ПАСЕВІ́НА ((Possevino) Антоніо) (12.7.1533, г. Мантуя, Італія —26.2.1611),
дыпламат, тэолаг, педагог. З 1559 чл. ордэна езуітаў. У 1581 у якасці папскага легата накіраваны ў Маскву, каб паспрыяць спыненню працяглай Лівонскай вайны 1558—83. З яго актыўным удзелам заключаны Ям-Запольскі мірны дагавор 1582 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Пасля вайны П. стаў дарадцам караля Стафана Баторыя, спрыяў умацаванню ў краіне пазіцый езуітаў (у т. л. на землях ВКЛ), пашырэнню контррэфармацыі. Абмяркоўваў з каралём праект стварэння Лігі еўрап. дзяржаў, накіраванай супраць Турцыі. Адзін з ініцыятараў падрыхтоўкі Брэсцкай уніі 1596, спрабаваў пераканаць у яе неабходнасці гал. апекуна праваслаўя ў ВКЛ К.В.Астрожскага. Па даручэнні караля ў 1586 ездзіў у Рым да папы Сікста V. Пасля абрання ў 1587 каралём Жыгімонта III вярнуўся ў Італію і прысвяціў сябе пед. і літ. дзейнасці. Аўтар кнігі «Масковія» (Вільня, 1586, на лац. мове), у якой выклаў гісторыю, звычаі і рэліг. сітуацыю ў Расіі, што робіць твор каштоўнай гіст. крыніцай.
Tв.: Рус.пер. — Исторические сочинения о России XVI в. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСІ́ДСКІ ПАХО́Д 1722—23,
паход рас. арміі і флоту ў прыкаспійскія ўладанні Ірана (Персіі) у 1722—23. Мэты — забяспечыць гандл. сувязі з усх. краінамі, якія парушыліся з прычыны ірана-афг. вайны і ўнутр. нестабільнасці ў Іране, прадухіліць тур. агрэсію ў Закаўказзі і пашырыць на яго рас. ўплыў. Летам 1722 рас. войскі (44 тыс.чал.) і флот пад камандаваннем імператара Пятра I выйшлі з Астрахані і Царыцына і 3.9.1722 занялі г.Дэрбент. З прычыны восеньскіх бур, якія парушылі забеспячэнне рас. войск, запланаваны паход на Баку і злучэнне з саюзнымі войскамі цара Картлі (Грузія) Вахтанга VI і арм.каталікоса Есаі сталі немагчымымі. Пётр I пакінуў у Дэрбенце гарнізон і вярнуўся ў Астрахань. Рас. марскія дэсанты ў снеж. 1722 занялі г. Рэшт (паўд. ўзбярэжжа Каспійскага м.) у жн. 1723 — г. Баку. Вясной 1723 туркі ўварваліся ў Закаўказзе. 23.9.1723 Іран заключыў з Расіяй у С.-Пецярбургу мірны дагавор, паводле якога да Расіі адышлі ўсе іранскія ўладанні зах. і паўд. ўзбярэжжаў Каспійскага м. (у 1732 і 1735 вернуты Ірану).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЬСКАЯ СПА́ДЧЫНА,
вайна за польскую спадчыну (1733—35) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй — з другога. Падстава — выбары караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста II (1733). Францыя падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, зацвярджэнне якой вяло да стварэння антырас. блоку дзяржаў на чале з Францыяй. Расія і Аўстрыя падтрымлівалі сына Аўгуста II саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II. Паводле просьбы групы магнатаў, Расія ў вер. 1733 увяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. 12.9.1733 на сейме ў Варшаве каралём быў выбраны Ляшчынскі, але частка шляхты на занятай рас. войскамі тэр. ўзвяла на прастол Фрыдрыха Аўгуста II (гл.Аўгуст Ш). Рас. войскі ў студз. 1734 захапілі г. Торунь, у ліп. — Гданьск (Данцыг), адкуль Ляшчынскі ўцёк у Прусію. У 1734—35 Францыя з пераменным поспехам вяла ваен. дзеянні супраць Аўстрыі на р. Рэйн і ў Італіі. У кастр. 1735 заключаны папярэдні, а ў ліст. 1738 у Вене — канчатковы мір паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 далучыліся Расія, Рэч Паспалітая і Саксонія. Францыя прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста III.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз магнацка-шляхецкіх колаў Рэчы Паспалітай, утвораны ў 1767 супраць спроб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго акружэння (група Чартарыйскіх) узмацніць цэнтр. ўладу шляхам памяркоўных рэформ. Вытокі Р.