БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ЯЎРЭ́ЙСКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ і АБШЧЫ́Н,

нацыянальнае культурнае аб’яднанне яўрэяў Беларусі. Створана ў крас. 1991. Мэты і задачы: адраджэнне яўрэйства Беларусі як нац., рэліг. і культ. супольнасці; абарона правоў і інтарэсаў яўр. народа ў органах дзярж. улады; стварэнне ў месцах кампактнага пражывання яўрэяў нац. абшчын; разгортванне сістэмы яўр. асветы; стымуляванне вывучэння іўрыту; распаўсюджванне маралі і традыцый іудаізму сярод яўр. насельніцтва і інш. Аб’ядноўвае 135 яўр. арг-цый і 17 гар. абшчын (1995).

Э.​Р.​Іофе.

т. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДАБРАЧЫ́ННАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БДТ),

грамадская арганізацыя ў Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. Займалася аказаннем дапамогі і ўтрыманнем інтэрнатаў пры бел. гімназіях, настаўніцкіх семінарыях і інш. Праўленне БДТ размяшчалася ў Вільні. У 1925—30 арг-цыя знаходзілася пад уплывам рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цый Беларускай сялянска-работніцкай грамады і «Змагання», атрымлівала субсідыі ад Чырв. Крыжа БССР. З пач. 1930-х г. пасля разгрому «Змагання» дзейнічала пад уплывам бел. нац. арг-цый.

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ГРАМАДА́ ў Коўне,

грамадская арг-цыя ў 1917—18. Мела на мэце аб’яднанне беларусаў г. Коўна (цяпер Каўнас, Літва) і наваколляў для абароны сац.-эканам. інтарэсаў і спрыяння ў рэалізацыі бел. нац. ідэалаў. Статут Беларускай грамады прадугледжваў адкрыццё бел. школ, дзіцячых прытулкаў, бальніц і кааператываў, выпуск л-ры, канцэртную і тэатр. дзейнасць. Пры Беларускай грамадзе існаваў гурток моладзі. У складзе рады — дзеяч бел. нац.-вызв. руху Р.​Казячы і інш.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БЦК) у Аўстраліі, арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў 1963 у г. Мельбурн прыхільнікамі Бел. Нар. Рэспублікі і Бел. цэнтр. рады. Займаецца культ.-асв. дзейнасцю. З 1972 член Федэральнай рады бел. арг-цый у Аўстраліі. Супрацоўнічае з міжнар. арг-цыямі і ўваходзіць у Аўстрал. нац. этнічную раду, штогод ладзіць святкаванні нац. угодкаў, традыцыйныя сяброўскія вечарыны, сустрэчы беларусаў Аўстраліі (з 1976) і інш. Пры БЦК дзейнічае бел. хор.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗГО́ДА»,

грамадска-палітычная газета. Выходзіць з 1992 у Мінску на бел. (часткова на рус.) мове 2 разы ў месяц. Засн. як орган Партыі нар. згоды, з 1995 незалежная газета. Мае падзагаловак «Палітыка». Асвятляе праблемы ўнутр. і знешняй палітыкі, паліталогіі, паліт. культуры, нац. эканомікі і прыватнай гаспадаркі, бел. адраджэння і патрэб нац. меншасцей. Выступае за дэмакр. рэформы, прапагандуе ідэі міжнац. згоды, публікуе меркаванні шырокай грамадскасці, розных паліт. партый, рухаў і грамадскіх арг-цый.

А.​С.​Караль.

т. 7, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ БАРАЦЬБІТО́Ў СУПРАЦІЎЛЕ́ННЯ (Fédération Internationale des Résistants; ФІР),

міжнароднае аб’яднанне нац. асацыяцый б. удзельнікаў Руху Супраціўлення, партызан, вязняў фаш. канцлагераў, ахвяр фаш. рэжыму. Утворана ў 1951. Аб’ядноўвае 75 нац. арг-цый з 27 краін (1998). Вядзе барацьбу за мір, супраць адраджэння фашызму ва ўсіх яго формах, у абарону правоў і інтарэсаў барацьбітоў Супраціўлення. Вышэйшы орган — кангрэс, на якім выбіраюцца прэзідэнт, віцэ-прэзідэнты, члены Бюро і Ген. Савета. Выканаўчы орган — Сакратарыят. Штаб-кватэра ў Вене.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЦЭ́ПЦЫЯ (ад лац. receptio прыняцце),

у тэорыі права — запазычанне або аднаўленне. У гісторыі права тэрмін «Р.» ўжываўся для абазначэння запазычання, успрымання якой-н. унутрыдзяржаўнай прававой сістэмай прынцыпаў, ін-таў, рысаў інш. унутрыдзярж. прававой сістэмы. У такім сэнсе разумелася Р. рымскага права правам шэрагу еўрап. дзяржаў. У тэорыі міжнар. права Р. часам азначае дакладнае аднаўленне ў нац. прававых актах фармулёвак міжнар.-прававых актаў або забеспячэнне дзяржавай з дапамогай нац. заканадаўства выканання сваіх міжнар. абавязацельстваў.

