«САЮ́З ВЫЗВАЛЕ́ННЯ БЕЛАРУ́СІ»

(«СВБ»),

справа ў 1930 ДПУ БССР супраць бел. нац. інтэлігенцыі, якую абвінавачвалі ў нацыянал-дэмакратызме, контррэв. і антысав. дзейнасці; першы масавы паліт. пазасудовы працэс у БССР. Вясной—летам 1930 было арыштавана 108 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у т. л. 25 былых членаў партыі бел. эсэраў: акадэмікі Бел. АН В.​Ю.​Ластоўскі, Я.​Ю.​Лёсік, С.​М.​Некрашэвіч, праф. А.​А.​Смоліч, наркомы земляробства (Дз.​Ф.​Прышчэпаў) і асветы (А.​В.​Баліцкі), пісьменнікі М.​Гарэцкі, У.​Дубоўка, Я.​Пушча і інш. Кіраўніком арг-цыі «СВБ» быў «прызначаны» ДПУ БССР Ластоўскі, у склад яе кіраўніцтва «ўведзены» І.​І.​Краскоўскі, Я.​Купала, Лёсік, Некрашэвіч, Смоліч, А.​І.​Цвікевіч і інш. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 18.3.1931, Прышчэпаў, Баліцкі, нам. наркамзема А.​Ф.​Адамовіч і П.​В.​Ільючонак прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў. Астатнія 86 чал. пастановай калегіі АДПУ ад 10.4.1931 асуджаны на розныя тэрміны зняволення: 8 чал. — на 5 гадоў, 1 — на 3 гады папраўча-працоўных лагераў, астатнія — на 5 гадоў высылкі ў аддаленыя раёны Сав. Саюза. Усе арыштаваныя абвінавачваліся ў тым, што «з’яўляліся членамі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі «Саюз адраджэння Беларусі», у далейшым перайменаванай у «Саюз вызвалення Беларусі», ажыццяўлялі арганізаванае шкодніцтва на культурным, ідэалагічным і іншых участках сацыялістычнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыяналістычную агітацыю, скіраваную на запавольванне тэмпаў развіцця Беларусі на сацыялістычным шляху, ставячы канчатковай мэтай адарванне Беларусі ў этнаграфічных межах ад Савецкага Саюза і стварэнне так званай Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР)». Амаль да ўсіх арыштаваных прымяняліся фіз. катаванні і маральна-псіхал. здзекі з мэтай атрымаць ад іх патрэбныя паказанні. Усе, хто праходзіў па справе «СВБ», зноў арыштаваны ў 1937—41 за «ранейшыя злачынствы», большасць з іх расстраляны ці загінулі ў канцлагерах. Некат. з удзельнікаў «СВБ» былі арыштаваны ў 1949—52 трэці раз і асуджаны на вечнае пасяленне ў Сібіры на той падставе, што былі асуджаны раней. Усе рэабілітаваны ў 1956—88 за адсутнасцю саставу злачынства. Матэрыялы справы «СВБ» складаюць 29 тамоў.

У.​М.​Міхнюк.

