ГА́ФЫ (ад ням. Haff лагуна, возера),

назва лагун у вусцевых участках рэк на паўд. узбярэжжы Балтыйскага м. Утвараюцца ў выніку дзейнасці прыбярэжных цячэнняў і прыбою. Маюць выгляд паўзамкнёнага лімана, які аддзелены ад мора астравамі або пясчанымі косамі.

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТУСУСЦЭ́ПЦЫЯ (ад лац. intus унутр + susceptio прыняцце на сябе),

разрастанне абалонак клетак раслін у выніку пранікнення новых малекул цэлюлозы і протапекціну ў сфарміраваную абалонку. Рост і патаўшчэнне абалонак адбываецца за кошт І. і налажэння слаёў знутры (апазіцыя).

т. 7, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ АБ’ЯДНА́НАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ПАРП; Polska Zjednoczona Partia Robotnicza),

створана 15.12.1948 у выніку аб’яднання Польскай рабочай партыі і Польскай сацыялістычнай партыі. 1-ы з’езд ПАРП (снеж. 1948) ухваліў курс на паскораную пабудову ў Польшчы сацыялізму, хуткае развіццё цяжкай прам-сці, каапераванне сялянскіх гаспадарак. У выніку гэтага ў краіне быў усталяваны рэжым на ўзор тагачаснай сав. мадэлі на чале з 1-м сакратаром ЦК ПАРП Б.Берутам. Пасля выступлення рабочых у Познані (чэрв. 1956) пленум ЦК ПАРП у кастр. 1956 абраў кіраўніком ПАРП У.Гамулку. Была скарэкціравана эканам. лінія (адмова ад прымусовага кааперавання), прыняты меры па дэмакратызацыі паліт. і грамадскага жыцця, што спрыяла стабілізацыі эканомікі і грамадства. Пагаршэнне эканам. становішча ў канцы 1960-х г., забастоўкі на Балт. узбярэжжы ў снеж. 1970 прывялі да адстаўкі Гамулкі і прызначэння ген. сакратаром ЦК ПАРП Э.Герака. Новае кіраўніцтва ПАРП праводзіла палітыку пашырэння знешнеэканам. сувязей Польшчы, што спрыяла эканам. ўздыму краіны ў 1970-я г. Але з пачаткам у 1980 эканам. заняпаду ў грамадстве павялічылася незадаволенасць уладай ПАРП, што выявілася ў масавых забастоўках у жн. 1980 і адхіленні Герака ад пасады. Эканам. крызіс і супрацьстаянне з прафс. аб’яднаннем «Салідарнасць» прымусілі кіраўніцтва ПАРП на чале з В.Ярузельскім увесці ў Польшчы ў снеж. 1981 ваен. становішча. У студз. 1989 у выніку перагавораў з апазіцыяй лідэры ПАРП згадзіліся на правядзенне свабодных выбараў, якія адбыліся ў ліп. 1989. На іх ПАРП страціла большасць у сейме Польшчы. У студз. 1990 11-ы з’езд ПАРП прыняў рашэнне аб самароспуску і стварэнні партыі Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі Польшча.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХАДЫ́НКА»,

назва трагічных падзей на Хадынскім полі (у паўн.-зах. частцы Масквы, у пач. сучаснага Ленінградскага праспекта) 30.5.1896 у час раздачы падарункаў з нагоды каранацыі імператара Мікалая II. З-за халатнасці ўлад адбылася цісканіна, у выніку чаго, паводле афіц. звестак, загінула 1389 чал., знявечана 1300.

т. 16, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКСІКА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1910—17,

антыкансерватыўная рэвалюцыя, у выніку якой у Мексіцы створаны ўмовы для дэмакр. сац.-эканам. пераўтварэнняў. Выклікана нявырашанасцю агр. пытання, незадаволенасцю многіх мексіканцаў дыктатурай П.Дыяса, засіллем замежнага капіталу ў эканоміцы і інш. Пачалася ў ліст. 1910 з узбр. выступленняў супраць дыктатуры Дыяса ў многіх населеных пунктах. У маі 1911 скінуты ўрад Дыяса, сфарміраваны ўрад, які ўзначаліў лідэр ліберальнай апазіцыі Ф.Мадэра. У выніку дзярж. перавароту ў лют. 1913 уладу захапіў ген. В.​Уэрта. У ліп. 1914 пад націскам узбр. сял. атрадаў Ф.Вільі, Э.Сапаты і інш. рэв. сіл скінута дыктатура Уэрты, утвораны ліберальны ўрад В.​Карансы (1914—20). Аднак нявырашанасць аграрнага і інш. сац. пытанняў выклікала грамадз. вайну (1914—16), на пач. якой атрады Вільі і Сапаты авалодалі сталіцай і ўстанавілі свой кантроль над б.ч. краіны. У гэтых умовах урад Карансы, што знаходзіўся ў г. Веракрус, у студз. 1915 выдаў агр. закон. Пазней з дапамогай сфарміраваных з рабочых т. зв. чырвоных батальёнаў урад разграміў асн. сілы Вільі і Сапаты. У выніку дзейнасці ў г. Керэтара Устаноўчага сходу (снеж. 1916 — студз. 1917) прынята канстытуцыя Мексікі, што стала завяршэннем рэвалюцыі. Паводле канстытуцыі (апубл. 5.2.1917) устаноўлены суверэнітэт мекс. нацыі над прыроднымі рэсурсамі краіны, адменены прывілеі замежнага капіталу і інш. У 1914 і 1916 мела месца інтэрвенцыя ў Мексіку войск ЗША (гл. таксама Першынга экспедыцыя), якія намагаліся спыніць рэвалюцыю.