т. 14, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ І УНІВЕРСА́ЛЬНАЕ ў мастацкай культуры,

дыялектычнае адзінства нацыянальнай самабытнасці і агульналюдскіх духоўных каштоўнасцей у маст. культуры розных народаў і рэгіёнаў. Склалася ў працэсе гіст. развіцця нацый ва ўмовах міжнар. кантактаў, эканам., паліт. і духоўна-творчага ўзаемадзеяння. Нац. самабытнасць глыбока выявілася ў фальклоры, традыц. культуры, мове, выяўл. сродках, каларыце, тыпажы, інтанацыі. Універсалізм дамінуе на ўзроўнях маст. архетыпаў, сюжэтных схем, матываў і эпахальных стыляў.

Праблема гарманічнага спалучэння Н. і у. ўзнікла ля вытокаў хрысц. цывілізацыі. у рэчышчы якой адбывалася паступовае пераадольванне палярызацыі «сваіх» і «чужых», «выбранага народу» і «варвараў». Арганізаваная ў дзяржаву нацыя стварае сваю сістэму культуры і праз яе далучаецца да культ. здабыткаў інш. народаў. Пазітыўная плённасць іншанац. уплываў абмяжоўваецца крайнімі пунктамі: па-за межамі аднаго з іх — недастатковасць іншанац. уздзеянняў, што вядзе да ізаляцыі і застою, па-за межамі другога пункта — празмернасць іншанац. уплываў, якая вядзе да разбурэння нац. культуры, яе выпадзення з кантэксту універсальнай культуры. Аптымальная палітыка ў сферы міжнац. сувязей заключаецца ў гарманізацыі нац. асновы і універсальных кампанентах культуры.

На Беларусі суадносіны Н. і у. ў культуры мяняліся на розных этапах яе развіцця. У 10—13 ст. культура развівалася пад уплывам візант. тыпу хрысц. цывілізацыі, выявіла спецыфічныя для ўсходнеслав. рэгіёна асаблівасці. У 14—18 ст. адбываўся сінтэз нац. традыцыі і еўрап. маст. уплываў, сфарміраваліся рэгіянальныя разнавіднасці стыляў готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму. У 19—20 ст. адраджэнне бел. маст. культуры адбывалася на аснове нац. традыцый і выкарыстання вопыту сусв. класічнай культуры (гл. Адраджэнне нацыянальнае).

Літ.:

Конан У. Гармонія нацыянальнага і універсальнага ў быцьці і культуры // Мастацтва. 1995. № 6—7.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАЦЮ́РК ((Ataturk) Мустафа Кемаль) (12.3.1881, г. Салонікі, Грэцыя — 10.11.1938),

дзяржаўны, паліт. і ваенны дзеяч, заснавальнік і 1-ы прэзідэнт (1923—38) Турэцкай рэспублікі. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Стамбуле (1905). Да 1908 удзельнічаў у младатурэцкім руху. Прымаў удзел у італа-турэцкай (1911—12), 2-й Балканскай (1913) і 1-й сусветнай (1914—18) войнах (з 1916 генерал, паша). У 1919 узначальваў нац.-вызв. рух за стварэнне незалежнай Тур. рэспублікі. З 1920 старшыня Вял. нац. сходу Турцыі, сфарміраванага пад яго кіраўніцтвам. З 1921 вярх. галоўнакамандуючы. За перамогу над англа-грэч. інтэрвентамі ў баях пры р. Сакар’я (1921) атрымаў званне маршала і ганаровы тытул газі. Правёў прагрэс. рэформы бурж.-нац. характару ў галіне дзярж.-адм. ладу, культуры і быту: скасаваў султанат (1922) і халіфат (1924), абвясціў рэспубліку (1923), рэфармаваў заканадаўства, увёў грыгарыянскі каляндар, лац. алфавіт і інш.

М.К.Атацюрк.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫТА́НСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА ў Лондане,

нацыянальная б-ка Вялікабрытаніі. Засн. ў 1972 на базе б-кі Брытанскага музея (створаны ў 1753 на аснове прыватных калекцый і б-кі каралёў Англіі ад Эдуарда IV да Георга IV), Нац. цэнтр. б-кі (з 1916), Брыт. нац. каталога (з 1950), Нац. б-кі навукі і тэхнікі (хатні абанемент). У фондах б-кі больш за 21 млн. аддз. захоўвання (1995). Захоўвае бібліятэчныя матэрыялы на англ. мове, узорную выдавецкую прадукцыю свету. Брытанская бібліятэка — рэгіянальны н.-д. і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства і навук. інфармацыі з аўтаматызаванымі сродкамі апрацоўкі бібліяграфічна-каталогавых матэрыялаў (друк. каталогі і каталогавыя карты на магнітных стужках і мікраформах), мае сістэму інфармац. абслугоўвання (system BLAISE — British Automated Information service); пры дапамозе цэнтралізаванай камп’ютэрнай сістэмы (адзіная ў свеце) праводзіць міжбібліятэчны і міжнар. кнігаабмен. Забяспечвае ахову аўтарскіх правоў.

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)