэж. Ю.Войніч); муз. — «Песні Ігара Лучанка» (1972), «Харошкі» (1978, рэж. абодвух Басаў), «Урыўкі з ненапісанага. Я.Глебаў» (рэж. Арлоў), «Анісімаў» (рэж. В.Шышоў, абодва 1999); тэатральнага і юнамастацтва — «Купалаўцы» (1968, рэж. А.Колас), «Кінарэжысёр Віктар Тураў» (1995, рэж Цвяткоў), «Паўлінка» (1997, рэж. Шышоў) і інш. У экранны фонд увайшлі і Т.-спектаклі драм. і муз. т-раў (гл. ў арт.Тэлевізійны тэатр). Для дзяцей створаны прыгодніцкія серыялы («Корцік», 1973, «Бронзавая птушка», 1974, рэж. абодвух Калінін; «Апошняе лета дзяцінства». 1974, рэж. Рубінчык), фільмы-казкі («Гора баяцца — шчасця не бачыць», рэж. Тураў; «Пастух Янка», рэж. Цвяткоў, абодва 1973), тэлемюзіклы («Прыгоды ў горадзе, якога няма», 1974, «Прыгоды Бураціна», 1975, «Пра Чырвоную Ша пачку», 1977, «Прададзены смех», 1981, «Казка пра Зорнага хлопчыка», 1983, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Пітэр Пэн», 1987, рэж. усіх Л.Нячаеў). У 1990-я г. ў Т. дамінуе экалагічная праблематыка маст. фільм «Бліскавіцы» (1990, рэж. Траццякоў), дакумент. цыклы «Бярэзінскі запаведнік» (1994, рэж. Гедравічус), «Нараўлянскія эцюды» (1996, рэж. Басаў), «Чырвоная кніга. Фауна і флора Беларусі» (2000, рэж. І.Бышнеў) і інш. На мяжы 20—21 ст. у тэлекіно ўваходзіць хрысц. тэматыка: «Уладыка» (1993), «Полацкая Сафія» (1995), «Пад крыламі Ефрасінні» (1996), «Дабро стварай» (1998, рэж. усіх Шавялевіч), «Святыні зямлі беларускай» (2000, рэж. Каралёў) і інш.
В.Ф.Нячай.
Кадр з тэлефільма «Прыгоды Бураціна». 1975.Кадр з тэлефільма «Дзяржаўная граніца» (фільм 2-і) 1981.Кадр з тэлефільма «Хам». 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПЕРА (італьян. opera літар. твор ад лац. opera праца, выраб, твор),
род музычна-драм. твора, прызначанага для сцэн. выканання. Тэкст О. поўнасцю або часткова спяваецца звычайна ў суправаджэнні аркестра. Спалучае ў адзіным тэатр. дзеянні вак. (сола, ансамбль, хор) і інстр. (сімф. музыку, драматургію, выяўл. мастацтва (дэкарацыі, касцюмы, сцэнаграфія), нярэдка харэаграфію і інш. У адпаведнасці з ідэяй твора, характарам сюжэта і лібрэта ў О. ўвасабляюцца розныя формы музыкі — нумары сольных спеваў (арыя, арыёза, песня, маналог), рэчытатывы, ансамблі (дуэты, тэрцэты, квартэты) з вял. фіналамі, часта з хорам, хар. сцэны, танцы, аркестравыя нумары (уверцюра, антракты, інтэрмедыі і інш.). У некат. О., пераважна камедыйных, замест рэчытатыву выкарыстоўваюць размоўны дыялог, часам меладраму. Важнейшы элемент О. — спевы, якія перадаюць багатую гаму чалавечых пачуццяў і перажыванняў у найтанчэйшых адценнях. Выразную сэнсавую і важную кампазіцыйную функцыю выконвае лейтматыў. Строй вак. інтанацый раскрывае індывід.псіхал. стан кожнай дзейнай асобы, перадае асаблівасці яе характару і тэмпераменту. З сутыкнення розных інтанац. комплексаў, адносіны паміж якімі адпавядаюць расстаноўцы сіл драм. дзеяння, нараджаецца «інтанацыйная драматургія» О. як муз.-драм. цэлага (гл.Драматургія музычная). Для абмалёўкі фону дзеяння, стварэння нац. і мясц. каларыту, характарыстыкі дзейных асоб у О. служаць розныя жанры бытавой музыкі — песня, танец, марш. Шырока выкарыстоўваюць у О. прыём «абагульнення праз жанр», калі песня і танец становяцца сродкам рэаліст. тыпізацыі вобраза, выяўлення агульнага ў асобным і індывідуальным. Аркестр сумяшчае розныя планы: падтрымлівае вак. партыі і акцэнтуе найб. важныя моманты дзеяння, стварае кантрапункты да таго, што адбываецца на сцэне. Самаст.арк. нумары ўводзяць слухачоў у эмац. атмасферу твора, раскрываюць у агульным выглядзе асн. драматургічны канфлікт, падсумоўваюць папярэдняе развіццё або адыгрываюць карцінна-выяўл. ролю. Хор стварае бытавы фон дзеяння, выступае своеасаблівым каментатарам падзей ці ўвасабляе калект. вобраз народа. Суадносіны розных элементаў О. як адзінага маст. цэлага вар’іруюцца ў залежнасці ад агульных эстэт. тэндэнцый эпохі, маст. кірунку, канкрэтных творчых задач кампазітара. Існуюць О. з перавагай вакалу, дзе аркестру адведзена ўскосная, падпарадкаваная роля. Ён жа можа выступаць гал. носьбітам драм. дзеяння і дамінаваць над вак. партыямі. Бываюць О., пабудаваныя на чаргаванні закончаных або адносна закончаных вак. форм (арыя, арыёза, каваціна, ансамблі, хары), і пераважна рэчытатыўнага складу, дзеянне якіх развіваецца бесперапынна, без расчлянення на асобныя нумары, О. з перавагай сольнага пачатку і О. з развітымі ансамблямі і харамі. Пры ўсёй сваёй складанасці О. — найб. масавы, дэмакр. жанр па вял. сіле эмац. ўздзеяння, апоры на бытавыя жанры, адлюстраванні ў больш ці менш непасрэднай форме надзённых сац. праблем.
Жанр О. паявіўся ў канцы 16 ст. ў Італіі. Яго вытокі ў нар. абрадах і ігрышчах (напр., у бел. вясельным, купальскім, калядным абрадах). У працэсе гіст. развіцця склаліся шматлікія нац., жанравыя, стыліст. разнавіднасці: італьян. О.-seria і О.-buffa, франц. лірычная трагедыя, камічная О., опера «выратавання», вял. О., лірычная О. і інш.Найб. значныя зах.-еўрап. і амер. оперныя кампазітары К.Мантэвердзі, А.Скарлаці, Дж.Б.Пергалезі, Дж.Расіні, В.Беліні, Г.Даніцэці, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні (Італія), Ж.Б.Люлі, Ж.Ф.Рамо, А.Грэтры, Л.Керубіні, Дж.Меербер, Ш.Гуно, Ж.Бізэ (Францыя), К.М.Вебер, Р.Вагнер, Р.Штраус (Германія), К.В.Глюк, В.А.Моцарт (Аўстрыя), С.Манюшка (Польшча), Б.Сметана, А.Дворжак, Л.Яначак (Чэхаславакія), Г.Пёрсел, Б.Брытэн (Англія), Дж.Гершвін, А.Копленд, Дж.К.Меноці, Д.Мур (ЗША). Значны этап у развіцці сусв. опернай культуры — рус. класічная О., якая садзейнічала стварэнню новых тыпаў опернай драматургіі, новых герояў, найперш вобраз народа. Характар рус. опернай класікі абумовілі творы яе заснавальніка М.Глінкі (героіка-патрыят. О. «Іван Сусанін» і казачна-эпічная «Руслан і Людміла»), а таксама А.Барадзіна, А.Даргамыжскага, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага і інш.Шматнац. опернае мастацтва СССР прадстаўлена операмі Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева, І.Дзяржынскага, Дз.Кабалеўскага, Ц.Хрэннікава, Ю.Шапорына, С.Сланімскага, А.Холмінава, А.Пятрова, В.Шабаліна, Э.Дзянісава, А.Шнітке, М.Лысенкі, Б.Ляташынскага, Ю.Мейтуса, В.Губарэнкі, Г.Майбарады, З.Паліяшвілі, А.М.М.Магамаева. М.Баланчывадзе, А.Тактакішвілі, А.Спецдыярава, У.Гаджыбекава, Ф.Амірава, Я.Брусілоўскага, Н.Жыганава, С.Бабаева, С.Юдакова, Ш.Сайфіддзінава, Ш.Чалаева і інш.
На Беларусі ў прыватнаўласніцкіх гарадах, замках, буйных сядзібах існавалі оперныя трупы (гл.Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча), дзе працавалі таленавітыя бел. прыгонныя спевакі, якія пазней атрымалі вядомасць на прафес. сцэнах (у т. л. М.Сітанская і інш.). Пачатак бел. О. звязаны з творчасцю Я.Д.Голанда («Агатка, або Прыезд пана», паст. ў 1784 у Нясвіжы, на Бел. радыё ў 1994) і Р.Вардоцкага («Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», 1789, паст. Беларускай капэлай у 1990 у арк.рэд. Дз.Смольскага) і асабліва з дзейнасцю С.Манюшкі [найб. вядомыя «Сялянка» («Ідылія»), паст. ў Мінску ў 1852; «Галька», паст. ў Мінску ў 1856, у Дзярж. т-ры оперы і балета ў 1975; «Страшны двор», паст. 1865, у Дзярж. т-ры оперы і балета ўпершыню ў СССР — у 1952], У 1920-я г. створаны О. «Вызваленне працы» М.Чуркіна і «Тарас на Парнасе» М.Аладава. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) і яе пастаноўкі сталі асновай для стварэння Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь). О. «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1939, Дзярж. прэмія СССР 1941), «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940) мелі важнае значэнне ў станаўленні опернага жанру ў бел. музыцы. У гады Вял.Айч. вайны створаны О. «Лясное возера» і «Усяслаў Чарадзей» М.Шчаглова (1943), «Алеся» Цікоцкага (паст. 1944, перапрацаваны варыянт «Дзяўчына з Палесся» паст. ў 1953). У 1940—50-я г. напісаны О. «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (паст. 1947), «Надзея Дурава» Багатырова (паст. 1956), «Андрэй Касценя» Аладава (паст. 1970), дзіцячая О. «Марынка» Р.Пукста (паст. 1955), «Яснае світанне» Туранкова (паст. 1958). 1960—80-я г. — перыяд жанравага ўзбагачэння бел. опернага мастацтва. Створаны О. «Калючая ружа» (паст. 1960), «Калі ападае лісце» (паст. 1968) і «Зорка Венера» (паст. 1970) Ю.Семянякі, «Джардана Бруна» С.Картэса (паст. 1977), «Сівая легенда» Смольскага (паст. 1978, Дзярж. прэмія Беларусі 1980), «Сцежкаю жыцця» (паст. 1980) і тэлеопера «Ранак» (паст. 1967) Г.Вагнера, радыёопера «Барвовы золак» К.Цесакова (паст. 1979). У 1980—90-я г. створаны нац. О. «Новая зямля» Семянякі (паст. 1982), «Матухна Кураж» (1980) і «Візіт дамы» (паст. 1995) Картэса, «Францыск Скарына» Смольскага (1982), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (паст. 1980, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (паст. 1992), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (паст. 1992, Дзярж. прэмія Беларусі 1994), дзіцячая «Вясновая песня» В.Войціка (паст. 1993). У 2000 у выкананні Бел. капэлы і Дзярж.акад. харавой капэлы імя Р.Шырмы на сцэне Нац.акад. тэатра оперы ўпершыню на Беларусі ў канцэртна-сцэн. варыянце пастаўлена опера А.Г.Радзівіла «Фауст» (лібр. І.В.Гётэ, прэм’ера 1835, Берлін).
Літ.:
Асафьев Б.В. Симфонические этюды. Л., 1970;
Друскин М.С. Вопросы музыкальной драматургии оперы. Л., 1952;
Хохловкина А.А. Западноевропейская опера. Конец XVIII — первая половина XIX в. М., 1962;
Ярустовский Б.М. Драматургия русской оперной классики. М., 1953;
Яго ж. Очерки по драматургии оперы XX в. Кн. 1—2. М., 1971—78;
Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;
Яе ж. Вопросы драматургии оперы. Мн., 1979;
Яе ж. Композиция оперы. Мн., 1983;
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;
Глущенко Г.С. Белорусская опера 1960—1985 г.: Состояние и основные тенденции развития // Вопр. культуры и искусства Белоруссии. 1990. Вып. 9.
Г.Р.Куляшова.
Сцэна з оперы «Аіда» Дж.Вердзі Рымскі амфітэатр у Вероне (Італія).Сцэна з оперы «Іван Сусанін» М.Глінкі ў пастаноўцы Вялікага тэатра ў Маскве.Сцэна з оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТР У 1920—80-я гады.
Адметная асаблівасць пач. 1920-х г. — арганізацыя дзярж. тэатраў. 14.9.1920 спектаклем «Рысь» паводле апавядання Э.Ажэшкі адкрыўся Бел.дзярж. тэатр, якому ў 1926 нададзена найменне Першага (БДТ-1). 17.9.1920 калектыў паказаў другі спектакль — «Паўлінку» Я.Купалы. Тэатр стаў наследнікам Першага таварыства бел. драмы і камедыі. Яго арганізатарам і кіраўніком стаў Ф.Ждановіч, большасць акцёраў перайшла ў нанова пераўтвораны калектыў. На сцэну былога Мінскага гар. тэатра перанесена ў дапрацаваным выглядзе большасць спектакляў Першага таварыства. У канцы 1921 калектыў узначаліў Е.Міровіч. Тэатр папоўніўся маладымі акцёрамі, з якімі вялася вучэбна-студыйная праца. У калектыў прыйшлі В.Галіна, Г.Глебаў, У.Крыловіч, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі, якія разам з Г.Грыгонісам, І.Ждановіч, Л.Ржэцкай і інш. склалі выдатнае першае пакаленне тэатра, выхаванае Е.Міровічам. Сярод яго найб. значных пастановак: «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода», «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (усе п’есы Е.Міровіча), «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Р.Кобеца. Асабліва вылучыўся акцёр магутнага драм. тэмпераменту У.Крыловіч, які выконваў цэнтр. ролі. Тэатр у 1920-я г. прайшоў складаны шлях развіцця: ад жыццёвага праўдападабенства, побытавага рэалізму (пастаноўкі Ф.Ждановіча), праз канструктывізм («Мешчанін у дваранах» Мальера, «Перамога» Е.Міровіча) і рамантычна-ўзнёслую плынь да паглыбленага псіхалагізму (пастаноўкі Е.Міровіча).
10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» У.Галубка пачала працу Трупа беларускіх артыстаў пад загадам У.Галубка, якая з 1924 называлася Другая бел.дзярж. трупа, з 1926 — Бел.дзярж. вандроўны тэатр, з 1932 — Трэці бел.дзярж. тэатр (БДТ-3). Напачатку акцёрамі ў ім працавалі члены сям’і У.Галубка: жонка Ядвіга Аляксандраўна, дочкі Багуся, Міла і Люся; бел. пісьменнікі І.Барашка, А.Дудар, В.Сташэўскі, М.Чарот і інш. Пазней у калектыў прыйшлі С.Бірыла, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш., якія набылі шырокую вядомасць і прызнанне. Тэатр наследаваў традыцыі бел.фалькл.сцэн. мастацтва. У рэпертуары пераважалі меладрамы — спектаклі моцных страсцей, адкрытага, бурнага ўсплёску акцёрскага тэмпераменту, яркіх сцэн. фарбаў і эфектаў, і камедыі з узбуйненым і падкрэсленым камізмам, фарсавасцю плошчавага характару. У.Галубок пісаў п’есы спецыяльна для тэатра, ставіў і афармляў іх, а таксама выконваў адказныя ролі. Сярод яго спектакляў меладрамы «Праменьчык шчасця» («Госць з катаргі»), «Бязвінная кроў», «Акрываўлены падатак» («Белы вянок»), «Ганка» («Ні тая, ні другая»), «Апошняе спатканне», «Пан Сурынта»; камедыі «Пісаравы імяніны» («Залёты дзяка»), «Жаніхі» («Марцовыя кавалеры»), «Культурная цешча», «Ветрагоны» («Дваяжэнцы»), Сярод пастановак У.Галубка твораў інш. аўтараў «Паўлінка» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Птушка шчасця», «Чорт і Баба», «Манька», «Цені», «Страхі жыцця» і «Калісь» Ф.Аляхновіча, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча. Напачатку тэатр абслугоўваў рабочыя ўскраіны Мінска, а потым гарады, мястэчкі, вёскі ўсёй Беларусі. Вёў вялікую культ.-асветную працу. Спектаклі, разлічаныя на нар. масы, карысталіся вялікай папулярнасцю і любоўю: У.Галубок стаў першым нар. артыстам Беларусі (1928).
З выпускнікоў Бел.драм. студыі ў Маскве (1921—26, маст. кіраўнік В.Смышляеў) быў створаны ў Віцебску Другі бел.дзярж. тэатр (адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.Бэна). У яго рэпертуар увайшлі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «Вакханкі» Эўрыпіда, «Вечар студыйных пастановак» («Гавань» паводле Г. дэ Мапасана, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля і «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Спектаклі вызначаліся эксперыментальнасцю, эстэт. вытанчанасцю, тэатр. кідкасцю. Але гэта ў той час не было належным чынам ацэнена, калектыў крытыкавалі за адрыў ад жыцця і скіроўвалі яго на ўвасабленне твораў на сучасную і героіка-рэв. тэматыку. З найб. прыкметных спектакляў пра рэв. мінулае «Каля тэрасы» М.Грамыкі і «Разлом» Б.Лаўранёва.
У 1920-я г. створаны шэраг тэатраў. У агітацыйным кірунку працавалі тэатры рэв. сатыры ў Віцебску (1919—20) і Мінску (1921—22). У 1-й пал. 1920-х г. выступалі паказальныя армейскія тэатры. У 1926 у Мінску з яўр. аддзялення Бел.драм. студыі ў Маскве створаны Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР (маст. кіраўнік М.Рафальскі), які ўвайшоў у лік вядучых калектываў Беларусі. У 1928 пачаў дзейнасць у Бабруйску, з 1935 пераведзены ў Магілёў Дзярж. рускі тэатр БССР (маст. кіраўнік У.Кумельскі, з 1939 Дз.Арлоў). У 1929—36 працаваў Польскі дзярж. вандроўны тэатр БССР і інш. У рэпертуары тэатраў 1930-х г. пераважалі творы савецкіх аўтараў, у большасці схематычныя, невысокай маст. вартасці. Сярод лепшых спектакляў: «Неспакойная старасць» Л.Рахманава (БДТ-1), «Мой сябар» (БДТ-3) і «Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна (БДТ-2; у ім П.Малчанаў упершыню на бел. сцэне ўвасобіў вобраз Леніна). Найб. поспех тэатры мелі ў пастаноўках бел. аўтараў, а таксама ў класічнай рускай і заходнееўрапейскай драматургіі. Найб. значныя дасягненні былі ў БДТ-1. У спектаклі «Бацькаўшчына» К.Чорнага глыбока раскрыты акцёрскія дараванні У.Уладамірскага, І.Ждановіч, Г.Глебава. Паэтычнасць праз этнагр. верагоднасць дасягнута ў «Салаўі» З.Бядулі. Асабліва плённым было супрацоўніцтва тэатра з К.Крапівой. У спектаклі паводле яго п’есы «Канец дружбы» грамадзянскай пафаснасцю выканання вылучаўся У.Крыловіч (Карнейчык). «Партызанам» былі ўласцівы шырокі подых, маштабнасць, напоўненасць і шматколернасць масавых сцэн. Класічным стала ўвасабленне сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» (рэжысёры І.Раеўскі, Л.Рахленка). Узоры акцёрскага майстэрства паказаны ў цэнтр. ролях Г.Глебавым, Л.Рахленкам, Б.Платонавым і ў эпізадычных Л.Ржэцкай, Г.Грыгонісам. К.Крапіва і Г.Глебаў адзначаны Дзярж. прэміяй СССР 1941. Падзеяй стала пастаноўка драмы М.Горкага «Апошнія» (рэж. М.Зораў, дапрацоўка І.Раеўскага). Спектакль вызначаўся глыбокім спасціжэннем драм. твора, ансамблевасцю; для кожнага выканаўцы ён стаў этапным у творчасці. Выдатныя акцёрскія вобразы стварылі У.Уладамірскі, В.Галіна, І.Ждановіч, Б.Платонаў. Бліскучым акцёрскім дуэтам вызначыўся спектакль «Скупы» Мальера: Г.Глебаў (Гарпагон) — Л.Ржэцкая (Фразіна). У БДТ-2 найб. значнымі былі пастаноўкі класічных твораў. З 1936 паспяхова ўвасаблялася драматургія А.Астроўскага, першая з іх «Беспасажніца» (у гал. ролі Р.Кашэльнікава). Сац. змястоўнасць уласціва спектаклю «Мяшчане» М.Горкага. Глыбокім драматызмам адзначана пастаноўка «Зданяў» Г.Ібсена (у ролі Освальда — П.Малчанаў), камед. бляскам — «Лекар паняволі» Мальера (у ролі Сганарэля — А.Ільінскі). Плённым у творчасці тэатра быў зварот да бел. драматургіі. Ажыццёўлена пастаноўка «Вечара беларускіх вадэвіляў», куды ўвайшлі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы. Упершыню ўвасоблены п’есы Я.Коласа «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» (у ролі Талаша — А.Ільінскі). Буйны поспех меў спектакль «Несцерка» В.Вольскага (1941, рэж. Н.Лойтар, муз. І.Любана, акцёры А.Ільінскі, Ц.Сяргейчык, А.Трус, Я.Глебаўская, З.Канапелька; Дзярж. прэмія СССР 1946), які на дзесяцігоддзі стаў своеасаблівай візіткай тэатра. У БДТ-3 сярод пастановак бел. твораў вылучаліся «Контратака» Дз.Курдзіна і «Сяржант Дроб» Э.Самуйлёнка (рэж. абодвух К.Саннікаў). Аднак у 1937 тэатр быў закрыты.
У 1930-я г. колькасць тэатраў павялічылася. У 1931 адкрыты Тэатр юнага гледача БССР (арганізатар і маст. кіраўнік М.Кавязін). У 1937 калектыў узначаліў Е.Міровіч, папоўнена яго акцёрская трупа, павысіўся маст. ўзровень спектакляў. Найб. значны з іх — «Цудоўная дудка» В.Вольскага. З канца 1920-х г. і да сярэдзіны 1930-х г. на Беларусі быў пашыраны т. зв. трамаўскі рух: стварэнне тэатраў рабочай моладзі — напаўпрафесійных агіт.-прапагандысцкіх калектываў. Асноўны з іх — Бел. трам, які працаваў у Мінску з 1929. У 1934 ён перарос у прафес. калектыў, у 1937 расфарміраваны. Трамы таксама існавалі ў Віцебску, Гомелі, Барысаве, Бабруйску, Полацку, Мазыры. Для абслугоўвання пераважна сельскіх гледачоў з 2-й пал. 1930-х г. ствараліся калгасна-саўгасныя тэатры. Яны працавалі ў Барысаве, Мазыры, Слуцку, Полацку, Рагачове, Бабруйску, Лепелі, Заслаўі, Рэчыцы, Дзяржынску. Былі адкрыты абласныя бел. тэатры — Палескі імя Я.Купалы ў Мазыры (1938) і Пінскі (1939), рускія — у Гомелі (1939), Брэсце (1940) і Баранавічах (1940). У 1939 у Гомелі пачаў працу Дзярж. тэатр лялек БССР. У Зах. Беларусі існавалі аматарскія калектывы, якія ставілі драм. творы Я.Купалы, У.Галубка, Ф.Аляхновіча і інш. Аматарскія і паўпрафесійныя бел. тэатры таксама працавалі ў Літве (Вільня) і Латвіі (Рыга і Даўгаўпілс). Акцёрскія кадры перыядычна рыхтавалі ў студыях пры тэатрах БДТ-1, БДТ-2 і інш. У 1931—32 працаваў Бел. тэхнікум сцэн. мастацтва. У 1939 пад кіраўніцтвам Е.Міровіча арганізавана Тэатр. вучылішча.