к. ў рашэннях сейма 1766, які адхіліў планы рэформ, у т. л. аб прадастаўленні паліт. і грамадз. правоў дысідэнтам (некатолікам). Гэта стала зачэпкай для ўмяшання Расіі і Прусіі, якія ў сак. 1767 утварылі дысідэнцкія Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767. У адказ шырокія колы каталіцкай шляхты і духавенства ў Кароне і ВКЛ сталі злучацца ў мясц. канфедэрацыі. 23.6.1767 у г. Радам (Люблінскае, цяпер Мазавецкае ваяв., Польшча) з’ехаліся 178 паслоў ад кароннай і літ. канфедэрацый, якія абралі К.С.Радзівіла маршалкам Р.к. — аб’яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Аднак рас. пасол у Варшаве М.В.Рапнін патрабаваў паставіць на чале канфедэрацыі караля, узаконіць раўнапраўе дысідэнтаў і пакінуць існуючы дзярж. лад пад апекай Расіі. Пад пагрозай чарговага гвалту радамчане згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі. Яны ўвайшлі ў праекты «вечнага» дагавору з Расіяй, акта Кардынальных правоў, і былі ўзаконены скліканым 5.11.1767 надзвычайным сеймам Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Усе канфедэрацыі былі распушчаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САН-РЭ́МА КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1920,
пасяджэнне Вярх. савета дзяржаў Антанты 19—26.4.1920 у г.Сан-Рэма (Італія), дзе быў абмеркаваны шэраг пытанняў мірнага ўрэгулявання пасля 1-й сусв. вайны. Удзельнічалі прэм’ер-міністры Вялікабрытаніі (Д.Лойд-Джордж), Францыі (А.Мільеран), Італіі (Ф.Ніці), а таксама пасол Японіі (Мацуі), назіральнік ад ЗША і інш. Разгледжаны пытанні: аб мірным дагаворы з Турцыяй і размеркаванні мандатаў (гл.Мандатныя тэрыторыі) Лігі Нацый на араб. краіны; аб выкананні Германіяй ваен. артыкулаў Версальскага мірнага дагавора 1919, аб пазіцыі дзяржаў Антанты адносна Сав. Расіі («рус. пытанне»), Паводле рашэнняў канферэнцыі Вялікабрытанія атрымала мандат на Палесціну і Ірак (уключаючы г. Масул), Францыя — на Сірыю і Ліван. Быў зацверджаны папярэдні праект дагавора аб міры з Турцыяй, які пазней склаў аснову Сеўрскага мірнага дагавора 1920. Германія атрымала адмову на сваю просьбу аб павелічэнні ўдвая колькасці ўласных узбр. сіл (спроба рэвізіі ўмоў Версальскага міру), канферэнцыя запатрабавала ад герм. боку выконваць ваен. і рэпарацыйныя ўмовы Версальскага мірнага дагавора. Вырашана аднавіць гандл. сувязі з Сав.Расіяй, узяты курс на прызнанне яе дэ-факта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ЯПО́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІДагавор 1855 падпісаны 7 лют. ў г. Сімода (Японія). Паводле яго ўстаноўлены дыпламат. адносіны паміж Расіяй і Японіяй, для рас. гандлю адчынены парты Сімода, Хакадатэ і Нагасакі, рас, падданыя набылі права экстэрытарыяльнасці на тэр. Японіі; ч. Курыльскіх а-воў на Пд ад в-ва Уруп прызнаны ўладаннем Японіі, а в-аў Сахалін — «непадзеленым паміж Японіяй і Расіяй». Дагавор 1858 падпісаны 19 жн. ў г. Эда (зараз Токіо). Пацвярджаў дагавор 1855, для рас. гандлю адчынены яшчэ 3 парты, рас. падданым дазволена наведваць гарады Эда і Осака і жыць у адкрытых партах. Дагавор 1867 падпісаны 18 сак. ў Пецярбургу. В-аў Сахалін прызнаны сумесным рус.-яп. уладаннем і на ім дазвалялася сяліцца падданым абедзвюх дзяржаў. Дагавор 1875 падпісаны 7 мая ў Пецярбургу. Паводле яго в-аў Сахалін прызнаваўся рас. уладаннем у абмен на прызнанне яп. суверэнітэту над усімі Курыльскімі а-вамі; вызначаны таксама юрыд. аспекты рус.-яп. рыбалоўства. Дагавор 1895 падпісаны 8 чэрв. ў Пецярбургу. Скасаваў тыя часткі дагавораў 1855, 1858 і 1875, якія давалі рас. падданым аднабаковыя прывілеі на тэр. Японіі (права консульскай юрысдыкцыі і г.д.); паміж дзвюма краінамі ўстанаўліваў рэжым найб. спрыяння ў мытнай сферы Мірны дагавор 1905,
