ВЯ́ЗЕНЬ,

асоба, якая знаходзіцца ў зняволенні, зняволены. Тэрмін «вязень» паходзіць ад стараж. бел. «везенне» — назвы меры пакарання (пазбаўленне волі, зняволенне) і месца, дзе яно ажыццяўлялася (вежа, астрог, турма і да т.п.). «Вязень сумлення» — чалавек, якога ўзялі пад варту, зняволілі па паліт., рэліг. і інш. матывах.

т. 4, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ РАСІ́Я,

афіцыйная назва з 2-й пал. 17 ст. еўрап. часткі Рус. дзяржавы, населенай пераважна рускімі. У царскім тытуле ўжывалася з 16 ст. Як геагр. паняцце ўзнікла ў сувязі з далучэннем да Расіі Левабярэжнай Украіны (Малой Расіі). З 19 ст. часцей выкарыстоўваўся тэрмін Велікаросія.

т. 4, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУХАНЕМАТА́,

адсутнасць ці цяжкае парушэнне слыху і звязаная з гэтым адсутнасць мовы. Прычыны ўзнікнення глуханематы — прыроджаная ці набытая ў раннім дзяцінстве (1—2 гады) глухата. У сучаснай педагогіцы і медыцыне тэрмін глуханемата лічаць устарэлым. Заняткі з выкарыстаннем сурдапед. прыёмаў навучання дазваляюць навучыць глухога гаварыць.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТАНАВА́ННЕ (ад франц. détonner фальшыва спяваць),

недакладнае па вышыні выкананне муз. гукаў, што парушае ладавыя адносіны і ўспрымаецца як фальш. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваюць пераважна ў галіне вак. мастацтва, дзе ён абазначае паніжэнне ці павышэнне муз. гуку, а таксама пры ігры на струнных і духавых інструментах.

т. 6, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЧ (англ. match),

спаборніцтва паміж дзвюма або некалькімі камандамі, спартсменамі. Тэрмін узнік у 2-й пал. 19 ст. Праводзяцца ў розных відах спорту паміж камандамі (напр., спарт. гульні, лёгкаатлетычныя М.) і асобнымі спартсменамі, у т. л. за званне чэмпіёна свету (напр., па шахматах) і інш.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА,

навучальная ўстанова ў некаторых краінах Зах. Еўропы, Лац. Амерыкі і Афрыкі, якая рыхтуе настаўнікаў пераважна для пач. школ. Тэрмін навучання 2—6 гадоў. Узніклі ў Аўстрыі ў 2-й пал. 18 ст., Францыі ў канцы 18 ст., англа-саксонскіх краінах у 19 ст.

т. 11, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНІ́НЫ, планіны (ад балг., сербскахарвацкага, славенскага планіна — гара, горны ланцуг, горная паша),

слабаўзгорыстыя верхнія ўчасткі Карпат і асобных хрыбтоў Балканскага п-ва, пакрытыя высакатраўнымі лугамі. Выкарыстоўваюцца як летнія пашы і сенажаці. Тэрмін уваходзіць у склад назваў шэрагу хрыбтоў (напр., Стара-Планіна) і асобных вяршынь.

т. 11, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ДЛЫЯ ЛЮ́ДЗІ»,

тэрмін, што ўжываўся ў некаторых заканад. актах Расіі 18 ст. ў адносінах да ніжэйшых пластоў гар. насельніцтва. Рэгламент Гал. магістрата (1721) называў «П.л.» асоб, якія знаходзіліся «ў наймах і чорных работах», г. зн. «нерэгулярных» (немаёмасных) гараджан, што не ўваходзілі ў склад мяшчан.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЕ́НЬ,

паняцце геаметрычнай оптыкі (светлавы) і геаметрычнай акустыкі (гукавы), што абазначае лінію, уздоўж якой распаўсюджваецца энергія выпрамянення, вылучаная ў пэўным напрамку кропкавай крыніцай святла ці гуку. Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння вузкага пучка часціц (напр., электронны П.). П. у матэматыцы — тое, што замкнутая паўпрамая.

т. 12, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЛА́ДЫ ВЫТВО́РЧАСЦІ, прылады працы,

частка сродкаў вытв-сці, з дапамогай якіх або праз якія (абсталяванне, машыны, станкі і г.д.) чалавек уздзейнічае на аб’екты, прадметы працы, ператвараючы іх у гатовую прадукцыю. Тэрмін «прылады працы» шырока выкарыстоўваўся ў марксісцкай паліт. эканоміі, у сучаснай эканам. навуцы ўжываецца рэдка.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)