ВІ́ЦЕБСКАЯ ТЫТУНЁВА-МАХО́РАЧНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1883—1926 у Віцебску. Размяшчалася ў мураваным будынку (1885). Вырабляла махорку, курыльны тытунь і нюхальную табаку на суму да 700 тыс. руб. (1910). Мела паравыя машыну і кацёл (1895). Працавала ад 75 (1895) да 260 (1914) рабочых.

т. 4, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКАЯ ТЫТУНЁВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1883—1914 у г. Ваўкавыск. У 1908 мела газава-бензінавы рухавік. Выпускала тытунёвых вырабаў (курыльны тытунь, махорка, папяросы і цыгарэты) да 5,7 тыс. пудоў за год (1910). Працавала ад 25 (1884) да 385 (1900) рабочых.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫЯ ЗАВО́ДЫ.

Дзейнічалі ў 1892—1914 у г. Бабруйск Магілёўскай вобласці (усяго 10 з-даў і мануфактур). Выкарыстоўваліся лакамабілі, паравыя катлы і рухавікі. Выраблялі струганы лес, дошкі, гонты, драніцу, мэблю і інш. Працавалі па 12—59 і больш рабочых (да 194 у 1913).

т. 2, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАТУ́ЙСКАЯ ТУРМА́,

катаржная турма ў Рас. імперыі; адзін з цэнтраў паліт. катаргі, дзе трымалі рэвалюцыянераў-народнікаў, а пасля рэв. 1905—07 паліт. вязняў з рабочых, сялян, салдат. Пабудавана ў 1888 у Нерчынскай горнай акрузе Забайкалля (цяпер тэр. Чыцінскай вобл.). Ліквідавана пасля Лют. рэв. 1917.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАЛІЯ́НІ Ладо

(Уладзімір; н. 15.5.1913, г. Зестафоні, Грузія),

грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскую АМ (1940). Аўтар апавяданняў, навел, нарысаў (зб-кі навел «Лахіл Першая», 1940; «Паэт-вандроўнік», 1968; «Дубовы чарвяк», 1973, і інш.), рамана пра жыццё рабочых Грузіі «Новы далягляд» (т. 1—3, 1952—68).

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВОЕЎЛА́ДДЗЕ,

назва перыяду ў гісторыі Расіі паміж 1—2 сак. і 5 ліп. 1917. Склалася пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Адзначана паралельным існаваннем афіц. Часовага ўрада і неафіц. ўрада — Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў і іх мясц. органаў. Скончылася ў выніку ліпеньскага крызісу 1917.

т. 6, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў Беларусі ў 1827—84 у г. Ваўкавыск. Вырабляла розныя сукны, таксама трыко. У 1870 пушчана паравая машына. Мела 40 ткацкіх станкоў, 4 часальныя апараты, 6 прадзільных машын па 600 верацён (1879). Працавалі ад 32 (1828) да 97 (1880) рабочых.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БІНСКАЯ КАРДО́ННА-ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1896 — 1914 у маёнтку Губіна (цяпер вёска ў Лепельскім р-не). З 1900 мела паравую машыну, з 1908 — паравы рухавік (150 к.с.). У 1910 працавала паравая машына (200 к.с.), 50 рабочых; выраблена кардону і паперы на 38 тыс. руб.

т. 5, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПО́Н (сапр. Гапон-Новых) Георгій Апалонавіч

(17.2.1870, в. Белякі Палтаўскай вобл., Украіна — 10.4.1906),

свяшчэннік, удзельнік падзей 1905 у Расіі. Скончыў Палтаўскую семінарыю (1893), у 1898—1903 вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1902 быў звязаны з нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатавым. У 1903 стварыў арг-цыю «Сход рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга». Ініцыятар петыцыі пецярбургскіх рабочых да імператара Мікалая II і шэсця да Зімняга палаца дзевятага студзеня 1905, якое закончылася расстрэлам дэманстрантаў. Да кастр. 1905 у эміграцыі. Намагаўся пранікнуць у «баявую арг-цыю» эсэраў, але быў выкрыты і паводле прыгавору павешаны ў Азёрках (каля Пецярбурга).

Тв.:

История моей жизни. М., 1990.

Літ.:

Лурье Ф.М. Гапон и Зубатов // Лурье Ф.М. Полицейские и провокаторы. СПб., 1992.

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІЯ ГІ́ЛЬЗАВА-ПАПЯРО́СНЫЯ І ГІ́ЛЬЗАВЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ І ФА́БРЫКІ.

Дзейнічалі ў 1878—1914 у г. Брэст. Мелі машыны для рэзання паперы і кардону, пераплётныя і гільзавыя, станкі для вырабу гільзаў, метал. папяросныя машынкі; выкарыстоўвалі конныя прыводы і рухавікі, газава-бензінавыя і паравыя рухавікі (з 1905). Выраблялі гільзы папяросныя, у т. л. з муштукамі, гільзы для набівання папярос з маісавай паперы, кардон для муштукоў і скрынак. На кожнай мануфактуры за год выраблялася гільзаў на суму да 10—20 тыс. руб., працавала ад 16 (1885) да 200 (1892) рабочых. На кожнай ф-цы штогод выраблялі прадукцыі на суму да 26—40 тыс. руб., працавала ад 100 (1896) да 25 (1910) рабочых.

т. 3, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)