ДЗЯРЖА́ЎНЫ КАМЕРНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ Створаны ў 1968 як Мінскі камерны аркестр Бел. філармоніі, з 1989 Дзярж. камерны аркестр БССР, з 1992 сучасная назва. Арганізатар і першы дырыжор А.Янчанка. У рэпертуары арыгінальныя творы і пералажэнні п’ес бел. кампазітараў Л.Абеліёвіча, П.Альхімовіча, А.Багатырова, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, Э.Зарыцкага, С.Картэса, І.Лучанка, Дз.Смольскага, Р.Суруса і інш., музыка барока, венскіх і інш. класікаў, сучасных замежных кампазітараў. Дзейнасць аркестра спрыяла ўзбагачэнню бел. музыкі камернымі разнавіднасцямі сімфоніі, сюіты, канцэрта і інш. Аркестр часта выступае ў сумесных канцэртах з Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь, стварае сумесныя праекты («Моцарт і...» і інш. тэматычныя праграмы); удзельнічаў у шматлікіх міжнар. фестывалях у краінах Зах. Еўропы; з ім выступалі сусветна вядомыя музыканты (піяніст Ю.Франс, спявачка К.Рычарэлі і інш.). Маст. кіраўнік і гал. дырыжор аркестра І.Э.Райль (з 1993), дырыжор Т.Праватораў, канцэртмайстар М.Штэйн. У розны час у аркестры працавалі дырыжоры Ю.Цырук, І.Галаўчын, А.Палянічка, В.Собалеў, канцэртмайстар А.Крамароў.
Літ.:
Агаркава А. Шлях да майстэрства // Мастацтва Беларусі. 1983. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХЛЕ́ЎНЫ Леанід Канстанцінавіч
(н. 16.1.1947, г. Гродна),
бел. кампазітар. Нар.арт. Беларусі (1998), засл. дз. маст. Беларусі (1985). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас А.Багатырова). З 1976 выкладчык Мінскага муз. вучылішча, у 1978—89 муз. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм», з 1990 маст. кіраўнік ансамбля нар. музыкі «Бяседа» Белтэлерадыёкампаніі. Яго творчасці ўласцівы дэмакратычнасць муз. мовы, яркі меладызм, спалучэнне нац. характэрнасці і сучасных сродкаў муз. выразнасці. Сярод твораў: кантаты «Вянок» (1972), «Муха-цакатуха» паводле К.Чукоўскага (1976); 2 сімфоніі (1971, 1975), сімф. варыяцыі «З беларускага эпасу» (1970); камерна-інстр. творы; рамансы і вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, У.Карызны, К.Буйло (1972—77); песенны цыкл «Памяць» (1980), зб. песень для дзяцей «Вераснёвы вальс» (1994); хар. цыклы «Дзесяць апрацовак беларускіх народных песень» (1977), «Песні дзявочага кахання» (1979, сл. Карызны), «Песні беларускага Паазер’я» (1988, сл. народныя); песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980. Сярэбраны медаль імя А.Аляксандрава 1986. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛО́Ў Васіль Іванавіч
(н. 23.10.1932, в. Цімоніха Харкаўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1964). Друкуецца з 1956. Прадстаўнік т.зв. «вясковай прозы», у якой — рус.нац. характар, гіст. лёс сялянства. Першая кніга — зб. вершаў і паэм «Вёсачка мая лясная» (1961). У кнігах прозы «Спякотнае лета» (1963), «Рачныя лукавіцы» (1964), «Звыклая справа» (1966), «Цяслярскія апавяданні» (1968) і інш. — мастацкае даследаванне нар. характараў, побыт, звычаі, традыцыі і перспектывы паўн.рус. вёскі. У раманах «Пярэдадзень» (ч. 1—2, 1972—76), «Усё наперадзе» (1987), «Год вялікага пералому» (1991) — хроніка жыцця вёскі 1920-х г., супрацьпастаўленне абшчыннага і урбаністычнага тыпаў мыслення, лёс сучасных «неперспектыўных» вёсак. Аўтар гумарыстычных мініяцюр (кн. «Бухціны валагодскія», 1969), п’ес, артыкулаў, нарысаў (кн. «Лад», 198.2) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1981, Літ. прэмія імя Л.Талстога 1992.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—3. М., 1991—93.
Літ.:
Селезнёв Ю.В. В.Белов: Раздумья о творческой судьбе писателя. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ДКАСНЫ РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,
ракетны рухавік, які працуе на вадкім паліве; асн. тып рухавікоў касм. апаратаў. Схему рухавіка распрацаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Адрозніваюць асноўныя (для разгону ракеты) і дапаможныя (рулявыя, тармазныя і інш.). У залежнасці ад акісляльніку бываюць кіслародныя, азотнакіслотныя, фторныя і інш. Гаручае — газа, вадарод, аміяк і інш.