З пачаткам Вял.Айч. вайны буйнейшыя тэатр. калектывы эвакуіраваны ў далёкі тыл: БДТ-1 — у Томск, БДТ-2 — ва Уральск, з 1943 у Арэхава-Зуева, Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР — у Новасібірск. У 1943 аднавіў дзейнасць Дзярж. рускі тэатр БССР як франтавы калектыў з базай у Маскве. Іншыя драм. тэатры распаліся. У складаных ваенных умовах эвакуацыі тэатры працягвалі плённую дзейнасць. БДТ-1 адкрыў сезон у Томску спектаклем «Партызаны», які выконваўся на бел. мове і гучаў вельмі надзённа. Сярод новых пастановак аб сучасных ваенных падзеях — «Фронт» А.Карнейчука і «Рускія людзі» К.Сіманава. Паспяхова ўвасоблены класічны твор А.Астроўскага «Позняе каханне». Падзеяй стаў спектакль «Паўлінка» Я.Купалы (першапачаткова ішоў пад назвай «Вечар камедый», непрацяглы час разам выконваліся і «Прымакі» Я.Купалы), прэм’ера якога адбылася 23.5.1944. Спектакль, пастаўлены Л.Літвінавым, стаў своеасаблівай візіткай тэатра. Праз яго прайшлі многія славутыя выканаўцы: Б.Платонаў, Г.Глебаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Р.Кашэльнікава, І.Шаціла. БДТ-2 ва Уральску адкрыў сезон 1941—42 спектаклем «Несцерка». За ваенны час стварыў шэраг значных спектакляў: «Проба агнём» К.Крапівы, «Нашэсце» Л.Лявонава, «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага. Тэатры праводзілі гастролі: БДТ-1 па Нарымскім краі, БДТ-2 у Маскве. Артысты выступалі з канцэртамі, чытаннем маст. твораў перад салдатамі, якія накіроўваліся на фронт, перад параненымі ў шпіталях, на фабрыках і заводах. Арганізоўваліся франтавыя тэатр. брыгады (ад БДТ-1 у 1943 пад кіраўніцтвам Г.Глебава і ў 1944 пад кіраўніцтвам У.Уладамірскага, ад БДТ-2 у 1944 пад кіраўніцтвам П.Малчанава, ад Дзярж. яўрэйскага тэатра БССР у 1943), якія выступалі са спектаклямі і канцэртамі на пярэдніх рубяжах баёў. З тэатр. дзеячаў, якія не эвакуіраваліся, у 1941 быў арганізаваны Менскі бел. гарадскі тэатр (дзейнічаў з перапынкамі да лета 1944). Тэатр працаваў у складаных умовах акупацыйнага рэжыму. Ставіліся оперы, балеты, драм. спектаклі [«Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Міхалка» Далецкіх, «Шчаслівы муж», «На Антокалі» і «Пан міністар» Ф.Аляхновіча, «Загубленае жыццё» Т.Лебяды, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана, «Карчмарка» К.Гальдоні, «Лялечны дом» («Нора») І.Ібсена і інш.]. У партыз. атрадах і злучэннях наладжваліся канцэртныя выступленні. Пасля вызвалення Беларусі ад фаш. акупацыі з эвакуацыі вярнуліся БДТ-1 і БДТ-2, якім 21.12.1944 нададзена адпаведна імя Я.Купалы і Я.Коласа. Дзярж. рускі тэатр БССР у 1944 распачаў працу ў Магілёве, з 1945 — у Гродне, з 1947 — у Мінску. У 1944 аднавіў дзейнасць абласны тэатр у Пінску, у 1954 ён пераведзены ў Магілёў. З 1947 у Гродне працуе абласны тэатр (пераведзены з Бабруйска), з 1950 у Мінску Дзярж. тэатр лялек БССР (у 1956—86 гал. рэжысёр Ан.Ляляўскі). Створаны новыя тэатры: абласныя Брэсцкі (1944) і Гомельскі (1954), Бел. рэспубліканскі юнага гледача (1956), Бабруйскі (1956, меў розныя назвы). З 1946 аднавіў працу ў Мінску Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР, у якім выкананнем вылучаліся акцёры Ю.Арончык, М.Моін, М.Сокал, А.Трэпель. У 1949 у выніку вострай афіц. крытыкі тэатр закрыты. У 1945 адкрыты Бел.тэатр. інстытут (з 1953 тэатр.-маст., з 1999 Бел.АМ), які рыхтуе акцёраў, з 1958 — і рэжысёраў, з 1962 — і тэатразнаўцаў. Уклад у падрыхтоўку тэатр. кадраў зрабілі Е.Міровіч, К.Саннікаў, Дз.Арлоў, В.Галіна, І.Ждановіч, У.Маланкін, У.Няфёд. Пры Бел. тэатры імя Я.Купалы і Бел. тэатры імя Я.Коласа з 1945 да 1960-х г. перыядычна набіраліся акцёрскія студыі.
У 1940—50-я г. тэатры працягвалі распрацоўваць тэматыку Вял.Айч. вайны. Буйнейшы спектакль — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона ў Бел. тэатры імя Я.Купалы (рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, Г.Глебаў, І.Ждановіч; Дзярж. прэмія СССР 1948). Значнымі дасягненнямі адзначаны пастаноўкі «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча ў Брэсцкім абл., Дзярж.рус. тэатры, «Глыбокая плынь» паводле І.Шамякіна ў Гомельскім тэатры, «Людзі і д’яблы» К.Крапівы ў тэатрах імя Я.Купалы і імя Я.Коласа. Сярод спектакляў на тагачасную тэматыку паэтычнасцю, лірызмам вылучаліся «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэміяй СССР 1952 адзначаны рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Л.Драздова) і «Шчасце паэта» В.Віткі (у ролі Я.Купалы — І.Шаціла) у тэатры імя Я.Купалы, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага (рэж. М.Міцкевіч) у тэатры імя Я.Коласа. Падзеяй стаў прыход у драматургію А.Макаёнка і яго супрацоўніцтва з тэатрамі, асабліва з калектывам тэатра Я.Купалы: спектакль «Выбачайце, калі ласка!», скіраваны супраць паказухі, кар’ерызму, вызначаўся баявітасцю, грамадзянскай страснасцю. Фалькл. насычанасцю, нар. самабытнасцю вылучаліся спектаклі «Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела ў тэатры юнага гледача (рэж. абодвух Л.Мазалеўская). Адметныя набыткі дасягнуты ва ўвасабленні твораў У.Шэкспіра: «Рамэо і Джульета» ў тэатры імя Я.Купалы, «Гамлет» у тэатры імя Я.Коласа, «Кароль Лір» у Дзярж.рус. тэатры. З інш. значных спектакляў: «Даходнае месца» А.Астроўскага і «Нора» Г.Ібсена ў тэатры імя Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля ў тэатры імя Я.Коласа, «Варвары» М.Горкага, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага ў Дзярж.рус. тэатры, «Ветрык, вей!» Я.Райніса ў Брэсцкім тэатры. Новае сцэн. жыццё далі акцёры тэатра Я.Коласа драме Я.Купалы «Раскіданае гняздо» (рэж. А.Скібнеўскі), маштабнасцю, шырокім дыханнем вызначаўся спектакль «Навальніца будзе» А.Звонака паводле «На ростанях» Я.Коласа. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе тэатры прытрымліваліся стылістыкі, якая сцвердзілася на сцэне ў 1930-я г.: перадача жыццёвай верагоднасці падзей і ўчынкаў герояў, іх псіхалагічная і побытавая апраўданасць, дзе тэатр. формы максімальна набліжаліся да рэалій. У 2-й пал. 1950-х г. пачаліся пошукі новай стылістыкі, выяўленчых тэатр. сродкаў. Гэта найперш звязана са спектаклямі на купалаўскай сцэне рэжысёра Б.Эрына: «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, «Трэцяя, патэтычная» М.Пагодзіна, вырашанымі ва ўмоўна-сцэнаграфічнай, метафарычна ўзбуйненай форме, з гранічна абвостраным, экспрэсіўным выяўленнем пачуццяў герояў. У 1960—80-я г. пошукі выразных сцэн. сродкаў і форм працягвалі рэжысёры новага пакалення — В.Раеўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, М.Пінігін, Р.Баравік, В.Маслюк, У.Караткевіч. У 1960-я г. высокага майстэрства дасягнулі акцёры ў спектаклях тэатра імя Я.Купалы — «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (Б.Платонаў, З.Стома, Г.Макарава, П.Малчанаў), «Жывы труп» Л.Талстога (Б.Платонаў), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага (Г.Глебаў), «У мяцеліцу» Л.Лявонава (Л.Рахленка, І.Шаціла, Л.Ржэцкая), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе (С.Станюта, А.Мілаванаў, П.Кармунін, У.Дзядзюшка), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (Л.Давідовіч, Г.Гарбук); тэатра імя Я.Коласа — «Клоп» У.Маякоўскага (Ф.Шмакаў, З.Канапелька), «Улада цемры» Л.Талстога (Г.Маркіна, Г.Бальчэўская, С.Акружная, Л.Трушко, Ф.Шмакаў, Т.Кокштыс, Я.Глебаўская, Л.Пісарава, А.Трус); тэатра юнага гледача — «На ўсіх адна бяда» П.Макаля (М.Пятроў), «З любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна (В.Лебедзеў). У пач. 1960-х г. тэатр імя Я.Купалы перажываў складаны працэс змены акцёрскіх пакаленняў. У тэатры імя Я.Коласа такі працэс адбываўся пазней — з 2-й пал. 1960-х г. Але паступова склаліся новыя пакаленні: Г.Аўсяннікаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, В.Тарасаў, М.Яроменка і інш. ў тэатры імя Я.Купалы; С.Акружная, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, У.Куляшоў, Г.Маркіна, Л.Трушко і інш. ў тэатры імя Я.Коласа.
На развіццё акцёрскага і рэжысёрскага мастацтва 1970—80-х г. станоўча паўплывала бел. драматургія: п’есы Я.Купалы «Раскіданае гняздо» і К.Крапівы «Брама неўміручасці» (тэатр імя Я.Купалы), А.Макаёнка «Трыбунал» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Магілёўскі драмы і камедыі ў Бабруйску, Брэсцкі, Гродзенскі), «Зацюканы апостал» і «Таблетку пад язык» (тэатры імя Я.Купалы і імя Я.Коласа), «Пагарэльцы» (тэатр імя Я.Купалы), М.Матукоўскага «Амністыя» (тэатры Я.Купалы і Я.Коласа, Гродзенскі, Магілёўскі), «Мудрамер» (тэатр імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1987), А.Петрашкевіча «Напісанае застанецца» («Францыск Скарына») (тэатры імя Я.Купалы, Гродзенскі), «Трывога» (тэатры імя Я.Коласа, Гродзенскі), «Соль» (Дзярж.рус. тэатр Беларусі), У.Караткевіча «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» (тэатр імя Я.Коласа), «Калыска чатырох чараўніц» (Тэатр юнага гледача), І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» (тэатр імя Я.Купалы), А.Дударава «Парог» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Брэсцкі), «Вечар» (тэатры імя Я.Коласа, Дзярж. прэмія Беларусі 1986; імя Я.Купалы, Брэсцкі, Гомельскі), «Радавыя» (тэатры імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія СССР 1985; імя Я.Коласа), «Апошні шанц» В.Быкава і «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева (тэатр імя Я.Купалы). У 1960—80-я г. створаны новыя тэатры. У 1970 адкрыты Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, у 1982 — Тэатр-студыя кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм», у 1984 — Дзярж. маладзёжны тэатр у Мінску, у 1989 Слонімскі бел.драм.тэатр. У абласных гарадах арганізаваны лялечныя калектывы: у Брэсце і Гомелі (абодва 1968), Магілёве (1976), Гродне (1981), Бел. тэатр «Лялька» ў Віцебску (1985). З 2-й пал. 1980-х г. пачаўся студыйны рух, які ўтварыў новую плынь у тэатр. мастацтве. У студыях працавалі рэжысёры В.Баркоўскі, В.Грыгалюнас, У.Савіцкі, Р.Таліпаў, М.Трухан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА 1950 — пач. 2000-х гадоў
Паэзія. У паэзіі пасляваен. дзесяцігоддзя (1945—55) як адным з найб. аператыўных відаў эстэт. ўспрымання, рэалізаванага ў малых жанравых формах, адчувальна акрэсліваліся нават нязначныя зрухі маст. мыслення, характэрныя для літаратуры ў цэлым. Вайна на многія дзесяцігоддзі прадвызначыла тэматыку і праблематыку, пэўныя асаблівасці маст. характараў, пафас твораў бел. пісьменнікаў: вершы і паэмы Я.Коласа, П.Броўкі, П.Глебкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, М.Танка і інш. З тэмай вайны прыйшлі ў літаратуру паэты, якія вярталіся з фронту, партызан, падполля. Некат. з іх былі ўжо добра вядомыя ў 1930-я г., іншыя толькі пачыналі свой творчы шлях: М.Аўрамчык, А.Вялюгін, С.Дзяргай, К.Кірэенка, П.Панчанка, П.Прануза, П.Прыходзька, А.Пысін, А.Русецкі і інш. У літаратуру прыйшлі зах.-бел. паэты М.Васілёк, М.Засім, М.Машара, В.Таўлай. Жыццёвы і творчы вопыт, набыты ў экстрэмальных умовах ваен. выпрабаванняў, фарміраваў непаўторнасць творчай індывідуальнасці, грамадз. і мастакоўскую зарыентаванасць светапогляду. У шматлікіх паэт. зборніках асн. матывы — радасць перамогі і вяртання да мірнага жыцця, услаўленне гераізму, велічы нар. подзвігу ў гады вайны і працоўнага энтузіязму, тэма радзімы, дружбы, кахання, асуджэнне антыгуманнай сутнасці вайны: зб-кі «Ранак ідзе» (1945) і «Пасля навальніцы» (1947) К.Кірэенкі, «На сотай вярсце» (1945) і «Камуністы» (1949, 1951) А.Куляшова, «Шырокае поле вайны (1945), «Поступ» (1950), «Святло Радзімы» (1952), «Моваю сэрца» (1955) М.Лужаніна, «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (1947), «За шчасце, за мір» (1950) і «Шырокі свет» (1955) П.Панчанкі, «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (1950), «Цвёрдымі крокамі» (1954) П.Броўкі, «Вастрыце зброю», «Праз вогненны небасхіл» (абодва 1945), «Каб ведалі» (1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954) М.Танка, «Шляхі» (1947), «Подых вясны» (1950), «Зоры вясеннія» (1954) А.Бачылы, «Нашай славы зара» (1947) і «Размова аб шчасці» (1948) П.Глебкі, «Голас сэрца» (1947), «Салдаты міру» (1951) і «Ранак над Эльбай» (1952) П.Прыходзькі, «Добры дзень» (1948) і «Зямля мая» (1952) А.Астрэйкі, «Пярэдні край» (1949), «Дружба» (1950), «Шляхамі дружбы» (1952) М.Аўрамчыка, «Сонца ў блакіце» (1949) і «У вялікім паходзе» (1952) М.Калачынскага, «Разгневаная зямля» (1946), «Добрай раніцы» (1951), «У дальнім раёне» (1954) П.Пранузы, «З розных крыніц» (1950) і «Мая эстафета» (1954) Р.Сабаленкі, «Наш дзень» А.Пысіна, «У заўтрашні свет» А.Русецкага (абодва 1951), «Дарогай шчасця» А.Бялевіча (1952), «Вачыма будучыні» С.Дзяргая (1953), «Мой таварыш» М.Смагаровіча (1955). Новыя зрухі ў грамадскім жыцці, адбудова нар. гаспадаркі — тэмы зб-каў «Новае рэчышча» А.Куляшова (1948), «Мая рэспубліка» К.Кірэенкі (1949). Абнаўленню побыту тагачаснай вёскі прысвечаны паэмы «Хлеб» (1946), «Родныя берагі» (1948), «Добры друг» (1949) П.Броўкі, «Кладкі Градоўскага» М.Лужаніна (1949), у якіх побач са значнымі дасягненнямі (адметнасць стылю, удалыя вобразныя знаходкі, адухоўленасць пачуццяў лірычнага героя) шмат неабавязковага, другаснага, інфармацыйна-рэпартажнага, прадыктаваныя часам ідэалагемы. Гэта датычыць і паэм «Рыбакова хата» Я.Коласа (1941—47), «Грозная пушча» А.Куляшова, «Бацька Дняпро» А.Вялюгіна (абедзве 1955). Выразна люструецца ў тагачаснай паэзіі парадная атмасфера пераможных салютаў: зб-кі «Крамлёўскія зоры» А.Астрэйкі (1945), «Свята», «Чалавек-сонца» (абодва 1947), «Светач» (1950) А.Бялевіча, «Салют у Мінску» А.Вялюгіна (1947), «Салдаты міру» П.Прыходзькі (1951) і інш. Аднак у паэзіі ўсё настойлівей прабіваўся голас паэта-франтавіка — сведкі і непасрэднага ўдзельніка ваен. падзей. Вайна стала гал. тэмай у творчасці франтавога пакалення.
Лепшыя пасляваен. творы вылучаюцца шчырасцю і непасрэднасцю лірычнага перажывання, яркімі фарбамі, дынамікай дзеяння. У іх палітры бясконцыя шляхі-дарогі вядуць да роднай хаты і ў неабсяжны сусвет. Апорныя вобразы, вынесеныя, як правіла, у назвы кніг або асобных твораў, перадаюць не толькі агульны мажорны настрой, а і своеасаблівы душэўны стан, узрушанасць лірычнага героя. Урачыста песенныя інтанацыі і светлыя колеры пераважаюць нават там, дзе маст. сюжэт заснаваны на падзеях і фактах, поўных смутку і жальбы («Песня пра чатыры магілы» П.Панчанкі, 1945). З паасобных уражанняў паступова стваралася мазаіка гіст. часу — жыцця і побыту чалавека на вайне, якая непрыкметна перарастала ў маст.-дакумент. хроніку: вершы «Прыдарожны гушчар», «Салдацкая сляза», «Памяці Міколы Сурначова» М.Аўрамчыка, «Няўзяты форт» (пазнейшая назва — «Сталінградская легенда») А.Вялюгіна, «Зварот» П.Глебкі, «Франтавік» П.Панчанкі. Асаблівая паслядоўнасць і кінематаграфічная дакладнасць уражанняў непасрэднага ўдзельніка падзей вылучае нізку вершаў «Салдацкі штодзённік» М.Лужаніна, гэта споведзь пра напоўненыя драматызмам салдацкія будні, дзе асабістае, прыватнае вырастае да маштабаў агульназначнага і ўспрымаецца як маналог франтавога пакалення, ад імя якога гаворыць паэт. У цяжкія часіны нярэдка парушаюцца ўсталяваныя сувязі мікра- і макрасвету, узмацняецца адчуванне язычніцкага яднання чалавека з прыродай. У эстэт. малюнку асабліва акрэсленымі становяцца праявы антрапамарфізму, пантэістычныя ўяўленні. Прырода «ажывае», абагаўляецца, дапамагае раскрыццю духоўнага свету чалавека, асобы (верш «Пачатак» М.Лужаніна).
У лірычным роздуме ваен. і пасляваен. гадоў значнае месца займае лёс Беларусі: вершы «Радзіма мая дарагая» А.Бачылы, «Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі...» П.Броўкі, «Беларусь, Беларусь!..» А.Вялюгіна, «Беларусі» П.Глебкі, «Жыві, Беларусь!» Я.Коласа, «Кожны з нас прыпасае Радзімы куток...» П.Панчанкі, «Ты будзеш жыць, Радзіма!» М.Танка. Вобраз Радзімы, роднай зямлі пазначаны драматызмам, асабліва ў творах, напісаных пад уражаннем убачанага і перажытага ў чужых краінах: вершы «З ташкенцкай торбы» Я.Коласа, германскага цыкла М.Лужаніна.
Спосабы сатыр. тыпізацыі найб. плённа адчуваюцца ў жанры байкі: кн. «Мы іх ведаем» (1950), «Байкі» (1953) У.Корбана, «Вершы і байкі» Э.Вадасевіча (1954). Вострасатыр. вершы і байкі пісалі А.Бачыла, М.Лужанін, П.Панчанка. Акцэнты сатыр. высмейвання перамясціліся з аб’ектаў ваен. часу (ворагі) у сферы мірнага жыцця і побыту грамадства (выявы розных антыграмадскіх анамалій ва ўзаемадачыненнях, паводзінах і ўчынках людзей). З сярэдзіны 1950-х г., пераадольваючы розныя ідэалагічныя бар’еры, хібы «тэорыі бесканфліктнасці», паэзія ўзыходзіла на новыя вышыні, пазначаныя прыкметамі найбольш поўнай самарэалізацыі творчай асобы: значна пашырыліся далягляды паэзіі, павысіўся яе інтэлектуальны ўзровень, пабагацеў духоўны свет лірычнага героя. У філас. роздуме над надзённымі праблемамі адчуваецца драматызм часу, акрэсліваецца магутны патэнцыял гадамі назапашанай творчай энергіі. У выніку літ. дыскусій 1960—70-х г. павысіліся патрабаванні да маст. твораў. Выпрацаваліся пэўныя маст. арыенціры, эстэт. крытэрыі. Узорамі непераўзыдзенага майстэрства, якімі вымяралася маст. вартасць тагачаснай паэзіі, сталі кнігі: «Пахне чабор» (1959), «А дні ідуць» (1962) П.Броўкі, «Чатыры стыхіі» (1962), «Свята ў будзень» (1964) С.Дзяргая, «Мой хлеб надзённы» (1962), «Глыток вады» (1964) М.Танка, «Новая кніга» (1964), «Сасна і бяроза» (1970) А.Куляшова, «Пры святле маланак» (1966), «Вячэрні цягнік» (1977) П.Панчанкі, «Мае мерыдыяны» (1965), «Твае далоні» (1967) А.Пысіна, «Служба святла» (1967), «Зямля гаворыць зорам» (1971) А.Русецкага і інш. У іх засведчаны адметнасць мыслення, непаўторнасць кожнай творчай індывідуальнасці, што пацвярджаецца сплавам лірызму, эпічнай шырыні, драматызму маст. перажывання, публіцыстычнай адкрытасці, выразнасці грамадз. пазіцыі. Паэтыка М.Танка, напр., спалучае ў сабе нар.-песенныя вытокі і некат. асаблівасці авангардысцкай плыні. У эпіцэнтры яго эстэтыкі прысутнічае творчая асоба, сам паэт, думкі і назіранні, якія разбягаюцца кругамі і ўцягваюць у сваё «поле» новую прастору. У філас. роздуме А.Куляшова паяднаны імгненні і вечнасць, зямное і астральнае, былое і наступнае. Акрамя зямнога і касм. ёсць трэці свет — звычайны чалавек.
