АЛЬГАЛО́ГІЯ (ад лац. alga водарасць + ...логія),

фікалогія, раздзел батанікі, які вывучае водарасці.

Станаўленне альгалогіі як навукі звязана з працамі замежных вучоных 19 ст. (англ. Дж.​Стакхаўс і Д.​Тэрнер, амер. У.​Г.​Харві, швед. К.​А.​Агард і Й.​Г.​Агард, ням. Ф.​Т.​Кютцынг і інш.), якія заклалі асновы таксанаміі і сістэматыкі водарасцяў. Развіццю сучаснай альгалогіі садзейнічалі працы рус. альголагаў Л.​С.​Цанкоўскага, Х.​Я.​Габі, І.​М.​Гаражанкіна, А.​А.​Яленкіна, М.​М.​Вараніхіна, У.​М.​Арнольдзі, К.​І.​Меера, на Беларусі — М.​М.​Гайдукова, В.​Д.​Акімавай, Н.​І.​Срэценскай, Г.​К.​Хурсевіч, Т.​М.​Міхеевай, Л.​В.​Прасянік і інш.

У рэспубліцы н.-д. работа вядзецца ў БДУ і ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, фотабіялогіі, геалогіі), БелрыбНДІпраекце. Вывучаюцца якасны склад водарасцяў розных экалагічных груповак, колькаснае развіццё пераважна фітапланктону ў штучных і прыродных вадаёмах і рыбагадоўчых сажалках, даследуюцца праблемы фарміравання першаснай прадукцыі фітапланктону ў вадаёмах, у т. л. забруджаных, вызначаецца яго роля пры эўтрафаванні водаў і ў іх самаачышчэнні, даследуюцца водарасці перыфітону з пункту гледжання іх ролі ў працэсах самаачышчэння водных экасістэм ад радыенуклідаў, вядзецца лабараторнае культываванне некаторых водарасцяў. Альгалогія цесна ўзаемадзейнічае з экалогіяй. Даныя альгалогіі выкарыстоўваюцца пры ачыстцы бытавых, прамысл., сцёкавых водаў, у рыбнай і сельскай гаспадарках, харч., хім. прам-сці, бальнеалогіі і інш.

Літ.:

Водоросли: Справ. Киев, 1989;

Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ. М., 1990.

Т.​М.​Міхеева.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГРА́ФІЯ (ад гідра... + ...графія),

1) раздзел гідралогіі сушы, які вывучае і апісвае канкрэтныя водныя аб’екты і ўсю гідраграфічную сетку пэўнай тэрыторыі з характарыстыкай геагр. становішча, памераў, рэжыму, фізіка-геагр. умоў і гасп. выкарыстання. Выяўляе заканамернасці пашырэння вод сушы, асаблівасці рэжыму і гасп. значэнне іх у розных прыродных раёнах і ландшафтных зонах. Даследуе антрапагенныя змены рэжыму водных аб’ектаў. Цесна звязана з азёразнаўствам і гідралогіяй рэк.

2) Навука пра суднаходныя трасы, формы ложа акіянаў, мораў, азёр і рэк. Даследуе гідраметэаралагічныя ўмовы на трасах, абрысы берагоў, прапануе сукупнасць мерапрыемстваў па стварэнні ўмоў бяспечнага суднаходства. Падзяляецца на гідраграфічны вопіс і навігацыйнае абсталяванне.

На Беларусі першыя звесткі па гідраграфіі адносяцца да 2 ст. н. э. — на картах Пталамея паказаны рэкі Барысфен (Дняпро), Хранон (Нёман), Рубон (Зах. Двіна). Значныя гідраграфічныя работы пачаліся ў 1580-я г., у выніку іх у 1613 у г. Амстэрдам выдадзена Радзівілаўская карта Вял. кн. Літоўскага. У 1802 Дэпартамент водных камунікацый Рас. імперыі выдаў гідраграфічную карту ўнутр. водных шляхоў (маштаб 1: 4 200 000) і кнігу да яе, дзе даволі поўна апісаны рэкі Беларусі. Даследаванні па гідраграфіі засяроджаны ў Камітэце па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у БДУ і інш.

