СПАРТА́К (Spartacus; ? — 71 да н.э.),

правадыр найбуйнейшага паўстання рабоў у Стараж. Рыме, якое ў гістарыяграфіі атрымала назву Спартака паўстанне. Паходзіў з Фракіі з племя медаў. Паводле Апіяна і Плутарха, быў прададзены ў рабства і трапіў у гладыятарскую школу ў Капуі. Разам з групай паплечнікаў уцёк на Везувій, акружаны рымлянамі, вырваўся з дапамогай ваен. хітрасці. З паўстанцаў арганізаваў армію на рым. ўзор са строгай дысцыплінай. У арміі былі наладжаны выраб зброі і вайсковае навучанне. С. не абвяшчаў сябе царом, усе справы, верагодна, вырашалі рада камандзіраў і вайсковы сход; здабыча дзялілася пароўну. Загінуў у бітве з рым. арміяй Краса. Помнік у Балгарыі.

Літ.:

Мишулин А.В. Спартак. [2 изд.]. М., 1950;

Песков В. Спартак. Ростов н/Д;

М., 1997.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДРЫХ I БАРБАРО́СА (Friedrich I Barbarossa літар. — чырванабароды; каля 1122, г. Вайблінген, Германія — 10.6.1190),

германскі кароль (з 1152), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1155—90]. З дынастыі Штаўфенаў. Сын і нашчадак герцага Швабіі Фрыдрыха II Аднавокага [1105—47]. З 1147 герцаг Швабіі (пад імем Фрыдрых 111). У 1153 заключыў у г. Канстанц (Германія) дагавор аб узаемным прызнанні правоў рым. папы і герм. імператара, але ў 1157 адмовіўся прызнаваць вяршэнства папы. Дзеля атрымання імператарскай кароны ад рым. папы і падпарадкавання італьян. зямель зрабіў 6 ваен. паходаў у Італію (1154—55, 1158—62, 1163, 1166—68, 1174—78, 1184), у час якіх каранаваны (1155). З 1178 таксама кароль Бургундыі. У 1180 дамогся суда над Генрыхам Львом. У 1183 заключыў мір з Ламбардскай лігай. Удзельнік 3-га крыжовага паходу (1189—90).

т. 16, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́СТЫ (лац. fasti),

у старажытных рымлян першапачаткова назва дзён, што лічыліся спрыяльнымі для вядзення дзярж. спраў; пазней назва рым. календара. Ф. называліся таксама пагадовыя спісы імён вышэйшых службовых асоб (магістратаў), жрацоў-пантыфікаў, трыумфатараў і інш.

т. 16, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРЫГЕ́НЫ (лац. Aborigines ад ab origine ад пачатку),

1) карэнныя насельнікі (людзі, жывёлы, расліны) краіны ці якой-н. мясцовасці. Паводле стараж.-рым. паданняў, абарыгенамі наз. племя, якое жыло каля падножжа Апенін.

2) У біялогіі тое, што аўтахтоны.

т. 1, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕТЫ́Ф, Сатыф,

горад на ПнУ Алжыра. Адм. ц. аднайм. вілайі. Засн. ў 1 ст. да н.э. як рым. ваен. паселішча. Каля 200 тыс. ж. (2001). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: харч., цэм., хімічная. Дыванаткацтва. Ун-т.

т. 14, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРБА́Н II [Urban, у свеце Адон дэ Лажры (Odon de Lagery), або Эд дэ Шатыён (Eudes de Châtillon); каля 1042, Лажры, Францыя — 29.7.1099],

рымскі папа [1088—99]. Працягваў курс Грыгорыя VII. Паспяхова змагаўся з імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрыхам IV і яго стаўленікам антыпапам Кліментам III, якога канчаткова перамог у 1094. На Клермонскім саборы 1095 абвясціў 1-ы крыжовы паход.

т. 16, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВЕ́ЛЬФЫ І ГІБЕЛІ́НЫ,

саперніцкія паліт. групоўкі ў італьян. гарадах у 12—15 ст. Склаліся ва ўмовах барацьбы за панаванне ў Італіі паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і папствам. Гвельфы (італьян. Guelfi — скажонае імя герм. герцагскай дынастыі Вельфаў, ворагаў імператараў у Германіі), якія падтрымлівалі рым. пап, у асноўным выражалі інтарэсы папаланаў (мелі найб. моцныя пазіцыі ў г. Фларэнцыя). Гібеліны (італьян. Ghibellini — назва аднаго з замкаў Штаўфенаў у Германіі—Вайблінген) аб’ядноўвалі прыхільнікаў імператара, выражалі пераважна інтарэсы нобіляў (феадалаў) і мелі падтрымку ў гарадах Піза, Лука і інш. У ходзе барацьбы нярэдка папаланы пераходзілі ў лагер гібелінаў, нобілі — гвельфаў. З 14 ст. ў Фларэнцыі і шэрагу інш. гарадоў гвельфы падзяліліся на чорных («партыя» нобіляў) і белых («партыя» багатых гараджан). Аслабленне паліт. ролі імперыі і папства паспрыяла затуханню барацьбы паміж гэтымі групоўкамі.

т. 5, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭ́ЛІЙ Марк (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),

рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.

А.​В.​Рубанаў.

Марк Аўрэлій сярод жрацоў. Мармуровы рэльеф.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІКІ́Я (грэч. Kilikia),

старажытная вобласць на п-ве М. Азія (Пд сучаснай Цэнтр. Турцыі). Падзялялася на 2 часткі: «К. суровая» (горы Таўр) і «К. раўнінная» (узбярэжжа Міжземнага м.). У 2-м тыс. да н.э. ўваходзіла ў Хецкае царства, у 12—16 ст. да н.э. на яе тэр. існавала некалькі незалежных царстваў, з 6 ст. да н.э. ў складзе стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржавы. У 333 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім. У 297—190 у складзе дзяржавы Селеўкідаў. У 1 ст. да н.э. тут узнікла пірацкая дзяржава, разгромленая ў 67 да н.э. рым. палкаводцам Пампеем Вялікім. З 64 да н.э. К. — рым. правінцыя, з 5 ст. н.э. ў складзе Візантыі. У 1080—1375 тут існавала Кілікійская армянская дзяржава. У 1515 заваявана туркамі-асманамі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПЕ́РЦЫЙ Секст (Sextus Propertius; каля 50 да н.э., г. Асізі, Італія — каля 15 да н.э.),

рымскі паэт. Вучыўся ў Рыме. Належаў да гуртка Гая Мецэната. Выдаў 4 кнігі элегій (28—16 да н.э.), у якіх па-майстэрску адлюстраваў дыялектыку любоўнай страсці. Большасць з іх прысвяціў сваёй каханай Кінфіі (сапр. Гостыя). Узбагаціў жанр рым. элегіі новымі тэмамі. У «вучоных» элегіях, напісаных на ўзор Калімаха, звяртаўся да нац. рым. сюжэтаў, тлумачыў паходжанне рэліг. культаў, звычаяў, помнікаў. Выкарыстаў міфы як сродак паэтызацыі. Мова П. сціслая і цяжкая, стыль вызначаецца патэтычнасцю і выразнасцю.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Валерый Катулл;

Альбий Тибулл;

Секст Проперций. М., 1963;

У кн.: Античная лирика. М., 1968.

Літ.:

Савельева Л.И. Идеал и действительность в творчестве Тибулла и Проперция // Античность и современность. М., 1972.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)