МЕАТЫ́ДА (грэч. Maiōtis, лац. Maeotis, Meotis),

назва Азоўскага м. ў стараж. грэкаў і рымлян (7 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.), звязаная з назвай мясц. плямён меотаў.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГІШЦІХІНІ́ЛІ,

горад, пабудаваны каля 776 да н.э. ў час праўлення цара Урарту Аргішці I. У 4 ст. да н.э. на яго месцы пабудаваны г. Армавір — сталіца Стараж. Арменіі.

т. 1, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВІ́НК (Aguincum),

горад рымскіх часоў (каля 10 да н.э. — 409 н.э.), з 107 н.э.гал. горад рым. правінцыі Ніжняя Панонія. Руіны Аквінка знаходзяцца каля Будапешта. Раскопкі вядуцца з 1775. Аквінк складаўся з паселішча мясц. племя эравіскаў, рым. ўмацаванага лагера, ваен. ці лагернага горада і цывільнага горада. У час раскопак выяўлены рамесныя кварталы, амфітэатр, абарончыя сцены, водаправод, палац намесніка Ніжняй Паноніі і інш.

т. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАВА́ЗД II (? — 31 да н.э.),

цар Арменіі Вялікай у 56—34 да н.э., сын Тыграна II. Пашырыў тэр. краіны, далучыў да яе Сафену і Арменію Малую. Вёў барацьбу з Рымам за незалежнасць. Аднак пазней быў вымушаны зноў падпарадкавацца Рыму. У 37 да н.э. адмовіўся ўдзельнічаць у паходзе рымлян супраць Парфіі. Захоплены рымлянамі і пакараны смерцю. Вядомы як драматург і гісторык.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКСЕ́РКС I Даўгарукі,

персідскі цар [465—424 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Уступіў на трон пасля забойства ў выніку прыдворнай змовы яго бацькі — Ксеркса I. На пач. царавання задушыў паўстанне егіпцян, якое падтрымлівалі Афіны. У 454 да н.э. персы знішчылі флот афінян у дэльце Ніла. У 449 да н.э. заключыў Каліеў мір, якім завершаны грэка-персідскія войны і зафіксаваны разгром персаў.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ТЫ (Getae),

паўночна-ўсходнія фракійскія плямёны, якія ў 5 ст. да н.э. засялялі тэр. паміж Балканамі і Дунаем. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. У 60-х г. да н.э. аб’ядналіся з дакамі і стварылі магутны ваенна-племянны саюз. У 20-я г. да н.э. заваяваны Рымам, вялі вызваленчую барацьбу. У 106 канчаткова пераможаны, іх тэрыторыя ўвайшла ў склад рымскай правінцыі Дакія.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКТЫ́Н (Iktinos),

старажытнагрэчаскі архітэктар 2-й пал. 5 ст. да н.э. Буйнейшы архітэктар перыяду класікі. Яго работам уласцівы выкарыстанне сістэмы арх. ордэраў, пластычнасць, сінтэз форм дарычнага ордэра і іанічнага ордэра Пабудаваў Парфенон (447—438 да н.э., з Калікратам) і адэон Перыкла ў Афінах, храм Апалона ў Басах (каля 430 да н.э.), у якіх упершыню выкарыстаў карынфскую капітэль (гл. Карынфскі ордэр).

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́НСУЛ (лац. proconsul),

дзяржаўная пасада ў Стараж. Рыме (з 327 да н.э.). Першапачаткова выконваў ваен. даручэнні па-за Рымам. Пасля ўтварэння правінцый ажыццяўляў вышэйшую юрыд., адм. і ваен. ўладу ў правінцыях (з 27 да н.э. П. кіравалі ў асноўным сенацкімі правінцыямі). Прызначаўся сенатам з б. консулаў, а з канца 3 ст. да н.э.прэтараў. Паўнамоцтвы П. даваліся звычайна на год.

т. 12, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́НІЯ (Iónia),

каланізаваная іанійцамі ў 11—9 ст. да н.э. вобласць у цэнтр. ч. зах. ўзбярэжжа М. Азіі (з прылеглымі астравамі) паміж гарадамі Факея і Мілет. Зручныя гавані садзейнічалі развіццю гандлю і рамяства ў гарадах І., якія знаходзіліся на перакрыжаванні шляхоў паміж Усходам і Захадам. Высокая культура гарадоў І. паўплывала на культ. развіццё ўсёй Грэцыі. У 6 ст. да н.э. тэр. І. заваявана Лідыяй, пасля 546 — персамі, у 4 ст. да н.э. пад уладай Македоніі, з 2 ст. да н.э. — Рыма. Радзіма філосафаў Фалеса, Анаксімандра, Анаксімена, паэтаў Гамера, Анакрэонта, гісторыкаў Герадота, Дыянісія Галікарнаскага.

т. 7, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАКРА́Т (436 да н.э., Афіны — 338 да н.э.),

старажытнагрэчаскі прамоўца, настаўнік рыторыкі і публіцыст. Стваральнік тэорыі класічнай антычнай прозы, увёў падзел на мовы паэтычную і празаічную. Каля 390 да н.э. заснаваў у Афінах школу рыторыкі — прататып агульнаадук. школы; яе праграму выклаў у прамовах супраць сафістаў. Прыхільнік прамакедонскай партыі і прапагандыст яе праграмы («Панегірык», 386; «Арэапагітык», 355; «Панафінейская прамова», 342—339). Лічыў манархію лепшай формай дзярж. кіравання. Пасля разгрому грэкаў у 338 да н.э. каля Херанеі македонцамі на чале з Філіпам II І. скончыў самагубствам. Захавалася 21 яго прамова (у т. л. 6 судовых) і 9 лістоў.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)