Па-новаму, з больш глыбокім псіхалагізмам пераасэнсоўвалася тэма вайны, даследавалася псіхалогія чалавека на вайне, у экстрэмальных умовах: творы М.Аўрамчыка, А.Вялюгіна, А.Пысіна, А.Русецкага. У 2-й пал. 1950-х г. да творчай працы вярнуліся рэпрэсіраваныя пісьменнікі: А.Александровіч, С.Грахоўскі, У.Дубоўка, А.Звонак, С.Новік-Пяюн, А.Пальчэўскі, П.Пруднікаў, Я.Пушча, М.Хведаровіч, С.Шушкевіч. Выйшлі ў свет кнігі Ц.Гартнага, У.Дубоўкі, А.Дудара, Я.Пушчы, М.Чарота, што было неабходным для ўзнаўлення літ. працэсу і паўнаты ўяўлення пра маст. традыцыі 1920—30-х г., а таксама кнігі «Залаты лістапад» М.Хведаровіча (1957), «Дзень нараджэння» (1958), «Памяць» (1965) С.Грахоўскага, «Запаветнае» (1961), «Неспакойныя сэрцы» (1973) А.Звонака і інш. З сярэдзіны 1950—60-х г. першымі кнігамі дэбютавалі паэты т.зв. філалагічнага пакалення: «Паходныя кастры» С.Гаўрусёва, «Першы след» П.Макаля (абедзве 1955), «Песня ў дарогу» Н.Гілевіча (1957), «Не ўсе лугі пакошаны» М.Арочкі, «Матчына душа» У.Караткевіча, «Сакавік» Е.Лось, «Вясновыя барозны» У.Нядзведскага (усе 1958), «Маладзік над стэпам» Р.Барадуліна, «Белыя каштаны» І.Калесніка, «На юначым шляху» А.Лойкі, «Шэпчуцца ліўні» Ю.Свіркі, «Золак над Бярозай» А.Ставера, «Такія сэрцы ў нас» К.Цвіркі (усе 1959), «Майская просінь» Г.Бураўкіна, «Узлётная паласа» У.Паўлава, «Сонечны дождж» Я.Сіпакова (усе 1960), «Дзявочае сэрца» Д.Бічэль-Загнетавай (1961), «Вочы вясны» В.Вярбы, «Песня пра хлеб» А.Вярцінскага, «Абветраныя далягляды» Г.Кляўко, «Неба ўсміхаецца маланкаю» А.Наўроцкага (усе 1962), «Вогненная камета» В.Макарэвіча, «Першыя вёрсты» М.Рудкоўскага (абедзве 1963), «Магістраль» А.Грачанікава, «Белае дзіва» А.Кавалюк, «Асколкі і росы» Р.Тармолы (усе 1964), «Крэсіва» В.Зуёнка, «Едуць маразы» М.Маляўкі, «Азбука» А.Сербантовіча (усе 1966), «Спатканне» М.Дуксы, «Непазбежнасць» М.Купрэева, «Кастры Купалля» С.Панізніка (усе 1967), «Раўнавага» С.Блатуна, «Свежасць» Я.Міклашэўскага, «Вернасць» В.Ракава, «Зямля — магніт» М.Федзюковіча (усе 1968), «Гром на зялёнае голле» Ю.Голуба, «Раніца» В.Іпатавай, «Восеньскія позвы» К.Камейшы, «Буслы над аэрадромам» У.Скарынкіна (усе 1969) і інш. У літаратуру ўваходзіла пакаленне дзяцей вайны. Усе пакуты і боль, перажытыя дзецьмі і падлеткамі, выліліся на старонкі іх кніг: «Бязбацькавічы» Г.Бураўкіна, «Я не глытала па акопах дыму» В.Вярбы, «Песня пра асколак» У.Караткевіча, «Дзяўчаты мінулай вайны» Е.Лось і інш. Драматызм лірычнага перажывання асабліва адчувальны ў творах «Балада пра спаленую вёску і жывога пеўня», «Рэквіем па кожным чацвёртым» А.Вярцінскага, у араторыі «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына», паэмах «Недзяленя», «Заручыны» Н.Гілевіча. Да ліраэпічнага жанру звярнуліся Р.Барадулін (паэмы «Блакада», «Балада Брэсцкай крэпасці»), В.Макарэвіч («Мацярык маленства»). Тэма вайны знайшла глыбокае асэнсаванне ў творчасці пісьменнікаў франтавога пакалення, якія як бы занава прачытвалі драм. і трагічныя калізіі вогненных гадоў, даследавалі чалавека ў экстрэмальных абставінах, што асабліва характэрна прозе В.Быкава, паэзіі А.Пысіна (вершы «Іван-чай», «Палім мы маршанскую махорку», «Пярэдні край», паэма «Белы камень»). Балючая памяць перажытага ў вайну склала асн. змест многіх твораў З.Астапенкі, М.Аўрамчыка, А.Бачылы, А.Вялюгіна, К.Кірэенкі, А.Куляшова, М.Лужаніна, П.Панчанкі, А.Русецкага. Болем асабістага суперажывання напоўнена паэма «Голас сэрца» П.Броўкі (1960), прысвечаная маці паэта. якая загінула ў канцлагеры ў Асвенціме. У 1970—80-я г. выйшлі першыя кнігі: «Агонь» Н.Мацяш, «Адраджэнне» А.Разанава, «Снежныя грамніцы» Я.Янішчыц (усе 1970), «Вуліцы без назваў» У.Дзюбы (1972), «Прыпяць» У.Верамейчыка, «Абеліск» Х.Жычкі, «Бяседа» С.Законнікава, «На мове шчасця» Г.Каржанеўскай, «Бацькоўскі парог» І.Скурко, «Ядлоўцавы куст» М.Стральцова (усе 1973), «Рамонкавы бераг» Р.Баравіковай, «Захапленне» Т.Бондар, «Паклон» В.Жуковіча, «Сакавік» Л.Забалоцкай, «Жураўлінае вясло» У.Лісіцына (усе 1974), «Касавіца» В.Гардзея, «Радар» Н.Загорскай, «Прадвесне» П.Марціновіча, «Кляновік» Г.Пашкова (усе 1975), «Адкрыццё» У.Някляева, «Уваходзіны» В.Яраца (абедзве 1976), «Хлеб і соль» Х.Гурыновіча, «Абеліск у жыце» М.Мятліцкага (абедзве 1980), «Белая бярэзіна» С.Басуматравай (1981), «Планета маёй душы» К.Жука, «Пад спеў крыніц» У.Мазго, «Пад небам бусліным» З.Марозава, «Зоркі ў кронах» У.Марука (усе 1982), «Вандроўнік» Л.Дранько-Майсюка, «Скразная лінія» А.Каско, «Белы камень» А.Пісьмянкова, «Смага ракі» Л.Тарасюк (усе 1983), «Таемнасць агню» Л.Галубовіча (1984), «Чаравікі маленства» І.Багдановіч, «Цвет алешыны» А.Канапелькі, «Адведзіны рамонкавай паляны» Л.Паўлікавай (усе 1985), «Сінтэз» Г.Булыкі, «Сурма» А.Мінкіна (абедзве 1986).
У мастакоўскай палітры паэтаў 1970 — пач. 80-х г. драматызм памяці цесна пераплецены з памкненнямі да прыгожага, узвышанага. У параўнанні з папярэднікамі ў іх творах значна больш светлых колераў. Выявы памяці, спраектаваныя на сучаснасць, неслі ў сабе моцны зарад творчай энергіі, паспяхова рэалізаваліся ў лірыка-эпічных жанрах: паэмы «Кульмінацыя» С.Законнікава, «Даведка аб нараджэнні» У.Някляева, «Ясельда» Я.Янішчыц і інш.
Лепшыя творы канца 1950 — пач. 1980-х г. пазначаны глыбокім інтэлектуальна-філас. роздумам, зваротам да нар. вытокаў, да спрадвечных маральна-этычных і эстэт. каштоўнасцей: «Падземныя замкі», «Зямля Міцкевічаў» М.Арочкі, «Трэба дома бываць часцей», «Неруш» Р.Барадуліна, «Песня пра хлеб», «Мы жывём, каб вяртацца...» А.Вярцінскага, «Зямля бацькоў, Лагойшчына мая...», «Ах, якая над Гайнаю ноч!...» Н.Гілевіча, «Беларуская песня» У.Караткевіча, «Бацькаўшчына» М.Стральцова, «Ave Maria», «Дарога на Нарач» М.Танка. Увасабленне найлепшых чалавечых якасцей, усяго светлага, высакароднага, зямнога і сакральнага — у вобразе Маці (вершы і паэмы Р.Барадуліна, А.Вярцінскага, Н.Гілевіча, А.Лойкі, Е.Лось і інш.). Суб’ектыўна-індывідуальны пачатак (унутр. свет чалавека, яго пачуцці, перажыванні) у паэзіі А.Вярцінскага, Р.Барадуліна, В.Іпатавай, У.Караткевіча, Н.Мацяш, А.Разанава, М.Стральцова, Я.Янішчыц. Лірычны герой у многім летуценнік, рамантык, філосаф, першаадкрывальнік касм. прасторы і пакарыцель цаліны ў вершах «Радасць гэткая ў сэрцы не месціцца...» Г.Бураўкіна, «Спадарожніку Зямлі» У.Караткевіча, «Дарога да зор» П.Макаля, «Белыя яблыні» П.Панчанкі і інш. Роздум над глабальнымі праблемамі часу, трывога за лёс чалавецтва перад пагрозай ядзернай катастрофы, экалагічныя, сац.-бытавыя пытанні патрабавалі звароту да вялікіх жанравых форм: паэмы «Яго Вялікасць» (1964) і «Айкумена» (1981) А.Русецкага, «Цунамі» (1968) і «Далёка да акіяна» (1970) А.Куляшова. Грамадз. вартасць асобы, маральна-этычная трываласць народа вывяраліся разам з гіст. і сац.-бытавымі абставінамі. Прадметна-вобразная канкрэтыка спалучалася з умоўна-асацыятыўнымі абстракцыямі, нар.-песеннай стыхіяй у паэмах «Слёзы Раданы» (1967) і «Трыпутнік» (1976) К.Кірэенкі. Драматызм часу асабліва адчувальны ў паэмах «Маналог» (1966), «Варшаўскі шлях» (1968), «Хамуціус» (1975) А.Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.Танка (1978), «Суд Алаізы» В.Коўтун (1985). Рэаліі сівой даўніны ўзноўлены ў драм. паэмах «Крэва» (1982), «Судны дзень Скарыны» (1988) М.Арочкі, «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» П.Бітэля (1984), «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай (1990—91). Да гіст. тэматыкі пастаянна была скіравана ўвага У.Караткевіча: вершы «Сырцовыя цагліны», «Паўлюк Багрым», «Скарына пакідае Радзіму», «Шляхі Ігната Буйніцкага» і інш.
З сярэдзіны 1980-х г. у паэзіі пачаўся перыяд, пазначаны абнаўленнем эстэт. мыслення, істотнымі рысамі якога сталі памкненне да разняволенасці, пазбаўленне ад звыклых, стэрэатыпных ідэалагем, акцэнтацыя нац. ідэі, узмацненне публіцыстычнасці і кантрастнасці бачання навакольнага свету, канфліктнасці лірычнага перажывання: зб-кі «Каліна зімы» Я.Янішчыц (1987), «Лісты да цябе» В.Коўтун, «Горкі жолуд» П.Панчанкі (абодва 1988), «Пан Лес» А.Сыса (1989), «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995) А.Бадака, «Горад-утопія» В.Шніпа (1990), «Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992) Р.Барадуліна, «Высокі бераг» (1993), «Зямля ў мяне адна» (1996) П.Панчанкі, «На высокім алтары» Н.Гілевіча (1994), «Заклён на скрутны вір» А.Вялюгіна, «Пісьмы з гэтага свету» В.Зуёнка, «На зломе лёсу» А.Русецкага, «Чорна-белы свет» П.Шруба (усе 1995), «Прошча» У.Някляева, «Адзінокая зорка» Л.Сом, «Errata» М.Танка (усе 1996), «Журавінавы востраў» Г.Пашкова (1998), «Межань» В.Гардзея, «Душою з небам гаварыць» Н.Мацяш (абодва 1999), «Неўміручасць» А.Лойкі (2000) і інш.
У канцы 1980 — пач. 1990-х г. па-новаму асэнсоўваецца гіст. лёс Беларусі, Бацькаўшчыны. Паэтаў хвалявала занядбанасць роднай мовы, гіст. памяці народа, абыякавасць да сваіх родавых каранёў: вершы Д.Бічэль-Загнетавай, Л.Галубовіча, Н.Гілевіча, П.Панчанкі, А.Разанава, Л.Рублеўскай і інш. Хрысціянскія матывы прагучалі ў кн. «Вялікдзень» І.Багдановіч (1993), «Божа мой, Божа» Д.Бічэль-Загнетавай (1993), «Капліца» В.Аксак (1994), «На высокім алтары» Н.Гілевіча (1994), «На рэштках Храма» В.Шніпа (1994), «Евангелле ад Мамы» Р.Барадуліна (1995), «Аддай асалоду Богу» Л.Раманавай (1997) і інш. З сярэдзіны 1980-х г. свет убачылі творы, раней не апублікаваныя: «Паэма тугі» А.Бачылы (1987), у якой завострана ўвага на негатыўных наступствах гвалтоўнай калектывізацыі, раскулачванні і «рассяляньванні» сялянства. Выйшлі кнігі вязняў ГУЛАГа: «Белы сон» Л.Геніюш (1990), «І радасць і боль» С.Грахоўскага (1987), «Святлацені» А.Звонака (1992), «Пароша» П.Пруднікава (1996) і інш. У друку з’явіліся публікацыі твораў паэтаў бел. эміграцыі.
У паэзіі мяжы 20—21 ст. існуюць разнастайныя кірункі маст. пошукаў. Найчасцей перавага аддаецца зладжана гарманічнай мадэлі свету, не пазбаўленай аднак -шматфарбнасці і кантрасту каляровай гамы, што асабліва характэрна для пейзажнай лірыкі, паэзіі хрысціянскага зместу і вершаў пра каханне: «Каханне» (1987), «Сад на капялюшыку каханай» (1998) Р.Баравіковай, «Споведзь бяссоннай душы» Л.Галубовіча (1989), «Шчаслівай долю назаві...» Н.Мацяш (1990), «Хачу назваць цябе каханым» Т.Бондар (1991), «Случарыны» В.Аколавай (1994), «Стомленасць Парыжам» Л.Дранько-Майсюка (1995), «Рабро Адама» Т.Мушынскай (1999), «Валошкі памяці» А.Камароўскага (2002) і інш. Урбаністычныя матывы займаюць значнае месца ў творчасці А.Дуброўскага, М.Касцюкевіча, А.Мінкіна, Л.Рублеўскай, С.Шах і інш. Побач з рамант. плынню (паэма «Прошча» У.Някляева, кн. «Замак месячнага сяйва» Л.Рублеўскай, 1992) узмацняецца трагізм, асабліва ў творах чарнобыльскай тэматыкі, дзе ўвага акцэнтавана на экалагічных праблемах, найперш даследуецца разбуральнае ўздзеянне атрутнага ядзернага распаду на «экалогію душы» чалавека, асобы: кн. вершаў «Палескі смутак» (1991), «Бабчын» (1996) М.Мятліцкага, «Начное сонца» В.Куртаніч (1994), «Летазлічэнне» А.Канапелькі (1999), паэмы «Чорная быль» С.Законнікава (1987), «Лілея на цёмнай вадзе» (1987—2000) М.Башлакова і інш.Літ. працэс канца 20 ст. фарміруецца не ў адрыве ад фалькл. і літ. (нац. і сусв.) традыцый, постмадэрнісцкіх кірункаў і плыней: кн. «Турмалін» Г.Булыкі (1994), «Гліна. Камень. Жалеза» А.Разанава (2000) і інш. Паэты прымушаюць загаварыць прадметы, хімічныя рэчывы, з’явы прыроды, сутнасць якіх адкрывае неабсяжны філас. падтэкст, выяўляе неабмежаваныя магчымасці ўмоўна-асацыятыўных сувязей і вобразна-метафарычных абстракцый.
У канцы 20 ст. выдадзены першыя кнігі маладых паэтаў: «Вяртанне» А.Аркуша, «Першапутак» Л.Пранчака, «Агмень» А.Сыса (усе 1988), «Бацькоўскі дом» Т.Мельчанкі (1989), «Кальварыйскія клёны» С.Адамовіча, «Пяшчота ліўня» Э.Акуліна, «Крытычная маса» П.Вераб’ёва, «Белыя птахі» В.Дэбіша (усе 1990), «Ноч» Ю.Пацюпы (1991), «Водар цела» Ю.Гуменюка, «Калядная вячэра» А.Дэбіша (абедзве 1992) і інш. На Беларусі плённа працавала і працуе група паэтаў, якія пішуць на рус. мове. Выйшлі ў свет кн. «Жанчына пад яблыняй» (1962), «Шукаю чалавека» (1988) С.Яўсеевай, «Галіны» (1969), «Зімовае святло» (1985) Н.Кісліка, «Памяць» (1969), «Дням цяперашнім» (1972), «Светлыя зімовыя ночы» (1982) Ф.Яфімава, «Гарыць вогнішча ўспамінаў» (1990) Г.Шутэнкі, «Ясень» (1973), «Вербніца» (2002) Б.Спрынчана, «Твар твой» (1982), «Споведзь» (1990) А.Дракахруста, «Вечаровыя цені» (1977), «Мой дом» (1988) Э.Скобелева, «Зямля і зоркі» (1981), «Святло непадзельнае» (1990) В.Спрынчана, «Сухія кветкі» (1995), «Альфа і амега» (2001) А.Скарынкіна і інш.
Сучасны этап развіцця бел. паэзіі прадаўжае і развівае асн. тэндэнцыі ўсёй бел. літаратуры.
Проза. Развіццё прозы 2-й пал. 20 ст. абумоўлена грамадскім быццём і іманентнымі магчымасцямі маст. свядомасці народа. 1-я пал. 1950-х г. адзначана з’яўленнем шэрагу буйных твораў, напісаных пісьменнікамі старэйшага пакалення і тымі, хто прыйшоў у літаратуру ў час Вял.Айч. вайны. У 1954 Я.Колас завяршыў працу над трылогіяй «На ростанях», П.Пестрак — раманам «Сустрэнемся на барыкадах» — панарамнай карцінай жыцця і змагання працоўных Зах. Беларусі. Шматбакова ўзноўлены нядаўнія падзеі Вял.Айч. вайны ў эпічных творах «Векапомныя дні» М.Лынькова (1948—58), «Мінскі напрамак» І.Мележа (1950—52), «Расстаёмся ненадоўга» А.Кулакоўскага (1953—54). Аповесць «У Забалоцці днее» Я.Брыля (1950), раманы «Святло над Ліпскам» М.Паслядовіча (1949—52), «У добры час» І.Шамякіна (1953) пра пасляваен. жыццё бел. вёскі. Для прозы гэтага часу характэрны тэндэнцыі спрошчанага, схематычнага падыходу да адлюстравання рэчаіснасці, што тэарэтычна абгрунтоўвалася «тэорыяй бесканфліктнасці». З 2-й пал. 1950-х г. літаратура, асабліва проза, умацоўвае сувязі з рэчаіснасцю, становіцца больш праўдзівай і шчырай. Фактар непасрэднай адпаведнасці жыццю становіцца асноўным у вызначэнні характару літаратуры. Празаічныя творы ўражваюць больш жыццёвай, адкрыта ідэйнай навізной, чым мастацкай. Тагачасная грамадская патрэба праўды жыцця і праўдзівасці, шчырасці голасу аўтара ярка і адкрыта засведчылі сябе ў лірычнасці і публіцыстычнасці, у звароце да жывога факта і дакумента. Новыя тэндэнцыі выявіліся ў аповесцях «На Быстранцы» Я.Брыля (1955), «Нявестка» (1956), «Дабрасельцы» (1958) А.Кулакоўскага, у нарысах-апавяданнях І.Шамякіна (1953—60). Характэрным для творчасці гэтых пісьменнікаў, як і для літаратуры наогул, быў выразны і моцны сатыр. струмень. У 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. у прозу прыйшлі В.Адамчык, А.Асіпенка, В.Быкаў, У.Дамашэвіч, У.Караткевіч, А.Карпюк, І.Навуменка, І.Пташнікаў, Б.Сачанка, М.Стральцоў, І.Чыгрынаў, пазней — А.Кудравец, П.Місько. Проза стала больш праўдзівай і багатай у адлюстраванні жыцця і выяўленні пачуццяў, больш дасканалай і разнастайнай сваімі маст. якасцямі. Вызначальныя якасці буйных празаічных твораў 1960—1-й пал. 1980-х г. — праўда жыцця, адлюстраваная ў літаратуры і ўзятая як сістэма фактаў у іх шырокім гіст.-часавым ахопе, у гіст.-сац. абумоўленасці, і шчырасць аўтарскіх адносін да яе, увасобленая не толькі ў эмацыянальнай атмасферы, але і ва ўсёй маст. сістэме: раманы «На парозе будучыні» (1961), «Гарадок Устронь» (1968), «Шэметы» (1980) М.Лобана, «Людзі на балоце» (1961), «Подых навальніцы» (1965), «Завеі, снежань» (1976) І.Мележа, «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973), «Смутак белых начэй» (1979) І.Навуменкі, «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля (1963), «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978), «Петраград—Брэст» (1983) І.Шамякіна, «Засценак Малінаўка» А.Чарнышэвіча (1964), «Каласы пад сярпом тваім» (1965), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), «Чорны замак Альшанскі» (1979) В.Караткевіча, «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужынцы» (1983) І.Чыгрынава, «Чужое неба» (1975), «Вялікі Лес» (1984) Б.Сачанкі, «Пушча» В.Карамазава (1978), «Чужая Бацькаўшчына» (1977), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985) В.Адамчыка, «Неруш» В.Казько (1981), «Знак бяды» В.Быкава (1982); аповесці Я.Брыля, В.Быкава, А.Васілевіч, А.Жука, А.Кудраўца і інш. Для гэтых твораў характэрна шырыня ахопу жыцця, моцная грамадска-сац. насычанасць, гуманістычнасць аўтарскай канцэпцыі. Важныя гіст. падзеі асэнсоўваліся і пераасэнсоўваліся аўтарамі ў іх непасрэднай суаднесенасці з канкрэтным жывым чалавекам. І ад таго, што вобраз чалавека суадносіўся з важнымі сац. падзеямі, ён узбуйняўся, набываў ідэйна-маст. значнасць. Менавіта ў такіх вобразах выразна адчуваецца непаўторная духоўная асоба аўтара, яго ўзровень эстэт. мыслення, здольнасць раскрываць гісторыю народа ў сац. змесце, паказваць сучаснасць, яе духоўны і грамадскі патэнцыял. Адпаведнасць самым актуальным грамадска-сац. праблемам сучаснасці ў І.Шамякіна; глыбокая заземленасць у стыхію нар. жыцця і важнасць праблематыкі ў І.Мележа; шырыня і актыўнасць духоўных пошукаў у Я.Брыля; пякучы роздум над лёсам простага чалавека ў часы вайны, мэтанакіраванае сцвярджэнне яго каштоўнасці ў В.Быкава; жаданне, даследуючы нар. жыццё ў вайне, разабрацца ў няпростых людскіх лёсах у І.Навуменкі, Б.Сачанкі, І.Чыгрынава; выяўленне глыбінь нар. характару, сцвярджэнне яго маральнай сілы і прыгажосці ў І.Пташнікава; імкненне праз шэрую штодзённасць убачыць драматызм і прыгажосць жыцця ў А.Кудраўца; палкае жаданне далучыць сучасніка да гісторыі народа, глыбокае яе даследаванне і ўслаўленне ў У.Караткевіча.
З’явіліся і іншыя творы гіст. жанру: «Англіцкая сталь» (1966), «Дыярыуш Мацея Белановіча» (1976) Б.Сачанкі, «На струнах буры» Л.Арабей (1967), «Прадыслава» В.Іпатавай, «Мсціслаўцаў посах» Э.Ялугіна (абодва 1971), «Пры апазнанні — затрымаць» В.Хомчанкі, «Петраград—Брэст» І.Шамякіна (абодва 1983), «Памяць пра легенды» К.Тарасава (1984). Для В.Іпатавай і К.Тарасава гіст. тэма ў далейшай іх творчасці стала асноўнай. І.Мележ і М.Лобан шукалі ў мінулым вытокі тых сац. з’яў, якія асабліва турбавалі іх грамадз. сумленне.
Свет І.Мележа — багаты рэальны свет простых людзей у іх адзінстве з прыродай, у душэўнай шчырай сувязі з зямлёй, у супярэчлівым, складаным бытавым і сац. перапляценні. Жыццё ў «Палескай хроніцы» ўспрымаецца як бы роўнае, тоеснае самому сабе, г.зн. як жыццё рэальнае. Шырынёй гіст. погляду, глыбінёй сац. даследавання, маштабнасцю і моцным напаўненнем аўтарскай думкі, тонкім, бездакорным аналізам псіхалогіі зусім непадобных сваім унутр. зместам чалавечых характараў, эпічнай разгорнутасцю і глыбока асабістымі адносінамі да ўсяго, што адбываецца, майстэрствам маст. жывапісу, глыбока арганічным адчуваннем нар. моўнай стыхіі «Палеская хроніка» стала адным з самых значных дасягненняў бел. літаратуры. Форма хронікі, яе жанравая і сюжэтна-кампазіцыйная структура, спакойная, паглыблена-нетаропкая манера апавядання, задуменна-лірычны агульны тон як нельга лепш адпавядаюць падзеям, жыццёваму матэрыялу, што з’яўляюцца рэальнай асновай твора.