Літ.:

Булавко А.Г., Макаревич А.А. Развитие географических представлений о речной сети Беларуси с древних времен до 18 в. // Изв. Рус. геогр. о-ва. 1993. Т. 125, вып. 1;

Блакітная кніга Беларусі. Мн., 1994.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 5, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІХТЫЯЛО́ГІЯ (ад іхтыя... + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае рыб; аснова рыбалоўства і рыбаводства. Цесна звязана з біёнікай, гідралогіяй, фізіялогіяй, экалогіяй і інш.

Першыя сістэматызаваныя звесткі пра будову і біялогію рыб трапляюцца ўжо ў працах Арыстоцеля (4 ст. да н.э.). У Еўропе развіццё І. звязана з працамі франц. вучоных П.​Белона і Г.​Рандэле (2-я пал. 15 ст.). У сістэму ведаў І. аформілася ў канцы 18 ст., пераважна ў працах швед. вучоных П.​Артэдзі і К.​Лінея, ням. І.​П.​Мюлера, рус. К.​Ф.​Кеслера, С.​П.​Крашаншнікава. С.​Г.​Гмеліна, І.​І.​Ляпёхіна і інш.

На Беларусі з сярэдзіны 18 да канца 19 ст. звесткі пра іхтыяфауну абмяжоўваліся пераважна спісамі складу рыб буйнейшых рэк (Нёман, Дняпро і інш.). У пач. 20 ст. вадаёмы краіны абследавалі экспедыцыі Рус. т-ва акліматызацыі жывёл і раслін, Віцебская рыбагаспадарчая і інш. Найб. інтэнсіўна І. развіваецца пасля стварэння ў 1928 Бел. н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (з 1977 Бел. н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі). Сучасны этап іхтыялагічных даследаванняў звязаны з працамі П.​І.​Жукава, С.​В.​Кахненкі, У.​С.​Пенязя, У.​П.​Ляхновіча, А.​А.​Баравік, Г.​В.​Гладкага, Т.​М.​Шаўцовай і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, ВНУ, запаведніках, нац. парках і інш. Даследаванні звязаны з вывучэннем праблем біял. разнастайнасці рыб, распрацоўкай навук. асноў рыбаводства і рыбалоўства.

У.​Б.​Петухоў.

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНГВІСТЫ́ЧНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,

раздзел мовазнаўства, які вывучае тэрытарыяльнае распаўсюджанне моўных з’яў. Вылучылася з дыялекталогіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Цесна звязана з арэальнай лінгвістыкай. Вытокі бел. Л.г. ў працах па ўсх.-слав. дыялекталогіі — «Нарыс рускай дыялекталогіі» А.​І.​Сабалеўскага (1892) і інш. Упершыню абгрунтаваў падзел бел. гаворак на 2 гал. часткі — паўн.-ўсх. і паўд.-зах. — і вызначыў іх тэр. межы Я.​Ф.​Карскі («Агляд гукаў і форм беларускай мовы», 1885). Вял. значэнне ў станаўленні Л.г. мелі працы П.​А.​Бузука, які шырока карыстаўся метадамі арэальнай лінгвістыкі («Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі», 1928, і інш.), праводзіў рэканструкцыю стараж. форм на аснове сучаснага распаўсюджання моўных з’яў. Якасна новы этап у развіцці Л.г. звязаны з інтэнсіўнай працай над складаннем дыялекталагічных атласаў бел., рус. і ўкр. моў, значнае месца сярод іх належыць «Дыялекталагічнаму атласу беларускай мовы». У ім акрэсліваюцца арэалы моўных з’яў, уласцівых агульнанац. бел. мове, а таксама дыялектных рыс, агульных для бел., рус. і ўкр. моў. Комплекс пытанняў, звязаных з групоўкай бел. гаворак, праблемамі гіст. дыялекталогіі і моўных кантактаў, асвятляецца ў працы (на базе атласа) «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968, карты ізаглос 1969). Слоўнікаваму складу гаворак Беларусі прысвечаны спец. «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (т. 1—4, 1993—97).