т. 14, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЕРЦЬ І БЯССМЕ́РЦЕ,

два бакі быцця чалавека, якія ўзаемна выключаюць, але і ўзаемна прадугледжваюць адзін аднаго; адно з цэнтр. пытанняў філасофіі. У асэнсаванні праблемы С. і б. вылучаюць філас., рэліг. і прыродазнаўча-навук. аспекты. У ант. філасофіі ў працэсе аналізу С. і б. вызначыліся 2 асн. падыходы: матэрыялістычны (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый і інш.) і ідэалістычны (Сакрат, Платон і інш.). Згодна з матэрыялістычным падыходам, чалавек смяротны; на аснове прыродазнаўчых ведаў зроблены вывад, што з фіз. смерцю чалавека гіне і яго душа, г. зн. мысленне і свядомасць. Матэрыялісты лічаць бессмяротнымі створаныя чалавекам прадукты матэрыяльнай і духоўнай культуры і разглядаюць асобу як бессмяротную істоту толькі ў аспекце прадаўжэння роду. Эпікур, Сенека і інш. гал. задачай філасофіі лічылі збаўленне чалавека ад страху смерці. З процілеглых пазіцый разглядалі гэтую праблему С.​К’еркегор, А.​Шапенгаўэр, Ф.​Ніцшэ, М.​Хайдэгер, Ж.​П.​Сартр, А.​Камю і інш. Паводле ідэаліст. канцэпцыі бяссмерце чалавека грунтуецца на існаванні абсалютнай ідэі ці бяссмерці чалавечай душы, чым у пэўнай ступені паслабляецца трагізм чалавечага быцця. Згодна з рэлігійнымі вучэннямі, чалавек бессмяротны, што вынікае з боскай прыроды душы, а фіз. смерць з’яўляецца вызваленнем душы ад матэрыяльнай абалонкі. Прыродазнаўча-навуковы падыход да праблемы С. і б. разглядае смерць як спыненне жыццядзейнасці, натуральны канец усялякай жывой істоты і абвяргае ідэю існавання чалавека пасля яго фіз. смерці. Спробы абгрунтаваць фіз. бяссмерце ў межах прыродазнаўства рабілі рас. вучоныя А.​Л.​Чыжэўскі, У.​І.​Вярнадскі і інш. Праблема С. і б. займае значнае месца ў гісторыі бел. філас. думкі, дзе знайшлі адлюстраванне як рэліг.-правідэнцыялістычны (М.​Сматрыцкі, Сімяон Полацкі), так і прыродазнаўчанавук. (С.​Будны, К.​Лышчынскі і інш.) падыходы.

Літ.:

Тейяр де Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987;

Вернадский В.И. Начало и вечность жизни: [Сб.]. М., 1989;

Человек: Мыслители прошлого и настоящего о его жизни, смерти и бессмертии: Древний мир — эпоха Просвещения. М., 1991;

Русский космизм: Антология филос. мысли. М., 1993;

Семененя И.Н. Феномен жизни в аспекте полевой организации природы. Гродно, 1997;

Бодрийар Ж. Символический обмен и смерть: Пер. с фр. М., 2000.

Т.​І.​Адула.

т. 15, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНА́НСЫ (франц. finances грашовыя сродкі),

спецыфічная форма вытворчых адносін, што ўзнікаюць у сувязі з размеркаваннем ч. валавога ўнутр. прадукту і фарміраваннем цэнтралізаваных і дэцэнтралізаваных фондаў грашовых сродкаў. Сродкі выкарыстоўваюцца на расшырэнне, узнаўленне і задавальненне агульнадзярж. патрэб.

У грашовых адносінах, што складваліся паміж насельніцтвам і дзяржавай у асобе князя, караля, суддзі, лац. тэрмін «finis» (канец, заканчэнне) азначаў завяршэнне плацяжу, канчатковы разлік. Пазней ад яго ўзнікла слова «Ф.» — грашовыя плацяжы. У Францыі гэты тэрмін ужываецца з 16 ст. (у больш шырокім сэнсе — як сукупнасць публічных даходаў і выдаткаў). Тэрмін «публічныя Ф.» на ўсіх еўрап. мовах азначае сукупнасць дзярж. даходаў і расходаў. Ад лац. fiskus узнік тэрмін «фіск» (казна) — так называлі плацежны кош, у які ссыпалі грошы і матэрыяльныя каштоўнасці, атрыманыя дзяржавай ад насельніцтва.