гл.Портсмуцкі мірны дагавор 1905. Пагадненне 1907 падпісана 30 ліп. ў Пецярбургу. Складалася з публічнай канвенцыі і сакрэтнага пратакола. У канвенцыі бакі абавязваліся паважаць тэр. цэласнасць адзін аднаго і абвясцілі тэр. непарушнасць і незалежнасць Кітая; Карэя прызнавалася сферай яп. ўплыву. Сакрэтная ч. фіксавала падзел Маньчжурыі на рас. (Паўн.) і яп. (Паўд.) сферы ўплыву. Японія прызнавала наяўнасць у Расіі спец. інтарэсаў у Манголіі Знешняй. Пагадненне 1910 падпісана 4 ліп. ў Пецярбургу. Развівала і канкрэтызавала дагавор 1907. Канвенцыя 1912 (сакрэтная) падпісана 8 ліп. ў Пецярбургу. Падзяляла Манголію Унутраную на рас. і яп. сферы ўплыву. Дагавор 1916 падпісаны 3 ліп. ў Пецярбургу. Устанаўліваў рас.-яп. саюз. У публічнай ч. дагавора бакі абавязваліся не ўдзельнічаць ні ў якой паліт. камбінацыі, скіраванай супраць аднаго з іх, а ў выпадку пагрозы іх тэр. правам і асаблівым інтарэсам на Д.Усходзе дамовіцца аб агульных мерах абароны. Сакрэтная ч. пацвярджала ранейшыя рас.-яп. пагадненні пра сферы ўплыву ў Кітаі, прадугледжвала меры супраць усталявання там панавання якой-н. дзяржавы. У выпадку ўцягвання аднаго з бакоў у вайну з трэцяй дзяржавай другая абавязана прыйсці ёй на дапамогу і не заключаць сепаратнага міру без двухбаковых кансультацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ МІР 1918, Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918. Падпісаны ў Брэсце (Брэст-Літоўску) 3.3.1918 прадстаўнікамі Сав. Расіі з аднаго боку і прадстаўнікамі краін Чацвярнога саюза (Германіі, Аўстра-Венгрыі, Балгарыі і Турцыі) — з другога; ратыфікаваны 4-м Надзвычайным Усерас. з’ездам Саветаў 15.3.1918 і герм. імператарам Вільгельмам II 26.3.1918. У выніку перагавораў у Брэст-Літоўску, якія праходзілі з 20.11(3.12) па 2(15).12.1917, было заключана пагадненне аб перамір’і паміж Сав.Расіяй і Чацвярным саюзам да 1(14).2.1918. Мірныя перагаворы пачаліся 9(22).12.1917 і праходзілі ў абставінах вострай паліт. барацьбы ў бальшавіцкім кіраўніцтве паміж У.І.Леніным і яго прыхільнікамі з аднаго боку, Л.Д.Троцкім і «левымі камуністамі» на чале з М.І.Бухарыным — з другога. Геапалітычным фонам Брэсцкай мірнай канферэнцыі былі падзеі на Украіне — бальшавіцкае паўстанне супраць Укр.нар. рэспублікі (УНР), абвяшчэнне УССР. У выніку гэтых падзей герм. блок прызнаў УНР і 27.1(9.2).1918 падпісаў з яе прадстаўнікамі асобны дагавор, паводле якога Украіна падлягала акупацыі аўстра-герм. войскамі. Пасля зрыву мірных перагавораў дэлегацыяй Сав. Расіі на чале з Троцкім 18.2.1918 аўстра-герм. войскі пачалі наступленне па ўсім фронце і занялі б.ч.тэр. Беларусі (да Дняпра, Сажа і Зах. Дзвіны). Неакупіраванымі засталіся толькі 14 паветаў Віцебскай і Магілёўскай губ. Паколькі Сав. Расія была няздольная працягваць ваен. дзеянні, яе прадстаўнікі падпісалі мір, прыняўшы герм. ультыматыўныя патрабаванні. Дагавор складаўся з 14 артыкулаў і розных дадаткаў. Ням. акупацыі падлягалі Курляндыя, Літва, Ліфляндыя, Эстляндыя і частка Беларусі. На Каўказе да Турцыі адыходзілі правінцыі Усх. Анатоліі і акругі Карс, Ардаган і Батум. Украіна і Фінляндыя прызнаваліся самаст. дзяржавамі. Усяго Расія страчвала тэрыторыі каля 1 млн.км² з насельніцтвам больш за 50 млн.чал. Дагавор абавязваў Сав. Расію правесці поўную дэмабілізацыю арміі і флоту, прызнаць дагавор Цэнтр.укр. рады з Германіяй і яе саюзнікамі, заключыць мірны дагавор з УНР і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Сав. Расія абавязвалася аднавіць гандлёва-эканам. льготы і прывілеі для Германіі, у т. л. мытны тарыф 1904 на яе карысць. Заключэнне Брэсцкага міру дазволіла сав. ўраду атрымаць неабходную яму мірную перадышку.