Літ.:

Эдельман Д.И. Основные вопросы лингвистической географии. М., 1968;

Ареальные исследования в языкознании и этнографии: (Язык и этнос). Л., 1983;

Крывіцкі А.А. Што такое лінгвагеаграфія. Мн., 1986.

Ю.​Ф.​Мацкевіч.

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАХІ́МІЯ (ад нейра... + хімія),

біяхімія нервовай сістэмы, раздзел біяхіміі, які вывучае хім. састаў нерв. тканкі, абмен рэчываў у ёй, хім. і малекулярна-клетачныя механізмы дзейнасці нерв. сістэмы. Цесна звязана з біяфізікай, малекулярнай біялогіяй, нейрафізіялогіяй, нейраэндакрыналогіяй, параўнальнай, узроставай і эвалюц. фізіялогіяй, цыта- і гістахіміяй. Мае вял. значэнне для нейрафармакалогіі, неўрапаталогіі, псіхіятрыі.

Узнікла ў 2-й пал. 19 ст. з пачаткам сістэм. даследавання хім. складу галаўнога мозга (А.Я.Данілеўскі, ням. вучоны Дж.Л.​У.​Тудыхум і інш.). У сярэдзіне 20 ст. сфарміравалася як самаст. кірунак. Уклад у развіццё Н. зрабілі Г.Х.Дэйл, Б.Кац, О.Лёві. Х.К.Хартлайн, сав. вучоныя А.У.Паладзін, Я.​М.​Крэпс, Г.​Я.​Уладзіміраў і інш. У складзе нерв. тканкі вылучаны шэраг складаных ліпідаў (гангліязіды, сфінгаміэліны, фасфатыды, цэрэбразіды і інш.), біялагічна актыўных рэчываў (медыятараў і нейрагармонаў), амінаў (адрэналін, ацэтылхалін, гістамін, норадрэналін, сератанін і інш.), пептыдаў (напр., эндарфіны, энкефаліны), амінакіслот і інш. Удакладняецца іх функцыян. роля, высвятляюцца метабалізм і механізмы дзеяння гэтых рэчываў, а таксама гармонаў, таксінаў, фармакалагічных прэпаратаў і інш. Вывучаюцца біяхім. асновы перадачы нерв. імпульсаў, нейратрафічных уплываў, узбуджэння, тармажэння, сну, памяці, навучання, работы рэцэптараў, індывід. развіцця мозга і інш.

На Беларусі Н. развіваецца з 1922 сумесна з нейрафізіялогіяй у ін-тах фізіялогіі і біяхіміі Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскім і Гродзенскім мед. ін-тах, Віцебскім мед. ун-це і Гомельскім ун-це.

Літ.:

Палладин А.В., Белик Я.В., Полякова Н.М. Белки головного мозга и их обмен. Киев, 1972;

Хухо Ф. Нейрохимия: Основы и принципы: Пер. с англ. М., 1990.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГНО́З НАДВО́Р’Я,