Гістарычна ўзнікненне Ф. абумоўлена наяўнасцю дзяржавы і яе фіскальнай палітыкі, а таксама таварна-грашовых адносін. Змест Ф. вызначаюць грашовыя адносіны: гасп. суб’ектаў паміж сабой пры куплі-продажы тавараў і паслуг; паміж дзяржавай і суб’ектамі гаспадарання, якія звязаны з плацяжамі ў бюджэт і фінансаваннем з бюджэту, а таксама з фарміраваннем і выкарыстаннем пазабюджэтных і страхавых фондаў; грашовыя адносіны суб’ектаў гаспадарання з работнікамі па ўзнаўленні рабочай сілы; паміж суб’ектамі гаспадарання і банкаўскай сістэмай пры атрыманні і пагашэнні крэдытаў; адносіны ўнутры суб’екта гаспадарання, звязаныя з размеркаваннем выручкі і чыстага даходу; адносіны суб’ектаў гаспадарання з вышэйстаячымі органамі, звязаныя са стварэннем сумесных грашовых фондаў.

Ф. выконваюць размеркавальную і кантрольную функцыі. Размеркавальная іх функцыя забяспечвае размеркаванне і пераразмеркаванне ўнутр. валавога прадукту, нац. і чыстага даходаў, фарміраванне даходаў і накапленняў; стварэнне фондаў, грашовых сродкаў. Кантрольная функцыя Ф. заключаецца ў кантролі за размеркаваннем унутр. валавога прадукту, нац. даходу па адпаведных грашовых фондах і іх мэтавым расходаванні. Кантрольная функцыя абумоўлена нарматыўным характарам грашовых адносін (нарматыўныя акты рэгламентуюць умовы размеркавання даходаў і плацяжоў у бюджэт, фінансаванне з бюджэту, крэдытаванне, фарміраванне і выкарыстанне страхавых фондаў, а таксама грашовых фондаў суб’ектаў гаспадарання). Яе задача — кантроль за выкананнем нарматыўных актаў.

Літ.:

Бельский К.С. Финансовое право. М., 1995.

М.​Е.​Заяц.

т. 16, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮНГ (Jung) Карл Густаў (26.7.1875, Кесвіль, каля Базея — 6.6.1961),

швейцарскі псіхолаг, псіхіятр і філосаф культуры; заснавальнік аналітычнай псіхалогіі. Атрымаў мед. адукацыю ў Базелі, працаваў з 1890 у псіхіятрычным шпіталі ў Цюрыху пад кіраўніцтвам Э.​Блейлера. Абараніў доктарскую дысертацыю «Аб псіхалогіі і паталогіі так званых акультных феноменаў». У 1907 пасля сустрэчы з З.Фрэйдам стаў адным з яго актыўных паслядоўнікаў. Быў першым старшынёй Міжнар. псіхааналітычнай асацыяцыі (1911—14). Разрыў з Фрэйдам у 1913 прывёў Ю. да стварэння ўласнай версіі псіхааналітычнага вучэння. У сваёй аналіт. псіхалогіі ён прыйшоў да высновы. што ў суб’екта пераважае калект. бессвядомае, уласцівае ўсім народам і культурам, якое праяўляецца ў выглядзе архетыпаў. У яго разуменні гіпатэтычная, няўяўная і невыразная рацыянальнымі сродкамі мадэль знаходзіць сваё ўвасабленне ў бессвядомых калект. уяўленнях, снах, міфалагічных матывах і вобразах («Метамарфозы і сімвалы лібіда», 1912). Ю. аналізаваў архетыпы Маці, Персоны, Ценю, Анімы (жаночы пачатак у мужчыны), Мудрага Старца, якія, паводле яго сцвярджэння, адыгрываюць ролю ў развіцці міфаў, казак, маст. твораў. Найважн. значэнне ён надаваў самарэалізацыі, індывідуацыі як цэласнасці свядомай і бессвядомай душы, самапазнанню і самасцвярджэнню свайго ўласнага «Я» ў жыцці. Ю. крытыкаваў сучасную тэхн. цывілізацыю і масавае грамадства за адмаўленне ад традыцый, культуры і абязбожвання свету, лічыў, што бескантрольнае ўварванне «калектыўнага бессвядомага» здольна прывесці да паяўлення лжэпрарокаў кшталту Гітлера, Мусаліні, Сталіна і іх таталітарных сістэм. З пазіцыі аналіт. псіхалогіі пабудаваў тыпалогію базальна-індывідуальных псіхал. тыпаў экстравертаў (псіхаэнергетыка выплюхваецца ў знешні свет) і інтравертаў (псіхаэнергетыка накіравана ўнутр). У межах гэтых тыпаў ён вылучыў мыслячыя і пачуццёвыя, рацыянальныя і ірацыянальныя тыпы. З пазіцый псіхааналіт. культуралогіі Ю. прааналізаваў творчасць І.​В.​Гётэ, Дантэ, Р.​Вагнера, Дж.​Джойса, Ф.​Ніцшэ, П.​Пікасо, мастакоў-кубістаў. Ён зрабіў таксама істотны ўплыў на творчасць Т.​Мана, Г.​Гесэ, К.​Карэньі, М.​Эліядэ і інш. пісьменнікаў, фізікаў В.​Паўлі, Э.​Шродынгера. Аўтар прац «Аб псіхалогіі неўсвядомленага» (1943), «Псіхалогія і выхаванне» (1946), «Пра карані свядомасці» (1952) і інш.