Эпічна-хранікальная панарамная форма ўзнаўлення рэчаіснасці ў 1960-я г. і пазней была даволі пашыранай і мела прыкметныя набыткі: творы В.Адамчыка, А.Васілевіч, М.Лобана, І.Мележа, І.Навуменкі, Б.Сачанкі, А.Чарнышэвіча, І.Чыгрынава. У 1960—80-я г. тэма вайны, партыз. барацьбы стала для бел. літаратуры нац. тэмай: па значнасці маст. набыткаў, па колькасці напісанага, па ахопе і глыбіні даследавання жыццёвага матэрыялу. Асобнае месца ў бел. прозе на тэму Вял.Айч. вайны займаюць творы В.Быкава. У аповесцях «Жураўліны крык» (1960), «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962), «Пастка» (1964) вызначальнай рысай была крывавая праўда вайны, якую называлі акопнай. Паступова жыццёвы матэрыял вайны, напоўнены драматызмам, выкарыстоўваецца і для вырашэння маральна-этычных задач сучаснасці. Трансфармуецца і жанравая структура, яна становіцца гранічна цэнтраімклівай і ідэйна жорсткай. «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць» (1965), «Праклятая вышыня» (1968), «Сотнікаў» (1970), «Яго батальён» (1975), «Знак бяды» (1982), «Кар’ер» (1986) — найб. характэрныя, творча і жанрава вызначальныя на творчым шляху пісьменніка.
Адметнае месца ў ваен. прозе і па праблематыцы, і па маст. якасцях займае раман «Птушкі і гнёзды» Я.Брыля. Гэты раман — адзін з самых асабістых твораў пісьменніка не толькі паводле духоўна-эмацыянальнай напоўненасці, але і насычанасці падзеямі і фактамі аўтабіягр. характару і зместу. «Птушкі і гнёзды» — так метафарычна выказана ў самой назве асн. думка твора. Радзіма — сюжэтна-кампазіцыйны і ідэйны цэнтр рамана.
Пра жахі вайны, пра знішчэнне цэлых вёсак з людзьмі, пра неверагоднасць здзейсненага сказалі пісьменнікі пакалення дзяцей вайны: Б.Сачанка ў аповесці «Апошнія і першыя» (1966), І.Пташнікаў у аповесці «Тартак» (1967). Пазней былі створаны «Хатынская аповесць» (1972), «Карнікі» (1980) А.Адамовіча, «Суд у Слабадзе» В.Казько (1978), кніга-памяць «Я з вогненнай вёскі...» А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка (1975).
З’явіліся раманы і аповесці, у якіх паўстае ўсенар. гераічная трагедыя: «Пушчанская адысея» (1964) і «Партрэт» (1982) А.Карпюка, «Вогненны азімут» А.Асіпенкі (1965), «Сярод ночы» (1968), «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980) Л.Арабей, «Мы з Санькам у тыле ворага» (1968), «Мы — хлопцы жывучыя» (1970) І.Сяркова, «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), «Белы сокал» (1981), «Маршрут ад Клічава», «Хлебарэз» (абодва 1983) А.Кулакоўскага, «Калянае лісце» П.Місько (1979), «Верай і праўдай» (1976), «Літасці не чакай» (1982), «Памерці заўсёды паспееш» (1983) А.Савіцкага, «Вяртанне ў агонь» В.Хомчанкі (1978), «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985) А.Марціновіча, «У падзямеллі» (1983) і «Палон» (1989) М.Аўрамчыка, пенталогія «Трывожнае шчасце» (аповесці «Непаўторная вясна», 1957; «Начныя зарніцы», 1958; «Агонь і снег» і «Пошукі сустрэчы», 1959; «Мост», 1965), «Шлюбная ноч» (1975), «Гандлярка і паэт» (1976) І.Шамякіна.
Літаратура гэтага перыяду звярталася і да праблем сучаснасці. Раманы «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978) І.Шамякіна, «Непрыкаяны маладзік» А.Асіпенкі (1971), яго ж аповесць «Жыта» (1966), раман «Васількі» А.Кулакоўскага (1972), аповесці «Німфа» У.Дамашэвіча, «Запіскі Занядбайлы» Б.Сачанкі (абедзве 1977) — творы, якія адгукаюцца на надзённыя пытанні. Літаратура 1960—80-х г. сцвярджае самакаштоўнасць, самаўдасканаленне чалавечай асобы. Чалавек і абставіны, чалавек і навакольны свет, чалавек і грамадства — вызначальныя кірункі маст. даследавання чалавека, яго духоўна-творчых памкненняў.
Раманы «Мсціжы» (1970) і «Алімпіяда» (1984) І.Пташнікава надзелены жыццёвасцю ў сваіх падзеях, сітуацыях, характарах, абставінах і разам з тым насычаны паэтычнасцю. У аповесці «Раданіца» (1970) і рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984) А.Кудраўца сцвярджаецца і развіваецца традыцыя праўдзівасці і чалавечнасці ў асэнсаванні звычайнага, штодзённага жыцця. Такая тэндэнцыя адбілася на творчасці пісьменнікаў, якія прыйшлі ў бел. прозу пазней: А.Варановіч, В.Гігевіч (у першых кнігах), Г.Далідовіч, А.Жук, Л.Калодзежны. У гэты перыяд раскрыўся і талент Я.Брыля: аповесці «Ніжнія Байдуны» (1975), «Золак, убачаны здалёк» (1978), нарысы, эсэ, мініяцюры.
Апавяданні, эсэ «Загадка Багдановіча» (1968), аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970) М.Стральцова пазначаны тонкім адчуваннем рухаў чалавечай душы, дакладнасцю акварэльнага малюнка, чысцінёй эмацыянальнага тону, высокапашанлівымі адносінамі да слова. Моцны лірычны пачатак уласцівы і прозе Я.Сіпакова: кн. «Крыло цішыні» (1976), «Жанчына сярод мужчын» (1980); філас. прыпавесці.
Змены, што адбываліся з сярэдзіны 1980-х г. у значнай ступені закранулі духоўную сферу жыцця. Перыяд перабудовы і пачатку новага этапу адраджэння ў значнай ступені працягваў працэс, распачаты ў нац. літаратуры ў 2-й пал. 1950—60-х г., — да канца рэабілітаваў літаратуру мінулага, далучыў яе да гіст.літ. кантэксту, тым самым узбагаціўшы і значна паглыбіўшы яго. Сучасная літаратура адчула больш багатую, больш разнастайную нац. аснову. Пераклады сусв. літаратуры на бел. мову далучылі нац. літаратуру да сусв.літ. працэсу. Новы літ. перыяд вылучыў на першы план агульназначныя моманты бытавання і існавання літаратуры: мастак і жыццё, жыццёвая і маст. праўда. Адчуванне і разуменне новага, яго ўваходжанне ў творчы працэс, у творчае самаадчуванне адбывалася ў мастакоў слова паступова і псіхалагічна даволі складана. Чула рэагуе на рэаліі часу Я.Брыль: аповесць «Муштук і папка» (1990), кн. «Пішу як жыву», «Вячэрняе» (абедзве 1994), «Дзе скарб ваш» (1997). У творах, напісаных тымі, хто перажыў турмы, высылкі, найперш выклікае цікавасць сама рэальнасць, сведчанні часу, праяўленні чалавечых магчымасцей: «Такія сінія снягі» (1988), «Зона маўчання» (1990), «З воўчым білетам» (1991) С.Грахоўскага, «Яжовыя рукавіцы» (1989), «Пекла» (1991) П.Пруднікава, «Мая Галгофа» Я.Бяганскай (1990), «Споведзь» Л.Геніюш (1991), «Аповесць для сябе» Б.Мікуліча (1993), «Успаміны Платона Крэня» (1998) і яго «Унжлаг» (1999). Бел. проза спрабуе паказаць трагічны мацярык пакут і смерці ў самых розных праявах, што прымушае чалавека задумацца пра сябе, іншых, народ.
З сярэдзіны 1980-х г. В.Быкаў стварае аповесці «У тумане» (1988), «Аблава» (1989), «Сцюжа» (1991), «Пакахай мяне, салдацік» (1995), «Ваўчыная яма» (1998), «Балота» (2001), кнігі апавяданняў «Сцяна» (1997), публіцыстыкі і эсэістыкі «Крыжовы шлях» (1998), прыпавесцей «Пахаджане» (1999), застаючыся паслядоўным у сцвярджэнні асноватворных маральных і эстэт. прынцыпаў. Для В.Быкава самае важнае — пазнаць магчымасці чалавека, выявіць у ім ступень духоўнасці і меру чалавечнасці.
У творах І.Шамякіна сучаснасць вымяраецца штодзённым жыццём, побытавымі клопатамі і турботамі, таму ацэнкі таго, што адбываецца ў жыцці, публіцыстычна выкрывальныя: аповесці «Paradis auf Erden» (1992), «Вернісаж» (1993), «Слаўся, Марыя!», «Роздум на апошнім перагоне» (абедзве 1998). Пісьменнік, чыя творчасць у папярэднія гады была па-сапраўднаму моцная вобразамі станоўчых герояў, носьбітаў перадавых для свайго часу грамадскіх ідэй, блізкіх яму самому, у сённяшнім жыцці станоўчага героя не бачыць: аповесці «Выкармак» (1996), «Звіхрэнне» (1998), раман «Губернатар» (2000). Па-сапраўднаму станоўчых герояў, людзей высокіх грамадскіх ідэалаў, сумленных, шчырых І.Шамякін знаходзіць у мінулым: у ваен. гадах («Зеніт») або сярод сваіх блізкіх («Слаўся, Марыя!»).
Пазіцыя прызнаваць у мінулым толькі нязначныя недахопы выразна праглядаецца ў раманах «Лабірынты страху» А.Асіпенкі (1992), «Цень крумкачовага крыла» А.Марціновіча (1991). І.Навуменка звяртаецца пераважна да мінулага, каб паказаць духоўны рост свайго любімага героя: «Дзяцінства» (1991), «Падлетак» (1993), «Юнацтва» (1994), «Любімы горад» (1996). Па-іншаму глядзіць у мінулае і ўспрымае сучаснасць А.Адамовіч у аповесцях «Венера, альбо Як я быў прыгоннікам» (1992), «Vixi» (1993). Мінулае для яго не толькі напоўнена паэзіяй і здзіўленнем адкрыцця свету, бо якраз у мінулым ён бачыць праявы жорсткасці, несправядлівасці, бесчалавечнасці.
У 1986—2000 — гады вял. змен і ўзрушэнняў, рэзкай змены этычных і эстэт. каштоўнасных арыенціраў і крытэрыяў. В.Адамчык раманам «Голас крыві брата твайго» (1990) скончыў тэтралогію пра трагічны лёс зах.-бел. вёскі ў часы даваен. і ваен. ліхалецця. І.Чыгрынаў раманамі «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1994) завяршыў пенталогію — шырокае эпічнае палатно пра партыз. вайну ў бел. вёсцы. Непасрэдна асабісты пачатак становіцца вызначальным у творчасці Б.Сачанкі. Эсэістыка і публіцыстыка пранізваюць усё ім напісанае. Асаблівую цікавасць ён праяўляе да гісторыі, піша пра малавядомыя старонкі жыцця і творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, драм. лёс бел. эміграцыі, духоўныя набыткі, нар. побыт і звычаі як выяўленне характару і светапогляду («Вечны кругаварот», 1986), родныя мясціны Палесся («Родны кут», 1987), маці («Пад сузор’ем сярпа і молата», 1993), чарнобыльскую бяду («Запіскі аб радыяцыі», «Паездка ў зону», абодва 1990). Апавяд. «Львы» (1987), «Арчыбал» (1988), «Францужанкі» (1997), «Тры пуды жыта» (1998), «Пагоня» (1999), «Ірга каласістая» (1996), матэрыялы мемуарнага характару «Што застаецца ў памяці» (1992), «Ненапісаная аповесць» (2002) І.Пташнікава з’яўляюцца арганічным развіццём усяго напісанага ім раней. Пісьменнік паглыбіў філас. змест, давёў ранейшае драм. гучанне да сапраўды трагічнага, пашырыў жанравыя межы апавядання за кошт яго ўзбагачэння жыццёвым матэрыялам і за кошт паглыбленай вобразнай сістэмы. Для твораў А.Кудраўца канца 20 ст. характэрна выяўленне і сцвярджэнне ў звычайным чалавечым жыцці праяў высокіх духоўных якасцей, таго, што робіць чалавека прыгожым, што выпраменьвае цяпло дабрыні (аповесць «Двое за нізкім столікам», 1991). Чуйна ўлоўлівае этычныя і эстэт. запатрабаванні сучаснасці Я.Сіпакоў: аповесці «Кулак» (1989), «Блуканні па іншасвеце» (1994), кн. паэм у прозе «Ахвярны двор» (1991), прытчаў «Тыя, што ідуць» (1993) і інш. Ва ўсіх яго творах, аб’яднаных павагай да чалавека, клопатам пра яго і болем за яго, адчуваецца подых гісторыі, далёкага і больш блізкага мінулага, бачыцца жаданне ўбачыць будучыню. Пастаяннай скіраванасцю на адкрыццё новага, на пошук вызначаюцца творы В.Казько. Ён не надта імкнецца пашыраць жанравую прастору сваёй творчасці, не гоніцца за найноўшымі эстэт. павевамі. У пошуках адказу на пытанні, якія ставіць сённяшняе жыццё, ён і яго героі звяртаюцца да мінулага, захаванага асабіста іх памяццю, а таксама да мінулага, якое захоўвае нар. памяць у міфах і паданнях. Пошукі адказу на пытанні маральнага зместу, сэнсу быцця ў сучасным свеце абумоўліваюць ускладненасць маст. формы і вобразнай структуры: «Сад, або Заблытаны след рамана» (1986), «Но Пасаран» (1990), «Прахожы» (1995), «Да сустрэчы» (1997), «Бунт незапатрабаванага праху» (2001).
Адной з самых значных тэм бел. літаратуры канца 20 ст. стала Чарнобыльская катастрофа: публіцыстыка А.Адамовіча, раман «Злая зорка» І.Шамякіна (1993), «Чарнобыльская малітва» С.Алексіевіч, аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» В.Казько (1991), «Краем белага шляху» В.Карамазава (1992), «Імем Айца і Сына» Т.Бондар (1993), «Ваўчыная яма» В.Быкава (1998), дакумент. аповесць «Сталі воды горкія» В.Гігевіча і А.Чарнова (1991), творы У.Глушакова, І.Канановіча, Л.Левановіча, Б.Сачанкі і інш. Агульная тэндэнцыя даверу літаратуры да жыцця народа, да гісторыі, даверу да асабістага вопыту і ў сувязі з гэтым узмацненне суб’ектыўнага пачатку ў маст. форме па-свойму выявіліся ў творах пісьменнікаў, дзяцінства якіх прыпала на гады вайны: раманы «Шчыглы» (1986), «Дзікая ружа» (1992), «Сіняе лета» (1998) Л.Левановіча, «Хлопцы, чые вы будзеце?» П.Місько (кн. 1—2, 1989—92), «Закон прыцяжэння» (1987) Я.Радкевіча, «Трэба было жыць» А.Рыбака (1990), «Не праспі сваю долю» У.Дамашэвіча (1993), «Уліс з Прускі» (2000), «Усход» У.Гніламёдава (2003); аповесці «Вырай» В.Блакіта (1986), «Кім і Валерыя» (1986), «Перавал. Лісты да сына» М.Гіля (1997), «Адна — долі жадна» (1993), «Лішнія дзеці, або Амплітуда жаданняў» (1999) У.Дамашэвіча, «Падарунак маладым» (1986), «Палескае лета» М.Капыловіча (1996), «Мёртвая крыніца» Я.Міклашэўскага, «Мы з Санькам — артылерысты...» І.Сяркова (абедзве 1989), «Імярэк» М.Клебановіча, «Трывожна шумяць ясакары» Н.Маеўскай (абедзве 1992), «На маяку», «Чаромхавыя халады» (абедзве 1993) М.Воранава, «Лесавікі» А.Масарэнкі (1994), «Узяць пад варту ў зале суда» Л.Левановіча (1995), «Кельты не ўміраюць» А.Лойкі (1997), «Пад схіленым дрэвам» (1997), «Бог чуе таго, хто плача» (2000) У.Паўлава, «Ніль Адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999), «Самыя кароткія ночы» П.Місько, «Валацуга» А.Варановіча (абедзве 2000) і інш. У аповесці «Сны пра маму» А.Жука (1997), кн. «Мама» У.Ліпскага (1999), паэме ў прозе «Кукавала зязюля» З.Прыгодзіча (2000) маці ўвасабляе вёску, свет вёскі, з’яўляецца носьбітам тых адвечных каштоўнасцей, якія назапашваліся ў душы чалавека праз яго ўзаемаадносіны з зямлёй, з навакольным светам. Драматызмам вылучаюцца аповесці «Лес» Х.Лялько (1986), «Праклятая любоў» А.Жука (1990), «Ці то грэбля, ці то гаць» (1996), «Бласлаўлёныя зёлкі» (1997) В.Гардзея і інш. Становішча вёскі як аснова нац. самаадчування прымушае думаць пра гісторыю народа, пра дзяржаўнасць. З такога разумення гісторыі ўзнікла трылогія Г.Далідовіча: раманы «Гаспадар-камень» (1986), «Пабуджаныя» (1988), «Свой дом» (1989). Асобныя адказы на пытанні, пастаўленыя сучаснай вёскай — пытанні сац.-гаспадарчага і духоўнага зместу — шукае пісьменнік і ў гадах пасляваен. (раман «Заходнікі», 1992).
У канцы 20 — пач. 21 ст. з’явілася літаратура гіст. зместу і характару. Звяртаецца да гісторыі І.Шамякін. Далёкая мінуўшчына зацікавіла А.Карпюка (аповесць «Белая Дама», 1991). Нац.-рэв. падзеі 19 ст. ў аснове аповесці «Стрэл у акно» В.Хомчанкі (1988). Велічная постаць бел. друкара, асветніка і філосафа ўвасоблена ў рамане-даследаванні «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» А.Лойкі (1989). Я.Сіпакоў звярнуўся да язычніцкага мінулага. Зварот да гісторыі надаў творчасці пісьменнікаў сапраўднае сучаснае гучанне, забяспечыў яе нац. аптымізм, вызначыў сённяшнюю духоўную запатрабаванасць. Творчы роздум над мінулым і сучаснасцю народа скіравалі ўвагу Г.Далідовіча ў 13 ст. да бел.дзярж. вытокаў: раман «Кліч роднага звона» (1999). Дзякуючы гіст. раманам «Меч князя Вячкі» (1987), «След ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (1990) творчасць Л.Дайнекі стала набыткам нац. літаратуры. У раманах «Залатая жрыца Ашвінаў» (1999), «Альгердава дзіда» (2001), аповесцях «За морам Хвалынскім», «Агонь у жылах крэменю» (абедзве 1989), «Вяшчун Гедзіміна» (2000) В.Іпатавай гіст. аснова, насычанасць канкрэтным матэрыялам, займальны сюжэт, жывая форма апавядання, псіхалагічна дакладныя і духоўна змястоўныя чалавечыя характары. Раман «Крыж міласэрнасці» В.Коўтун [1988) прысвечаны жыццёваму і творчаму лёсу Цёткі.
Асаблівасць сучаснага літ. працэсу — наяўнасць у ім прыкметнай плыні фантаст. зместу. Нават у творах пісьменнікаў рэаліст. светаўспрымання ёсць сюжэты, сітуацыі, калізіі, вобразы, матывы выразна фантаст. характару: прыпавесці В.Быкава, аповесці «Выратуй і памілуй нас, чорны бусел» (1991), «Прахожы» (1995) В.Казько, «Блуканні па іншасвеце» Я.Сіпакова (1994) і інш. У найб. ступені фантаст. элемент прысутнічае ў творчасці пісьменнікаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў 1980—90-я г. Момант навуковасці ўласцівы фантаст. раманам «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» Л.Дайнекі (1992), «Не забывай пра дом свой, грэшнік» (1989), «Кентаўры» (1993) В.Гігевіча, яго аповесцям «Карабель» (1988), «Марсіянскае падарожжа» (1989), «Палтэргейст» (1992).
З 2-й пал. 1980-х г. выходзяць кнігі аповесцей і апавяданняў У.Арлова «Дзень, калі ўпала страла» (1988), «Рандэву на манеўрах» (1992), «Пяць мужчын у леснічоўцы» (1994) і інш., а таксама аповесці А.Федарэнкі «Гісторыя хваробы» (1989), «Смута» (1991), «Такое кароткае лета» (1994), «Вёска» (1995), «Шчарбаты талер» (1997) і інш. Выразна заявілі пра сябе А.Асташонак, Г.Багданава, А.Казлоў, А.Наварыч, У.Рубанаў, Л.Рублеўская, Б.Пятровіч, Ю.Станкевіч, У.Ягоўдзік і інш. У сучасным літ. працэсе проза ўсё больш узбагачаецца і пашыраецца новымі творамі.
Драматургія. У 2-й пал. 20 ст. прыкметна павялічылася ўвага да бел. драматургіі і на ўзроўні ўрадавых інстанцый, і ў асяроддзі непасрэдных творцаў — пісьменнікаў, тэатр. работнікаў, выдаўцоў. Прыняты шэраг урадавых пастаноў, скіраваных на паляпшэнне спраў у драматургіі і тэатры. На гэты ж час прыпадае адзін з самых інтэнсіўных прытокаў новых сіл. Актывізавалася публікацыя п’ес у перыёдыцы і асобнымі выданнямі. З другога боку, «тэорыя бесканфліктнасці» стала адной з прычын адставання драматургіі. Лакіроўка, прыхарошванне рэчаіснасці, паказ канфліктаў добрага з лепшым уласцівы п’есам «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Дарагі госць» Ю.Рудзько (абедзве 1950), «Неспакойныя сэрцы» А.Кучара (1952), «Стопрацэнтны фечасан», «Як пасцелеш — так і выспішся» (абедзве 1953), «У ціхім кутку» (1954) А.Рылько, «Гарачыя галовы» У.Краўчанкі, «Наталля Крыўцова» А.Маўзона (абедзве 1954) і інш. Нават К.Крапіва паказваў рэчаіснасць пасляваен. калгаснай вёскі ў залішне мажорных фарбах. Яго лірычная камедыя «Пяюць жаваранкі» (1950) напісана таленавіта, прынамсі, такіх яркіх — па перадачы падзейнага антуражу (сцэны сватання), па моўнай каларыстыцы (багацце метафар, параўнанняў, афарызмаў), па майстэрстве псіхал. характарыстыкі персанажаў было не шмат, аднак ёй уласціва аблегчанасць асэнсавання рэальных супярэчнасцей жыцця. К.Крапіва, адчуўшы на сваім уласным вопыце, якую шкоду прыносіла бесканфліктнасць усім жанрам літаратуры, і асабліва драматургіі, з артыкуламі «Аб сатырычнай камедыі» (1953) і «Канфлікт — аснова п’есы» (1954) выступіў супраць ідэалагічнай рэгламентацыі творчага працэсу. Пад уздзеяннем «тэорыі бесканфліктнасці» драматургію паступова пакідаў высокі накал страсцей і пачуццяў, маральныя катаклізмы ўсё часцей выцясняліся спакойнымі сцішанымі калізіямі, што прывяло да паслаблення псіхалагізму, кампазіцыйнай аморфнасці, хадульнасці пафасу, здрабнення характараў і тэм. Самым актыўным барацьбітом з «тэорыяй бесканфліктнасці» быў А.Макаёнак. Надрукаваўшы шэраг аднаактовых п’ес «Добра, калі добра канчаецца» (1945), «Перад сустрэчай», «Першае пытанне» (абедзве 1950), «Аксеніна цялушка» (1951), «Жыццё патрабуе» (1960), у якіх асэнсаванне рэчаіснасці рэалізоўвалася ў аб’ектывізавана-ілюстрацыйных формах, ён у 1953 завяршыў сатыр. камедыю «Выбачайце, калі ласка», у якой рэзка, бескампрамісна высмеяў практыку бяздушнага адміністравання, паказушніцтва і ашуканства. Гэтая камедыя атрымала значны грамадз. і маст. рэзананс, стала пачынальніцай пратэстнай плыні ў сав. драматургіі. Да гэтай плыні адносяцца таксама сатыр. камедыі «У ціхім завулку» А.Маўзона (1955), «На крутым павароце» К.Губарэвіча (1956), у якіх востра ставілася праблема маральнай адказнасці чалавека перад сабой, грамадствам і часам. З’явілася і новае: выкрыццё мяшчанства, крытыка чыноўніцтва высокага рангу абвастрылася наяўнасцю ў п’есе калізіі, звязанай з рэпрэсіямі 1930-х г. Вобразы бацькі і сына Мякішавых — творчая ўдача А.Маўзона, але астатнія персанажы ахарактарызаваны прыблізна, амаль адсутнічала псіхал. абгрунтаванасць большасці сюжэтных сітуацый. Гэтыя недахопы — тыповыя для многіх п’ес, напісаных у 2-й пал. 1950 — пач. 1960-х г. Настойлівае імкненне драматургаў пашырыць тэматычны дыяпазон маст. асэнсавання рэчаіснасці, іх жаданне ставіць вострыя праблемы жыцця вельмі рэдка надавала творам сапраўдную актуальнасць. Многія драматургі імітавалі вастрыню, і барацьба ў іх творах адбывалася толькі з ценем зла, а не з самім злом. У гэты час у драматургію прыйшло шмат маладых творцаў, і з усёй вастрынёй паўстала неабходнасць павышэння прафесійнага майстэрства. І.Дорскі ў п’есе «Шчасце» (1956) зрабіў спробу падсвятліць асэнсаванне побытавых перыпетый тагачаснага жыцця святлом адвечнай праблемы чалавечага шчасця, аднак жаданай маштабнасці, абагульненасці вывадаў не дасягнуў, бо ў жорстка схематызаванай канструкцыі твора (добры сакратар абкома разам з такім жа прагрэсіўным калегам з райкома паспяхова пераадольваюць бюракратызм чыноўнікаў на карысць простым людзям) застывала развіццё дзеі і характараў. Зададзенасць аўтарскіх вывадаў, нівеліроўка характараў адбілася на п’есах т.зв. маладзёжнай тэматыкі «Аркадзь Жыгалкін» Я.Пасава (1957), «Незвычайная сустрэча» В.Зуба (1958), «Трэці лішні» М.Алтухова (1959), «Калі любіш» М.Гарулёва, «Дзяўчына з камвольнага» А.Дзялендзіка (абедзве 1962), «Салодкі месяц» К.Губарэвіча (1968), у якіх па-мастацку пераканаўча ставяцца праблемы выбару моладдзю жыццёвых шляхоў, маральнай адказнасці за свае ўчынкі. Нетрывіяльны погляд аўтара на нядаўнюю гісторыю і сучаснасць зах.-бел. вёскі ў п’есах «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела. У першай з іх пісьменнік, даследуючы праблему ўзаемаадносін уласнасці і чалавечай годнасці, абапіраўся на пастулаты здаровага нар. сэнсу. Антыўласніцкі пафас вельмі выразны і ў драме «Над хвалямі Серабранкі» («Канчане — суседзі мае»), дзеянне якой адносіцца да сярэдзіны 20 ст.