навукова абгрунтаванае прадбачанне і разлік будучага стану надвор ’я. Складаюцца на падставе аналізу развіцця буйнамаштабных атм. працэсаў. Адрозніваюць П.н. кароткатэрміновыя (ад некалькіх гадзін да 1—2 сут), доўгатэрміновыя малой заўчаснасці (3—10 сут) і доўгатэрміновыя вял. заўчаснасці (на месяц, сезон). П.н. папярэднічае назіранне (пры дапамозе метэаралагічных станцый, радыёзондаў, радыёлакатараў, метэаралагічных ракет, ШСЗ і інш.), збор і аналіз стану надвор’я. Падставай для распрацоўкі кароткатэрміновых прагнозаў з’яўляецца аналіз сінаптычных карт або выкарыстанне лічбавых метадаў П.н., якія дазваляюць рашаць ураўненні атм. гідрадынамікі і тэрмадынамікі пры дапамозе ЭВМ. Аналіз гэтых матэрыялаў дае магчымасць выявіць раёны развіцця цыклонаў і антыцыклонаў, паветраных мас рознага паходжання, франтоў атмасферных, вызначыць іх эвалюцыю, напрамак і хуткасць перамяшчэння, тэрмадынамічныя ўласцівасці паветраных мас і іх магчымыя змены. У доўгатэрміновых П.н. выкарыстоўваюць розныя стат. сувязі паміж мінулым і будучым развіццём атм. працэсаў і станам надвор’я. П.н. складаецца па пункце (горад, аэрадром), маршруце (авіяц. траса, марскі шлях) і тэрыторыі (краіна, вобласць, раён). П.н. бываюць агульнага карыстання (для насельніцтва) і спецыялізаваныя (авіяц., аграметэаралагічныя, марскія і інш.). У агульных даюцца звесткі пра прагназіруемыя метэаралагічныя элементы (т-ра, вецер, воблачнасць, ападкі) і небяспечныя з’явы надвор’я (бура, град, галалёд, шквалы і інш.). Спецыялізаваныя прызначаны для розных галін гаспадаркі і складаюцца ў адпаведнасці з іх патрабаваннямі. З П.н. цесна звязаны гідралагічны прагноз. На Беларусі рэгулярнае складанне П.н. на суткі вядзецца з 1931, на 3—6 сут — з 1946, спецыялізаваных — з 1948. П.н. для краіны, абласцей, Мінска і абл. цэнтраў складае аддзел метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНЕКАЛО́ГІЯ (ад гінека... + ...логія, галіна медыцыны, якая вывучае анатама-фізіял. асаблівасці жаночага арганізма, захворванні жаночай палавой сістэмы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з акушэрствам.

Гінекалогія вядома са старажытнасці. Як самаст. навука склалася ў 19 ст., калі на мед. ф-тах ВНУ Зах. Еўропы пачалі выкладаць акушэрства і гінекалогіі. У Расіі першая кафедра гінекалогіі створана ў 1835 (кафедра спавівальнага майстэрства, жаночых хвароб і хвароб нованароджаных) у Імператарскім С.-Пецярбургскім клінічным ін-це павітух, у 1842 — гінекалагічнае аддз. пры акушэрскай клініцы Пецярбургскай медыка-хірург. акадэміі. Навук. акушэрства і гінекалогію развівалі Н.​М.​Амбодзік-Максімовіч, А.​Я.​Красоўскі, Г.​М.​Савельева, В.​А.​Бадзяжына, У.​І.​Кулакоў і інш.

На Беларусі першая кафедра акушэрства і гінекалогіі створана на мед. ф-це БДУ у 1923. Развіццю даследаванняў садзейнічалі працы Г.І.Герасімовіча, І.У.Дуды, В.Р.Лінкевіч, М.Ф.Лызікава, К.І.Малевіча, Л.С.Персіянінава, В.С.Ракуця, І.М.Старавойтава, Л.Я.Супрун і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Бел. НДІ аховы мацярынства і дзяцінства, на кафедрах акушэрства і гінекалогіі мед. ін-таў. Асн. кірункі: перадпухлінныя, пухлінныя і запаленчыя захворванні маткі і прыдаткаў, парушэнні менструальнага цыкла, бясплоднасць, паталогія клімактэрычнага перыяду, праблемы планавання сям’і; гінекалагічныя захворванні дзяцей і падлеткаў, метады іх прафілактыкі і лячэння. Распрацавана методыка дыягностыкі і лячэння з дапамогай эндаскапіі, даследаваны пытанні кантрацэпцыі падлеткаў і моладзі, некат. пытанні фізіялогіі і паталогіі палавога развіцця жаночага арганізма, ранняй дыягностыкі і прафілактыкі гінекалагічных захворванняў (масавыя прафілакт. агляды жанчын і ўдасканаленне гінекалагічнай дапамогі).