Тв.:

Психологические типы: Пер. с англ. М., 1992;

Проблемы души нашего времени;

Пер. с англ. М., 1993;

Аналитическая психология: Пер. с англ. М., 1994.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 18, кн. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗКАЎСХО́ДНІ КАНФЛІ́КТ,

ваеннае і палітычнае проціборства на рэгіянальным узроўні Ізраіля з араб. краінамі і Арганізацыяй вызвалення Палесціны (АВП). На глабальным узроўні — паміж ЗША, што падтрымлівалі Ізраіль, і СССР (да 1991), які дапамагаў дружалюбным яму араб. рэжымам. Бярэ пачатак ад утварэння Ізраільскай дзяржавы (1948). У аснове канфлікту палесцінская праблема і ўзаемаадносіны Ізраіля і араб. краін (гл. Араба-ізраільская вайна 1948—49, Ізраільска-арабскія войны). Праблема вяртання акупіраваных ізраільцянамі тэрыторый (Сінайскі п-аў, сектар Газа, Галанскія вышыні, Зах. бераг р. Іардан, частка г. Іерусалім) і барацьба палесцінцаў (у т. л. тэрарыстычныя акцыі) за стварэнне ўласнай дзяржавы зрабілі Б. Усход асяродкам самага працяглага канфлікту ў сусв. палітыцы. Пры пасрэдніцтве ЗША першым крокам да міру з’явіліся Кэмп-Дэвідскія пагадненні паміж Егіптам і Ізраілем (1979). Да 1993 па праблеме Блізкаўсходняга канфлікту ішла дыпламат. барацьба, у ходзе якой Ізраіль прызнаў АВП адзіным прадстаўніком араб. народа Палесціны, а АВП прызнала Ізраіль як дзяржаву. 13.9.1993 у Вашынгтоне бакі падпісалі мірны дагавор і палесцінцы атрымалі права на самакіраванне ў сектары Газа і гарадах Іерыхон і Віфлеем. 26.10.1994 падпісаны мірны дагавор паміж Ізраілем і Іарданіяй. У чэрв. 1995 пачаліся перагаворы паміж Ізраілем і Сірыяй па праблеме вываду ізраільскіх войскаў з Галанскіх вышыняў. Гал. перашкодай на шляху да канчатковага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту з’яўляецца дзейнасць экстрэмісцкіх сіл як у Палесцінскім руху супраціўлення (ХАМАС і інш. арг-цыі), так і ўнутры ізраільскага грамадства (забойства прэм’ер-міністра І.​Рабіна ў ліст. 1995).

А.​А.​Чалядзінскі.