На мяжы 1950—60-х г. пачаў выступаць у драматургіі І.Шамякін. У яго п’есе «Не верце цішыні» (1957) ёсць вострая, па сутнасці дэтэктыўная, інтрыга, займальнасць сюжэту, напружанасць развіцця дзеяння, але няма глыбіні ў псіхал. характарыстыцы персанажаў, таму гісторыя перараджэння былога сав. партызана ў мацёрага агента адной з замежных разведак атрымалася малапераканаўчай. У п’есе «Выгнанне блудніцы» (1961) характар гал. героя, журналіста і паэта Васіля Гаворкі, раскрываецца і ў слове-дыялогу, і ў справе-дзеянні, дзякуючы чаму вобраз атрымаўся каларытны, псіхалагічна верагодны, хаця яму бракуе асобаснай маштабнасці. Сац. маштабнасці і маст. выразнасці не хапае і героям драмы «Чалавек вярнуўся» П.Васілеўскага (1959), прысвечанай вяртанню да сумленнага жыцця бел. хлопца, завербаванага ў свой час замежнай шпіёнскай арганізацыяй. Цікавыя жыццёвыя калізіі, у якіх ярка раскрываліся характары дзейных асоб, у п’есе «Любоў, Надзея, Вера...» П.Васілеўскага (1960), аднак у ёй праследуюцца схематызаванасць і павярхоўнасць вырашэння канфлікту.
У пач. 1960-х г. зноў павысілася ўвага да распрацоўкі праблем сучаснасці. Аднак п’есы «Злавацца не трэба» В.Зуба (1960), «Справа яе жыцця» А.Гутковіча і Ф.Казоўскай (1962), «Цвёрды арэшак» М.Алтухова, «А куды ж нам падзецца?...» К.Губарэвіча (абедзве 1963), «Куды ідзеш, Сяргей?» А.Маўзона (1965) не ўзняліся да значных маст. абагульненняў. Толькі А.Макаёнак сваёй «Лявоніхай на арбіце» (1961) пераканаўча даказаў, што пры майстэрскім асэнсаванні матэрыялу надзённая рэчаіснасць можа стаць асновай для напісання яркага і змястоўнага твора. П’есе ўласціва шматграннасць паказу рэчаіснасці, наяўнасць чалавечых характараў, маст. вобразаў, напісаных драматургам аб’ектыўна, глыбока, без скоўвання іх светапоглядных, валявых і духоўных памкненняў. Дзейсным характарам у барацьбе з «тэорыяй бесканфліктнасці» з’явілася распрацоўка гіст.-рэв. тэматыкі, выкліканая святкаваннем 40-годдзя Кастр. рэвалюцыі, БССР і КПБ. Серыя гіст.-рэв. п’ес стала прарывам у новыя сферы маст. выразнасці, удалай спробай асэнсавання складаных сац. працэсаў і гіст. шляхоў бел. народа. Характэрныя асаблівасці драматургіі гэтага жанрава-выяўл. пласта — строгае захаванне прынцыпаў гістарызму, адмаўленне ад наменклатурнага выбару персанажаў — у цэнтры твораў характарныя героі, а не функцыянеры са службовым становішчам. Імкненнем убачыць вялікае ў «простым» чалавеку вылучаюцца драмы «Год дзевяцьсот семнаццаты» П.Васілеўскага, «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча, «У бітве вялікай» А.Маўзона, «Дні нараджэння» І.Мележа (усе 1957). Настойлівае, а часам нават палемічнае падкрэсліванне асноватворчай ролі народа ва ўсіх сац.-гіст. працэсах было для бел. драматургіі надзвычай плённым, паколькі яна заўсёды арыентавалася на распрацоўкі нар. характараў, на маст. даследаванне глыбінных праяў нар. духу. Але ў творах, прысвечаных больш даўняй мінуўшчыне, гісторыя прадставала ў выразна белетрызаваным выглядзе: драма «Лявоніха» П.Данілава (1960) пра антыфеад. выступленні бел. сялян у першыя гады пасля рэформы 1861.
Збавенне ад бесканфліктнасці многія драматургі бачылі ў выбары матэрыялу, які генетычна грунтаваўся на супярэчнасцях і барацьбе, напр., зварот да падзей Вял.Айч. вайны: «Брэсцкая крэпасць» («Цытадэль славы») К.Губарэвіча (1952). Адкрытая канфліктнасць сітуацый ваен. часу пазбаўляла драматургаў ад неабходнасці адшукваць прапорцыі паміж добрым і лепшым. Аднак патрыят. памкненне пісьменнікаў уславіць подзвіг народа, паказваючы ўсё новыя і новыя факты гераізму, нярэдка было па-мастацку бездапаможным. Існавала прымітывізацыя драматургічнага канфлікту, калі спрацоўваў прынцып адналінейнасці: сутыкненні гранічна палярызаваных сіл, рэзкае размежаванне на сваіх і чужых, надзяленне герояў толькі станоўчымі або толькі адмоўнымі якасцямі. Не ўсім удалося раскрыць і асэнсаваць праблему гераізму як вельмі тонкую, шматузроўневую праблему псіхалагізацыі чалавечых характараў і ўчынкаў: драма «Юныя мсціўцы» А.Гуткевіча і У.Хазанскага (1957), прысвечаная подзвігу ўдзельнікаў Обальскай падп. камсамольскай арганізацыі. Арыентуючыся перш за ўсё на падзею маладыя драматургі фактычна праігнаравалі характар як важнейшы атрыбут драматургічнай творчасці. Прывязваючы характары да падзей, пісьменнікі дасягалі толькі фактаграфічна-сітуацыйнай дакладнасці: драмы «Выбух» М.Алтухова і М.Гарулёва (1958), «Час любві і нянавісці» Я.Пасава (1959), «Марат Казей» В.Зуба (1963) і інш. Удалая спроба паглыбіць рэчышча асэнсавання ваен. тэматыкі, скіраваць яго на шлях філас. угрунтаванасці, псіхал. ускладненасці, выяўл. шматмернасці зроблена ў драме «Людзі і д’яблы» К.Крапівы (1958). Гэта тэндэнцыя плённа выявілася ў пазнейшых п’есах «Першы ўрок» К.Губарэвіча (1967), «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (1974) В.Быкава.
З канца 1960-х г. у бел. драматургіі пачаўся новы ўздым творчых пошукаў. Трагікамедыі «Зацюканы апостал» (1969) і «Трыбунал» (1970) А.Макаёнка адкрылі новыя гарызонты мастацкай выразнасці, садзейнічалі ўсталяванню арыентацый на асэнсаванне, вырашэнне вельмі сур’ёзных, асноватворчых праблем. Менавіта такія праблемы пакладзены ў аснову сатыр. камедыі-фантасмагорыі «Брама неўміручасці» К.Крапівы (1972). Значныя сац. пытанні ўздымаліся ў п’есах «Амністыя» (1970), «Апошняя інстанцыя» (1974) М.Матукоўскага, «Злыдзень» (1973), «Трывога» (1974) А.Петрашкевіча, «Экзамен на восень» (1975), «1 змоўклі птушкі» (1978) І.Шамякіна, «Сіні снег» (1975), «Шрамы» (1977) Я.Шабана. Агульная актывізацыя творчых пошукаў часткова закранула і гіст. драму. П’есы «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска» (абедзве 1978), «Калыска чатырох чараўніц» (1981), «Маці ўрагану» (1982) У.Караткевіча асэнсоўвалі жыццё беларусаў на пераломных, трагічна-драм. этапах гісторыі. Эпоха выдатнага асветніка Ф.Скарыны паўстала ў драме «Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча (1978). У 1970-я г. быў пік творчай актыўнасці А.Макаёнка: камедыя-рэпартаж «Таблетку пад язык» (1973), трагікамедыі «Кашмар» (1976), «Пагарэльцы» (1980), сентыментальны фельетон «Верачка» (1979).
Значных вынікаў дасягнула бел. драматургія 1980-х г. А.Макаёнак завяршыў трагікамедыю «Дыхайце эканомна» (1982), бліскучую антымілітарысцкую сатыру, п’есу-папярэджанне. Сцэнічна запатрабаванымі былі творы А.Петрашкевіча: публіцыст. драма «Соль» (1980) пра пагрозу экалагічнай катастрофы ў Салігорску, гіст. хронікі «Русь Кіеўская» («Гора і слава») і «Змова», трагедыя «Злавеснае рэха» (усе 1983), прысвечаная выкрыццю генацыдных злачынстваў фашыстаў, драма-рэквіем «У спадчыну — жыццё» (1985) пра лёс пасляваен. падлеткаў. Вострасюжэтныя, з выдатным сцэн. патэнцыялам п’есы А.Дударава: «Радавыя» (1984) пра Вял.Айч. вайну, «Парог» (1981), «Вечар» (1983), «Кім» (2001) на маральна-этычную праблематыку, драм. паэма «Чорная панна Нясвіжа» (2000). Павялічвалася прафес. майстэрства ў п’есах Г.Марчука: «Тушканчык і чароўны чамаданчык» (1982), «Вясёлыя, бедныя, багатыя» (1984), «Альдона, Анета, Анфіса», «Ясь, Яніна і каралева Аварыя», «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» (усе 1985). Адна з адметнасцей 1980-х г. — прыход у драматургію паэтаў і празаікаў. Некат. з іх, не адчуўшы да сябе зацікаўленасці з боку тэатраў, абмежаваліся напісаннем адной-дзвюх п’ес: «Бацька і сын» (1982), «Гультаі» (1985) А.Карпюка, «Птушкі між маланак» І.Навуменкі (1982), «Доктар Русель» У.Дзюбы (1985), «Раіна Грамычына» В.Адамчыка (1989) і інш. Для іншых захапленне драматургіяй стала больш глыбокім: «Пасля разводу» (1980), «Зямля не даруе» (1987) Л.Леановіча, «Іскры ўначы» (1982), «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (1984) А.Асташонка, «Вокны» (1984), «Сівы бусел» (1985) В.Ткачова. Н.Гілевіч напісаў больш за 10 п’ес самага рознага жанрава-стылёвага і ідэйна-тэмат. напаўнення: камедыі «Не кажы, гоп» (1971), «Формула годнасці» (1972), «Першая ноч на курорце» (1977), драмы «Начлег на буслянцы», «Патрыярхальны Дзядовіч» (абедзве 1975), «Мы скора завітаем зноў» (1977), «Забяспечым маме здароўе», «Камень з магілы продкаў» (абедзве 1978), аднак пастаўлена была толькі адна — «Патрыярхальны Дзядовіч» Бел. тэлетэатрам (1981). Другая адметнасць 1980-х г. — актыўная фемінізацыя персанальнага складу драм. твораў: «Іван Світаннік» (1981), «Шукайце кветку-папараць» (1985), «Зуб мудрасці» (1986), «Мора, аддай пярсцёнак (1987) Г.Каржанеўскай, «Казка пра цара Юрыка і каваля Рымшу» (1981), «Балада пра белую вішню» (1984), «Вясновая песня» (1985) С.Клімковіч, «Цётка Малання з Асаўца» Р.Баравіковай (1984), «Канёк-гарбунок» (1984), «У абдымках вятроў» (1985), «Дудка-самагудка» (1988) З.Дудзюк, «Памяць па сходнай цане» В.Іпатавай (1985) і інш. Асаблівых гендэрных адметнасцей гэтыя п’есы ў сабе не заключалі. Трэцяя адметнасць 1980-х г. — запавольванне дынамікі якаснага росту драматургіі ў сувязі са зменай пакаленняў. Хоць пэўны рэзананс атрымала камедыя «Мудрамер» М.Матукоўскага (1987), з’явіліся гіст. хронікі «Звон — не малітва», «Следчая справа Вашчылы» (абедзве 1988), «Ігракі» (1989) І.Чыгрынава.
З сярэдзіны 1980-х г. актывізаваўся зварот да гіст. тэматыкі: «Князь Вітаўт» (1987), «Палачанка» (1998) А.Дударава, «Судны дзень Скарыны» М.Арочкі, «Прарок для Айчыны» А.Петрашкевіча (абедзве 1990), «Барбара Радзівіл» Р.Баравіковай (1994), «Саламея і яе амараты» С.Кавалёва (1996). Побач з асэнсаваннем гіст. мінулага шмат увагі аддавалася праблемам сучаснай рэчаіснасці. Ва ўсёй складанасці і супярэчлівасці паўстала жыццё сучасніка ў п’есах «Сабака з залатым зубам» У.Сауліча (1993), «Пятля часу» Р.Баравіковай, «Сям’я для старога сабакі» А.Ждана, «Вірус» Г.Каржанеўскай, «Стары і дарога» В.Ткачова, «Багаты кватарант» А.Федарэнкі (усе 1995), «Заложнікі шчасця» З.Дудзюк, «Збродныя душы» М.Клебановіча, «Блудны муж і Варвара» Г.Марчука, «Абраннікі лёсу» А.Паповай (усе 1997), «Яблычны Спас» А.Дзялендзіка (1998). Звярнуліся драматургі і да найвялікшай экалагічнай катастрофы 20 ст. — Чарнобыльскай. З маральнага боку гэта праблема даследуецца ў п’есах «Хто вінаваты» (1989) і «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» (1990) І.Чыгрынава, «Бездань» М.Матукоўскага (1991), «Адцуранне» А.Дударава, «Сылгалі Богу, сылгалі» А.Ждана, «Дагарэла свечачка да палічкі» А.Петрашкевіча (усе 1993), «Усміхаўся месяц белай вішні» В.Ткачова (1996) і інш.
Плённа развівалася драматургія для дзяцей. Большасць п’ес створана на аснове фалькл. сюжэтаў або з выкарыстаннем прыёмаў фалькл. паэтыкі. У п’есах «Усміхніся, прынцэса» У.Ягоўдзіка (1990), «Каляровая затока» (1992), «Страшнік Гам» (1993), «Навагодні дэтэктыў» (1996), «Маленькі збраяносец» (1998) П.Васючэнкі, «Хохлік» (1993), «Дарога на Віфлеем» (1998) С.Кавалёва, «Жывая вада», «Сінязорка» (абедзве 1994), «Канікулы на астэроідзе» (1997) З.Дудзюк, «Янук, рыцар Мятлушкі» Л.Рублеўскай, «Чарадзейныя суніцы» А.Якімовіча (абедзве 1994), «Чарнабог» Г.Каржанеўскай (1996) адвольна сінтэзуюцца сюжэты бел. і сусв. фальклору. Прынцыпова новая з’ява ў драматургіі канца 20 ст. — з’яўленне п’ес-рымейкаў, сучасных адаптацый твораў даўняй бел. літаратуры. Паводле «Камедыі» К.Марашэўскага і «Птушкі шчасця» Ф.Аляхновіча У.Рудаў напісаў п’есу «Камедыя пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і чорта, які страціў сэнс існавання» (1997). Сюжэты «Аповесці пра Баву» і «Аповесці пра Трышчана», кнігі Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», п’ес Ф.У.Радзівіл «Распуснікі ў пастцы», К.Марашэўскага «Камедыя», Ф.Аляхновіча «Птушка шчасця» С.Кавалёў зрабіў асновай сваіх рымейкавых п’ес: «Звар’яцелы Альберт, або Прароцтвы шляхціца Завальні» (1991), «Трышчан ды Іжота» (1995), «Люстэрка Бландоі» (1996), «Стомлены д’ябал» (1999), «Францішка, або Навука кахання» (2000) і інш.
У драматургіі канца 20 ст. ўзніклі павевы мадэрнізму і постмадэрнізму. Пісьменнікі малодшага пакалення распачалі «культывацыю» паэтыкі абсурдысцкага тэатра. У фарсе-абсурдзе «Галава» І.Сідарука (1992) зададзенасць сюжэтнай будовы, якая спатрэбілася аўтару для надання п’есе парабалічнай формы, не магла не прывесці да схематызму, а разам з тым і да змярцвення ўсёй дзеі. У п’есах «Ку-ку» (1991) і «Лабірынт» (1997) М.Арахоўскаму ўдалося дасягнуць гарманічнай раўнавагі паміж рэальным і фантасмагарычным. Драматургі-эксперыментатары А.Асташонак («Драматургічныя тэксты», 1995), Г.Багданава («АС—лінія», 1997), А.Карэлін («Герда, альбо Горад, у якім мы будзем шчаслівыя», 2001) і інш. даказалі, што выкарыстанне авангардысцка-мадэрнісцкай паэтыкі здольна пашырыць арсенал выяўл. сродкаў, што пошук нават з адмоўным вынікам прыносіць карысць развіццю жанру.
Маладыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у Я.Коласа. 1949.Беларускія пісьменнікі: М.Аўрамчык, А.Куляшоў, Б.Спрынчан, П.Панчанка, П.Дубашынскі (акцёр), М.Танк, І.Шамякін. 1975.М.Аўрамчык, У.Караткевіч, В.Быкаў у рэдакцыі часопіса «Маладосць». 1973.Беларускія і рускія пісьменнікі на сустрэчы з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКА 1920—80-х гадоў.
Сярод першых дзярж.муз. устаноў на Беларусі былі Нар. кансерваторыі ў Віцебску (1918), Гомелі (1919), Бабруйску (1921), якія пазней ператварыліся ў муз. тэхнікумы і школы. Значную ролю адыграла адкрыццё Бел.муз. тэхнікума ў Мінску (1924). У 1930 на яго базе была створана Бел. студыя оперы і балета (з 1933 Дзярж. тэатр оперы і балета Беларусі, з 1996 творчае аб’яднанне «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь»). Яго выпускнікі склалі аснову Дзярж.сімф. аркестра БССР (1927) і Дзярж.нар. аркестра БССР (1930), У 1932 адкрыты Бел. кансерваторыя (з 1994 Бел. акадэмія музыкі), у 1937 — Бел. філармонія. У 1938 створаны Саюз кампазітараў (у 1932—38 існавала як секцыя кампазітараў пры Саюзе пісьменнікаў БССР). У 1920-я г. закладзены асновы бел. кампазітарскай школы. Ля яе вытокаў стаялі М.Аладаў, А.Багатыроў, В.Залатароў, Р.Пукст, Я.Цікоцкі, М.Чуркін. У кампазітарскай творчасці 1920—50-х г. вызначальную ролю адыгрываў нац. фальклор, які развіваўся ў стылістычным рэчышчы рус. класічнай традыцыі. Жанравыя прыярытэты дзярж. палітыкі ў галіне музыкі — масавая песня (папулярныя хары, песні стваралі У.Алоўнікаў, М.Анцаў, І.Любан, Р.Пукст, Н.Сакалоўскі, У.Тэраўскі) і нац.муз.-тэатральны рэпертуар. Да 1-й дэкады бел. літаратуры і мастацтва ў Маскве (1940) былі прымеркаваны опера-легенда «Кветка шчасця» А.Туранкова, оперы на героіка-патрыят. тэму «У пушчах Палесся» А.Багатырова (паводле Я.Коласа), «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага і балет «Салавей» М.Крошнера (паводле З.Бядулі). Гэтыя тэматычныя кірункі захоўваліся да сярэдзіны 1950-х г. У акупіраваным Мінску адбылася прэм’ера оперы М.Шчаглова «Лясная песня». Пасля вайны побач з партыз. тэмай («Алеся» Я.Цікоцкага, «Андрэй Касценя» М.Аладава, «Марынка» Р.Пукста) з’явіліся гіст. («Кастусь Каліноўкі» Дз.Лукаса, «Надзея Дурава» А.Багатырова), нац.-легендарная (балет «Князь-возера» В.Залатарова). Значную ролю ў бел. музыцы 1920—50-х г. адыгрывалі вак.-сімфанічныя жанры (кантаты «Босыя на вогнішчы» Т.Шнітмана, «Над ракой Арэсай» М.Аладава, «Сказ пра Мядзведзіху» і «Беларускім партызанам» А.Багатырова; у камерна-вакальнай музыцы пераважалі рамансы на вершы Я.Купалы, М.Багдановіча; папулярнасцю карыстаўся жанр апрацоўкі бел.нар. песні. Бел. сімфанічная творчасць таго часу прадстаўлена жанрамі сімфаньеты (сярод лепшых — «Беларускія малюнкі» М.Чуркіна), сімфоніяй пераважна эпічнага складу (2-я М.Аладава, 4-я «Беларусь» В.Залатарова, 2-я Р.Пукста, 1-я і 2-я А.Багатырова, 3-я і 4-я Я.Цікоцкага), рознажанравымі праграмнымі творамі. З канца 1930-х г. развіваўся жанр інстр. канцэрта (для скрыпкі з аркестрам Г.Столава і П.Падкавырава, для фартэпіяна з аркестрам А.Клумава і Дз.Камінскага); камерна-інстр. музыка прадстаўлена інстр. ансамблямі, творамі для фартэпіяна. Сярод выканаўцаў 1920—50-х г.: хар. дырыжоры Р.Шырма, Г.Цітовіч, цымбаліст І.Жыновіч і дамрыст Г.Жыхараў, оперна-сімф. дырыжоры Б.Афанасьеў, І.Гітгарц, В.Дуброўскі, Л.Любімаў, М.Шнейдэрман; оперныя спевакі Л.Александроўская, І.Балоцін, М.Ворвулеў, М.Дзянісаў, С.Друкер, Р.Млодак. У муз. крытыцы выступалі Ю.Дрэйзін, А.Карповіч, Б.Смольскі.