Літ.:

Бодяжина В.И., Сметник В.П., Тумилович Л.Г. Неоперативная гинекология. М., 1990;

Кулаков В.И., Селезнева Н.Д., Краснопольский В.И. Оперативная гинекология. М., 1990.

І.​У.​Дуда.

т. 5, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬ у фізіцы,

нязменнасць аб’екта (фіз. велічыні, матэм. суадносін, ураўненняў фіз. тэорыі і інш.) адносна пэўных пераўтварэнняў, якія адлюстроўваюць незалежнасць фіз. заканамернасцей ад канкрэтных сітуацый, у якіх яны ўстанаўліваюцца і ад спосабу апісання гэтых сітуацый. І. звязана з уласцівасцямі сіметрыі прасторы і часу, для матэм. апісання якіх у класічнай механіцы выкарыстоўваюцца Галілея пераўтварэнні, а ў рэлятывісцкай тэорыі — Лорэнца пераўтварэнні. Аднароднасць і ізатропнасць трохмернай (эўклідавай) прасторы і аднароднасць часу, як вынікае з Нётэр тэарэмы, прыводзяць да існавання фундаментальных законаў захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу.

І. звязана з агульнымі і найб. глыбокімі ўласцівасцямі матэрыяльных аб’ектаў, прасторы і часу. Напр., рэлятывісцкая інварыянтнасць звязана з аднароднасцю і ізатропнасцю 4-мернай прасторы-часу, а ізатапічная інварыянтнасць — з незалежнасцю моцнага ўзаемадзеяння элементарных часціц ад іх эл. зарадаў. Пры стварэнні розных аб’яднаных тэорый (гл. Вялікае аб’яднанне, Электраслабае ўзаемадзеянне) выяўляюцца інш. віды І., напр. Калібровачная інварыянтнасць. З паняццем І. цесна звязана паняцце каварыянтнасці. Паводле яе патрабаванняў пры адпаведных пераўтварэннях сіметрыі захоўваецца толькі форма запісу матэм. суадносім фіз. тэорыі, а самі велічыні могуць мяняцца. Напр., 4-вектар энергіі-імпульсу P (P1; P2; P3; P4) P′ (P1′; P2′; P3′; P4) — каварыянт, а яго квадрат P​2 = (P′)​2 = −m​2c​4 — інварыянт, дзе m — маса спакою рэлятывісцкай часціцы, c — скорасць святла ў вакууме. На прынцыпах каварыянтнасці грунтуецца т. зв. каварыянтны падыход, распрацаваны Ф.Л.Фёдаравым для рашэння задач тэарэт. фізікі (гл. Каварыянтныя метады, Праектыўных аператараў метад).

Літ.:

Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ. М., 1971;

Федоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979.

А.​А.​Богуш.

т. 7, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАЛО́ГІЯ (ад лексіка + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае слоўнікавы склад мовы, яе лексіку. Мае сваю праблематыку (суадносіны слова і значэння, значэння і паняцця, лексічнага і граматычнага ў слове, вызначэнне месца слова сярод інш. адзінак мовы, выяўленне будовы лексіка-семантычнай сістэмы мовы і інш.) і свае метады вывучэння лексікі (дыстрыбуцыйны, кампанентны, кантэкстуальны, логіка-паняційны і інш.).

Л. цесна звязана з лексікаграфіяй, граматкай, стылістыкай і культурай мовы. У залежнасці ад ахопу і характару вывучаемай лексікі, сутнасці праблем і спецыфікі метадаў, што выкарыстоўваюцца, Л. падзяляецца на шматлікія разгалінаванні.