Да арт. Блізкаўсходні канфлікт. У час падпісання пагаднення ў Вашынгтоне. 1993. Злева направа: І.​Рабін, Б.​Клінтан, Я.​Арафат.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА ПРЭДЫКА́ТАЎ, функцыянальная логіка,

раздзел логікі, у якім вывучаюцца лагічныя сувязі паміж выказваннямі з улікам іх унутранай (суб’ектна-прэдыкатнай) структуры; пашыраны варыянт логікі выказванняў. Прадметам даследавання з’яўляецца любая галіна аб’ектаў з дадзенымі на гэтых аб’ектах прэдыкатамі, г. зн. уласцівасцямі і адносінамі. У выніку фармалізацыі Л.п. прымае выгляд розных злічэнняў (напр., злічэнне выказванняў). Пры аналізе ўплыву на лагічны вывад унутр. структуры выказванняў прэдыкаты разглядаюцца як функцыі, значэннямі якіх служаць выказванні. У дапаўненне да сімвалічных сродкаў логікі выказванняў у мову Л.п. уведзены лагічныя знакі — аператары ∀ («для ўсіх») і ∃ («для некаторых», існуе... такое, што...»), якія адпаведна наз. квантарамі агульнасці і існавання. Для выяўлення структуры выказванняў уводзіцца бясконцы пералік індывідных пераменных x, y, z ... x​1, y​1, z​1, .... якія ўяўляюць сабой розныя аб’екты, і бясконцы пералік прэдыкатных пераменных P, Q, R, ..., P​1, Q​1, R​1 ..., якія ўяўляюць сабой уласцівасці і адносіны аб’ектаў. Запіс (∀x)P(x) азначае «Усякі x валодае ўласцівасцю P»; (∃x)P(x) — «некаторыя x валодаюць уласцівасцю P» і (∃xQ(xy) — «існуе x, які знаходзіцца ў адносінах Q з y» і да т.п. Квантары могуць звязваць у формулах індывідныя (звязаныя) пераменныя. Індывідныя пераменныя, не звязаныя ў формуле квантарамі, наз. свабоднымі. Так, ва ўсіх трох прыведзеных формулах пераменная х звязаная, у апошняй формуле пераменная у свабодная. Звязаныя пераменныя наз. фіктыўнымі. Формулы, якія прымаюць значэнне «ісціна» ў кожнай інтэрпрэтацыі, наз. агульназначнымі. Існуюць таксама некласічныя Л.п., якія прапануюць іншыя тлумачэнні лагічных звязак і квантара.

Літ.:

Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;

Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн. 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 9, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУКО́ МА́ЯТНІК,

спецыяльна сканструяваны маятнік, ваганні якога пацвярджаюць сутачнае вярчэнне Зямлі. Уяўляе сабой масіўны груз, падвешаны на доўгім (да некалькіх дзесяткаў метраў) падвесе (дрот, моцная нітка), верхні канец якога так замацаваны (напр., пры дапамозе карданнага падвеса), што дазваляе маятніку вагацца ў любой верт. плоскасці.

Сіла цяжару маятніка і сіла нацяжэння падвеса ляжаць у адной плоскасці і не могуць змяніць плоскасць ваганняў маятніка. Таму адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, звязанай, напр., з «нерухомымі зоркамі», плоскасць ваганняў Ф.м. захоўваецца. У неінерцыяльнай сістэме адліку, звязанай з Зямлёй, праяўляюцца сілы інерцыі, дзеянне адной з якіх (гл. Карыяліса сіла) і вядзе да павольнага павароту плоскасці ваганняў Ф.м. адносна паверхні Зямлі ў напрамку, процілеглым яе вярчэнню. На Паўн. і Паўд. полюсах плоскасць ваганняў маятніка паварочваецца дакладна на 15° кожную гадзіну і робіць поўны абарот на 360° за зорныя суткі. У пункце зямной паверхні, геагр. шырата якога φ, адпаведны вугал павароту будзе α = 2 π sinφ. Для Мінска φ = 54°, α = 290°. Сканструяваны Ж.Б.​Л.​Фуко ў парыжскім Пантэоне ў 1851, даўж. 67 м. Вядома каля 20 дзеючых Ф.м. розных канструкцый, напр., у будынку ААН (Нью-Йорк), Нац. музеі амер. гісторыі (Вашынгтон), Сіднейскім ун-це.