Бел. музыка 1960—80-х г. вылучаецца дынамічнасцю развіцця, паралельным развіццём розных маст. тэндэнцый, пошукамі новых жанравых і індывідуальна-стылёвых вырашэнняў. Стылёвым арыенцірам у творчасці бел. кампазітараў Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, Э.Тырманд, К.Цесакова сталі традыцыі І.Стравінскага, Дз.Шастаковіча, С.Пракоф’ева. У творчасці С.Картэса, Дз.Смольскага, А.Янчанкі выявілася далучэнне да радыкальных тыпаў сучасных кампазітарскіх тэхнік (серыялізму, алеаторыкі). Абнаўленне муз. стылістыкі ў духу экспрэсіянізму выявілася ў творах антываеннага зместу: у 1960-я г. — камернай араторыі «Песні Хірасімы» Дз.Смольскага (на тэксты яп. паэтаў), «Эроіцы» А.Янчанкі (на тэксты Ю.Фучыка, П.Элюара, Т.Карповіча), вак.-сімф. паэме «Попел» С.Картэса (на вершы Э.Межэлайціса), у 1970-я г. — «Рэквіеме» Л.Шлег (на кананічныя і тэксты з кнігі А.Адамовіча, Я.Брыля і І.Калесніка «Я з вогненнай вёскі»), у 1980-я г. — у 2-й Сімфоніі «Памяці М.Гарсіі Лоркі» А.Соніна.
У 1960-х г. для кампазітарскай творчасці характэрны перавага сучаснай тэматыкі, сцвярджальны грамадз. пафас, інтэрнацыяналізм, манументалізм. У сістэме муз. жанраў пераважалі буйныя формы складанай муз. драматургіі: сімфонія, вак.-сімфанічная музыка, балет. У 1970-я г. ў муз. мастацтве пашырыліся рамант. тэндэнцыі, роля рэтраспекцыі і сінтэзу, на першы план выйшлі камерныя жанры. Актуалізаваліся праблемы нацыянальнага, набрала моц неафальклорная тэндэнцыя. Штуршком для яе развіцця побач з традыцыямі рус. «фальклорнай хвалі» з’явілася кантата «Беларускія песні» А.Багатырова. Значныя маст. дасягненні ў гэтым кірунку належаць кампазітарам В.Войціку, Г.Гарэлавай, Л.Захлеўнаму, А.Мдывані, В.Помазаву, Л.Шлег. Тэндэнцыі неакласіцызму характэрны творам Л.Абеліёвіча (арыя для скрыпкі і камернага аркестра), Г.Вагнера (2-я сімфонія для камернага аркестра, балет «Пасля балю»), А.Мдывані (3-я сімфонія «У стылі барока»), неарамантычная плынь — Г.Гарэлавай (паэма «Бандароўна», вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, Г.Ахматавай, Э.Верхарна).
Абнаўленне вобразнага зместу сімфоніі праявілася ў дамінаванні лірыка-драм. і лірыка-псіхалагічнай сімф. канцэпцыі: 1—3-я сімфоніі Л.Абеліёвіча; 4-я, 6-я, 7-я сімфоніі М.Аладава; 2—4-я сімфоніі Я.Глебава, 1—7-я сімфоніі Дз.Смольскага; 2-я, 6-я, 7-я сімфоніі Ф.Пыталева. Маст. цэласнасць твора абумоўлена скразным інтанацыйным развіццём; удасканальваўся інстр. стыль сімфоніі, узбагачаўся аркестравы каларыт. Жанравая індывідуалізацыя і міжжанравы сінтэз спрыялі нараджэнню сімфоній: канцэртнай (3-ія Я.Глебава і Дз.Смольскага з саліруючым фартэпіяна, 4-я Дз.Смольскага з саліруючай скрыпкай, 2-я У.Дарохіна з саліруючым струнным квартэтам) і вак. (5-я «Памяць зямлі» і 6-я «Полацкія пісьмёны» А.Мдывані, 3-я «Прысвячэнне Сапфо» А.Соніна). Стварэнне ў 1968 Дзярж. камернага аркестра Беларусі паспрыяла актыўнаму развіццю камерна-аркестравай музыкі: музыка для струнных С.Картэса, камерная сімфонія А.Залётнева, сюіта «Мемарыял» У.Дарохіна, канцэрт для аргана з камерным аркестрам А.Янчанкі. У жанры інстр. канцэрта побач з дынамічна віртуознымі, вострахарактарыстычным і канцэртам і Г.Вагнера і Дз.Камінскага для фартэпіяна, В.Войціка для кларнета, гратэскна-фантастычным «Капрычас» для фартэпіяна С.Картэса з’явіліся рамант.сімф. канцэпцыі фартэпіянных канцэртаў Л.Абеліёвіча і А.Соніна, канцэртаў для скрыпкі і габоя Г.Гарэлавай, для віяланчэлі У.Солтана. Маляўніча-канцэртны стыль вылучае паэмы «Крыжачок», «Бульба» А.Мдывані, сюіту-жарт «Вясковыя музыкі» і сюіту «Батлейка» В.Помазава для аркестра нар. інструментаў. У вак.-сімф. і харавых жанрах 1960—80-х г. побач з антываеннай (араторыя «Бітва за Беларусь» А.Багатырова, кантата «У год сусветнага пажару» Г.Гарэлавай) вядучымі становяцца тэмы лёсу паэта (манументальныя, шматпланавыя па вобразным змесце араторыі «Памяці паэта» С.Картэса, «Паэт» Дз.Смольскага на вершы Я.Купалы, драм. араторыя «Лісткі календара» А.Залётнева на вершы М.Танка) і жыцця бел. народа ў яго абрадах і звычаях (кантаты «Казацкія песні» В.Войціка, «Трава-мурава» Л.Шлег, сюіта «Сваток» Р.Суруса, харавы канцэрт «Прымхі» і харавы цыкл «Снапочак А.Мдывані, харавыя цыклы «Песні дзявочага кахання» Л.Захлеўнага і «Вяселле» В.Кузняцова, харавыя гульні «ладушкі» В.Кузняцова). Новыя тэндэнцыі ў балеце намецілі кірункі: лірыка-камедыйны Г.Вагнера («Падстаўная нявеста») і на сучасную тэму Я.Глебава («Мара»). Напружанае сімф. развіццё характэрна для муз. драматургіі балетаў Я.Глебава («Альпійская балада» паводле В.Быкава; «Выбранніца», у 2-й рэдакцыі «Курган» паводле Я.Купалы; «Тыль Уленшпігель»), Г.Вагнера («Святло і цені» паводле П.Броўкі і «Пасля балю» паводле Л.Талстога), У.Кандрусевіча («Крылы памяці»). Па заказах замежных т-раў балетныя партытуры стваралі Я.Глебаў («Маленькі прынц» паводле А.Сент-Экзюперы, Хельсінкі, паст. 1982; Масква, паст. 1983) і С.Картэс («Апошні інка», Гавана, паст. 1990). Пачалося аднаўленне опернай паэтыкі, якая ўзбагацілася прыёмамі эпічнага т-ра Б.Брэхта ў оперна-публіцыстычных дзействах «Джардана Бруна» і «Матухна Кураж» С.Картэса, «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера паводле В.Быкава, элементамі сімвалізму ў операх на гіст.-легендарныя сюжэты «Сівая легенда» Дз.Смольскага і «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана паводле У.Караткевіча. Больш традыцыйныя ў жанрава-драматургічных адносінах оперы Ю.Семянякі (лірыка-камічная «Калючая ружа», лірыка-эпічная «Зорка Венера», жанрава-бытавая з рысамі драмы «Новая зямля» паводле Я.Коласа). З’яўляюцца разнавіднасці оперы 20 ст.: камерная «Балаганчык» А.Янчанкі паводле А.Блока, тэлеоперы «Ранак» Г.Вагнера паводле А.Куляшова і «Францыск Скарына» Дз.Смольскага, радыёопера «Барвовы золак» К.Цесакова паводле І.Мележа. Адкрыццё ў 1970 дзярж. тэатра муз. камедыі паўплывала на развіццё жанраў аперэты і мюзікла. Доўгае рэпертуарнае жыццё на яго сцэне атрымалі «Паўлінка» Ю.Семянякі паводле Я.Купалы, «Несцерка» Р.Суруса, «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, «Міліянерша» Я.Глебава.
У бел. камерна-вакальнай музыцы дамінуюць шматпланавыя вак. цыклы маральна-філасофскага зместу, у т. л. «Зямное прыцягненне» Э.Тырманд і «Закон захавання матэрыі» С.Картэса на вершы М.Танка; вак. цыклы А.Багатырова на вершы П.Броўкі, Дз.Смольскага на вершы Я.Палонскага, 2 сшыткі рамансаў Л.Абеліёвіча на вершы Ф.Цютчава. У галіне камерна-інстр. музыкі таксама пераважаюць цыклічныя формы: ансамблі для розных складаў, струнныя квартэты, сюіты, санаты для розных інструментаў, цыклы праграмных мініяцюр. Шырока прадстаўлены «школы» і разнастайныя зборнікі п’ес інструктыўнага характару (найб. папулярныя ў навучальным рэпертуары творы Г.Вагнера, В.Карэтнікава, Г.Гарэлавай, Л.Шлег, Л.Мурашкі). Аднаўленне песеннага стылю ў 1960—80-х г. звязана з сінтэзам рыс масавай, лірычнай, бытавой, фалькл., эстраднай песні і раманса. Пашырылася кола стылявых арыенціраў, асіміляваліся эстэтычныя і муз.-тэхнічныя ідэі рок-музыкі, павысіліся патрабаванні да маст. якасцей паэтычнага тэксту. У канцэртнай практыцы 1970-х г. зарадзілася традыцыя цыклізацыі песень у буйныя кампазіцыі, аб’яднаныя агульнай ідэяй (паэма-легенда «Гусляр» І.Лучанка, паэма «Песня пра долю» на тэксты Я.Купалы і песенная праграма «Праз усю вайну» У.Мулявіна). На мяжы 1980—90-х г. створаны поп-опера «Максім» (на вершы М.Багдановіча) і опера-песня «Беларушчына» (на вершы Я.Купалы) І.Паліводы. У жанры песні працавалі І.Лучанок, Ю.Семяняка, Э.Ханок, У.Буднік, А.Елісеенкаў, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, У.Мулявін, В.Раінчык, А.Чыркун. Заслуга ў прапагандзе бел. песні за межамі Беларусі належала вакальна-інстр. ансамблям «Песняры», «Верасы», «Сябры». Актыўна прапагандавалі нац. музыку ў гэты перыяд філарманічныя калектывы, у т. л. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі імя Р.Шырмы, эстрадна-сімф. аркестр і хор Бел. радыё, струнны квартэт Саюза кампазітараў Беларусі. Штогод праводзяцца фестывалі; міжнар. «Беларуская музычная восень» (з 1974) і рэсп. «Мінская вясна» (з 1984). Муз.-выканаўчае мастацтва прадстаўлялі дырыжоры І.Абраміс, А.Анісімаў, Я.Вашчак, М.Казінец, Т.Каламійцава, В.Катаеў, У.Машэнскі, Б.Райскі, харавыя дырыжоры М.Дрынеўскі, В.Роўда, Ю. і Л. Яфімавы, спевакі З.Бабій, Л.Галушкіна, С.Данілюк, Т.Ніжнікава, Н.Руднева, А.Саўчанка, В.Чарнабаеў, І.Шыкунова, скрыпачы Л.Гарэлік, Р.Нодэль, піяністы І.Алоўнікаў, В.Шацкі, І.Шуміліна і інш.
Створаны ў 1933 у Мінску як Дзярж.т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 — Вялікі, з 1964 — акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыты ў будынку БДТ-1 спектаклем «Кармэн» Ж Бізэ (гал. ролю выконвала Л.Александроўская). Напачатку дзейнасць т-ра была скіравана на асваенне класічнага, найперш рус. рэпертуару: «Яўген Анегін» (1933) і «Пікавая дама» (1934) П.Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава (1933), «Князь Ігар» А.Барадзіна (1934), «Русалка» А.Даргамыжскага (1938). Значнымі падзеямі ў гісторыі т-ра сталі пастаноўкі бел.нац. опер «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (лібр. П.Броўкі), «У пушчах Палесся» А.Багатырова (лібр. Я.Рамановіча паводле аповесці Я.Коласа «Дрыгва»; абедзве 1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940, лібр. В.Барысевіч, Броўкі і П.Глебкі паводле драмы М.Чарота «На Купалле»), Яны адметныя пошукамі нац. спецыфічных сродкаў муз. стылістыкі, заснаванай на нар.-песенным меласе, сцэн. выразнасцю і арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй.
У Вял.Айч. вайну значная частка калектыву працавала ў г. Горкі, потым у г. Каўроў (Уладзімірская вобл., Расія), дзе ў канцэртным выкананні паказаны оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1943), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні і новая бел. опера «Алеся» Цікоцкага (лібр. Броўкі; абедзве 1944). Пастаноўкай «Алесі» (у гал. ролі Александроўская) у канцы 1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у вызваленым Мінску. У пасляваен. гады разам з рэпертуарным узбагачэннем удасканальваліся рэжысура і сцэн. вырашэнне спектакляў. Плённа працавалі рэжысёры Б.Пакроўскі («Алеся», «Кармэн», 1945) і Б.Мардвінаў («Пікавая дама»; «Рыгалета» Дж.Вердзі, абедзве 1948; «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны і «Князь Ігар», 1949; «Іван Сусанін» М.Глінкі, 1950), сцэнограф Нікалаеў. Нац. рэпертуар папоўніла опера «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947, лібр. М.Клімковіча), дзе ў гал. партыі выступіў М.Сярдобаў. У 1950-я г.асн. лінію дзейнасці т-ра вызначала фарміраванне нац. рэпертуару пад кіраўніцтвам Александроўскай. Пастаўлены оперы «Дзяўчына з Палесся» Цікоцкага (новы варыянт оперы «Алеся», 1953), «Надзея Дурава» Багатырова (1956, лібр. І.Келера), у якой рэалізаваны выканальніцкія магчымасці К.Кудрашовай, Л.Галушкінай, М.Ворвулева, паўторна паказана опера «Міхась Падгорны» (1957), дзе акцёрскім дасягненнем стаў вобраз Бабы-Лапатухі, створаны Т.Ніжнікавай. Народнасцю меласу і значнай драматургічнай роляй хароў вылучалася опера «Яснае світанне» Туранкова (1958, лібр. А.Бачылы). Створаны першы нац. оперны спектакль для дзяцей «Марынка» Р.Пукста (1955, лібр. Э.Агняцвет). Класічны рэпертуар узбагацілі «Мазепа» і «Іаланта» Чайкоўскага (абедзве 1952; у гал. ролі Т Шымко), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Трубадур» Вердзі (1955), «Садко» М.Рымскага-Корсакава (1957). Лепшай рэжысёрскай работай Александроўскай стала «Аіда» (1953) Вердзі, якую вызначалі прадуманасць рэжысуры і выдатны акцёрскі ансамбль (Друкер, Кудрашова, Ворвулеў, М.Зюванаў, Лазараў). Падзеяй стала першая ў СССР пастаноўка камічнай оперы С.Манюшкі «Страшны двор» (1952, лібр. ў перакладзе на бел. мову М.Танка).
У 1950—60-я г. пастаўлены шэраг муз. камедый і аперэт: «Карневільскія званы» Р.Планкета (1959), «Цыганскі барон» (1960) і «Лятучая мыш» (1961) І.Штрауса. У 1960-я г. вызначальная роля належала маст. кіраўніку і гал. рэжысёру т-ра Дз.Смолічу. Яго пастаноўку оперы Вердзі «Атэла» (1963) вылучае бліскучае муз. (дырыжор І.Абраміс) і акцёрскае ўвасабленне (З.Бабій, Н.Ткачэнка, І.Сарокін). Дасягненнем калектыву стала пастаноўка оперы С.Танеева «Арэстэя» (1963) пад кіраўніцтвам дырыжора Т.Каламійцавай. Сярод інш. пастановак тых гадоў оперы «Чыо-Чыо-сан» Пучыні (1953), «Пікавая дама» Чайкоўскага (1960), «Баль-маскарад» (1961) і «Трубадур» (1964) Вердзі, «Джаконда» А.Панк’елі (1962), «Любоўны напітак» Г.Даніцэці (1965), «Багема» Пучыні (1968), а таксама, складаная ў адносінах драматургіі опера С.Пракоф’ева «Заручыны ў манастыры» (1962). Героіка Вял.Айч. вайны ўвасоблена ў пастаноўцы «Брэсцкай крэпасці» К.Малчанава (1967). Бел. оперны рэпертуар папоўнілі камедыйныя творы Ю.Семянякі «Калючая ружа» (1960), з эфектнымі муз. фрагментамі і яскравымі сцэн. знаходкамі, і «Калі ападае лісце (1968; лібр. абедзвюх Бачылы). У 1945—60 у трупе працавалі спевакі Р.Асіпенка, Л.Бражнік, Ворвулеў, Галушкіна, А.Генералаў, У.Глазаў, Н.Гусельнікава, Г.Дзмітрыеў, Зюванаў, Кудрашова, Ніжнікава, Н.Нікеева, Б.Нікольскі, Т.Пастуніна, І.Сайкоў, Сярдобаў, Шымко, Р.Яўраеў; дырыжоры Абраміс, А.Брон, Каламійцава, Л.Любімаў, У.Пірадаў; рэжысёры Александроўская, А.Маралёў, Мардвінаў, Ю.Ужанцаў, У.Шахрай; мастакі Нікалаеў, П.Масленікаў, хормайстар М.Прысёлкаў.
У 1960-я г. вылучыліся спевакі новага пакалення В.Бруй, Л.Ганестава, В.Ганчарэнка, В.Глушакоў, В.Гур’еў, С.Данілюк, М. і П.Дружыны, Л.Златава, В.Кірычэнка, Сарокін, А.Саўчанка, В.Чарнабаеў, І.Шыкунова; дырыжоры Г.Дугашаў, К.Ціханаў, мастак Я.Чамадураў; хормайстры Т.Арлова, А.Кагадзееў; гал. канцэртмайстар С.Талкачоў. У 1970—80-я г., побач з узбагачэннем рэпертуару творамі опернай класікі і бел. кампазітараў, адбывалася актуалізацыя традыц. школы опернага мастацтва. Пачатак гэтага перыяду азнаменавала пастаноўка А.Дадышкіліяні «Хаваншчыны» М.Мусаргскага (1970; вобраз Марфы выканала Данілюк). Вял. роля ў абнаўленні тэатр. традыцый належыць рэж. С.Штэйну. які паставіў шэраг яскравых спектакляў. Маштабнасцю і глыбінёй муз. і рэж. інтэрпрэтацыі вызначалася яго сумесная з Я.Вашчаком работа над пастаноўкай «Барыса Гадунова» Мусаргскага (1974; у гал. партыі М.Зданевіч і Я.Пятроў). Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» (1971) і «Снягурачка» (1981) Рымскага-Корсакава, 2 новыя інтэрпрэтацыі «Пікавай дамы» Чайкоўскага (1972, 1983), «Дон Жуан» (1973) і «Вяселле Фігара» (1980) В.А.Моцарта, дзе выразна раскрыліся вак. майстэрства і сцэн. абаяльнасць Саўчанкі. Творчай удачай т-ра стала пастаноўка «Лаэнгрына» Р.Вагнера (1977, рэж. К.Г.Фіртэль, ГДР; у гал. ролях Данілюк, А.Дзедзік, Л.Шамчук, Сарокін). У нац. традыцыях увасоблена польск. рэж. Б.Янкоўскім «Галька» Манюшкі (1975). Выявілася цікавасць т-ра да італьян. оперы: «Сельскі гонар» П.Масканьі (1973), «Дон Паскуале» Даніцэці (1977; у гал. ролі Чарнабаеў), «Дон Карлас» (1979) і «Рыгалета» (1981) Вердзі, «Служанка-пані» Дж.Пергалезі (1981). Пастаноўка М.Ізворска-Елізар’евай «Дона Карласа» вызначалася ансамблевасцю, высокай сцэн. і пеўчай культурай (Пятроў, Н.Казлова, Н.Губская, Данілюк і Н.Галеева). Нац. рэпертуар папоўнілі оперы «Андрэй Касценя» М.Аладава (лібр. Глебкі), «Зорка Венера» Семянякі (лібр. Бачылы; абедзве 1970). Філас.-абагульненае ўвасабленне рэчаіснасці, паказ падзей мінулага ў жывой сувязі з нашым часам уласцівы спектаклю «Джардана Бруна» С.Картэса (1977, лібр. У.Халіпа; дырыжор Вашчак, рэж. Штэйн, мастак Я.Лысік). Асн. рысы кампазіцыі і стылістыкі оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978, лібр. У.Караткевіча) характарызаваў псіхалагізм вак. партый (Дзедзік, Шыкунова, Сарокін). Драм. экспрэсіяй адметная пастаноўка оперы «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера (1980, лібр. А.Вярцінскага і Штэйна паводле аповесці В.Быкава «Воўчая зграя»), У 1970-я г. калектыў т-ра папоўнілі салісты Ю.Бастрыкаў, А.Кеда, Л.Колас, Пятроў, А.Рудкоўскі, В.Скорабагатаў, В.Цішына, У.Экнадыёсаў; дырыжор У.Машэнскі; мастакі Я.Ждан, В.Левенталь. 1980-я г.т-р адзначыў шэрагам прэм’ер. Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Коласа пастаўлена опера «Новая зямля» Семянякі (1982, лібр. А.Петрашкевіча паводле аднайм. паэмы Я.Коласа) — спроба сінтэзу фалькл.т-ра і класічнай оперы. У 1989 пастаўлены адзін з лепшых нац. твораў — «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (лібр. С.Клімковіч паводле аднайм. аповесці Караткевіча; дырыжоры Вашчак і А.Анісімаў, рэж. В.Цюпа, мастак Э.Гейдэбрэхт; у гал. партыях Н.Кастэнка, Скорабагатаў, Экнадыёсаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. оперных прэм’ер «Вайна і мір» (1985, дырыжор Г.Праватораў, рэж. Штэйн, мастак Гейдэбрэхт) і першая ў СССР пастаноўка оперы «Мадалена» (1989) Пракоф’ева.
Музыкальнасцю і дынамізмам адзначаны спектакль «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1980, дырыжор Каламійцава; у гал. ролях Экнадыёсаў, Бастрыкаў, Колас, Кастэнка). Упершыню на Беларусі пастаўлены оперы «Кавалер руж» Р.Штрауса і «Чароўная флейта» Моцарта (1987), адноўлены оперы «Баль-маскарад» (1981), «Пікавая дама» (1983), «Іван Сусанін» (1984), «Севільскі цырульнік» (1986), «Яўген Анегін» (1986). У складзе трупы: спевакі Т.Глаголева, М.Гулегіна, М.Жылюк, Н.Залатарова, Л.Златава, Т.Кучынская, Г.Лукомская, М.Майсеенка, Э.Пелагейчанка, Пятроў, Н.Руднева, М.Рысаў, Цішына, мастакі Л.Ганчарова, Гейдэбрэхт, хормайстар Кагадзееў. У 1990-я г. рэпертуар т-ра ўзбагацілі нац. оперы «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992, лібр. В.Іпатавай паводле п’есы Л.Пракопчыка; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (1992, лібр. аўтара і Л.Глебавай паводле аднайм. рамана М.Булгакава) і «Візіт дамы» Картэса (1995, лібр. Халіпа паводле п’есы «Візіт старой дамы» Ф.Дзюрэнмата; дырыжор Праватораў, рэж. М.Пінігін, мастак З.Марголін; у гал. партыях Руднева і Пелагейчанка). У 1994 адбылася прэм’ера оперы Дз.Шастаковіча «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (лібр. А.Прэйса паводле аднайм. аповесці М.Ляскова), пастаноўка якой вылучалася экспрэсіўнай муз. стылістыкай у спалучэнні з дзейснай рэжысурай і сцэнаграфіяй (дырыжор Анісімаў, рэж. Ізворска-Елізар’ева, мастак В.Окунеў; у гал. партыях Залатарова і Т.Цівунова, В.Кавальчук). Сярод новых пастановак таксама камічная опера «Шлюбны вэксаль» Расіні (1998). Асаблівасць дзейнасці т-ра гэтага часу — выкананне зах.-еўрап. опер на мове арыгінала. Створаны новыя версіі спектакляў «Тоска» Пучыні (1991), «Іаланта» Чайкоўскага (1993), «Рыгалета» (1994), «Травіята» Вердзі (1997), «Паяцы» Р.Леанкавала (1999), «Кармэн» Бізэ (1995), «Князь Ігар» Барадзіна (1996). Т-р практыкуе форму канцэртна-сцэн. паказу: оперы «Барыс Гадуноў» Мусаргскага (1998), «Лючыя ды Ламермур» Даніцэці (у гал. партыі В.Курбацкая) і «Набука» Вердзі (1999; Бастрыкаў, Глаголева, А.Мельнікаў у гал. партыях), «Турандот» Пучыні (2000). Калектыў т-ра неаднаразова выступаў у Вял. т-ры ў Маскве і за мяжой. З 1990 г. на базе т-ра працуе Дзіцячы муз. тэатр-студыя, дзе пастаўлены шэраг спектакляў для дзяцей. У т-ры працавалі: гал. дырыжоры Гітгарц (1933—36), Грубін (1938—41), Брон (1944—48), Пірадаў (з 1948), Любімаў (1951—64), Дугашаў (1966—68), Ціханаў (з 1969), Вашчак (1972—80), Г.Праватораў (з 1984), А.Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. рэжысёры Златагораў (1939—40), Мардвінаў (з 1947), Александроўская (1951—60), Смоліч (1962—69), Дадышкіліяні (1972—76); гал. хормайстры Г.Пятроў (1933—37, 1945—50), А.Сцяпанаў (1937—41), М.Прысёлкаў (1951—59), Кагадзееў (1960—93); гал. мастакі Нікалаеў (з 1938), Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Э.Гейдэбрэхт (1984—90).