Складаецца з камеры згарання, рэактыўнага сапла, сістэм сілкавання, рэгулявання падачы і ўзгарання паліва і дапаможных агрэгатаў. Сістэма сілкавання палівам — выцясняльная (газабалонная) ці турбапомпавая. Гаручае і акісляльнік змешваюцца і ўзгараюцца ў камеры, адкуль газавы струмень праз сапло з вял. скорасцю выкідваецца ў навакольнае асяроддзе і стварае цягу. Асн. ахалоджванне камеры ажыццяўляецца цёкам гаручага па каналах у сценцы. У сучасных вадкасных ракетных рухавіках выкарыстоўваецца двухкампанентнае ракетнае паліва (складаецца з акісляльніку і гаручага, якія захоўваюцца ў асобных баках) і аднакампанентнае (вадкасць, здольная да каталітычнага раскладання). Выкарыстоўваюцца таксама ў балістычных ракетах далёкага дзеяння, зенітных кіроўных ракетах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́ТА
(італьян. granata ад лац. granatus зярністы),
1) боепрыпас для паражэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка ў блізкім баі. Адрозніваюць гранаты: ручныя і для стральбы з гранатамётаў (гранатамётныя стрэлы і вінтовачныя гранаты); процітанкавыя, проціпяхотныя, запальныя і спецыяльныя (дымавыя, асвятляльныя, сігнальныя і інш.).
Гранатамётныя стрэлы маюць калібры 30—112 мм, масу 0,2—5 кг, бронепрабівальнасць да 400 мм і болей. Бываюць з парахавым стартавым зарадам, рэактыўным рухавіком і стабілізатарам. Проціпяхотныя гранаты падзяляюцца на асколачныя ручныя гранаты, асколачныя, асколачна-фугасныя і асколачна-кумулятыўныя гранатамётныя стрэлы. Маса сучасных гранат 0,3—1,2 кг, радыус паражэння фугасных да 20 м, асколачных да 200 м. Гранаты з’явіліся ў 16 ст., з 17 ст. імі ўзбройвалі спец. падраздзяленні пяхоты — грэнадзёраў. Процітанкавыя гранаты — кумулятыўныя ручныя гранаты і гранатамётныя стрэлы. Прабіваюць браніраваныя цэлі накіраваным струменем разрыўнога зарада. Маса 1,1—1,2 кг.
2) Устарэлая назва артыл.снарадаў асколачна-фугаснага дзеяння масай не менш за 16 кг. Ужываліся з 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯУ́РАЎ Нікалай
(н. 13.9.1929, г. Велінград, Балгарыя),
балгарскі спявак (бас); адзін з буйнейшых сучасных оперных спевакоў. Нар.арт. Балгарыі (1962). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Сафійскай, Ленінградскай і Маскоўскай (скончыў у 1955) кансерваторыях. Спяваў у Сафійскай нар. оперы (з 1956), у Вял. т-ры ў Маскве (1957—58), у Венскай, Парыжскай операх, Балонскім оперным т-ры. З 1961 саліст т-ра «Ла Скала». Асаблівае месца ў яго творчасці займае італьян. і рус. оперны рэпертуар. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Іван Хаванскі («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно; «Мефістофель» А.Бойта), Даланд («Лятучы галандзец» Р.Вагнера), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Гран пры Міжнар. конкурсу спевакоў у Парыжы (1955) і Франц. акадэміі грампласцінак імя Ш.Кро (1972). Дзімітроўская прэмія 1959, 1966.