На Беларусі Ф.м. спец. канструкцыі ў выглядзе чатырохграннай зашклёнай піраміды ўстаноўлены ў пед. ун-це імя М.​Танка (2002).

Літ.:

Верин А. Опыт Фуко. Л.;

М., 1934;

Востоков Е.И. Опыт Фуко, доказывающий вращение Земли вокруг своей оси. 2 изд. Л., 1940.

У.​А.​Якавенка.

Фуко маятнік у Беларускім педагагічным універсітэце імя М.​Танка: шар масы 27 кг на стальным падвесе вагаецца з перыядам 5,5 с у замкнёнай пірамідзе вышынёй 7 м.

т. 16, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАЛО́ГІЯ (ад грэч. anālōgia адпаведнасць, падабенства),

1) прыём (метад) выяўлення падабенства паміж прадметамі, іх уласцівасцямі і якасцямі. Усе прадметы прыроды (ад элементарных часціц і да касм. аб’ектаў) распадаюцца на пэўныя групы і класы, якія маюць агульныя ўласцівасці і прыкметы — аналогіі. Прыём аналогіі скарачае тэрміны даследаванняў і часам прыводзіць да навук. адкрыццяў, разам з тым ён можа быць крыніцай памылак, калі выкарыстаны некрытычна ці будуецца на выпадковых падабенствах і прыкметах (атаясамленне грамадства і арганізма, арганізма і механічнай сістэмы, сумлення і камп’ютэра, некаторых аналогій у гіст., сацыялагічным, паліталагічным і эканам. даследаваннях). Прыёмы аналогіі, маючы значныя пазнавальныя магчымасці, павінны дапаўняцца іншымі метадамі даследавання. Аналогія шырока выкарыстоўваецца ў фізіцы, матэматыцы, псіхалогіі і інш. (напр., падабенства ў паводзінах святла і гуку прывяло да вываду, што святло мае хвалепадобную прыроду).

2) У біялогіі — марфалагічнае падабенства органаў або іх частак розных па паходжанні, але аднолькавых па функцыях. Аналогія развіваецца ў выніку канвергенцыі. Органы, якія выконваюць аднолькавыя або блізка падобныя функцыі, наз. аналагічнымі (напр., крылы птушак і насякомых, шчэлепы рыб і ракаў). Развіццё іх сведчыць толькі аб прыстасаванасці органаў да аднолькавых умоў існавання, а не аб эвалюцыйным падабенстве (гл. Гамалогія).

3) У мовазнаўстве — утварэнне моўнай адзінкі шляхам прыпадабнення да адзінак і адносін, якія ўжо існуюць у мове. Так, форма «яблыняў» замест «яблынь» ужываецца па аналогіі з формамі «лічбаў», «вербаў» (канчатак «-аў» абумоўлены збегам зычных), што таксама ўтварыліся на ўзор стараж. формаў «сыноў», «дамоў». Найб. характэрна аналогія ў граматыцы, дзе яна выраўноўвае формы слоў, што вылучаюцца з агульнага рада, і вядзе да уніфікацыі (напр., «ядзім» як «глядзім» замест больш архаічнага «ямо»). Аналогія ўзнікае ў жывым маўленні, з цягам часу можа быць замацавана ў нармаванай моўнай сістэме.

4) У праве — прыём вырашэння дзярж., гаспадарчымі, грамадскімі і інш. органамі, службовымі асобамі і грамадзянамі юрыд. пытанняў, не ўрэгуляваных нормамі права. Адрозніваюць аналогію закону — дастасаванне ў вырашэнні пэўных пытанняў прававых нормаў, якія рэгулююць падобныя грамадскія адносіны, і аналогія права — прымяненне агульных асноў і прынцыпаў прававога рэгулявання адпаведнай галіны права ці прававога інстытута. На Беларусі аналогія выкарыстоўвалася на розных этапах развіцця дзяржаўнасці і права. Сучаснае заканадаўства Рэспублікі Беларусь поўнасцю забараняе аналогію ў крымін. праве, але дазваляе ў цывільных праваадносінах, у адм., прац., гасп. і інш. галінах права. Аналогія выкарыстоўваецца ў некат. замежных краінах. Напр., у краінах англа-саксонскай сістэмы права (ЗША, Вялікабрытанія) дапускаецца аналогія крымін. закону пры дапамозе т.зв. прэцэдэнту.