Бел. пытанне на перагаворах самаст. значэння не мела, нягледзячы на тое, што паняцце «самавызначэнне нацый» стаяла ў цэнтры дыскусій. Паводле прапаноў дэлегацыі РСФСР, нацыянальным групам, якія не карысталіся паліт. самастойнасцю да вайны, гарантавалася магчымасць свабодна вырашаць пытанне аб сваёй прыналежнасці да той ці інш. дзяржавы або аб сваёй дзярж. незалежнасці шляхам рэферэндуму. Бел. дэлегацыя, сфарміраваная Усебел. з’ездам 1917 (С.А.Рак-Міхайлоўскі, І.М.Серада, А.І.Цвікевіч), прысутнічала на канферэнцыі толькі як дарадца дэлегацыі УНР і актыўнага ўдзелу ў перагаворах не прымала. Паводле ўмоў Брэсцкага міру тэр. Беларусі падзялялася па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Немцы арыентаваліся на стварэнне «малой Літвы» з далучэннем бел. зямель, у т. л. Віленшчыны і Гродзеншчыны, да этнічнай Літвы. Астатняя тэр. Беларусі разглядалася як прэрагатыва Сав. Расіі. Землі на Пд ад Палескай чыг. па дамоўленасці з Цэнтр.укр. радай перадаваліся УНР. Устанаўлівалася, што для тэрыторый, якія знаходзіліся на З ад устаноўленай лініі і раней належалі Расіі, не будзе вынікаць ніякіх абавязкаў у адносінах да Расіі. Апошняя адмаўлялася ад усякага ўмяшання ва ўнутр. справы гэтых абласцей. Германія і Аўстра-Венгрыя збіраліся вызначыць іх будучы лёс праз рэферэндум. Брэсцкі мір — першы ў 20 ст. падзел бел. зямель паміж 5 дзяржавамі: Германіяй, Сав.Расіяй, Украінай, Літвой і Латвіяй. Беларусь не атрымлівала кампенсацый на аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, паколькі Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння ваен. страт. Брэсцкі мір узмацніў незалежніцкія настроі ў бел.нац.-вызв. руху і садзейнічаў абвяшчэнню незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Паводле дадатковага сав.-герм. дагавора ад 27.8.1918 Германія абавязвалася ачысціць тэр. на У ад Бярэзіны. Да пач.ліст. 1918 быў вызвалены шэраг валасцей Аршанскага, Лепельскага, Магілёўскага, Полацкага і Сенненскага пав. Калі ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі ў 1918 у Германіі была скінута кайзераўская манархія, Германія 11.11.1918 падпісаннем Камп’енскага перамір’я адмовілася ад Брэсцкага міру 13.11.1918 Усерас.ЦВК ануляваў Брэсцкі мір. Канчаткова Брэсцкі мір скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 з пераможанай Германіяй.
У.Е.Снапкоўскі.
