ІНДЫВІ́Д (ад лац. individuum непадзельнае, асобіна),
індывідуум, адзіночнае як процілеглае сукупнасці, масе. 1) У філасофіі асобны прадстаўнік сац. супольнасці (народа, грамадства, сац. групы і інш.), сац. істота, якая самастойна вызначае ўласныя паводзіны і псіхічныя працэсы; трэба адрозніваць ад паняццяў «індывідуальнасць», «асоба».
2) У біялогіі істота, кожны самастойна існуючы жывы арганізм.
3) У логіцы адзіночны аб’ект, які супрацьпастаўляецца віду, класу прадметаў, мноству.
Літ.:
Человек: Филос. аспекты сознания и деятельности. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЫНЕ́РНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
галіна псіхалогіі, якая даследуе псіхал. асаблівасці працы чалавека пры ўзаемадзеянні яго з тэхн. сродкамі ў працэсе вытв. і кіраўніцкай дзейнасці. Як самаст. кірунак пачала фарміравацца ў 1940-я г. ў межах псіхалогіі працы. Яе актывізацыя ў 1950-я г. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй. Сучасная І.п. даследуе складаныя працэсы ўзаемнай адаптацыі чалавека і сістэмы, якой ён кіруе. Яе дасягненні выкарыстоўваюцца для аптымізацыі дзейнасці людзей у сістэмах «чалавек — машына», у эрганоміцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАЛІ́Т (ад грэч. lakkos яма, упадзіна + lithos камень),
грыбападобнае (караваепадобнае) або лінзападобнае інтрузіўнае цела (гл.Інтрузія), што ўтвараецца на невял. глыбіні пры ўкараненні магмы ў тоўшчу асадкавых горных парод, якія купалападобна прыўзнімаюцца над інтрузівам. Бываюць пранізаны жыльнымі магматычнымі пародамі, якія адыходзяць ад ядра Л. Працэсыдэнудацыі могуць агаляць Л. на паверхні (напр., г. Аюдаг у Крыме, група Л. на Каўказе, у наваколлі гарадоў Пяцігорск і Кіславодск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЭРГІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, высокаэргічныя ці высокаэнергетычныя злучэнні,
арганічныя злучэнні жывых арганізмаў, якія маюць багатыя энергіяй (макраэргічныя) хім. сувязі. Удзельнічаюць у назапашванні і пераўтварэнні энергіі. Разрыў сувязей у малекулах М.з. суправаджаецца выдзяленнем энергіі, якая ідзе на біясінтэз і транспарт рэчываў, мышачнае скарачэнне, страваванне і інш.працэсы жыццядзейнасці арганізма. Да М.з. адносяцца адэназінфосфарныя кіслоты, найб. значная з іх — адэназінтрыфосфарная кіслата (АТФ). Звязаныя з АТФ М.з. адыгрываюць важную ролю ў фотасінтэзе, біясінтэзе бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і інш. прыродных злучэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЕРЫКО́ВЫ СХІЛ,
частка падводнай ускраіны мацерыка паміж шэльфам і мацерыковым падножжам. Характарызуецца зямной карой кантынентальнага тыпу. Вызначаецца вял. нахіламі паверхні (у сярэднім каля 4°, часта 15—20°, зрэдку да 40°) і рэзкай расчлянёнасцю рэльефу (ступені, падводныя каньёны). У верхняй частцы М.с. назіраецца перамяшчэнне вял. мас асадкавага матэрыялу ў выглядзе падводных апоўзняў і патокаў муці, у ніжняй пераважаюць працэсы акумуляцыі. Па высокай прадукцыйнасці арган. рэчыва М.с. вылучаецца ў асобную батыяльную зону (гл.Батыяль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫ СЛОЙ,
слой рэчыва таўшчынёй у адну малекулу. Утвараецца на паверхні падзелу фаз пры адсорбцыі, паверхневай дыфузіі. На цвёрдых паверхнях М.с. звычайна ўзнікае ў выніку адсорбцыі паверхнева-актыўных рэчываў з разбаўленых раствораў ці газаў пры адносна нізкім ціску. Структура і ўласцівасці М.с. ўплываюць на працэсы масапераносу (выпарэнне, дыфузія), трэнне, адгезію; вызначаюць устойлівасць высокадысперсных сістэм (эмульсій, пен). Важную ролю адыгрываюць М.с. (ліпідныя, ліпапратэідныя і інш.) у клетачных мембранных працэсах. Гл. таксама Біялагічныя мембраны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ЎСКРА́ІНА МАЦЕРЫКА́,
частка мацерыка, размешчаная ніжэй узроўню акіяна, характарызуецца мацерыковым тыпам зямной кары. Па асаблівасцях рэльефу звычайна падзяляецца на шэльф, або мацерыковую водмель, мацерыковы схіл і мацерыковае падножжа. У параўнанні з платформавымі ўчасткамі сушы «гранітны» слой у межах П.у.м. значна меншы, на мяжы мацерыковага падножжа з ложам акіяна ён выкліньваецца і саступае месца акіянічнай зямной кары. У межах П.у.