У складзе трупы (на 2000): нар.арт.СССР Саўчанка, нар. артысты Беларусі Бастрыкаў, Я.Пятроў, Руднева, Чарнабаеў, нар.арт. Расіі Пелагейчанка, засл. арт. Расіі М.Майсеенка, засл. артысты Беларусі Галеева, Губская, М.Дружына, Жылюк, Казлова, Мельнікаў, У.Пятроў, Скорабагатаў, В.Стральчэня, майстры сцэны Т.Варапай, А.Гардынец, Глаголева, М.Грыгорчык, Кавальчук, Курбацкая, С.Франкоўскі; канцэртмайстры засл. артысты Беларусі Г.Карант, Л.Талкачова, засл. арт. Бураціі Ж.Габа, артысты аркестра — засл. артысты Беларусі М.Баркоўскі, У.Тарашкевіч; дырэктар — маст. кіраўнік т-ранар.арт. Беларусі Картэс, гал. дырыжор — засл. дз. маст. Расіі Анісімаў, дырыжоры засл. дзеячы маст. Беларусі М.Калядка, Л.Лях; рэж. С.Цырук, гал. хормайстар — засл. дз. маст. Беларусі Ламановіч, мастак Ганчарова, мастак па касцюмах Э.Грыгарук. Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам балета Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Смольский, Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;
Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;
Мастацтва Беларусі. 1983. № 10;
Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2—3]. Мн., 1993—96.
Б.С.Смольскі, А.В.Казлоўская.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Тоска» Дж.Пучыні. 1991.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна з оперы «Кармэн» Ж.Бізэ. 1945.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага. 1974.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана. 1989.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Візіт дамы» С.Картэса. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКАЗНАЎСТВА
Станаўленне музыказнаўства на Беларусі пачалося ў 19 ст. з асвятлення ў перыядычным друку муз. жыцця, выканальніцкага мастацтва, публікацый бел.нар. песень з нотамі і іх муз.-этнаграфічных апісанняў. Асновы муз. фалькларыстыкі залажылі Р.Ігнацьеў, Л.Куба, Е.Раманаў, П.Шэйн, М.Янчук і інш. У пач. 20 ст. пытанням нац.муз. творчасці шэраг артыкулаў прысвяцілі бел. пісьменнікі М.Багдановіч, Я.Купала, Я.Колас, М.Гарэцкі, Ц.Гартны, З.Бядуля.
У 1920-я г. ў БССР ідэя беларусізацыі ў бел. культуры адбілася і на айч. музыказнаўстве. На старонках газет «Звязда», «Советская правда», «Белорусская коммуна», час. «Трыбуна мастацтва» і інш. узнімаліся пытанні падрыхтоўкі прафесійных муз. кадраў, стварэння муз. рабочых факультэтаў і студый, прапаганды муз. каштоўнасцей мінулага, пошуку кірункаў і стыляў у тагачаснай кампазітарскай творчасці, адпаведных культурнаму пералому. З рэцэнзіямі і артыкуламі на муз. творы і канцэртныя выступленні па праблемах фарміравання нац.муз. мастацтва выступалі Ю.Дрэйзін, Я.Загв, А.Крывіч і інш.
Асноўныя кірункі музыказнаўчых даследаванняў закладзены ў муз.-крытычнай дзейнасці Ю.Дрэйзіна. Ён першы звярнуўся да пытання пашырэння сеткі муз. навучальных устаноў, намеціў асноўныя шляхі фарміравання бел. музыказнаўчай навукі, філасофска-культуралагічнага даследавання муз. мастацтва, у т. л. месца і ролю бел. музыкі ў станаўленні нац. культуры, пераемнасці маст. традыцый, неабходнасці стварэння на Беларусі прафес. выканальніцкіх калектываў і інш.
У сярэдзіне 1920-х г. у час. «Трыбуна мастацтва» і інш. разгарнулася дыскусія пра неабходнасць стварэння нац. оперы, у якой прынялі ўдзел музыканты-выканаўцы, музыказнаўцы і частка бел. літаратараў. Адначасова зацікаўленасць нац. фальклорам абумовіла развіццё муз. фалькларыстыкі, якая даследавалася пераважна ў межах муз. падсекцыі Інбелкульта («Праграмы-інструкцыі для збіральнікаў музычна-этнаграфічнай творчасці А.Грыневіча ў часопісе «Наш край», 1925, №1); выйшлі фальклорныя зборнікі (1928, 1929). Нар. песні збіралі і апрацоўвалі У.Тэраўскі («Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый», 1921), М.Мацісон («Спеўнік дзеля двух- і трохгалосых дзіцячых хароў», 1925), М.Чуркін, А.Туранкоў, М.Аладаў («Зборнік беларускіх народных песень», 1928), Р.Шырма («Беларускія народныя песні», 1929), М.Равенскі («Пра зборнік песень, які надрукаваны на Беларусі для дзяцей дашкольнага ўзросту», 1928). Вывучэнне нар.-песеннай культуры закладзена ў даследаванні М.Равенскага «Гарманізаванне беларускіх народных песень маскоўскімі кампазітарамі» (1928). У працы М.Прывалава «Народныя музычныя інструменты Беларусі» (1928) дадзена першае апісанне тыпаў і відаў бел.нар. інструментаў і гіст. нарыс развіцця бел. інструментарыя.
У 1930-я г. сярод муз.-крытычных публікацый пераважалі прадмовы да новых оперных твораў бел. кампазітараў Я.Цікоцкага, М.Шчаглова-Куліковіча, А.Туранкова (Б.Смольскі, М.Зінчук, Л.Мухарынская), артыкулы-агляды (пра дзейнасць Бел. студыі оперы і балета), творчыя партрэты А.Туранкова, Р.Пукста, В.Залатарова, нарысы (серыя «Кампазітары—Кастрычніку» ў час. «Мастацтва і рэвалюцыя», 1932). З публікацыямі пра творчасць бел., рас., заходнееўрап. кампазітараў выступалі М.Шчаглоў-Куліковіч, А.Карповіч («Кветка шчасця», «Старэйшы беларускі кампазітар: А.Я.Туранкоў», «Творчасць А.В.Багатырова» і інш.). Напярэдадні 1-й Дэкады бел. мастацтва і літаратуры ў Маскве ўздымаліся пытанні стварэння нац. опер і балетаў, выканальніцкага майстэрства (М.Аладава, В.Яфімава), кампазітарскай творчасці (А.Багатырова, М.Крошнера, А.Туранкова, Я.Цікоцкага, М.Шчаглова-Куліковіча). Вял. ўвага аддавалася стварэнню навучальных дапаможнікаў; у 1933 выдадзены падручнік М.Мацісона «Пачатковая тэорыя музыкі для музшкол, музрабфакаў і першых курсаў музтэхнікума».
У пасляваенныя гады праблематыка муз. даследаванняў стала больш паглыбленай. Закладваліся асновы муз. тэарэтычнай навукі, муз. эстэтыкі, крытыкі, методыкі выкладання муз. дысцыплін. Разам з асвоенымі жанрамі творчага партрэта (С.Нісневіч, Л.Мухарынская), нарыса пра выканальніцкае мастацтва (Л.Мухарынская, Б.Смольскі, І.Жыновіч), пра оперу (М.Шчаглоў-Куліковіч, В.Сізко), сімфанічную музыку (В.Сізко) з’явіліся працы пра гіст. шляхі развіцця нац.муз. культуры: «Беларуская музычная культура» (1944), «Беларуская музыка: Кароткі нарыс гісторыі беларускага музычнага мастацтва» (ч. 1, 1953) М.Куліковіча; «Беларуская музыка за 40 год» Б.Смольскага (1957); серыя «Музычная культура саюзных рэспублік» Б.Смольскага, Г.Цітовіча, І.Нісневіча (1956, 1957). Этнамузыколагі працягвалі даследаваць вытокі бел.нар. музыкі, асаблівасці развіцця нар. песні ў сучасных умовах («Беларуская народная песня» М.Шыфрына, 1956; «Партызанскія песні Беларусі і іх складальнікі» Л.Мухарынскай, 1959). Выйшлі зборнікі бел.нар. песень Р.Шырмы, М.Чуркіна, Г.Цітовіча. Эстэтычныя праблемы нац.муз. мастацтва распрацоўвала А.Ладыгіна. Дасягненнем муз. педагогікі з’явіўся падручнік В.Яфімава «Элементарная тэорыя музыкі» (1948). Асноўныя кірункі музыказнаўчых публікацый 1960-х г. — даследаванне бел.нар.муз. творчасці і сучаснай бел.прафес. музыкі, вывучэнне рас.муз. культуры і папулярызацыя муз. мастацтва. Цэнтрамі навук. даследаванняў сталі сектар муз. мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, кафедра гісторыі і тэорыі музыкі Бел. кансерваторыі, Саюз кампазітараў Беларусі, пазней — муз.-пед. факультэт Мінскага пед. ін-та, мастацтвазнаўчыя кафедры Мінскага ін-та культуры.
У гэты перыяд асаблівая ўвага аддавалася вывучэнню бел.нар. музыкі. Пытанні гісторыі, тэорыі і эстэтыкі нац.муз. фальклору, стыляў і жанраў традыцыйнай і сучаснай бел.нар. песні сталі прадметам даследавання этнамузыкалогіі. Л.Мухарынская акрэсліла пытанні сучаснай этнамузыказнаўчай навукі, раскрыла інтанацыйныя, творчыя і стылявыя працэсы ў сучасным бел. песенным фальклоры, вызначыла месца нар. песні ў сістэме фальклору, адкрыла партызанскую песню як буйную з’яву бел.нар.муз. творчасці («Беларуская партызанская песня і яе аўтары», 1964; «Беларуская партызанская песня, 1941—45», 1968), вылучыла фактары, якія адлюстроўвалі станаўленне муз. мовы бел.нар. песні на сучасным этапе пад уплывам новых грамадска-сац. умоў («Меладычная мова сучаснай беларускай народнай песні», 1966). Тэарэтычныя асновы бел.муз. фальклору даследаваў В.Ялатаў: «Ладавыя асновы беларускай народнай музыкі» (1964), «Рытмічныя асновы беларускай народнай музыкі» (1966), «Меладычныя асновы беларускай народнай музыкі» (1970). Сярод значных работ 1960-х г. — даследаванні па гісторыі бел.муз.т-ра ў працах «Беларускі музычны тэатр» Б.Смольскага (1963), «Беларуская народная песня ў музычнай драматургіі нацыянальных опер і балетаў» С.Нісневіч (1962); публікацыі пра бел. сімфонію Г.Глушчанкі і К.Сцепанцэвіч (у манаграфіях «55 савецкіх сімфоній», 1961; «Савецкая сімфонія за 50 год», 1967), «Беларускі канцэрт» К.Сцепанцэвіч (1967), пра дзейнасць бел.дзярж. сімфанічнага аркестра Дз.Жураўлёва («Дзяржаўны сімфанічны аркестр Беларускай ССР», 1961). З’явіліся выданні, у якіх папулярызавалася музыка бел. кампазітараў («Школьнікам пра музыку» Г.Глушчанкі і К.Сцепанцэвіч, 1962), навучальныя дапаможнікі для муз. школ і вучылішчаў, хрэстаматыя па бел.муз. літаратуры, даведнік «Кампазітары Савецкай Беларусі» Дз.Жураўлёва(1966).
У 1970-я г. якасна павысіўся ўзровень навук. даследаванняў, пашырылася іх праблематыка. Сярод прыярытэтных кірункаў музыказнаўства: гісторыя нац.муз. культуры, тэорыя муз. мастацтва (жанраў, форм прафесійнай музыкі, муз. стылю, тэматызму і інш.), этнамузыкалогія. Гіст. вяхой на шляху стварэння першага сістэматызаванага даследавання пра працэс фарміравання і развіццё прафесійнай і нар.бел. музыкі з эпохі сярэдневякоўя і да 1960-х г., аналізу творчай дзейнасці нац. кампазітараў сталі манаграфіі-падручнікі «Гісторыя беларускай савецкай музыкі» (1971) і «Гісторыя беларускай музыкі» (1976), створаныя калектывам аўтараў (Г.Глушчанка, Л.Мухарынская, С.Нісневіч, Б.Смольскі, К.Сцепанцэвіч, Т.Шчарбакова). Праблематыка старажытнабел. культуры і вытокі кантавай культуры Беларусі ў 16—18 ст. аналізаваліся ў гіст.-тэарэтычных даследаваннях Л.Касцюкавец («Кантавая культура ў Беларусі», 1975). Тэарэтычныя праблемы музыказнаўства распрацаваны ў манаграфіях Г.Куляшовай («Пытанні драматургіі оперы», 1979; «Кампазіцыя оперы», 1983), у якіх опера разглядаецца як складаны маст. арганізм на сюжэтным, муз.-драматычным і структурным узроўнях. У манаграфічных нарысах Т.Дубковай («Беларуская сімфонія», 1974) разам з выяўленнем і разгляданнем новых тэндэнцый у бел.сімф. музыцы даследаваны вобразнасць, тэматызм, форма, муз. драматургія сімфоній, сродкі муз. выразнасці. Пэўныя мастацка-эстэтычныя якасці бел. музыкі, вузлавыя моманты працэсу развіцця жанру бел. інструментальнага канцэрта асвятляюцца ў манаграфіі «Беларускі фартэпіянны канцэрт» І.Назінай (1977). Тэарэтычнаму вывучэнню тагачаснага стану бел.муз. мастацтва садзейнічалі зборнікі «Музычная культура Беларускай ССР» (1977), «Пытанні тэорыі і гісторыі музыкі», «Зборнік артыкулаў па музычнаму мастацтву» (абодва 1976), «Музыка нашых дзён» (1969), «Беларуская музыка» (1975). Асаблівасці стылістыкі бел. музыкі, асобныя жанры бел., а таксама сусв.муз. мастацтва ў кантэксце сучаснай муз. творчасці разглядаліся ў артыкулах Н.Юдзеніч, Т.Ляшчэні, А.Салей, Р.Сергіенкі, Т.Шчарбаковай і інш. У ліку этнамузыказнаўчых публікацый 1970-х г.: работы Л.Мухарынскай («Беларуская народная песня: Гістарычнае развіццё», 1977), І.Назінай («Беларускія народныя музычныя інструменты: Самагукавыя, ударныя, духавыя», 1979; «Беларускія народныя музычныя інструменты: Струнныя», 1982), у якіх вывучаны працэсы гіст. эвалюцыі і функцыянавання асноўных відаў бел.нар.муз. інструментаў: самагудаў, ударных, духавых, струнных, а таксама бел.нар. найгрышаў. Харэаграфічны фальклор даследавала Ю.Чурко. Апублікаваны манаграфічныя даследаванні Л.Аўэрба, Т.Дубковай, Дз.Жураўлёва, Г.Куляшовай, І.Зубрыч і інш., прысвечаныя творчасці бел. кампазітараў, гіст.-пазнавальная літаратура пра дзейнасць творчых калектываў, муз. навучальных устаноў.
У 1980-я — пач. 2000-х г. пашырылася праблематыка даследаванняў, павысіўся навук. ўзровень публікацый і прафесіяналізм даследчыкаў. Працягвалася сістэматычнае вывучэнне гісторыі старадаўняй муз. культуры Беларусі, у навук. ўжытак уведзены ўзоры творчай спадчыны кампазітараў, адноўлены забытыя імёны дзеячаў мастацтва, педагогаў, выканаўцаў, якія працавалі на Беларусі ў 16—19 ст., ішоў пошук помнікаў прафесійнага муз. мастацтва мінулага. У гэтым кірунку вывучалася станаўленне айч.муз. культуры ў 10—18 ст. («Нарысы музычнай культуры Беларусі», 2000; «Музычная культура Беларусі XVIII ст.: Гісторыка-тэарэт. даслед.» В.Дадзіёмавай, 2002); фарміраванне арганнай культуры, выканальніцтва і кампазітарскай творчасці («Cantantibus Organis: Беларуская арганная культура ў кантэксце еўрапейскага музычна-гістарычнага працэсу» У.Неўдаха, 1999); гісторыя развіцця прафесійнага бел.муз. мастацтва 16 — пач. 20 ст. («Зайгралі спадчынныя куранты» В.Скорабагатава, 1998), муз. і маст. адукацыя ў 11—20 ст. («Музычная адукацыя ў Беларусі», 1980; «Мастацкая адукацыя ў Беларусі» В.Пракапцовай, 1999); спецыфіка муз. адукацыі і асаблівасці муз. практыкі ў езуіцкіх калегіумах і ордэнскіх навіцыятах 17 — пач. 19 ст. («Тэорыя харальных спеваў на Беларусі» Т.Ліхач, 1999); тэатральна-муз. культура Беларусі 18—19 ст. (Г.Барышаў, А.Капілаў); мастацтва муз. прыватнаўласніцкіх і школьных т-раў 18 ст. (Г.Барышаў, Л.Голікава, Н.Іўчанка); муз. культура бел. гарадоў 18 ст. (В.Дадзіёмава). Шэраг даследаванняў стараж.муз. культуры грунтуецца на вывучэнні асобных яе бакоў — творчасці кампазітараў і выканаўцаў 19 ст., якія зрабілі ўклад у развіццё айч.муз. мастацтва («Музычная культура Беларусі XIX — пачатку XX ст.» А.Капілава, А.Ахвердавай, 2000), гісторыі муз. мінулага [«Скрыпка беларуская» А.Капілава, 1982; «Музыка Беларусі XVII стагоддзя (Рыфматворны псалтыр)» Л.Касцюкавец, 1992; «Рыфматворны псалтыр» Сімяона Полацкага і Васіля Цітова: музычна-паэтычны, стылістычны і тэксталагічны аспекты» Л.Сідаровіч; «Сімяон Полацкі, Васіль Цітоў. «Рыфматворны псалтыр» пад рэд. Л.Сідаровіч; абедзве 1999]. Адначасова вывучаліся праблемы сучаснага бел.муз. мастацтва («Харавое мастацтва Беларусі XX ст.» А.Смагіна, 1998; «Беларускае народна-інструментальнае мастацтва: традыцыі і сучаснасць» Г.Мішурова, 2002; «Беларуская кантата і араторыя» Г.Куляшовай, 1987; «Народна-інструментальная музычная культура пісьмовай традыцыі ў Беларусі: спроба сістэмнага аналізу» Н.Яканюк, 2001; «Народная інструментальная культура Беларускага Паазер’я» А.Скорабагатчанкі, 1997); роля фальклору ў аднаўленні нац. стылю прафесійных бел. кампазітараў у кн. «Беларуская кампазітарская творчасць у яе сувязях з фальклорам: Гісторыка-метад. даслед.» В.Антаневіч (1999). Тэарэтычныя і метадалагічныя прынцыпы рас.муз. крытыкі канца 19 — пач. 20 ст. даследаваліся ў «Нарысах па гісторыі рускай музычнай крытыцы канца XIX — пачатку XX ст.» Г.Глушчанкам (1983); музыка побыту і рус. прафесійнай культуры 19 ст. ў працах Т.Шчарбаковай.
Абрадавая і пазаабрадавая нар. музыка, асаблівасці бел.нар. каляндарна-песеннай культуры прааналізаваны ў творах «Каляндарна-песенная культура Беларусі: Спроба сістэмна-тыпалагічнага даследавання» (1985), «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні Беларускага Палесся» (1982) З.Мажэйкі; «Песні Беларускага Панямоння» (1998), «Песні Беларускага Падняпроўя» (1999) Т.Варфаламеевай; у працы «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997) З.Мажэйкі і Т.Варфаламеевай.
Выдадзены манаграфіі пра гісторыю бел. балетнага тэатра, дзейнасць асобных выканаўцаў і пастаноўшчыкаў («Беларускі балет у тварах» Ю.Чурко, 1988) і сучаснае сцэнічнае танцавальнае мастацтва («Лінія, якая ідзе ў бясконцасць» Ю.Чурко, 1999), пра праблемы жанрава-стылістычных асаблівасцей балетнай музыкі («Балетны жанр як музычны феномен: Рус. традыцыя канца XVIII — пач. XX ст.» К.Дулавай, 1999).
У 1990—97 выйшла 4-томная праца «Музычны тэатр Беларусі», у якой дзейнасць муз.т-ра паказана як важная і неад’емная частка агульнага працэсу фарміравання нац. культуры, даследаваны гіст. этапы станаўлення і развіцця муз. тэатра ад вытокаў да канца 20 ст., муз.-сцэнічныя жанры — опера, балет, муз. камедыя, аперэта і музыка для драматычных тэатраў у іх стылявой разнастайнасці (Г.Барышаў, Л.Голікава, Т.Дубкова, А.Капілаў, Г.Куляшова, Т.Мдывані, Ю.Чурко, Н.Юўчанка і інш.).
У тэарэтычных муз. творах адлюстраваны тэндэнцыі развіцця бел.муз. мастацтва і бел. сімфанізму ў 2-й пал. 20 ст. (К.Сцепанцэвіч), тыпалагічныя рысы сучаснай бел. музыкі (А.Друкт), аналізуюцца новыя з’явы муз. культуры Беларусі («Беларуская музыка 1960—80-х гг.» Р.Аладавай, В.Антаневіч, Г.Глушчанкі, А.Карпілавай, К.Сцепанцэвіч, Л.Сцяпуры, Т.Якіменка, Н.Юўчанка і інш., 1997), авангардныя тэндэнцыі ў бел. музыцы (Р.Аладава, Г.Глушчанка, Т.Мдывані, В.Савіцкая).
У цэнтры ўвагі бел. музыказнаўцаў асэнсаванне стылявых заканамернасцей сучаснай бел. музыкі, яе жанравай разнастайнасці, пошукі ў галіне меласу, гармоніі, поліфаніі, формаўтварэння, муз. сродкаў выразнасці (Р.Аладава, В.Антаневіч, Б.Златавярхоўнікаў, Ю.Златкоўскі, Т.Ляшчэня, Т.Мдывані, В.Савіцкая, Р.Сергіенка, Т.Цітова, Т.Шчэрба, М.Шыманскі), праблемы метадалогіі сучаснага музыказнаўства (Т.Мдывані, Т.Шчарбакова, Н.Юдзеніч, Т.Якіменка), муз. псіхалогіі і сацыялогіі (І.Галавач, А.Галкін). Створаны падручнікі па гармоніі, сальфеджыо, поліфаніі, бел.нар. творчасці і інш. Актывізавалася выданне зборнікаў артыкулаў, у якіх асвятляюцца «Пытанні музыказнаўства» (1981), «Пытанні культуры і мастацтва Беларусі» (вып. 1—13, 1982—94). У зб-ках «Беларуская савецкая музыка на сучасным этапе: Тэарэт. нарысы» (1990) і «Тэарэтычныя праблемы сучаснай музыкі» (1992) асэнсоўваецца праблематыка нац. культуры ў кантэксце агульнасусветных маст. працэсаў, уздымаюцца праблемы драматургіі, формы, муз. мовы, стылістычных асаблівасцей музыкі. Выйшлі даведачная літаратура («Кампазітары Беларусі» Т.Мдывані, Р.Сергіенкі, 1997; «Музычны слоўнік беларуска-рускі і руска-беларускі», 1999; «З гісторыі музыказнаўства ў Беларусі», 2002), працы пра дзейнасць творчых калектываў і муз. навучальных устаноў, мемуарная літаратура («Л.П.Александроўская: Дакументальна-тэатр. раман» А.Ладыгінай, 2002). Вывучэнне гісторыі і тэорыі музыкі вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, Бел. акадэміі музыкі, Бел. ун-це культуры і інш.