Да арт.Брэсцкі мір 1918. Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛА́ХІЯ (Valahia),
гістарычная вобласць у Паўд. Румыніі, паміж Карпатамі і р. Дунай; падзяляецца р. Олт на Мунтэнію і Алтэнію. У 106—271 Валахія, якую насялялі гета-дакійскія плямёны, у складзе Рымскай імперыі. У канцы 3 ст. заваявана готамі і гепідамі, у 4—6 — гунамі і аварамі, у 6 ст. — слав. плямёнамі. У канцы 8—10 ст. значная частка Валахіі ў складзе 1-га Балгарскага царства. З 14 ст.самаст.феад. дзяржава. У 15 ст. ў залежнасці ад Турцыі, з 16 ст. пад яе прыгнётам. Пры Міхаю Храбрым на непрацяглы час аб’ядналася з Малдовай і Трансільваніяй у адну дзяржаву (распалася на залежныя ад Турцыі княствы). У канцы 16 ст. ўзмацніліся паліт. сувязі з Расіяй, у канцы 17 — пач. 18 ст. ўстаноўлены дыпламат. адносіны. З 18 ст. Турцыя назначала гаспадарамі ў Валахіі пераважна грэкаў-фанарыётаў. У 1820—50 разгарнуўся нац.-вызв. рух. Валашскае паўстанне 1821 на чале з Т.Уладзімірэску паклала канец фанарыёцкаму рэжыму. Паводле Акерманскай канвенцыі 1826 Валахія атрымала самакіраванне, паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 — аўтаномію (пад пратэктаратам Расіі да 1856). У 1829—34 пад кіраўніцтвам Расіі. У 1859—61 аб’ядналася з Малдовай у адзіную дзяржаву (з 1862 Румынскае княства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́ФЕРСАН ((Jefferson) Томас) (11.4.1741, Шадвел, штат Віргінія, ЗША — 4.7.1826),
дзеяч амерыканскага нац.-вызв. руху, адзін з заснавальнікаў ЗША, паліт. філосаф, асветнік. Адвакат, плантатар. Член заканад. сходу брыт. калоніі Віргінія (1769—74), выступаў за вызваленне неграў-рабоў. У вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83дэп. 2-га Кантынент. кангрэса (1775—76, 1783), распрацаваў праект Дэкларацыі незалежнасці 1776 (у ёй значнае месца адвёў канцэпцыі правоў чалавека); член заканад. сходу (1776—79) і губернатар штата Віргінія (1779—82), падрыхтаваў «Статут аб рэлігійнай свабодзе». Пасланнік ЗША у Францыі (1785—89). Лідэр (разам з П.Генры) антыфедэралістаў. Ініцыіраваў прыняцце кангрэсам ЗША закону аб забароне рабства на ПнЗ краіны (1787). Дзярж. сакратар ЗША у 1-м урадзе Дж.Вашынгтона (1790—93). Віцэ-прэзідэнт (1797—1801) і прэзідэнт ЗША (1801—09). У часы прэзідэнцтва Дж. скасаваны антыдэмакр. законы папярэдняга ўрада Дж.Адамса аб іншаземцах і здрадзе, скарочаны ўзбр. сілы і дзярж. апарат, набыта Луізіяна (1803), устаноўлены дыпламат. адносіны з Расіяй (1808—09) і інш. Садзейнічаў развіццю архітэктуры і сістэмы адукацыі ў ЗША, у т. л. буд-ву Віргінскага ун-та ў г. Шарлатсвіл (1817—26).
Літ.:
Печатнов В.О. Гамильтон и Джефферсон. М., 1984;
Согрин В.В. Джефферсон: Человек. мыслитель, политик. М., 1989.
Т.Джэферсан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫЯ ІНТАРЭ́СЫ,
інтарэсы дзяржавы, супольнасці або групы, аб’яднанай спецыфічнымі сувязямі і ўзаемаадносінамі генет. і культ. аднароднасці. Разнастайныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя патрэбнасці, матывы і стымулы дзейнасці нац. супольнасцей ва ўзаемаадносінах паміж народамі трансфармуюцца ў Н.і. Яны, у сваю чаргу, аб’ектывуюцца ў праграмах нац. руху, дзярж. палітыцы і ў інш. формах. Н.і. функцыянуюць на асобасным, надасобасным і групавым узроўнях і характарызуюцца складанай структурай, якая вызначаецца спецыфічным палажэннем нац. супольнасцей у сістэме грамадскага жыцця ў якасці суб’ектаў калект. свядомасці і псіхалогіі, культуры, традыцый, мовы, самавызначэння. У структуру асаблівых патрэб нац. суб’екта ўключаюцца прадметныя і духоўныя каштоўнасці, што ўвайшлі ў нац. свядомасць, спосаб і стыль жыцця (экалагічна чыстае прыроднае асяроддзе, месца ў падзеле працы, генет. і гіст., культ. і лінгвістычныя сувязі, ідэйная блізкасць і інш.). Вылучаюць эканам., паліт., дзярж., тэрытарыяльныя, культ. і інш. разнавіднасці Н.і. Часам яны аб’ядноўваюцца ў адзінае цэлае, у агульныя Н.і., якія падпарадкоўваюцца важнай нац. мэце. Для Беларусі нац. прыярытэтам з’яўляюцца: умацаванне незалежнасці і суверэнітэту краіны, братнія адносіны з Расіяй і інш. народамі, захаванне міру і стабільнасці ў міжнар. адносінах, абарона правоў грамадзян краіны, сац. справядлівасці, развіццё бел.нац. самасвядомасці, мовы і культуры. Гл. таксама Нацыянальная бяспека.