Літ.:
Абаджиев А. Николай Гяуров. М., 1984;
Бикс Р. Н.Гяуров в големия театьр на идеите. София, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́СТАВЫЯ ПЕ́СНІ,
від веснавых песень, якія выконваліся ў час веснавога земляробчага свята сёмухі. Спяваліся пераважна на Палессі. Суправаджалі абрад ваджэння «куста» (прыбранай у зялёныя галінкі і кветкі дзяўчыны), што ўвасабляў жыватворныя сілы прыроды і быў нібыта здольны перадаваць іх зямлі, полю, а таксама служыў сімвалам роду і сувязі са светам продкаў, ад якіх «залежаў» ураджай. Падзяляюцца на рытуальныя, заклінальныя і велічальныя. Рытуальныя адлюстроўваюць гал. моманты абраду — паход дзяўчат у лес, дзе самую прыгожую прыбіралі «кустом», шэсце «дзявоцкага войска» з кустом па вёсцы, віншаванне гаспадароў з заканчэннем веснавых работ з просьбай надарыць «куст». Заклінальныя песні былі прызначаны магічным шляхам забяспечыць добры ўраджай. Песні, прысвечаныя хлопцу і дзяўчыне, закліналі каханне, шчаслівы лёс. Велічальныя песні ўхваляюць «зеляненькі куст», узвышаюць удзельніц свята, «дзявоцкае войска», якое «ніхто не б’е, не ваюе», услаўляюць шчодрых гаспадароў. К.п. завяршаецца веснавы цыкл каляндарна-абрадавых песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПАТО́ Георгій Паўлавіч
(н. 23.8.1924, в. Азершчына Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі і інфарматыкі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1995), чл.-кар.Рас.АН (1979). Д-ртэхн.н. (1976), праф. (1980). Скончыў Маскоўскі энергет.ін-т (1952). З 1959 на Мінскім з-дзе ЭВМ. У 1969—72 дырэктар Мінскага філіяла Н.-д. цэнтра электроннай выліч. тэхнікі. З 1972 у НДІЭВМ (у 1972—87 дырэктар), адначасова ў Мінскім радыётэхнічным ін-це. У 1992—95 дырэктар навук.-інж. цэнтра «Нейракамп’ютэр», з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Навук. працы па распрацоўцы і вытв-сці ЭВМ сям’і «Мінск», ЭВМ Адзінай сістэмы, выліч. комплексаў, сістэм і сетак, аўтаматызацыі праектавання ЭВМ. Гал. канструктар ЭВМ «Мінск-1», шматмашынных сістэм «Мінск-222», сістэмы калект. карыстання «Нарач», шэрагу рухомых (бартавых ЭВМ), спец.выліч. комплексаў. Дзярж. прэмія СССР 1970.
Тв.:
Вычислительная техника в Белоруссии // Информационные технологии и вычислительные системы. 1997. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Бабруйскае староства,
дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ. Займала большасць тэр.сучасных Бабруйскага, Кіраўскага і прылеглыя да іх ч. Жлобінскага і Светлагорскага р-наў. Напачатку ўваходзіла, відаць, у Свіслацкае княства. З 15 ст. воласцю кіраваў намеснік, якога прызначаў вял. князь. У 1560 тут праведзена адм. рэформа — замест стараж. адзінак падаткаабкладання (дымоў) уведзены службы. На працягу 15—16 ст. некалькі сёл воласці былі падараваны вял. князем розным феадалам. У 1565 тэр. Бабруйскай воласці ўключана ў Рэчыцкі пав. Менскага ваяв.Валочная памера ў воласці праведзена ў 1611—39, замест службаў намерана 475 аселых валок, на якіх месцілася каля 1 тыс.сял. двароў. Акрамя таго, у Бабруйску было 409 мяшчанскіх дамоў і ў прадмесцях 286 гаспадарак агароднікаў. У 17—18 ст. намеснікі (дзяржаўцы) зваліся старостамі, а сама воласць — староствам. У 2-й пал. 16 — 1-й пал. 17 ст. на пасаду бабруйскага старосты прызначаліся прадстаўнікі шляхецкага роду Трызнаў, потым інш. буйныя феадалы, у т. л. Радзівілы. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1793) са староства ў якасці павятовага цэнтра вылучаны г. Бабруйск, а само яно паступова падзялілася на некалькі асобных маёнткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАШЭ́ВІЧ Галіна Аляксандраўна
(н. 18.6.1932, Слуцк),
бел. фалькларыстка. Д-рфілал. н. (1994). Скончыла БДУ (1956). У 1957—93 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1993 у Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Даследуе праблемы бел. фалькларыстыкі і нар. педагогікі, дзіцячы, каляндарна-абрадавы і пазаабрадавы сучасны фальклор. Складальнік зб-каў «Песні савецкага часу» (1970), «Дзіцячы фальклор» (1972), «Ходзіць жораў па таку» (1993) і інш. Адзін са складальнікаў кн. «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Веснавыя песні» (1979, аўтар уступу і камет.), «Валачобныя песні» (1980), «Беларускія народныя казкі» (1981, 2-е выд. 1986), «Казкі ў сучасных запісах» (1989). Дзярж. прэмія Беларусі 1986 за ўдзел у падрыхтоўцы зводу «Беларуская народная творчасць».
Тв.:
Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;
Сустрэчы з казкай. Мн., 1984 (разам з К.П.Кабашнікавым);
Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;
Магічнае слова: Вопыт даслед. светапогляднай маст. асновы замоў. Мн., 1990;
Жанравая спецыфіка каляндарна-абрадавай паэзіі ўсходніх славян // Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян. Мн., 1993.