м. найб. актыўна адбываюцца працэсы: дзейнасць хваль, прылівы і адлівы, цячэнні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГІБІ́ТАРЫ (ад лац. inhibeo спыняю, затрымліваю) у біялогіі, рэчывы рознай хім. прыроды, якія прыгнятаюць актыўнасць ферментаў у жывым арганізме і ў бясклетачных сістэмах. Адрозніваюцца характарам дзеяння, спецыфічнасцю і інш. Інгібіраванне адбываецца на генетычным (прыгнечваецца біясінтэз аднаго з ферментаў) і кінетычным (паніжаецца актыўнасць ферменту) узроўнях. Узаемадзейнічаюць з актыўным цэнтрам ці з інш. часткамі малекулы і перашкаджаюць утварэнню прамежкавага ферментна-субстратнага комплексу (напр., фторысты натрый запавольвае працэсы вугляводнага абмену). Бываюць натуральныя і сінтэтычныя. Натуральныя І. ў чалавека і жывёл — прадукты абмену рэчываў. У раслін І. росту (фенольнай і тэрпеноіднай прыроды) назапашваюцца восенню ў тканках насення і пупышак пры пераходзе ад працэсаў росту да спакою, вясной іх колькасць зніжаецца. Дзеянне І. процілеглае натуральным (аўксіны, гіберэліны) і сінт.стымулятарам росту. Сінт. І. (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты, гербіцыды і інш.) спыняюць рост сцёблаў, выклікаюць ападанне лісця, падсушваюць расліны на карані, прадухіляюць паляганне злакаў. Выкарыстанне І. у якасці ядахімікатаў для барацьбы са шкоднымі насякомымі і пустазеллем звязана з іх уласцівасцю прыгнятаць жыццёва важныя для гэтых арганізмаў працэсы. Выкарыстоўваюцца для вывучэння механізму каталітычнага дзеяння ферментаў, устанаўлення прыроды функцыян. груп бялкоў, для лячэння парушэнняў абмену рэчываў (некат. лекі і фармакалагічныя сродкі прыгнятаюць ферментатыўныя рэакцыі паталаг. працэсаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАПЕРАПРАЦО́УКА,
сукупнасць тэхнал. працэсаў па тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўцы нафты для атрымання розных відаў паліва, змазачных матэрыялаў, бітумаў, парафінаў і інш.нафтапрадуктаў. Працэсы Н. падзяляюцца на першасныя (адбываюцца без змен хім. будовы кампанентаў нафты) і другасныя (накіраваны на пэўную змену структуры нафтавых вуглевадародаў). Перапрацоўцы нафты папярэднічаюць працэсы стабілізацыі (выдаленне раствораных газаў), абязводжвання і абяссольвання.
Асн. працэс першаснай Н. — перагонка нафты (тэрмічнае раздзяленне яе на часткі ці фракцыі з атрыманнем прамагоннага бензіну, газы, рэактыўнага, дызельнага і кацельнага паліва, топачнага мазуту). Прамагонныя бензіны складаюць да 25% ад масы нафты, маюць невысокую дэтанацыйную ўстойлівасць і патрабуюць далейшай апрацоўкі. Балансавы дэфіцыт светлых нафтапрадуктаў і павышэнне іх якасці дасягаецца пры другасных працэсах Н. — каталітычным крэкінгу, каксаванні, гідракрэкінгу, рыформінгу, ізамерызацыі, полімерызацыі, алкіліраванні і інш.Ачыстка нафтапрадуктаў, атрыманых пры першасных і другасных працэсах, уключае выдаленне сярністых, азоцістых і кіслародных злучэнняў, смалістых рэчываў, цвёрдых парафінаў. Светлыя нафтапрадукты спачатку апрацоўваюць водным растворам шчолачы ці сернай к-ты. Сярністыя злучэнні з іх выдаляюць метадам каталітычнай гідраачысткі пры наяўнасці каталізатара і вадароду. Для ачысткі масляных фракцый карыстаюцца сернай к-той, селектыўнымі растваральнікамі (фенолам, фурфуролам, нітрабензолам і інш.) і спец. адсарбентамі. Дэасфальтызацыя масляных фракцый ажыццяўляецца вадкім прапанам. Гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВЫЯ З’Я́ВЫ,
сукупнасць з’яў, звязаных з асаблівасцямі ўласцівасцей паверхняў, што падзяляюць датыкальныя целы (фазы). Адыгрываюць значную ролю ў прыродных працэсах (выветрыванне горных парод, атм.працэсы, глебаўтварэнне і інш.), у біялогіі (функцыянаванне клетачных мембран), у тэхніцы (трэнне, знос, змазачнае дзеянне і інш.).
Падзяляюцца на некалькі груп. Фізічныя П.з.: каалесцэнцыя, змочванне, адгезія, трэнне, капілярныя з’явы, звязаныя з лішкам свабоднай (гл.Паверхневае нацяжэнне) ці поўнай энергіі, энтрапіі або інш. тэрмадынамічных велічынь у паверхневым слоі. Вызначаюць форму кропель вадкасцей, газавых пузыроў, крышталёў у раўнаважным стане, умовы ўзнікнення зародкаў новай фазы. Хімічныя П.з. абумоўлены зменай хім. саставу паверхні ў выніку адсорбцыі. Уплываюць на мех. ўстойлівасць дысперсных сістэм (гл.Паверхнева-актыўныя рэчывы), ліяфільнасць рэчываў (гл.Ліяфільнасць і ліяфобнасць), павышаюць хім. ўстойлівасць (напр., супраць карозіі). П.з., звязаныя з фіз.-хім. і структурнымі ўласцівасцямі паверхневых слаёў. Уплываюць на кінетыку гетэрагенных працэсаў (каталіз, гарэнне, фазавыя пераходы). Электрапаверхневыя з’явы: электракінетычныя з’явы, электронная эмісія, паверхневая праводнасць і інш. абумоўлены ўтварэннем падвойнага электрычнага слоя іонаў і ўзнікненнем скачкоў патэнцыялу на паверхні падзелу фаз. На выкарыстанні П.з. заснаваны шматлікія тэхнал.працэсы: флатацыя, фільтрацыя, мех. апрацоўка і ўшчыльненне матэрыялаў, хім. сінтэз з выкарыстаннем гетэрагенных каталізатараў і інш.