КАНСТРУЯВА́ННЕ,
стварэнне канструкцыі якога-н. збудавання, машыны, мадэлі, вырабу і інш. паводле праекта, плана або разлікаў. Складаныя вырабы распрацоўваюць спец. арг-цыі — канструктарскія бюро (КБ).
К. пачынаецца з задання, якое дае заказчык. У ім указваюцца зыходныя патрабаванні, напр., для машыны — яе прызначэнне і асн. параметры. КБ складае тэхн. заданне — гал. дакумент для канструктара. Пры К. ствараюць новыя дэталі машыны, падбіраюць існуючыя (камплектуючыя) з улікам стандартызацыі, узаемазамяняльнасці і уніфікаванасці дэталей і вузлоў. Матэрыял для канструкцыі падбіраюць з улікам яго тэхналагічнасці, трываласці і надзейнасці. Побач з інж. К. існуе і мастацкае канструяванне ў адпаведнасці з прынцыпамі тэхнічнай эстэтыкі. Гл. таксама Праектаванне.
т. 7, с. 596
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КЕ́РЗАНА ЛІ́НІЯ»,
умоўная назва ўсх. мяжы Польшчы ў 1920 — сак. 1921. Праведзена прыбл. паводле этнічнага прынцыпу паміж Польшчай, Беларуссю і Украінай. Праходзіла праз Гродна—Ялаўку—Нямірава—Брэст-Літоўск—Драгунск—Усцілуг — на У ад Грубешава, праз Крылаў і далей на З ад Равы-Рускай, на У ад г. Перамышль (Пшэмысль) да Карпат. Прапанавана 8.12.1919 Вярх. саветам Антанты. Названа па імю Дж.Н.Керзана, які ў час сав.-польск. вайны 1920 па даручэнні Вярх. савета Антанты 11.7.1920 прапанаваў сав. ўраду спыніць наступленне Чырв. Арміі па гэтай лініі, прызнанай у ліп. 1920 і польск. урадам як усх. мяжа Польшчы на канферэнцыі ў Спа (Бельгія). Аднак у выніку змены ваен. сітуацыі на карысць Польшчы яе ўрад адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 польска-сав. граніца праходзіла значна далей на У ад «К.л.» і ўключала Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну ў склад Польшчы. У адпаведнасці з сав.-герм. дагаворам ад 28.9.1939 зах. мяжа СССР на бел. участку праходзіла крыху на З ад «К.л.», а на ўкр. участку прыбл. адпавядала ёй (Перамышль адышоў да СССР). Крымская канферэнцыя 1945 вызначыла, што ўсх. мяжа Польшчы павінна праходзіць уздоўж «К.л.». У адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 16.8.1945 паміж СССР і Польшчай устаноўлена дзярж. граніца, больш набліжаная да «К.л.», але з некаторымі адступленнямі на карысць Польшчы; на У ад яе да Польшчы перайшлі землі басейнаў рэк Зах. Бугу і Салокія, а таксама ч. Белавежскай пушчы. Польска-бел. дагавор ад 25.6.1991 пацвердзіў існуючыя межы паміж абедзвюма дзяржавамі.
Літ.:
Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зьменаў у Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. № 5—6.
т. 8, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАРЫЕНТА́ЦЫЯ (ад бія... + арыентацыя),
здольнасць жывёльных арганізмаў вызначаць сваё месца ў прасторы, сярод асобін таго ж ці іншых відаў, выбіраць аптымальнае становішча ў адносінах да фактараў асяроддзя і вызначаць біялагічна мэтазгодны напрамак руху.
Біяарыентацыя — адна з умоў прыстасавання (адаптацыі) арганізмаў да асяроддзя пражывання. Ажыццяўляецца на аснове біялакацыі (успрымання вонкавых уздзеянняў паверхняй цела або органамі пачуццяў) і эхалакацыі рэхалакацыі шляхам змены стану арганізма ў адпаведнасці з умовамі асяроддзя (марфафізіял. адаптацыя), змены месцаў існавання (міграцыя жывёл), утварэння статка, чародаў або будовы прыстанішчаў. У вышэйшых жывёл біяарыентацыя набывае характар складаных інстынктаў, якія ляжаць у аснове біянавігацыі.
т. 3, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАГЕНЕ́З [ад грэч. anër (andros) мужчына + ...генез],
мадыфікацыя палавога размнажэння, пры якой новы арганізм развіваецца ў адпаведнасці толькі з генетычным матэрыялам сперматазоідаў; разнавіднасць партэнагенезу. Пры андрагенезе мацярынскае ядро гіне яшчэ да пранікнення сперматазоідаў у клетку і ўзнікае гаплоідны арганізм з храмасомным наборам бацькоўскай формы (наз. андрагенетычным). Звычайны ў кукурузы, некаторых відаў тытуню, эксперыментальна атрыманы ў шаўкапрада, наезнікаў. Штучнае атрыманне жыццяздольных зародкаў магчыма пры аднаўленні дыплоіднага набору храмасом, калі ў яйцаклетку пранікае адначасова некалькі сперматазоідаў і зліваюцца 2 бацькоўскія гаплоідныя ядры. У доследах андрагенез выкарыстоўваецца для вывучэння магчымасцяў кіравання полам пры неабходнасці атрымаць толькі мужчынскае патомства.