Літ.:

Лавров Н.М. Мексиканская революция 1910—1917 гг. М., 1972;

Knight A. The Mexican revolution. Vol. 1—2. Cambridge, 1986.

Н.​Р.​Кошалева.

т. 10, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́Й ХРА́БРЫ (Mihai Viteazu; 1558—9.8.1601),

гаспадар (князь) Валахіі [1593—1600]. Вёў барацьбу супраць тур. панавання і за стварэнне цэнтралізаванай рум. дзяржавы. У 1595 у бітвах каля с. Кэлугэрэнь і на р. Дунай разбіў тур. войскі і прымусіў іх пакінуць Валахію. У 1599 ваен. шляхам падпарадкаваў Трансільванію, у 1600 — Малдаўскае княства і пачаў называць сябе «гаспадаром Валахіі, Трансільваніі і ўсёй Малд. зямлі». Аднак у выніку паўстання мясц. знаці ў вер. 1600 страціў Трансільванію. У той жа час Малдову акупіравалі войскі Рэчы Паспалітай, якія потым разам з малд. войскамі ўварваліся ў Валахію. У выніку здрады сваіх баяр, што падтрымалі малд. прэтэндэнта на валашскі прастол С.​Мавілу (Магілу), М.Х. пацярпеў паражэнне і ў касір. 1600 уцёк у Аўстрыю. У 1601 на чале наёмнага войска, набранага на сродкі аўстр. Габсбургаў, уварваўся ў Трансільванію і 3 жн. разбіў там войска мясц. знаці. Забіты паліт. праціўнікамі, якія апасаліся яго вяртання на валашскі прастол.

т. 10, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСЕМЕ́РАЎСКІ ПРАЦЭ́С,

адзін з відаў атрымання сталі з вадкага чыгуну. У спец. (бесемераўскім) канвертары чыгун ператвараецца ў сталь у выніку акіслення прымесяў (крэмнію, марганцу, вугляроду), што суправаджаецца выдзяленнем цяпла. Прапанаваны ў 1856 Г.Бесемерам. У 2-й пал. 20 ст. заменены больш дасканалым кіслародна-канвертарным працэсам.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РБЕНС ГУСМА́Н (Arbenz Guzmán) Хакоба (14.9.1913—27.1.1971),

дзярж. і паліт. дзеяч Гватэмалы. У 1945—50 міністр абароны, у 1951—54 прэзідэнт. Урад Арбенса Гусмана праводзіў палітыку абароны нац. інтарэсаў краіны, ажыццявіў шэраг прагрэс. сац.-эканам. рэформаў. Скінуты ў выніку ўзбр. інтэрвенцыі ЗША. У 1957 эмігрыраваў.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭ́МА ЎДЗЕ́ЛУ,

скупка галаўной кампаніяй кантрольнага пакета акцый інш. кампаніі, у т. л. даччынага т-ва, якое, у сваю чаргу, набывае акцыі інш. т-ваў. У выніку С.ў. ствараецца шматступенная залежнасць прадпрыемстваў ад галаўной кампаніі, што ў многіх дзяржавах забаронена або строга абмежавана антыманапольным заканадаўствам.

т. 14, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАБІЛІ́Н,

пігмент аранжава-чырв. колеру, які ўтвараецца ў выніку аднаўлення білірубіну. У арганізме прысутнічае ў выглядзе папярэдніка — урабілінагену, які ператвараецца ва У. на святле. Нармальная колькасць у мачы чалавека 0,9—3,7 мг/сут. Пры некат. захворваннях (напр., гепатыт, цыроз печані) канцэнтрацыя яго значна павялічваецца.

т. 16, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)