Літ.:
Беларуская музыка 1960—1980 годов. Мн., 1997;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;
Из истории музыкознания в Беларуси. Белорусская государственная академия музыки, 1932—92. Мн., 2002.
Л.Ф.Голікава.
Кнігі пра беларускае музычнае мастацтва.Кнігі пра беларускае музычнае мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ БАРОКА (канец 16—1-я пал. 18 ст.).
Контррэфармацыя, што пачалася ў ВКЛ у 1570-я г., абумовіла ўзнікненне ў бел. літаратуры інш. кірунку, уздзеянне якога на творчасць пісьменнікаў паступова нарастала. Ідэолагі контррэфармацыі імкнуліся аднавіць традыцыі дарэнесансавай царк. культуры, хоць і не адмаўлялі дасягненняў эпохі Адраджэння. Кніга езуіта П.Скаргі «Жыціі святых» (1579) знаёміла правасл. чытачоў з багатай еўрап. агіяграфічнай літаратурай, прадстаўленай у новым барочным ракурсе. Моцнае ўздзеянне познасярэдневяковай літаратуры заўважаецца ў творчасці уніяцкага палеміста і гістарыёграфа Л.Крэўзы. Айч. традыцыі павучальнага і ўрачыстага красамоўства спрабаваў адрадзіць у сваіх пропаведзях правасл. апалагет Л.Карповіч. Элементы сярэдневяковага светапогляду заўважаюцца ў творчасці Афанасія Філіповіча. На працяглы час вядучым жанрам стала царк.-палемічная літаратура, якая развівалася з улікам рытарычных дасягненняў рэфармацыйнай публіцыстыкі, але яе асн. зместам стала палеміка вакол праблем, звязаных з прыняццем царк. уніі. Важную ролю адыгрывалі брацтвы, якія садзейнічалі кансалідацыі патрыят. сіл бел. і ўкр. народаў у барацьбе супраць польска-каталіцкага ўплыву і асімілятарскай палітыкі вярхоў Рэчы Паспалітай. Шырокі літ. рух перыяду позняга Адраджэння і ранняга барока ўключаў у пісьменніцкую дзейнасць людзей рознай культурна-рэліг. і моўнай арыентацыі (вялікае распаўсюджанне атрымалі творы, напісаныя беларусамі па-польску), рознага сац. паходжання і адукацыі, эстэт. густу і літ. таленту, што ў цэлым адыграла важную ролю для эпохі барока. Найб. глыбокім філас. і тэалагічным зместам вызначаюцца творы ініцыятара і прапагандыста царк. уніі П.Скаргі, які ў сваіх трактатах акрэсліў выгоды, што атрымаюць праваслаўныя ў выніку уніі, і пераконваў у неабходнасці развіцця ў Беларусі і Літве еўрап. сістэмы адукацыі, якая паслужыць пашырэнню сапраўднай навукі, росту інтэлектуальнага і культ. ўзроўню насельніцтва. Блізкія ідэі выказваў І.Пацей у шэрагу кніг, напісаных на польскай і бел. мовах («Унія», 1595; «Гармонія», «Рэляцыя», абедзве 1608, і інш.). З палемічнымі мэтамі аўтар выкарыстоўвае магчымасці маст. апавядання і аб’ектыўна паказвае цяжкае становішча правасл. царквы, знаёміць з умовамі і атмасферай, якая пануе сярод насельніцтва і змагароў за праваслаўе. Істотнае значэнне для развіцця палемічнай літаратуры меў калект.зб. «Пасланне да лацін з іх жа кніг» (каля 1580), складзены правасл. манахамі Супрасльскага манастыра. З гэтага твора пачынаецца сатырычны паказ каталіцызму, што ў далейшым паспрыяла станаўленню гумарыстычнай традыцыі.
Адным з найбуйнейшых прадстаўнікоў палемічнай л-ры быў аўтар «Трэнаса» М.Сматрыцкі. Сімвалізуючы становішча правасл. царквы ў вобразе жанчыны-маці, пісьменнік перасягнуў палемічную задачу і па-майстэрску адлюстраваў стан псіхалогіі чалавека, які жыве на пераломе эпох. Пасля прыняцця уніі М.Сматрыцкі ўжо выступіў супраць уласных твораў і пачаў абараняць ідэю аб’яднання цэркваў. Істотны ўклад у развіццё палемічнай публіцыстыкі зрабілі І.В.Руцкі, І.Кунцэвіч, М.Бранеўскі, С. і Л. Зізаніі, Г.Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, С.Косаў і інш. У выніку абвостранай барацьбы многія творы выходзілі ананімна або пад псеўданімамі (Арталог, Філалет, Клірык Астрожскі; «Антырызіс», «Перасцярога» і інш.). Сярод іх літ.-маст. якасцямі вызначаецца «Апакрысіс»’Хрыстафора Філалета, дзе аўтар намаляваў карціну сапраўднага жыцця народа і духавенства, з нац. пазіцый выкрыў спробы паланізацыі бел. і ўкр. насельніцтва.
Ва ўмовах крызісу рэнесансавага светапогляду, новых гіст.-палітычных рэалій (унія ВКЛ і Польшчы) развіццё агульнадзярж. бел.-літоўскага летапісання прыпыняецца, аднак працягваюць складацца мясц. летапісы. Выдатны помнік гіст. прозы таго часу — Баркулабаўскі летапіс, змест якога цесна звязаны з сял. побытам і нар. ўяўленнямі пра розныя гіст. падзеі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. У творы назіраецца павелічэнне ролі аўтарскага пачатку, некаторыя фрагменты змяшчаюць прамыя аўтабіягр. запісы. Пашырэнне культ. узаемасувязей з замежнымі краінамі выклікала цікавасць да гісторыі інш. народаў і зямель, што прывяло да пашырэння хранографаў. На аснове перакладзеных на бел. мову хронік М.Стрыйкоўскага і М.Бельскага, а таксама перакладных сярэдневяковых хронік, гіст. аповесцей і інш. крыніц у 17 ст. складзена «Вялікая хроніка» — своеасаблівая кампіляцыя па сусв. гісторыі. Спалучэнне розных літ. крыніц пры вызначальнай ролі летапісання назіраецца ў гісторыка-мемуарнай літаратуры, якая асабліва актыўна пашырылася пасля ваен. падзей, паўстання Б.Хмяльніцкага і інш. У багатых зместам дыярыушах І.Будзілы, Я.П.Сапегі, С. і Б.К. Маскевічаў, П.К.Абуховіча складаецца ўяўленне пра індывід. характар, яго супярэчнасці і зменлівасць, што матывуецца як воляй чалавека, так і знешнімі абставінамі. Адначасова ў гісторыка-мемуарнай літаратуры ўмацоўваецца аўтарскі пачатак, робіцца стаўка на самавыяўленне шляхам пісьменніцкай творчасці, а ў лацінамоўным «Дыярыушы» А.С.Радзівіла (1656) выяўляюцца элементы творчай задумы і маст. фантазіі. Станаўленне літ. апісанняў вандровак звязана з дыярыушамі А.Каменскага-Длужыка, Т.Білевіча і інш.
Этапнай з’явай было ўзнікненне парадыйна-сатыр. прозы: «Прамова Мялешкі» (2-я чвэрць 17 ст.), «Ліст да Абуховіча» (1655). Творчая задума і маст. фантазія ўпершыню становяцца фактарамі, што абумовілі існаванне гэтых твораў як з’яў уласна маст. літаратуры. Бурнае развіццё перажывала паэзія, дзе пануючым відам заставаліся панегірычныя вершы. Эпікграмы складалі Ф.Даманеўскі, С.Косаў, І.Палоўка, М.Сматрыцкі, С.Собаль, І.Труцэвіч, Ф.Утчыцкі, але большасць твораў гэтага жанру ананімная. Эпікграмы ствараліся на магнатаў, граматыкі, гербы гарадоў і інш., але, нягледзячы на тэматычную стракатасць, змест іх быў даволі вузкі, а маст. сродкі шаблонныя. Сярод ананімных вылучаюцца эпікграмы, прысвечаныя Агінскім, Хадкевічам і Валовічам. Прывітальныя вершы знакамітым асобам пісалі Сімяон Полацкі, І.Яўлевіч і інш. Складаліся розныя дыдактычныя творы: царк.-павучальныя (А.Мужылоўскі, Хрыстафор Філалет, Афанасій Філіповіч) і маральна-павучальныя (Я.Даманеўскі, Л.Зізаній, Л.Мамоніч). Асветніцкім зместам вылучаліся «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю» Я.Даманеўскага (Любча, 1620—23). У іх аўтар асуджае паразітызм шляхты, проціпастаўляючы яму «натуральнае» жыццё сялян, і з выкарыстаннем побытавых дэталей апісвае бел. гарады 17 ст. Выкладанне граматыкі, рыторыкі і паэтыкі ў навуч. установах прадугледжвала напісанне студэнтамі вершаў на розныя тэмы, у т. л. асветніцкіх (або школьных), у якіх у даходлівай форме апісваліся і тлумачыліся малавядомыя рэчы, з’явы, выкрываліся маральныя заганы і інш. Майстрам школьнай паэзіі быў Сімяон Полацкі, які ўзбагаціў бел. літаратуру новымі тэмамі і ідэямі, формамі і жанрамі, узняў сілабічнае вершаскладанне на больш высокую ступень. Дзякуючы яго асветніцкай і паэт. дзейнасці ў Маскве, вершаскладанне і першая паэт. школа з’явіліся ў Расіі. Новым відам паэзіі была лірыка, прадстаўленая патрыят. вершам Я.К.Пашкевіча «Полска квітнет лаціною...» (1621). Твор прысвечаны ролі бел. мовы ў жыцці краю, напісаны правільным 4-стопным харэем, што служыць паказчыкам высокага ўзроўню паэт. майстэрства аўтара. Патрыят. тэматыка распрацавана ў польскамоўнай паэме Т.Яўлевіча «Лабірынт...» (1625) — цалкам свецкім дэмакр. творы.
Асобнае месца ў гэты час займала лац. паэзія розных відаў і жанраў. З дзейнасцю паэтаў-новалаціністаў звязана ўзнікненне першых літ. гурткоў пры двары Радзівілаў (Б.Будны, Д.Набароўскі, С.Рысінскі) і ў Віленскай акадэміі (М.Кміціц, С.Лаўксмін, М.К.Сарбеўскі і інш.). Значны ўклад у развіццё прыгожай славеснасці зрабіў «славянскі Гарацый» М.К.Сарбеўскі, аўтар од, гімнаў, рытарычных прамоў і цыкла літ.-знаўчых прац па тэорыі красамоўства, рыторыцы і паэтыцы барока. Высокамаст. вершы, прысвечаныя ваенным падзеям, складаў С.Рысінскі. Працягам гераізацыі гіст. мінулага Беларусі, распачатай Я.Вісліцкім і Міколам Гусоўскім, з’яўляецца паэма Я.Радвана «Радзівіліяда» (1588). У цэнтры твора — падзеі Лівонскай вайны 1558—83. Але для ўвасаблення творчай задумы аўтар выкарыстоўвае сродкі ант. паэтыкі, напаўняе класічную форму гісторыяй сям’і Радзівілаў, якая цікавіць паэта толькі ў сувязі з гісторыяй Айчыны. У драматургіі ўмацоўвалася творчая фантазія, вымысел як прынцып літ. творчасці. Інтэрмедыі ўсё больш нагадваюць займальныя замалёўкі з жыцця ніжэйшых слаёў грамадства. У творах дзейнічаюць абагульненыя тыпы (селянін, яўрэй, студэнт, казак, шляхціц, поп), але паступова героі атрымліваюць уласныя імёны. Сімпатыі аўтараў інтэрмедый цалкам на баку селяніна, які прадстае прасцяком толькі знешне і з гонарам выходзіць са складаных сітуацый. Сярод перакладных пераважаюць займальныя і павучальныя творы: «Траянская гісторыя», «Рымскія дзяянні», «Вялікае зярцала» і інш.
У 1-й пал. 17 ст. ў бел. літаратуры пачаўся працэс дыферэнцыяцыі і трансфармацыі літ. родаў і жанраў, выпрацоўваліся маст.-эстэт. прынцыпы творчасці. Адно з галоўных яе дасягненняў — узнікненне і развіццё цікавасці да прыватнага жыцця чалавека невысокага сац. стану. Творча асімілюючы дасягненні зах.-еўрап. літаратур на ўсходнеслав. глебе, бел. літаратура стала пасрэдніцай паміж літаратурамі еўрап. Захаду і слав. Усходу.
У складаных умовах перыяду позняга барока (2-я пал. 17—1-я пал. 18 ст.) пачаўся пераход ад даўняй да літаратуры Новага часу. У 1696 бел. мова была забаронена для афіц. ўжытку, а з 1730-х г. спынілася бел. кнігадрукаванне (акрамя Магілёўскай друкарні, што выдавала кнігі на бел. варыянце царкоўнаслав. мовы). Літаратура на бел. мове стала пераважна рукапіснай і ананімнай. Глыбокі ўнутраны крызіс, нашэсце армій, паліт. заняпад феад. дзяржавы, паланізацыя інтэлігенцыі, шляхты і часткі гар. насельніцтва, памяншэнне правоў ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай і інш. спарадзілі да 1740-х г. адносны застой у культ. развіцці. Змена сац. умоў і гіст. сітуацыі патрабавала ад літаратуры змены ўнутр. фактараў існавання, пераразмеркавання сваіх магчымасцей і рэзерваў. У пераходны перыяд вырасла роля вуснай нар. творчасці, што абумовіла росквіт свецкай ананімнай лірыкі, якая бытавала ў складзе ананімных рукапісных зборнікаў (Аршанскага, Варшаўскага, Курніцкага, Маскоўскіх і інш.). У лірыцы склаліся 3 асн. разнавіднасці, супараўнальныя з трыма стылямі маст. барока. Духоўная паэзія «высокага» стылю прадстаўлена вершамі і кантамі, аднак у цэлым адбывалася яе разбурэнне знутры. Амаль спынілася развіццё эпічнай духоўнай паэзіі. Адзіны яе прыклад — паэма «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» А.(Яна) Белабоцкага, напісаная з тыповай барочнай ускладненасцю: штучныя, экспрэсіўныя карціны пакут грэшнікаў мала пераконваюць чытача, больш значнымі з’яўляюцца карціны сац. крытыкі; царкоўнаслав. мова месцамі заблытаная і цяжкая для ўспрыняцця. На скрыжаванні «высокага» і «сярэдняга» стыляў развівалася грамадска-філас. лірыка, у якой закраналіся гал. праблемы чалавечага існавання. Упершыню з’явіліся матывы долі-нядолі (вершы «Куды толькі ні пайду, нідзе шчасця не знайду...», «Хадзіў казак у чужы строны...» і інш.), бесчалавечнасці прыгону, суму па лепшых часах (вершы «Было ліха шмат на свеце...», «Я сірата, не маю радзімы...» і інш.). У грамадска-філас. лірыцы чалавек раскрываўся як маленькая часцінка космасу. Асэнсаванне гэтай сувязі чалавека з сац. асяроддзем было ўжо з’явай новай бел. літаратуры.
«Сярэдняе» (і часткова «нізавое») барока прадстаўлена любоўнай лірыкай, што стваралася ў непасрэднай сувязі з музыкай. Каханне выяўляецца як супярэчлівае пачуццё, на якім ляжыць барочны цень смерці. Агульны пафас любоўных вершаў трагічны — чалавек адчуў непадуладныя волі стыхіі ў самім сабе. У «нізавой» любоўнай лірыцы, звязанай з праявамі своеасаблівага «эратызму», уласцівага літаратуры класіцызму на Захадзе, у жартоўным плане абыгрываліся інтымныя адносіны палоў («Аб раі салодкія ўспаміны», «Апісанне персяў жаночых» Ф.У.Радзівіл). Адпор варожаму і незразумеламу асяроддзю давала «нізавая» сатыр. лірыка («Хадзіў чэрнчык улечкою...», «Ляцеў, ляцеў чорны жук...» і інш.). Пераходнымі паміж сатыр. лірыкай позняга барока і бурлескна-сатыр. паэзіяй Асветніцтва былі «звярыныя гратэскі» Д.Рудніцкага. У алегарычным апісанні нягод птушак, насякомых, дробных жывёл угадваецца жыццё дробнамаёнткавай шляхты, што церпіць ад драпежнікаў-магнатаў. Асаблівае месца ў «зніжанай» духоўнай лірыцы займаюць калядныя песні з адлюстраваннем жыцця бел. селяніна і яго светаўспрымання («У Бэтлееме, убогім доме»). Дзякуючы гумару і быт. характару дзеяння хрысц. святыя становяцца падобнымі да звычайных зямных людзей. Грамадска-культ. ўмовы пераходнага перыяду не былі спрыяльнымі для шматбаковага развіцця эпічных жанраў, асабліва «высокіх»: маст. барока не магло асэнсаваць складаныя ўзроўні сац. адносін у гіст. працэсе, яно толькі эмацыянальна адчувала новае ў жыцці, чым і абумоўлены росквіт лірыкі.
Тагачасная гіст. проза прадстаўлена нешматлікімі хронікамі і набліжанымі да іх дыярыушамі (Я.А.Храпавіцкага, С.Незабітоўскага і інш.). Найб. значны гіст. твор — Магілёўская хроніка Т.Сурты і Ю.Трубніцкага, якая нагадвае летапіс, што з канца 17 ст. пераходзіць у дзённік горада і складаецца з асобных апавяданняў. Стыль помніка вызначаецца рэзкімі кантрастамі, прагай да сенсацыйнасці, незвычайнасці апісанага. У творы шмат вострадраматычных эпізодаў і займальных аповедаў, якія перамяжоўваюцца са звычайнымі дзелавымі запісамі, намаляваны яркія вобразы знакамітых гіст. асоб 1-й пал. 18 ст. З «сярэднім» стылем барока былі звязаны аўтабіягр. жанры літаратуры. Мемуарыстыка прадстаўлена дыярыушамі Я.Цадроўскага, Т.Г.Абуховіча, К.Завішы і інш. У іх адчуваецца індывід. далучанасць аўтараў да падзей, што вяло да пашырэння жанру дзённіка. Змена звычайных і незвычайных фактаў жыцця, пададзеных у люстры індывід. уражанняў і пачуццяў, становіцца асноватворным прынцыпам апавядання ў дзённіках М.К.Радзівіла Рыбанькі, невядомага ашмянскага шляхціца і шматлікіх інш. творах. У 18 ст.літ. апісанні вандраванняў складалі Я.Комар, Я.К.Сапега, Л.Сяніцкі і інш. На скрыжаванні розных жанраў узнікае маст.аўтабіягр. проза. У «Жыцці і пакутах...» І.Турчаноўскага (каля 1746) яшчэ моцнай застаецца сувязь з мемуарыстыкай 17—18 ст., аднак з дапамогай фантазіі нязначныя знешнія падзеі разгортваюцца ў ланцуг прыгод, што аддаляе літ. героя ад рэальнага аўтара і ўключае персанаж у жыццёвую стыхію. Яшчэ ў большай ступені літ.-маст. пачатак выявіўся ў творы С.Р.Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...» (каля 1760), які сведчыць пра станаўленне ў Беларусі жанру прыгодніцкага рамана. Паколькі аспект адкрыцця чалавечай асобы ў эпоху Адраджэння стрымліваўся агульнаграмадскімі ідэямі і сярэдневяковымі традыцыямі, то бел. барока ў многіх адносінах брала на сябе функцыі Адраджэння, чым садзейнічала далейшай дэмакратызацыі, секулярызацыі і гуманізацыі бел. літаратуры.
На працягу 18 ст. шырока распаўсюджваліся часткова перакладныя, часткова арыгінальныя гумарыстычныя зборнікі анекдотаў («Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі...» К.А.Жэры і інш.); узмацнялася сатыр. плынь, звязаная з развіццём літ. традыцыі, закладзенай у «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча» і блізкай да сатыр. лірыкі. Сатыра набывала востры антыклерыкальны і антыфеад. характар. У «Казані рускім», «Казані рускім схізматычным» і інш. з «высокага» ў «нізкае» ператвараліся асобныя біблейскія вобразы і сюжэты (пра стварэнне свету і першых людзей), у карыкатурным выглядзе выстаўляліся носьбіты ідэалаў ранейшых эпох — хрысц. святыя і юродзівыя («Грамата... да святога Пятра»), парадзіраваліся высокія жанры павучальнага і ўрачыстага красамоўства, рытарычнай паэзіі і прозы, афіц.дзярж. дакументы і аджылая феад. рэчаіснасць («Прамова русіна», «Другая прамова русіна пра нараджэнне Хрыста»). У сатыр. творах часта сустракаюцца прымаўкі і прыказкі, вобразныя параўнанні, насычаныя духам сац. і нац. пратэсту. Шырокае распаўсюджанне тэатр. дзеяў абумовіла далейшае развіццё драматургіі. Да сярэдзіны 18 ст. склаліся школьны, прыдворны (і аматарскі), народны кірункі развіцця драматургічнага мастацтва. У школьным т-ры працягвалася эвалюцыя інтэрмедыі, якая трансфармавалася ў самаст. жанр, незалежны ад сюжэта драмы («Селянін і студэнт», «Селянін і вучань-уцякач» і інш.). Героі набываюць індывід. рысы («Змітрок і Свірыд»), а змест твораў — рэзкае сац.- і нац.-вызваленчае гучанне: героі-сяляне глядзяць на панскую культуру як на чужую [«Селянін у касцёле», інтэрмедыі да драмы «Уваскрэсенне мёртвых» Г.Каніскага (1747) і інш.]. З развіццём інтэрмедыі звязана ўзнікненне ў пач. 18 ст.бел. камедыі. Хоць першая камедыя «Вакханалія» (1725) напісана па-польску і сюжэт яе быў далёкі ад бел. рэальнасці, у ёй разам з польскімі панамі і антычным мудрацом дзейнічаюць сяляне Васіль і Селівон, якія размаўляюць па-беларуску. У далейшым інтэрмедыя канчаткова саступае месца камедыі. Станаўленне прыдворнай драматургіі звязана з імем Ф.У.Радзівіл, якая распрацавала адмысловую методыку творчай адаптацыі зах.-еўрап. і ант. п’ес і сюжэтаў на бел. глебу. Прыдворны тэатр паступова ператвараўся ў аматарскі (М.Радзівіл). У нар. тэатры ажыццяўляліся пастаноўкі па біблейскіх і гіст. сюжэтах («Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», якое напачатку існавала ў школьным асяроддзі, «Цар Максімілян» і інш.). Своеасаблівай з’явай стала батлейка — пераробка школьнай драмы для пастаноўкі ў лялечным тэатры. На працягу ўсяго перыяду ў час нар. свят разыгрываліся розныя гульні з элементамі тэатралізацыі, у якіх выкарыстоўваліся напаўфалькл. тэксты і сюжэты. У перыяд барока ўласна маст. творчасць канчаткова вылучылася з агульнай масы пісьменства, склалася сістэма сучасных літ. родаў і пачалася жанравая дыферэнцыяцыя; узнікла цікавасць да нар. жыцця, паглыбіліся ўяўленні пра каштоўнасць і непаўторнасць чалавечай асобы, узмацнілася сувязь літаратуры з вусна-паэт.нар. творчасцю. Багатая і разнастайная літ. спадчына Беларусі даўняга перыяду — праўдзівае люстра багатага і складанага духоўнага жыцця бел. народа на працягу стагоддзяў, каштоўны пласт нац. культуры, непаўторная і арганічная старонка агульнаеўрап. літ. працэсу свайго часу.