т. 1, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРЦЫ́ЙНАЯ ТА́ЙНА,
звесткі, звязаныя з вытв., тэхнал., гандл., фін. дзейнасцю прадпрыемства, кампаніі, фірмы, банка і інш., раскрыццё якіх можа нанесці шкоду іх інтарэсам. Дазваляе абараніць прадпрыемствы, інш. фарміраванні ад нядобрасумленных канкурэнтаў, бязвыплатнага карыстання прадуктамі інтэлектуальнай працы (напр., вынаходніцтвамі, інавацыямі) і інш. Склад і аб’ём звестак, што з’яўляюцца К.т. парадак іх абароны вызначаюцца кіраўніком прадпрыемства (фірмы, банка і інш.) у адпаведнасці з заканадаўствам. Службовыя асобы дзярж. органаў, упаўнаважаныя праводзіць праверкі дзейнасці прадпрыемства, маюць права адпаведна іх кампетэнцыі знаёміцца са звесткамі, якія складаюць К.т., пры ўмове іх захавання і адказнасці за іх выдаванне.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
самастойны суб’ект гаспадарання, утвораны пры выкупе прац. калектывам дзярж. прадпрыемства або інш. законным набыцці яго маёмасці. Асаблівасць К.п. — калект. характар уласнасці і падзел маёмасці, кошт якой адлюстроўваецца ў самаст. бухгалтарскім балансе, на ўклады работнікаў. Гэтыя ўклады адпавядаюць долям удзельнікаў гасп. т-ваў, у іх уваходзіць сума, унесеная работнікам у маёмасць прадпрыемства і яго доля ў прыросце. На ўклады налічваюцца і выплачваюцца працэнты. Кіраванне К.п. ажыццяўляецца ў адпаведнасці з яго статутам, вышэйшы орган — сход прац. калектыву. Пры ліквідацыі К.п. яго работніку з кошту маёмасці выплачваецца сума ўкладу і частка даходу, што засталіся пасля разліку з бюджэтам, банкамі і інш. крэдыторамі.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАРЫ (ад лац. quantum колькі),
у матэматычнай логіцы, аператары, што выяўляюць пры вылічэннях колькасную характарыстыку аб’ектаў, пра якія гаворыцца ў выказваннях, або іх прэдыкатаў.
Найб. важнае значэнне маюць К. агульнасці (у звычайнай мове ім адпавядаюць словы «ўсе», «усякі», «кожны», «любы», «бясконца многа» і інш.) і К. існавання («некаторы», «некалькі», «існуе», «адзіны» і інш.). У лагічных вылічэннях К. пераўтвараюць свабодныя пераменныя ў звязаныя. Аперацыю выкарыстання К. наз. падвядзеннем пад К. (вывядзеннем з-пад К.) ці квантарыфікацыяй. Над выразамі з К. можна рабіць усе аперацыі злічэння прэдыкатаў, размяркоўваць К. па членах складанага выразу, перастаўляць іх і інш. ў адпаведнасці з законамі матэматычнай логікі.
т. 8, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АРЦЕ́ЛЬ,
калектыўная сялянская гаспадарка; добраахвотнае аб’яднанне грамадзян для сумеснай вытв-сці с.-г. прадукцыі. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь грунтуецца на членстве яе ўдзельнікаў, якія абавязаны ўнесці свой паявы ўзнос, прымаць асабісты прац. ўдзел у дзейнасці арцелі і несці субсідыярную адказнасць па яе абавязацельствах. Прававое становішча С.а., правы і абавязкі іх членаў вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб вытв. кааператывах. Устаноўчым дакументам С.а. з’яўляецца статут, зацверджаны агульным сходам яе членаў. Вышэйшым органам кіравання С.а. з’яўляецца агульны сход, выканаўчымі органамі — праўленне і яго старшыня. Гл. таксама Калгас.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЛА́ТНАСЦЬ службовая,
невыкананне або неналежнае выкананне службовай асобай сваіх службовых абавязкаў; адно са злачынстваў супраць інтарэсаў службы. Адбываецца ў выніку нядобрасумленных ці неахайных адносін да службы, што па неасцярожнасці прычыняе шкоду ў асабліва буйным памеры або істотную шкоду правам і законным інтарэсам грамадзян, дзярж. ці грамадскім інтарэсам. У адпаведнасці з КК Рэспублікі Беларусь Х. караецца штрафам, пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады, займацца пэўнай дзейнасцю, абмежаваннем свабоды ці пазбаўленнем волі да 2 гадоў, а ў выпадку смерці чалавека або інш. цяжкіх вынікаў — да 5 гадоў.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 16, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЭ́ПТ (ад лац. acceptus прыняты),
1) згода на заключэнне дагавору ў адпаведнасці з прапановай (афертай) інш. боку.
2) У міжнар. праве — аднабаковая заява пра звязанасць умовамі дагавору.
3) Прыняцце плацельшчыкам (трасатам) па пераводным вэксалі (траце) абавязацельстваў аплаціць вэксаль у вызначаны ў ім тэрмін. Такі акцэпт афармляецца на правым баку вэксаля ў выглядзе адпаведнага надпісу акцэптанта.
4) Згода банка гарантаваць выплату сумы, названай у пераводным вэксалі.
5) Згода плацельшчыка на аплату грашовых і таварных дакументаў. Выкарыстоўваецца пры разліках за тавары, паслугі і выкананыя работы: плацеж ажыццяўляецца са згоды плацельшчыка па разліковых дакументах, выпісаных пастаўшчыком.
Г.І.Краўцова.
т. 1, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)