Агульная Л. вывучае праблемы слоўнікавага складу розных моў; прыватная, ці нацыянальная (бел., рус., ням. і г.д.), — лексіку канкрэтнай мовы; апісальная, ці сінхранічная, — лексіку мовы на пэўным этапе яе развіцця (найчасцей на сучасным); гістарычная, ці дыяхранічная, разглядае лексіку мовы ў працэсе яе развіцця, выяўляе яе гіст. пласты, паходжанне, змяненне семантычнай структуры, фанетыка-марфал. будовы; этымалагічная высвятляе паходжанне асобных слоў; супастаўляльная, ці параўнальная, аналізуе лексіку 2 і больш моў адначасова; функцыянальная апісвае розныя групы слоў з улікам іх функцый у маўленні; нарматыўная вызначае агульнаўжывальную лексіку літ. мовы і нормы яе выкарыстання ў маўленні і г.д.

Бел. Л. зарадзілася ў пач. 20 ст. Актуальным пытанням Л. прысвечаны працы бел. мовазнаўцаў А.​Я.​Баханькова, А.​М.​Булыкі, А.​І.​Жураўскага, М.​І.​Крукоўскага, А.​Я.​Супруна, Л.​М.​Шакуна, П.​П.​Шубы і інш.

Літ.:

Гістарычная лексікалогія беларускай мовы. Мн., 1970;

Методы изучения лексики. Мн., 1975;

Плотников Б.А., Трайковская В.Ф. Дихотомическая лексикология. Мн., 1989;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 9, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад мікра... + кліматалогія),

раздзел кліматалогіі, які даследуе мікраклімат. Вывучае асаблівасці фіз. працэсаў у сістэме глеба — расліна — прыземны слой паветра ў залежнасці ад неаднароднасці зямной паверхні, размеркаванне мікракліматаў па тэрыторыі, колькасныя характарыстыкі і змены іх пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. Распрацоўвае метады і прыёмы аптымізацыі мікраклімату. Цесна звязана з метэаралогіяй, фізікай глебы, біяметрыяй раслін, экалогіяй. Мікракліматычныя даследаванні праводзяцца ў сельскай гаспадарцы. На аснове вывучэння радыяцыйнага, цеплавога і воднага балансу робіцца ацэнка мікракліматычных рэсурсаў, цяпло- і вільгацезабеспячэння асобных палёў і гаспадарак. Складаюцца комплексныя мікракліматычныя карты, што дазваляе прыстасаваць с.-г. вытв-сць да мікракліматычных асаблівасцей кожнага поля, падабраць с.-г. культуры і меліярац. прыёмы (асушэнне, арашэнне, двухбаковае рэгуляванне воднага рэжыму і інш.), устанавіць аптымальныя нормы і тэрміны агратэхн. мерапрыемстваў. Улік мікракліматычных асаблівасцей пры гар. буд-ве дазваляе правільна размяшчаць прамысл. прадпрыемствы і памяншаць шкодны ўплыў іх на жылыя раёны. Даследаванні праводзяцца таксама для абслугоўвання розных відаў транспарту, пры праектаванні і буд-ве ліній электраперадач і сувязі і інш. Вывучаецца мікраклімат на тэрыторыі і ў цэхах прамысл. прадпрыемстваў, музеях, збожжа і агароднінасховішчах, жывёлагадоўчых комплексах. Мікракліматычныя даследаванні праводзяцца аграметэаралагічнымі станцыямі, агранамічнай службай, навук; і праектнымі арг-цыямі. На Беларусі даследаванні па М. праводзяцца ў БДУ, БСГА, Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, Гідраметэаслужбе і інш. Значны ўклад зрабілі М.​А.​Гольберг, М.​А.​Гольчанка, П.​А.​Каўрыга, Т.​С.​Папова, Я.​Б.​Фрыдлянд, М.​П.​Хаміцкі, В.​Ф.​Шабека, А.​Х.​Шкляр і інш.

Літ.:

Ковриго П.А. Микроклимат болотных экосистем и его оптимизация. Мн., 1995. Шебеко В.Ф. Изменение микроклимата под влиянием мелиорации болот. Мн., 1977.

П.​А.​Каўрыга.

т. 10, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)