А.​М.​Елсукоў, А.​А.​Кожынава, В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 1, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЗКІЯ ТЭМПЕРАТУ́РЫ.

крыягенныя тэмпературы, тэмпературы ніжэй за 120 К. Т-ры. меншыя за 0,3 К, адносяць да звышнізкіх. Пры Н.т., асабліва блізкіх да абсалютнага нуля, цеплавы рух атамаў рэчыва памяншаецца і пачынаюць праяўляцца яго квантавыя ўласцівасці (напр., звышправоднасць, звышцякучасць). Пры Н.т. стан цвёрдага рэчыва разглядаецца як упарадкаваны, што дазваляе апісваць яго ўласцівасці з дапамогай квазічасціц. Кандэнсаваны (вадкі або цвёрды) стан рэчыва пры Н.т. вывучае фізіка нізкіх тэмператур. Эфекты, што праяўляюцца пры Н.т., выкарыстоўваюць у касм. матэрыялазнаўстве, крыябіялогіі, крыяэлектроніцы і інш.

Атрыманне Н.т. заснавана на звадкаванні газаў у спец. устаноўках — звадкавальніках, дзе моцна сціснуты газ пры расшырэнні да звычайнага ціску ахаладжаецца і кандэнсуецца (паводле Джоўля—Тамсана эфекту). Як холадаагенты выкарыстоўваюць паветра, азот, неон, вадарод, гелій (т-ра кіпення TH = 4,2 К). Для падтрымання Н.т. TH холадаагента павінна быць пастаяннай пад атм. ціскам, для чаго выкарыстоўваюць спец. тэрмастаты. Адпампоўваннем газу, што выпараецца, з герметызаванай пасудзіны памяншаюць ціск над вадкасцю і гэтым зніжаюць т-ру яе кіпення. Так дасягаюцца Н.т.: ад 77 да 63 К пры дапамозе вадкага азоту, ад 27 да 24 К — вадкага неону, ад 20 да 14 К — вадкага вадароду, ад 4,2 да 1 К — вадкага гелію. Пры больш нізкіх т-рах вадкія газы цвярдзеюць і страчваюць ахаладжальныя якасці (за выключэннем ізатопа гелію ​4He, які застаецца вадкім амаль да абс. нуля). Метадам адыябатычнага размарожвання парамагнітных солей дасягаюць т-ры 10​−3 К, гэтым жа метадам з выкарыстаннем ядзернага парамагнітнага рэзанансу ў сістэме атамных ядраў дасягнута т-ра 10​−6 К. Т-ры парадку 10​−3 К атрымліваюць таксама больш зручным метадам — растварэннем вадкага ​3He у вадкім ​4He. Вымярэнне Н.т. да 1 К ажыццяўляюць газавым тэрмометрам. У дыяпазоне 0,3—5,2 К нізкатэмпературная тэрмаметрыя засн. на залежнасці ціску насычаных пароў гелію ад т-ры. У практычнай тэрмаметрыі выкарыстоўваюць пераважна тэрмометры супраціўлення.

На Беларусі даследаванні з выкарыстаннем Н.т. вядуцца з 1964 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, з 1980-х г. — у Цэнтры крыягенных даследаванняў пры гэтым ін-це (В.​І.​Гасцішчаў, С.​Я.​Дзям’янаў і інш.), а таксама ў інш. ін-тах Нац. АН, БДУ.

Літ.:

Лоунасмаа О.В. Принципы и методы получения температур ниже 1 К: Пер. с англ. М., 1977;

Капица П.Л. Физика и техника низких температур: Науч. тр. М., 1989;

Вепшек Я. Измерение низких температур электрическими методами: Пер. с чеш. М. 1980.

С.​Я.​Дзям’янаў.

т. 11, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМІНАЛО́ГІЯ (ад тэрмін + ...логія),

1) сукупнасць тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае адпаведную сукупнасць паняццяў. У больш шырокім сэнсе слова «Т.» ўжываюць для абазначэння агульнай сукупнасці тэрмінаў усіх галін дзейнасці.

2) Раздзел лексікалогіі, які вывучае тэрміны.

Лексічныя, семантычныя, семіятычныя (знакавыя) асаблівасці Т. кожнай галіны дзейнасці абумоўлены гісторыяй фарміравання сістэмы паняццяў гэтай галіны, спецыфікай абазначаемых паняццяў і станам іх сістэматызацыі. Так, лексічная асаблівасць мед. Т. — значная колькасць слоў лац. мовы, якія сталі інтэрнацыянальнымі. Семіятычная асаблівасць Т. фізікі, хіміі, матэматыкі — выкарыстанне побач з тэрмінамі-словамі і словазлучэннямі (вербальнымі тэрмінамі) літарных і лікавых абазначэнняў, сімвалаў. У Т. не павінна быць шматзначнасці, аманіміі, сінаніміі, аднак у практыцы тэрмінаўжывання і фарміравання тэрміналаг. сістэм гэтыя семантычныя асаблівасці маюць месца, што ў пэўнай ступені абмяжоўвае дакладнасць тэрмінаў. Т. ў шырокім сэнсе з’яўляецца спецыфічнай і параўнальна самаст. часткай у сістэме літ. мовы, узаемадзейнічае з агульналіт. лексікай і ўплывае на яе. З аднаго боку, у агульналіт. лексіку пранікаюць тэрміны грамадска важных і актуальных навук: сацыяльна-эканам., фізікі, біялогіі, медыцыны, касм. тэхнікі, кібернетыкі і інш.; яны — важны сродак маст. адлюстравання. З другога боку, тэрміналагізуюцца асобныя словы агульналіт. мовы і ўваходзяць у галіновыя Т.: «поле», «хваля», «напружанне» (у фізіцы), «кішэня», «галоўка», «башмак» (у тэхніцы), «апавяданне», «аповесць», «раман» (у літ.-знаўстве), «слова», «сказ» (у лінгвістыцы).

У 14—17 ст. у старабел. мове найб. пашырана грамадска-паліт. і юрыдычная Т. Яна зафіксавана ў помніках дзелавой пісьменнасці, пераважна ў Метрыцы Вялікага княства Літоўскага, што ўключае каля 600 кніг дакументаў ВКЛ. З 2-й пал. 17 ст. наступіў перапынак у функцыянаванні пісьмовай мовы, звязаны з выцясненнем бел. мовы польскай, а пасля далучэння Беларусі да Расіі (канец 18 ст.) — рус. мовамі. Развіццё тэрміналагічнай лексікі пачалося ў канцы 19 — пач. 20 ст., што звязана з выданнем бел. газет, часопісаў, альманахаў, календароў. Актыўная работа па распрацоўцы і ўпарадкаванні бел. Т. пачалася пасля 1917. Навук. асновы распрацоўкі бел. Т. закладзены Навукова-тэрміналагічнай камісіяй, на базе якой засн. Інбелкульт. Пэўны ўклад у развіццё Т. зроблены Тэрміналагічнай камісіяй пры БелСЭ на чале з К.​Крапівой. У 1980 пры АН Беларусі створана Рэсп. тэрміналагічная камісія, якая складаецца з 9 секцый і ўключае каля 180 вядучых вучоных розных галін ведаў. Камісія займаецца зборам і сістэматызацыяй навуковай Т., распрацоўкай тэарэт. пытанняў Т., падрыхтоўкай тэрміналагічных зборнікаў.

Літ.:

Антанюк Л.А. Беларуская навуковая тэрміналогія: Фарміраванне, структура, упарадкаванне, канструяванне, функцыяніраванне. Мн., 1987;

Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі. Мн., 1999.

Л.​А.​Антанюк.

т. 16, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)